З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XIX

XVIII. Мітынг XIX. Атака і абарона
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XX. Як француз умее ўладзіць цяжкую справу

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХІХ

Атака і абарона

Здавалася-б, гэтым інцыдэнтам павінен быў закончыцца мітынг. Сапраўды, цяжка было-б прыдумаць больш характэрны канец, больш дасціпнае заключэнне да незвычайна смелых тэорый Мішэля Ардана.

Аднак, калі шум, нарэшце, сціх, пачуліся наступныя словы, сказаныя моцным і суровым голасам:

— Цяпер, пасля таго як прамоўца аддаў так многа часу галіне фантазіі, ці не згодзіцца ён вярнуцца да пытання гэтага сходу? Ці нельга менш гаварыць тэарэтычна і проста перайсці да абмеркавання практычнага боку падарожжа, якое ён мае намер зрабіць?

Позіркі першых радоў накіраваліся на чалавека, які адважыўся выступіць з такой заявай. Гэта быў сапраўдны амерыканец — сухарлявы, худы, з энергічным тварам, з барадой, падголенай з бакоў і асабліва густой пад падбародкам.

Карыстаючыся рознымі перапынкамі і хваляваннямі сходу, ён паволі пралез к першаму раду слухачоў. Горда склаўшы накрыж рукі, ён накіраваў бліскучы і смелы позірк на героя мітынга. Выказаўшыся, ён змоўк і няўхільна ўсё аглядаў Ардана. Відавочна, яго ані не трывожылі ні тысячы звернутых на яго вачэй, ні нараканне, якім сход сустрэў яго словы. Не атрымаўшы адказу на сваю заяву, ён зноў яе паўтарыў тымі-ж словамі, тым-жа суровым голасам, і толькі дадаў:

— Мы сабраліся тут, каб гаварыць аб Луне, а не аб Зямлі.

— Шаноўны судар, ваша праўда! — адказаў Ардан. — спрэчкі вышлі з берагоў. Вернемся да Луны.

— Шаноўны судар, — казаў далей незнаёмы, — вы сцвярджаеце, што спадарожнік Зямлі заселены. Няхай так. Але калі жыхары Луны існуюць, то яны жывуць не дыхаючы, бо, — я прашу вас узяць гэта пад увагу, — на паверхні Луны няма ніводнай частачкі паветра.

Мішэль Ардан страсянуў сваёю ільвінаю грываю. Ён адразу адчуў, што мае справу з сільным праціўнікам, які не прапусціць ніводнага спрэчнага пункта. Ён цвёрда паглядзеў на незнаёмага і сказаў:

— Па-вашаму, на Луне няма паветра? А дазвольце ў вас запытацца: хто гэта сцвярджае?

— Вучоныя.

— Сапраўды?

— Сапраўды.

— Шаноўны судар, — засупярэчыў Ардан, — годзе смяяцца. Я вельмі паважаю вучоных, якія ведаюць сваю справу, і ненавіджу тых, якія яе не ведаюць.

— А вы ведаеце і такіх вучоных, якія не «вучоныя»?

— Ведаю. Ва Францыі, напрыклад, ёсць зараз адзін «вучоны», які сцвярджае на аснове «матэматыкі», што птушкі не могуць лятаць, ёсць і такі, які даказвае, што арганізацыя рыб не прыстасавана да жыцця ў вадзе.

— Шаноўны судар, я не такіх вучоных маю на ўвазе. Я магу назваць імёны, якіх вы не можаце не прызнаваць.

— О, шаноўны судар, у такім выпадку вы паставіце ў вельмі цяжкое становішча такога прафана, як я. Аднак, рад буду выпадку даведацца аб чым-небудзь новым.

— Чаго-ж вы мяшаецеся ў вучоныя пытанні, калі вы іх не вывучалі? — запытаў незнаёмы досыць груба.

— Чаго? — адказаў Ардан. — Храбры той, хто не падазрае небяспекі! Я нічога не ведаю, гэта праўда, але ў гэтай іменна слабасці мая сіла!

— Ваша слабасць вельмі блізка мяжуе з вар’яцтвам! — крыкнуў з абурэннем незнаёмы.

— Э, тым лепш, — засупярэчыў француз, — калі маё вар’яцтва давядзе мяне да Луны!

Барбікен і яго таварышы паядалі вачыма нязванага госця, які так смела асуджаў Мішэля Ардана. Ніхто яго не ведаў. Старшыня Пушачнага клуба здаваўся крыху збянтэжаным і не без трывогі паглядаў на Мішэля Ардана, далёка не ўпэўнены ў навуковай падрыхтаванасці свайго новага прыяцеля. Гэты настрой як быццам перадаўся і сходу: усе ўслухоўваліся ўважліва і з відочнай трывогай, разумеючы, што зараз будуць выстаўлены ўсе небяспекі або нават поўная невыканальнасць мяркуемага падарожжа Мішэля Ардана.

— Ёсць шмат доказаў, — зноў пачаў праціўнік Ардана, — прытым да гэтага часу не абвергнутых, аб поўнай адсутнасці атмасферы на Луне. Я мог-бы нават даказаць, што калі і існавала калі-небудзь газавая абалонка навокал Луны, то яна ўжо даўно знікла. Але я лічу за лепшае паставіць перад вамі некалькі неабвяргальных фактаў.

— Стаўце! — адказаў Ардан з самай ласкавай усмешкай. — Стаўце колькі хочаце!

— Спадзяюся, вы ведаеце, — казаў далей незнаёмы, — што калі праменні святла пападаюць у такую сферу, як паветра, яны адхіляюцца ад ранейшага прамалінейнага кірунку, або, як кажуць, пераламляюцца. Вы таксама павінны ведаць, што Луна, праходзячы між Зямлёй і зоркамі, часова хаваецца ад нас — або, як кажуць астраномы, «засланяе» — многія зоркі. Перад пачаткам такога «засланення» праменні зоркі ідуць вельмі блізка да луннага дыска, а пры пачатку «засланення» дакранаюцца да яго. І вось, не гледзячы на гэта, праменні гэтыя ніколі не адхіляюцца ад свайго кірунку, г. зн. зусім не пераламляюцца, а гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі каля луннай паверхні няма ніякай газавай абалонкі. Адсюль відавочны вынік: на Луне няма паветра, няма атмасферы.

Усе позіркі былі накіраваны на Мішэль Ардана. Як ён адкажа? Сапраўды, калі няма пераламлення праменняў каля краёў Луны, то няма і пераламляючай сферы, г. зн. паветра ці іншых газаў…

— Сапраўды, — адказаў Ардан, — пераламлення праменняў не назіраецца каля краёў Луны. Гэта ваш самы сільны доказ і амаль адзіны. Вучоны можа не змог-бы даць на яго просты адказ. А для мяне гэты довад не мае абсалютнага значэння. Скажыце мне, мілы грамадзянін, ці дапускаеце вы існаванне вулканаў на Луне?

— Патухшых вулканаў — так. Дзеючых — не.

— Добра. Але тады можна, не выходзячы за межы логікі, дапусціць, што вулканы гэтыя былі некалі дзеючымі?

— Вядома, але ранейшыя вулканічныя вывяржэнні на Луне не даказваюць усё-ж прысутнасці на ёй атмасферы — ні ў цяперашні час, ні нават у вельмі далёкі.

— Пойдзем далей, — адказаў Ардан, — і наогул пакінем ускосныя доказы. Пяройдзем да фактаў, да прамых назіранняў. Але папярэджваю: мне давядзецца спасылацца на вучоныя аўтарытэты.

— Спасылайцеся.

— Спасылаюся. І перш за ўсё напомню даўні факт. Назіраючы за зацменнем 3 мая 1715 года, астраномы Лувіль і Галей адзначылі незвычайныя светлавыя з’явы каля краёў Луны. Гэта былі пабліскванні, вельмі кароткатэрміновыя і хутка паўтараемыя. Яны прыпісалі гэтую з’яву дзеянню навальніцы, якая выбухнула ў атмасферы Луны.

— У 1715 годзе, — засупярэчыў незнаёмы, — астраномы Лувіль і Галей прынялі за лунныя такія з’явы, якія сапраўды адбываліся ў высокіх слаях зямной атмасферы і ўтвараліся балідамі і метэорамі. Вось што тады-ж адказалі вучоныя на паведамленне Лувіля і Галея, і што цяпер я вам паўтараю!

— Няхай так! — спакойна адказаў Ардан без найменшага замяшання. — Цяпер спашлюся на аўтарытэт Гершэля, які ў 1787 годзе бачыў мноства кропак, выпрамяняючых святло, на паверхні Луны.

— І гэты факт праўдзівы, — засупярэчыў незнаёмы, — але Гершэль пакінуў яго без тлумачэнняў. Ён не адважыўся на гэтай аснове даказваць існаванне луннай атмасферы.

— Выдатны адказ! — усклікнуў Мішэль Ардан, не стрымліваючыся ад камплімента праціўніку. — Вы, я бачу, вельмі моцныя ў навуцы аб Луне.

— Так, я яе добра ведаю і дадам вам, што самыя выдатныя назіральнікі, Бэр і Мэдлер, — тыя іменна, якія дэталёвей за ўсіх даследавалі Луну, — прышлі да зусім цвёрдага вываду аб поўнай адсутнасці на ёй атмасферы.

Сход заварушыўся. Довады дзіўнага незнаёмага пачалі, відавочна, рабіць уплыў на агульную думку.

— Пойдзем далей, — зусім спакойна сказаў Мішэль Ардан. — Што вы цяпер адкажаце на наступны довад? Зусім нядаўна, пры зацменні 18 ліпеня 1860 года, адзін вельмі выдатны французскі назіральнік, вядомы астраном Лоседа, канстатаваў, што рогі (канцы) выступаючага сонечнага сярпа здаваліся прытупленымі і закругленымі. Такая з’ява магла быць толькі з прычыны пераламлення сонечных праменняў у луннай атмасферы. Іншага тлумачэння быць не можа!

— Але ці праўдзівы факт? — са жвавасцю перапытаў незнаёмы.

— Абсалютна праўдзівы!

Новы рух у аудыторыі, але на гэты раз ужо ў бок Ардана, які паспеў стаць улюбёнцам натоўпу.

Незнаёмы маўчаў. Ардан зноў гаварыў сваю прамову і, не фанабэрачыся перамогай над праціўнікам, сказаў самым прастадушным тонам.

— Вы бачыце, што нельга так рашуча адмаўляць існаванне лучнай атмасферы. Напэўна, гэта атмасфера вельмі рэдкая, мае надзвычай малую шчыльнасць, але з навуковага пункту гледжання прыходзіцца прызнаваць яе існаванне…

— Толькі не на лунных горах, з вашага дазволу! — засупярэчыў незнаёмы, які яшчэ не думаў здавацца.

— Можа на лунных горах і няма, — адказваў Ардан, — але ў далінах яна ёсць. Няхай нават яе вышыня не перавышае некалькіх сот метраў.

— Ва ўсякім выпадку раю вам прыняць некаторыя меры перасцярогі, а лепш за ўсё захапіць з сабою крыху зямнога паветра, таму што ваша луннае паветра — «у некалькі сот метраў вышынёю» — акажацца надзвычай рэдкім!

— О, мой мілы, на аднаго чалавека хопіць. К таму-ж, калі я туды дабяруся, дык буду, наколькі магчыма, эканоміць паветра: прыдзецца дыхаць толькі зрэдку — пры вялікіх аказіях…

Гучны ўсеагульны выбух смеху зазвінеў у вушах незнаёмага. Ён горда, з задзёрыстым выглядам, азірнуўся на сход.

— Так, — казаў далей Мішэль Ардан, — вы са мною згадзіліся, што на Луне ёсць некаторая атмасфера. А калі ёсць атмасфера, паветра, то павінна быць і вада — ну, хоць «некаторая» вада, г. зн. вельмі мала вады. Гэта — акалічнасць, якая мяне асабіста цешыць. Акрамя таго, мілы мой апанент, дазвольце вам паведаміць яшчэ адно меркаванне. Мы ведаем толькі адзін бок луннага шара — той, які павернуты да Зямлі, — і калі на гэтым баку вельмі мала паветра, то на другім, не відным нам, баку, паветра можа і многа.

— Гэта чаму?

— А таму, што Луна пад уплывам зямнога прыцяжэння прыняла форму яйца, якое павернута да нас сваім больш вострым канцом. З гэтым дапушчэннем не разыходзяцца вылічэнні Ганзена, якія паказваюць, што цэнтр цяжару Луны ляжыць у яе заднім, не відным для нас, паўшар’і. А адсюль, у сваю чаргу, вынікае, што галоўная маса луннага паветра і вадзяной пары — ці луннай вады — павінна была імкнуцца на процілеглы бок зямнога спадарожніка[1].

— Самая сапраўдная фантазія! — усклікнуў незнаёмы.

— Не! Самая сапраўдная тэорыя, шаноўны судар, якая непасрэдна апіраецца на асноўныя законы механікі, і я не бачу магчымасці абвергнуць такую тэорыю. А таму звяртаюся да ўсіх слухачоў, — яшчэ гучней усклікнуў Ардан, — і прашу прагаласаваць пытанне: ці магчыма на Луне жыццё, падобнае таму, якое на Зямлі?

Доўга не заціхаўшыя апладысменты трохсот тысяч чалавек сустрэлі гэтую прапанову. Незнаёмы хацеў яшчэ гаварыць, але ніхто яго не слухаў. Градам сыпаліся на яго крыкі і пагрозы.

— Даволі, даволі!

— Ганіце яго!

— Далоў! — крычаў раззлаваны натоўп.

Але незнаёмы стаяў нерухома — толькі ўхапіўся за пярылы эстрады — і з задзёрыстым выглядам глядзеў на разбушаваную супроць яго стыхію. Невядома, чым-бы ўсё гэта скончылася, калі-б не заступіўся Мішэль Ардан. У яго быў вельмі велікадушны характар, каб пакінуць свайго саперніка безабаронным перад натоўпам. Дастаткова было Ардану ўзняць руку ў знак таго, што ён мае намер зноў гаварыць, і шматтысячны натоўп хутка змоўк.

— Можа вы жадаеце яшчэ сказаць некалькі слоў? — звярнуўся ён да незнаёмага самым ветлівым голасам.

— Так! Сто, тысячу слоў магу яшчэ сказаць! — адказаў незнаёмы з няўтоеным раздражэннем. — Ці, лепш, адзін яшчэ довад! Рызыкнуць такім падарожжам, настойваць на сваім намеру можа толькі чалавек…

— Неасцярожны? — хутка перапыніў Ардан, каб не дапусціць незнаёмага да рэзкасці, якая зноў выклікала-б буру. — Няўжо вы будзеце лічыць мяне неасцярожным, мяне, які перш за ўсё патрабаваў ад друга Барбікена замены круглай бомбы цыліндра-канічным ядром; каб у дарозе не круціцца, як вавёрка ў коле!

— Але, няшчасны, аддача ядра вас разнясе ўшчэнт!

— Дарагі мой апанент, вось цяпер вы дайшлі свайго! Сапраўды, гэта самая сапраўдная і нават адзіная небяспека. Аднак, я вельмі веру ў вынаходлівы геній амерыканцаў і ўпэўнен, што яны што-небудзь прыдумаюць. Часу яшчэ ёсць.

— Але вы забываеце, што супраціўленне атмасферы пры страшэннай скорасці снарада дасць такую вялікую колькасць цяпла, што не толькі вы самі, але і снарад ваш не вытрымае.

— О, сценкі снарада даволі тоўстыя! К таму-ж я, можна сказаць, мігам пералячу праз атмасферу!

— Ну, а харчы? Вада?

— Усё разлічыў, дарагі! Харчоў магу набраць хоць на цэлы год, а ў дарозе я буду толькі чацвёра сутак…

— А чым дыхаць у дарозе?

— Хіба цяжка хімічна ачышчаць паветра?

— А ўдар пры падзенні на Луну, калі толькі ядро да яе даляціць?

— О, гэты ўдар будзе ў шэсць разоў меншай сілы, чым пры падзенні на Зямлю, таму што луннае прыцяжэнне ў шэсць разоў слабейшае за зямное.

— Але і гэтага ўдару хопіць, каб разбіць вас на кавалкі, як шкло!

— Уявіце, я і гэта прадугледзеў! Сілу ўдара можна надзвычай аслабіць з дапамогаю ракет, якія я буду пускаць у патрэбны час.

— Але, урэшце, дапускаючы нават, што вы пераможаце ўсе цяжкасці, адхіліце ўсе небяспекі і ўсё складзецца так неймаверна ўдала, што вы даляціце шчасліва да Луны здаровым і непашкоджаным, — якім чынам вы адтуль вернецеся на Зямлю?!.

— Я… не вярнуся!

Пры гэтым адказе, прастата якога яшчэ выразлівей падкрэслівала гераізм Мішэля Ардана, увесь сход нібы анямеў. Гэтае маўчанне было красамоўнейшым, чым усякія выгукі захаплення…

Незнаёмы скарыстаў усеагульнае маўчанне, каб сказаць апошні пратэст.

— Але вы немінуча заб’еце сябе, — выкрыкнуў ён на ўсю сілу свайго голасу, — і ваша смерць будзе смерцю вар’ята! Яна нават нічога не дасць навуцы!

— Кажыце далей, велікадушны незнаёмы! — адказваў Мішэль Ардан сваім ясным і бесклапотным тонам. — Прызнацца, у вас даволі прыемная манера прадсказваць.

— О, гэта ўжо занадта! — усклікнуў праціўнік Ардана. — Не ведаю, навошта я працягваю такія несур’ёзныя спрэчкі. Ляціце сабе, куды хочаце! Вы ў даным выпадку непрытомны…

— Калі ласка, працягвайце. Не саромцеся.

— Так! Не на вас кладзецца адказнасць за гэту вар’яцкую справу! На другога!

— На каго-ж? Гаварыце!

Голас Ардана стаў адразу прарэзлівым, загадным.

— На таго невука, які выдумаў усю гульню, які падбухторыў даверлівую публіку на справу — бязглуздую, вар’яцкую!

Ніхто не мог памыліцца, у каго цэліў незнаёмы. Барбікен ужо даўно напружваў сілы, — «перапальваў свой дым», як кажуць машыністы, — каб стрымаць сябе. Цяпер, пры прамым нападзе, ён хутка ўстаў і кінуўся на незнаёмага, які не пераставаў свідраваць яго сваім упартым позіркам. Але ў гэтую хвіліну Барбікен раптам адчуў сябе аддзеленым ад незнаёмага.

Натоўп яшчэ раней рынуўся да эстрады. Сотні здаравенных рук адразу ўзнялі яе ў паветра. Барбікен павінен быў падзяліць з Мішэлем Арданам пашану трыумфальнага шэсця. Падмосткі былі вельмі цяжкія, але насільшчыкі бесперапынна мяняліся. Кожны спрачаўся, штурхаўся, змагаўся за гонар падставіць свае плечы і рукі пад гэту новую трыумфальную калясніцу.

Незнаёмы не захацеў скарыстаць першых хвілін беспарадку, каб пакінуць сваё ранейшае месца, дзе яму магла пагражаць небяспека. Ды і ці ўдалося-б яму прашмыгнуць праз такі густы, напіраючы з усіх бакоў натоўп? Як-бы там ні было, але ён па-ранейшаму стаяў каля пярылаў, не зводзячы вачэй з Барбікена.

Барбікен таксама не спускаў з яго вачэй. Позіркі гэтых двух людзей, поўныя нянавісці, скрыжоўваліся, як шпагі праціўнікаў на смяротным паядынку.

Поўныя захаплення, бурныя крыкі натоўпу не сціхалі за ўвесь час гэтага трыумфальнага шэсця. Мішэль Ардан здаўся на волю натоўпу з відавочным задавальненнем. Яго шырскі твар так і ззяў ад радасці. Часамі эстрада гойдалася, — то зверху ўніз, то з аднаго боку на другі, — нібы карабль на сільных хвалях. Але абодва героі мітынга не баяліся марскога гойдання: як вопытныя маракі, яны пераступалі з нагі на нагу і ўпэўнена трымаліся на хісткім судне, якое ўрэшце даплыло без аварый да гавані Тампа. Тут Мішэль Ардан здолеў па-майстэрску вызваліцца ад магутных абдымкаў сваіх палкіх прыхільнікаў. Ён шчасліва дабраўся да гасцініцы «Франклін», схаваўся ў сваім нумары і адразу лёг спаць, між тым як натоўп, з добрую сотню тысяч людзей, акружыў гасцініцу, заняў бліжэйшыя часткі вуліц і завулкаў і доўга яшчэ гудзеў пад вокнамі Ардана.

У той-жа час кароткая, але вельмі сур’ёзная і рашучая сцэна разыгралася між таямнічым незнаёмым і старшынёй Пушачнага клуба. Як толькі Барбікен вызваліўся, ён накіраваўся проста да свайго праціўніка.

— Ідзіце за мною! — сказаў ён прарэзлівым тонам.

Незнаёмы пайшоў за ім па наберажнай. Хутка яны апынуліся адны на прыстані, перад верф’ю.

Тут ворагі глянулі адзін аднаму ў вочы.

— Хто вы такі? — запытаў Барбікен.

— Капітан Ніколь.

— Я так і думаў. Да гэтага часу выпадак не ставіў вас на маю дарогу…

— Таму я сам стаў на яе.

— Вы мяне зняважылі.

— Зняважыў. Зняважыў публічна.

— І вы адкажаце за знявагу!

— Хоць зараз!

— Не. Я хачу, каб гэта засталося тайнай між намі. У трох мілях ад горада ёсць лес Скрэсно. Вы яго ведаеце?

— Ведаю.

— Ці пажадана вам зайсці ў яго з якога-небудзь боку заўтра, а пятай гадзіне раніцы?

— Так, калі толькі вы ў той-жа час увойдзеце ў гэты лес з другога боку.

— І вы не забудзеце сваёй стрэльбы? — дадаў Барбікен.

— Як і вы сваёй, — адказаў Ніколь.

Пасля гэтых слоў, сказаных зусім ледзяным тонам, Барбікен і Ніколь разышліся. Старшыня Пушачнага клуба вярнуўся дамоў, але, замест таго каб адпачыць хаця некалькі гадзін, ён прасядзеў усю ноч над вырашэннем цяжкога пытання, пастаўленага на мітынгу Мішэлем Арданам, — як знайсці спосаб аслабіць удар, які атрымае ядро пры вылеце з пушкі.

  1. Гэта думка ў сучасны момант абвяргаецца вавукай.