Калгаснік Трыхон Жаролца

Калгаснік Трыхон Жаролца
апавяданне
Аўтар: Цішка Гартны
Крыніца:http://knihi.com/Ciska_Hartny/Kalhasnik_Trychon_Zarolca.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У прагалак паміж двума новымі свірнямі, заняты маладым садам, глянула чырвонае, абмытае расою сонца. Яго вялікі крывяністы круг, павісшы на блакітным машастовым палатне, рашаціўся лініямі ценяў ад новых калоў і кружкамі ад зялёнага лісця. Нялапыя ўжо антонаўкі, цыганкі і папяроўкі адлівалі чырвоным золатам. Доўгія пасмы яшчэ не нагрэтага прамення пукамі і пласцінкамі, трыкутнікамі і палятушкамі пранізваліся праз лісце і праз плот ды расцягаліся на падмеценым дзядзінцы калгаса. На стрэхах падноўленых гумен і абораў, свіронкаў і хлявоў гулялі рэзвыя сонечныя зайчыкі.

Каля садовае агароджы, між свірнямі, завіхаўся стары Трыхон Жаролца; ён старанна перавіваў толькі што пастаўленыя ім дубовыя калы доўгімі гнуткімі лазовымі і ракітавымі дубцамі. Адзеты ў адну бялізну, босы і без шапкі, Трыхон не заўважыў палоскі сонечных праменняў, якая падала акурат на сярэдзіну яго зморшчанага і пакаробленага, але з здароваю загараю і яшчэ жыццярадага твару. Прадаўгаваты, з сядзельцам, з трыма чорнымі валасінамі на кончыку, нос старога ўдыхаў шырокім струменем чыстае паветра і тыя ж сонечныя праменні. Варушыў моцнымі грудзьмі. Яго бялізну бараздзілі сонечныя каснікі, і на патрэсканых нагах, дзе не высахла ранняя раса, блішчэлі круглыя галёнцы. Трыхонавы ўзрокі ганяліся за канцамі дубцоў, але стары калгаснік знаходзіў час усміхнуцца сонцу, пацешыцца з адвіслых пад цяжар’ю садавіны крохкіх галінак і прапусціць учуткі хваляваўшыя яго думкі.

«Люба, аднак, паглядзець, як усё на вачах, з досціпам ды з стараннасцю ўладжваецца. На вачах, дзень ада дня, во... Гаспадарка прыводзіцца ў дасканалы догляд. Будынкі падрапаваны, сады пападпіраны, забраны ў новую агароджу. Акуратненька зжата жыта і парадкам складзена ў стаўпы... Гавяда ў хлявох на падлозе... Гатуецца ёй добрая ежа... Сям’я, вядома, як пчолы, заварушыцца — і гатова... Ну ж, ну круціся, лазаціна. Т-так, во! як умураваны стаіць. На гады... Вялікая справа калгас! Я не разумею, чаму гэта Рында так доўга вагалася запісвацца. Цудная кабета! Напалохалі, падумаеш! Замучаць, заездзяць. Цьфу! Непрыяцелям трэба. Абыходзіны, во, дзеці рэдка з бацькамі так жывуць... Ну, а рабіць, вядомая рэч, трэба. Калгас жа не шпіталь... Што зробіш — сабе. Нядужы араць — гарадзі плот; цяжка грасаваць — падполвай градкі, лянок, дагледзь курэй — ці ж у гэткай, во, гаспадарцы не хопіць падхадзяшчае работы? Гм! Гэта ж — толькі зірні навакола, во-а-а!»

Трыхон адхіліўся ад платоў, падагнуўшы дубец пад сук, і разняў, як мог, выпрастаўшы пальцы, абедзве рукі. Яго твар трапіў у прагалінку, спрэс асветленую сонцам, і патануў у яго ласкальным чыстым промені.

«Любата і ўцеха! Усё ж наша ды наша, як вокам акінуць! Агульная, родная — толькі даглядай. Скарб не выбраны. Ого — калгас! Мудрая і цікавая справа! Ну, вядома ж, супольная думка дайшла да яго — думка цэлае партыі... Да снедання загараджу, бадай, усю лунку...»

Ён пацёр далонь аб далонь, плюнуў ды яшчэ раз шаргануў рукамі і хапіўся за дубец. Уся яго ўвага сканцэнтравалася на ўручанай яму працы, і стары не заўважыў, як каля яго ачуўся старшыня калгаса, яшчэ малады на выгляд, а ўжо пяцідзесяцігадовы Юрка Малачай.

— Можа, утаміўся, дзядзька? — запытаў ён у Трыхона Жаролцы.

Той паважна, як бы несхаця, бо запрыкрала, адвярнуўся да Юркі і суха адказаў:

— Смеяцеся, таварыш? Або мне ўпершыню за шэсцьдзесят пяць гадоў? Глядзі што, ці не ад пана яшчэ аставаліся дасюль гэтыя платы; а бач, і я іх гарадзіў... Табе многія пасведчаць... Прабуйце, мо скаланяце? Яшчэ пруткасць у руках ёсць... А раблю для сябе, для ўсіх — чаго ж фальшывіць... Уверадзіўся, вот калі, хіба!..

Старшыня пахкаў люльку і разліваўся ў здавальняючую ўхмылку.

— Так, Трыхон Маркавіч, я ўжо ацаніў вашу працу: вы даяце прыклад усім нашым калгаснікам... Пачакайце хвілінку, сапачынце... Вось і ўчора, Банэдысяў Юлік вазьмі і адпалі гэткую штуку: я паслаў яго з возам забраць у адрэзках рэштку мэндлікаў жыта, а ён запрог каня, угледзеў Лазараву Тадосю і да поўначы працягаўся за ёю... Каня я сам распрог, а жыта толькі сёння прывезлі... То, думаеце, не пасаромеўся, калі я як належыць упікнуў яго, спаслаўшыся на вас?.. Хлопцу некуды было дзецца, і ён доўга ўбачаўся... А надовечы, во, ехалі мужчыны зябліць, то ніводзін не абмінуў пахваліць дзядзькаву стараннасць... Не хлушу!..

Трыхону здалося доўгім чакаць, пакуль Юрка даскажа, і ён абярнуўся да платоў, прасунуўшы руку па дубец.

— Паверыце, таварыш, і размаўляць мне прыемней, калі я варушуся. Час, ведаеце, — дарагая рэч... Кожная хвіліна, і я абаўю калок... А калкоў яшчэ, во-а!.. Кажаце — Юлік Банэдысяў, — перадыхнуўшы, працёг ён. — А Ўладзік Рубец? Накідае на воз гной, як мокрае гарыць. А сіла ж, сіла — мур паверне... Не сузнаюць некаторыя... Але нічога, таварыш старшыня, гэта часова... часова, забачыце... Усё перайначыцца... У сям’і не без калекі... Ды сям’я, калі зразумее, што гэта, во, усё яе — заварушыцца... я вам кажу...

Старшыню пазвалі ў канцылярыю: Якаў Булаўка, рахункавод, заблытаўся ў расцэнцы ўчарашняга ворыва. Юрка Малачай пакінуў старога і паспяшыў на зоў, але Трыхон не змоўк выказваць свае разважанні, пакуль старшыня не апынуўся ў канцылярыі.

«Ды моладзь часамі любіць паддурыць... Вядома, рознага выхавання бывае... Адно бярэцца — міла глядзець, другое — бясклопатнае... Але вы, таварыш старшыня...»

Стары адвярнуўся і ўгледзеў, што ён адзін, гэта яго не смуціла: ісціну не шкодна ніколі пераказаць і самому сабе.

У Трыхона быў свой дадатны погляд на Юрку Малачая, і ён хацеў гэта выказаць заадно, але не паспеў. Што ж, няхай другім разам, не займаючы старшыні іншымі развагамі. Сустрэне — і зразу, у вочы. Дарма ўсё — ён чалавек просты...

«Ну, якая пара?»

Трыхон паглядзеў на неба, сонца паднялося над садам, і ранішняя вільгаць выпарылася. Дзядзінец заліўся сонцам. З-за аборы паказалася Рында — Трыхонава жонка: яна ішла з поліва — кончыла.

— Трыхон! — пазвала мужа.

— Чаго табе?

— Мо перакусіць хочаш?

— Зараз снеданне будзе.

Рында пайшла на кватэру. Хутка прыгоняць на ранкі каровы, і яна пойдзе даіць. А зараз трэба прыгатаваць ражку... У яе свая праца, вядома... Учора звечара таварыш Малачай выпісаў нарад — параіўшыся з старою. Трыхону гэта вядома... Ну вось, у яго як выйдзецца на сёння?..

Трыхон змераў крокамі цень і праказаў да самога сябе: «Да снедання кончу перавіўку, а па снеданні — адвожу пошту».

Ён барзджэй завіхнуўся каля платоў і не адхіліўся, калі між яго прайшлі старшыня з рахункаводам.

Затое праз квадранец пасля Трыхон не сцярпеў, каб не правесці замілаваным узрокам траіх вёрткіх жондэраў, што прыехалі за гаручым.

Адным кіраваў яго сын — Даніла. Трыхон пазваў Данілу да сябе:

— Як аралася, сынку?

— Усё добра.

— Ну, то й добра. Пільнуйся, нябожа, каб было ўсё добра. Ведаеш жа, гэта ўсё сваё, а сваім трэба даражыць... Ці ж цябе вучыць, Даніла?

Трыхон кожны раз, як сустракаўся з сынам пасля работы, спраўляўся пра трактар. Ён не мог забыць выпадку, калі яшчэ ў першы выезд Даніла папсаваў машыну. Чырванабокая, бліскучая, люба глядзець, рэзваю выйшла яна ў поле, а вярнулася пакалечанай. Ёкнула тады ў Трыхонавым нутры, млосць разлілася па целе, і Данілу давялося выслухаць лютую натацыю ад бацькі... Праўда, пасля таго выпадку прыкрасці не паўтарылася. Але Трыхону кожны раз хацелася праверыць сваімі вачыма, якава машына. І ў гэты раз пранозлівы Трыхонаў узрок пралез ва ўсе шчылінкі і абег усю паверхню ўжо прапрацаванага сынам жондэра. Машына насіла адбітак зацятае працы, але не згубіла свайго хараства. Трыхон памацаў калёсы, пагладзіў бакоўкі, абышоў навакола яе разоў пяць і аблегчана ўздыхнуў: «Малайцы трактарысты». І правёў іх, пакуль яны не схаваліся з ваччу. А калі астаўся чуваць адзін іх ляскат, Трыхон вярнуўся да калоў...

Выйшла, як у струнку, што першы ўдар у рэльсу, вяшчаўшы пра снеданне, супаў з завязкаю Трыхонам апошняга абаранка. Каб хто быў каля старога, то пачуў бы, як той радасна ўздыхнуў: нават рэльса забрынчэла цішэй.

На снеданне ён ішоў як з перамогі: лёгка і бадзёра. Напоўніўшы двор, гавяды і авечкі з цікавасцю праводзілі старога пільнымі ўзрокамі і лагодна мукалі і мэкалі яму паходную.

— Напасвіліся, малыя, відаць! Жніво, даражэнькія, карыстайцеся, — размаўляў Трыхон з гавядаю, не забываючы папярэдзіць пастухоў: — Вы ж, адно, памалуй. Няхай чародкаю ўвойдуць у хлявы... Меней ужывайце пугі, а болей ласкаю... Гавяда, як людзі, любіць ласкавасць...

Пастухі пасміхоўваліся сабе ў кулак, але не рашаліся свістаць дратаванкамі: пугі аставаліся абвітымі наўкола пужальняў. (Можа, як дзед схаваецца ў сталовай, тады і можна будзе хвасянуць.)

Але Трыхон не стараўся першым дарвацца да місак, хоць гэта не было б грэшна: ён жа першы выйшаў на працу. Ды ці ж быць такім сухім фармалістам? А ці не цікава паглядзець на прыгожую карціну працоўнага руху ў калгасным двары?

Выверыць складаную машыну пульсацыі калгаснага жыцця?

І Трыхон з ганка сталовае наглядаў, як пяцёра доек, з яго жонкаю Рындаю, прыкусваючы на хаду, спяшылі даіць кароў. Дайніцы і кацялкі барабанілі марш, а вунь, з-пад свіронку, Міхась Сілыч Смуглы нарыхтаваўся прымаць малако для сырні. З закасанымі рукавамі, лысы і крыху з жывоцікам, ён падганяў доек жартлівымі сказамі:

— Жаночкі-кабеткі, падвіхнецеся на сёння. Грыбок ужо занадта разбуяў...

— Кінь падганяць, Міхась Сілыч, — ухмыльнуўся старшы пастух, Гаўрыла Якавеня, — няхай лепей выдаяць.

Пастухі чакалі свае порцыі малака: ім даецца ад першага надою. І Гаўрыла заўсёды выпівае свой літр непрацэджаным: яму няма куды зліваць, і ён не любіць квасіць. Яму смешна, калі яго таварыш часта мяняе сваё на сыр ці на смятану.

— Міхась Сілыч, ці не падгатовілі сырку майму сябруку?

— Кінь, стары блазен, — занездаволіўся Паўлік Прут.

Сырнік засмяяўся і ўпярэмежку паглядзеў перш на Трыхона, тады на старшыню калгаса, які затрымаўся каля дыскоўкі.

— Таварыш старшыня, а то ж з якіх прычын яна засвяткавала? — запытаў Трыхон, і гэта адвяло ўвагу ад гутаркі пра малочныя прадукты, ад якой Пруту рабілася не зусім прыемна.

— Захварэла злёгку, — адказаў Юрка Трыхону коратка і адрыўна, хочучы не займаць залішня расцікаўленага старога. «Гэтак ён прастаіць увесь снедальны час».

Але Трыхон тут жа спахапіўся і ўзяўся за клямку ў дзвярах: якраз за парогам ён сустрэў гаспадыню і ветліва аддаў ёй «дзеньдобры». Хрума Лейкінд папікнула старога ў маруднасці:

— Каша, дзядзька, прастыла, і начынне карэе.

«Або сапраўды Жаролца так-такі і займаздароў збёдаваў час? Адчапіся, кабета...»

У гэткім напрамку мільганулі ў яго галаве думкі, ды ён адпусціўся. «Ат, няхай сабе кажа», — і ўголас (чулі на дзядзінцы) адказаў Хруме:

— Снеданне не прыйдзецца выкідаць.

Юрка Малачай адагнуўся ад бараны. Дзвэнгнуўшы кончыкам каўказскага паяска па блішчастаму дыску, ён паглядзеў у бок сырніка: у Смуглага на твары свяцілася ўхмылка — напэўна, і ён, як і Юрка, ухмыляўся з Трыхонавага сказу.

— Стары... — намерыўся старшыня кінуць кепік на адрас Трыхона Жаролцы, але ў час стрымаўся: з хлява выйшла яго жонка Рында з надоеным малаком.

Рынду апанавалі задрамаўшыя было пастухі і адлілі сваю порцыю сырадою.

Гаўрыла Якавеня тут жа здзьмуў шум сухімі прасмагшымі губамі і засаб выжлукціў-такі добрую літроўку, а Паўлік Прут асцярожліва, навыперадкі з Рындаю накіраваў да Смуглага.

— Пастаў, Паўлік, на паліцы і бяры акрайчык сыру.

— Дзякуй, Міхась Сілыч, дзякуй...

— Які спрытны, на цябе ўсё ліхое.

То вылаялася Рында на пастуха:

— Усюды ён упрэцца першым, дарэчы гэта ці не.

Але Пруту гэта сталася неўшманкі, і ён задаволеным пайшоў туды, куды і яго таварыш Гаўрыла — пад сталовую.

З-за ўзнятага дойкамі гоману на дзядзінцы нельга было расчуць, пра вошта гутарылі пастухі. Кабеты наўзабой апярэджвалі адна другую, то хвалячы выдаеную карову, то хаячы заўважаныя імі непаладкі ў хляве. Кожная з доек назнарок узмацняла голас, калі раўнялася са старшынёю калгаса і пазірала на яго...

Юрка Малачай не хацеў разводзіць з імі гутаркі, хоць і не вельмі ўжо быў заняты дыскоўкаю: на ўсё свой час, і кабеты гэту яго «ганарыстасць» узнялі на «іголкі самакрытыкі». Каб старшыня спадлоб’я кінуў да сырні ўзрокам, напэўна, сустрэўся б з палкімі і пранозлівымі зіркамі доек. Але... ён не пайшоў на тое, пакуль каля яго не ачуўся Трыхон Жаролца. Стары гладзіў сівую бародку, захмыльваў левае вока і хваліў снеданне і гаспадыню сталовай.

— Спрытная кабеціна, нечага сказаць... Зварыць — любата. Часамі нішчымнае, а не ад’есціся: міску выскрабеш і ложку абліжаш... А іншая б — адвярнуўся. Рукі ў Хрумы, залатыя рукі... Варыць, як для сябе, а не абы-як, на тандэт... Я й кажу, то гаспадыня, калі з малога ўмее выкраіць, а не тая, што дай ёй гору дабра, а яна ўсё прахам пусціць... Хрума ж, ого, Хрума маладзец...

Ён некалькі разоў цмокнуў губамі, аблізаўся і задаволена сытна ўздыхнуў.

Юрка Малачай падняў голаў і паглядзеў на старога.

— А цяпер — за працу. Пад’еў, нечага грашыць, і мушу працаваць... Адвозіць пошту, таварыш старшыня?

Той хвіліну падумаў і адказаў:

— Не, дзядзька, сёння адкладзём гэта. Прайдзеце лепш садам: агледзьце агароджу, праверце падпоры... Да абеду хопіць, а там...

Старому гэта палісціла.

— Добра... А не то б я з ахвотаю павёз пошту, дарма...

— Адкладзём...

І, уверыўшыся па старшыноваму голасу, што тут нічога хітроўнага да яго няма, ён павярнуўся да саду. Ужо на хаду праказаў:

— Шкада мне гэтых машын: кожнае папсаванне — нажом па сэрцы. Гэткая ўдалася баронка! Ну, але бывае! На тое ж праца і... навука.

— Бывае, дзядзька Трыхон...

Гэтых Юркавых слоў Жаролца ўжо не пачуў: ён скрыпеў варотцамі ў садовай агароджы і заглушыў скрыпам і жончын вокліч. Рында мелася нагнаць мужа, каб перадаць яму некалькі даведак па хаце, ды адлажыла свой намер: старую пазвалі на кухню. Яна з дзвярэй загледзела, як яе Трыхон зачыніў варотцы і схаваўся ў садзе.

«Чаго б яму туды?» — пацікавілася Рында, калі Трыхон ужо прыступіў да справы: заняўшы ад увахода, ён, мацаючы кожны калок у плоце, пайшоў насупроць сонцу.

Жоўтыя новыя калы залаціліся ў цёплым праменні, грэючы старога рукі. Было цёпла яму ўсяму, бо сонца з адвесу ліло на яго голаў, на плечы і за пазуху ласкальнае цяпло. Толькі нагам у траве, зацененай каламі, рабілася халадней. І стары цаляў імі паміж калоў, на сонечныя палоскі.

«Люблю сонца, ды годзе, — разважаў ён сам з сабою. — А калі яшчэ яно над садам, ды на гэткім харошым, уродным садком! Уцеха!»

Асалоджваючыся сонцам і любуючыся садам, Трыхон не заўважыў, як упёрся ў кут, адкуль ішлі калы ўпоперак. Ён азірнуўся: ззаду яго быў гарод. Стройнымі радкамі, вабраныя шырокімі веерамі зялёнага капуснага лісця, разыходзіліся ўдоўж ды ўпоперак грады. Крыху далей, за першым іх радам, ляжала буйная лунка маку. Большыя і меншыя галоўкі і яшчэ не адцвіўшыя макавенчыкі лашчылі ўзрокі. Міла было глядзець на разбуяўшы памідорнік з зялёнымі памідорамі, на прастакутнік цукровых буракоў, на шэраватую мясціну бобу, на высокі ў белым цвеце бульбянік. Гародніну абінталяжвалі разнаколерныя краскі: вяргіня, півоня, гваздзіка, каронкі. І ў красках, як у вазе, ляжалі звісшыя на галінках яблыкі і грушы. Нясло дбайнасцю і доглядам, клопатам і стараннем — чаго Трыхон ужо даўно не бачыў тут і што яго варажыла.

— То ўсё Піліп Обад стараецца: дарагі чалавек! Вот ужо рукі, дык рукі — пашукаць. Ён табе і гарод дагледзіць, і сад прывядзе да ладу, і сталярку, і механіку ведае... Скарб у адным чалавеку... І, як трэба, Піліп яго не хавае. Для ўсіх, калі ласка... Над гэтым усім трэба дрыжаць, сцерагчы... Вось чаму павінен быць добры, дасканалы плот... І я люблю, каб было добра і чыста зроблена: што ўмею — раблю на сумленне... Вво-а!..

Трыхон з задзёрам страсянуў адзін за другім некалькі калкоў і ўголас праказаў:

— Малайцы, стаяць, як лыцары!

— Хто гэта так?

Запыт быў знянацку і нечаканы: Піліп Обад, бадай што, прамінуў бы Трыхона не заўважаным, каб не пачуў яго голасу з-за плота. Але вокліч не вывеў старога з павольнасці і з раўнавагі.

— Калы, во!

Трыхонавы ўзрокі апынуліся ў міжколлі і ляглі на нябрытым шырокім твары Піліпа.

— Ты што?.. Чаму ж па-за садам, сёння?

— Спяшу ў лес дубка зваліць на клёпкі. Смуглы не адкараскаецца: падгнілі бочкі і чоп... Дарэчы, і ў драбіны з дзесятак лёстак уставіць трэба б... А дзядзька гародзіць, ці што?

— А чаму ж бы не: нагадаваў жа, браток, усялякага дабра, павінна берагчы... Капуста завіваецца ў галоўкі? Напэўна, якая ўжо няпростая, лісце — парасон, ды годзе. Не ўмесцяцца на градах... А мак — і выпараў жа недзе!.. Відаць, як паспее, кожная макаўка з добры глячок будзе, га-а? Адно да аднаго, малайчына... Ты для калгаса — скарб, Піліп...

— Дзядзька Трыхон: ну, пэўна, што для калгаса. А то б я якому-кольвечы дзедзічу ці шляхціцу-фальбаркоўцу так служыў? Гарэў бы ён няхай... А калгас — маё ўсё... Я ж адзін з першых у яго запісаўся, першы пачаў прыводзіць усё ў парадак... І цяпер, здаецца, як радзіўся ў ім... Кожная рэч дорага табе; хварэеш за драбнюткую псуту, за стратак... Мо запаліце?.. І тутуню, вунь, за бобам, насадзіў лунку — з гектар будзе... І ўдаўся, няўрокам... Будзем жыць, дзядзька... Супроціў калгасаў нашы ворагі, а зрэдку і гультаі... Партыя мяркуе нядрэнна... Супольны розум, бачыш... Будучыня за калгасамі, як піць даць...

Піліп Обад падняў к носу ўказны палец і паківаў перад Трыхонам.

— Так што, дзядзька, працуйма з поспехам...

— За намі не будзе спынкі, нябожа...

Трыхон сказаў гэта з тым пачуццём упэўненасці, якое ні перад чым не здаецца; яго сілу адчуў і Піліп Обад, крануўшы ісці ў сваю дарогу.

— Ведаю, таму і кажу, — падаў ён з адгону пары крокаў.

І калі, прайшоўшы яшчэ сажняў тры, азірнуўся назад, то заўважыў, як Трыхонавы рукі перабіралі калы і ў іх просвітах дрыжэла белая постаць старога.

— Дбайны стары, — выказаў Піліп сваю думку пра Трыхона Жаролцу.

Гэта было не ўпершыню, і Трыхон, каб пачуў, не здзівіўся б: ён ужо яе ведаў. Аднак гутарка з Піліпам, як і заўсёды, уліла яму ў нутро маладое і свежае асалоды ды лёгкай бадзёрасці.

Піліп ужо хаваўся ў аўсянай лагчыне, пры завароце ў лес, калі Трыхон стаў на пальчыках і праз верх карацейшага кала зірнуў яму ўслед.

— Памчаўся, як мяцёлка, — сказаў і задраў голаў к небу. Пасля скасіў вочы і паглядзеў на ўкарочаную цень. «Зараз абед, а я нешта мала зрабіў».

Стары заварушыўся і прайшоў да чарговага боку.

Адгэтуль ён убачыў той гліняны ўзгорак, пры канюшынным участку, дзе капаліся сілосныя траншэі. Груды пяску і суглінку чырванелі на зялёным фоне. Раз-поразу вырыналі з ям чорныя палкі з бліскучымі лёзамі жалезнякоў, і чулася стройная маладая песня.

«Хапіла б адно цэменту ды дошак... А копка ідзе к часу...» — прапусціў ён у думках і вярнуўся да працы.

Да абеду Трыхон скончыў агляд платоў — яны былі ў парадку, калі не лічыць дзвюх заўважаных мясцін з шырокімі адгонамі між калкоў. Ён заткнуў іх сухімі галінкамі, каб пасля заставіць больш грунтоўна, і абгледзеў у некалькіх радах яблынь падпоркі.

Падпоркі былі знарочыстымі, новымі і моцнымі, дасканала і акуратна пастаўленымі. Ніводная з іх не сагнецца пад яблыкамі.

Трыхон спрабаваў іх устойлівасць і разліваў ухмылку па твары: падпоркі ён сам высякаў у лесе, сам падбіраў адна да другое па вілаватасці, вышыні і зграбнасці, ставілі ж удваіх з Піліпам Обадам.

Гэты апошні, як смікаліст у садовай гаспадарцы, дыктаваў старому інструкцыі, а Трыхон падкопваў ямкі, асякаў сучкі, часам акорваў і апускаў на іх яшчэ няцяжкія ралкі. Цяпер, во, калі садавіна патаўсцела і набралася вагі, падпоркі вельмі добрая рэч. Зберажэцца кожная дзераўцо ад псуты...

«А дзярэўцы трэба берагчы, бо яны дужа ўдалыя і ўродныя: вось, як вокам скінуць, на кожным урадзіла. Мэрам бы дзярэўцы ішлі наперагонкі, на спаборніцтва, ні адно не асталося з пустацветам. Водзека радок белых цукровак-папяровак: усе чыстыя, яблычка ў яблычка, без плямкі, без чарвячка; побач — антонаўкі, познія і яшчэ цвёрдыя, як арэхі, таксама чыстыя — не наглядзецца; у трэцім радзе — апорты: зялёныя, а ўжо з заваддзю чырвані. Сонца грэе і ўвачавідкі павялічвае чырвоную фарбу на пукаценькіх баках, бліжэй да хвосцікаў... Сярод яблынь — грушы: спасаўкі і цыганкі, бэры і сапяжанкі... або ўсе сарты пералічыш?»

Старога вочы разбягаюцца ўдоўж і ўпоперак, па роўных радках белакомельных купчастых кудравых дзярэўцаў. Садавіна недаспелая, але пахне мёдам, салодкім і водарным сокам цукру і віна. Цягне прытуліцца да гладкіх шарыкаў, панюхаць, лізнуць языком, палашчыцца. Як вось гэта яны, во, пчолы ды восы, тыя вунь матылькі...

Трыхон не можа ўтрымацца: праз хвіліну ды пагладзіць цыганку ці бэру, паважыць галіну і пераходзіць да другога дзярэўца.

«Памятаю ж, як пан садзіў шчэпы: марыў, нябось, класці чырвонцы ў сваю тоўстую машну, але пралічыўся. Не спадзяваўся, гад, падганяючы рабочых капаць ямкі за паўрубля ў дзень, што не дажджэцца яблык есці. Папаеў, прахвост, за чужыя грошы ўсякіх ласашчаў. Годзе! Бач, як бег у 20-м годзе, пасля наведаў пры паляках: гляне-гляне і толькі скрывіцца ад жаху... Пасля дабро дасталося другім дармаедам-арандатарам Канаўскім. Выссалі сокі з нашых людзей і гэтыя шляхецкія п’яўкі. Выціскалі золата з кожнага дзярэўца. Ізноў годзе! Даволі!.. Нарэшце з’явіўся сапраўдны гаспадар — калгас. Дабро апынулася ў калектыўных руках... Вось яно — перад намі... Ці ж я думаў калі, што буду хадзіць па гэтым садзе, як па сваім?»

Думкі віраваліся ў Трыхонавай галаве, абуджаючы далёкія і нядаўнія ўспаміны. Колькі перажылося і аб чым толькі няма ўспомніць? Памятна яму, як закідаліся ў сэрца крохкія ды нясмелыя мары пра лепшую будучыню і як гэтыя мары бязлітасна тапталіся горкай сапраўднасцю. Міналіся доўгія, бядовыя гады, адзін за другі цяжэйшыя, а лепшае ўцякала. Яго паказаў 905-ы год, ды схаваў. Схаваў, адцягнуўшы ажно на цэлых дванаццаць год. Цяпер мінулае — гэта сон, цяжкі і адваротлівы. Здань, якая знікла ў бяздонні... Яў — харашэйшая за мары, якія цешылі ў трудныя хвіліны... Вось тут, во, дзе зараз разгартаецца калгаснае поле, за платамі саду і далей, за паплавамі, за лесам — тупалі-ператупалі Трыхонавы ногі: пасвіў панскі статак; праз нейкі час араў пану і на пана касіў; капаў канавы і студні, гліну на цэглу і ямкі для шчэпаў, вось мо тут нават, дзе зараз ногі адчуваюць пад сабою цвёрды грунт, калгасную зямлю...

Паліваў глебу потам і слязамі, а калі ўзбіўся на свой ашматак поля і пакінуў хадзіць у двор, то пан штрафаваў яго за паднятую ў лесе запліску, за мех нажатае травы, за кузаб ягад, назбіраных Данілам ці Алесяю, — дзецьмі... Пан быў для яго, для ўсяе беднае вёскі страшнаю пагрозаю, насланым нечым, караю, ад якое гадамі нельга было вылечыцца... Ах, Трыхон праз меру застаяўся каля гэтай сапяжанкі! «Надзіва! Яшчэ столькі абгляду!»

Стары затрапятаўся, замахаў рукамі і сплюнуў: ці ж не хопіць часу перабраць успамінаў?

Але за свіронкамі, на дзядзінцы, пачалі біць у рэльсу: абед. Гучны, звінюшчы стук раскалыхваў ціхае спакойнае паветра і разбягаўся далёка навакола; ён шумеў па лісцях саду і біў старому ў вушы ды адгукваўся за платамі там, дзе пяюць пры копцы сілосных ям, куды схаваўся Піліп Обад, за аўсянаю лагчынаю, над лопатам трох нястомных жондэраў.

Абед!

Сонца на куту, над пшаніцаю, над сагнутымі спінамі жанцоў, над цяжкімі, разлёгшымі прастом снапамі.

Абед!

Трыхон азірнуўся навакола і рушыў сцяжынкаю да выйсця з саду.

Апошні стук у рэльсу расплыўся ў прасторы і замёр: на момант стала ціха-ціха, як на могілках. Пасля гукі і зыкі аднавіліся: на дзядзінцы ішла гутарка: гаманілі на сценцы за садам. Хтосьці зваў некага на другі бок калгасных будынкаў. Адтуль, дзе жалі пшаніцу, пачуліся песні: яны зліваліся з грукатам калёс і з выцінаннямі пастуховай трубы-берасцянкі. Утуравалі жондэры: іх лопат цягнуўся выкручастаю паласою ў бок калгасных будынкаў, мяняючы ноты.

Трыхон ішоў ціха, але яму таксама хацелася пяяць, ці гукаць, ці падскакаць ад абуяўшага яго пачуцця ўздыму і бадзёрасці, якія доўгімі гадамі яму былі чужыя і незнаёмыя. Не верачы сабе, стары злажыў падсохлыя, сіняватыя губы і высвістаў даўно забытую мелодыю. Гэта прыйшлося пры самых варотцах, за якімі стаяў Юрка Малачай з Міхасём Смуглым.

Яны перарвалі гутарку пра сырныя справы, для якіх Смуглы адцягнуў старшынёву ўвагу, і абое азірнуліся на свіст. Няўжо то Трыхонаў выбрык? Ніводзін не паверыў — ці ж ім хваліцца.

— Добра, таварыш старшыня: усё ў парадку, дагледжана, — пахваліўся Трыхон Юрку Малачаю. І, не дачакаўшыся адказу, дадаў: — У пору зрабілі падпоры — дзерава прысядае ад нагрузкі: няўрокам урод — дай Божа штогодня, але не ломіцца. Люба! Не хочацца выходзіць з саду. Я вам кажу, таварыш старшыня... Ёсць парода яблык, велічынёю не ўступіць вашым сырам, Міхась Сілыч...

— Так, з садам у нас добра. Каб гэтак на ўсіх участках было...

Юрка Малачай паглядзеў на Смуглага, даўшы яму зразумець, што з сырняю справа стаіць горай, ніж з садам.

Сырнік пацяў плячыма і мусіў згадзіцца з старшынёю калгаса.

— Харошы сад, бо харошы догляд... Піліп Обад, дзядзька Жаролца...

Іх перабілі ўехаўшыя на дзядзінец трактары. Юрка пакінуў Смуглага з Трыхонам і пайшоў да трактарыстаў, пытаючыся на хаду:

— Яшчэ многа засталося зябліць?

Адказваў Даніла:

— Гектараў з дзесяць, — і пазіраў на бацьку.

Стары ўміляўся сыну, забыўшыся пра абед і пра сырніка.

Яму дапомніла Хрума Лейкінд:

— Таварышы! Першае разліта! Не затрымлівайце другіх! Дзядзька Трыхон! Таварыш Смуглы!

Але Жаролца пайшоў заднім — за сынам, за жанкамі, што хлынулі гурбою з-пад аборы, рэзвыя, як сарокі, і сакатлівыя, як квактухі.

У іх здаровым, распеўчатым гомане звінелі сярпы і косы ды шалясцела пшаніца...

— Жаночкі, дзяўчаткі... Гускі вы крыклівыя... — сказаў стары Трыхон пра сябе, калі жанкі ўлілі прынесенае хараство жніва ў цёмны прастакутнік адчыненых дзвярэй у сталовай.

Памяшканне прыглушыла гаману, але і ў сталовай не было ціха. Усядаліся па застоллю: перамаўляліся і стукалі заслонамі, бразгалі пасудаю. Потым, нечакана для Трыхона і для многіх, двое хлопцаў уголас падалі скаргу на неспанраўную ім страву. Вядомы мудрагель Юлік Банэдысяў праказаў:

— Цягай днямі плуг, а прыйдзецца з’есці — памыі.

Яго падтрымаў Уладзік Рубец:

— І раз за разам!

Абодва сказы павіслі ў паветры: зразу ніхто не адгукнуўся. У іх празычэла наяўная хлусня, дарэмшчына, распуства.

— Грэшыце, небажаты, — праз нейкі час сказаў Трыхон, як адсекшы сякераю. — Грэшыце! Разбазыралі, хлопцы! Можа, вам выпісаць асобнага кухара, захочаце? Ды асобна варыць папросіце? Брыдка! Гэткі абед, аж люба, а яны... што вы вельмі елі да калгаса, цікава?

— Вы б маўчалі, дзядзька! — агрызнуўся Рубец.

— Неўзлюбіў праўды? Га?

— Напрацаваўся вельмі, — заўторылі Трыхону.

— Узараў, пэўна, з паўганоў, а колькі гонару!

Калючыя, упічлівыя сказы несліся да прывярэднікаў з усіх канцоў застолля, перасушваючы іх языкі. Працягваць агрызацца было немагчыма: ім ніхто не спачуваў. Прывярэднікі натужліва канчалі абед, як без’языкія. А Трыхон еў і хваліў, хваліў і дзякаваў гаспадыні:

— Я бяруся сцвярджаць, што ніхто, апроч Юліка з таварышам, не астаўся нездаволены абедам, — казаў ён, ужо вылезшы з-за стала і прапускаючы між сябе паабедаўшых.

Прыабедзенны выпадак не пацягнуў доўгіх гутарак: ужо за парогам сталовай пра яго многія забылі. Даўжэй усіх помнілі тыя, хто быў віноўнікам гэтага: Банэдысяў Юлік ды Ўладзік Рубец. Прылёгшы адпачываць, яны ўсё яшчэ прыслухоўваліся, ці хто не ўспамінае іх прозвішчаў.

Каб абышлося ціха, абое першымі выехалі на працу, памятаючы Трыхонаў адказ. Хаця б не стрэцца з старым!..


Ды не пра гэта думаў Жаролца: ён не прывык аддаваць на адпачынак увесь абедзенны перапын. На дзядзінцы было ціха, калі ён з гаспадарскім клопатам падабраў гной, склаў рассунутыя дровы пад страхою аборы і шчыльней да сцяны прыставіў пару драбін, каб у дождж не моклі. Надовечы стары мімаходзь заўважыў пакудлачаную салому ў хлевушковай страсе і прайшоўся праверыць: небяспечна ў многіх выпадках; ён вярнуўся, выбраў плашку і часова прылажыў на няўладнае месца. Пасля ён паспеў яшчэ змяніць паламаны абаранак у вешніцах на пагон: прысеў і скруціў у некалькі столак правяўшы дубовы дубец і ўздзеў на шула.

За ім тупала некалькі дзецянят-карапузаў: Смуглага сын, замурзаны ў пяску, з ільнянымі доўгімі валасамі і без сарочкі; Хрумы Лейкінд малы, чорны з твару, як цыган, з разадранаю амаль наскрозь калошаю ў портках; ды яшчэ рахункаводаў Анціпка, дробны-дробны, косы вочкамі і заўсёды з высалапленым кончыкам язычка. Дзеці закідалі Трыхона процьмаю пытанняў і цікавіліся як яго смяшлівымі і павучальнымі адказамі, гэтак і яго працаю.

Зразумела, што Жаролцу было няўцям, калі мудрагелі хлопцы праехалі паўз свіронкі на поле.

Але ён быў зацікаўлены сведкаю далейшага ўшчынку пасляабедзеннай працы: прайшло ў пагон, да пшанічнага поля некалькі гаманлівых жанок — Трыхон з імі перакінуўся сказамі; бразнуў дзвярыма ў сырні поўны лысы Міхась Смуглы — Трыхон не абмінаў сказаць некалькі слоў. А толькі трактарысты ачуліся пры жондэрах, як стары апынуўся побач: ён глядзеў на свайго Данілу, на яго дасціпнае нарыхтаванне машыны і цешыўся сынавай ёмкасці і спрыту; бачыў таксама, як і другія трактарысты ўвіхаліся з трактарамі, хлопцы не адставалі ад яго Данілы, але апошні, здавалася Трыхону, быў рухавей і пракідзісцей ад сваіх таварышаў. Мо затым ён паперадзе і пусціў свайго жондэра! Праўда, у хадзе машын, толькі пачуўся іх лопат, Трыхон загубіў нядаўнюю развагу, а ласкаў настрой любаваннем жалезных коней. Хоць бы яны ездзілі перад яго вачмі бесперасціханку — Трыхон усё б глядзеў на іх ды цешыўся.

«Гэткія ўдалыя машыны! І так спора ды хутка яны спраўляюцца з паханню! Вот ужо цікава, да чаго толькі людзі не дадумаюцца! Зрабілі калгасы, раскідалі межы, і знайшлася магчымасць пусціць у работу гэткія складаныя машыны, як трактары, сеялкі, жняяркі, а то, кажуць, прывязуць і камбайны! Эх бы, паглядзець яшчэ тых!.. Ну, калі кажуць, то прывязуць, бо ўжо іх бачылі ў Крэмаўскім саўгасе. Ці ж не завідліва цяперака жыць?»

Трыхон памахаў рукою ў бок заехаўшым за аборы трактарыстам і абярнуўся шукаць старшыню калгаса: Юрка Малачай якраз выходзіў з дзвярэй канцылярыі. Стары пайшоў насустрач і пераняў яго на ўзроўні з варотцамі ў сад.

— Вы збіраецеся кудысьці, таварыш старшыня?

— Маюся праехацца ў раён.

— Па справах?

— Пэўна.

— Так, іх многа, абы хацеў чалавек працаваць. Гаспадарка не абы-якая... Ну вось, я скончу ў садзе і тады?

— Адпачынеце крыху: колькі там часу астанецца.

— Не хачу: або я не магу працаваць, ці што? Навошта мне гэта. Калгас не шпіталь, а я не калека. Працуем на сябе, на дзяржаву, чаго ж марнаваць час. Не-э, таварыш старшыня, я прашу дагрузкі на ўвесь дзень.

Юрка Малачай падумаў крыху, памеркаваў, як і што, і сказаў:

— То добра, дзядзька, пройдзеце аўсоў паглядзець, а мо хутка жаць можна пачынаць...

— Добра, з ахвотаю...

Гэтыя Трыхонавы словы нагналі старшыню амаль не каля сырні: яны тут жа згубіліся ў гушчыні разгойданых у яго галаве планаў, меркаванняў, рашчотаў. Але постаць Жаролцы мігалася ў Юркавым ваччу, і ён міжвольна азірнуўся на старога: той уваходзіў у сад, ныраючы з белаю сарочкаю ў зелені. У адну хвіліну: Юрка ўзяўся за клямку дзвярэй у сырні, а Трыхон за падпорку пад усыпанай яблыкамі апортай.

На дубовай абчэсанай разгаціне ляжала важкая галіна з ружовабокімі яблыкамі. Збоку бялелі папяроўкі, а наперадзе — грушы бэры... Але не для змарнавання часу стары зайшоў у сад: яшчэ сотні дзярэў трэба абысці і праверыць падпоркі, абгледзець садавіну. А там — доўгі маршрут у яравы палетак.

— Вы ўсё яшчэ, дзядзька, тут?

То пытаў Піліп Обад, накіроўваючы да агарода.

— Бачыш, Піліп, як мы ўладавалі — мэрам бы ўмуравалі. Во-а!.. А яблыкі ды грушы — чыстыя надзіва!

На Обадавым твары расплылася ўхмылка: Трыхонавы словы яму лісцілі.

— Добрае лета, нечага сказаць...

— І лета, і садоўнік...

Жаролца зацягнуўся ў пахвальбу Піліпа і збочыў ад намеранага парадку: яны прайшлі пару сажняў напрасцяк. І калі гэта было заўважана старым, ён прыпыніўся, пастаяў момант, гледзячы ўслед Піліпу, і павярнуў назад.

Праз пару гадзін ён абышоў рэшту саду. «Усё чын чынам», — заключыў стары і выйшаў на дзядзінец.

На поле рашыў ісці па слядах трактароў, пагонам. Паглядзець аўсоў — было мала. Ужо гаворачы пра гэта з Юркам Малачаем, Трыхон меркаваў захапіць аглядам і папар, і пшанічны палетак, і атаўныя паплавы. Калі абглядаць, дык як гаспадару — усё-ўсё...

Дарэчы, Жаролцу каля тыдня не даводзілася быць на ўзмежных канцах калгасных палеткаў. То пошта, то сад, то дробная работа пры будынках аднялі ўсе гэтыя дні. На полі, ясна, зрабілася значная перамена — цікава падзівіцца...

Вунь, ужо відаць, толькі асталіся пазадзе будынкі. На гародах усё пасталела: патаўсцелі макаўкі, падсохла гічка на моркаві, паказваюць жоўтыя і паласатыя лбы таўстабокія гарбузы і буяе бручкавенне, цяўе, бульбянік. За гародамі жаўцее лён. Доўгая паласа яго губіцца за невысокім узгрудкам. Частка яго пойдзе дзяржаве па кантрактацыі, частка астанецца для пражы ў зімнія вечары калгасніцам. Лён скараспелы, кудрасты і густы. Тоўстыя, поўныя гарошынкі пахіліліся да зямлі і шамацяць ад цішэйшага павею ветру.

Над полкаю льну старанна працавала Рында, Трыхонава жонка. Старая з умільнасцю ўходжвала каля кожнага каліва, перабірала яго, як дзяўчына косы. Вучыла дзяўчат, як трэба палоць, каб не пашкодзіць расліне. Кожны раз, прыходзячы з поля, Рында прыносіла шчырую ўцеху з харошага лянку. «Тыдзень-другі, і трэба будзе выбіраць», — заключыў Трыхон.

«Вось там, дзе ўжо падкошана пляміна атавы для коней, будзе слішча: нізіна, ровень. Уляжацца ўвесь гэты лён. Тут засеецца жыта, і пастухам наківаць, каб ні паткнуліся ў гэты бок. Пашы хопіць без гэтага: вялікія гектары ржышча, пакошы, лесу. Прыйдуць замаразкі — маладняк можна будзе паласаваць рунню, слішчам. Во-а!..»

Трыхон абгарнуў рукамі, як захапіць, чорны ўзораны прастор і засмяяўся...

Трактары!

Адзін за другім яны вынырнулі з лагчыны і накіравалі праўцом на яго. З перапевамі, з развесістымі істужкамі сіняга дымку. Чорнымі камякамі каціліся яны не пратаптанаю дарогаю, пракладаючы засад дзевяць глыбокіх баразён. Управа ад іх тканінаю разляглося свежае ворыва: доўгімі ніткамі лёгкія разоркі, чорная зямля мясцінамі падсыпана белаватым глеем, мясцінамі жоўценькім пяском. Заўтра-пазаўтра пройдуць сюдою бліскучыя дыскоўкі і дэсені зменяцца: тканіна стане танчэйшаю... Пасля, к канцу жніўня, пачнецца сяўба...

Поле як фабрыка: кожны працэс звязаны з другім. Абы лад — усё пойдзе бесперабойна, ланцугом... як машына, складаная і вялікая машына. Калёсы і шрубкі, шасцярні і прыводы, валікі і поршні. Тутака, во, зяб, а побач яшчэ жніво. Жоўтая, ядраная пшаніца. Не скінуць вакол палетка. Без меж і без агароджы. Роўная ўсюды. Няма грызні памежнікаў, і знікла розніца паміж шырокімі, угноенымі палосамі кулачча і мізэрнымі, з рэдкім збожжам, каснікамі бядняцкіх нівак. Пад пшаніцу аралі трактары і баранавалі дыскоўкі, сеялі машыновыя сеялкі, і таму пшаніца ўдалася на славу. Каласы тыя, як у кукурузе, ды годзе, а зярняты — боб. Трэба кожнае каліва шанаваць!

Трыхона цягнула да сябе пшанічнае поле і не адпускалі трактары. Жондэры мілосна заводзілі сваю аднастайную жалезную песню, а ім чатырма крыламі махала жняярка. За жняяркаю, вяжучы снапы, ішло чацвёра жанок. Да дзесятку іх таварышак жалі занятую паласу сярпамі. Сагнутыя спіны ляжалі мастом, толькі рукі выкідалі пукамі залатую, цяжкую пшаніцу, прастуючы яе па-за сабою.

Трыхон Жаролца ішоў у гэткай паставе, каб не губіць з ваччу трактароў і бачыць жняцоў ды жняярку. Ён дваіўся: паловаю істоты аставаўся на мяккай раллі зябу, другою лыгаўся з пшанічным палеткам.

Пасля, адышоўшы далей ад ворыва, стары аддаў усю ўвагу жніву: за жняяркаю было не зусім чыста: валяліся непадабраныя каласы, тырчэлі тыя, якіх нажы не маглі захапіць па ўзросту. Трыхон паківаў галавою і паспрабаваў падбіраць: спорна, варта аддаць часу — праца карысная; за некалькі хвілін у яго стала поўная жменя пшаніцы, аж адцягвае руку.

— Жаначкі, небажаткі! Вы прайдзеце пасля і падбярэце. Навошта, каб гінула наша... і ваша... агульнае дабро. Кожны сноп — дзежка блінцоў, мае сакатушкі. Во-а!..

— А як жа, дзядзька Трыхон, падбяром, зразумела.

У жняцоў было чысцей, але намнога марудней. Трыхон аддаваў перавагу машыне. Куды раўняцца людской працы з працаю машыннай! Ён многа папаараў на сваім вяку — усё болей на пана, і ведае, як цяжка гэта работа. З машынаю, мэрам пісаць: усяго астаецца звязаць ды падабраць паламаныя каласы. А паглядзець, як шпарка, града за градою, зжынаецца збожжа. Толькі Трыхон падышоў, а жняярка зрабіла ўжо тры абходы.

— Колькі, бок, навязалі, жанкі, з маім прыходам? Будзе коп пару?

Трыхон бачыў на прыкід, што болей, але ён запытаў з маленькімі хітрыкамі.

— Што вы, дзядзька, і ў тры не ўбераце!

«Падумаць, як хутка! Дзён пяць, і пшаніца быццам і не расла. Астанецца ярына... Жніва, няўрокам, многа, хоць ярына і не зусім удалася. Праўда, не ўся яна роўная: вось ад поплаву аўсы не благія: густая тоўстая салома і тоўстае зярнё. Вышэй — іначай. Тое ж самае і з ячмянём».

Трыхон сышоў з пшанічнага ржышча і абагнуў пшаніцу поплавам: яе палетак межаваў з ячменным. Тое ж золата на доўгія гоні ўдаўжкі і шыркі.

Адкуль у сонца столькі цеплыні, каб выспеяць гэты ячмень ды аўсы! Колькі пралілося на іх залатога прамення!

«Так, будзе сённяшняя пагода, хутка можна пачынаць жаць. Следам за пшаніцаю», — вырашыў напрактыкаваны гаспадар Трыхон Жаролца і кінуў узрокам на неба.

Неба было чыстым — ні хмурынкі. Белаватае над лесам, угары яно сінела бяздоннаю глыбінёю. На захадзе загаралася чырвоным променем. Сонца большала і мяняла колер: з белага рабілася падчырвоненым, халаднейшым.

Дробная Трыхонава фігура пускала ад сябе багатырскую, волатную цень. Якая пара? Можна было вымераць час па кроках, але Трыхон акрэсліваў яго без вялікіх прашчотаў на вока.

«Блізіцца да дзевятай гадзіны». Пакуль ён дойдзе да перачотнай сценкі, пара будзе варочацца ў калгас: там яшчэ ісці добрых васьмёра ганоў.

Але ён не пакіне без агляду паплавоў. Тым болей што вуньдзека, каля лесу, відаць, аднаасобнікі прыпасваюць на атаве. Нядобра гэта, дручане.

Трыхона мэрам бы хто падагнаў — ён уподбежкі, нацянькі, пайшоў напрамкам да дручанскіх пастухоў. Шкада было таптаць кудравы дзяцельнік і маладыя смактушкі, ды там спасуць болей, калі ён не папярэдзіць.

Жаролца прайшоў да месца, з якога, па-ягонаму, маглі пачуць яго голас.

— Хло-оп-цы-і! Г-гэ-а-э, хло-о-пцы-і! Адвярне-эце каро-аў! Нядо-а-бра-а спасваць атаву! Чу-у-еце-э? Блага будзе-а, калі не паслуха-е-це-э! Па-астуш-кі-ы, га-аг!

Перш у яго голасе пераважала просьба і дарада, адаля ўкралася павяленне. Калі ж Трыхон пачуў юнацкі смех, то прыняў гэта за няўвагу да сябе і да калгаса, нават за абразу і ўжо на ноту гучней закрычаў:

— Гэ-эх, на в-вас цу-а-раха-а! Пацвільвацца ўзду-у-мма-лі! Чарцяня-а-аты паскудны-і! Ду-убца-а захаце-лі-ы? Выпасціліся-а? Зганяйце-а, распуснікі-ы! Прэ-эч!

Трыхону давялося зрабіць яшчэ некалькі крокаў і выкарыстаць вопыт пагрозы дубцом на непаслушных: ён затрос у паветры доўгаю папруцінай, дарэчы знойдзенай пад ліпавым кустом.

Пастушкі адвярнулі кароў і падаліся на дручанскія палеткі.

Жаролца ажно ўхмыльнуўся.

«А дзівакі людзі, — пусціў ён на адрас сваіх ранейшых аднавяскоўцаў. — І чаго яны марудзяць з запісам у калгас. Трымаюцца за аднаасобнасць, як дзіця за мацерыну спадніцу, і нечага чакаюць. Чаго б, запытаў у іх, і самі не адкажуць. Дурныя ў людзей маралы: хоць бяда, ды свая. Нікуды не гадзіцца! І бачаць жа, цудныя, што тут, у калгасе, і што ў сябе — непараўнальная розніца. Вунь іх пастаўнікі, вось калгасныя: сляпы не адрозніць. А збожжа якаво іхняе, а... Дзівакі людзі, ды годзі! Таго не разумеюць, што кожны дзень адтэрмінавання з запісам — сабе на шкоду. Прыпомніце!..»

Трыхон матнуў папруцінай, праўда, ужо не з пагрозай, а з сяброўскім дапамінкам і павярнуў назад.

Ён хутка апынуўся на ператочнай сценцы: яна выходзіла з калгаснае дубровы, якая ўжо затуляла сабою сонца.

Пры густой цёмнай сцяне кудравых дубкоў і асін паднімаўся сіваваты лунь. Пры зямлі, кранаючы ніжэйшых ралак, лунь неўпрыкмет пашыраў свае пялёнкі, заходзячы ў вузкую завіліну між яравых палеткаў. За ўзгрудкам схаваліся трактары, жняярка і жанцы. Але іх знаёмыя гукі і лопат даходзілі да Трыхонавага вуха.

«Ці ж даўно тое самае было і са мною: баюся, ды ўсё, пайсці запісацца. Нарэшце як бы хто мяшок з галавы зняў. Кожны чакае свайго моманту», — дакончыў ён ранейшыя раздумы.

Трыхон выйшаў да сілосных ям: чатыры глыбокія студні збіраліся паглынуць у сябе вялікія вазы канюшыны, гародніны і спецыяльных раслін. У свіронку, каля сырні, чакаюць урочнага часу, калі іх заварушаць, поўныя мяшкі солі. «Толькі б акуратна ўладаваць ямы; цэментам абмазаць або шчыльненька дошкамі атынкаваць, вымесці пясок... А месца, трэба сказаць, добрае: гара, суха; пясок, як выветраны порах».

Ён загроб у жменю з бліжэйшае кучы, разгледзеў, мэрам шукаючы золата, і прасеяў увесь скрозь пальцы. Пасля абышоў наўкола пясчаных куч, паглядзеў і заключыў: «Не забылі б хлопцы выкапаць рундучкі, каб адвесці ваду. Гэтай, здаецца, драбязы не заўважылі былі летась у Крывяцкім саўгасе і — пшык! І ўвесь сілас прапаў за няма нішто. Падцёк — недагляд...»

З гэтымі думкамі Трыхон дайшоў да дзядзінца калгаса і намерыўся іх выказаць кожнаму, каго б ні стрэў. Трэба ўсё рабіць загадзя — Жаролцава правіла.

Але яму не ўдалося ні з кім абмяняцца: на дзядзінцы, супроць свіронка, ён першымі ўгледзеў купку незнаёмых людзей. Яны стаялі да яго спінамі, і, зразумела, цяжка было дагадацца, хто гэта такія. Дарэчы, людзі чамусьці маўчалі. Тым болей зарупела Трыхону пацікавіцца, хто гэта і чаго яны вечарам трапілі ў калгас.

Стары праўцом, адкідаючы ўсялякую няёмкасць, пайшоў да людзей і яшчэ за сажань прывітаўся:

— Добры вечар, мужчыны.

Яго гучны, з маленькім трупцяком голас быў знаёмы кожнаму ў калгасе: за паўтара года да яго прывыклі. Зразумела, што тыя, хто меў з ім справу больш сарака гадоў, не мог не адвярнуцца да Трыхона на першай жа ноце пачутага голасу. То былі дручане: Прахор Саладуха, Якаў Ківок, Ігнат Застрамка, Палікар Вушак і Хвёдар Коўш — Жаролцавы ранейшыя суседзі.

— Га-а, добры вечар, сусед!

— У отведы, мужчыны?

— Чаго ж добрага суседа забываць.

— Дзякую за спрыяльныя намеры. Хоць раз у паўгода. А то бо мэрам загневаліся на калгас. Мала што, хто раней пераканаўся ў пераважнасці яго над паасобнікамі, хто пазней... Але ж суйздром замаўляцца — ніколі не трэба... Па-мойму, той памыляецца, хто марудзіць з гэтым, а бач, ёсць і гэткія, што нацкоўваюць на калгасы. То, зразумела, невялікія нашы прыяцелі, то кулаччо, то ворагі...

— Ды мы ўжо гэта ведаем, Трыхон Маркавіч. Пераканаліся, куды пахільваць. Што ж, была одур, блаж у галаве, і год прамарнавалі ў паасобку...

Казаў Прахор Саладуха, а тыя, што з ім, выказвалі сваю згоду з яго думкамі няспынным ківаннем галавы.

— Цяпер адумаліся: плюнулі на ўсе іншыя разважанні і прыйшлі... з заявамі прыйшлі...

Трыхон вырачыў вочы і затрос сіваю бародкаю: пачуццё здавальнення, як электрычным цёкам, прайшло па ўсёй яго істоце.

— Чаго ж маўчыце, мужчыны? Давайце-э...

З саду выбег Юрка Малачай і паспешна накіраваў у канцылярыю.

— Таварыш старшыня! — гукнуў Трыхон, але Юрка ўжо быў у дзвярах.

На вокліч высунуў голаў з акна канцылярыі Якаў Булаўка.

— Пойдзем, мужчыны... Смялей!.. Досыць вагацца!..

Трыхон выйшаў наперад.

— Мужчыны! — паддакнуў ён ды крануў ісці пярэднім.

Дручане цвёрдымі ўверанымі крокамі пайшлі за Трыхонам, вымаючы з кішэнь свежанапісаныя заявы...

З-за аборы выглядала чырвоная пляміна неба, на якой толькі-толькі сядзела сонца...

Кропка ў кропку гэткае, як ад ранку, калі Трыхон Жаролца з тым жа натхненнем, з якім вёў сялян на запіс у калгас, ішоў загароджваць платы ў садзе.

(1932)