З рэферату на калядны сход Беларускай Грамады 1903 года

З рэферату на калядны сход Беларускай Грамады 1903 года
Публіцыстыка
Аўтар: Карусь Каганец
1903
Крыніца: Беларуская палічка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кажаце, панове, што беларус свае народнасці не знае і нічога пра яе не цяміць... Вота ж мяне гэта вельмі чапіла за сэрца, як кроў з крыві і косць з косці беларуса. (Я родам з даўнейшых баяр княжаства Мсціслаўскага. Мой род меў айчыма мужыка-паднямонца, а сам я колькі часу змалку і потым дзецюком жыў між сялян: разам пасвіў, разам гуляў, разам працаваў і цяпер маю між імі сваякоў...)

Я думаю, што мы не просім ніякай помачы дзеле таго, каб зліцца з расейцамі або палякамі, бо як захочам і самі туды дарогу знайдзем...

Гэта, што беларусы названня беларус не знаюць, то праўда, але тое, што яны з народнасці свае ніякай справы не здаюць, то няпраўда. Яно то можа трохі і не так, як бы трэба было, але ўсё ж такі цямяць, што яны не маскалі і не палякі. А калі станеш у каторага дапытвацца, хто ён, то адкажа, што ён тутэйшы... Помніць наш селянін, што Кацярына ІІ увяла паншчыну, а Мікалай І паправіў, бо да Мікалая былі яшчэ дзе-нідзе вольныя людзі...

Нагаворам прыхільнікаў расійскага ўраду, што палякі ў часе паўстання 1863 г. хацелі паншчыну вярнуць, наш брат не дае веры, бо помніць Кацярыну і Мікалая.

Як прыклад, што не ўсіх салдацкая служба маскаліць, раскажу вам гэткія здарэнні.

Быў у мяне сусед-арандатар, салдат з турэцкай вайны, прозвішчам Банькоўскі. Зышліся мы з ім на полі пры рабоце (я сеяў авёс, а ён гараў), палеглі на мяжы і разгаварыліся. Ён стаў расказваць, як яны Балканы пераходзілі, як цярпелі голад і як, перайшоўшы Адрыанопаль, стала замірэнне, і як яны стаялі там колькі часу. То ў такім, кажа, жылі мы там давольсцве, што і здумаць лепшага нельга. Здаецца б, жыві ды гуляй. Але ж было так цяжка, так цяжка, што і веры не імеш. Здаецца б, птушкаю паляцеў у сваю старану. Як прыехаў у сваю старану і пачуў сваю мову, то, маўляў, на свет нарадзіўся.

Ехаў я летась з Вільні да Ліды, а разам са мною ў вагоне сядзелі плытнік-беларус, цесля-расіец і адзін літовец. З гутаркі выявілася, што гэты плытнік быў на заработках у Расіі, дзе яму добра жылося і дзе ён чатыры гады пражыў.

— А чаго ж ты назад вярнуўся, калі дома цяжка жыць? — запытаў расіец.

— Бо дадому захацелася,— кажа плытнік.

А я кажу:

— Усюды добра, а дома найлепей.

— Вось гэты чалавек шчырую праўду кажа,— адказаў плытнік, паказваючы па мяне.

Калі вы, панове, чаго і не падмячаеце, то не дзіва, бо, ведама, панове. Вам і світка сялянская смярдзіць і махорка ў носе круціць, і вы стараецеся ў чысцейшае месца забрацца, каб магчы аб «інтэлігентных жэчах» гутарку весці.

Не кажу да ўсіх, але да большай часці.

Шмат хто з цяперашніх інтэлігентных юнакоў на пытанне, да якой пароднасці яны сябе далучаюць, адказваюць, што яны людзі,— вышэй за ўсякую народнасць.

Калі яны хочуць служыць на дабро ўсяму чалавецтву, то гэта рэч — вельмі высокая і красная, але ўсё ж не разумею, каб яны былі слабодны ад нацыянальнасці. Выходзіць, што ніводзін беларус не можа быць чалавекам у поўным значэнні гэтага слова, а нібы, каб стацца чалавекам, трэба адрачыся і народу свайго, і мовы свае. Па-моему, адракаюцца ад свае народнасці толькі тыя людзі, што не маюць сумлення.

1903 г.