З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/IV

III. Як адгукнуліся амерыканцы на праект Барбікена IV. Адказ Кембрыджскай абсерваторыі
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
V. Аб тым, чаго немагчымастала не ведаць у Злучаных Штатах

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ IV

Адказ Кембрыджскай абсерваторыі

Бурныя авацыі не ўскружылі галаву Барбікену. Каб не траціць ні хвіліны для магчыма хутчэйшага выканання свайго праекта, ён на другі дзень сабраў сваіх бліжэйшых сачленаў на экстранае паседжанне Бюро Пушачнага клуба.

На гэтым паседжанні вырашана было спачатку запрасіць водзывы астраномаў адносна астранамічнага боку справы і пасля іх адказаў дакладна абмеркаваць тэхнічны бок справы — пытанні абсталявання пушкі і яе снарада.

Адразу-ж склалі запіску з пералікам спецыяльна астранамічных пытанняў, якую накіравалі ў абсерваторыю горада Кембрыджа, у штат Масачузетс.

У гэтым горадзе быў некалі заснаваны першы ў Амерыцы універсітэт, і ён славіўся сваёй абсерваторыяй. У ёй працавалі самыя заслужаныя вучоныя Паўночнай Амерыкі; у ёй-жа знаходзіцца славутая труба, якая дазволіла Бонду «вырашыць туманнасць[1] у сузор’і Андрамеды. Гэта славутая ўстанова цалкам заслужыла давер’е Пушачнага клуба.

Праз два дні Барбікен меў ужо ў руках водзыў Кембрыджскай абсерваторыі.

У ім было наступнае:

„Дырэктар абсерватэрыі ў Кембрыджы — Прэзідэнту Пушачнага клуба ў Балтыморы.


Кембрыдж, 7 кастрычніка.

Адразу-ж пасля атрымання 6 кастрычніка ад Вас паважанага запытання на імя абсерваторыі ў Кембрыджы ад імя Бюро Пушачнага клуба ў Балтыморы было склікана зкстранае паседжанне Совета абсерваторыі і пастаноўлена паведаміць наступны адказ:
На абмеркаванне былі пастаўлены наступныя пытанні:
Першае пытанне: Ці магчыма, каб пушачнае ядро даляцела да Луны?
Адказ: Снарад даляціць да Луны, калі будзе мець пачатковую скорасць у адзінаццаць кілометраў у секунду.
Нашы вылічэнні пацвярджаюць, што такой скорасці дастаткова. З аддаленнем ад Зямлі вага ядра будзе хутка змяншацца і, урэшце, будзе роўна нулю ў дзевяці дзесятых адлегласці між цэнтрамі Зямлі і Луны. Сапраўды, прыцяжэнне ядра Луною стане тады роўным прыцяжэнню яго Зямлёю. У гэты момант ядро страціць усю сваю вагу, і калі яно (па інерцыі) праляціць яшчэ далей, то будзе ўжо прыцягвацца самой Луною і, значыцца, павінна на яе ўпасці.
Таму тэарэтычную магчымасць доследа можна лічыць цалкам даказанай; фактычны-ж яго поспех будзе залежыць выключна ад сілы гарматы.
Другое пытанне: Якая дакладная адлегласць Луны ад Зямлі?
Адказ: Луна апісвае вакол Зямлі эліпс і бывае ў розных адлегласцях ад Зямлі. Найменшая адлегласць роўна 356000 кілометраў; найбольшая складае 407000 кілометраў.
Такім чынам рознасць між найбольшай і найменшай адлегласцю Луны ад Зямлі дасягае пацідзесяці адной тысячы кілометраў, і гэтай рознасці нельга не браць пад увагу, бо яна складае, прыблізна, адну восьмую частку сярэдняй іх адлегласці. Таму за аснову вылічэнняў трэба браць найменшую адлегласць Луны ад Зямлі.
Трэцяе пытанне: Колькі часу будзе ляцець снарад, выпушчаны з дастатковай скорасцю, і, значыцца, у які момант снарад павінен быць выпушчан, каб ён мог дасягнуць Луны ў пэўным пункце?
Адказ: Калі-б ядро ўвесь час захоўвала першапачатковую скорасць у адзінаццаць кілометраў у секунду, яно даляцела-б да Луны прыблізна за дзевяць гадзін. Але паколькі скорасць ядра бесперапынна змяншаецца, то, як паказваюць дакладныя вылічэнні, трэба будзе 309 тысяч секунд, г. зн. 83 гадзіны і 20 секунд, каб ядро даляцела да пункта, дзе прыцяжэнне ядра Зямлёю і прыцяжэнне яго Луною стануць роўнымі між сабой; з гэтага пункта ядро пачне падаць на Луну, і працягласць падзення будзе роўна 50 тысячам секунд, г. зн. 13 гадзінам 53 мінутам і 20 секундам. Таму ядро трэба выпусціць за 97 гадзін 13 мінут і 20 секунд да прахаджэння цэнтра Луны праз намечаны пункт яго шляху.
Чацвертае пытанне: У які іменна момант Луна будзе знаходзіцца ў найбольш спрыяючым палажэнні, каб ядро дасягнула яе паверхні?
Адказ: На аснове вышэйсказанага трэба вызначыць час, калі Луна будзе ў найменшай адлегласці ад Зямлі, і таксама момант, калі цэнтр яе будзе ў зеніце: тады адлегласць зменшыцца яшчэ на велічыню зямнога радыуса, г. зн. на 6378 кілометраў. Таму даўжыня шляху снарада канчаткова вызначыцца ў 356600 кілометраў.
Неабходна, аднак, прыняць пад увагу, што хаця Луна кожны месяц збліжаецца з Зямлёю, але не заўсёды знаходзіцца пры гэтым у зеніце данага месца. Падобнае супадзенне паўтараецца праз доўгія прамежкі часу. Таму неабходна чакаць яго. На шчасце, такое супадзенне адбудзецца 4 снежня будучага года; Луна а поўначы будзе ў найменшай адлегласці ад Зямлі, і ў той-жа момант цэнтр яе будзе ў зеніце.
Пятае пытанне: На які іменна пункт трэба навесці пушку, з якой будзе выпушчаны снарад на Луну?
Адказ: З папярэдніх указанняў вынікае, што трэба наводзіць у зеніт таго месца, адкуль будуць страляць; такім чынам напрамак стрэлу будзе перпендыкулярны да плоскасці гарызонта, і снарад хутчэй вызваліцца ад дзеяння зямнога прыцяжэння. Але, каб Луна магла прайсці праз зеніт данага месца, трэба, каб геаграфічная шырата гэтага месца не перавышала 28 градусаў. Можна, вядома, выбраць месца не ў гэтым поясе, але тады неабходна наводзіць пад касым вуглом, і гэта складзе неспрыяючыя ўмовы для поспеху доследавання.
Шостае пытанне: Якое месца будзе займаць на небе Луна ў момант, калі выстраліць пушка?
Адказ: Паколькі на працягу сутак Луна прасоўваецца па небе ўперад (з захада на ўсход) на 13 градусаў 10 мінут і 35 секунд[2], то ў момант стрэлу Луна павінна быць заходней зеніта іменна на такую адлегласць, якую яна павінна прайсці за час палёту ядра, г. зн. на працягу 97 гадзін 13 мінут і 20 секунд. Акрамя таго, неабходна прыняць пад увагу адхіленне ядра ад вертыкальнага напрамку з прычыны руху Зямлі вакол сваёй асі. Наогул, Луна ў момант стрэлу павінна быць на адлегласці 64 градусаў ад зеніта, г.зн. прамень зроку ад месца стрэлу да цэнтра Луны павінен скласці вугал у 64 градусы з вертыкаллю данага месца.
З гэтых адказаў вынікаюць наступныя ўказанні:
  1. Пушка павінна быць устаноўлена на мясцовасці геаграфічная шырата якой не перавышае 28 градусаў.
  2. Пушка павінна быць наведзена на зеніт гэтай мясцовасці.
  3. Снарад павінен мець першапачатковую скорасць у 11 000 метраў у секунду.
  4. Стрэл павінен быць дан 1 снежня наступнага года ў 10 гадзін 46 мінут і 40 секунд вечара.
  5. Снарад даляціць да Луны 4 снежня, якраз а поўначы, калі цэнтр Луны будзе праходзіць праз зеніт стрэлу.
Таму членам Пушачнага клуба належыць безадкладна распачаць патрэбныя работы і к паказанаму часу быць напагатове; калі яны прапусцяць 4 снежня, ім давядзецца чакаць 18 гадоў і 11 дзён, пакуль зноў не супадзе найменшая адлегласць Луны ад Зямлі з прахаджэннем яе праз зеніт зямнога назіральніка.
Пры гэтым Совет Кембрыджскай абсерваторыі аддае сябе ў поўнае распараджэнне членаў Пушачнага клуба для вырашэння ўсякіх астранамічных пытанняў і гэтым пісьмом далучае свае віншаванні Пушачнаму клубу да віншаванняў усёй Амерыкі.

За членаў Совета
Дж. М. Бельфаст.“



  1. Г. зн. выявіць, што яна прадстаўляе сабою скапленне зорак.
  2. Лік гэты атрымаем, калі падзелім поўны абарот Луны, г. зн. 360 градусаў, на працягласць „зорнага месяца“, г. зн. на час, за які Луна, пасля поўнага абароту, вяртаецца на ранейшае месца адносна нерухомых зор. Гэты прамежак часу роўны дваццаці сямі з трэццю (прыблізна) суткам.