З пушкі на Луну/Ад Зямлі да Луны/XXII

XXI. Новы грамадзянін Злучаных Штатаў XXII. Снарад-вагон
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XXIII. Тэлескоп Пушачнага клуба

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХХІІ

Снарад-вагон

Пасля прыезду Мішэля Ардана грамадская ўвага Злучаных Штатаў была звернута на снарад калумбіяды, які павінен быў стаць вагонам для трох адважных смельчакоў, якія рашылі паляцець на Луну.

Мішэль Ардан яшчэ ў сваёй тэлеграме ад 30-га верасня патрабаваў, каб снарад калумбіяды меў цыліндра-канічную форму замест круглай, якая была намечана камітэтам Пушачнага клуба. Камітэт кіраваўся тым, што снарад праляціць за некалькі секунд праз усю зямную атмасферу ці, прынамсі, праз усе яе слаі, валодаючыя некаторай прыкметнай шчыльнасцю, і затым будзе ляцець у пустой прасторы, якая не будзе яму аказваць ніякага супраціўлення.

Пры такіх умовах можна пусціць і круглую бомбу.

Але прапанова Мішэля Ардана зусім змяніла пастаноўку пытання. Нельга было дапусціць, каб снарад, які павінен быў служыць адначасова і вагонам, круціўся, як яму ўздумаецца. Мішэль Ардан гаварыў, што ён згодзен ляцець на Луну, але не згодзен круціцца, як вавёрка ў коле. Ён хацеў падарожнічаць з такім-жа спакоем і «дастойнасцю», як напрыклад, у гандоле паветранага шара, але, разумеецца, куды хутчэй.

— Падумайце самі, што гэта будзе за пасажыр, якому давядзецца куляцца чацвёра сутак падрад!

Таму завод Брэдуіль і К° атрымаў своечасова чарцяжы і заказ на снарад новай формы. Алюмінія ўжо даўно нарыхтавалі, заставалася толькі зрабіць мадэль снарада і адліць яго. Адліўка была ўдала зроблена 2 лістапада, і, як толькі снарад астыў (гэта адбылося вельмі хутка, бо снарад быў параўнальна невялікіх размераў), яго адразу накіравалі па чыгунцы ў Стонзхіл. Ужо 10 лістапада ён шчасліва быў дастаўлены на месца прызначэння.

Мішэль Ардан, Барбікен, Ніколь, — а з імі, разумеецца, і Мастон, які хваляваўся яшчэ мацней, чым непасрэдныя ўдзельнікі падарожжа, — з нецярплівасцю чакалі свайго «бомба-вагона», у якім яны павінны былі дасягнуць луннага мацерыка.

Снарад аказаўся цудам металургіі. Усе без выключэння прызналі, што ён робіць найвялікшы гонар прамысловаму генію амерыканцаў.

Перш за ўсё, за першы раз была атрымана, хутка і ў тэрмін, такая вялікая колькасць чыстага алюмінія, і ўжо на гэта можна было глядзець, як на незвычайны поспех навейшай амерыканскай тэхнікі.

Дарагая бомба ярка блішчэла пад праменнямі сонца. Яе канічная шапка на значным цыліндрычным масіве рабіла бомбу падобнай на тыя тоўстасценныя вежы, якімі сярэдневяковая архітэктура аздабляла верхнія вуглы ўмацаваных замкоў: нехапала толькі вузенькіх бойніц у сценах і флюгера на даху.

— Сапраўды, можна падумаць, — усклікнуў Ардан, — што вось-вось выйдзе з вежы сярэдневяковы воін у сваіх жалезных даспехах! А мы ў ёй будзем нібы феадальныя бароны… Узяць-бы з сабою яшчэ крыху артылерыі, і мы перамаглі-б усю армію селенітаў, — калі толькі на Луне ёсць жыхары.

— Значыцца, табе падабаецца наш экіпаж? — запытаўся ў яго Барбікен.

— О, безумоўна, — адказваў Ардан, разглядаючы далей снарад, як мастак вывучае манумент ці карціну. — Шкада толькі, што контур грубаваты, ды конус мог-бы быць прыгажэйшым. Трэба-б яго аздобіць металічнай разьбой… Хіба цяжка было зрабіць уверсе які-небудзь выступ — пасадзіць, напрыклад, Хімеру ці Саламандру, выскакваючую з агню з распластанымі крыллямі і разяўленай пашчай?

— Навошта? — запытаў Барбікен, практычны розум якога быў мала ўражлівы да хараства мастацтва.

—— Ты пытаешся «навошта», мой мілы Барбікен! На жаль, калі ты мне ставіш такое пытанне, я баюся, што ты ніколі не зразумееш адказу…

— А ты ўсё-такі паспрабуй адказаць.

— А ведаеш: па-мойму, трэба ва ўсё, што мы робім, што мы ствараем, укладваць чым больш хараства, прыгожасці. Ведаеш індускую п’есу па назве «Каляска дзіцяці»?

— Нават назвы такой не чуў!

— Гэта мяне ані не здзіўляе, — казаў далей Ардан. — Дык вось ведай, што ў гэтай п’есе, між іншым, паказаны злодзей, які збіраецца зрабіць дзірку ў сцяне і раптам запытваецца ў сябе, якую-б прыгажэйшую форму надаць дзірцы: ліры, кветкі, птушкі ці вазы… Скажы мне, дарагі Барбікен: каб ты быў тады прысяжным, засудзіў-бы ты гэтага злодзея?

— Разумеецца, і ні нахвіліну не задумаўся-б! — адказаў старшыня Пушачнага клуба. — Прызнаў-бы яшчэ абцяжаючыя віну акалічнасці: узлом з загадзя абдуманым намерам…

— А я-б прызнаў яго невінаватым, мой мілы Барбікен! Вось бачыш: ты ніколі не здолееш зразумець мяне.

— І нават не буду старацца, мой мужны мастак!

— Так, знешні выгляд нашага вагона можа быць куды лепшым, — гаварыў Ардан. — Затое я яго абсталюю, як хачу: з камфортам і раскошаю, як належыць пасольству ад Зямлі!

— У гэтых адносінах, дарагі Мішэль, — адказаў Барбікен, — ты вольны разгарнуць усю сваю артыстычную фантазію: мы табе не будзем перашкаджаць. Ты паклапаціся аб прыемным, наша-ж справа — падрыхтаваць усё неабходнае і карыснае.

— Дарэчы. Што ты надумаў там, у лесе, — замест таго каб паляваць за Ніколем? Ты аб’явіў, што прыдумаў сродак захаваць нашы галовы і косці ў часе стрэлу. Памятаю: ты гаварыў аб нейкіх спружынах і аб вадзе, але я нічога не зразумеў.

— Як-жа ты паверыў?

— Мілы Барбікен! Ведай: ва ўсім, што датычыцца матэматыкі і механікі, я буду слепа табе верыць, таму што ты вучоны, прытым такі вучоны, які ведае сваю справу; я-ж у механіцы амаль нічога не разумею, а матэматыкі зусім не ведаю; я-ж складаць добра не ўмею, асабліва, калі вялікія лікі.

— Як-жа ты прыводзіў многа правільных даных і цыфр у сваёй прамове на мітынгу? — запытаў не без здзіўлення Барбікен.

— Цыфры і ўсялякія факты магу запомніць, калі я іх вывучу, а я іх заўсёды вывучу, калі яны цікавыя, — спакойна адказаў Ардан. — Так растлумач-жа мне, што ты прыдумаў: падушку на спружынах, велізарныя рэсоры? Прычым тут вада?

— Чакай! Перш за ўсё я паўтару тое, што ты мне пятнаццаць хвілін таму назад сказаў: калі ты так ставіш пытанне, баюся, што і тлумачэння не зразумееш…

— А я паўтараю твой адказ: усё-такі паспрабуй растлумачыць, дарагі Барбікен!

— Ты ведаеш, што вада валодае дасканалай пругкасцю?

— Прызнацца, ніколі не думаў, каб слова «пругкасць» дапасоўвалася да вады. Я ведаю пругкасць гумы, стальной рэсоры, дрэва, якія выгінаюцца і потым зноў выпростваюцца…

— Гэта таксама пругкія вяшчэствы, але пругкасць іх недасканалая і нават вельмі нязначная. Перагнеш дрэва — яно так і застанецца сагнутым або зломіцца; перакруціш спружыну — яна лопне і т. д. А на ваду можна дзейнічаць якой хочаш сілай, і яна не страціць сваёй пругкасці. Калі, напрыклад, ціснуць на яе ў пасудзіне з тоўстымі сценкамі, яна крыху сціснецца, але як толькі ціск аслабне, яна зноў зойме такі-ж аб’ём, як раней. Ты гэта сабе ўяўляеш?

— Веру, хаця і дзіўна. Ва ўсякім разе, буду памятаць, — адказаў Ардан.

— Цяпер далей. Паколькі вада амаль не сціскаецца і прытым зусім пругкая, яна можа прыняць які хочаш штуршок…

— Які яе не «сагне» і не «зломіць». Бачыш, я разумею! — дадаў Ардан.

— Вельмі правільна, хаця ты і смяешся, — казаў далей Барбікен. — Атрымаўшы-ж штуршок і некаторы сціск, вада адразу-ж будзе імкнуцца заняць першапачатковы аб’ём, г. зн. у сваю чаргу, штурхне, і прытым з тою-ж сілаю, усе навакольныя прадметы…

— Чакай, Барбікен! І мы-ж будзем «навакольнымі прадметамі»! Можа ты думаеш «для прысутных» зрабіць «выключэнне»?

Барбікен махнуў рукою з прыкрасцю і хацеў было спыніць тлумачэнне, але, глянуўшы на здагадлівы твар друга, адумаўся і сказаў:

— Ты — немагчымы слухач, але ты на сваёй блазенскай мове правільна паставіў пытанне: іменна так трэба зрабіць, каб дзеянне вады — ці, прынамсі большая частка гэтага дзеяння перайшла на нас.

— Як-жа ты прыдумаў?

— На дно снарада нальем слой вады з метр таўшчынёю. Затым на гэту ваду мы апусцім моцны драўляны круг, зусім непранікальны для вады: вада не будзе праходзіць нават паміж краямі круга і сценкамі ядра, — усё гэта лёгка зрабіць. Выходзіць, у ядра будзе моцная драўляная падлога.

— Хочаш зрабіць плыт? Унізе вагона — вада, на вадзе — плыт, і мы паедзем на плыце? Не думаў я «ляцець» на плыце! — перапыніў Ардан.

— Нядоўга: адзін момант, а потым вада знікне.

— Знікне з металічнага ядра? — усклікнуў Ардан.

— Зараз зразумееш. Я сказаў, што слой вады будзе на метр. Але ён яшчэ будзе падзелены драўлянымі перагародкамі, — гарызантальна, ва ўсю шырыню, — на некалькі слаёў меншай таўшчыні. Ад кожнага слою будуць ісці трубы да верху ядра. Таму вось што будзе: штуршок ад стрэлу перадасца спачатку першаму, ніжняму, слою вады; гэту ваду прыцісне да першай перагародкі, якая адразу разаб’ецца, але, паколькі яна зробіць некаторае супраціўленне, — і галоўнае, наступіць супраціўленне астатніх вадзяных слаёў, — то ніжняя вада накіруецца па адкрытых трубах на вярхушку ядра. Таксама і другі слой вады разаб’е другую перагародку, але яго вада пацячэ па трубах наверх; тое-ж будзе з трэцяй і чацвертай перагародкамі. Такім чынам, вада сыграе ролю буфера — ідэальна моцнай і быстрай спружыны!

— Пачакай крыху! — спыніў Ардан. — А вада, якая пайшла на вярхушку? Яна-ж таксама ўдарыцца са страшэннай сілай аб вярхушку, а адтуль на ўсе «навакольныя прадметы»!

— Не. Гэта вада выльецца вон.

— Вон! Наш вагон будзе з адтулінамі! Дзе-ж яны? Іх не відаць.

— Паглядзі на самы верх ядра, куды ты хацеў пасадзіць флюгер у выглядзе саламандры. Бачыш на ім покрыўку? Яна складаецца з некалькіх слаёў таўсцейшай скуры, надзейна прымацаваных да цэлага раду спіральных спружын з лепшай сталі, валодаючых такой-жа пругкасцю, як гадзіннікавыя спружыны; іншымі сваімі канцамі спружыны, вядома, прымацаваны да ядра. Такім чынам, скураная покрыўка складае спружынавы клапан ці агульную спружынавую пробку для верхніх адтулін усіх труб. Вада хлыне, сваім напорам адкіне ўверх покрыўку, выльецца вон, а затым спружыны сціснуцца і зноў падцягнуць покрыўку да ядра.

— А калі вада зусім выб’е тваю пробку? Мы-ж тады загінем, не даляцеўшы да Луны!

— Усё можа здарыцца, — холадна адказаў Барбікен. — Але, здаецца, я ўсе ўмовы прыняў пад увагу, і мае вылічэнні правільныя. Покрыўка не адарвецца, і не ў гэтым труднасць задачы.

— А ў чым-жа? Калі шчасліва вылеціць вада і ўнясе з сабою амаль увесь штуршок, дык чаго-ж турбавацца?

— У тым вось і справа, што ўнясе «амаль увесь», але не «ўвесь» поўнасцю. Гэта застаўшаяся частка ўдару ўздзейнічае і на драўляны круг, круг павінен з велізарнай сілай адштурхнуцца назад на дно ядра, бо вады ўнізе ўжо не будзе. Праўда, круг мае надзвычай сільныя спружыны, і, перш чым упасці на дно ядра, ён павінен будзе паслядоўна сплюшчыць астатнія перагародкі; усё гэта значна аслабіць сілу «аддачы»… Аднак, — закончыў Барбікен з усмешкай, — і пры гэтых прыстасаваннях нас даволі моцна страсане.

— Нічога, няхай страсяне, — заключыў Мішэль Ардан са звычайнай бесклапотнасцю. — Ужо калі і пры такіх прыстасаваннях мы разаб’емся, то наш «матэрыял» нікуды не варты! А ў такім выпадку — туды яму і дарога!

У гэты час падышлі Ніколь і Мастон. Ім яшчэ раней Барбікен расказаў аб дэталях сваёй дасціпнай вынаходкі. Абодва яны яе адобрылі. Аднак, у Ніколя ўзнікла адно сумненне, пра якое ён цяпер расказаў.

Пры разліку вагі ядра не была прынята пад увагу тая вада, якая ў яго ўведзена, — сказаў ён. — Між тым метравы слой вады, пры даным дыяметры снарада, важыць больш дваццаці тон. Ці не зменшыць гэта дадатковая вага першапачатковую скорасць ядра?

— Я пра гэта думаў, — адказаў Барбікен, — але ў нас ёсць лішак рухаючай сілы; напор парахавых газаў лёгка пераадолее гэту дадатковую вагу, якая будзе мець значэнне толькі на працягу секунды, калі не менш; ядро хутка набудзе зноў сваю нармальную вагу. Акрамя таго, каб ядро захавала нармальную вагу, у нашым камітэце вырашана было зрабіць бакавыя сценкі крыху танчэйшымі і, наадварот, дно таўсцейшым. Таму дно і забярэ на сябе ўвесь першапачатковы напор газаў, якія збяруцца пры ўзрыве піраксіліна.

— Гэта заўсёды робіцца ў цыліндра-канічных снарадах і нават у звычайных бомбах, — пацвердзіў Мастон.

Пасля гэтага прыяцелі пачалі ўнутраны агляд снарада.

У гэту металічную вежу можна было папасці толькі праз адтуліну, зробленую ў яе канічнай частцы. Адтуліна нагадвала сабою звычайныя люкі на палубе парахода, праз якія па стромкай лесніцы можна спусціцца да паравога катла. Адтуліна герметычна закрывалася пры дапамозе алюмініевай пласціны, старанна падагнанай да паверхні снарада і ўмацаванай з унутранага боку моцнымі вінтамі.

— Даляцім да Луны, адвінцім гэту дзверку нашага карцэра, і гуляй сабе на волі па луннаму мацерыку! — усклікнуў Мішэль Ардан. — Ну, а як-жа мы будзем глядзець на дарогу? У вагоне я заўсёды саджуся каля акна…

— У нас будзе чатыры акны, — адказаў Барбікен, — два з бакоў, трэцяе каля верху, чацвертае на дне, у ніжняй сценцы. Знадворку іх не відаць, таму што яны павінны быць добра ахаваны — асабліва ніжняе — ад першапачатковага штуршка. Таму знадворку яны накрыты тоўстымі пласцінамі; але потым, калі ўзляціць снарад, можна гэтыя пласціны зняць, адвінціўшы іх унутраныя балты. Такім чынам паветра з снарада не вырвецца вонкі; можна будзе глядзець у акно і рабіць назіранні.

Барбікен паказаў адно з такіх акон. З унутранага боку гэта было тоўстае чачавіцападобнае шкло. Ён таксама паказаў, як можна адвінчваць знадворныя пласціны.

Наогул фірма Брэдвіль і К° заваявала славу. Усе механізмы дзейнічалі з надзвычайнай лёгкасцю і дакладнасцю. Адразу адчувалася, што інжынеры і рабочыя ўклалі ў заказ Пушачнага клуба ўсё сваё майстэрства.

— Паказавай цяпер, дзе буфет і кухня! — сказаў Ардан.

Буфет складаўся з трох скрынак, прымацаваных да сценак і прыстасаваных для захоўвання харчоў і сякой-такой пасуды. Замест кухні была невялікая газавая пліта; газ-жа захоўваўся ў асобым прыёмніку ў сціснутым выглядзе, пад ціскам некалькіх атмасфер. Варта было павярнуць кран, і атрымлівалася газавае асвятленне і ацяпленне. Запаса газу павінна было хапіць на шэсць сутак бесперапыннага асвятлення і ацяплення.

Аглядзелі і астатнія прыстасаванні для незвычайнага падарожжа.

— А куды дзяваць драўляны «плыт» пасля таго, як ён выканае сваю ролю? — запытаў Ардан. — Як-жа праз яго глядзець у ніжняе акенца?

Барбікен паказаў, што драўляны круг, які павінен паслужыць покрыўкай для вады, разбіраецца ўвесь на дробныя часткі. Можна будзе гэтыя часткі зусім выкінуць з ядра разам з пабітымі перагародкамі. Адтуліна ў ніжняй сценцы снарада служыла не толькі акенцам, але і люкам для выкідвання ўсяго непатрэбнага з вагона. Вядома, зроблены былі патрэбныя прыстасаванні, каб паветра з вагона не магло вырвацца вонкі.

Мішэль Ардан быў у захапленні ад свайго «вагона».

— Па-першае, даволі прасторна — прасторней, чым у лепшым купе чыгуначнага вагона першага класа. Можна нават рабіць крокаў шэсць-сем у шырыню, а да верху і рукой не дастанеш! Паглядзіце, як я яшчэ абсталюю і ўпрыгожу наша купе — проста карціна будзе! — гаварыў ён, ажыўлена жэстыкулюючы. — Шкада толькі, што нельга ўзяць з сабою некалькі ўзораў мастацтва. Бадай, цесна будзе…

Заставалася яшчэ пытанне аб паветры, у такой-жа ступені неабходным як харчы і ацяпленне, і куды больш важным, чым прадметы камфорта. Відавочна, што недастаткова будзе таго паветра, якое возьмуць з сабою падарожнікі ў сярэдзіну вагона, каб траім дыхаць на працягу чатырох, калі не больш, сутак.

З прычыны яго першаступеннага значэння гэта пытанне было вырашана абмеркаваць на спецыяльным паседжанні камітэта Пушачнага клуба. Паседжанне адбылося ў той-жа вечар. Спачатку былі выкладзены даныя аб колькасці паветра, неабходнага для сутачнага спажывання чалавека.

У сярэднім дарослы мужчына ўдыхае за гадзіну амаль увесь кісларод, які знаходзіцца ў ста літрах паветра. Таму Барбікен, яго два спадарожнікі і два сабакі, якіх вырашана было ўзяць з сабою на Луну, павінны былі спажываць па дзве тысячы чатырыста літраў кісларода ў суткі, або, пераводзячы на меры вагі, па тры кілограмы. Значыцца, неабходна быдо ў дарозе бесперапынна папаўняць страты кісларода ў паветры снарада.

Хімічная здабыча кісларода сама па сабе вельмі простая. Найбольш практычным спосабам здабычы лічыўся ў той час спосаб Рэн’е і Рэзэ.

Паветра, як вядома, прадстаўляе сабой сумесь некалькіх газаў, галоўным чынам кісларода і азота: прыблізна дваццаць адна частка кісларода на семдзесят дзевяць частак азота.

Што наогул адбываецца пры дыханні? Чалавек удыхае ў лёгкія і ў кроў некаторую колькасць кісларода, неабходную для падтрымання яго існавання, і выдыхае азот некранутым. Выдыхаемае паветра састаіць з ранейшай колькасці азота, але бяднейшае кіслародам прыблізна на пяць процантаў; замест яго яно мае амаль такую-ж колькасць вуглекіслаты, якая ўтвараецца ў арганізме пры злучэнні кісларода (раней паглынутага) з крывёю. Таму, калі дыхаць у закупоранай прасторы, то паветра пакрыху траціць кісларод і ў той-жа час узбагачаецца вуглекіслатой — газам, не годным для дыхання.

Такім чынам, пытанне аб падтрыманні ўнутры ядра нармальнага саставу паветра зводзілася, — прымаючы пад увагу нязменнасць колькасці азота, — да таго, каб замяняць ужываемы кісларод такою-ж колькасцю новага і ўдаляць выдыхаемую вуглекіслату. Абедзве задачы лёгка вырашаліся з дапамогаю хларнавата-кіслага калія і едкага натра.

Хларнавата-кіслы калій, добра вядомы многім пад назвай берталетавай солі, прадстаўляе сабой вешчаство, якое складаецца з белых, бліскучых тонкіх пласцінак. Пры награванні да чатырохсот градусаў берталетавая соль выдзяляе свой кісларод і ператвараецца ў другую соль — хлорысты калій. Для атрымання трох кілограмаў кісларода, г. зн. той колькасці, якая неабходна была для сутачнага спажывання падарожнікаў, дастаткова ўзяць сем кілограмаў берталетавай солі, і таму лёгка было вылічыць патрэбны запас гэтай солі на ўсю дарогу.

Едкі натр — белае вешчаство, некалькі падобнае на воск. Яго захоўваюць у герметычна закупораных банках, таму што на паветры ён прагна паглынае вуглекіслату, якая заўсёды знаходзіцца ў атмасферы, хаця-б і ў нязначнай колькасці. Варта пабоўтаць на паветры адкрыты раствор едкага натра, і ён адразу паглынае вуглекіслату, якая разам з натрам утварае вугле-натравую соль, г. зн. усім вядомую соду. Таму можна было лічыць цалкам забяспечаным знішчэнне вуглекіслаты, якая павінна была выдзяляцца ў час дарогі як пры дыханні падарожнікаў, так і пры гарэнні газу.

— Сода спатрэбіцца для мыцця бялізны там, на Луне, — не сцярпеў сказаць Мішэль Ардан, — калі ў селенітаў не будзе мыла.

Такім чынам, адначасова здабываючы кісларод і ўдаляючы вуглекіслату, можна было падтрымліваць у паветры, унутры ядра, усе яго жыватворчыя ўласцівасці. Рэн’е і Рэзэ пацвердзілі гэта працяглымі доследамі, але яны праводзіліся толькі на жывёлах, і таму, не гледзячы на ўвесь аўтарытэт упамянутых вучоных, рызыкоўна было рабіць такі дослед над людзьмі і прытым пры немагчымасці своечасова мяняць яго абстаноўку.

Такі быў вывад, да якога аднагалосна прышлі на паседжанні камітэта.

— Вось што, — заявіў Мішэль Ардан. — Я зусім не жадаю пераконвацца ў дарозе, што спосаб Рэн’е і Рэзэ не вельмі ўдалы. Лепш паспрабую падыхаць іх паветрам тут, на Зямлі. Таму прапаную сябе, замест ката ці вавёркі, для спробы штучнага паветра!

— Рашуча пратэстую! — закрычаў Мастон. — Ты, мужны француз, яшчэ патрэбны тут, па-за снарадам. А мне няма чаго рабіць. Нарэшце, па ўсёй справядлівасці, трэба мне ўступіць. Вы яшчэ пабудзеце ў снарадзе, а мяне-ж не бярэце з сабою! Дайце-ж мне пажыць у ім хаця-б некалькі дзён!

Было-б несправядлівасцю адмовіць паважанаму сакратару Пушачнага клуба ў гэтай скромнай просьбе. Прапанова яго была аднагалосна прынята камітэтам.

Пачатак доследа быў прызначан на 12-е лістапада, а шостай гадзіне раніцы. У снарад занеслі дастатковую колькасць берталетавай солі, едкага натра, вады і харчоў. Мастона праводзілі яго бліжэйшыя прыяцелі. Моцна паціснуўшы ім рукі і забараніўшы самым рашучым чынам адчыняць дзверцы ядра раней шасці гадзін вечара 20 лістапада, паважаны Мастон апусціўся ў вызначаную гадзіну ў сваю добраахвотную турму. Адразу-ж герметычна завінцілі дзверцы.

Што адбывалася ўнутры снарада на працягу цэлага тыдня? Немагчыма было нічога даведацца, бо тоўстыя сценкі снарада затрымоўвалі ўсякі гук.

Настала 20-е лістапада. А шостай гадзіне вечара пачалі адвінчваць дзверцы. Прыяцелі Мастона крыху непакоіліся за яго лёс. Але яны тут-жа супакоіліся: не паспелі адкінуцца дзверцы, як з глыбіні бомбы пачулася вясёлае, гучнае «ура»!..

Праз некалькі момантаў з вярхушкі конуса ўрачыста выглянуў паважаны сакратар Пушачнага клуба.

За час «доследа» ён яшчэ больш патаўсцеў…