З палёў Заходняй Беларусі (1927)/V/Каму жыцьцё атруты келіх…

⁂ О, гэта аповесьць звычайна й каротка… ⁂ Каму жыцьцё атруты келіх…
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927 год
Альбігоец
Іншыя публікацыі гэтага твора: Каму жыцьцё — атруты келіх…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Каму жыцьцё атруты келіх,
Хто спранявераны, як я,
Хто ўжо ня сьніць аб далях, белях
Пад ветру сьвіст і шум быльля;

Каму спакой душы няшчаснай
Нездаваленьня точыць крот:
Каму дакучыў жонкі ўласнай
На ўласным ложку пешчаў лёд;

Каму распачна ноч пустую
Спакусным сьмехам цешыць сук;
Каму ўсё роўна, ‘бы якую
Сьціскаць пярсьцёнкам млявых рук;

Хто сэрца — поўную амфору —
Нясьці стараўся й не данëс;
Хто патаемных мукаў хвору
Гаіў расою ночных сьлёз;

Хто душу чорную, як вугаль,
Злачынствам цешыў і крывёй;
Хто п‘яніца, разбой, зладзюга
З мізэрнай, дробнаю душой;

Каму распусты жах прынадны,
Хто гора топіць у віне; —
Маім абоймам тыя жадны,
Прыходзяць тыя да мяне.

Я ўсіх вітаю ветла, рада, —
Хто-б ён ні быў, хто ён ні ёсьць, —
Мае жаночыя прынады
За плату мае ўсякі госьць.

Я імітую ім каханьне,
Ім ня суджонае праз лёс,
Насьмелыя дзяцей спатканьні
І палкасьці глухі наркоз.

Змушаю верыць мімаволі
І жар збуджаю малады,
Сама няўзрушная ніколі,
Сама халодная заўжды.

Ў душы адзін, адзін лятунак,
Глыбока схованы на дне —
Далёкі любы — мой пястунак —
Той, хто кахаў калісь мяне.

Які ня сьмеў, ня сьмеў ні разу
Свае мне пешчы дараваць,
Якога мела за абразу
Ў дзявочых думках цалаваць.

Цяпер і ён такі-ж прапашчы,
Ланцуг жыцьця цягае ледзь;
Ніхто, ніхто яго ня лашчыць,
Лёс прысудзіў яму гібець.

Цяпер, як кожны ён, як кожны —
Будынак зьнішчаны, пусты;
Час папаліў усё, што можна,
З кута прыбраў абраз сьвяты.

Ды сэрца сьніць пад шум асеньні,
І сну мне ня мінуць таго,
Ў маім найбольшым паніжэньні
Сустрэну незнарок яго.

У сэрцы будзе боль і горач
І мы, два целы, дзьве труны,
Мы рукі сьцісьнем, ляжам поруч
І аб мінулым будуць сны.

Як вербалозы нікнуць вецьцем.
Так нізка схіліцца ўспамін
Над нашым страшным ліхалецьцем
І над капцом далёкіх днін.

1926 г.