Каляды (Ластоўскі)

Каляды
Навукова-папулярны артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1914
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 51-52, 25 сьнежня 1914 г., б. 5

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Каляды.

У ўсіх пагавекіх народоў сонцэ, месяц, земля, агонь, вада, вецер і розные іншые праявы прыроды мелі часьць божу. Аднакжэ сонцэ і месяц лічылі за глаўных багоў, называлі іх у розных старонках рожна, кожны народ у сваей мове. Грэкі называлі бога сонца Гэліос, славяне Пяруном і т. п. Але ва ўсіх паганскіх верах думалі, што сонцэ, бог сьветла, ваюе вечна з богам цемні. Змаганьне гэтае кожнаго году мело той самы выгляд: пад восень бог цемні перэмагаў сонцэ, яно хавалося на даўжэйшы час, ноч станавілася штораз большай, значэ, штораз болей разшыралося панаваньня бога цемні, чорнабога.

Але бог сонца, бог дабра, сьветласьці абараняўся і у канцы сьнежня, сонцэ пачынае дужэць, дзень прыбываць.

Колісь нашы прашчуры верылі так. Чорнабог, перэмагаў сонца,—меней болей у час Змітроўскіх цяперэшніх дзядоў,—сонцэ траціло сілу, малело, кідало бледны блеск на зямлю, пачыналося панаваньне Чорнабога—сьцюжа, цемня, сьвіст і завываньне ветроў сцюдзёных…

—„Хто ведае,—думаў наш прашчур,—мо сонца саўсім замрэ, а тады на зямлі настане безканечная ноч, сьмерць і заглада ўсяму жывому“.—Але от сонцэ пачынае прыбываць, у сэрцэ ўступае надзея, што сонцэ ізноў акрэпне, ізноў зазелянеюць і поле і лес, настане на зямлі жыцьцё і гоман і песьні. Як-жэ не радавацца з гэтаго? І радаваліся людзі і пеялі песьні і стараліся растлумачыць сабе, як і чаму гэта сталося? Тлумачылі сабе пагане славяне, што маці сонцэ, Каляда Грамавіца выбавіла ад сьмерці сонца, адрадзіўшы яго на нова, Яна, каб уратаваць сонцэ ад Чорнабога, прыняла яго у нутро сваё, а каб амыліць ворага перакінулася сама белай казой і радзіла маладое сонцэ. Яно цяпер маладое, бледнае ешчэ, але Чорнабог паконай, ён сонца маладога, ня здужае перэмагчы, і хоць не адразу уступае яму, але сонцэ, падрастаючы, зганяе з зямлі сьцюжу і цемру; ў чэрвені, само сонцэ сьвяткуе перамогу сваю над Чорнабогам іграючы, ці бач скачучы, перад усходам на Купальле.

Ня дзіва што людзі цешыліся с перамогі яснаго сонейка. У пэрсоў даўней у час нашых Каляд сьваткавалі „Мігргаў“, сьвята нарадзін сонцаў; у часе гэтаго сьвята устраіваліся гульні, людзі віншавалі сабе, давалі падаркі. У індусоў сьвяткуюць, як і у нас, сьвята перамогі сонца пад названьнем „Каляды“. Там, у Індыі, людзі расказываюць, што на куцьцю у Божым палацы расквітаюць дрэвы з залатымі лісьцямі, а на ложку, пакрытым кветкамі родзіцца серцэ.

Калі-ж спрадвечная праўда, Сын Божы радзіўся, прастарые звычаі і абычаі прыбралі іншы характар. Са старых апісаньнёў ведаем, што у першые векі хрысьціянства у нас, пры дварох князёўскіх, адбываліся гульні і ігрышчы на Каляды. Хадзілі скамарохі з мядзьведзямі, вадзілі „Казу“—перэадзетага хлопца ў кажух, з казінай галоўкай на кісалёўцы і ў песьнях апевалі, як Грамавіца радзіла Сонца. Устраівалі маскарады, ці як цяпер кажуць нашы селяне, „перэадзеваліся за цыганоў“ і многа іншаго. Пры віленскім каралеўскім дварэ на Каляды за звычай выпушчалі шэсьць людзей с турэм, кароль раздаваў падаркі, устраіваліся на рынках публічные прэдстаўленьня, і інш. павіншаваньня песьнямі (шчэдроўкі).

Так было даўней, за дзядоў і прадзедоў нашых… Шмат чаго дахавалося з гэтых звычаеў і да цяперашняго часу, але бадай ешчэ болей загінуло, сплыло з людзкой памяці.

— Шчасьлівы той чэлавек, каторы вясёлы,—сказаў адзін мудрэц. А нашы дзяды-прадзеды умелі быць вясёлымі, умелі цешыцца з жыцьця! І вось, як, падумаеш, сколькі на гэтые сьвяткі было даўней гоману, сьмеху вясёласьці, шкада робіцца, што убыло у нас цяпер шчасьця, што мы ужо не патрапім так весяліцца… Да таго год сёлетні цяжкі. Не ў аднэй сямейцы, на пачэсным мейсцы, на покуці будзе пустое мейсцо, і на вачах маці, і жонкі закруцюцца сьлёзы па дарагім сыне, ці мужу, каторы у далёкай старонцы, здалёк ад сямейкі сустране гэтае вялікае сьвята. Не плачця, гаротные! Дасьць Бог дачэкаемся другіх сьвятак, весялейшых. Судзі толькі, Божэ, дачэкацца іх у добрым здароўі, у памыснасці… Судзі, Божэ, мінуцца толькі навалі, каторая хмарай аблажыла старонку, каб змоўклі гарматы, уціхлі стогны калек, абсохлі сьлёзы смутлівых матак.

Власт.