З вандроўкі па Наваградчыне/Кірылізацыя
З вандроўкі па Наваградчыне Абразок Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі 1936 год Крыніца: Часопіс «Шлях моладзі», № 7-8 (93-94), ліпень-жнівень 1936 г., б. 12-14 |
Іншыя публікацыі гэтага твора: З вандроўкі па Наваградчыне |
„О, край родны, край прыгожы,
Мілы кут маіх дзядоў!“ — пісаў наш слаўны Колас. І запраўды цудоўная нашая Краіна Беларусь. У які-бы яе куток ня хіліўся — уцешышся прыгажосьцю роднага Краю.
Палова ліпня. Хвалістыя палі ўвенчаныя беларускімі працоўнымі рукамі: стройнымі радамі стаяць каласістыя дзесяткі збожжа. Бялеюць грэчкі, разсылаючы мядовы запах руплівым жнеям. Дзе-ня-дзе цешыць вока разасланы сьветла-чырвоны дыван канюшыны. Шапоча і хвалюецца калосьсе ячменю. Там і сям сядзяць спозьненыя копкі сена. Дзе-ня-дзе блішчаць вазёрца.
Гэткая нашая Наваградчына! Дарожкамі гэнае зямелькі, мінаючы сёлы і мястэчкі, вандруе грамадка моладзі — дзяўчата і хлопцы. Некалькі веласыпедаў (ровэраў) з бел-чырвона-белымі сьцяжкамі.
Гэта — выбег беларускай студэнцкай моладзі і ейных сымпатыкаў.
Ідуць да сваіх. Ідуць у народ. Ідуць у свае родныя вёскі, каб пазнаць беды і крыўды свайго працоўнага брата, каб нацешыцца прыгожасьцю родных палеткаў, аблітых потам гаротнага сялянства.
Ідуць бадзёрыя, поўныя надзеі ў сьветлую будучыню, поўныя сілы і гарту да змаганьня за правы свайго народу.
Мачульна. Сяліба калегі Войтэнькі. Першы начлег… Сум і абурэньне: некалькі гадзін перад прыходам студэнцкай грамадкі калегу Войтэньку паліцыя арыштавала і павязла ў Наваградак.
Сумная матка апавядае, што калегу Войтэньку быццам узялі за школьную акцыю…
Валяўка. Праваслаўны хвэст Пятра і Паўла. Людна і гучна. „Прошэн панув вэйсьць в подвужэ“ — загадываюць паліцыянты — чалавек шэсьць мундуровых і некалькі тайных.
Усіх нас у панадворку „легітымуюць“…
У хвалях возера Сьвіцязі забываемся пра розныя прыкрасьці.
Сьвіцязь — возера Міцкевіча — нічым ня розьніцца ад іншых прыгожых беларускіх вазёраў. Дзякуючы гэнаму паэту, прыцягае яно больш турыстаў палякоў, якія ўводзяць дыссонанс ў беларускія ваколіцы гэтага возера.
Мінаем мястэчкі і сёлы. Вось мястэчка Мір красуецца з прыгожым замкам, а вось жа і вялікая Налібоцкая пушча і ейнае возера Кромань. Трошкі меншае яно ад Сьвіцязі, але можа нават прыгажэйшае. І запраўды, тут больш прытульна; дык і нашая грамадка затрымалася на даўжэй. Тут у гэтай пушчы чуліся як дома. Нашыя мілыя дзяўчаткі выявілі тут свой вялікі фізычны і духовы гарт. Пераносілі весела розныя нявыгоды, а некаторыя адважна пераплывалі глыбокае возера Кромань (больш кілямэтра).
Але бывай, Кромань!… Ізноў сёлы, мястэчкі, рэчкі, узгоркі, лясы, нівы каласістыя, сенажаці. А вось збліжаемся да сталіцы Наваградчыны — Наваградка.
Тут ужо ўзгоркі павялічваюцца штораз больш і на найвышэйшым з іх спатыкаем сам Наваградак. Места невялікае, але прыгожае. Чуваць і відаць беларускасьць. Дзе-ня-дзе спатыкаюцца беларускія вывескі; чутна беларуская мова.
На прыгожай горцы стыржаць руіны Гедымінавага замку. З гэтай горкі, як на далані, відаць далёка ўва ўсе бакі ваколіцы Наваградка.
Стаяла беларуская студэнцкая моладзь на замкавай гары, глядзела ўдаль і думала аб будучыні Наваградчыны і ўсяе Беларусі; аб ейнай долі, якую моладзь мусіць выкаваць у гарне ўсяго беларускага працоўнага народу.
Прыпамінаючы пройдзеныя мястэчкі і сёлы, дзе відаць было народны беларускі ўздым, уцьвярджалася перакананьне, што Беларусь жыве і будзе жыць.
Пад гэткім клічам разьвязалася ў Наваградку сёлетняя беларуская студэнцкая вандроўка.
Ул. К.