З пушкі на Луну/Навакол Луны/XIII

XII. Паверхня Луны XIII. Лунныя ландшафты
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XIV. Ноч у трыста пяцьдзесят чатыры з паловай гадзіны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХІІІ

Лунныя ландшафты

А палове трэцяй раніцы снарад быў ужо на ўзроўні трыццатай паралелі паўночнай шыраты; толькі тысяча кілометраў аддзяляла яго ад Луны, а ў аптычных інструментах гэтая адлегласць здавалася меншай дзесяці. Дакрануцца да якой-небудзь кропкі луннага дыска па-ранейшаму здавалася немагчымым. Для Барбікена была незразумелай гэта адносна павольная скорасць руху. На такой невялікай адлегласці ад Луны трэба было чакаць скорасці значна большай, каб снарад не падаў на Луну, падпарадкуючыся яе прыцяжэнню. Прычына гэтай з’явы заставалася пакуль невядомай. Ды і часу лішняга не было для якіх-бы там ні было выведаў. Падарожнікі цалкам аддаліся назіранням: яны баяліся прапусціць незаўважанымі найменшыя дэталі.

Такім чынам, у тэлескопе Луна здавалася ўсяго на адлегласці дзесятка кілометраў. Што мог-бы адрозніць на паверхні Зямлі лётчык, падняўшыся на такую вышыню?

Вось дакладнае апісанне ўсяго таго, што бачыў Барбікен і яго таварышы з гэтай вышыні.

Лунны дыск, здавалася, быў запоўнены шырокімі плямамі самай рознастайнай афарбоўкі. Даследчыкі Луны і астраномы нязгодны між сабой адносна колераў гэтых плям. Юліус Шмідт сцвярджае, што калі-б высушыць усе зямныя акіяны, то лунны назіральнік не распазнаў-бы на зямным шары, між усімі акіянамі і мацерыковымі раўнінамі, такіх рэзка азначаных адценняў, якія відаць на Луне зямному назіральніку. Паводле яго думкі, агульны колер гэтых вялізных раўнін, носячых назву «мораў», цёмнашэры, з прымешкай зялёнага колеру і карычневага. Некаторыя з вялікіх кратэраў маюць тую-ж афарбоўку.

Некаторыя прасторы пераліваліся зялёным колерам, які згодна даследаванняў Юліуса Шмідта аказаўся і ў морах «Яснасці» і «Вільготнасці». Барбікен распазнаў таксама шырокія кратэры, не маючыя ўнутраных конусаў. Гэтыя кратэры мелі сіняватае адценне, падобнае на колер добра адпаліраванай стальной пласціны. Такія адценні сапраўды ўласцівы луннаму дыску, а зусім не паходзяць ад недасканаласці аб’ектываў у тэлескопах ці ад уплыву зямной атмасферы, як сцвярджалі некаторыя астраномы. Барбікен у гэтым выпадку не дапускаў ніякіх сумненняў. Ён рабіў назіранні ў беспаветранай прасторы, і ніякай аптычнай памылкі тут не магло быць. Але ці паходзілі гэтыя зялёныя колеры ад расліннасці, якая падтрымлівалася шчыльнай і нізкай атмасферай, або ад чаго-небудзь іншага — гэтага цвёрда сказаць ён не мог.

Вось яшчэ адна асаблівасць луннага дыска, прычыну якой яму таксама не ўдалося даклада высветліць.

Мішэль Ардан, будучы ў час назіранняў каля Барбікена, заўважыў доўгія белыя лініі, ярка асветленыя сонечнымі праменнямі. Гэта было зусім не падобным на нядаўняе ззянне «Каперніка». Яны цягнуліся паралельна адна адной.

Самаўпэўнены Мішэль, як і заўсёды, адразу выказаў сваю думку.

— Ба! Глядзі-тка! Вунь апрацаваныя палі! — сказаў ён смела, ніколькі не запінаючыся.

— Апрацаваныя палі? — паўтарыў Ніколь, паціскаючы плячыма ад здзіўлення.

— Прынамсі ты бачыш, яны ўзараны, — казаў далей Мішэль з поўнай сур’ёзнасцю. — Якія-ж, аднак, добрыя земляробы гэтыя селеніты! Ды і ў плугі яны, пэўна, запрагаюць валоў якой-небудзь гіганцкай велічыні, — без гэтага-ж такіх велічэзных барознаў і не прагоніш!

— Ты не адгадаў, мілы сябра, — засупярэчыў Барбікен, — барозны гэтыя зроблены не плугам.

Барбікен тут-жа расказаў таварышу ўсё, што ён сам ведаў аб іх. Ён ведаў, што барозны гэтыя былі заўважаны ва ўсіх тых частках луннага дыска, дзе няма гор, што яны маюць ад 15 да 200 кілометраў у даўжыню і што шырыня іх бывае ад тысячы да тысячы пяцісот метраў; краі іх заўсёды паралельныя.

Але аб іх паходжанні і ўласцівасцях ён не ведаў абсалютна нічога. Узброены тэлескопам, Барбікен разглядаў гэтыя барозны з надзвычайнай увагай. Ён заўважыў між іншым, што іх бакавыя грані маюць вельмі стромкія скаты. Гэта было нешта накшталт паралельных валаў, і чалавек з жывым выабражэннем палічыў-бы іх за доўгія рады ўмацаванняў, зробленых луннымі інжынерамі.

Адны з барознаў былі зусім прамыя, другія крыху выгіналіся, прычым бакавыя іх грані заўсёды заставаліся паралельнымі; адны скрыжоўваліся між сабой, другія разрэзвалі кратэры; тут яны баразнілі кольцападобныя ўпадзіны «Пасейдона» — там імі спярэшчана было «Мора Яснасці».

Прырода гэтых барознаў да гэтага часу не высветлена. Зразумела, гэта не ўмацаванні, і, вядома, не даўнія руслы высахлых рэк, па-першае, таму, што барозны часта перасякаюць кратэры, якія знаходзяцца на значнай вышыні.

Як ні няўдалыя былі да гэтага часу меркавані Ардана наконт розных з’яў, але трэба згадзіцца, што ён выпадкова напаў на тую-ж думку, якая раней хвалявала вучонага Юліуса Шмідта.

— Ці не складаюцца гэтыя цёмныя лініі з радоў правільна пасаджаных дрэў?

— Ты настойваеш на расліннасці? — спытаў Барбікен.

— Так, настойваю, — адказаў Мішэль, — і я магу растлумачыць тое, чаго вы, важныя вучоныя, да гэтага часу пакуль не растлумачылі. Прынамсі, на карысць маёй прапановы гаворыць тое, што з яе дапамогаю я магу растлумачыць, чаму гэтыя барозны ў пэўныя часы знікаюць ці здаюцца знікнуўшымі.

— Ну, чаму? — Таму, што дрэвы становяцца нябачнымі, калі асыпаецца лісце, і зноў становяцца прыкметнымі, калі лісце на іх вырастае.

— Тлумачэнне тваё, праўда, вельмі дасціпнае, мой мілы; бяда толькі ў тым, што сюды яно не падыходзіць.

— Чаму?

— Таму, што на Луне няма таго, што называюць порамі года, а значыцца, і ніякіх такіх з’яў расліннасці, на якіх, заўваж, у цябе ўсё і абгрунтавана, там адбывацца не можа.

Барбікен гаварыў праўду. На ўсіх лунных паралелях Сонца застаецца на нязменнай вышыні над лунным гарызонтам. Каля экватара, напрыклад, яно заўсёды знаходзіцца паблізу зеніта, у палярных краінах амаль не выходзіць за межы гарызонта. У кожнай краіне, гледзячы па таму, якое месца яна займае адносна Сонца, вечна пануе якая-небудзь адна пара года: зіма, вясна, лета ці восень. Як-жа растлумачыць паходжанне гэтых барознаў? Пытанне заставалася нерастлумачаным. Адно можна было дапускаць: што ўтварэнне іх адносіцца да больш позніх эпох, чым утварэнне кратэраў і ўпадзін, таму што па апошніх прайшлі многія з барознаў, прарэзваючы іх закругленыя берагі.

Снарад між тым ужо знаходзіўся на 40-й луннай паралелі, на адлегласці каля 800 кілометраў ад Луны. У тэлескопе ўсе прадметы здаваліся на адлегласці 8 кілометраў. У гэту хвіліну пад ім уздымаўся «Гелікон» на вышыню пяцісот метраў, а налева цягнуўся рад меншых гор, замыкаючых невялікую частку «Мора Дажджоў», якая называецца «Залівам Расы».

Беспаветраная прастора, у якой імчалася ядро, не мела ў сабе ніякай пары, якая магла-б колькі-небудзь перашкаджаць назіранням. Ды, акрамя таго, Барбікен быў цяпер на такой блізкай адлегласці ад Луны, якой не маглі даць нават такія сільныя тэлескопы, як інструменты Джона Роса і Скалістых гор. Выходзіць, ён меў самыя спрыяючыя ўмовы для вырашэння важнага пытання: існуюць селеніты ці не? Яснага адказу старшыня Пушачнага клуба яшчэ не атрымаў. Ён бачыў перад сабою толькі пустынныя раўніны і ланцугі голых гор. Нідзе і нішто не нагадвала аб магчымым жыцці, Усюды былі руіны, да якіх, відаць, не дакранулася рука чалавека. Нідзе ніякага руху, ні слядоў расліннасці. З трох царстваў, якія складаюць прыроду нашага зямнога шара, на Луне панавала толькі царства мінералаў.

— Вось табе на! — сказаў Мішэль Ардан з выглядам некаторага замяшання, — няўжо там і сапраўды нікога няма?

— Так, — адказаў Ніколь, — прынамсі да гэтага часу не відаць ні людзей, ні жывёл, ні раслін. Аднак, атмасфера, можа, і сапраўды хаваецца ў цяснінах, унутры цыркаў, або нарэшце, на процілеглым ад нас паўшар’і; значыцца, рабіць канчатковыя вывады яшчэ не варта.

— Вядома, — заўважыў Барбікен, — што самае зоркае вока не можа ўбачыць чалавека на адлегласці больш сямі кілометраў. Значыцца, калі і дапусціць існаванне селенітаў, яны бачаць наша ядро, а мы іх бачыць не можам.

К чатыром гадзінам раніцы толькі 600 кілометраў аддзялялі нашых герояў ад Луны. З левага боку цягнуўся горны ланцуг самых дзівосных абрысаў, заліты яркім святлом сонечных праменняў. З правага, наадварот, паглыблялася чорная ўпадзіна, накшталт цёмнага калодзежа, выкапанага на паверхні Луны.

Гэта быў цырк «Платона», які вельмі зручна назіраць з паверхні Зямлі, у час між апошняй квадрай і поўнікам, калі цені на Луне ідуць з захада на ўсход.

Барбікен вельмі шкадаваў, што снарад не прайшоў над самой упадзінай цырка; можа ў гэтым бяздонні яны маглі-б напаткаць якую-небудзь яшчэ невядомую з’яву. Але змяніць напрамак палёту снарада было немагчыма… Трэба было пакорліва падпарадкавацца.

Гадзін каля пяці раніцы яны мінулі, нарэшце, паўночную граніцу «Мора Дажджоў». Гэта частка луннага дыска была ўся пакрыта горамі. У тэлескопах усё было відаць на адлегласці 4 кілометраў, што складае менш вышыні Манблана над узроўнем мора. Усюды відаць былі пікі ды цыркі.

На гэтай адлегласці Луна здавалася вельмі дзіўнай. Ландшафты адкрываліся пры ўмовах, зусім не падобных на тыя, якія звычайна суправаджаюць назіранні з паверхні Зямлі.

На Луне няма паветра, і гэтая адсутнасць газападобнай абалонкі з’яўляецца прычынай вельмі цікавых з’яў. Там, напрыклад, на Луне не бывае таго, што мы прывыклі называць змрокам: ноч змяняе дзень, і дзень змяняе ноч вокамгненна, як лямпа, патухаючы ці запальваючыся сярод суцэльнай цемры. З прычыны гэтага там не існуе паступовага пераходу ад цяпла к холаду; гарачыня сонечных праменняў хутка змяняецца марозам «Луннай ночы».

Тая-ж самая адсутнасць паветра цягне за сабою яшчэ і наступную з’яву: у частках Луны, якія непасрэдна не асвятляюцца сонечнымі праменнямі, пануе абсалютная цемра. Калі жыхар Луны закрые вочы ад сонечных праменняў, неба здасца яму зусім чорным, а зоры будуць ззяць перад ім, як ў самыя цёмныя ночы.

Можаце сабе ўявіць, якое ўражанне зрабіла на Барбікена і яго сяброў такое відовішча! Вочы ў іх разбягаліся. Яны не здольны былі улаўліваць адносныя размеры розных мясцовасцей. Зямны пейзажыст не мог-бы намаляваць ні аднаго з лунных ландшафтаў, таму што яны не змякчаліся адценнямі поўсвятла: проста нейкія чарнільныя плямы на белым фоне.

Гэты від не змяніўся нават і тады, калі снарад быў на адлегласці ста кілометраў ад Луны. Каля пяці гадзін раніцы ён праімчаўся менш чым на пяцьдзесят кілометраў ад верхавіны адной гары, — у тэлескопе гэтая адлегласць здавалася ў поўкілометра. Таго і глядзі, за Луну можна было ўчапіцца рукамі. Непраўдападобным здавалася дапускаць, што ядро не зачэпіць яе крыху пазней каля паўночнага полюса, бліскучы грэбень якога ўжо ярка вырысоўваўся на чорным небе. Неўтаймаваны Мішэль ужо выказваў жаданне адчыніць акно і выкінуцца на Луну. Падзенне з вышыні 50 кілометраў — не жартачкі!

А шостай гадзіне раніцы паказаўся і лунны полюс. У гэты час падарожнікам была відаць толькі адна, ярка асветленая частка луннага дыска, другая знікла ў цемры. Снарад перайшоў граніцу, якая аддзяляла ярка асветленую частку ад абсалютна цёмнай, і ў адзін міг апусціўся ў непранікальную цемру.