Казкі (А. К., 1928)/Вайна ваўка з сабакаю

Клімко Вайна ваўка з сабакаю
Казка

1928 год
Як дзяцел спагнаў сваю злосьць
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вайна ваўка з сабакаю.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВАЙНА ВАЎКА З САБАКАЮ.

Жыў быў багаты мужык: у яго быў добры сабака. Ён вельмі яго любіў да самае сьмерці, а як ён зусім састарэў, то ён ўжо ня любіў яго і не даваў яму есьці.

Жонкі гэтай хаты пайшлі жаць жыта і ўзялі з сабою малое дзіцятка і яго калыску, за імі йшоў стары сабака. Жонкі прышлі на поле, павесілі калыску і ўлажылі туды дзіцятка, а самі пачалі жаць жыта. Сабаку-ж ўзялі і прагналі, каб ён ня зьеў іх хлеба. Сабака з гора адыйшоўшыся, лёг пад кустом. Прыходзіць да яго шэры воўк й пытае: „чаму ты ляжыш?“ Сабака кажа яму: „адыдзіся, пракляты! што ты лезеш да мяне ў вочы? ты наеўся, а я йшчэ нічога ня еў.“ Воўк кажа яму: „дурны ты! вот я цябе навучу! ты глядзі! я пайду і схаплю дзіця, а ты бяжы за мною гаўкай і кусай мяне за лыдкі.“ Ён так і зрабіў. Жонкі як пачулі, што сабака гаўкаў, так азірнуліся назад, і ўбачылі, што воўк панёс дзіця, а сабака адбіраець. Яны прыбеглі і дзіця адабралі. І з тае пары сталі ўжо даваць сабацы есьці і ён стаў праганяць з двара і сьвіней. А хлопчык гэты расьце ды расьце, не па гадох, — а па гадзінох і дарос да асімнаццаці гадоў і бацька засватаў яго. У гэтую самую пару прыйшоў той воўк пад гумно, каб пажывіцца. Сабака пачуў ваўка і стаў на яго гаўкаць. Воўк, пазнаўшы гэтага сабаку, падыйшоў к яму і кажа: „я-ж табе даў хлеб, а ты мяне праганяеш!“ — „А, гэта ты, брат? — пытае сабака. — Я!“ — кажа воўк. — „Ну, так прыдзі ты, брат, да нас за два тыдні: у нас будзе вясельле і я цябе за тое пачастую.“ Воўк, пачакаўшы два тыдні, прыходзіць і стаў за гумном. Настала вясельле. Сабака п‘е, гуляе і забыў аб сваім браце, а пасьля здумаў, „у мяне ёсьць брат, пайду, пагляджу яго!“ І выйшаў, глядзіць, — аж воўк ляжыць за гумном. Сабака яму кажа: „што ты ляжыш тут? Пойдзем у хату!“ Воўк кажа: „Як-жа ты ўвядзеш мяне ў хату?“ — „Нябось,“ кажа сабака, „пойдзем.“ Прыходзяць яны да сяней і сабака кажа ваўку: „Ты пастой тутака, а я ўпярод схаджу ў хату!“ Воўк стаіць, а сабака пайшоў у хату, мяльнуў хвастом па лучыне; згасіў яе і борзда пабег і сказаў ваўку: „бяжы борзда ў хату і лезь пад стол.“ Сабака добра накарміў і напаіў ваўка і ляжаць сабе абодва пад сталом. Пачалі каравайніцы пяяць:

У нашага гаспадара
Кудравая галава;
Ён кудзёркамі патрасе
І нам гарэлкі паднясе…

Сабака ляжыць сабе ціхенка — нічога, а воўк кажа: „Я, брат, ня вытрываю, засьпяваю пасвойму!“ А сабака яму кажа: „Маўчы, бо будзе табе і мне!“ Другі раз каравайніцы засьпявалі:

У нашага свата
Пабелена хата;
Печ яго кахляна,
Чэсьць яго кахана…

Воўк ізноў кажа сабацы: „ня вытрываю…“ і пачаў сьпяваць пасвойму. Людзі пазналі, што гэта воўк і схапілісь хто за качаргу, хто за чапялу і пачалі біць ваўка і сабаку. Білі іх, білі і выгналі абодвых вон: Воўк кажа сабацы, „я табе за гэта не падарую! ты мяне добра ўгасьціў.“ А сабака кажа, „чаго ты крычаў! табе казаў маўчы!“ Воўк яму кажа, „я на цябе пайду вайною і будзем з табою ваяваць пад дупляваю хвойкою. Выбірай ты сабе войска, а я сабе выбяру і заўтра гэттака будзем ваяваць.“ Боязна сабацы ваяваць з ваўком, але-ж нічога ня зробіш — трэба ваяваць. Думаў, думаў цэлу ноч сабака якое-б тут выбраць сабе войска? Назаўтра бярэ ён барана, пеўня, гуся і ідзе. А воўк узяў кабана, зайца і рыся: Выйшла сабакава войска за сяло, ды чакаюць ваўка. А воўк тым часам хацеў ведаць: якое там войска у сабакі? і кажа зайцу: „Пайдзі, браценька, разьведай, што там у яго за войска? Пабег заяц, здалёку агледзеў; прыбягае к ваўку і расказвае: „Браце! прападзём мы ўсе ад таго войска, сабака адзін надта вялікі і здаровы; другі маскаль нейкі с чырвонай медзянай шапачкай, з вялкім памялом ззаду, з вострым нажом ў роце; ідзе сабе ды кажа сабацы: „Куды, куды ідзеш? Я адзін усіх паб‘ю. Другі вялікі, вялікі, касматы з ганебнымі віламі! на галаве, ідзе ды кажа: „Бэ! я ўсіх на вілы наніжу!“ — Трэці ідзе з доўгаю жэрдкаю і на канцы ня доўгі востры крук, ідзе і пытаецца: „Гдзе яны, гдзе яны? Я ўсіх іх патапчу.“ Спалохалася ваўкова войска і давай хавацца, кабан зарыўся ў лісьцьцё ды й ляжыць — ня дыша; рысь ускочыў на дзерава і ня дыхне, а воўк бачыць, што схавацца ня ўсьпее, — схапіўся, стаў на заднія лапы да сабакава войска і стаіць. „Яны падумаюць, што я пень, не пазнаюць,“ кажа сабе, а заяц схаваўся за яго дый стаіць. Падыйшоў баран да ваўка, захацелася яму пагуляць каля пня, разагнаўся ды стук лобам у ваўка, але так моцна, што і мазгі выскачылі з ваўка. Заяц, спалохаўшыся, хацеў уцякаць, але сабака яго зараз — царап! і злавіў. А певень ўзьлез на кабана і давай лісьцьця разграбаць і кляваць як клюне, так проста кабана за скуру і дзярэ. Цярпеў, цярпеў кабан, але бачыць, што баліць; думае, што яго нажом рэжа, схапіўся і наўцекі. Бачыць рысь, што бяда, — цішком сабе сядзіць на дзераве і няхай яго ніхто ня ўбача. А сабакава войска агледзелася навокал, — няма ўжо нідзе нікога — і пайшлі сабе да дому.