З пушкі на Луну/Навакол Луны/XVII

XVI. Паўднёвае паўшар‘е XVII. Кратэр „Ціхо“
Раман
Аўтар: Жуль Верн
1865 (пераклад 1940)
XVIII. Важныя пытанні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ХVІІ

Кратэр „Ціхо“

А шостай гадзіне вечара снарад праносіўся каля паўднёвага полюса на адлегласці менш 60 кілометраў, — на адлегласці, роўнай той, на якой ён набліжаўся да паўночнага полюса. Ён, значыцца, рухаўся па эліпсу.

Падарожнікі зноў увайшлі ў спрыяючую частку сонечных праменняў. Прамяністае свяціла зноў сустрэлі трохразовым «ура». Разам са святлом яно пасылала цеплыню, якая хутка пранікла праз металічныя сценкі снарада. Шкло на вокнах зноў стала празрыстым, — слой лёду знік нібы па чараўніцтву.

Газ, для эканоміі, адразу патушылі.

— Ах, якія слаўныя, жыватворчыя цёплыя праменні! — гаварыў Ніколь. — Пасля доўгай ночы з якой, я думаю, нецярплівасцю чакаюць селеніты з’яўлення дзённага свяціла!

— Так, — адказаў Ардан, нібы цешачыся святлом і цеплынёй, — усё жыццё ў цяпле і святле!

Каб была Зямля «поўная», падарожнікі маглі-б з гэтага пункта яе ўбачыць.

Але Зямля, затануўшая ў сонечным ззяніі, заставалася яшчэ нябачнай.

Іншае відовішча павінна было прыцягваць іх увагу — паўднёвая частка Луны, якую тэлескоп набліжаў да іх на адлегласць не больш адного кілометра.

Яны не адыходзілі ад акон і заўважылі ўсе асаблівасці дзіўнага мацерыка.

Горы «Дэрфель» і «Лейбніц» утвараюць дзве асобныя групы, якія ляжаць амаль на паўднёвым полюсе. На грэбені гэтых дзівосна выгнутых гор паказваліся асляпляючыя пакровы, якія былі заўважаны вядомым астраномам Сэкі.

— Гэта снег! — ускрыкнуў Барбікен.

— Снег? — паўтарыў Ніколь.

— Так, Ніколь, снег, які абледзянеў на вялікую глыбіню. Паглядзіце, як на ім адсвечваюцца мігатлівыя праменні. Застылая лава не магла-б так асляпляюча ззяць. Значыць, на Луне ёсць вада, ёць паветра. Цяпер ужо нельга адмаўляць гэтага, — факт не падлягае сумненню.

Снарад ляцеў вышэй за гэтыя ўзвышшы, і выпукласці, вялікія і малыя, зніклі ў асляпляючым ззянні дыска.

Падарожнікі праносіліся над гэтай хаатычнай краінай, нібы захопленыя ўраганам; пад нагамі ў іх праходзілі то розныя верхавіны, то ўпадзіны, цясніны; іх позіркі блукалі па ўсіх трэшчынах, апускаліся ў кожную таямнічую адтуліну, сочачы за кожным яе выгінам ці спускам. Але нідзе не было ні адзнак расліннасці, ні слядоў жыцця, — нічога, акрамя патокаў застыўшай лавы ды гладкіх раўнін, якія, накшталт велізарных люстраў, адсвечвалі сонечныя праменні з нязносным бляскам.

Адным словам, тут нічога няма ад жывога свету: гэта мёртвае царства, у якім лавіны, коцячыся з верхавін гор, без шуму і трэску скідаюцца ў глыбіню прадонняў. Яны рухаліся, але нідзе не чуваць было ніякага шуму.

Ардан, аднак, разглядзеў — прынамсі яму так здалося — груды руін, на якія ён звярнуў увагу і Барбікена. Наваленая куча камення, даволі правільна размешчанага, мела выгляд абшырнай цытадэлі, умацаванай на адной з тых вялікіх упадзін, якія некалі былі водазборам рачной вады. Ардан са звычайнай палкасцю запэўніваў, што ўбачыў на ёй цытадэль. Тут здаваліся яму знесеныя гарадскія валы, там — некранутае скляпенне портыка; вось дзве-тры калоны, якія ляжаць каля сваіх п’едэсталаў; далей бесперапынны рад арак, якія павінны былі трымаць трубы вадаправода; а ў дадатак да ўсяго — паваленыя слупы гіганцкага маста, знікаючыя ў глыбіні трэшчыны. Усё гэта распазнаваў ён у тэлескоп сваёй фантазіі і, зразумела, дапаўняў рэчаіснасць такім жывым і палкім выабражэннем, што наўрад ці можна было спадзявацца на яго назіранні. Ці быў гэта сапраўды лунны горад, ці звычайная груда камення — цяжка было сказаць, таму, што ўсё назіраемае Мішэлем ужо знікла ў далечыні.

Адлегласць снарада ад луннага дыска пачала павялічвацца, і дэталі луннай глебы ўжо знікалі ад увагі назіральнікаў. Усё рабілася няяснай, няправільнай мешанінай. Толькі ўзвышшы, цыркі, кратэры ды раўніны абрысоўваліся на паверхні сваімі выпуклымі часткамі.

У гэты час з левага боку паказаўся адзін з самых прыгожых цыркаў Луны. Гэта быў «Н’ютон», — Барбікен адразу пазнаў гэту гару, глянуўшы на сваю карту. Гэта быў круглаваты кратэр, стромкія берагі якога ўзвышаліся на 7 260 метраў і здаваліся непрыступнымі.

Барбікен заўважыў, што вышыня гэтай гары над навакольнай раўнінай далёка не раўнялася глыбіні кратэра. Вялікую яму, здавалася, немагчыма было вымерыць; яна ўтварыла цёмнае бяздонне, у глыбіню якога не маглі пранікнуць сонечныя праменні. — «Н’ютон», — сказаў Барбікен, — прадстаўляе сабой самы дасканалы тып круглаватых гор, якім на Зямлі няма ўзораў. Гэтыя кольцападобныя горы даказваюць, што пры ўтварэнні Луны шляхам ахалоджвання адбыліся страшна бурныя перавароты: пад уплывам унутранага агню выпукласці ўзняліся на значную вышыню, а глеба між імі ў той-жа час правалілася намнога ніжэй за ўзровень луннай паверхні.

— Я супроць гэтага не супярэчу, — заўважыў Ардан.

— Праляцеўшы міма «Н’ютона», ядро каля паловы восьмай вечара дасягнула ўпадзіны «Клавіус».

— Зямныя вулканы, — сказаў Барбікен, — у параўнанні з вулканамі Луны, не што іншае, як кратовіны. Кратэры Везувія і Этны маюць ледзь 6 000 метраў шырыні. Самым абшырным на зямным шары цыркам лічыцца Цэйлонскі — шырыня яго 70 кілометраў. А што азначаюць такія размеры ў параўнанні з дыяметрам «Клавіуса», над якім мы цяпер нясемся?

— А якая яго шырыня? — спытаў Ніколь.

— 227 кілометраў, — адказаў Барбікен. — Праўда, гэта самы абшырны цырк, але ёсць шмат іншых, якія маюць дзвесце, сто пяцьдзесят, сто кілометраў.

— Ах, сябры мае! — усклікнуў Мішэль. — Можаце сабе ўявіць, якім было гэта спакойнае цяпер свяціла ночы, калі ўсе кратэры грымелі і вывяргалі патокі лавы, град камення, воблакі дыму і полымя! Вось было відовішча! А цяпер усё заняпала. Па-мойму, Луна прадстаўляе зараз не што іншае, як нікчэмныя рэшткі фейерверка: жартаўніцы, ракеты — усё гэта запалілася і знікла, засталіся толькі адны палкі ды абсмаленыя трубкі кардону. Хто можа растлумачыць прычыну гэтых змен?

Барбікен не слухаў Ардана. Ён глядзеў на краі «Клавіуса», якія складаліся з гор на дзесятак кілометраў у шырыню. У глыбіні вялізнай упадзіны відаць былі адтуліны сотні патухшых маленькіх кратэраў, якія баразнілі глебу і здалёк нагадвалі нешта накшталт дзівоснай шумоўкі. Над гэтымі кратэрамі ўзвышаўся пік у 5 000 метраў.

Навакольная даліна мела самы бязлюдны выгляд. Нічога не магло быць смутнейшага за гэтыя разбураныя горы, за гэтыя абломкі пікаў, якія закрывалі глебу.

Снарад усё рухаўся наперад. Цыркі, кратэры, абваленыя горы бесперапынна цягнуліся адны за аднымі. Гэта было нешта накшталт бясконцай Швейцарыі ці Нарвегіі. Нарэшце, у цэнтры перакапанай краіны ўзвышалася цудоўная гара луннага дыска, асляпляючы «Ціхо», якому патомства назаўсёды захавае імя вядомага дацкага астранома.

Хто назірае поўную Луну на бязвоблачным небе, той абавязкова заўважыць гэту бліскучую кропку паўднёвага паўшар’я.

Ардан прышоў у захапленне і абзываў яе ўсімі пахвальнымі параўнаннямі, якія толькі магло яму даць палкае выабражэнне. На яго думку, «Ціхо» быў агністы цэнтр святла, цэнтр выпрамянення, кратэр, выкідаючы праменні, трубка зіхатлівага кола, асляпляючая марская зорка, сціскаючая дыск сваімі срабрыстымі пальцамі, вялізнае вока, поўнае полымя, зорка, кінутая ў прастору і разбітая аб лунны дыск, і т. д., і т. д. Ззянне «Ціхо» было да таго нязносным, што Барбікен і яго таварышы вымушаны былі задыміць шкло тэлескопаў газоўкай, каб мець магчымасць прадаўжаць назіранні.

«Ціхо» належыць да сістэмы прамяністых гор, як «Капернік», і сведчыць аб страшнай сіле вулканічных пераваротаў, якім Луна абавязана сваім знешнім выглядам.

У цэнтры гары знаходзіцца кратэр шырынёю ў 87 кілометраў. Яго абкружаюць рады кольцападобных узвышшаў, якія, адходзячы на ўсход і захад, уздымаюцца над раўнінай на вышыню 5 000 метраў.

Гэта, можна сказаць, зграмаджэнне Манбланаў, размешчаных каля агульнага цэнтра і акружаных прамяністым ззяннем.

У поўнік «Ціхо» відаць ва ўсёй сваёй велічнасці, але, таму што ценяў няма, ракурсы перспектывы знікаюць, і здымкі атрымліваюцца белыя. Відаць толькі зграмаджэнне ям, кратэраў, цыркаў, змяшчэнне грэбняў, ад якога кружыцца галава, нібы цэлая вулканічная сетка кінута на гэту наздраватую глебу. Усе ўсплескі цэнтральнага вывяржэння захавалі сваю першапачатковую форму. Крышталізаваўшыся пад уплывам ахаладжэння, яны ўвекавечылі той выгляд, які мела некалі Луна, будучы пад дзеяннем вулканічных сіл.

Хаця адлегласць, якая аддзяляла падарожнікаў ад круглаватых валаў «Ціхо», была вялікая, яны ўсё-ж маглі вызначыць галоўныя дэталі. На самым валу, утвараючы агарожу «Ціхо», горы становяцца адны за аднымі гітанцкімі тэрасамі. Калі-б у глыбіні гэтай упадзіны пабудаваць горад, ён быў-бы непрыступны. Прырода, аднак, не пакінула зусім пустой глыбіню гэтага кратэра. Падарожнікі адрознілі вельмі ясна конусы, цэнтральныя ўзгоркі, выгіны глебы. Там рысавалася нібы месца для храма, тут — памяшканне для форума; у адным месцы — фундаменты для палаца, у другім — плошча для цытадэлі. Над усім гэтым панавала цэнтральная гара ў 500 метраў. Абшырны цырк, у якім увесь даўні горад Рым, хаця-б ён быў у дзесяць разоў большы, мог-бы добра памясціцца!