З гісторыі асьветы на Беларусі ў пачатку 19 сталецьця

З гісторыі асьветы на Беларусі ў пачатку 19 сталецьця
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
Крыніца: Полымя, 1923. - №7-8

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пачатак 18-га сталецьця застаў Беларусь у складзе Расійскай імпэрыі, каторая перажывала лібэралізм першай палавіны аляксандараўскай эпохі. У 1802 годзе, замест застарэўшых ужо калегій пятроўскай эпохі, былі ўтвораны па заходняму прыкладу міністэрствы, лікам восем. На чале іх былі пастаўлены асобныя міністры, асабіста адпаведныя за сваю політычную дзейнасьць перад самаўладным урадам. На чале тых міністэрстваў, каторыя ўрад лічыў асабліва ўдарнымі для свайго часу, былі пастаўлены асобы, блізка стаяўшыя да Аляксандара І, члены так званага Інтымнага Камітэту. Такімі міністэрствамі былі прызнаны—унутраных спраў (міністар Качубей, яго таварыш Строганаў) і міністэрства чужаземных спраў (таварыш міністра Адам Чартарыйскі). Паміж другімі было ўтворана і міністэрства асьветы, на чале каторага быў пастаўлен адзін з звычайных вяльможаў таго часу Завадоўскі. Асьвета ня была залічана да „ўдарных" міністэрстваў імпэрыі.

У сувязі з утварэньнем міністэрства асьветы ўся Расія была падзелена на вучэбныя акругі. У склад кожнае акругі ўваходзілі па некалькі губэрняў. У 1803-м годзе (24 студзеня) была акрэсьлена і Віленская вучэбная акруга. Яна займала вялізарны райён, каторы складалі кіжэйпаданыя губэрні: Віленская, Ковенская, Горадзенская, Менская, Вітабская, Магілёўская, Валынская, Падольская і Кіеўская. Раней была думка ўтварыць з гэтых губэрняў дзьве акругі, але гэтая думка пад польскім уплывам на ўрад была адкінута. Польскім патрыётам патрэбна было, каб усе літоўска-беларускія і ўкраінскія землі былі сконцэнтраваны ў адным месцы, для пасіленьня ў іх польскай працы па „адбудаваньню сваёй айчыны". Уся Беларусь, такім спосабам, увайшла ў Віленскую вучэбную акругу.

На чале вучэбных акругаў у Расіі былі пастаўлены папячыцелі. На чале Віленскай акругі быў пастаўлен куратар (латынізованая назва папячыцеля), польскі „патрыёт" Адам Чартарыйскі, член Інтымнага Камітэту, каторы адначасна, як мы паказалі вышэй, быў таварышам міністра чужаземных справаў. Такое назначэньне паказвае нам, што Віленская акруга была выдзелена з другіх акругаў і пастаўлена амаль што незалежнаю ад міністэрства асьветы, што таксама было на руку „патрыётам" падзеленай Польшчы.

З Адамам Чартарыйскім мы спатыкаемся ў Расіі першы раз яшчэ ў 1795-м годзе, калі ён, пасьля падзелу Рэчы Паспалітай, разам са сваім малодшым братам, зьявіўся да палацу Катарыны ІІ, каб тут, робячы рускую кар'еру, здабыць славу польскага „патрыёта". Пазнаёміўся ён і з будучым рускім царом Аляксандарам І. Паступова знаёмства пераходзіць у прыяцельства. Вясной 1796 году паміж Аляксандарам І і Чартарыйскім адбылася ў саду Таўрыдзкага палацу цікавая гутарка, каторая цягнулася каля трох гадзін. Маладыя людзі сярод поэтычнай абстаноўкі, па звычаю таго сэнтымэнтальнага часу, зьліваюць адзін другому свае пачуцьці. Сваю гутарку з Аляксандарам Чартарыйскі потым падрабязгова апісаў у мэмуарах. („Memories du prince" A. Czartoryski. Paris 1887. Т. І.). Пачалося з таго, што польскі магнат стаў гаварыць аб загінуўшай Польшчы, аб яе мінулым і аб сваёй любві да сканаўшай айчыны; стаў выражаць сваю надзею, што „слаўная і вольная" Польшча павінна ўваскроснуць. Возьмем вынятак з гэтай гутаркі, належачы да Аляксандара: „Ён (Аляксандар І) сказаў мне, што ён ня згодзен з поглядамі і правіламі двара і габінэту; ён зусім не спагадае політыцы і спосабу дзейнасьці сваёй бабкі (Катарыны). Усе яго жаданьні былі на старане Польшчы і мелі сваёю мэтаю пасьпех яе слаўнай барацьбы. Касьцюшка ў яго вачох быў вялікім чалавекам па сваім дабрадзеяньням і яшчэ затым, што ён бараніў справу люднасьці і справядлівасьці". Па словам Чартарыскага Аляксандар І прасіў яго захаваць гэтую гутарку ў глыбокай таемнасьці і нікому нічога не гаварыць, апроч брата. Зразумела, што Чартарыйскі пастараўся скарыстаць спачувальны да Польшчы настрой Аляксандара. Яму, як польскаму патрыёту, гэты факт быў да рукі. „Я перадаў брату аб быўшай паміж намі гутарцы і, падзяліўшыся адзін з другім нашым захапленьнем, мы разам пачалі марыць аб яскравай будучыне, каторая, здавалася, адчынялася перад намі". (Memories). Такім спосабам, праца Чартарыскага ў Віленскай акрузе была пакірована з ведама ўраду ў бок адбудаваньня Польшчы.

На дапамогу Чартарыйскаму былі дадзены асобы, каторыя былі ім самім падобраны для працы. Гэта былі такія самыя польскія патрыёты, як і Чартарыйскі—Тадэуш Чацкі, Юльян Нямцэвіч і кзёндз Гуго Калантай. Юльян Нямцэвіч, вядомы польскі пясьняр, быў супадзьвіжнікам Тадэуша Касьцюшкі. Пасьля правалу Касьцюшкі, ён разам з ім папаўся ў палон да Суворава і быў вызвален таксама разам з Касьцюшкаю, Паўлам І. Пасьля вызваленьня ён павінен быў эміграваць заграніцу, адкуль і быў вызваны ў Расію для працы ў Віленскую акругу. Гуго Калантай выявіў сябе, як „патрыёт" з канца 80-х гадоў 18-га сталецьця і быў адным з аўтораў польскай констытуцыі З мая 1791 году. За польскую патрыётычную прапаганду на аўстрыйскай тэрыторыі ён быў заарыштаваны і адбываў кару ў аднэй з аўстрыйскіх турмаў; адсюль ён па хадайніцтву рускага ўраду быў вызвален і запрошаны на працу ў Віленскую акругу. Самым дзейным памочнікам Чартарыйскага быў Тадэуш Чацкі, які быў назначаны візытатарам акругі на Валыні і Украіне. Гэта быў адукаваны і энэргічны магнат, таксама марыўшы аб уваскрашэньні старажытнай Польшы „ад мора да мора".

Само сабою зразумела, што ўсе гэтыя правадыры культурна-асьветнай працы на Беларусі лічылі гэты край часткаю будучай уваскросшай Польшчы. Беларусь у іх вачох нічым ня розьнілася ад Польшчы політычна; трэба было толькі насадзіць тут да канца тую польскую культуру, каторая насаджалася тут і да падзелаў Рэчы Паспалітай і каторай, пасьля падзелаў, магла пагражаць руская культура. Полёнізацыя Беларусі, дзякуючы працы гэтых працаўнікоў, ідзе самым шырокім шляхам. Усе польскія патрыёты, як эміграцыі, так жывучыя ў імпэрыі, ускладаюць вялікія надзеі на працу Чартарыскага ў Віленскай акрузе. Усе яны разумеюць, што ўмовы для польскай працы на Беларусі злажыліся вельмі добра. Цікава прывясьці тут вынятак з ліста Ф . Дмухоўскага на імя Г. Калантая: „Пад уладаю рускаю нам (паляком) адчыняюцца спрыяючыя абставіны. Разам з тым, організацыя і сыстэма ў выбары здольных палякоў на месцы настаўнікаў зробіць тое, на што толькі можна спадзявацца ў даным выпадку“. У еднасьці адукацыі, каторая ўтварылася, дзякуючы концэнтрацыі справы ў Віленскай акрузе, заключалася еднасьць усёй політычнай працы. І ў самай рэчы, трэба вызначыць, што польскія культурнікі-патрыёты мамэнт скарысталі добра.

Галоўнейшую ролю ў культурна-асьветнай справе на Беларусі сыграў Віленскі ўнівэрсытэт. Яшчэ ў 1802-м, калі былі ўтвораны міністэрствы і яшчэ ня была організована Віленская акруга, Чартарыйскі атрымаў ад рускага ўраду прапазыцыю напісаць статут для ўнівэрсытэту і другіх школаў гэтай акругі са штатамі і каштарысамі. Да вясны 1803 году ўсё ўжо гатова. У красавіку абвяшчаецца адчыненьне Віленскай акругі, а 18-га мая 1803 году быўшая езуіцкая акадэмія, істнаваўшая ў Вільні, перарабляецца згодна са статутам у ўнівэрсысэт. На ўтрыманьне ўнівэрсытэту і акружных установаў, апроч ранейшых мясцовых сродкаў, быў назначаны фундуш з цэнтральнага скарбу ў разьмеры 1.580.000 польскіх злотых, што давала моцны грунт для іх існаваньня. Унівэрсытэт забясьпечваецца неабходнымі будынкамі і землямі. Ён мае поўны склад факультэтаў, г. ё. чатыры факультэты: мэдычны, фізыка-матэматычны, моральных і політычных навукаў, філёлёгічных і мастацкіх навукаў. Выклікаюцца з усіх канцоў на пасады прафэсараў вучоныя і культурнікі палякі, бо навуковых сілаў быўшай акадэміі не хапае. Унівэрсытэт атрымлівае правы і прывілеі, належаныя да вышэйшай навукова-вучэбнай установы: раздае вучоныя ступені, пасылае заграніцу ў навуковыя камандыроўкі выдатнейшых прафэсараў і студэнтаў, каторыя гатуюцца быць прафэсарамі, цэнзуруе кнігі і г. д. Унівэрсытэт мае пад сваім кіраўніцтвам усе сярэднія і ніжэйшыя школы акругі. Унівэрсытэцкая Рада праз кожныя чатыры гады абірае на сваіх пасяджэньнях дырэктараў гімназіяў і загадчыкаў павятовых вучылішчаў і падае кандыдатаў на зацьвярджэньне куратара. Адным словам, унівэрсытэт нясе як вучэбна-навуковыя, так і вучэбна-адміністрацыйныя абавязкі. У гэтых адносінах ён быў пабудованы па прынцыпам польскай Эдукацыйнай Камісіі, згодна з каторымі яшчэ ў часы існаваньня Рэчы Паспалітай усе школы ў кароне былі пад кіраўніцтвам Кракаўскай Акадэміі, а школы на Літве і Беларусі пад кіраўніцтвам Віленскай Акадэміі.

Адразу унівэрсытэт пачаў браць пад свой загад усе школы акругі. Пасьля заканчэньня гэтай работы вызначалася, што на тэрыторыі акругі пад даглядам унівэрсытэту маецца зарэгістраваных 70 школаў. Большасьць школаў (каля 45) утрымлівалася на сродкі каталіцкага і вуніяцкага духавенства. Школы найчасьцей былі на ўтрыманьні манашацкіх духоўных ордэнаў, каторых тады на Беларусі было вельмі многа. Утрымлівалі школы, напрыклад, такія ордэны: базыліяны, кармэліты, піары, бэрнардыны і г.д. Само сабою зразумела, што ўсе гэтыя школы мелі ультраклерыкальны напрамак. Клерыкальную афарбоўку мела і тая меншасьць школаў, каторая ўтрымлівалася на кошты Эдукацыйнай каміссіі.

Кошты Эдукацыйнай камісіі былі даволі значныя. Камісія пачала сваё існаваньне на аснове пастановы польскага сойму 1775 году, каторы ўхваліў, каб усе маёмасьці і капіталы, якія засталіся ў Рэчы Паспалітай пасьля выгнаных езуітаў, перайшлі на карысьць школаў пад загад утворанай Эдукацыйнай Каміссіі. У часы падзелаў і пасьля іх агульнае бязладзьдзе ў Польшчы адзначылася на экономічных справах камісіі, каторыя вельмі запуталіся і прыйшлі ў поўны заняпад. Маемасьць камісіі расьцягвалася як асобнымі магнатамі, так і некаторымі ўстановамі. У пачатку 19 сталецьця за справы камісіі ўзяўся Чацкі. Ён падаў проэкт, каб камісія была падзелена на дзьве камісіі для лепшага распарадкаваньня працы па тэрыторыі. Адна камісія была ўтворана для Ўкраіны (губэрні Кіеўская, Валынская і Падольская), а другая—для Літвы і Беларусі (губэрні Віленская, Горадзенская, Ковенская, Менская і Магілёўская). Раней Чацкі працаваў у тэй і другой камісіі і, трэба прызнацца, што працаваў з посьпехам: экономічныя справы камісій значна палепшыліся, фонды іх узрасьлі. Потым ён быў назначаны прэзыдэнтам украінскай камісіі, фонды каторай ён давёў да 2.350.000 польскіх злотых, што раўнялася 352.500 рублём.

Усе школы акругі, на які-б кошт яны ня ўтрымліваліся, былі перароблены на два тыпы: шасьцёхклясовыя па гусарскіх гарадох і трохкантовыя па павятовых гарадох. Некалькі шасьцёхклясовых школаў было адчынена новых. Школаў-прымітываў, для сялянства і рабочых, зусім ня было зарэгістравана. Было некалькі і жаноцкіх школаў, выключна пры манастырох. Толькі ў адзінкавых школах ува ўсходніх губэрнях магчыма было спаткацца з выкладоваю рускаю моваю, ува ўсіх астатніх школах мова выкладаньня была польская. У некаторых вуніяцкіх школах для лепшага зразуменьня карысталіся „простаю" беларускаю мовай. Што датыча да ўнівэрсытэту, то там выкладоваю моваю ў большасьці была латынская; некаторыя з прафэсараў ужо пачалі чытаць лекцыі ў польскай мове.

Само сабою зразумела, што пры такіх мовах павінна была йсьці і йшла канчатковая полёнізацыя беларускага шляхэцтва. Гаварыць аб масавай полёнізацыі працоўных масаў ня прыходзіцца, затым што школа была недаступна як для вясковага запрыгоненага сялянства, так і для гарадзкога рабочага.

Віленскі ўнівэрсытэт, шырока разьвінуўшы сваю працу, робіцца паступова культурным і політычным організацыйным асяродкам тагочасовай беларускай полёнізаванай інтэлігенцыі, каторая ў сваёй масе складаецца з сярэдняй і дробнай шляхты і розначынных элемэнтаў, каторыя ў сваю чаргу найчасьцей выходзяць з дробнай абяднелай шляхты. Пры ўнівэрсытэце ўтвараюцца культурныя і політычныя польскія організацыі моладзі. Тым ня менш, ня гледзячы на польскую сутнасьць студэнцкіх гурткоў, у іх яскрава вызначаецца мясцовы беларускі элемэнт.

Найраней утвараецца гурток „Шубраўцаў", каторы пасьля вельмі кароткага нелегальнага існаваньня легалізуецца рэктарам унівэрсытэту 11-га лютага 1817 году. Гурток настолькі моцна зарганізавауся, як ідэёва, так і экономічна, што здолеў выдаваць сваю часопісь пад назваю: „Брукавыя ведамасьці". Гурток мае добра апрацаваны статут. Сваёю мэтаю па статуту „Шубраўцы" ставяць пашырэньне сярод моладзі любові да навукі і асьветы. Кожны „Шубравец", апроч таго, павінен вясьці цьвярозае жыцьцё, быць працаздольным, выносьлівым, энэргічным і г. д., адным словам дабівацца і моральных мэтаў. Шлях, каторым яны прагнуцца дасягнуць сваіх мэтаў,—гэта сатыра, якая павінна рабіць уплыў ня толькі на сяброў гуртка, але і на моладзь наогул пры дапамозе „Брукавых ведамасьцяў". У гуртка ёсьць і свая пячатка: вянок з дубовых лісьцяў, у сярэдзіне каторага намалёваны скрыжаваныя мятла і лапата, якія павінны вымятаць і выкідаць усё благое з організацыі. Апроч пісаных у статуце мэтаў, гурток, бязумоўна, ставіў перад сабою і мэты патрыётычна-польскія, зьвязаныя з адбудоваю Рэчы Паспалітай, што відаць з артыкулаў „Брукавых ведамасьцяў". „Ведамасьці" выходзілі з друку аку­ратна што тыдзень па суботам. Часопісь праістнавала больш як 5 гадоў (зачынена летам 1822 году); усяго выйшла ў сьвет 287 нумароў, што складае каля 150 друкаваных аркушаў. Амаль што ўсе артыкулы пісаліся сябрамі гуртка.

Адначасна з гуртком „Шубраўцаў" нелегальна істнуе організацыя так званых „Філяматаў". Яна таксама зьбірае да сябе моладзь, каторая хоча працаваць глыбей над навукаю і рабіць справу адраджэньня Рэчы Паспалітай. У ліку закладчыкаў гуртка „Філёматаў" стаяць такія імёны, як польскі пясьняр Адам Міцкевіч, Томаю Зан, беларускі адраджэнец і пясьняр Ян Чачот, Я. Яжоўскі і др. Усё гэта студэнты, вельмі популярныя сярод інтэлігэнцкай моладзі таго часу. Мэта „Філёматаў" вызна­чаецца так: шляхам добрай адукацыі палепшыць становішча айчыны. Што датыча да тэрміну „айчыны", то організацыя разумела пад ім Літву і Беларусь, каторыя павінны ўходзіць у склад Рэчы Паспалітай, як яе аўтаномныя правінцыі. Гурток „Філёматаў" раскладаўся, згодна з наву­ковымі запатрабаваньнямі сваіх сяброў, на дзьве сэкцыі, літаратурную і фізыка-матэматычную. На чале першай сэкцыі стаяў ужо памянёны намі А. Міцкевіч. Пасьля таго, як ён выбыў з унівэрсытэту ў Ковеншчыну, яго месца заняў працаўнік тагачаснага беларускага руху Ян Чачот, ка­торы прышчапляў сябром гуртка цікавасьць да беларускай культуры. На чале фізыка-матэматычнай сэкцыі ўвесь час стаяў Томаю Зан.

Нелегальнае існаваньне звужала працу гуртка і „філёматы" ўвесь час прагнуцца легалізавацца. Гэта ім урэшце і ўдалося зрабіць. З „ Фі­лёматаў" утвараецца легальны гурток „Прамяністых" (ад слова „пра­мень"). „Прамяністыя" маюць добра апрацаваны статут, які складаўся з 15 артыкулаў. Статут напісаў Т. Зан разам з другімі сябрамі. Прарэда­гаваў і зацьвердзіў статут рэктар унівэрсытэту Малеўскі. Пры зацьвяр­джэньні гуртка рэктар вызначыў, што ён спадзяецца, што гурток прыйме ўсе меры да таго, каб навучаць студэнтаў шчыра выконваць усе сту­дэнцкія абавязкі. Апроч таго, рэктор перасьцерагаў, каб організацыя ўводзіла ў свой склад выключна студэнтаў, не пашыраючыся за сьцены ўнівэрсытэту. Пасьля легалізацыі „Прамяністыя" ў сваім статуце ставяць сабе за мэту інтэлектуальнае і моральнае развіцьцё студэнцкай моладзі, а таксама і організацыю разумных і карысных гулянак для сваіх сяброў. Тайнаю мэтаю гуртка, як і раней, засталося патрыётычнае выхаваньне моладзі. Мясцовы, беларускі колёрыт застаецца ў гуртку і пасьля яго легалізацыі. Паміж іншым, у 8-м артыкуле статуту організацыі вызначана такое заданьне: „жадаць дабра сваім адназемцам кожнага стану і ўсяму народу наогул, зьберагаць карысныя звычаі сваіх продкаў, шанаваць сваю прыродную мову і вучыцца ёй". Прыроднаю моваю на Беларусі гурток лічыў як польскую, так і беларускую. Аб гэтым мясцовым напрамку „фі­лёматаў" сьведчыць таксама прысутнасьць і дзейны ўдзел у гуртку та­кога беларускага культурніка, як Ян Чачот.

„Прамяністыя" шырока разьвінулі сваю працу. Ішлі сходы, організаваліся процэсіі за горад і гулянкі за горадам. Даваліся матар'ялы праз сяброў „шубраўцаў" у „Брукавыя ведамасьці". Вяліся зносіны з мо­ладзьдзю, каторая ня ўходзіла ў організацыю. Але хутка аб гуртку „прамяністых" пайшлі ўсялякія чуткі. Найбольш гаманілі аб яго патаем­най патрыётычна-політычнай працы. Пачала цікавіцца працаю гуртка па­таемная руская паліцыя. Каб адвярнуць ад сябе гэтую ўвагу і цікавасьць паліцыі, кіраўнікі гуртка вырашылі прыпыніць яго легальную дзейнасьць, каторая сваім шумам зьвяртала на сябе ўвагу. Галоўныя організатары гуртка „прамяністых" павялі агітацыю за роспуск організацыі, і яна за­чынілася ў канцы 1819 году.

Замест яе пачалася організацыя новага гуртка, ужо патаемнага, ка­торы атрымаў назву вобчаства „Філарэтаў". У 1820 гаду быў складзены новы статут. Ён быў больш апрацаваны, чым статут „Прамяністых", і складаўся з 72 артыкулаў, куды ўходзілі і 15 артыкулаў гуртка „Прамя­ністых". У статуце ясна была вызначана праўдзівая мэта вобчаства „ Фі­ларэтаў"—адрадзіць Рэч Паспалітую, у каторую павінна ўвайсьці і Бела­русь з Літвою. На чале „Філарэтаў" стаяў прэзыдыум, які складаўся з трох асоб: старшыні Тамаша Зана і двух яго намесьнікаў, Яна Чачота і Франца Малеўскага, сына рэктора ўнівэрсытэту. Ня гледзячы на сваё нелегальнае становішча, гурток меў вялікі ўплыў і шырока разросься. У яго складзе налічвалася каля 300 сяброў. Праца гуртка стала вядома па­ліцыі, і за гуртком сталі сачыць. Даведаўшыся аб гэтым, правадыры гуртка рашылі спыніць яго працу, і гурток зачыніўся ў 1822 годзе. Томаш Зан пры гэтым спаліў усе папяровыя справы, баючыся, каб яны, папаўшы ў рукі паліцыі, ня выклікалі раскрыцьця працы гуртка і рэпрэсіяў.

Мы ўжо гаварылі аб тым, што ўсе гурткі, будучы па сутнасьці польскімі, мелі мясцовы, беларускі колёрыт. Віленскі ўнівэрсытэт прагнуўся ў тыя часы быць краёвым унівэрсытэтам. Такая мясцовая афарбоўка гурткоў пры унівэрсытэце не здаваляла цэнтралістычных пажаданьняў Варшавы. Польскія патрыёты у Варшаве лічылі, што мясцовы напрамак віленскіх унівэрсытэцкіх гурткоў выклікае сэпаратызм на Беларусі і будзе прашкаджаць справе агульна-польскага будаваньня. У гэтых адносінах вельмі цікава зрабіць вынятак з артыкулу, зьмешчанага ў № 147-м "Брукавых ведамасьцяў" пад назваю „Ліст з Варшавы, падпісанага псэўдані­мам „Варшаўскі Прыяцель". Там мы чытаем: „Ня гледзячы на вульгар­насьць і жартаўлівасьць вашай назовы (разумеецца назва „Шаброўцы" і назова іх часопісі), вы усё-ж такі маеце тут (у Варшаве) шмат прыхіль­нікаў, каторыя цэняць вашую орыгінальнасьць, а асабліва ваш шляхэтны намер выкараняць краёвыя парокі. Праўда, іншы раз, нават вашы пры­хільнікі скардзяцца, што для палякоў вы пішаце пакітайску, што яны ня могуць разумець вас. Вы пішаце для Літвы, а не для Кароны; вы менш клапоціцеся аб тым, ці зразумее вас Варшава, абы толькі зразумелі вас Вільня і Літва; іншы раз вы паніжаеце ваш стыль, каб толькі зрабіцца даступнымі для разуменьня ўсіх". Выходзіць, што інтарэсы Літвы і Бе­ларусі занадта блізкі, па погляду Варшавы, для віленскіх патрыётаў; што каронная Польшча мала цікавіць іх; што яны псуюць чыстую поль­скую мову, „паніжаючы яе да звычайнай на Беларусі", простай мовы. Усё гэта ясна гаворыць нам аб краёвасьці гурткоў віленскіх студэнтаў, каторыя былі пастаўшчыкамі артыкулаў у „Брукавыя ведамасьці". Зразумела, што Варшаве такі напрамак „крэсавых" гурткоў зусім не пада­баецца. Аб іх мове, якая была прыстасована не для Палякоў, а для „літоўцаў" (так тады звалі і літоўцаў і беларусаў), аўтар артыкулу піша, што яна „кітайская".

Сябры вышэйпамянёных гурткоў вельмі цікавіліся наогул краезнаўствам. Асабліва працавалі ў гэтым напрамку „Філарэты". У іх гуртку істнавала, нават, друкаваная інструкцыя, як зьбіраць матар'ялы па этнографіі і географіі Беларусі, вельмі дэтальна апрацованая. Інструкцыя па­ будована па форме анкеты: яна ставіць зьвязны шэраг запытаньняў, на каторыя кожны, зьбіраючы матар'ялы, павінен даць адказы. Гэтая програма значна палягчала працу зьбіраньня і давала магчымасьць нават сярэдняму студэнту сыстэматычна вясьці навуковую працу. Найлепшым часам для зьбіраньня матар'ялаў былі унівэрсытэцкія зімовыя, вясновыя і летнія вакацыі, калі студэнты, найчасьцей вясковыя жыхары, разьяжджаліся з Вільні па самых глухіх куткох Літвы і Беларусі. Потым найлепш сабраныя і ўпарадкаваныя матар'ялы друкаваліся на старонках „Брукавых ведамасьцяў". Ад студэнтаў цікавасьць да Беларусі пераходзіць і ў вучоныя прафэсарскія колы. Унівэрсытэт ня толькі навукова дасьледвае, але і знаёміць шырокае грамадзянства з архэолёгіяй, гісторыяй, помнікамі старога пісьменства, народнай творчасьцю, звычаямі і наогул бытам Беларусі. Такім спосабам, над вывучэньнем Беларусі працуюць ня толькі студэнцкія гурткі, але і прафэсарскія сілы ўнівэрсытэту. З імем Віленскага ўнівэрсытэту зьвязаны навуковыя працы аб Беларусі такіх дасьледчыкаў, як Лукашэвіч, Шыдлоўскі, Голэмбоўскі, Ярашэвіч, Нарбут, Даніловіч і г. д. Яны зрабілі каштоўны ўклад у навуку краязнаўства па розным галінам—гісторыі, этнограф», літаратуры, географіі, праву і г. д.

Такім чынам, робячы вывад з усяго вышэйпаданага, мы павінны вызначыць, што ўнівэрсытэт і ўстановы Віленскай акругі былі праведнікамі полёнізацыі Беларусі. Яны ставілі сабе патрыётычныя польскія мэты і канчаткова прагнуліся сполёнізаваць дробную беларускую шляхту і розначынцаў. Але разам з тым, сярод гэтых самых полёнізуемых элемэнтаў, унівэрсытэт абуджаў цікавасьць да беларускай культуры і рабіў з іх піонэраў у гэтым сэнсе. Беларускі рух неабходна стаў у сувязь з польскім адраджэнцкім рухам, бо па думкам польскіх патрыётаў, Беларусь уваходзіла, як правінцыя, як аўтаномная краіна, у будучую Рэч Паспалітую.

Ў. Ігнатоўскі.