З вёскі
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1925
Крыніца: Савец. Беларусь. – 1925. – 19 лістап. – С. 5.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Эх, прастор сiнякудрых палёў, —
Срэбралiтая рэчка ў далiне,
А над рэчкай фальварак разьлёг
I купаецца сонца у сiнi. 
А над рэчкай бярозавы сьмех
Вiхрамётнай праносiцца хваляй:
То ускочыць на золата стрэх,
То ў калосьсях шнуроў закрышталiць. 
Я схiлiўся над белым пяньком,
Песьнi слухаў i думаў пра горад.
Там, дзе вулiц шырокi пракос
Прада мною ляжаў, шумны, горды; 
Там, дзе гулкi машынны удар
Мяне клiкаў на новыя хвалi —
Я на хвалях тых сонца аддаў
За напевы вiхрастыя сталi. 
Ну, дык што ж! Ў буйным сэрцы iзноў
Устае безупынна жаданьне —
Каб пачуць зноў акорды станкоў
I згубiцца ў сталёвым тумане… 
А над рэчкай бярозавы сьмех
Вiхрамётнай праносiцца хваляй:
То ускочыць на золата стрэх,
То ў калосьсях шнуроў закрышталiць.