Казарскія вуліцы у беларускіх гарадох

Маскоўскія паслы 1646 г. як абаронцы беларускай мовы Казарскія вуліцы у беларускіх гарадох
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 4, верасень-кастрычнік 1923 г., б. 48-49
Галцяі і галцяйства

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Казарскія вуліцы у беларускіх гарадох. У многіх беларускіх гарадох істнуюць „казарскія“ вуліцы. Па недаразуменьню шмат хто лічаць, што ў названьнях гэтых вуліц крыецца памяць аб пасёлках народу „Хазараў“, або „Казараў“. Гэты памылковы погляд трапіў нават ў расійскую гістарычную літэратуру. Полацкі магістрат палічыў, ў 1909 гаду, патрэбным паправіць „памылку“ ў названьні вуліцы, занёсшы на дашчэчку: „хазарская улица“, замест—казарская. Усюды, дзе істнуюць „казарскі“ вуліцы, яны распаложаны паблізу гарадзкога выгану, падобна як і „свінскія“ і азначаюць, што вуліца вядзе да казінага выгану. Гэткім чынам істнаваньне ў гарадох „казарскіх“ вуліц ня можа і ня служыць довадам зносін іх з казарскім царствам. Так сама прозьвішчы: Казарын, Казар, Казарскі Казарэвіч не паказуюць на паходжаньне гэтых родаў з Казарскага народу. Наш карэспандэнт, родам з Палесься, ў гэтай справе піша ў „Крывіч“ вось што: „Казарамі на Палессі называюць селяне гарадзкіх жыхароў (мяшчанаў) затое, што яны, дзеля нестачы пашы, гадуюць коз, замест кароў і казінае малако і мяса спажываюць, замест кароўяга. Найменьне гэтае мае заўсёды пагардлівы характар і часта служыць прычынай боек паміж селянамі, прыехаўшымі на кірмаш у горад, і дробнымі мяшчанамі“. Словам у аснову „казарскіх“ вуліц у нас паложана паняцьце „каза“, а не народ „Казары“, ці „Хазары“.

О. У.