З палёў Заходняй Беларусі (1927)/IV/Зацьвілі твае вочы між тлуму…

Зьмярканьне ⁂ Зацьвілі твае вочы між тлуму…
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927 год
⁂ Хто там паклікаў? Сьпяшаю за кім?..
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зацьвілі твае вочы між тлуму…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Зацьвілі твае вочы між тлуму,
І, здаецца, твой стан мільгануў.
Перарваліся ніткаю думы,
Даўны смутак ціхутка крануў,

Быццам ветрык, збудзіліся згадкі,
Ў жыце ветрык драмаўшы між хваль;
Закружыліся лёгка, бяз звадкі,
І памкнулі ў блакітную даль.

Стала дзіўна, што годы так шпарка
Прашумелі, бы ўвосень лісты,
Жоўтым лісьцем, алеямі парку
І ляглі, як смуга, на кусты.

Нагадалася даўная казка…
Збаіў нехта да рэшты яе.
Але з попелу дзён кволай ласкай
Памяць даўнага міла ўстае.

Нібы сонцам зямля пасьля буры,
Я асьвечан маім пачуцьцём.
Нікне хмарнасьць на твары панурым,
І вясёлкай я зьвязан з жыцьцём.

Як вясеньняе раньне бяз суму,
Далікатны настрой агарнуў…
А ўсяго: — твае вочы між тлуму
І твой стан, мне здалося, мільгнуў.

1923 г.