З пушкі на Луну/Навакол Луны/IX

VIII. У пункце роўнага прыцяжэння IX. Вынікі адхілення
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
X. Назіранні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ІХ

Вынікі адхілення

Барбікен больш не трывожыўся: калі невядомы быў яшчэ канчатковы вынік падарожжа, то, прынамсі, у сіле, з якой выкінуты быў снарад, нельга было сумнявацца. Захаваная скорасць снарада здольна была закінуць яго за нейтральны пункт. Значыцца, назад упасці на Зямлю снарад не мог. Не мог ён і павіснуць у пункце роўнага прыцяжэння двух планет у нерухомым стане. Заставалася здзейсніцца яшчэ толькі аднаму меркаванню — снарад павінен дасягнуць сваёй мэты пад уплывам луннага прыцяжэння.

Такім чынам, снарад павінен быў падаць з вышыні каля 37 тысяч кілометраў на планету, прыцяжэнне якой, праўда, слабейшае за зямное. Тым не менш пагражала вялікая небяспека, і супроць яе неабходна было зараз-жа прымаць меры.

Гэтыя патрэбныя перасцярогі былі двух родаў: па-першае, неабходна было аслабіць удар у момант судакранання снарада з Луной; па-другое, загадзя трэба было аслабіць хуткасць падзення і, такім чынам, зрабіць яго вынікі менш руйнуючымі.

Барбікен вельмі шкадаваў, што для аслаблення гэтага ўдару не мог скарыстаць тых сродкаў, якія з поспехам былі ўжыты для аслаблення ўдару пры вылеце з калумбіяды, г. зн. вады, якая замяніла сабою спружыну, і разбіўных перагародак. Хаця перагародкі яшчэ захаваліся, але вады было мала, бо нельга было выкарыстаць той запас, які захоўваўся на выпадак, калі-б падарожнікі ў першыя дні свайго прабывання на Луне не знайшлі вады. Ды і ўвесь гэты запас вады быў недастатковы, каб ім якім-небудзь чынам замяніць спружыну. Значыцца, прыходзілася адмовіцца ад гэтага вельмі дзейснага сродку.

На шчасце, Барбікен, не абмяжоўваючыся ўжываннем вады, забяспечыў рухомую падлогу вельмі моцнымі буферамі, прызначанымі для таго, каб аслабіць гэтым удар ад узрыву — пасля разлому гарызантальных перагародак. Гэтыя буферы засталіся яшчэ цэлымі, трэба было толькі ўпарадкаваць іх і на ранейшым месцы ўмацаваць рухомы дыск. З усім гэтым справіцца было вельмі лёгка, тым больш, што вага кожнай рэчы была амаль неадчувальнай.

Так і зрабілі. Без асаблівай цяжкасці падагналі асобныя часткі адна да адной. Справа была толькі за гайкамі і вінтамі. Інструментаў хапала, і за кароткі час падлога, зусім адрамантаваная, стаяла на стальных буферах, як моцны стол на ножках. Гэтая ўстаноўка была толькі адным нязручна: ніжняе акно было зусім зачынена, і падарожнікі не мелі магчымасці назіраць за Луной, калі снарад пачне перпендыкулярна да яе апускацца. Але з гэтым прыходзілася мірыцца. Да таго-ж з бакавых адтулін відаць былі вялізныя лунныя прасторы, як бывае відаць Зямля з гандолы паветранага шара.

Пасля гадзіннай працы падлога была ўстаноўлена як след. Калі закончыліся ўсе падрыхтаванні, было ўжо за паўдня. Барбікен зрабіў новыя назіранні над нахіленнем снарада і, на вялікі жаль, даведаўся, што ён яшчэ недастаткова павярнуўся для падзення. Начное свяціла ярка блішчэла ў прасторы, між тым як з процілеглага боку сонца залівала снарад сваімі праменнямі. Такое палажэнне снарада было далёка неспрыяльным.

— Ці даляцім мы яшчэ да Луны? — запытаў Ніколь.

— Будзем дзейнічаць так, як быццам-бы мы абавязкова даляцім да яе, — адказаў Барбікен.

— Вы трусы, больш нічога, — засупярэчыў Ардан. — Зразумела, мы даляцім, і нават куды хутчэй, чым нам гэтага хочацца.

Гэты смелы адказ прымусіў Барбікена зноў узяцца за работу, і ён заняўся расстаноўкай прыстасаванняў, прызначаных для запаволення падзення ядра.

Неабходна ўспомніць ранейшую думку Ніколя аб немінучай няўдачы стрэлу калумбіяды. Між іншым, Ніколь тады сцвярджаў, што пры ўдары аб Луну снарад разаб’ецца, як шкло, а Ардан яму супярэчыў, што ён затрымае падзенне ядра пры дапамозе ракет, належным чынам размешчаных.

І сапраўды, ракеты, маючы пунктам апоры дно ядра і вылятаючы вонкі, павінны выклікаць зваротны рух снарада і тым да некаторай ступені запаволіць скорасць яго падзення. Праўда, ракеты павінны цяпер гарэць у беспаветранай прасторы, але кісларода для іх хапіла-б, таму што ён ёсць у пораху.

Барбікен пры ад’ездзе размясціў ракеты ў маленькіх з нарэзамі стальных цыліндрах, якія, у сваю чаргу, маглі быць прывінчаны да дна снарада. Унутры яны ляжалі роўна з дном, а звонку выпіралі з снарада на некалькі дзесяткаў сантыметраў. Іх было цэлых два дзесяткі. Адтуліна, зробленая ў дыску, давала магчымасць запаліць кнаты ў кожным цыліндры. Усё дзеянне іх павінна было адбывацца за сценкамі снарада. Ракетны састаў быў загадзя ўкладзены ў кожны цыліндр. Заставалася толькі своечасова выняць металічныя пробкі, устаўленыя ў дно снарада, і замест іх паставіць гэтыя цыліндры, якія так былі прыладжаны, што шчыльна заходзілі ў адтуліны, заткнутыя раней пробкамі.

Работа была закончана к тром гадзінам. Цяпер толькі заставалася чакаць.

Між тым снарад прыкметна набліжаўся да Луны. Пэўна, ён адчуваў на сабе ў некаторай ступені яе ўплыў; аднак, можна было ўжо сказаць, што снарад ні ў якім разе не ўпадзе перпендыкулярна да паверхні Луны, таму што ніжняя частка яго павінна была-б даўно ўжо абярнуцца да Луны, а гэтага ўсё яшчэ не было.

Барбікен яшчэ больш устрывожыўся, калі заўважыў, што снарад прыняў яўна ўскосны напрамак. Паўстала новая, жахлівая невядомасць…

Раней здавалася, што можна дапусціць толькі тры здагадкі: зварот на Зямлю, падзенне на Луну і нерухомае прабыванне ў нейтральным пункце. І вось цяпер з’яўляецца чацвертая, пагражаючая ўсімі жахамі бясконцасці! Толькі такі адважны вучоны, як Барбікен, такі флегматык, як Ніколь або смелы авантурыст, як Ардан, маглі спакойна перанесці гэтае жахлівае адкрыцце. Людзі іншага характару пачалі-б разглядаць пытанне з практычнага пункту гледжання; яны стараліся-б адгадаць, куды іх нясе гэты снарад-вагон. Нашы-ж падарожнікі разважалі зусім інакш: для іх галоўнае было — адшукаць прычыну новай з’явы.

— Такім чынам, мы саскочылі з рэльсаў, — сказаў Ардан. — Але адчаго такая аказія здарылася?

— Баюся я, — адказаў Ніколь, — што, не гледзячы на ўсе прынятыя перасцярогі, калумбіяда была няправільна нацэлена. Якая-б малая не была памылка, яе зусім дастаткова, каб кінуць нас за межы луннага прыцяжэння.

— Дрэнна, значыцца, нацэлілі? — спытаў Мішэль.

— Не думаю, — засупярэчыў Барбікен. — Вертыкальны напрамак пушкі быў дэтальна правераны; што яна была накіравана да зеніта — пра гэта і гаварыць не варта. А паколькі Луна праходзіць цяпер цераз зеніт месца стрэлу, то мы павінны былі яе сустрэць у час поўніка. Тут ёсць другая прычына, толькі адразу я не магу яе яшчэ знайсці.

— Ці не вельмі позна мы падляцелі да Луны? — спытаў Ніколь.

— Вельмі позна, ты думаеш? — паўтарыў Барбікен.

— Так, — гаварыў далей Ніколь. — У пісьме Кембрыджскай абсерваторыі сказана, што шлях наш павінен скончыцца за 97 гадзін 13 мінут і 20 секунд. З гэтага выходзіць, што раней гэтага тэрміну Луна яшчэ не будзе ў вызначаным пункце і што пазней мы таксама яе не застанем.

— Зусім справядліва, — пацвердзіў Барбікен, — мы вылецелі 1-га снежня ўвечары, а 10 гадзіне 46 мінут і 40 секунд; на месцы мы павінны быць 5-га а поўначы, у момант поўніка. У нас цяпер 5 снежня, палова чацвертага пасля паўдня; ясна, што васьмі з паловаю гадзін хопіць на тое, каб прывесці нас да мэты. За чым-жа стала? Якая-ж прычына таму, што мы не даляцім да Луны?

— А, можа, гэта ад лішку скорасці? — зноў запытаў Ніколь. — Памятаеш, мы вылічылі, што пачатковая скорасць была значна большая за тую, якую меркавалі ў абсерваторыі. — Не, не! Сто разоў не! — залемантаваў Барбікен. — Не! Тут павінна быць адхіленне. Мы проста адхіліліся з простага шляху.

— Але чаму?

— Гэтага я не ведаю!..

— Ну, Барбікен, — палка пачаў Мішэль, — хочаш, я скажу табе сваю думку аб прычыне такога адхілення?

— Кажы!

— Не даў-бы я поўдалара, каб ведаць гэтую прычыну! Мы збочылі з належнай каляіны — гэта факт. Куды нясе нас — гэта яшчэ не так важна! Усё гэта, нарэшце, мы вельмі хутка ўбачым. Мы ляцім ліха ведае куды, у бязмежную прастору, а скончыцца ўсё гэта тым, што пападзем мы ў які-небудзь цэнтр прыцяжэння! Вось і ўсё!

Абыякасць Ардана не магла супакоіць Барбікена. І не таму, каб яго непакоіла невядомая будучыня, — зусім не! Яму толькі хацелася ва што-б там ні стала дакапацца да прычыны адхілення снарада ад вызначанага шляху.

Снарад між тым прадаўжаў рухацца бокам да Луны, а за імі ўся дружына выкінутых рэчаў. Па выпуклых кропках Луны Барбікен мог нават вызначыць, што толькі 8 000 кілометраў аддзяляюць іх ад Луны, і скорасць снарада амаль перастала змяняцца. Гэта было новым доказам, што яны не падаюць адвесна на Луну.

Аднак, хаця ранейшая скорасць усё яшчэ брала верх над лунным прыцяжэннем, лінія шляху снарада, відаць, набліжалася да луннага дыска, і можна было яшчэ спадзявацца, што сіла цягацення ўсё-ж возьме сваё і прымусіць снарад упасці на Луну.

Прыяцелі, не маючы больш важнай справы, прадаўжалі назіранні. Усе рэльефы зямнога спадарожніка зліваліся пры яркім блеску сонечных праменняў.

Так глядзелі яны на Луну праз бакавыя адтуліны да васьмі гадзін вечара. Луна павялічылася да таго, што засланіла сабою палавіну нябеснай сферы. Сонца — з аднаго боку, Луна — з другога — залівалі ўвесь снарад святлом.

У гэты час Барбікен, па розных меркаваннях, заключыў, што не больш 3 000 кілометраў аддзяляюць снарад ад Луны.

Ён не пераставаў шукаць вырашэння сваёй задачы. Цэлыя гадзіны праходзілі безрэзультатна. Снарад яўна набліжаўся да Луны, але было відавочна і тое, што ён да яе не даляціць. Адлегласць, на якой снарад праляціць міма Луны, будзе залежыць ад супольнага дзеяння сіл, якімі абумоўліваўся рух снарада.

— Толькі аднаго хачу, — паўтараў Мішэль: — падыйсці так блізка да яе, каб разгледзець усе яе тайны!

— Я праклінаю прычыну, якая прымусіла наш снарад збочыць са шляху! — усклікнуў Ніколь з абурэннем.

— Я праклінаю, — засупярэчыў Барбікен, нібы здзіўлены нейкай думкаю, — праклінаю той балід, які мы сустрэлі на шляху!

— Што? — перапытаў Ардан.

— Што вы хочаце гэтым сказаць? — усклікнуў Ніколь.

— Хачу сказаць, — казаў далей Барбікен пераканаўчым тонам, — што нашым адхіленнем мы абавязаны выключна сустрэчы з гэтым блукаючым целам. — Але-ж яно не дакранулася да нас! — адказаў Мішэль.

— Гэта яшчэ нічога не азначае. Маса яго ў параўнанні з нашым снарадам вялікая, і яго прыцяжэння было дастаткова, каб змяніць наш шлях.

— Але гэта нязначны ўплыў! — засупярэчыў Ніколь.

— Які ён нязначны, — адказаў прэзідэнт, — на адлегласці трохсот тысяч кілометраў даволі і такога, каб нам не папасці на Луну!