З палёў Заходняй Беларусі (1927)/II/Дзед

⁂ Нікне ў імгле старана… Дзед
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927 год
⁂ Толькі той, чый вольны дух…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзед (Жылка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЕД

Патухшымі вачыма
Глядзіць на божы сьвет
Стары, у крук сагнуты,
Як голуб, белы дзед.

Пражыў на сьвеце многа:
Бяз нечага сто год.
За век пабачыў гора,
Нямала вынес слот.

Калісьці, да паўстаньня,
Рабіў, цярпеў прыгон…
К нямцом ня раз віціны
Ганяў па Нёмне ён.

Меў сілу непамерну,
Здаровы быў, як мур,
Таму так жыва, з песьняй,
Арэ сын родны — „шнур“;

Таму так — шчыры ў працы —
Будуе Край унук,
Адважны і бясстрашны
Не пакладае рук.

А дзед жыве мінулым,
Таемным і глухім,
Гаворыць-бае казкі
Аб даўным і сівым:

Пра войны, панства, войтаў,
Русалак і начніц, —
І хараством чаруе
Няхітры склад быліц.

Ды часта паглядае
За вёску ён… туды,
Дзе між бяроз пад крыжам
Спачыне ад бяды.

Ды хоць стары, а думку
Гадуе ўсё адну:
Хоць перад сьмерцю ўбачыць
Свабоднай старану.

1921 г.