З пушкі на Луну/Навакол Луны/XIX

XVIII. Важныя пытанні XIX. Барацьба з немагчымым
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XX. Прамеры „Сускагены“

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХІХ

Барацьба з немагчымым

Доўга Барбікен і яго спадарожнікі моўчкі і задумліва глядзелі на гэты свет, ад якога яны беззваротна аддаляліся.

Палажэнне снарада адносна Луны змянілася; цяпер дно яго было павернута да Зямлі. Барбікена такая перамена азадачыла. Калі снараду суджана было абарачацца вакол Луны, дык чаму-ж ён не павярнуўся да яе сваёй найбольш цяжкаю часткаю?

Назіраючы за рухам снарада, можна было заўважыць, што ён ляцеў, ухіляючыся ад Луны, па такой-жа крывой лініі, якую ён апісваў, калі да яе набліжаўся, г. зн. перамяшчаўся па вельмі расцягнутаму эліпсу і, як відаць, вяртаўся да той-жа кропкі, дзе ўроўнаважваюцца прыцяжэнні Зямлі і яе спадарожніка.

Так, прынамсі, рашыў Барбікен на падставе сваіх меркаванняў.

— Што-ж з намі будзе, калі мы дасягнем гэтай мёртвай кропкі? — спытаў Ардан.

— Невядома, — адказаў Барбікен.

— Але можна зрабіць якія-небудзь дапушчэнні, я думаю?

— Можна зрабіць два дапушчэнні. Ці скорасць снарада будзе недастатковай, і ён вечна застанецца ў гэтай мёртвай кропцы…

— Гавары другое дапушчэнне! — перабіў Ардан. — Якім-бы яно не было, горшым за першае не будзе.

— Ці скорасць акажацца дастатковай, і снарад зноў будзе рухацца і векі вечныя абарачацца вакол Луны.

— Стаць ніжэйшымі служкамі Луны, калі мы Луну прывыклі лічыць за служку, рэч несуцяшальная! — сказаў Ардан. — Прызнаюся, варта пазайздросціць! Чаго-ж вы замоўклі?

— Ды няма чаго адказваць, — сказаў Ніколь.

— Ці нельга паспрабаваць…

— Не, — перабіў Барбікен. — Хіба можна змагацца з немагчымым? — Чаму-ж нельга? Француз і два амерыканцы — такі народ, што і перад немагчымым не адступяць!

— Дык што-ж ты хочаш рабіць?

— Забраць у свае рукі рух, які нас гоніць.

— Забраць у рукі?

— Так, так, — адказваў Ардан з натхненнем, — забраць у рукі рух, спыніць яго ці змяніць; адным словам, скарыстаць яго як след для сваёй патрэбы!

— Як-жа гэта?

— Гэта ўжо вас датычыцца. Калі артылерысты не ўмеюць справіцца са сваімі снарадамі, дык яны не артылерысты, а… Калі снарад камандуе кананірам, дык варта ўжо не снарадам, а гэтым кананірам зарадзіць пушку! Прызнаюся, знатныя вучоныя! Вось і сядзяць на мелі! Падманулі мяне, а цяпер…

— Падманулі? — крыкнулі Барбікен і Ніколь. — Падманулі? Што ты хочаш сказаць?

— Цяпер не да спрэчак! Я не крыўджуся. Прагулка мне падабаецца! Снарад таксама ніштаваты… Але паспрабуем-жа зрабіць усё, што чалавек можа, каб упасці куды-небудзь, калі нельга ўпасці на Луну.

— Мы вельмі рады паспрабаваць, Мішэль, — адказаў Барбікен, — але ў нас няма ніякіх сродкаў…

— Мы не можам змяніць руху снарада?

— Не.

— Не можам паменшыць яго скорасць?

— Не!

— Нават калі мы яго зробім лягчэйшым? Ведаеце, як робяць лягчэйшымі занадта нагружаныя судны? — Што-ж ты хочаш з яго выкінуць? — спытаў Ніколь. — На нашым-жа судне няма баласту. К таму-ж аблегчаны снарад пойдзе, я думаю, яшчэ хутчэй.

— Цішэй, — сказаў Ардан.

— Хутчэй, — засупярэчыў Ніколь.

— Ні цішэй, ні хутчэй, — сказаў Барбікен, — таму што мы нясемся ў пустой прасторы, дзе ўсе целы падаюць з аднолькавай скорасцю.

— Ну, значыць, застаецца толькі адно! — выкрыкнуў Мішэль.

— Што такое?

— Снедаць! — спакойна адказаў адважны француз, які заўсёды нечакана вырашаў цяжкія задачы.

Таварышы паслухалі яго і ўзяліся за снеданне. Было дзве гадзіны ночы; пасля снедання зноў узяліся назіраць.

Выкінутыя з снарада прадметы трымаліся на нязменнай ад яго адлегласці. Відавочна, снарад, абарачаючыся вакол Луны, не прарэзаў ніякай атмасферы, таму што розная вага гэтых прадметаў змяніла-б іх адносны рух.

З боку Зямлі нічога не было відаць.

Луна была відовішчам зусім іншым: свяціла бліскала цудоўна сярод бязлікіх сузор’яў. Раўніны яе прымалі ўжо тое цёмнае адценне, якое відаць з Зямлі. Астатняя частка заставалася бліскучай, і пасярод гэтага бляску гара «Ціхо» вырэзвалася, яркая, як Сонца.

Барбікен ніяк не мог вызначыць скорасці снарада, але, згодна яго меркаванняў, гэтая скорасць павінна была змяншацца.

— Калі дапусціць, што снарад будзе апісваць арбіту вакол Луны, то арбіта гэта будзе, разумеецца, эліптычная, — сказаў Барбікен. — Але ў эліптычных арбітах прыцягваючае цела заўсёды займае адзін з фокусаў эліпса. Спадарожнік, значыць, у пэўную хвіліну знаходзіцца ў найбольш блізкай, а ў другую — у найбольш далёкай адлегласці ад свяціла, вакол якога абарачаецца. Інакш кажучы, калі снарад застанецца спадарожнікам Луны, ён будзе рухацца да свайго «апаселена», аддаляючыся ад яе, і да свайго «перыселена», набліжаючыся да яе. У апошнім выпадку снарад павінен дасягнуць найбольшай скорасці, калі будзе пераходзіць цераз «перыселен», а ў першым выпадку — найменшай, дасягнуўшы «апаселена».

Словы Барбікена былі раптоўна перарваны крыкам Ардана.

— Якія мы разявы!

— Не буду гэтага абвяргаць, — адказаў Барбікен, — але за што іменна ты нас так велічаеш?

— Ды ў нас-жа ёсць сродак, і сродак вельмі просты, паменшыць гэту скорасць, якая аддаляе нас ад Луны!

— Які-ж сродак?

— Выкарыстаць сілу нашых ракет — іх «аддачу»! Яна штурхне ядро назад…

— Ты думаеш? — сказаў Ніколь.

— Сапраўды, мы яшчэ не карысталіся гэтай сілай, — адказаў Барбікен, — але мы яе выкарыстаем.

— Калі? — спытаў Ардан.

— Калі прыдзе час. Заўважце, сябры, што ў тым палажэнні, якое цяпер займае снарад, нашы ракеты могуць змяніць яго напрамак, але разам з гэтым могуць яго аддаліць ад Луны, а не наблізіць да яе. А вы-ж абавязкова жадаеце папасці на Луну? — Зразумела, — адказаў Ардан.

— Дык пачакайце. Пад нейкім невытлумачальным уплывам снарад пачынае паварочвацца дном да Зямлі. Вельмі магчыма, што ў пункце роўнага прыцяжэння яго канічная вяршыня накіруецца проста да Луны. Тады, можна спадзявацца, скорасць яго будзе вельмі нязначнай, і тады іменна настане час дзейнічаць: узрыў ракеты можа, бадай, здзейсніць простае падзенне снарада на Луну.

— Брава! — усклікнуў Мішэль.

— Будзем цярпліва чакаць, — казаў далей Барбікен. — Трэба ўсё размясціць так, каб ад усяго мець карысць. Упадаць у роспач, па-мойму, няма чаго! Я пачынаю верыць, што мы дасягнем мэты.

Гэта заключэнне выклікала ў Ардана радасныя воклічы.

Яны нібы забылі аб тым, што самі-ж нядаўна рашылі пытанне аб незаселенасці Луны, і імкнуліся на гэтую незаселеную Луну!..

Заставалася рашыць яшчэ пытанне: у які іменна момант снарад дасягне пункта роўнага яго прыцяжэння Зямлёй і Луной, дзе падарожнікі, так сказаць, паставяць апошнюю стаўку ў страшнай гульні?

Каб вылічыць гэты момант, Барбікену варта было толькі прагледзець свае дарожныя запісы і вызначыць розныя вышыні, узятыя на лунных паралелях.

Барбікен вылічыў, што пункта роўнага прыцяжэння яны дасягнуць роўна ў гадзіну ночы з 7 на 8 снежня. Значыць, калі нішто не парушыць правільнага ходу снарада, ён дасягне гэтага пункта праз дваццаць дзве гадзіны.

Першапачаткова ракеты былі прызначаны для таго, каб аслабіць падзенне снарада на Луну, а цяпер адважныя падарожнікі збіраліся выкарыстаць іх для зусім процілеглай мэты[1].

Ракеты хутка былі гатовы: заставалася толькі іх запаліць.

— Ну, цяпер нам няма чаго рабіць, — сказаў Ніколь, — таму я прапаную адну справу.

— Якую? — запытаў Барбікен.

— Прапаную легчы спаць.

— Вось табе і на! — ускрыкнуў Ардан.

— Мы ўжо сорак гадзін не заплюшчвалі вачэй! Сон адновіць нашы сілы.

— Ні-ні, не лягу! — ускрыкнуў Мішэль.

— Не лажыся, а я лягу, я ўжо сплю!

І, выцягнуўшыся на канапе, Ніколь адразу захроп.

— Гэты Ніколь перапоўнены здаровым розумам, — сказаў Барбікен. — Я следую яго прыкладу.

Праз некалькі хвілін Барбікен уторыў басам барытоннаму хропу Ніколя.

— У гэтых практычных людзей проста бываюць часам разумныя думкі, — сказаў Мішэль Ардан. — І, выцягнуўшы свае доўгія ногі, падклаўшы вялікія рукі пад галаву, ён таксама заснуў.

Але гэты сон не мог быць ні спакойным, ні доўгім. Барбікен, Ніколь і Ардан былі вельмі заклапочаны.

Каля сямі гадзін раніцы ўсе ўтрох былі ўжо на нагах.

Снарад аддаляўся ад Луны, усё больш і больш нахіляючыся да яго сваім канічным бокам. З’ява гэтая была пакуль што яшчэ нерастлумачальна, але яна спрыяла планам Барбікена.

Яшчэ семнаццаць гадзін, і настане час дзейнічаць.

Дзень гэты здаўся доўгім. Якой ні была адвага, усё-ж сэрца мімаволі замірала пры думцы, што вось настане хвіліна, калі вырашыцца — ці суджана ўпасці на Луну, ці суджана вечна кружыцца вакол яе.

Яны лічылі гадзіны і хвіліны. Барбікен спрабаваў заняцца вылічэннямі, Ніколь таксама. Ардан хадзіў узад і ўперад па металічнай турме і паглядваў на абыякавую Луну.

Час-ад-часу яны ўспаміналі пра Зямлю; яны бачылі перад сабою сваіх сяброў, членаў Пушачнага клуба, і з іх самага мілага іх сэрцу — Мастона…

У гэту хвіліну паважаны сакратар павінен быў займаць свой пост на Скалістых гарах. Калі ён убачыць снарад у шкло гіганцкага тэлескопа, што ён падумае? Ён бачыў, як снарад знік ззаду паўночнага полюса Луны, і раптам цяпер ён з’яўляецца з полюса паўднёвага! Гэта значыць — спадарожнік спадарожніка!

Дзень, аднак, пражылі без прыгод. Настала зямная поўнач; надыходзіла 7 снежня. Яшчэ гадзіна — і пункт роўнага прыцяжэння будзе дасягнуты.

Якую скорасць меў снарад? Гэтага нельга было вылічыць. Але запісы Барбікена былі дакладныя, і ў гадзіну раніцы скорасць павінна была раўняцца нулю.

Акрамя прыпынку ў нейтральным пункце, павінна была вызначыцца і другая з’ява. У гэтым месцы прадметы не будуць больш мець вагі.

Вось у гэту хвіліну і трэба будзе дзейнічаць. Канічная вярхушка снарада ўжо значна павярнулася да луннага дыска.

Усё прадракала, значыць, удачу. Калі, дасягнуўшы нейтральнага пункта, скорасць снарада стане зусім малой, то аднаго штуршка да Луны — нават не вельмі сільнага — будзе дастаткова, каб выклікаць падзенне снарада.

— Гадзіна без пяці мінут, — сказаў Ніколь.

— Усё гатова, — адказаў Ардан, падносячы падрыхтаваны кнот да полымя газу.

— Пачакай, — сказаў Барбікен, трымаючы хранометр у руцэ.

У гэтую хвіліну вага амаль не адчувалася. Яны былі блізка каля нейтральнага пункта ці знаходзіліся ў ім…

— Гадзіна! — сказаў Барбікен.

Ардан паднёс запалены кнот да снарада, які ўмомант перадаў полымя ўсім ракетам. З-за адсутнасці паветра гука стрэлу не пачулі, але Барбікен заўважыў праз акно полымя, якое хутка патухла. Снарад нібы здрыгануўся: страсенне было даволі значнае.

Падарожнікі глядзелі, слухалі моўчкі, ледзь пераводзячы дыханне. Чуваць было, як біліся іх сэрцы.

— Падаем мы? — спытаў урэшце Мішэль.

— Не! — усклікнуў Ніколь, — таму што дно снарада павярнулася да луннага дыска…

У гэтую хвіліну Барбікен, які стаяў каля акна, павярнуўся да сваіх спадарожнікаў. Ён быў страшэнна бледны, лоб у яго зморшчыўся, зубы моцна сціснуліся.

— Мы падаем, — сказаў ён. — А? — спытаў Ардан. — На Луну?

— На Зямлю!

— Чорт вазьмі! — закрычаў Мішэль, але тут-жа дадаў філасофскім тонам: — Справа! Улазячы ў гэты снарад, мы не вельмі спадзяваліся з яго выбрацца!

Страшнае падзенне пачыналася. Скорасць, якую снарад яшчэ захаваў, пацягнула яго за мёртвую кропку. Узрыў ракет не здолеў змяніць яго напрамку.

І гэты напрамак цягнуў цяпер снарад да Зямлі, прытым з хутка ўзрастаючай скорасцю, з прычыны бесперапыннага павелічэння зямнога прыцяжэння.

Страшнае падзенне! Падзенне з вышыні каля 360 тысяч кілометраў; падзенне, якога нішто не магло аслабіць.

Снарад павінен быў ударыцца аб Зямлю са скорасцю, роўнай той, якую ён меў пры сваім узлёце.

— Мы загінулі! — сказаў холадна Ніколь.

— Ну што-ж, няхай, — адказаў Барбікен з нейкім энтузіязмам. — Для навукі хіба нельга памерці?

  1. Тут Жуль Верн вельмі блізка падходзіць да ідэі выкарыстання ракеты для міжпланетнага пералёту. Гэта думка з поўнай выразнасцю выказана і распрацавана ў працах выдатнага совецкага вынаходцы К. Э. Цыялкоўскага.