З палёў Заходняй Беларусі (1927)/I/З поэмы «Уяўленьне»

⁂ Ляпей жабрачы лёс… З поэмы „Уяўленьне“
Паэма
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927 год
⁂ Над нядоляй Тваёй не заплачу…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Уяўленне (Жылка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ПОЭМЫ „УЯЎЛЕНЬНЕ“

Прысьвячаецца
Леопольду Родзевічу.

I

Радасьць мая вялікодная —
Сына, пазнаўшага Маці,
Песьняй прадвесьня лагоднаю
Ўсіх я пачну абдараці.

Знаю, крыніцы гаючыя
Ёсьць на радзімай зямлі.
Дальлю захоплен бліскучаю,
Выслаў ёй дум караблі.

Брацьці, зраблю вас багатымі,
Зорамі высаджу край.
Сонцам зазьзяе над хатамі
Словаў маіх каравай.

Сэрцы пратну зараніцаю
Новых надходзячых дзён;
Выпішу сказ бліскавіцаю,
Выяўлю дзедаўскі сон.

Гэй, гаруны, і бядулі, і сумныя,
Ваш гэта чуецца плач?
Годзе! Бяседа у нас шумная,
Ў хаце сялянскай багач.

Змрок заняпаду кудзеляю
Выпрадзе ўвесь яго сьвіт.
Будзьма вясёлымі: бель Яе
Неба аздобіць блакіт.

II

Сапраўды,
Радасьць — рацыя:
Бацькаўшчына Беларусь
Ёсьць
Наймалодшая нацыя.
З будняў блядых
Чорная косьць
Разьдзьмухала Рух
Стараны
Вёсак і сёлаў.
Пяруны завірух
Ў захапленьні
Грымяць аб адным:
Паўнагучна Адраджэньне,
Бачу за ім
Бязьмерныя далі
І
Вялікія вартасьці.
Божа! ў сьведкі
Працоўных голаў,
Знаны ўпартасьцю,
Разбух.
Абрадзініцца ён
Новых дзён
Папараць-кветкай.

V

Мячы маланак пелі
І навальніцы йшлі,
І гром вясьняны хмелем
Паіў абшар зямлі.

А вечарам на небе
Хтось пеўня выпускаў,
І аб штодзённым хлебе
Там праўды ён шукаў,

да глухой паўночы
Вылізваў цемнату.
Сачылі з верай вочы
Пажараў яснату.

Ды „Пяты“ коўдрай чорнай
Прыкрыла ноч сама,
Каб зноў былі пакорны,
Каб зноў… Але дарма!

Дзірван узрылі буры
Шматкамі жорсткіх слоў:
Чакаюць вёскі — Юры
З вясной затрубіць зоў.

VI

Нашая ніва…
Сейбіт зары
Сее маўкліва
Сум аб дабры.

Жменяю семя.
Дужы узмах.
Ў золаку дрэме
Сонечны шлях.

Дзевы-дзяньніцы
Кленчаць на ўсход.
У кроплях расіцы
Буйны умалот.

Ўсюды прароцтвы…
Хто-ж іх пайме.
Розум-убоства
Верыць зіме.

Вецер сьлязьліва
Ўторыць яму;
Лозы жахліва
Вяжуць думу́.

Толькі-ж бяз меры
Сьлёзы чаму?..
Хто у зьняверы
Плача на цьму?

Мудрасьцю сівы
Сейбіт зары
Cее на нівы
Сум аб дабры.

Ўзыдуць зярняты —
Ліху канец.
Весткі крылатай
Жду — пасланец.

VIII

Сьняжок на прадвесьні
Буркоча, бяжыць, —
Зацьвіўшае плесьняй
Ня здолее жыць.

Дарма свае сілы
Зьбірае зіма, —
У друзгах няміла
„Народаў турма“.

Пракляцьце, „Расея“
Прапала навек.
Ня страшыць завея
Бліскучых павек.

К трывогам зьнявага,
Разьдзёрта імгла.
І творчасьці смага
Агнём праняла.

Шырокаю тропай
У час гэты з спакус
На мапу Эўропы
Ўзышоў Беларус.

IX

Нябёскіх трамаў
Зьвісае край —
Віхура браму
Зламаў у рай.

О, божа, позьні
Твой голас слаб:
На райскай пожні
Ў сярмязе раб.

Зьбірае зораў
Гарох ў палу,
Каб імі гора
Гаціць імглу.

У нашых вёсках
Узьняўся гуд.
І ў адгалосках
Зрастае цуд:

Гаўядзе нашай
Сыцець чарод,
Буяе паша
Mаіх балот.

1922 г.