Казкі (А. К., 1928)/Мужык і пан

Як дзяцел спагнаў сваю злосьць Мужык і пан
Казка

1928 год
Сучкін сын
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мужык і пан (казка 1).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МУЖЫК І ПАН.

Адзін мужык увідзеў у пана добрую сьвіньню з парасятамі. Ён пашоў і стаў кланяцца сьвіньні. Гэта відзела пані з ганку. Яна паслала лёкая папытаць: чаму ён свіньні кланяецца? А той кажаць: „Гэта мая Рапка жэніцца, а ваша Белка маёй Рапцы родная цётка, дык я заву на вясельле, а яна ўсё кажаць не хачу!“ Лякай пашоў і сказаў пані. Тая разрагаталася і сказала паклікаць мужыка. Мужык прышоў. Тады пані кажа: „Што ты нашай сьвіньні кланяешся?“

— А во што: у мяне ёсь Рапка, аваша Белка ёй родна цётка, дык мая Рапка жэніцца і просіць вашае Белкі на вясельле, — вот я і прышоў прасіць, а яна кажаць: не хачу!

— Ха, ха, ха!.. ну дык як-жа ты яе павядзеш, — кажаць пані, — ці павязеш?

— Не, павяду, калі пойдзе, — я прышоў.

— А парасяты як будуць?

— І з дзеткамі прасіла Рапка, каб пусьцілі.

— Ну так я скажу, каб запраглі каня і палажылі Белку, а калі не захоча ляжаць, то прывязаць, а парасяты ў мяшок. — Пані прыказала запрагчы каня, палажыць на воз сьвіньню і парасяты і даць мужыку. „Ці хутка ты назад прывязеш?“ — „Хутка, мая панечка“: Мужык сеў і паехаў. Пана ня было ў дварэ. Як прыехаў пан, дык паня яму кажаць: „У нас быў мужык, ён нашай Белцы кланяўся, прасіў на вясельле. Я яе пусьціла і каня дала ехаць“. А пан кажаць: „во дурная, а мужык ашукаў, прападзе і конь і сьвіньня з парасятамі. — Скарэй каня давайце!“

Далі тройку з званком. Пан сеў і пытае: „Куды-ж мужык паехаў?“ — „А во сюды“, — кажуць людзі і паказалі пану дарогу. Пан туды і паехаў. А мужык пачуў званок, зьвярнуў у лес, там закалоў сьвіньню з парасятамі, каня прывязаў, а сам вышаў на дарогу, наклаў кучу гною, накрыў шапкаю і сядзіць. Едзе пан. — „На бок!“ — крычыць панскі кучар. — „Не, паночак, не! едзьце вы сабе на бок — мне ня можна!“ Пан сказаў кучару аб‘ехаць мужыка. Мінуўшы мужыка, пан застанавіўся і пытае: „Ці ня бачыў ты, мужычок, тут мужыка едучы і вязучы сьвіньню з парасятамі.

— Відзеў, паночак! ён нядаўна тут ехаў.

— А ці знаеш, куды ён паехаў?. — знаю.

— Пакажы-ж нам дарогу“.

— Не, паночак, не! Мне з месца ня можна зысьці. Калі хочаце, то я вам дарогу скажу: вы будзеце тут проста, потым звароціце крута, крута ўправа, а там крута, крута ўлева і так далей.

Пан і пытае хурмана: „ці патрапіш?“

— Не, пане!

— І я не патраплю.

Тады пан пытае ў мужыка:

— Ці дагнаў-бы ты яго?

— Чаму не, пане? Я яго-бы зараз прыцяг і к вам.

— Ну, дагані, я табе заплачу.

— Не, крый Божа! мне з месца ня можна зысьці,

— Чаму-ж табе ня можна зысьці? Што ты тут робіш?

— Гэта, паночак, ехаў мой пан і сустрэўся з знаёмай паняю і тая пані падарыла яму шчыгла. Дык пан сказаў мне яго дзяржаць, пакуль ён будзець ехаць назад.

— Ну, так ты едзь з маім хурманом, а я буду вартаваць.

— Не, пане, не хачу; тады мне ад пана жыцьця ня будзе, як ты ўпусьціш шчыгла.

— Я ня ўпушчу.

— Не, пане, не паверу.

— Ну, дык я буду вартаваць з хурманом, а ты едзь адзін.

— Не, не хачу!

— На табе сто рублёў, едзь!

— Не, баюся, пане: вы пусьціце шчыгла.

— Ды ня пусьцім-жа!

— Мужык узяў сто рублёў і сеў ехаць. А пан пытае: „ці хутка ты вернешся?“

— Цераз гадзіну, паночак, я тут буду.

— Мужык паехаў. Па дарозе ён адчапіў званок, заехаў у лес, узяў каня з свіньнёю і парасятамі і паехаў.

Пан з хурманом чакалі гадзіну — мужыка няма, прачакалі другую — яго няма. Тады хурман кажаць: „Пані была дурань: аддала каня з сьвіньнёю і парасятамі, а пан яшчэ дурней — аддаў тройку коняй і сто рублёў“: А пан кажаць: „цо ты мувіш, дурню! Я як зраблю аб‘яўленьне: чый шчыгол, так і знайду злодзея.

Потым пачало сонца заходзіць, а хурман кажаць: „Не хачу ўжо сядзець, — я есьці хачу, — хадзем у двор. А пан кажаць: „Ну, так ты бяры шчыгла, а я буду падымаць шапку“. Троха падумаўшы, пан кажаць: „Не! ты ўпусьціш; ты падымай шапку, а я буду браць шчыгла“. Хурман узяў за вяршок, а пан абедзьве рукі падсунуў пад шапку. Хурман як падыме шапку, дык пан разам абедзьвемі рукамі як хопіць — дык проста ў гной. Тут як закрычыць: „А дурань! а галган! во шчыгол!“ А хурман кажаць: „Я гаварыў, што пані дурная, а пан дурней“. А пан крычыць: „На одсеч мне рэнцы! Цо мне зробіць?“ — „А што вам, пане, зрабіць?“ кажа хурман, „абатрэце аб траву“. Пан так і зрабіў і пашлі яны ў двор. Прышоўшы, пан і кажаць пані: „Ты дурная: аддала каня і сьвіньню с парасятамі, а я дурней! аддаў трох коняй і сто рублёў, а яшчэ рэнцы так убэсьціў, ваняюць дужа, адсеч трэба. Пані разрагаталася. А мужык і цяпер езьдзіць на панскіх конях.