Калісь (1919)
Калісь П’еса Аўтар: Францішак Аляхновіч 1919 год |
Выдаве́цтва Ме́нскага Народнага Камісарыяту Асьве́ты.
Францішак Алехновіч.
КАЛІСЬ.
СЦЭНІЧНЫ АБРАЗОК у 2-х АКТАХ.
ВІЛЬНЯ1919.
ДРУКАРНЯ „ПРАМЕНЬ“
АСОБЫ. Юрка Івашка, малады работнік. |
Акт I
правіць
АКТ I.
Па сярэдзіне дзвѐры з шклянымі шыбамі. Забодвух бакоў дзьвярэй вокны на вуліцу. У лѐвай і правай кулісе па адных дзьвярах. З левага боку ля вакна даўгі стол да прасаваньня. Пры правым вакне канапа. З левага боку пры дзьвярах шафа з бялізнай, з правага, напроціў, невялічкі столік. Там і сям крэслы. Вакяніцы зачынены.
Рэч дзеецца ў 1905—6 году.
ЗЬЯВА I.
Матка, Людвіка.
МАТКА. — (сядзіць, п’е́ гарбату з сподачка). Не падабаецца мне́ наш новы кватэрант.
ЛЮДВІКА. — (прасуючы). Чаму, мама?
МАТКА. — Бо якійсь… без парадку. Варочаецца позна ў начы… Няма ве́дама, дзе працуе…
ЛЮДВІКА. — Ен-жа казаў, што на хвабрыцы…
МАТКА. — Ды гдзе? на якой? мала-ж хвабрык? чорт яго ве́дае, можа ён сацыаліст які, ці што?!
ЛЮДВІКА. — Дык што? Або сацыалісты ня людзі?
МАТКА. — Э, якія там яны людзі, пажалься Божа... Каб нам толькі бяды праз яго не набрацца!..
ЛЮДВІКА. — Якое бяды?
МАТКА. — Пытаешся: якое? Ве́дама якое: прыдуць, арэштуюць і нас у турму пацягнуць за тое, што ў нас кватэраваў.
ЛЮДВІКА. — А яка-ж тут наша віна?
МАТКА. — Э, паліцыя не разьбірае! Цяпе́р такія часы!.. Ах, каб хутчэй усё гэта скончылася!..
ЛЮДВІКА. — Кончыцца, як скінуць цара…
МАТКА — (спужаўшыся). — Цc!.. Што ты?.. што ты?.. здурэла, ці што? Хто цябе́ навучыў казаць гэткія рэчы?.. Яшчэ хто пачуе!.. Хочаш сьцягнуць няшчасьце на сябе́ і на маю старую галаву!.. Памятай, што і сьце́ны вушы маюць… Здурэла, далібог, здурэла…
(Чуваць стук у сярэднія дзьве́ры).
МАТКА — (спужаўшыся яшчэ болей). — Вось, маеш!.. А бе́дная-ж мая галованька!..
ЗЬЯВА II.
Матка, Людвіка, Юрка.
ЛЮДВІКА — (адчыняе дзьвѐры. Уходзіць Юрка з якойсь пачкай). — А! пан Юры!
МАТКА. — Гэта вы? Фу, як напужалі!
ЮРКА (ўходзіць). — Выбачайце, што я пастукаў у гэтыя дзьве́ры, але пабачыў, што ў вас яшчэ сьвѐціцца.
МАТКА. — Брама хіба яшчэ не зачынена?
ЮРКА. — Не зачынена, але мне́ не хацелася спатыкацца з сторажам: ён сядзіць на варце…
МАТКА. — Вячэраць будзеце?
ЮРКА. — А буду, панечка, калі вы былі ласкавы пакінуць для мяне́.
МАТКА. — Пакінула, ве́дама, што пакінула (ідзе́ ў дзьверы на ле́ва).
ЮРКА. — Выбачайце, што нарабіў вам клопату…
ЗЬЯВА III.
Людвіка, Юрка.
ЛЮДВІКА (аглядаючыся на дзьве́ры, праз каторыя выйшла маці). — Ну, што новага?
ЮРКА. — Усё ве́льмі добра… Заўтра пачынаюць баставаць усе́ нашыя гарбарні… Васьмігадзінны дзе́нь работы і павялічэньне платы!
ЛЮДВІКА (паказваючы на пачку). — Што гэта?
ЮРКА. — Нелегальшчына… Адозвы… (выцягавае з кішані не́калькі друкаваных аркушыкаў). Маеш трохі, хавай… Вось толькі сумная справа: трэба нам будзе на не́йкі час расстацца… Сягоньня яшчэ пераначую, а заўтра раніцай е́ду…
ЛЮДВІКА (сумна). — Чаму?
ЮРКА. — Паліцыя ўжо здаецца пранюхала, што я тутака… Апрача гэтага трэба наладзіць работу на правінцыі… Пасылаюць… Правінцыя сьціць… Няма арганізацыі.
ЛЮДВІКА. — Цс!.. Мама йдзе́! (варочаецца да свае работы).
ЗЬЯВА IV.
Людвіка, Юрка, Матка.
МАТКА (уходзіць з тале́ркай і міскай). — Вось маеце, пан Ягор, сваю вячэру…
ЮРКА. — Дзякую, панечка…
МАТКА. — Што-ж вы сягоньня так позненька? Работа на хвабрыцы мусіць даўно ўжо скончана?
ЮРКА. — Ме́ў інтарэсы… Заўтра е́ду, панечка.
МАТКА. — Едзеце? Як?.. Куды?.. А як-жаж з кватэрай будзе?
ЮРКА. — Заплачу пані за цэлы ме́сяц і можаце мой пакой аддаць каму іншаму.
МАТКА. — Ну добра… — А як-жаж хвабрыка, работа? кідаеце?
ЮРКА. — Кідаю, пані. Еду на вёску… да радні… Пісалі, просяць, каб прые́хаў пагасьціць.
МАТКА. — Вось гэта добра! Шчасьлівы вы, што маеце куды пае́хаць! Часы цяпе́р такія неспакойныя, — чалаве́к ня ве́дае, што заўтра будзе… Як вы, панок, думаеце, як усё гэта кончыцца?
ЮРКА. — Што-ж, добра скончыцца. Усё добра будзе, як рабочы народ завядзе новы лад.
МАТКА. — Э, які там „новы лад“! Нічога тут не парадзім! Там сіла, там войска, а тут што? — голыя рукі!..
ЮРКА (усьмяхаючыся). — Панечка! Гэтыя голыя рукі — так сама сіла, страшэнная сіла! Гэтыя голыя мазалістыя рукі будуюць і царскі палац, і турму для свайго брата. Гэтыя рукі се́юць хлеб і будуюць чыгункі, каб развазіць яго. (З гэстам) Гэтым рукам, панечка, пазволена супачываць толькі адзін раз у тыдні, а што будзе, калі гэтыя рукі ня возьмуцца за работу праз уве́сь тыдзень, а мо‘ праз другі, праз трэці?!.. Што, калі мы іх зложым вось так на грудзёх (гэст) і скажам: давайце нам іншае жыцьцё, давайце, паны, волі, бо дыхаць ужо чым ня маем, давайце, бо вось так стаяць будзем, а да працы ня пойдзем! Падохнем з голаду, а і вы з намі разам падохнеце!..
МАТКА. — Гаварыць, то вы ўсе́ хораша гаворыце… Што-ж калі гэта ўсё толькі гутарка. Ніколі гэтага ня будзе!
ЮРКА (з перакананьнем). — Будзе, панечка!
МАТКА. — Ня будзе!.. Адных пасодзяць у турму, іншых вышлюць, а іншых нават расстраляюць а рэшта — супакоіцца… Шмат сьлёз і крыві толькі дарма праліѐцца — вось, што вы зробіце! І на што каму патрэбны гэтыя ахвяры?!
ЮРКА. — Без ахвяр нічога ня зробіш, пані! Усялякая новая справа вымагае ахвяр. Без ахвяр не абыйшоўся ніякі пераварот… Але!.. але! многія з нас згінуць, многа крыві праліецца, многа ў турмах, або ў ссылцы загубяць сваё жыцьцё, — а ўсё-ж такі наш ве́рх будзе! нашым сыном за тое лягчэй будзе жыць.
МАТКА. — Эх, ня ве́ру! Гутарка, толькі гутарка!.. З матыкай на сонцо кідаецесь! і вось усё! Шкада мне́ вас, пане Ягор! У вас, бачу, так сама, як і ў іншых, у галаве пераве́рнена! Такі малады, такі разумны вы чалаве́к; вы-бы маглі так добра наладзіць сваё жыцьцё!.. На мой стары розум, нічога з гэтага ня будзе. Шкада сіл, шкада ахвяр!
ЮРКА. — Не шкадуйце, пані! Жыць для ідэі і нават згінуць з вялікім клічам на вуснах — гэта так сама шчасьце!.. Э, што тут гутарыць, (усьмяхаючыся) мы з вамі ніколі не згаворымся!..
МАТКА (сумна). — Шкада мне́ гэтых матак, сыны каторых так марна што дзе́нь гінуць!
ЮРКА. — І многа яшчэ згіне, пакуль сонцо волі заясьне́е — а ўсё-ж наш ве́рх будзе!
МАТКА. — Эт, вас не пераканаеш! (Зьмяніўшы тон): Дык вы запраўды, значыць, е́дзеце?
ЮРКА. — Еду, пані! (дастае́ грошы). Я вам за паўме́сяца заплаціў ужо, значыцца належыцца яшчэ за паўме́сяца? Так? Крыўды ніякае няма, панечка?
МАТКА (бярэ грошы). Ды не, добра, усё добра… Як раз я пасьпе́ла прад выездам прыгатаваць вашу бялізну.
ЮРКА. А, гатова бялізна? Добра. Колькі нале́жыцца?
МАТКА. — Людвіська! Падай пану Ягору яго бялізну!.. Рубе́ль сорак…
ЮРКА (бярэ бялізну, плаціць). — Вось грошы… Ну, а цяпе́р, панечка, дзякую вам за ўсё, бо не абачымся — я ве́льмі рана е́ду… Выбачайце, калі я зрабіў вам што кѐпскага, і — не спамінайце благім словам… (цалуе яе́ ў руку).
МАТКА. — Пачакайце-ж, трэба вам яшчэ даць рэшты… (ідзе́ на ле́ва).
ЗЬЯВА V.
Людвіка, Юрка.
ЮРКА (да Людвікі ціха). — Сягоньня я прыду да цябе́ пагутарыць…
ЛЮДВІКА. — Добра. Як маці засьне́…
ЮРКА. — Алѐ. А трудненька-ж пераканаць тваю маму!..
ЛЮДВІКА. — Яе́ не пераканаеш. Шкада толькі, што пачаў гаварыць аб гэтым!
ЮРКА. — Усё роўна…
ЗЬЯВА VI.
Людвіка, Юрка, Матка.
МАТКА (варочаецца). — Вось маеце, панок, 60 капеек…
ЮРКА. — Добра, дзякую… Ну і трэба мне́ ўжо забірацца ў сваю кануру, супачыць… Ну, яшчэ раз (цалуе Матку ў руку і падае́ руку Людв.) бывайце здаровы і блага не ўспамінайце! (забірае бялізну і пачку, каторую прынёс з вуліцы, і йдзе́ на ле́ва).
ЗЬЯВА VII.
Людвіка, Матка.
МАТКА. — Бывайце здаровы, няхай вас Бог сьцеражэ! (да Людв.): Ну, і нам ужо пара супачыць. Праз уве́сь дзе́нь замарыліся! Кладзіся ўжо спаць, бо заўтра трэба рана ўставаць! (Забірае тале́рку Юркі).
ЛЮДВІКА (ідзе́ на лѐва).
ЗЬЯВА VIII.
Матка, пасьля Людвіка.
МАТКА (адна). — Эх, моладасьць, моладасьць! Ве́цер у галаве́ і больш нічога! (іронічна). Хэ-хэ! Яны сьве́т перавернуць уве́рх нагамі! Хэ, сьме́х, дый толькі!
ЛЮДВІКА (уходзіць; нясе́ пасьце́ль і кладзе́ яѐ на канапе).
МАТКА. — Я вазьму лямпу (бярэ лямпу), а ты бяры сьве́чку… Толькі, бач, ня чытай у начы сваіх дурных афішак, бо і вачэй шкада і сьве́чкі шкада! (ідзе́ на ле́ва).
ЗЬЯВА IX.
Людвіка (адна).
ЛЮДВІКА (запаляе сьве́чку і сьце́лець пасьце́ль на канапе). — Добра, ужо добра… (Паўза).
ЗЬЯВА X.
Людвіка і Юрка.
ЮРКА (уходзіць, затрымліваецца каля дзьвярэй).
ЛЮДВІКА (дае́ яму знак, каб стаяў ціха на ме́йсцы, а сама йдзе́ на ле́ва і слухае ля дзьвярэй, ці маці ўжо лягла спаць. Пасьля дае́ знак, што «ўсё добра»).
ЮРКА (падыходзіць бліжэй).
ЛЮДВІКА. — Ну, кажы толкам: куды е́дзеш? на што? ці кане́чна патрэба?
ЮРКА. — Трэба, Людвісечка, трэба! Ахрана напала ўжо на мой сьле́д. Калі-б мяне́ злавілі, ке́пска было-б для мяне́ і дрэнна для справы. Трэба ўцякаць!.. Апрача таго, я тут ужо зусім непатрэбны: тут работа ўжо наладжана, ідзе́ добра, а вось у правінцыі патрэбны людзі… (абыймае яе). Ах, Людвісечка! каб ты ве́дала, як мне́ ня хочацца е́хаць, раставацца з табой! Ды нічога не парадзіш, трэба ратавацца!..
ЛЮДВІКА. — Божанька ты мой! Мне страх, ці спаткаемся яшчэ калі ў жыцьці!..
ЮРКА. — О, Людвісечка! я-ж буду ад часу да часу прыяжджаць, пабачымся… (сядае на канапе). Ох, замарыўся я праз уве́сь дзе́нь! (глядзіць уперад). Усё кіпіць, усюды йдзе́ работа, кожны дзе́нь прыносіць з сабой новыя здарэньні… Здаецца, тутка стануць чыгункі.
ЛЮДВІКА (радасна). — Што ты кажаш?!
ЮРКА. — Але! Усё жыцьцё стрымаем! Усё станець!..
ЛЮДВІКА (як выж.). — А, Юрачка-ж ты мой!
ЮРКА. — Вось як то будзе, мая галубанька! І хутка ўжо трэба будзе выйсьці на вуліцу, каб паказаць сьве́ту нашую моц, нашую сілу!.. Цяпе́р арганізуюцца лятучыя баявыя дружыны і вось я еду арганізаваць гэтыя самыя дружыны на правінцыі.
ЛЮДВІКА. — Юрачка ты мой! каб цябе́ толькі там не спаймалі!
ЮРКА. — Хіба не… А што суджана, ад таго не ўцячэш! Няма што!.. (раптам) Людвіся, любіш ты мяне́?
ЛЮДВІКА (сьмяе́цца). — Вось — пытаецца!
ЮРКА. — Ве́льмі? Моцна?
ЛЮДВІКА (жартуючы). — Не, ня люблю! (закідае яму рукі на шыю і сьмяцца) Ненавіджу!
ЮРКА (я. в.). — Ніколі не забудзеш?
ЛЮДВІКА. На што пытаешся? — Ніколі!
ЮРКА (я. в.) — Прысягнеш?
ЛЮДВІКА. — Прысягаю!
ЮРКА. — Не, ня так! (выймае рэвальвэр). Прысягнем сабе́ ве́рнасьць на гэты браўнінг… (складаюць рукі на рэвальвэр). Прысягаю…
ЛЮДВІКА (паўтарае за ім). — Прысягаю…
ЮРКА. — … што буду цябе́ любіць ве́чна…
ЛЮДВІКА (я. в.) — … што буду цябе́ любіць ве́чна…
ЮРКА. — аж да магілы…
ЛЮДВІКА. — аж да магілы…
ЮРКА. — Калі-ж бы зрадзіў цябе́…
ЛЮДВІКА (я. в.) — …Калі-ж бы здрадзіла цябе́…
ЮРКА. — …няхай за маю няве́рнасьць…
ЛЮДВІКА. (я. в.) — …няхай за маю няве́рнасьць…
ЮРКА. — …пе́ршая на вуліцы куля расчэпіць мне́ галаву…
ЛЮДВІКА (я. в.) — …пе́ршая на вуліцы куля расчэпіць мнѐ галаву.
(Юрка хавае рэвальвэр. Цалуюцца).
За вакном чуваць цяжкія крокі не́калькіх людзей і звяканьне аружжа.
ЮРКА (хутка задзьмухавае сьве́чку). — Патруль! (Паўза. Запаляе сьве́чку). Праз шчэліны ў вашых вакяніцах відаць усё, што дзе́ецца ў сярэдзіне.
ЛЮДВІКА. — Я закрыю (закрывае вакно колдрай).
ЮРКА (памагае ей). — Ну, вось гэтак, — гэтак будзе спакайне́й…
ЛЮДВІКА (сядае на канапе).
ЮРКА (сядае на падлозе і кладзе́ галаву на яе́ кале́ньне). — Ох, як мне добра, Людвіська! Добра!.. А табе́?
ЛЮДВІКА. І мне́ добра, Юрачка!
ЮРКА. — Каб так праз усё жыцьцё!
ЛЮДВІКА. — Ты хацеў-бы?
ЮРКА. — Але́!
ЛЮДВІКА. — Ад цябе́ гэта залежыць.
ЮРКА. — Не, Людачка, гэта ня так! Хто ня ведае, дзе заўтра прачхне́цца, ці на сваім сяньніку — у хаце, ці на турэмных нарах, той ня можа… не павінен абзавадзіцца сям‘ёй, бо… і іншым папсуе́ жыцьцё і сябе́ адарве́ ад справы грамадзянскай… Іншым ужо так на долю выпала — праз усё жыцьцё быць бясхатнімі… Прачытай вось тую кніжку, што я калісь табе́ даў, зразуме́еш…
ЛЮДВІКА. — Юрка! А калі б і я працавала з табой для справы грамадзянскай, калі б мы супольна працавалі, тады-б маглі быць заўсёды разам? Юрка! пазнаём мяне́ з кім трэба, дай працу!..
ЮРКА. — Я ўжо аб гэтым думаў… я казаў ужо аб табе́. Тут да цябе́ яны самі зьвернуцца… як прыдзе час… Бач толькі, каб твая мама ні аб чым не даве́далася…
ЛЮДВІКА. — О крый Божа! Не даведаецца!
ЮРКА. — Бо зрабіла-б страшэнную авантуру!.. Вось пакуль што чытай. Прачытай усе́ кніжкі, якія я табе́ даў…
ЛЮДВІКА. — Добра… І тады будзем заўсёды разам. Я пае́ду туды, дзе ты будзеш, пашукаю для сябе́ якой работы. Добра, Юрачка? — будзем разам?
ЮРКА. — Будзем разам… пакуль турма не разлучыць…
ЛЮДВІКА. — Ох, не кажы гэтак, бо мне́ плакаць хочацца! (чуваць гдзесьці званок ад брамы).
ЮРКА (слухае). — Цсс!.. звоняць!
ЛЮДВІКА (спакойна). — Звоніць нехта да стоража.
ЮРКА. — Звоняць!!. прачуваю не́шта благое. Хто ве́дае! мо’ гэта… (чуваць стук у дзьверы з вуліцы).
ЮРКА. — Прышлі!! Трэ’ ўцякаць!
ЛЮДВІКА. — О Божа!.. Гдзе-ж ты схаваешся?!.
ЮРКА (гаворыць шыбка). — Тут — выжэй — у гэтым доме таварышы — схаваюць, каб толькі пасьпець, пакуль брама… Палі ўсё што я табе́ даў! — Бывай здарова!.. (абыймае яе́, цалуе́ і выбягае на права).
ЗЬЯВА XI.
Людвіка, пасля Матка.
ЛЮДВІКА (бяжыць да шафы з бялізнай, выцягавае з сподняй паліцы схаваныя там папе́ры і кідае ў пе́ч; пасьля хапае сьве́чку і падпалявае. У дзьеры стукаюць усё мацне́й).
МАТКА (акрыўшыся хусткай, выходзіць з левых дзьвярэй) — Хто-ж гэта стукае? Ты яшчэ ня сьпіш? Чаму ж ня пытаешся, хто там? (ідзѐ да дзьвярэй).
ЛЮДВІКА (ціха). — Мама! не адчыняй!
МАТКА (глядзіць зьдзіваваўшыся). — Чаго ты! што гэта?!.
ЛЮДВІКА (ціха). Паліцыя!.. (Як усе́ папе́ркі кінула ў пе́ч, і заясьне́ў агонь, ідзе́ да дзьвярэй і адчыняе́).
ЗЬЯВА XII.
Людвіка, Матка, Акалодачны, салдаты і паліцыя.
АКАЛОДАЧНЫ (уходзіць з салдатамі і паліцыяй). — Здесь жывёт Георгій Івашко? Где он?
МАТКА (хоча адказаць).
ЛЮДВІКА (дае́ ёй знак, каб маўчала). — Ен сягоньня яшчэ не вярнуўся…
АКАЛОДАЧНЫ. — Мы должны зделать обыск.
МАТКА. — Божа мой! чаго я дачакалася!..
ЗАСЛОНА.
Акт II
правіць
АКТ II.
Сцэна тая-ж самая. Дзе́нь. Вакяніцы адчынены. Праз вокны відаць вуліцу і праходжых.
ЗЬЯВА I.
Матка і Сусе́дка.
(сядзяць пры стале):
СУСЕДКА. — Іду я сягоньня, панечка, да ятак, — яткі зачынены! Ну, што ж, думаю сабе́, нічога ня зробіш, — як рэвалюцыя, дык рэвалюцыя! трэба абыйсьціся бяз мяса! Іду я ўжо дамоў, ажно спатыкаю Валентовую, сусе́дку. Тая кажа: „пойдзем на мітынг!“ Ды на які мітынг? адчапіся, кажу. А тая: „пойдзем, ды пойдзем!“ Ну, пайшла я. Уходзім. Саля вялікая, а народу так шчыльна, што няма дзе сярнічку уваткнуць. Стаю. Гляджу. Ажно тут адзін якійсь у чырвоным краваце, кудлаты такі, ускочыў на стол і як пачаў гаварыць, як пачаў гаварыць, так быццам аблакат якійсь. Толькі на момант дух перавядзе, і йзноў гаворыць — і йзноў гаворыць! А каб вы ве́далі, што ён казаў!? не паве́рыце! (цішэй) Усё на цара, ды на цара. „Проч, кажа, цара і усё такое, няхай жыве, кажа, рэвалюцыя“!
МАТКА. — А паліцыя што-ж на гэта?
СУСЕДКА. Дык пачакайце-ж, панечка!.. Паліцыі нідзе няма ні духу, як помялом вымела!.. Дык вось, як той кончыў, усе́ пачалі крычаць, пляскаць рукамі — авантура!.. Ажно тут ускочыў на той самы стол жыдок якійсь, малы, чорнамазы… Той так сама, як пачаў, як пачаў па іхняму, па жыдоўскаму гэргатаць, дык я аж дзівавалася, скуль гэта ў яго гэтулькі бярэцца! Ажно нарэшце узьлез якійсь лахматы — з барадой, ні то мужык, ні то мястовы — і пачаў, ведаеца, по нашаму, па простаму гаварыць… „Ды што, кажа, паны, тое ды сёе; што, кажа, буржуазы гэткія, каб іх не́мач! проч, кажа, цара і тое ды сёе, — дык я аж заплакала.
МАТКА. — А што дабра з гэтага мусіць ня будзе, дык ня будзе. Сама скажэце, панечка, вось бялізны ляжыць куча, сухая ужо, качать, прасаваць трэба, а ніводная з дзяўчат ня прыйшла да работы! — пайшлі, мусіць на гэтыя свае мітынгі!... І родная дачушка і тая кудысьці, бачыце, паляце́ла, — так сама мусіць на якійсь мітынг… А я тут сяджу адна, як малпа кіпці абцяўшы, і ня ве́даю, што рабіць.
СУСЕДКА. — То-ж вы ня ве́даеце, панечка: на чыгунцы забастоўка — ні адзін поезд ня йдзе, на почце забастоўка, ўсе хвабрыкі, крамы — усё зачынена! Людзі па вуліцы ходзяць, як у сьвята якое, нічого ня робяць…
МАТКА. — Божа мой! што з гэтага ўсяго будзе!
СУСЕДКА. — Мусіць добра будзе, калі ўсе́ так за адно ўзяліся.
МАТКА. — А мяне́ страх бярэ.
ЗЬЯВА II.
Матка, Суседка, Людвіка.
ЛЮДВІКА (уходзіць з вуліцы. Да сусе́дкі). — Дзень добры, пані!
СУСЕДКА. — Добры дзень! Што-ж чуваць?
ЛЮДВІКА. — Вы-ж пані былі на вуліцы — самі ве́даеце, што чуваць…
СУСЕДКА. — Але… Але…
МАТКА. — Скажы мне́, калі ласка, дзе ты бадзяешся? З дзяўчат ніводная сягодня ня прыйшла, а ты заме́ст памагчы мне́ тут, няма ве́дама дзе цягаешся без патрэбы!
ЛЮДВІКА. — Есьць цяпе́р важне́йшыя рэчы, чымсі прасаваць якуюсь там бялізну… (распрануўшыся, ідзе́ ў пакой на лева).
ЗЬЯВА III.
Матка, Суседка, пасля Людвіка (за сцэнай).
МАТКА (да сусе́дкі.) Вось вам!.. Разумненькая! Перавярнуў, ве́даеце, ёй зусім у галаве́ гэты, што кватэраваў у нас калісь — Юрка. Я думала, што гэтыя афішкі і брашуркі будуць, пакуль ён тут будзе, а яго вось, бач, няма, а яна дале́й цягае скульсь розныя папѐркі і лётае па якіхсь сходах, мітынгах, а па начах усё чытае ды чытае!.. Эх, ле́пш мусіць было-б, каб зусім ня ўмела чытаць, чымсі так дзяньгубіць[1] і марнаваць здароў‘е! Вучыцелькай, ці іншай паненкай усё роўна ня будзе.
СУСЕДКА. — Цяпе́р ўся моладзь такая, панечка! Часы іншыя прышлі!
МАТКА. — Эх, часы, часы!..
СУСЕДКА. — Так, дзіўные часы!.. Ну, бывайце ўжо здорова, панечка! — пагаварыла, пагутарыла і лягчэй на душы зрабілося — і пайду ўжо сабе. (кажэ да Людвікі за сцэну). Да пабачэньня, панна Людвіся!
ЛЮДВІКА (за сцэнай). — Бывайце здаровы, пані!
ЗЬЯВА IV.
Матка, Хлапец, Людвіка (за сцэнай).
МАТКА (разглядывая разложэнную бялізну).
ХЛАПЕЦ (уходзіць). — Таварышка Людвіка тут жыве?
МАТКА. — Чаго табе?
ХЛАПЕЦ. — Да таварышкі Людвікі.
МАТКА — (з іроніяй). „Да таварышкі…“, „да товарышкі…“ Бач, які таварыш знайшоўся! (клічэ). Людвіська!
ЛЮДВІКА (за сц.) — А што?
МАТКА. — Хадзі сюды! Тутака якісь „таварыш“ мае да цябѐ патрэбу.
ЗЬЯВА V.
Матка, Людвіка, Хлапец.
ЛЮДВІКА (уходзіць). — Да мяне́?
ХЛАПЕЦ (да Людвікі). — Таварышка Людвіка! пісулька для вас (выходзіць).
ЗЬЯВА VI.
Матка, Людвіка.
МАТКА. — Слухай, ці мая бяда калі колечы скончыцца?
ЛЮДВІКА. — Якая бяда?
МАТКА. — А ну з табой бяда. Я-ж ня ве́даю ні мінуты, ні гадзіны, калі на нас можа зваліцца няшчасьце. Я бачу, што ты спуталася з гэтымі здурэўшымі, з гэтымі рэвалюцыанерамі, (іронічна) з „таварышамі“…
ЛЮДВІКА (стаіць). — Ды кіньце, мама!
МАТКА. — Не, ня кіну! Хто-ж я табе, чужая, ці родная маці, каб мне́ не бале́ла сэрцо, бачучы, што, з табой робіцца. Што ты думаеш, што не́шта вялікае зробіш? Не тваім носам рабілі, і не зрабілі, а толькі марна згінулі.
ЛЮДВІКА. — Ды кіньце, мама!
МАТКА. — Што „кіньце“? Я ей кажу да розуму, хачу яе́ прасьцерагчы, а яна: „кіньце ды кіньце“… Так, так, добра! ня слухай мяне́, а слухай розных сваіх „таварышаў“, яны цябе́ на добрую дарогу вывядуць!.. Мо’ нават бяз шлюбу пачнеш жыць з нейкім з гэтых гарэтыкаў.
ЛЮДВІКА. — Чаго мама да мяне́ сягоньня прычапілася, далібог не разуме́ю?!
МАТКА. — „Прычапілася!“, „прычапілася!“ Гэта-ж як ты мне́ атказаваеш! Бачу, што цябе́ ўжо яны зусім перарабілі на свой капыл: маткі свае́ не паважаеш!.. Людвіська! Ты ўжо ня дзіця! табе́ ўжо 18 гадоў! Ужо пара падумаць аб сабе́. Пара ўжо выйсьці замуж за якога сталага чалаве́ка… Бо памятай што сапсаваць сабе́ славу ве́льмі лёгка, і тады праз усё жыцьцё пакутаваць будзеш і мяне́ праклінаць, што я цябе́ не сьцерагла.
ЛЮДВІКА. — Не хачу я замуж!
МАТКА. — Бо дурная! (устае́). Эх, Людвіська, Людвіська! Кажу табе́ да розуму хачу выратаваць цябе́, раблю, што магу. Ня слухаеш мае́ рады, — рабі, што хочаш, — сама ўсяму віной будзеш. Э, хэ-хэ! Дачакалася я пацехі на старасьць!.. (выходзіць).
ЗЬЯВА VII.
Людвіка (адна).
ЛЮДВІКА (сьціснуўшы плячмі). — Чаго далібог мама… не разумею (адчыняе пісульку. Зіркнуўшы ў яе́, уце́шылася). А!.. (чытае) „Прыехаў на пару дзён. Сягоньня пабачымся. Твой Юрка“. (кажа): Юрка прые́хаў! Юрачка прые́хаў! (махінальна бяжыць да люстэрка і папраўляе валасы). „Сягоньня пабачымся“… значыць ён хіба сюды прыйдзе? Гм!.. Што тут зрабіць?! (кліча): Мама! Мама!
ЗЬЯВА VIII.
Людвіка, Матка.
МАТКА (ўходзіць). — Чаго хочаш?
ЛЮДВІКА. — Мама!.. Мамачка! Я маю да мамы прозьбу: сягоньня тут да нас не́хта прыйдзе…
МАТКА (іроніч.). — Мусіць ніхто іншы, як якійсь „таварыш“?
ЛЮДВІКА. — Мама! Я мамы ве́льмі прашу… Мама памятае? — тут у нас кватэраваў Юрка Івашка.
МАТКА. — Дык што? Яго-ж няма.
ЛЮДВІКА. — Мамачка! ён сягоньня прыйдзе. Ен прые́хаў. Ен пісаў.
МАТКА. — Каб нам бяды набрацца — яго-ж паліцыя шукае. Добра, што тады так счасьліва удалося з гэтай рэвізіяй, — не заўсёды так будзе… Чаго-ж ён?..
ЛЮДВІКА. — Ну, так сабе́… у госьці… да знаёмых… Што-ж тут дзіўнага?
МАТКА. — Ага, вось яно што! Значыцца між вамі яшчэ ня кончылася, а ўжо думала… Эй, дзяўчына! усё ты робіш супроць мяне́, усё не паводлуг маіх. думак. Ну што Юрка? Ці-ж гэта муж? Праўда, ён нічога… сымпатычны, разумны, аж дзівота, што просты работнік ды такі вучоны, але што-ж, калі ў галаве пераве́рнена з гэтай рэвалюцыяй!.. (сядае).
ЛЮДВІКА (ня гле́дзячы на матку). — Мама ўсё: муж ды муж, замуж ды замуж! Ці-ж нельга так быць знаёмымі?
МАТКА. — Я даўно ўжо бачыла, што між вамі не́шта было, я-ж не сьляпая, дзякаваць Богу!.. Людвіська! кажы мне́ шчыра, усю праўду: было між вамі што, ці не?
ЛЮДВІКА (я. в.). — Чаго мама хоча?
МАТКА. — Кажы: так, ці не?
ЛЮДВІКА. — На што мама мяне́ мучыць?
МАТКА. — Гэта ты мяне́ мучыш! Не шкадуеш маіх сівых валасоў! Адказавай: так, ці не?
ЛЮДВІКА. — Мама… бо-ж я люблю яго!.. (сядае і закрывае вочы рукамі).
МАТКА (сумна). — Здурэла мая дачка, здурэла — ашале́ла! Эх, і мае́ віны, тут шмат! Чаму ж я адразу, як пачала не́шта дагадавацца, не прагнала яго, як сабаку, гэтага бязбожніка! сацыяліста праклятага!.. Вось, значыць, якія ўсе́ гэтыя вашыя „таварышы“! — толькі ласы на чэсць дзявочую, а пасьля — фю! і паляце́ў гдзе́сьці у сьве́т шырокі.
ЛЮДВІКА. (Блізка плачу). — Мама! Хочаце? прагане́це мяне́! я зара пайду ад вас і не вярнуся боле́й, толькі ня мучце мяне!.. І скуль гэта ў вас бярэцца гэтая злосць на мяне́, да ўсіх, да ўсяго сьве́ту?! Вы бы толькі мучылі ды мучылі мяне́ сваймі гутаркамі, кажучы, што гэта для дабра майго робіце… Я даўжэй, далібог, ня вытрываю! Кіну вас і пайду, куды вочы панясуць!
МАТКА. — Але, туды табе́ і дарога! Я бачу, што табе́ даўно ўжо хочацца ісьці „куды вочы панясуць“, валацуга ты!!
ЛЮДВІКА (ўскаківае). — Я яшчэ не такая, але можа буду такой з віны мамы. Бо ня вытрываю тут, далібог, ня вытрываю! мне́ душна тут! зразумейце: мне́ душна тут!!
(За сцэнай прыбліжаючыйся сьпе́ў многіх галасоў.)
Кроў нашу каты льюць ракамі,
Сьлязы народныя цякуць.
Расправу з часам зробім самі,
Ці-ж будзем ве́чна каркі гнуць? —
Ня будзем даўжэй каркі гнуць!
Гэй, дале́й! гэй дале́й! Чутно кліч:
Штандар наш пераве́рне троны!
Ен увесь у крыві,
Аб волі родзіць сны.
А яго колер ёсьць чырвоны,
Бо ён ў работніцкай крыві,
Бо ўвесь ён змочан у крыві!
Гэй, проч, тыраны, проч з дарогі!
Хай прападзе́ ваш стары лад!
На суд вас клічам, на суд строгі
За крыўды, што цярпе́ў наш брат…
(Абе́дзьве крыху маўчаць і слухаюць).
ЛЮДВІКА (д. с.). — Чырвоны штандар!.. (хапае капялюш).
МАТКА. — Ты куды хочаш ісьці?
ЛЮДВІКА. — Там — на дэмонстрацыю! Там пяюць пе́сьню крыві і свабоды! Я там павінна быць!..
МАТКА (адбірае ад яе́ капялюш). — Ня пойдзеш!!
ЛЮДВІКА. — Пайду! Яны — гэныя, што там, бліжэйшыя мне́ за родную маці!.. Пусьціце!.. аддайце капялюш!
МАТКА. — Ах, ты вырадак гэткі! А я кажу, што ня пойдзеш, ашале́ўшая ты дзяўчына!
ЛЮДВІКА. — Не даіцё!.. Добра! Пайду і так!.. (хватае з канапы хустку).
(Чуваць трэск выстрэлаў; пяяньне Чырвонага штандару зьліваецца з гоманам народу).
ГОМАН НАРОДУ.
I. Уцякай! войска йдзе́!
II. Хавайся ў браму! салдаты страляюць!..
III. Далоў самодзяржаўе! няхай жыве́ рэвалюцыя!
IV. Людцы добрыя! ратуйце!..
V. Людзі! не здратуйця! памажэце ўстаць!..
VI. Давай дарогу, калі сам ня йдзе́ш!.. і т. п. залежна ад помыслаў рэжысэра.
(Праз вокны відаць народ, заховываючыйся адпаве́дна да вышэй дадзеных слоў. Чуваць зык разьбіванага шкла).
МАТКА (злой іроніяй): — Вось маеш!.. Ідзі цяпер!.. — Што-ж ты стаіш?! завесь вакно! хутчэй! хутчэй!..
(Адна заве́шавае хвіранку на адным вакне, другая — на другім).
МАТКА. — Зачыняй дзьве́ры! хутчэй!
(Абе́дьзве бягуць да дзьвярэй. Раптам дзьве́ры з імпэтам адчыняюцца і ўходзяць 2-х незнаёмых, нясучы якогась мужчыну, каторага кладуць на канапе. Твару яго ня відаць, бо адве́рнен ад публікі).
ЗЬЯВА IX.
Матка, Людвіка, Ягор, I-ы Незнаёмы, II-і Незнаёмы.
МАТКА. — Не нясе́це! не нясе́це! ня трэба! Што вы?! згубіць нас хочаце?
I-Ы НЕЗНАЕМЫ. — Хочаце, каб яго коні казацкія здратавалі?
II-і НЕЗНАЕМЫ. — Чалаве́к памірае, а вы бяз ніякае літасьці!.. (выходзяць).
(Людвіка і яе́ Матка стаяць трохі часу, ня ведаючы, што рабіць).
ЗЬЯВА X.
Матка, Людвіка, Юрка.
ЛЮДВІКА (пасьля паўзы). — Трэба-ж яго ратаваць… (падыходзіць да канапы) Таварыш! што вам? Вы ранены?
ЮРКА (памалу адварачывае голову).
ЛЮДВІКА (з крыкам кідаючыся да яго): — Юрка!!!
ЮРКА (цяжка дыхае, яму трудна гаварыць; прытамне́е): — Дзе я?..
ЛЮДВІКА. — Ты тут — у нас!
ЮРКА. — У вас?.. я думаў, што… (глядзіць на Людвіку, выцягівае руку) Людвіся!.. Ты?
ЛЮДВІКА. — Я… гэта я, Юрка! Што табе? цябе́ ранілі?
ЮРКА. — Дыхаць… цяжка… Здаецца… тут (паказавае на грудзі).
МАТКА (прыглядаецца з боку гэтай сцэне. З яе́ твару відаць, што ве́льмі нездаволена).
ЛЮДВІКА (разшпіляе камізэльку і кашулю Юркі). — Ах, мама, мама! памажэце мне́, я ня ве́даю, што рабіць!
ЮРКА. — Ня трэба… нічога… пройдзе…
МАТКА (падыходзіць). — Цяпе́р няма як ні дохтара паклікаць, ні да аптэкі схадзіць… (паказаваючы на вуліцу). Чуеш, што там?
ЛЮДВІКА. — Аптэка блізка… я пабягу… Выйду праз браму…
МАТКА. — Бойся-ж Бога! якжа-ж ты цяпе́р пойдзеш!
ЛЮДВІКА. — Нічога… (выбягае на права).
ЗЬЯВА XI.
Матка, Юрка.
МАТКА. — Людвіся! чакай!.. Людвіся! (д. с.) Пабе́гла! Ах, што гэтая дзяўчына робіць!.. (падыходзіць да Юркі). І на што было вам туды лезьці!? Ах, людзі, людзі! (выбірае з шафы палатняныя кавалкі і бярэ з стала жбанок з вадой). Самі сябе́ не шкадуюць! губяць сваё жыцьцё маладое!.. А Людвіська — паляце́ла! а там на вуліцы пе́кла! Ах, людзі, людзі!.. (варочаецца да Юркі). Пачакайце, прыме́це руку… вось так… (абмывае яму рану).
ЮРКА. — Хто гэта?.. Вы… пані?..
МАТКА. — Але… але… Ляжэце спакойна!
ЮРКА. — Скуль я… тутака?
МАТКА. — Прынесьлі вас на нашу бяду не́йкія з вуліцы… Вось як супакоіцца, трэба вас будзе ў бальніцу…
ЮРКА. — Ня трэба… ў бальніцу… арэштуюць…
(На вуліцы робіцца спакайне́й.)
МАТКА. — Ага!.. А што-ж вы думаеце, што тут у нас ляжаць і хварэць будзеце? Не, панок, выбачайце, але гэтага ня будзе! І так праз вас ужо шмат непрые́мнасьці было!..
Ах, пан Ягор, пан Ягор! Шмат вы мне благога зрабілі, шмат! і за што? На што вы Людвіську збаламуцілі, на што вы ей у галаве перавярнулі? Эх, пан Ягор! вось цяпе́р кара Божая на вас за
гэта!..
Ах, каб цяпер раптам увайшла паліцыя! што-бы я ім адказала? як выкруцілася? ляжыць ранены і няма ніякога адказу! Прапалі-б мы зусім. Што мне́ цяпе́р з вамі рабіць? што рабіць?!
ЮРКА. — Я… супачыну… зараз… пайду…
МАТКА. — Пойдзеце, але́!.. Так толькі кажаце. Як-жа-ж пойдзеце, калі вы ні рукой, ні нагой крануць ня можаце? Эх, бяда з вамі дый толькі!..
А Людвіську выкіньце, панок, з галавы і не намаўляйце яе́ на гэтыя рэвалюцыі. Яна ўжо мне́ прызналася, што вас ня любіла і ня любіць і што вы задурылі е́й галаву сваймі гутаркамі…
Эх, праўда!.. што я тут яму кажу, калі ён няпрытомны! Тут дохтар патрэбны, а не мае словы!.. А што з гэтай Людвіськай?! каб, крый Божа, ня здарылася якое няшчасьце!..
ЮРЫ. — Дайце… піць…
МАТКА. — Што? піць хочаце? Пачакайце, зараз вам прынясу сьве́жай вады!.. (ідзе́ на лева).
ЗЬЯВА XII.
Юрка (адзін).
ЮРКА. (цяжка падымаецца) — Ня трэба… ім… перашкаджаць?.. Хай сабѐ… жывуць… як ране́й… Няхай… дзе́ шапка… Ня буду перашкаджаць… (хоча ісьці да дзьвярэй і валіцца каля парога).
ЗЬЯВА XIII.
Юрка, Людвіка.
ЛЮДВІКА. (ўбягае) — Ідзе́ доктар, Юрка!.. Юр… Што гэта?! Юрка! (падбягае да яго і падымае яго галаву). Што з табой, кажы, Юрачка, Юрка!.. (пабачыўшы праўду, крычыць). Ах! не жыве́! памёр!.. без мяне́!.. Божа! што мне рабіць?! Забілі зьвяры, майго Юрачку!.. помста разбойнікам!
(Падымае з яго грудзе́й змочаную ў крыві хустачку).
Вось мой штандар! ён уве́сь у крыві! Помста за пралітую кроў!..
(У далі чуваць сьпе́ў: «Чырвоны Штандар»).
Цсс!.. Юрка! Чуеш? „Чырвоны штандар!“ Наш «Чырвоны штандар»! Пяюць! Ідуць… Помсту нясуць за работніцкую кроў!.. (пачынае рытмічна дэклямаваць ў тахт пеянага за сцэнай марша).
Гэй, дале́й! гэй, дале́й! чутно кліч:
Штандар наш пераве́рне троны!
Ен уве́сь у крыві,
Аб волі родзіць сны.
А яго колер ёсьць чырвоны,
Бо ён ў работніцкай крыві.
Бо ўве́сь ён замочан у крыві!
Юрка! гдзе́ твой браўнінг? (шукае у яго кішэнях і знаходзіць рэвальвэр у кішані курткі). Вось!.. (цалуе яго). Юрачка! Іду ужо!. Помста тыранам, Юрачка!.. Помста тыранам!.. (выбягае праз сярэдзіну).
(Калі яна адчыняе дзьверы ад вуліцы, уходзіць Матка).
ЗЬЯВА XIV.
Матка, Юрка.
МАТКА. — Людвіся! стой! чакай! што ты робіш?
(Хоча бе́гчы за ёй, але раптам за сцэнай чуваць выстрал, пасьля трэск стрэляніны).
МАТКА (з крыкам закрывае сабе́ вочы рукамі). — Ах, Людвіся!!!
ЗАСЛОНА.
КАНЕЦ.
Чорны Бор пад Вільняй.
Чэрвень — Ліпень 1917 г.
- ↑ Марнаваць час.
Цана 75 капеек.
Склад у „Беларускага Выдавецкага Таварыства“: Вільня, Вастрабрамская, № 9.
Можна купляць у кнігарні „Бел. Выд. Т-ва“: Вільня, Завальная, № 7.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.