З пушкі на Луну/Навакол Луны/VI

V. Пахаванне Спутніка VI. Пытанні і адказы
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
VII. Хвіліна ап‘янення

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ VІ

Пытанні і адказы

На другі дзень, 4 снежня, хранометры паказвалі пяць гадзін зямной раніцы, калі падарожнікі прачнуліся; з часу вылету мінула ўжо пяцьдзесят чатыры гадзіны.

Мяркуючы па часу, выявілася, што яны прасядзелі ў сваім снарадзе толькі на пяць гадзін восем мінут больш паловы ўсяго вызначанага тэрміну, між тым снарад ужо адляцеў амаль на сем дзесятых адлегласці між Зямлёю і Луною.

Калі яны паглядзелі на Зямлю праз ніжняе акно, яна здалася ім цёмнай плямай, — ужо не было відаць ні сярпа, ні попельнага святла. На другі дзень трэба было чакаць «новазямелля», у той самы час, калі Луна ўвойдзе ў апошнюю квадру. Зверху начное свяціла ўсё набліжалася і набліжалася да лініі, апісваемай снарадам, і сустрэча павінна была адбыцца ў вызначаны тэрмін.

Усюды навокал, на цёмным небе, было мноства бліскучых кропак, якія, здавалася, паволі рухаліся, але, з прычыны вялізнай адлегласці, аддзяляючай іх ад снарада, адносная велічыня іх ніколькі не змянілася: Сонца і зоры заставаліся такімі-ж самымі, якімі мы іх бачым з Зямлі. Луна хаця і здавалася значна большых размераў, але слабыя трубы нашых падарожнікаў яшчэ не дазвалялі ўбачыць падрабязнасці яе будовы.

Час непрыкметна ішоў у бесперапынных гутарках. Гаварылі ўсё больш аб Луне; кожны выказваў усё, што ведаў: Барбікен і Ніколь, як і заўсёды, сур’ёзныя, Мішэль — невычарпальна вясёлы.

Шмат гутарылі аб самім снарадзе, аб яго палажэнні і шляху, аб тых выпадковасцях, якія маглі-б сустрэцца, аб неабходных перасцярогах, якія трэба было прыняць пры падзенні на Луну, і інш. і інш. Адным словам, гутарка не спынялася ні на хвіліну.

У час снедання пачалі гутарку настолькі цікавую, што лічым неабходным перадаць яе чытачу.

Мішэлю захацелася ведаць, што зрабілася-б са снарадам, калі-б якою-небудзь невядомаю сілаю ён быў затрыманы пры вылеце з калумбіяды.

— Але, — засупярэчыў старшыня Пушачнага клуба, — я не разумею, якім-жа гэта спосабам затрымаць снарад.

— А дапусцім, што гэта здарылася-б; што тады?

— Тваё дапушчэнне, вядома, немагчымае, — адказаў Барбікен. — Вось хіба сіла піраксіліна аказалася-б недастатковай; але ў такім выпадку скорасць снарада пачала-б змяншацца паволі, пакрыху, і снарад усё-ж не спыніўся-б адразу, як ты гаворыш.

— Ну, дапусцім, што ён сутыкнуўся з якім-небудзь целам у прасторы. — З якім-жа, напрыклад?

— Ды хаця-б з тым-жа самым балідам, які мы сустрэлі.

— Тады, — сказаў Ніколь, — снарад разляцеўся-б на дробныя кавалачкі, а значыцца, і мы таксама.

— Бадай, гэтага яшчэ і мала, — дадаў Барбікен, — мы згарэлі-б жыўцом…

— Згарэлі! — ускрыкнуў жартаўнік. — Вельмі шкадую, што нічога такога не здарылася: цікава было-б паглядзець…

— Але, так было-б, — гаварыў далей Барбікен. — У сучасны момант вядома, што цеплыня ёсць асобы від руху; так, калі ты награваеш ваду, г. зн. надаеш ёй цеплыню, то ты гэтым прымушаеш частачкі вады паскорана рухацца.

— Вось як! — усклікнуў Мішэль. — Гэта вельмі разумная тэорыя.

— А галоўнае — правільная, мой дружа. Калі націскаць тормаз поезда чыгункі, то поезд спыніцца. А што стане з рухам, які ён да гэтага часу меў? Рух гэты ператворыцца ў цеплыню, таму тормаз і награваецца. Цяпер разумееш?

— Ато-ж! — усклікнуў Мішэль. — Ужо так разумею, што толькі трымайся. Ды калі хочаш, вось табе мой прыклад: дапусцім, я доўга бегаў, як учадзелы, з мяне пот льецца градам; чаму-ж я павінен спыніцца? А вельмі проста: рух мой перайшоў у цеплыню, мне стала горача.

Старшыня Пушачнага клуба не мог стрымацца ад смеху, пачуўшы такі жартаўлівы прыклад. Затым зноў развіваў далей тэорыю цеплыні.

— Так, пры такой сутычцы з нашым снарадам здарылася тое самае, што і з куляй, якая, пры вельмі вялікай скорасці руху, ударылася-б аб металічную дошку: яна ад гэтага ўдару нагрэецца і тут-жа ўпадзе; тут ты зноў бачыш, ператвараецца ў цеплыню. Снарад наш пры ўдары адразу страціў-бы ўсю скорасць свайго руху; з прычыны гэтага развілася-б цеплыня, здольная расплавіць яго ў адзін момант.

— А што, калі-б Зямля раптам прыпыніла свой паступальны рух? — запытаў Мішэль.

— Яе тэмпература ўзнялася-б да такой ступені, што планета адразу стала-б парай.

— Вось гэта прыемна! — ускрыкнуў Мішэль. — Гэта самы лепшы сродак разлічыцца са светам.

— А калі-б Зямля ўпала на Сонца? — запытаў Ніколь.

— Гэта крыху хітрэй, — адказаў прэзідэнт, — але і на гэты выпадак рабіліся вылічэнні; аказалася, што развілася-б цеплыня, якую могуць даць 1 600 шароў з вугалю, па аб’ёму роўных кожны зямному шару. Цяпер, сябры мае, вам зразумела, — казаў далей Барбікен, — што ўсякі адразу спынены рух дае цеплыню. На аснове гэтай тэорыі ёсць магчымасць дапусціць, што сонечная цеплыня падтрымліваецца балідамі, якія бесперастанку падаюць на яго паверхню, як град.

— А якая сонечная цеплыня? — спытаў Мішэль.

— Калі-б Сонца акружыць слоем вугалю, таўшчынёю ў 27 кілометраў, і гэты слой запаліць, то атрымалася-б цеплыня, якую мы цяпер атрымліваем ад сонца. Цеплыня гэта настолькі вялікая, што ёю можна за адну гадзіну ўскіпяціць два мільярды дзевяцьсот мільёнаў кубічных мірыяметраў[1] вады, — дадаў Барбікен.

— Як-жа яна нас не сасмажыць? — ускрыкнуў Мішэль. — Не можа сасмажыць, па-першае, таму што атмасфера, якая акружае зямны шар, паглынае чатыры дзесятых сонечнай энергіі, а па-другое, цеплыня, прымаемая Зямлёю, складае не больш адной двухмільярднай долі сонечнага цяпла.

— Так, — сказаў Мішэль, — мы не толькі дыхаем атмасферай, але яна-ж і ахоўвае нас: без яе мы адразу спякліся-б!

— На Луне, здаецца, нас не тое чакае, — сказаў Ніколь засмучаным тонам.

— Гэта чаму? — ускрыкнуў адважны Мішэль. — Калі там жыве хто-небудзь, то чым-небудзь ён там дыхае. Калі, нарэшце, там і нікога няма, усё-ж, я думаю, для нас траіх кісларода хопіць. Яго можна будзе знайсці, напрыклад, дзе-небудзь у цяснінах, куды ён мог апусціцца. Ну, мы не будзем узбірацца на горы — вось важнасць!

Сказаўшы гэта, ён устаў і пайшоў да акна разглядаць лунны дыск, які ззяў асляпляючым бляскам.

— Чорт вазьмі! — ускрыкнуў ён, — а там, здаецца, не на жарты горача цяпер!

— Не кажучы ўжо аб тым, — дадаў Ніколь, — што дзень там мае 360 гадзін.

— Затое і ночы такія-ж доўгія, — сказаў Барбікен, — але паколькі страта цеплыні папаўняецца выпрамяненнем, то тэмпература там павінна быць такая-ж, як і ў міжпланетнай прасторы.

— Цудоўная старонка, што і гаварыць! — сказаў Мішэль. — Мне-б вельмі хацелася быць ужо там! Эх, мілыя сябры, а гэта-ж і сапраўды вельмі кур’ёзна. Зямлю мець Луною, бачыць, як яна падымаецца на гарызонце, распазнаваць абрысы яе сухазем’яў і гаварыць адзін аднаму: «Вось наша Амерыка, а вось Еўропа», потым прасачыць як яна знікае ў сонечных праменнях. Дарэчы, бываюць лунным жыхарам відны зацменні?

— Так, яны могуць назіраць за сонечнымі зацменнямі, — адказаў Барбікен, — іменна ў той момант, калі цэнтры Сонца, Луны і Зямлі стануць на адной прамой лініі, і прытым так, каб Зямля была ў сярэдзіне.

— А скажыце, калі ласка, каторая гадзіна? — спытаў Ардан.

— Тры гадзіны, — адказаў Ніколь.

— Як непрыкметна бяжыць час у такіх вучоных гутарках! — сказаў Мішэль. — Сапраўды, я адчуваю, што навучаюся ўжо занадта многаму! Адчуваю, што станаўлюся крыніцаю ведаў!

Вымавіўшы гэта, ён узлез наверх, «каб лепш назіраць за Луною», як ён сказаў, Таварышы яго ў гэты час глядзелі ў ніжнюю раму, — там не відаць было нічога новага.

Ардан праз некалькі хвілін зноў апусціўся ўніз і, падышоўшы да бакавога акна, раптам ускрыкнуў ад здзіўлення.

— Што з табою? — запытаў Барбікен.

Старшыня Пушачнага клуба сам паспешна падышоў да акна, і ўбачыў нешта накшталт сплюснутага мяшка, які нёсся звонку, за некалькі метраў ад снарада. Мяшок, здавалася, вісеў нерухома, як і снарад, з чаго можна было ўстанавіць, што сапраўды ён ляцеў з такою-ж скорасцю, як і снарад.

— Што гэта там за штука? — спытаў Ардан. — Можа, гэта адно з маленькіх цел, якія знаходзяцца заўсёды ў прасторы, а наш снарад захапіў яго сілаю свайго прыцяжэння? Што-ж, «гэта» будзе суправаджаць нас да самай Луны? — Мяне адно здзіўляе, — сказаў Ніколь, — як можа ляцець гэта цела, ані не адстаючы ад нас.

— Ніколь, — сказаў Барбікен пасля некаторага маўчання, — я не ведаю, што гэта за цела, але магу табе растлумачыць, чаму яно трымаецца на адной вышыні з нашым снарадам.

— Вельмі рад цябе паслухаць.

— Бачыш, мой мілы капітан, мы цяпер нясемся ў беспаветранай прасторы ці, прасцей кажучы, у пустаце, а вядома, што ў пустаце ўсе целы падаюць ці ўзлятаюць (гэта адно і тое-ж) з аднолькавай скорасцю. Скорасць гэта ніколькі не залежыць ні ад формы цела, ні ад яго вагі. У паветры-ж іншая справа: супраціўленне паветра служыць прычынаю таго, што адны целы падаюць у ім хутчэй, а другія — павольней. Калі, напрыклад, з дапамогаю паветранай помпы выпампаваць паветра з доўгай шкляной трубы, то целы, апушчаныя з аднаго яе канца, — няхай гэта лёгкія пушынкі ці дробныя кавалачкі свінца, — усе ўпадуць на другі канец трубы адначасова, г. зн. будуць рухацца з аднолькаваю скорасцю.

— Зусім правільна, — сказаў Ніколь. — Значыцца, усё, што-б мы ні выкінулі з ядра, будзе разам ляцець з намі да самай Луны.

— Якія-ж мы разявы! — ускрыкнуў Мішэль.

— Гэта ты за што-ж так нас няславіш? — запытаў Барбікен.

— А за тое, што мы не здагадаліся запоўніць наш вагон карыснымі прадметамі: кнігамі, інструментамі, прыладамі і інш. Мы цяпер маглі-б гэта выкінуць, і ўсё імчалася-б разам з намі. Дзіўная думка прышла мне ў галаву: чаму-б нам самім не прагуляцца на волі, як гэты балід? Можна-ж выкінуцца ў прастору праз якое-небудзь акно. А то ў гэтым вагоне — нібы ў турме! Якая, мабыць уцеха — адчуваць, што вісіш так у прасторы! Каб на яго ліха, кожная птушка можа пазайздросціць — ды і зразумела: тут ужо крыллямі махаць не трэба, проста ляціш сабе, ды і толькі!

— Марыш, мілы! — сказаў Барбікен. — А чым-бы ты там дыхаў?

— І то праўда! Праклятае паветра, яго тут, як назнарок, і няма!

— А калі-б яно і было, дык замерз-бы адразу.

— Выходзіць, што думка, якая прышла ў маю галаву, сапраўдная бязглуздзіца?

— З гэтым нельга не згадзіцца.

— Значыцца, запёртым яшчэ прыдзецца пасядзець?

— Прыдзецца.

— Ай! — закрычаў шалёна Мішэль.

— Што здарылася? — спытаў Ніколь.

— Я адгадаў, што за ўяўны балід ляціць побач з намі!

— Што-ж гэта, па-твойму? — запытаў старшыня Пушачнага клуба.

— Гэта наш верны Спутнік, прыяцель Дыяны!

Пачалі ўглядацца і сапраўды пераканаліся, што памяты, нікім не пазнаны спачатку, уяўны мяшок быў труп Спутніка: няшчасны сабака застаўся верным сваім гаспадарам і не пакінуў іх…

  1. Мірыяметр — 10 кілометраў (мера мала ўжываецца).