З жыцьця і дзейнасьці Казімера Сваяка (1936)/III

II. У Гарадзкой школе й Духоўнай Сэмінарыі III. „Хаўрус Сваякоў“
Публіцыстыка
Аўтар: Адам Станкевіч
1936 год
IV. На літаратурнай ніве

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




III.
"Хаўрус Сваякоў".

А вось урэшце надыйшла і сусьветная вайна, якая ў 1915 годзе нахлынуўшы на Беларусь падзяліла яе на дзьве часьці: адну часьць (заходнюю) занялі немцы, а другая (ўсходняя) падаўнейшаму асталася пад Расеяй. Галоўным асяродкам беларускага адраджэньня, як ведама, была тады Вільня. Вось-жа нямецкая окупацыя Вільні і значнай часьці нашага краю працу гэту, рэч зразумелая, спыніла. Газэты "Наша Ніва" і "Беларус" выходзіць перасталі, выдавецтва спынілася, беларуская інтэлігенцыя разьехалася. Але так дрэнна было толькі ўпачатку. Хутка ўзноў пачалі тварыцца беларускія асяродкі і ў меру магчымасьці як у Вільні, так і на правінцыі, пачалася сякая-такая беларуская праца.

Вось-жа з такіх працаўнікоў на беларускім сяле першае і бадай адзінае мейсца займае наш паэт і народны ідэолёг Казімер Сваяк. Вайна ў 1914 г. застае яго у Клюшчанах, Сьвянцянскага павету, у роднай ягонай парафіі, дзе ён з прычыны хваробы чакае на сьвяшчэнства. Ужо ў гэтым годзе (29-ХІ) ён арганізуе касьцельны хор, які пяе так-жа і песьні беларускія.

У 1915 г. Каз. Сваяк як вікары прабывае месяц у Камаях, а пасьля ў роднай парафіі і далей працуе для беларускай справы. Хор яго, склад якога даходзіў да 40 асоб, разьвіваецца і апрача беларускіх песьняў ладзіць так-жа і беларускія лекцыі. Так напр. гэты хор, сьвяткуючы свае першыя ўгодкі 2-ХІІ-15, ладзіць ужо лекцыю "аб беларускай песьні", напісаную самым Сваяком, а прачытаную адным з сябраў хору.

У гэтым жа 1915 г. Каз. Сваяк, праводзячы беларускую народную працу, прабуе мову беларускую заводзіць і ў казаньнях у кась целе, як гэта было 21-ХI.

У 1916 г. беларуская праца ў Клюшчанах пад кіраўніцтвам Сваяка яшчэ больш паглыбілася. Дайшло і да беларускіх школаў. Калядамі 1915 г. былі арганізаваны пад кіраўніцтвам Сваяка беларускія вучыцельскія курсы, а ў 1916 году было заложана сем беларускіх школаў, у якіх малодшыя дзеці вучыліся пабеларуску, а старшыя побач з мовай беларускай вучыліся і мовы польскай. Школы гэтыя былі пасьля польскімі ўладамі закрыты.

Беларуская праца Каз. Сваяка набірае штораз больш размаху і разгалосу і штораз больш страша польскіх паноў, якія шлюць ужо на яго скаргі ў Вільню да каталіцкай духоўнай улады за тое, што ён "беларусіць" Клюшчанскую парафію.

У тым жа 1916 г. Каз. Сваяк заснаваў арганізацыю беларускай моладзі пад назовам "Хаурус Сваякоў" (СНS), якая фактычна вырасла з успомненага хору.

Працу сваю „Хаурус“ вёў бойка. Вось што аб гэтым піша Сваяк:

Гарой, гарой тутэйшая моладзь! Зладзілася ідэйная першая забава - прадстаўленьне. Перашкод прыйшлося зламаць дужа многа. Але ў канцы ўсё ўдалося. На сцэне стала стала "Праклённае зельле"[1] — жывы драматычны абразок з нашага вясковага жыцьця. Забава падчас, калі за вёрст сорак грымяць гарматы! Аднак яна была патрэбай. Дух адпачыў і зажыў хоць на крыху новым жыцьцём"...[2].

Да рэчы тут будзе адзначыць, што гэтае прадстаўленьне ў Клюшчанах было першае на беларускіх землях, што цяпер ляжаць на захад ад савецка-польскай граніцы.

Узноў-жа, як бачым з „Хронікі Хаўрусу“, моладзь ладзіла так-жа беларускія лекцыі. Лекцыі такія на тэму аб узгадаваньні характару адбыліся яшчэ ў тым жа 1916 г.: адна 30-VII, а другая 6-VIII.

У палавіне 1916 г. Каз. Сваяк быў назначаны ў Карыцін (Беласточчына), дзе прабыў да вясны 1918 г. Але ня гледзячы на свой выезд з Клюшчан, зносін з тамтэйшай моладзяй на грунце беларускай ідэі не парваў. З выбітнейшымі сябрамі „Хаўрусу Сваякоў" ён вёў перапіску, у якой падтрымліваў у моладзі беларускі дух, заахвочваў яе далей вясьці распачатую працу і адначасна даваў

Адкрыцьцё памятніка на магіле К. Сваяка ў Вільні на Росах у 1936 г.

рады, як гэту працу далей праводзіць. І праца сапраўды йшла.

Не забываўся аб „Хаўрусе" Каз. Сваяк у Карыціне і кіраваў ім праз пісьмы, а да таго былі ўжо з "хаўрусьнікаў" некаторыя адзінкі настолькі ўзгадаваныя і вырабленыя, што і самі патраплялі далей працаваць на беларускай ніве. Адным з такіх вясковых інтэлігентаў-дзеячоў, узгадаваных Сваяком, быў Адольф Клімовіч, цяпер інжынер-аграном, адзін з ідэолегаў сучаснага беларускага адраджэньня, выдатны ідэйны беларускі народны дзяяч.

"Хаўрус Сваякоў" трымаўся і працаваў гады тры. Працу сваю праводзіў пераважна пры помачы беларускіх кніжак, якіх было нямала ў хаўруснай бібліотэцы і якія шырока йшлі ў сялянства. Урэшце „Хаўрус" распаўся з прычын ад яго незалежных. Прадусім ад 1918 г. Каз. Сваяк, моцна надарваўшы ў Карыціне здароўе, ня меў больш сілы хоць духова кіраваць „Хаўрусам". Урэшце-ж 1919-20 год — гэта час вайны літоўскапольска-бальшавіцкай, час, калі немагчымай была ніякая арганізацыйная, ідэйная праца, а тымбольш праца беларуская.

Як Казімер Сваяк цаніў "Хаўрус Сваякоў“, як на яго глядзеў, сьведчыць наступны яго верш:

Хаўрусу Сваякоў у Клюшчанах.
Гадкі са тры дзяржаўся ты удала,
Старонцы роднай ўсё стараючысь служыць;
Як мог і як умеў: ня быстра, ані вяла
Змагаўся русьняка з прасоньня разбудзіць.

Так думцы вось тваей хай багаславіць Бог,
Каб буйна узрасла для Бацькаўшчыны роднай;
А помні, брат Сваяк: Наперад бяз трывог
Ідзі ўсё дальш і дальш па пуціне свабоднай.


А есьлі-ж пуціна калючкамі наб'ецца,
Ня бойся толькі ты, абы ісьці ледзь мог;
Бо пэўна нас калісь нямала сабярэцца:
Сапхнём тады карчы з усіх сваіх дарог.

Казімер Сваяк
24. ІХ. 1919.

Перабраўшыся ў канцы 1916 г. на вікарага ў Карыцін, Каз. Сваяк прабываў там да пачатку 1918 г., дзе так-жа разьвіў значную беларускую працу. Праца гэта яго ня была там лёгкая: травіў яго за гэта пробаршч (паляк) і пісаў у Вільню даносы, a тымчасам і сухоты няміласэрна грызьлі яго грудзі. Вось-жа Казімер Сваяк у беларускай там сваей працы прымушаны быў агранічыцца да шырэньня сярод беларускага сялянства, што знаходзіцца на рубяжы з польшчынай, беларускай народнай сьведамасьці словам і праз кніжку і пры тым спосабам магчыма тайным, крыючыся ад вока сваіх ворагаў.

Вось што аб гэтым чытаем у тэй-жа Сваяковай "Дзеі":

..., у парафіі Карыцін большасьць беларусаў гавораць, чуць ня ўсе пабеларуску. Гутарка мала розьніцца і ад нашай надвялейскай. Ідэя маладой Беларусі тутака нязнана“[3].

"Запяяў я "тутэйшым" колькі шчырых песьняў беларускіх, сказаў пару казкаў, задэклямаваў "Званара" і даў прачытаць "Пчалінку"... Сяньня пры абедзе мой пробаршч зьнячэўку пытаў: „хто гэта даў да чытаньня беларускую кніжыцу, што чытаюць у мястэчку, сабраўшыся вечарам?" Адказаў я, што гэта мая работа. — Няхай ксёндз не заводзіць тутака ніякай новасьці. Прашу ня шырыць ані песьняў, ані казкаў, ані дэклямацыяў беларускіх!" Пробаршч пасьля выясьніў, што гэтага вымагае касьцельная палітыка з Вільні"[4].

Урэшце ў тэй-жа „Дзеі" чытаем: ...,,Нездаволены (пробаршч) найгорш, што зрадзілася тут думка аб Беларусі не бяз майго ўдзелу"[5].

Уканцы, зламаны фізычна (хваробай) і маральна (прасьледам з боку паляка пробаршча), Казімер Сваяк пакінуў Карыцін і ўдаўся ў Закапанае. У другой палавіне 1919 году варочаючыся з Закапанага спатыкаем Сваяка ў Лапеніцы, Ваўкавыскага пав., дзе быў пробаршчам беларускі адраджэнец і пісьменьнік кс. Я. Гэрмановіч, які так-жа ідэйна працуе на беларускай ніве, гаворачы беларускія казаньні ў касьцеле і арганізуючы беларускія школы. Вось-жа ў гэтай працы кс. Гэрмановічу памагаў і Каз. Сваяк

Урэшце Каз. Сваяк ад 1920 да 1926 г., ужо за часоў польскіх, гэта знача аж да сваей сьмерці, прабываў на перамену то ў Закапаным, то ў Засьвіры, Сьвянцянскага пав., дзе быў пробаршчам і дзе, ня гледзячы на поўную руіну ягонага здароўя, на ніве беларускай, у галіне ўсьведамленьня народнага, даканаў яшчэ нямала.

За гэта польскія ўлады ня мелі да яго сэрца. Былі рэвізіі, дамашні арышт, а так-жа арышт рукапіснай беларускай літаратуры. Але гэта ўсё яго не застрашыла і ад роднай працы не адцягнула.


  1. П'еса Каз. Сваяка, пасьля ім-жа пераназваная "Янка Канцавы".
  2. Каз. Сваяк — Дзея, бач. 44.
  3. Каз. Сваяк - Дзея... бач. 51.
  4. Каз. Сваяк, там-жа, бач. 53.
  5. Там-жа, бач. 57.