З цяжкім возам на гнілой грэблі

З цяжкім возам на гнілой грэблі
Артыкул
Аўтар: Алесь Гарун
1918
Крыніца: «Беларускі Шлях», 1918, №18-20

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Яшчэ не настаў час пісаць гісторыю перажытых нядаўна Беларуссю дзел. Яшчэ мы няпэўныя ў яе долі. Але карысным будзе цяпер, у цішэйшых варунках, зрабіць кароткі агляд пройдзенай дарогі і можа ўзяць стуль якую навуку для сваіх сягонняшніх крокаў. Тым важней зрабіць гэта цяпер, што, зноў скажам, мы не можам мець пэўнасці. Можа калі мы спознімся гэтым цяпер, то потым нам ужо не пазволяць нічога зрабіць. Можа і само імя беларуса будзе забаронена. Быў жа некалі «Северо-Западный край», была ж «Область» замест Беларусі...

Пачатак шырокай арганізацыйнай працы на гэтым, не занятым тады яшчэ немцамі баку Беларусі, умажлівіўся толькі з пачаткам рэвалюцыі ў Расіі. Калі мы азірнемся на той час, то ўбачым, што духоўныя праведцы беларускага дзяржаўнага руху спачатку сталі на праўдзівую дарогу.

Першы нацыянальны камітэт паставіў сваёй мэтай аб’яднанне ўсяго народу дзеля дасягнення ім, глаўным чынам, нацыянальна-палітычнага ідэалу. Дзеячы беларускія зразумелі, што перш за ўсё патрэбны нацыянальная еднасць і магчымасць самаазначэння, а рэшта дадаецца само праз сябе, у парадку будоўлі ўласнай хаты. Праўда, хата гэта мыслілася тады яшчэ як пакой з асобнымі дзвярыма ў служнай хароміне расійскай федэрацыі, але, зразумела, што іначай не магло і не павінна было быць. Кепскім суседам лічыўся б той народ, каторы, маючы прад вачыма магчымасць добра ўжыцца з сваімі суседзямі, не папрабаваў бы выкарыстаць гэту магчымасць да канца.

Нацыянальны камітэт адразу пачаў шырокую працу. Выдаваліся адозвы да ўсіх станаў, у якіх народ заклікаўся да нацыянальнадзяржаўнай арганізацыі і будаўніцтва, паложаны быў пачатак нацыянальнаму фонду, заснавана было «Таварыства Беларускай Культуры», якое потым мелася зрабіцца народным міністэрствам прасветы, завязваліся стасункі з беларусамі, вялікімі масамі служыўшымі ў рускай арміі, пасылаліся дэлегацыі ў урадавыя расійскія цэнтры для абароны беларускай справы.

Але рэвалюцыя толькі паманула магчымасцю творчай працы, а самай магчымасці не стварыла. Новы расійскі «цэнтр» - сацыялісты, ці бліжэй дэмагогі ў сацыялістычных вопратках, не раздзяляючы кірункаў, с.-р. -ці бальшавікі, не веручы ў розум народа, баючыся, каб «буржуазныя» ўрады не «абдурылі» народу галаву, сам узяўся за гэту работу і пачаў выкідаць адін за другім правакацыйныя лозунгі недаверыя да ўлады. «Углубленне рэвалюцыі» з цэнтру перакінулася і да нас. Зрабілася гэта тым лягчэй, што тут быў фронт, куды насылаліся тысячы агітатараў, тысячы пудоў правакацыйнай «літаратуры», і ў канцы тут быў «зем-саюз», свой пастаўшчык усялякіх дэмагогаў, з каторых кожан думаў калі не аб міністэрстве, то, прынамсі, аб якім-небудзь камісарстве ці дэлегацтве.

Дзеячы Нацыянальнага камітэту апынуліся аколянымі атмасферай лгарства, дэмагогіі, правакацыі і, не маючы ў сабе досіць унутранай сілы, каб змагацца з усім гэтым, адступілі. «Сацыялістычная» рэвалюцыя пачалася і на Беларусі...

«Сацыялістычную» рэвалюцыю Беларусь спаткала, не маючы моцнага, добра арганізаванага меськага пралетарыяту, з адным цёмным, забітым многавяковым гнётам з боку чужынцаў сялянствам. Праўда, сялянства гэта данясло і да апошняга часу сваю пашану да закону, да прыватнай уласнасці, маець вялікую неахвоту да чужынцаў, хціва прабіваецца да асветы і разумее яе карысць, але гэтыя добрыя прыкметы не памаглі яму ў патрэбны час. Надта асцярожны, беларускі селянін не схацеў сам забраць у свае рукі парадку, а дапусціў да гэтага «молодцов» з Тулы, якія ўслужліва ўзяліся пазбавіць яго ад усіх няшчасцяў капіталізму, каторага Беларусь яшчэ не перажывала.

Беларусь не мела ў гарадах і свайго «трэцяга стану», драбнейшыя слаі каторага, не астаўшыся з боку такога руху, маглі б надаць яму нацыянальны характар, як то рабілася ў Расіі, дзе крамнікі і рамесленікі абасноўвалі ідэёва с.-р. і бальшавіцкі цэнтралізм. Адукаваныя варствы не былі народнымі: шляхоцкая часць, будучы«польскай», пагарджала «хлопствам», яго баялася і не любіла, а так званыя «разначынцы», дастаўляўшыя, глаўным чынам, працаўнікоў ва ўсякія расійскія канцылярыі, прапіталіся наскрозь духам расійскага бюракратызму і не аказаліся здольнымі да творчасці.

Невялічкія сілы яшчэ маладой і да гэтага падпаўшай разгрому ў 1906-1908 гадах беларускай сацыялістычнай партыі апыніліся ў надта цяжкіх варунках.

Тое, што паўсюдах навокал іх чуліся варожыя галасы; тое, што правакацыя дэмагогаў цэнтралістаў сыпалася аднакова і на сацыялістаў, стварыўшых новы нацыянальны цэнтр замест кааліцыйнага Нацыянальнага камітэту; тое, у канцы, што на гэту правакацыю лавіўся цёмны беларускі народ, — усё змушала беларускіх сацыялістаў «ісці ў кантакце»з рускай рэвалюцыяй. Кінуты рускай рэвалюцыяй лозунг: «далоў кааліцыю» павінен быў прыняцца і імі, хаця беларускаму народу, як ніякому другому, гэта кааліцыя была патрэбна дзеля слабасці яго нацыянальных інтэлігентных сілаў. Мы павінны прызнаць, што гэта быў ядыны выхад для таго часу. Але як мала ён даў скуткаў! Замест стварэння моцнага, здольнага да дзяржаўна-арганізацыйнай працы цэнтру, тварыліся цэнтры на абраз і падобнасць расійскіх «исполкомов», праўда, лепшыя чым расійскія гаварыльні і пякарні рэзалюцыяў, бо пранятыя духам патрыятызму, але слабыя і мала здольныя да працы.

Усё ж такі гэта былі цэнтры, каля каторых збіралася беларуская свядомасць, пачці стыхійна ўзрастаўшая ў народзе і асабліва сярод войска. І папіханыя ўперад па дарозе чыну беларускія цэнтры- -Цэнтральная Рада, а потым Вялікая Рада, станавіліся ўсё смялейшымі ў сваіх дамаганнях перад Расійскімі ўрадамі і ў сваіх арганізацыйныхпланах. Поруч з стараннем стварыць уласнае войска з’явілася думка склікаць першы агульнабеларускі з’езд. Ось тутака і выявілася трагічнасць таго ўнутранага становішча, у якім знаходзіліся ўвесь час сацыялістычныя кіраўнікі беларускага нацыянальнага руху, яны добра разумелі, што каб надаць такому з’езду характар нацыянальнага кангрэсу, трэба, каб ён прадстаўляў увесь народ з яго заможнымі і незаможнымі станамі, а «кантакт»з ходам падзеяў Расіі вымагаў, каб аб «буржуазіі» нават і спаміну не было. Але на помач прыйшлі незалежныя ад сацыялістаў прычыны. Як ведама, у Расіі ад пачатку рэвалюцыі саўсім не стала палітычных партыяў правей к. д. Ідэолагі станавых інтарэсаў перасунуліся ўлева і занялі не ўласцівыя ім мейсцы, абы б хоць як бараніць справаў сваіх станаў. Беларусь, ніколі не ведаўшая арганізаванай абароны інтарэсаў сваёй нацыянальнай буржуазіі, бо такавая як стан да беларушчыны ніколі і не прызнавалася, аказалася ў «лепшым», чым Расія, становішчы, — яна не мела партыяў і арганізацыяў, якія б стаялі правей за народных сацыялістаў. А ў земствахі гарадах гару ўзялі расійскія с.-р., якія ў сваіх шарэнгах, асабліва на Беларусі, мелі нават быўшых члонкаў «союза истинно русских людей» і «Архангела Михаила».

З’езд склікаўся Вялікай Радай з трыма другімі беларускімі арганізацыямі: краёвым арганізацыйным бюро, рэпрэзентаваўшым правыя і масквафільскія элементы, хаця і пад флагам расійскіх рэвалюцыйныхпартыяў, выканаўчым камітэтам бежанскага з’езду ў Маскве, таксама рэпрэзентаваўшым хаця і шчыра беларускія, але масквафільскія тэндэнцыі, і з абласным беларускім бюро пры Усерасійскай Сялянскай Радзе дэпутатаў, — арганізацыя права-с.-р-ская і масквафільская.

З’езд налічаў 1167 дэлегатаў з правам пастанаўляючага, 705 з правам дарадчага голасу. Цывільныя дэлегаты на ім мелі перавагу, — разам дарадчых і пастанаўляючых 1156 галасоў. Яны прадстаўлялі земствы, гарады, кааператыўныя аб’яднанні, зямельныя і харчовыя камітэты, рады сялянскіх дэпутатаў і рады работніцкіх дэпутатаў, а таксама бежанскія, палітычныя і культурныя арганізацыі, каторыя разам мелі каля 300 галасоў з агульнай лічбы. Прыймаючы пад увагу працу, зробленую з’ездам да яго разгону 18 снежня, і разглядзеўшы рэзалюцыі, прынятыя з’ездам да і пасля афіцыяльнага разгону, трэба прызнаць яго ўдачным з боку нацыянальнага і саўсім няўдачным з боку дзяржаўнага, будаўнічага. Нацыянальны здабытак з’езду — гэта прызнанне ім нязгоднасці беларускіх інтарэсаў з інтарэсамі дзяржаўнага вялікарускага цэнтру і патрэбы для Беларусі свайго краёва-тэрытарыяльнага органу Улады. Мінусам было прызнанне, што гэты орган павінен быць пабудаваным на расійскі кшталт, павінен быць «Усебеларускаю Радаю Работніцкіх, Сялянскіх і Салдацкіх дэпутатаў». Такое прызнанне «совдеповской» сістэмы было ўступкай на карысць бушаваўшага навокал, ды і па самой Беларусі на фронце, расійскага бальшавізму.

Кароткі яшчэ пражыты намі час нямецкай акупацыі выявіў усю штучнасць і нежыццёвасць прынятай З’ездам пад прымусам акаляючых умоваў сістэмы ўлады. Адарваная ад расійскага анархічнага безначалія, яна аказалася мёртвай. Замкнуўшыся ў рамкі аднаго стану, Рада і створаны ёю Сакратарыят нічога не здолелі зрабіць.

Так з цяжкім возам народнай палітычна-нацыянальнай цемнаты і недасвячэння Беларусь, едучы па гнілой грэблі ўсерасійскага бязладу, не пасунулася далей першай вярсты...

Цяпер смялей, беларускія фурманы! Грэбля скончылася. Перад вашым возам шырокая гладкая шоса еўрапейскай дзяржаўнасці.

А. Навадворскі