Калі асядае муць (Кляшторны)

Калі асядае муць
Паэма
Аўтар: Тодар Кляшторны
1927-1928
Крыніца: Узвышша, 1927, №6, с.97-103; 1928, №2, с.84-98 i №3, с.76-85

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСТКА ПЕРШАЯ

правіць

        Вечар!..
        У небе высокім
        Слаўся над хмарамі дым...
        Веяла нечым далёкім,
        Нечым такім дарагім.
        Веяла пахамі жыта,
        Веяла прэлай травой
        І дарагім перажытым
        Пад сінявою страхой...
        Нібыта родную вёску
        Нехта у горад прывёз...
        ...Тлелі зь вячэрняга воску
        Дальнія сьвечкі нябёс.
        Плечы ахутвала сьцюжа.
        Падалі долу лісты...
        – Добрага вечару, дружа!..
        – Яська!..
        Няўжо гэта ты?!..
        Дружа!
        Так многа,
        Так многа
        Вёсен і зім уцякло...
        ...Новае ў сэрцы жыло,
        Беглі другія дарогі...
        Момант!..
        Адно вокаімгненьне –
        Зноўку сышліся чаўны... –
        Тодар!..
        Жыцьцё не скляпеньне
        Акамянелай труны.
        Кажуць: ня сыдуцца горы,
        Шапку ня скіне Казьбек,
        А чалавек –
        Гэта ня цень касагору...
        Цень ад гары не ляціць...
        Людзі шукаюць другога...
        ...Заўжды, браток, у жыцьці
        Сходзяцца зноўку дарогі...
        
        * * *
        
        Мы спаткаліся зь ім...
        ...Сем гадоў праімчала, бы дым,
        Нібы сон...
        ...Сем гадоў!..
        А так сьвежы былі успаміны...
        Нібы толькі учора
        За чорным укомскім сталом
        Мы нэрвова паціснулі рукі.
        З задуменнай усьмешкай вачэй
        На пражытае глянулі,
        І пайшлі,
        І пайшлі
        Да далёкіх другіх берагоў...
        Час ішоў!..
        Пад бялявымі чарамі месяцу
        Многа канула сьлёз і вады
        У бяздонную сінь акіяну...
        Людзі плакалі,
        Людзі імкнуліся, –
        Будавалі... Змагаліся... Марылі...
        Кожны грэўся ля дальняга вогнішча
        Недасягнутых сёньня надзей...
        ...Разышліся
        У той дзень Беларусі
        Лучнікамі кадзіла нямая туга...
        ...Сем гадоў праімчала, бы дым,
        – Нібы сон...
        ...Сем гадоў!..
        Мы спаткаліся зноўку...
        Толькі што гэта?!
        Сёньня ня тыя дарогі і мы...
        Сёньня думаю я аб інакшым –
        Сёньня думаеш ты аб другім...
        
        * * *
        
        Ноч!..
        
        Агні!..
        
        Тэатральная ложа!..
        
        Каляровасьць!..
        
        Трымценьне!..
        
        Шум!..
        
        Нешта сэрца трывожыць,
        Трывожыць,
        І тугой авявае душу.
        Я шукаю знарок супакою,
        Я хачу адпачынак знайсьці...
        Раскажы мне што-небудзь такое,
        Раскажы аб мінулым жыцьці.
        Штосьці сэрца ахутвае вусьціж,
        Назіраючы фільмы жыцьця...
        Не люблю расфарбованых вуснаў,
        Не люблю,
        За півонь на фальшывым экране
        Я ніколі душы не аддам...
        ...А вось тут, –
        Паглядзі, па-за намі
        Колькі, колькі
        Расьпісаных дам.
        Ім жыцьцё – дыямэнтныя мілі,
        Пазалота бялявых плячэй...
        Мо' за гэтым і душы астылі,
        І патухлі усьмешкай вачэй?!.
        Я шукаю ад супакою,
        Я хачу адпачынак знайсьці...
        Раскажы мне што-небудзь такое,
        Раскажы аб мінулым жыцьці...
        – Не пытай!
        Ты ня ведаеш, дружа,
        Што на сэрцы
        Паўтысячы ран,
        Што уперадзе сьцюжа
        І сьцюжа,
        І асеньняга шчасьця экран.
        Што ты, Яська,
        Як баба якая,
        Галаву апускаеш на дол?!.
        – Не дзівіся!..
        І горды арол
        Свае крыльлі дашчэнту ламае...
        ...Не дзівіся!..
        У вагнёх кананады
        Дагарэла,
        Што можа гарэць...
        На разьбітай
        Жыцьцёвай эстрадзе
        Зараз нечым надзеі сагрэць.
        Перажыў я
        Крывавую бойку,
        І сябе, як відаць, перажыў...
        Колісь я
        Дарагою вінтоўкай,
        Бы каханай сваёй даражыў.
        Даражыў...
        І ня рэдка,
        Ня рэдка,
        Калі месяц маліўся цішы,
        Я адважна ішоў у разьведку
        Зь нечуваным спакоем душы.
        Бо я ведаў:
        Ад роднае хаты
        Не прыйшоў я для скаргі і сьлёз,
        Дзе служылі вячэрню гарматы,
        І дыміліся сьвечы нябёс...
        А мой бацька,
        (Як потым пісалі)
        Пасылаў свайму сыну праклён,
        Ўспамінаючы часта мэдалі
        І аджытыя тасьмы пагон.
        Час ішоў...
        На разьбітыя сьцены
        Асядала туга і туман,
        Ападалі адвечныя сьцені,
        Праясьняўся жыцьцёвы экран.
        І тады я
        Ідэі ня здрадзіў,
        Калі штык мой
        Іржой загараў...
        На нязвыклай укомскай пасадзе
        Я гарэў...
        Палымеў...
        Дагараў!..
        А мой бацька
        (Як потым пісалі)
        Ні сябе, ні мяне не журыў,
        Ён укінуў у печку мэдалі
        І пагоны з сурдутам спаліў...
        Адчыніў
        Магазін на Каломне,
        А празь месяц ён піша ў лістох:
        – Прыязджай, даражэнькі, дадому,
        Не зважай,
        Не зважай ні на што.
        Вельмі рад я,
        Што сын камсамолец,
        Але ты
        Не зусім камсамоль...
        Вецер з поўначы зноўку нагоніць
        І сьнягі,
        І асеньнюю золь...
        Расьцьвітаюць і астры,
        Бы казка,
        Прыгажэй іх увосень няма,
        Але прыйдзе на лыжах зіма –
        Хто пазнае,
        Дзе сьнег, а дзе краскі?!
        А ідэі –
        Ня цьмін залаты?
        А імкненьні –
        Ня тыя ж лілеі?
        Я ня ведаю,
        Што гэта ты
        Так аддаўся душою ідэям?!
        Вецер з поўначы
        Зноўку нагоніць
        І тугу,
        І жыцёвую золь...
        Вельмі рад я,
        Што ты камсамолец,
        Але ты
        Не зусім камсамоль.
        
        * * *
        
        Дні плылі,
        І плылі у прадвечнасьць,
        Нібы каўкі на чорную баль,
        А на сэрцы расла супярэчнасьць,
        Пахмурнела ружовая даль.
        У ружовых агнёх захапленьня
        Дагарэла,
        Што можа гарэць...
        Дзе шукаць,
        І якога збавеньня,
        Калі нечым надзеі сагрэць?..
        Пустацьветам
        На чорным экране
        Адцьвіла,
        Нібы сон, маладосьць...
        Зь нерасквечанай краскай каханьня
        Мне зьявіўся нягаданы госьць.
        Пакахаў я
        Аднойчы дзяўчыну
        (Хіба ў казцы пра гэта казаць),
        Пакахаў!..
        Як сябе,
        Як айчыну,
        Як ня ўмеюць на сьвеце кахаць.
        Толькі, ведаеш,
        Позьняя вішня
        Асыпае зь пялёсткамі плён...
        І мяне за жыцьцёвым кілішкам
        Напаткаў векавечны закон.
        Я кахаў, –
        Цалавалі другія,
        Я маліўся, –
        А нехта пляваў,
        Я шукаў дарагога Месію,
        А Іуда яго прадаваў...
        Я ішоў,
        Дзе сьмяяліся ружы,
        Дзе, здавалася, гінуў туман,
        А прыходзіў:
        Жыцьцёвая сьцюжа
        Абрывала далёкі экран.
        За півонь на фальшывым экране
        Я расьпяў на пахілым крыжы
        І апошнюю краску каханьня,
        І апошнія крозы душы.
        Вось тады
        За сталы рэстарану
        Мяне кінуў бязьлітасны лёс,
        Заліваць нечуваныя раны
        Разам з болем
        Нявылітых сьлёз.
        
        * * *
        
        Помню вечар...
        Той памятны вечар...
        Асыпалася лісьце бяроз,
        І дыміліся першыя сьвечы
        На эмалевай сіні нябёс.
        Штосьці стукала,
        Стукала сэрца...
        ...Быццам нехта
        Разбурыў сусьвет...
        ...Адабралі білет на ячэйцы,
        Адабралі партыйны білет...
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        Ноч!
        
        Агні!
        
        Рэстаранныя скрыпкі!
        
        Каляровасьць!
        
        Трымценьне!
        
        Шум!
        
        ...Нейчы голас надломана-хрыплы
        Дзікім рогатам раніў душу...
        Залівалі тут
        Душы і раны,
        Дзе туман свае рукі прасьцёр...
        А за чорнай сьцяной рэстарану
        Будавалі другое жыцьцё...
        Мне хацелася
        Жыць па-другому,
        А ці здолен я?
        Цяжка сказаць...
        Мо’ ніколі жытнёвым заломам
        Самастойна на ногі ня стаць...
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        Што сказаць?!
        Ты ня ведаеш, дружа,
        Што на сэрцы паўтысячы ран,
        Што наперадзе
        
        Сьцюжа
        
        І сьцюжа,
        
        І асеньняга шчасьця экран...
        
        Я застыў у сваім задуменьні,
        А калега павіс галавой...
        Ападалі люстраныя цені, –
        Галасіла раяль за сьцяной.
        Нібы хтосьці
        Узрыдамі грудзі
        Над халоднай труной надрываў...
        Чорны смутак душу авяваў...
        Безудзельна праходзілі людзі...
        Эх вы, Яські!..
        Няўжо за гарамі
        Вас пакінуў жыцьцёвы цягнік.
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        Вашы душы іржой загараюць,
        Як на полі пакінуты штык...
        Заўжды позна расьцьвіўшая вішня
        Асыпае пялёсткамі плён...
        Вось і вас
        За жыцьцёвым кілішкам
        Напаткаў векавечны закон...
        Мы усе на палёх кананады
        Загубілі юнацкія дні...
        Але зараз
        На новай эстрадзе
        Не патухнуць жывыя вагні...
        Паглядзі!
        На разьбітыя сьцены
        Асядае туга і туман...
        Ападаюць адвечныя сьцені,
        Праясьняецца новы экран...

ЧАСТКА ДРУГАЯ

правіць

        
        І
        
        Што за дзень?! Мінеш старонак сорак,
        Бачыш: змрочнасьць зьвісла за вакном...
        Непрыкметна прыйдзе адвячорак,
        І жыцьцё пакарацее днём.
        
        Дні бягуць... і нейкая маркота...
        Нават сумна часам між людзей...
        Каб разьвеяць сон і адзіноту,
        Я іду да Ніны пасядзець.
        
        Уздоўж Савецкай шыбы загараюць
        На кастрох узмоленай зары...
        Мабыць, рэдка людзі спатыкаюць
        У жыцьці такія вечары...
        
        Сёньня шчасьце новае красуецца
        Горда-палкім пульсам маладым...
        Нават горад высыпаў на вуліцу,
        Не прайсьці па плітах гарадскіх.
        
        Паглядзіш... і радасьць зацьвітае,
        Спатыкаеш дзеі без трывог...
        Кашаль грудзі хворыя сьціскае,
        І кругі крывавыя ў вачох...
        
        А між тым: у векавечных шатах,
        Дзе няма ні спрэчак, ні маны,
        Я запісан, мабыць, кандыдатам
        Першым да бліжайшае труны.
        
        А хачу да болю, да адчаю
        (Хоць староньнім неякім гасьцём)
        Назіраць, як людзі да бяскраю
        Перайначваюць законы і жыцьцё.
        
        
        
        ІІ
        
        Я прыходжу... адчыняю дзьверы...
        Цішыня!.. як у той труне...
        Бачу ліст памятае паперы,
        Адрасованы нібыта мне...
        Я чытаю:
        Паважаны Тодар!
        Трэба праўду шчырую сказаць:
        Абяцала бачыцца з табою,
        Але больш ня буду абяцаць.
        
        Што было, што колечы гарэла,
        Абарвалі золкія вятры...
        Над мінулым сьвечы дагарэлі...
        І цяпер што хочаш гавары...
        
        Я жыву ня палкімі акордамі,
        Не лячу ў стыхію, як паэт...
        Паміж намі ўсё перагаворана,
        Пераказана і зьбіта, як сусьвет.
        
        Будзь!.. Жыві!.. Жадаю без сумоты
        Дапіваць бакалы хараства...
        Аба мне даведаесься потым...
        Не кляні...
        З пашанай Н. С-кая.
        
        
        
        ІІІ
        
        Так!.. Ну так!.. (Па целу дрож і прысак.)
        Разумею, любая, бяз слоў, –
        Гэта зноў чарговыя капрызы
        Ці гульня ў ламаную любоў.
        
        Не каханьне сэрца мне трывожыць, –
        Не таму магільная пустош...
        «Кто сгорел, тот уж гореть не может,
        Кто сгорел, того не подожжешь».
        
        Што каханьне?.. Плён не закаштованы, –
        Першы кубак росквіту гадоў,
        Кожнаму на сьвеце даклярована
        Выпіваць над трунамі дзядоў.
        
        Першы чад, нібы кілішак рому,
        Паліць сэрца чулае людзей,
        А пасьля кахаюць без надломаў,
        Неяк больш упарта і сталей.
        
        Дні бягуць дарогамі няроўнымі...
        Мы кідаем блізкіх, дарагіх...
        На труне запісваем духоўную,
        Для зялёных, палкіх, маладых...
        
        Пакідаем сьвежым і цнатлівым
        Той бакал па спадчыне вякоў,
        Дзе спрадвеку келіхам адзіным
        Людзі п’юць і здраду і любоў.
        
        
        
        ІV
        
        Я іду, а вуліца красуецца
        Горда-палкім пульсам маладым...
        Сёньня горад высыпаў на вуліцу,
        Не прайсьці па плітах гарадскіх.
        
        – Добры вечар!
        – Добрага здароўя...
        – Як жывеш, як маесься, Андрэй?
        – Так сабе,
        Паводле, бач, прыслоўя:
        «Як раса увесну на траве».
        
        У жыцьці, мой дружа, многа хламу...
        Як жыву, ня можна адказаць...
        «Ставил я на пиковую даму,
        А сыграл бубнового туза».
        
        Пяць гадоў я ведаю Андрэя..
        Помню змрокі зябкія зімы...
        Расьпявалі белыя завеі
        За акном калядныя псальмы.
        
        Выглядала стомлена на горад
        Мітусеньне ветлых ліхтароў...
        У такую ноч у горад
        Ён ад вёскі дальняе прыйшоў.
        
        Быў спачатку дзіўны ён часамі,
        Неяк дзіка ўсё успрынімаў,
        У Цэнтрасьпірт хадзіў за селядцамі,
        У кнігарні яблыкі пытаў.
        
        Шмат здароўя ў горадзе патраціў...
        І чаго, чаго зь ім не было!..
        Круціць, круціць часам выключацель,
        Каб паменшыць электрасьвятло.
        
        Часта піў гарбату зь селядцамі,
        Неяк дзіўна часам выглядаў...
        Браў катлету голымі рукамі,
        На відэльцах яблыкі трымаў.
        
        Далей – болей, вырас непрыкметна,
        Не пазнаеш, ён ці мо ня ён, –
        Мае выгляд звышінтэлігентны,
        І на ім ангельскі палітон.
        
        
        
        VІ
        
        – Ты чаго так кісла выглядаеш?
        Што з табою, раскажы, Андрэй?!
        – Ах, жывеш і лепшага чакаеш,
        А яно што далей, то мудрэй...
        
        Разважаць пра гэта дай пакінем,
        Што дарэмна, браце, разважаць.
        Лепш ідзем па чарцы перакінем,
        А то нечым смутак разагнаць.
        
        – Што ж, ідзем! Хоць не ў кілішку сіла, –
        Алькаголем ран не загаіць!..
        Але прыйдзе войстрая часіна –
        І атруту нават будзеш піць.
        
        Адчыняем дзьверы рэстарану...
        Шапкі, гальштукі... манто, капелюшы.
        Сколькі тут і п’яных і няп’яных
        Аддаюць чырвонцы і грашы.
        
        Тут каханьне, радасьць і пахмельле,
        Тут прадажа мэты і ідэй.
        За вакном пануры лірнік
        На «скарынку» просіць у людзей.
        
        І аб чымсьці сумным да адчаю
        І аб нечым жаласна да сьлёз,
        Нібы лісьце жоўтае бяроз,
        Яго ліра ціха напявае.
        
        
        
        VІІ
        
        Сьцюжа тут, сьцюжа пануе,
        Золкасьць і вечны мароз...
        Ветры праз комін сьвідруюць,
        Сьвішчуць, рагочуць да сьлёз.
        
        Сумна у гэтай кватэры.
        Колісь за гэтай сьцяной
        Два маладых афіцэры
        Трацілі час і спакой.
        
        Колісь такімі начамі
        Тут пунсавела віно.
        Многа за тымі сталамі
        Нейчых загубленых сноў.
        
        Сёньня узрыдам завеі
        Плачуць аб дальніх агнях...
        Сьцены кватэр апусьцелі,
        Сэрца ахутвае жах.
        
        Зараз жывуць кватаранты
        Там, а за гэтай сьцяной
        Нейкі падпанак зь сям’ёй
        Носіць дваранскія транты.
        
        Тут, дзе калісьці на яць
        Даўнія людзі куцілі,
        Дзікія сьпевы зьвіняць,
        Тут рэстаран адчынілі.
        
        Час свае рукі прасьцёр,
        П’яныя рукі над квартай, –
        Тут прапіваюць жыцьцё,
        Ставяць юнацтва на карту.
        
        Вэрлах, нібыта ўначы
        Сходзяцца дзікія орды...
        Горда распуста крычыць:
        «Я на зямлі ўсенародна».
        
        Кожная рэч тут ня нова...
        Сыплецца цьвіль са сьцяны...
        Зьбітыя думкі і словы,
        Марныя мары і сны.
        
        Хочацца пану заплакаць. –
        Плакаць ад болю, тугі...
        Колісь тут злыя сабакі
        Злосна грызьлі ланцугі.
        
        Зараз усё апусьцела,
        Нечага больш сьцерагчы.
        Сьцены старыя і стрэхі,
        Гнёзды старыя й сычы.
        
        Ноччу у сьнежную дую
        Стогнуць галіны асін...
        Жучкава будка вартуе
        Дальнюю зорную сінь.
        
        
        
        VІІІ
        
        Замоўкла ліра за вакном,
        У залі змрочнасьць і люстранасьць...
        – Сядзі, мой дружа, за сталом,
        Пакуль зара на горад гляне.
        
        Сядзі, мой дружа! Што з таго,
        Што раз раджаюцца на сьвеце?!
        Блукаць ня бойся без дарог,
        А бойся, брат, жывое сьмерці.
        
        Калі завяне цьвет ідэй,
        І дружба сэрца не сагрэе,
        Пад псені лютыя завей
        Ты ўспомніш некалі Андрэя.
        
        Напорны час, імклівы час.
        Шляхі адчынены да сьвету.
        Адны зьбіваюцца між нас,
        Другія даганяюць мэту.
        
        На пераломе нашых дзён
        Ужыўся неяк студзень з маем...
        Праз трупы ворагаў ідзём
        І з трупаў вопратку здымаем.
        
        Мы кроім вопратку чужых
        Па густу – нораву другому,
        І трапна, брат, не заўсягды,
        Часьцей выходзіць па-дурному.
        
        Вось, знаю, некалькі жанчын
        Прыйшлі сюды ад вёсак дальніх;
        Як у бары расьцьвіўшы цьмін,
        Так міла, проста выглядалі...
        
        А сёньня, брат, сябе знайшлі,
        Дзе грукат кол, дзе вечны лёскат.
        Нашто ім дальнія палі,
        Нашто ім Бацькаўшчына, вёска?
        
        У іх цяпер зусім няма
        Сялянскай простае фігуры...
        Успрынялі ня горад наш,
        А больш мяшчанскую культуру.
        
        Я знаю некалькі мужчын,
        Калісьці разам дол аралі,
        Сягоньня, брат, бяз дай-прычын
        Сябе згубілі ў рэстаране.
        
        На пераломе нашых дзён
        Ужыўся неяк студзень з маем...
        Праз трупы ворагаў ідзём
        І з трупаў вопратку здымаем.
        
        – Ты памыляесься, Андрэй,
        Не даацэньваеш сягоньня...
        Другая соль жывых падзей
        Тут адлюстроўваецца штодня.
        
        Сягоньня наш інтэлігент
        Другога складу і натуры.
        Ты паглядзі: у новы сьвет
        Нясе ён новую культуру.
        
        Ня кроім вопратку чужых,
        І з плеч чужацкіх не здымаем,
        Сталёвай воляй маладых
        Мы нешта іншае прыдбалі.
        
        Не насьлядоўцы мы, о, не!
        Наш рух – калодзезь непачаты,
        Павер, ня тут яго канец,
        Як і ня тут яго пачатак.
        
        Успрынялі мы з малаком
        Свае і погляды, і стылі...
        Імкненьні нашы і любоў
        Спрадвеку дзедзічы жывілі.
        
        Не адмаўляю я таго,
        Што мы й ня наша так жа прымем...
        З чужых далёкіх берагоў
        Мы ўсё здаровае успрымем.
        
        Хіба патрэбна гаварыць,
        Тут зразумеюць нават куры,
        Руйнуюць толькі дзікары
        Крывёй здабытую культуру.
        
        Ты памыляесься, Андрэй,
        Ты толькі бачыш у сягоньні
        Шляхі адкінутых людзей,
        Што абрываюцца ў бяздоньні.
        
        Глядзі – растуць, глядзі – ідуць
        Жывыя волаты з туману,
        І асядае ў далях муць
        На пазалочаным экране.
        
        – Паслухай, Тодар!.. Што з таго...
        Хіба я гэта адмаўляю?
        У сьвеце, браце, шмат дарог,
        І ўсе амаль не ўпланаваны.
        
        Шляхі заблытаны ў жыцьці.
        «Трыкліні духу хто дайлідзіць?..»
        Магчыма розна, брат, ісьці:
        Ідзеш у крамы – ў цэркву прыйдзеш.
        
        – Ты філязоўствуеш, Андрэй –
        Андрэй, ты зелен, брат, і молад,
        Ня бачыш нашу вёску й горад,
        А бачыш вывіхі людзей.
        
        – Я гэта чуў, я гэта чую.
        Я ж не паэт, я ж не паэт,
        Зь перадавіцы не малюю
        Жывымі фарбамі партрэт.
        
        Я не хачу ў рэальным сьвеце
        Сябе ашукваць або сьніць...
        А вы, «сучасныя паэты»,
        Бярэце соль зь перадавіц!
        
        Чаго ж на вуліцах сталіц
        Ад раньня шпыцыруюць козы?
        Амаль ля кожных аканіц
        Расьце ня клён, а вербалозы?!
        
        А вёска з дальніх каляін
        Узьнята сёньня з каранямі, –
        Сама шукае пуцявін,
        Ніхто ёй больш не памагае.
        
        На вёсцы зараз амбарас,
        Каб нават радыё паслухаць...
        У адной руцэ электра-бляск
        І аржаная калатуха.
        
        Яшчэ і, самі не дайшлі
        Да нейкай высшае культуры...
        Пакінеш вёску, паглядзіш
        На сёньняшнюю літаратуру.
        
        Прыложым долу галаву –
        Мы гутарку сялян пачуем:
        «Чытаем толькі Крапіву,
        Купалу, Коласа, Бядулю».
        
        А рэшта дзе?! Яшчэ адказ
        (Адказ, бадай, зусім да толку):
        «Культурны сёньняшні Парнас,
        Чытае аднаго Дубоўку».
        
        Яшчэ ідуць, яшчэ растуць,
        А многіх пакарала доля.
        Яны аб тым цяпер пяюць,
        Чаго ня бачылі ніколі.
        
        Ня бачаць на бульвары коз,
        З нажом кідаюцца на сонца,
        З бэтону лепяць сінь нябёс,
        І так бясконца, так бясконца.
        
        О, Беларусь! Часы лапцей
        Ты сёньня кінула з праклёнам,
        Яны ж прыдбалі для цябе
        Ужо лапці з сталі і бэтону.
        
        Чытач, крычыць (абуран ён):
        «О, дзе ж тут соль? Дзе фарбы веку?!
        Вы дайце, дайце не бэтон,
        Вы дайце ў песьнях чалавека!..»
        
        
        
        ІX
        
        Месяц... ноч... агні... вітрыны,
        Цені сьцелюцца і гаснуць
        – Што ты штосьці голаў зьвесіў?
        Ад віна мо?... Ці..?
        
        – Маўчы!..
        Тодар!.. ты не разумееш...
        Гавару, а ў сэрцы лёд...
        
        Ад таго мо п’ю і плачу ...
        Ад таго мо?.. ?!
        – Ад чаго?
        
        – Ат, на сьвеце без прычыны
        І каза ваўку ня скача...
        Прыйдзе войстрая часіна,
        І паскачаш і паплачаш...
        
        Яську, ведаеш?
        – Ну, як жа!
        – Ну, дык слухай!
        
        Нек нядаўна
        Я зь сяброўскай вечарыны
        Позна, позна аж пад раньне
        Па Каломенскай ішоў.
        
        Бачу – Яська... нек нясьмела,
        Не выразна штось бармоча.
        Шчокі ўпалі...
        Пасінелі...
        Звар’яцелы, а мо п’яны.
        
        Ходзіць ўзад, уперад ходзіць
        І пужае ціш начную.
        Дзікі сполах навявае...
        Выгляд – жах: жывыя мошчы.
        
        Не выразна, не выказна
        Штось бармоча і бармоча.
        Я прыслухаўся... З аддалі
        Неяк дзіўна даляталі
        Да вушэй такія словы:
        
        «Сьпявай, пасьвіствай,
        Душа асьвістана,
        І гол і войсьцер...
        Што з таго!
        Такіх нямала
        Зямля трымала,
        Хай гол і войсьцер,
        Што з таго...
        Да ручкі коцімся,
        Пасьля расплоцімся.
        Сьпявай, пасьвіставай,
        Шляхі асьвістаны.
        І гол і войсьцер,
        Што з таго!
        Усё перагасы...
        Жывём авансам,
        І гол і войсьцер,
        Што з таго!
        Шляхі ў тумане абрываюцца,
        А сані коцяцца з гары.
        Авансам дні жыцьця губляюцца,
        Авансам так і дагарым.
        Сьпявай, пасьвіставай,
        Жыцьцё асьвістана.
        Да ручкі коцімся,
        Пасьля расплоцімся!"
        
        Да чаго, скажэце, людзі,
        Так дакоціцца хлапчына?
        Мо’ дзяўчына загубіла,
        Атруціла мо’ багема
        Гэта сэрца маладое.
        А мо’ сам таксама вінен
        Я у Яськавай пакуце...
        Помню, летась гэтым часам
        Ён кахаў адну дзяўчыну...
        Ён кахаў, як не кахаюць
        Ні сябе і не айчыну,
        Кінуў працу, ўсё пакінуў...
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        Мне хацелася сьмяяцца
        І над ім і над дзяўчынай...
        Толькі галка шост пакіне,
        Як другая ўжо на шосьце...
        Шосту роўна, хто ня сядзе,
        А ці тая, ці другая...
        Толькі Яська дом пакіне,
        Як Андрэй на тым жа месцы,
        З той жа ласкай і пашанай...
        Ах, жанчыны, ах, жанчыны!..
        Ім ўсё роўна, хто ні прыйдзе, –
        Хто пяшчотамі прыгрэе...
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        Так прабегла многа часу...
        Бачу – далей немагчыма
        Жартаваць, бо Яська гіне,
        Бо ад раньня да зьмярканьня
        У карчме за п’янай квартай
        Ён атручвае юнацтва...
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        Ад чаго пайшоў аднойчы,
        Больш ня вернесься ніколі...
        Саступіў яму з дарогі.
        Толькі што!!! Ня ў гэтым сіла.
        Ён ня здолеў, ён ня здолеў
        Да пражытага вярнуцца.
        На зямлі убачыш часта,
        Як апаленая мошка
        Тое песьціць і цалуе,
        Што ёй крыльле апаліла...
        А дзяўчына гэтым часам
        Часта плача і сумуе.
        Ёй ня дораг болей Яська,
        Мне ня дорага дзяўчына.
        А пасьля?
        Ды, мабыць, годзе.
        Што казаць?
        Душа адкажа
        За учынкі перад сьветам...
        На зямлі убачыш часта,
        Як апаленая мошка
        Тое песьціць і цалуе,
        Што ёй крыльле апаліла.
        
        * * *
        
        Месяц... Ноч... Агні... Вітрыны.
        Сьцені сьцелюцца і гаснуць...
        Так прыйшлі мы тры кварталы.
        Я на шыльду заглядзеўся...
        Раптам нейкая жанчына
        За руку ўзяла Андрэя;
        Ён, сказаўшы мне «Дабранач»,
        Загубіўся у натоўпе...
        Я нібыта што заўважыў...
        Ну няўжо, няўжо то Ніна?..
        Быць ня можа...
        Не прыемна нек вяртацца...
        Пастаяўшы паўхвіліны,
        Я пайшоў сваёй дарогай.
        
        
        
        X
        
        Дальнія – блізкія, блізкія – дальнія
        Бомы бягуць, заміраюць, бягуць...
        Шубы, манто, галіфэ саматканыя
        Уздоўж па Савецкай снуюць.
        А ля касьцёлу жахліва і дзіка
        Палі над чашай атручаных кроз
        Мёртвыя цені жывой Афрадыты
        І мармуровы Хрыстос.
        
        – Хто вы?!
        – Абломкі далёкага дальняга,
        – Госці аджытых вякоў,
        Мы – алкаголь.
        Мы – жальба пахавальная,
        Мы – гэта сьмерць і любоў.
        – Доўга над цемрай сусьвету пануючы,
        Шмат нарабіў я крывавых падзей.
        Я – гэта Бог,
        Я – Хрыстос няіснуючы,
        Створаны ў муках людзей.
        Я – гэта мара пакорных плябеяў,
        Куплены потым каронай цароў,
        Каб захаваць пад сьвятым маўзалеем
        Праўду, сумленьне, любоў.
        Я – гэта Рым.
        Я – антычная Грэцыя.
        Я – гэта зброя сьляпога жраца,
        Я – ракавая пячаць індульгенцыі,
        Я – і нявольнік, і цар.
        
        Доўга над цемрай сусьвету пануючы,
        Шмат нарабіў я крывавых падзей...
        Я – і слуга, і гасподзь неіснуючы,
        Праўда і крыўда людзей.
        
        – Я – Афрадыта, багіня каханьня,
        Фэйвэрк жывога агня...
        Дзе нарадзілася першая тайна,
        Там нарадзілася я.
        
        Я не хадзіла к царам на паклоны,
        Я не прасіла кароны цароў...
        У царстве маём не існуе законаў,
        Вольнаму птаху няма берагоў.
        
        Там, у антычных аддалях сталецьцяў,
        Дзе каранован Хрыстос,
        Я напаткала магутныя сеці
        З чашай атручаных кроз.
        
        Там, дзе ад раньня туманам кадзілі,
        Славячы імя Хрыста,
        Я на панэль прадаваць выхадзіла
        Цела прыгожых дзяўчат...
        
        Гэй, пры партфэлі, з антычнаю лысінай,
        Маеш цырвонцы ці не?!
        Бачыш, на вуснах сьцюдзёных напісана:
        «Грошы, каханьне і смерць».
        
        * * *
        
        Дальнія – блізкія, блізкія – дальнія
        Бомы бягуць, заміраюць, бягуць...
        Шубы, манто, галіфэ саматканыя
        Ўздоўж па Савецкай снуюць.
        
        Гэта абломкі, далёкая спадчына,
        Сэрцу бадай не да іх.
        Грудзі хвалююць імкненьні гарачыя,
        Палкі агонь маладых.
        
        Хтось адыходзіць... Прыходзяць другія
        З палкім імкненьнем вясны...
        Сьняцца аджытаму сны залатыя,
        Толькі дарэмныя сны...
        
        Хто з намі сілу сягоньня памерыць?..
        Спыніць хто рух маладых?..
        Хай не раўня мы Эўропам, Амэрыкам, –
        Заўтра дагонім і іх.
        
        Дальнія – блізкія, блізкія – дальнія
        Бомы бягуць, заміраюць, бягуць...
        Шубы, манто, галіфэ саматканыя
        Ўздоўж па Савецкай снуюць...
        
        Успомніў Андрэя. Няўжо гэта страцілі
        Мы між туманамі шлях?..
        Як я папаў да багемнае «браціі»?
        Хто яго ведае, як!..
        
        Рыцьвіны, ямы, абломкі мінулага, –
        Муць набягае, бяжыць...
        Тут бессаромна цябе абманулі,
        Там міражы, міражы...
        
        Глянеш навокал... да мэты сьпяшаюцца
        Ўсе, набягаюць, бягуць...
        Чорныя вежы ў туман абрываюцца,
        Муць асядае на муць...
        
        Глянеш... і сэрца пылае надзеямі,
        Кожнаму променю рад...
        Як я сустрэўся з адмоўнымі дзеямі?
        Чорт яго ведае, брат!..
        
        * * *
        
        Ніна! о Ніна!
        Далёкая Ніна,
        Як твой капрыз разгадаць?
        Сёньня напэўна, напэўна павінен я
        Ліст да цябе напісаць...
        
        
        
        XІ
        
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        Не вінаваць мяне у гэтым,
        Не вінаваць мяне, прашу,
        Што лёс зрабіў мяне паэтам,
        Што маю чулую душу.
        
        За што вініць?.. Над белым сьветам
        Сустрэўшы дальнюю зару,
        Я непаўторнаю каметай
        На небасхіле дагару.
        
        Не вінаваць мяне у гэтым,
        Любімая, не вінаваць,
        Што нехта лепей ад паэты
        Умее вусны цалаваць.
        
        Няхай і так!.. На белым сьвеце,
        Дзе зоры гаснуць і гараць,
        Ніхто ад чулага паэта
        Шчырэй ня можа пакахаць!
        
        Няхай і так!.. Няхай другому
        Ты хочаш сэрца падарыць.
        Хіба ж на сьвеце гэта нова?
        Ці нова плакаць і любіць?..
        
        І я любіў... А зараз хочу
        Запал з развагай пагадзіць...
        Аб тым рыдаюць не аднойчы,
        Што раз магчыма перажыць.
        
        Я перажыў... Цяпер рыдаю
        Аб тым, што позна перажыў.
        На тым экране дагараю,
        Дзе колісь крыльлі апаліў.
        
        Цяпер ні ты і ні другая
        Не ажывіць маю любоў.
        Акорды ў далях заміраюць,
        А струны лопнулі даўно.
        
        Хай назаўсёды абарвецца,
        Што сэрца здольна надрываць...
        Я згодзен болей не сустрэцца,
        Я згодзен далей не кахаць...
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        
        
        
        XІІ
        
        Ёсьць пад нашым месяцам
        Даўняя, спрадвечная
        Існасьць нерухомая:
        Толькі першай арыі
        Сэрца адчыняецца.
        Толькі першай ластаўцы
        Далі усьміхаюцца,
        Толькі першым ландышам
        Дымны месяц моліцца,
        Толькі з майскай ружаю
        Салавей склікаецца.
        А яшчэ пад месяцам
        Ёсьць другая даўняя
        Існасьць нерухомая:
        Пад жывую арыю
        Казачнай сымфоніі
        Можна чуць трывожную
        Песьню лебядзіную.
        Празьвініць далёкая
        Песьня адсьпяваная
        Над сусьветам каменным
        Тайнай неразгаднаю.
        Абарвецца дальняя
        І замоўкне нейчая
        Гра не даіграная
        На чужым пахмельлі,
        Дзе віно ня выпіта,
        Сьцежкі не датоптаны,
        Мілая ня сватана
        І не дацалована.
        А яшчэ пад месяцам
        Ёсьць арлы магутныя,
        Гады падкалодныя
        І краты падземныя...
        Для адных пад месяцам
        Шчасьця – крыльлі вольныя,
        Далі недасяжныя,
        Моманты гарачыя.
        Для другіх падземнае,
        Цёмнае – нікчэмнае
        Даражэй ад сьветлага
        Дальняга, чароўнага...
        Так сяджу і думаю,
        А зара вячэрняя
        На сады вішнёвыя
        Ветла заглядзелася
        І не налюбуецца.
        Сёньня птахі вольныя
        З выраю далёкага
        Ў родны край вярталіся,
        З кожным сэрцам ветла так
        Тут пераклікаліся.
        Для адных прарочылі
        Маладосьць кіпучую,
        Для другіх трагічную
        Песьню лебядзіную...
        Мне сьпявалі шэрыя,
        Мне сьпявалі вольныя
        Песьні адсьпяваныя,
        Песьні разьвітальныя.
        Я прыпомніў мілую,
        Мілую далёкую,
        Тую, што ня сватана
        І не дацалована...
        На сады вячэрнія
        Асыпалі золата
        Далі неразгадныя,
        Далі агняцьветныя.
        Раптам ліст знаходжу я
        І вачом ня веру...
        Кім ён тут паложаны,
        Як сюды прынесены?
        
        
        
        XІІІ
        
        У чорным канвэрце маленькі лісток...
        А словы – пужлівыя здані:
        ...Клятва...
        ...Зарок...
        ...Разьвітаньне...
        Загадка, мой мілы, згадай, разгадай...
        На дачу прыйдзі у нядзелю...
        Ліст гэты Яську таксама аддай,
        Прашу вельмі... Прыйдзеце!..
        Між сосен там будзе агонь
        (Арэна трагічнае сьмерці).
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        Для ўсякага выпадку адрас яго
        
        у канвэрце.
        
        Пужацца ня трэба няведамых дзей
        (З загадкі вы здымеце маску),
        Ў жыцьцёвым рамане вы сьведкі падзей,
        І сьведкі сюжэтнай разьвязкі...
        
        
        
        XІV
        
        А дні бягуць... Халодная адвечнасьць
        Прымае ўсё, што можа дагарэць...
        Мо’ ад таго на сэрцы супярэчнасьць,
        І на душы нявыказаны грэх...
        
        Каму грашыў?! Скажэце, калі ласка!..
        Ну, як згадаць?! А можа, і грашыў...
        ...Раман жыцьця... Сюжэтная разьвязка...
        ...І таямніцы нейчае душы.
        
        Ну што за ліст?! Ніяк не разумею,
        Адкуль і як?! І кім прынесен ён?!
        Такія звыш дзівацкія падзеі
        Не зразумеў бы нават Салямон.
        
        Часы бягуць, бягуць сваім парадкам,
        Скрыжалі дзей расказваюць бяз слоў...
        Прыкметны дзень таемнае разгадкі
        Так непрыкметна, здэцца, надышоў.
        
        І на душы нібыта хваляваньне,
        Нібыта хтосьці сэрца надарваў...
        Пасьля шматдзённай далі разьвітаньня
        Сягоньня я і Яську напаткаў.
        
        Яго сустрэў я сёньня і зьдзівіўся,
        І быў здаволен вельмі, што сустрэў...
        О, Яська, Яська – ён перамяніўся,
        І не на жарт, здаецца, пастарэў.
        
        Зламана ўсё... Захована ў тумане,
        І першы хмель, і першая любоў...
        Прапіта радасьць палкіх парываньняў
        І хараство далёкіх васількоў.
        
        Губляць жыцьцё і мілую за квартай –
        Прасьцейшы шлях да раньняе труны...
        Трагічна стаць бяздомным кватарантам
        Пустэльных вуліц, трэкаў і карчмы.
        
        О, Яська, Яська, так жа беспрытульным
        Начную ціш на плітах шліфаваў...
        Чытаў жыцьцё на камяніцах вуліц
        І алькаголем сьлёзы запіваў...
        
        Але паўстаў з пустэльні заміраньня
        Прыняць усьмешкі мудрае зямлі...
        На аўтары разьбітага каханьня
        Агаркі сьвеч ізноўку запаліць...
        
        
        
        XV
        
        – Я перажыў, – расказывае Яська,
        Узьлёт душы, абвал і міражы,
        Я сонца бачыў блізка так і ясна,
        І тройчы быў расьпяты на крыжы.
        
        Дзе не бывае спрэчак і праклёнаў,
        Там пустата, і заміраньне там...
        Я на труне жыцьцёвыя законы,
        Загадку дзей і мудрасьць прачытаў.
        
        Я не шукаў вядомасьці ці славы,
        Я хлеба лусту чэрствую шукаў...
        А начаваў на трэках і канавах,
        І на панэлі нават начаваў.
        
        Пасьля шматдзённай скаргі і блуканьняў
        Вярнуўся я да працы і жыцьця...
        Людское сэрца жорсткае, што камень,
        На ім заўжды халодная пячаць.
        
        Ды што казаць пра гэта? Мабыць, годзе,
        Так заўсягды бывае... так... але.
        Мяне сустрэлі жорстка на заводзе,
        Інтэлігентам клікалі мяне.
        
        Але пасьля найлепшым чалавекам
        Зрабіўся я на працягу часоў...
        Там сапраўды ня купленая веліч,
        Дзе на абліччы праца і любоў.
        
        Чые ад працы жорсткія далоні,
        Той разгадае мудрую зямлю...
        Я ўсім на сьвеце, здэцца, задаволен,
        А вось фальшывых ружаў не люблю.
        
        А паглядзіш, пад кожную жалейку
        Тут нехта тройчы Лазара пяе,
        І нават «Юрку» скача за капейку,
        А за пятак ідэі прадае.
        
        – Пакінь ты, Яська... Годзе баламуціць,
        З пустое бочкі квас пераліваць...
        Нікога, брат, як бачна, не прымусіш
        Па прадпісаньню «Лазара» сьпяваць.
        
        Скажы вось лепш ты што-нібудзь пра Ніну...
        О, Ніна, Ніна – дальняя вясна...
        У душы так многа сьветлых успамінаў...
        О, дзе яна?! Скажэце, дзе яна?!
        
        А вечар плыў... У вокны сутарэньняў
        Зьвісалі цені карай галавой...
        Я расказаў калегу пра здарэньне,
        Я расказаў пра ліст і неспакой...
        
        ...Дарога... Сум... і заміралі бомы
        Між пералесіц слалася раса...
        Я гаварыў... а ў сэрцы несьвядома
        За Нінін лёс трывога ўсё расла.
        
        Крычалі совы... Рэха замірала...
        Даўжэй ад мілі кожная вярста...
        О, сапраўды, ня маняць адчуваньні...
        Штось абарвалася... І ў сэрцы пустата...
        
        І ў сэрцы дрож... І памутнела неба...
        Ў вачох кругі... Крывавыя кругі...
        Ня трэба слоў... Ня трэба ўжо, ня трэба...
        Ня трэба ёй ні Тодар, ні другі...
        
        І толькі сосны голаў нахілілі,
        За упакой маліліся цішы...
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        Цяпер, чытач, над нейчаю магілай
        Разьвяжам тайны нейчае душы.
        
        
        
        XVІІ
        
        У памятны вечар ля Н-скай алеі,
        Калі з рэстарану ішлі мы з Андрэем,
        Яго адвяла непрыкметна жанчына,
        О, то была Ніна, любімая Ніна.
        У памятны вечар яна расказала,
        Што ўсіх адраклася, усіх раскахала,
        Што даўнія мары сплылі, нібы вецер,
        І толькі Андрэй даражэйшы на сьвеце.
        Надзеі на шчасьце ніхто не сагрэе,
        Апроч аднаго дарагога Андрэя.
        Пакінем Андрэя, пакінем дзяўчыну,
        Давайце заглянем ў карчму на хвіліну,
        Дзе той час за шклянкай балюча і гостра
        Адпетыя людзі узносілі тосты.
        
        
        
        XVІІІ
        
        Пі, цыганка,
        Мілая цыганка!
        
        Гэй, буфетчык, дайце «курасо»!..
        Прамяняў любімую на шклянку...
        Дапівай, цыганка, «крэм д’оранж»!..
        
        Шчасьце сон!
        
        Дапівай, бяздомная каханка,
        Мо’ гуляем прадапошні раз...
        За цыганку,
        Сьцёпка, за цыганку
        
        Дапіваем «крэм д’оранж»...
        За жыцьцё, за палкія гарэзы,
        Каб ярчэй пад сонцам дагараць...
        ...А ўчора чатырох зарэзаў...
        
        Грэх!
        
        – Не зважай, любімы, чарнавокі,
        Хай рыхтуюць молайцу пятлю...
        Ходзім мы пад месяцам высокім,
        А яшчэ – пад ДПУ.
        – Так, цыганка,
        Шкадаваць аб некім,
        
        Так!
        
        За пятак зарэзаў чалавека,
        
        За пятак...
        
        Пазаўчора маці каля будкі
        З залатым Ісусам на грудзёх
        Адвяла сястру у прастытуткі...
        
        ...жыцьцё!..
        
        Падымайце куфлі за гарэзы
        І за новы труп...
        
        Сёньня маці родную зарэжу
        
        І сястру...
        
        Будзе менш пад месяцам халодным
        
        Жабракоў...
        
        У мяне ні блізкіх, а ні родных,
        
        Ні бацькоў...
        
        Пі, цыганка,
        Мілая цыганка!
        
        Налівайце «Северны лікёр»!..
        Войстры нож і трэснутая шклянка –
        
        Наш партнёр.
        
        Гэта цені вулічнага шчасьця
        І турэмных крат.
        Кожны горка плакаў і сьмяяўся,
        Гледзячы назад,
        
        У душы у кожнага пацёмкі,
        Нож і крыж...
        Гэта ўсё далёкага абломкі, –
        Дальні крык.
        
        Гэта цені драмы і раманаў
        Даўніх дзён.
        Сам Гасподзь і Мікалай Раманаў
        Іх партнёр.
        
        Дайце кінем п’яныя падзеі, –
        Крык і плач.
        Пашукаем Ніну і Андрэя,
        Мой чытач.
        
        
        
        XІX
        
        – Андрэй, скажы, бяз жаднае прычыны
        Апрыкрыў сьвет, апрыкрала зямля...
        Штодня ідзеш да нейкае канчыны,
        Каб дагарэць малітвай «Шаміля».
        
        Якая проза... Крыўдна мне і горка...
        Няма каго і словам памянуць...
        Мне падабаўся колечы Кляшторны,
        Калісьці Яська сэрца закрануў.
        
        Але хіба на сьвеце гэта нова –
        Спаткаць... Зьвязаць... І разьвязаць пуці...
        На нейкі час сышліся выпадкова,
        Каб выпадкова далей адысьці.
        
        Я не люблю сягоньняшніх паэтаў,
        А з даўніх толькі Надсана люблю...
        Я праклінаю гэтую планэту,
        Я праклінаю жорсткую зямлю.
        
        Ды ты, Андрэй, мяне не зразумееш...
        Бяз году дзень як ты інтэлігент...
        Ты на руінах даўняга ня млееш.
        І не ляціш ў стыхію, як паэт...
        
        Вы ідзяце назад, да атавізму,
        А мо’ наперад, за рубеж вякоў...
        У вас няма ў натуры рамантызму,
        У вас свае імкненьні і любоў.
        
        – Ня веру, Ніна, гэта анэкдоты...
        Ды гэта ж, проста кажучы, кашмар...
        Прынамсі, ты – архіўная істота,
        І вельмі-вельмі рэдкі экземпляр.
        
        У нашы дні ня гэтак разважаюць,
        Нам даражэй ня хмары, а зямля...
        Таму ля ног любімых не рыдаем.
        І не гарым малітвай «Шаміля».
        
        Ня вабяць нас трухлявыя палацы,
        Мы не шукаем выспу забыцьця...
        Хто пакахаў зямлю сваю і працу –
        Не застанецца пасынкам жыцьця.
        
        – Андрэй, Андрэй, пакінем пра старое,
        Пакінем, дружа, годзе разважаць...
        Мне ж расказаць хацелася другое,
        І то ня ведаю... ну, як табе сказаць...
        
        Хоць у жыцьці так мала дарагога,
        Часамі ў даль ня хочацца ісьці,
        Але ня ўсе загублены дарогі,
        І нешта сэрца грэе у жыцьці...
        
        Я не кахаю Тодара, ні Яську,
        І толькі ты, і толькі ты, Андрэй,
        Як ля вакна расквечаныя астры,
        Ад усяго на сьвеце даражэй...
        
        
        
        XX
        
        У памятны вечар на Н-скай алеі.
        Так доўга, так доўга яны прасядзелі.
        А бэзавы вечар, асмучаны вечар
        Таемнаю ласкай ахутваў ім плечы.
        Ад хмелю вясны зачыняліся вочы...
        Ну, хто не растане ў абоймах жаночых?!
        Рыдалі ўначы салаўіныя гусьлі,
        І вусны шукалі гарачыя вусны.
        Гадзіны ішлі... пачало разьвідняцца...
        Пара ўжо, даўно ім пара разьвітацца.
        А дзесьці далёка гітары рыдалі...
        «Адпетыя» людзі карчму пакідалі...
        
        
        
        ХХІ
        
        – Сьцёпка!.. Эй!.. Бяры цыганку!..
        Я прыйду...
        Мо’ знайду яшчэ каханку,
        Мо’ знайду. –
        
        Каля іх праходзіць Ніна...
        – Выбачай!..
        Гэй, пастой, пастой, дзяўчына,
        Пачакай!..
        
        Пачакай, мая Вэнэра,
        Не ўцякай!..
        Ах ты сьцерва, ах халера,
        Пачакай!..
        
        Пачакай, а то застрэлю,
        Будзе швах... –
        Дзіка блудзіць па алеі
        Чорны жах...
        
        А ў карчме рыдаў гармонік
        «Шаміля».
        Ніна плача, Ніна моліць...
        ...Эх, зямля!..
        
        
        
        ХХІІ
        
        Лятункі пішуць бэзавы малюнак
        І не на фронце бэзавай вясны...
        Юнацтва – ром... А першы пацалунак –
        Агонь сьвячы над кветкамі труны...
        
        Хто першы раз над вуснамі любімай
        Агнём душу і сэрца апаліў,
        Той першы крок да дальняе магілы
        Ужо зрабіў...
        
        Лятункі – дым, – і соладкі, вядома,
        Як многа сіл ляціць у гэты дым...
        І не сьвядома, заўжды несьвядома
        Для будучых людзей гарым.
        
        Такі закон, як бачна, на планеце,
        Каб дагараць, ствараючы другіх,
        Каб на жыцьцёвым кораткім банкеце
        За тостам тост ўзьнімаць за маладых.
        
        Цяпер вясна... і кожная істота
        У дурнап’яне месячных начэй
        Кудысь рабіла палкія узьлёты,
        Каб дагарэць ярчэй.
        
        Цяпер, Андрэй, да сіняга сьвітаньня
        Ужо з другой пад ліпамі сядзіць…
        Ты дурнавата, Ніна, як каханьне,
        І, як архіў, закінута людзьмі.
        
        Ты прысягала, плакала, клялася,
        А паглядзі, дзе зараз твой Андрэй...
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        Такая ноч!.. І дзесьці салавей
        Да болю плакаў, плакаў і сьмяяўся.
        
        * * *
        
        Усё замірала дазваньня
        Пад шолахі першай зары.
        Натхнёную слодыч каханьня
        Там хтосьці камусьці дарыў.
        
        Першы голас:
        
        Ня трэба для сэрца прысягі,
        Прысяга ня тайна крыжоў.
        Цалуй жа мяне без развагі,
        Цалуй без развагі і слоў.
        
        Другі голас:
        
        Даволі!.. Ты хлусіш!.. Даволі!..
        Мужчыны умеюць хлусіць...
        Таму і цалуюць да болю,
        Што вечна ня ўмеюць любіць.
        
        Першы голас:
        
        Жыцьцё не марознае раньне,
        Узьлёты душы – не зіма...
        Таму і ня вечна каханьне,
        І вечных узьлётаў няма.
        
        Другі голас:
        
        Няпраўда!..
        Праз шумнае мора
        Праносім мы іскры ідэй.
        Дзе гаснуць асеньнія зоры,
        Там гасьне каханьне людзей.
        
        Першы голас:
        
        Таму і ня трэба прысягі,
        Прысяга ня тайна крыжоў...
        Цалуй жа мяне без развагі,
        Цалуй без развагі і слоў.
        
        Другі голас:
        
        Цішэй!.. Супакойся!.. Пачуюць!..
        ...Аб гэтым мяне не малі!..
        Андрэй!..
        Без развагі цалуюць
        Адпетыя людзі зямлі.
        
        А месяц плыў над каменным сусьветам
        Лічыць заранкі дымнае зары.
        Адна камэта сёньня не прыгрэта,
        Яна згарыць.
        Яна згарыць у ночку сінявую...
        О, п’яны май!..
        І ты, Андрэй, цалуючы другую,
        Ня скажаш той камэце: «Пачакай!»
        
        
        XXІІІ
        
        Наляцелі з поўначы
        Ветры непакорныя,
        Надламалі буйныя
        Белую бярозку.
        А яна ж пад месяцам
        Мала красавалася,
        Казкі шумналістыя
        Ёй не пераказаны,
        Песьні падарожныя
        Ёй не пераслуханы.
        А зялёным вечарам
        Ў дурнап’яне бэзавым
        Так гітара нейчая
        Квола надламалася.
        А яна ж пад месяцам
        Песьні разьвітальныя,
        Парываньні нейчыя
        Не перасьпявала.
        Тым жа самым вечарам
        Тым жа самым вечарам,
        Злыя людзі дзеўчыне
        Жыцьцё пакалечылі.
        А наступнай раніцай
        У садох расквечаных
        Кукавала-плакала
        Шэрая зязюля.
        Для адных прарочыла
        Маладосьць кіпучую,
        Для другіх трагічную
        Песьню лебядзіную.
        З гэтай самай раніцы
        У сады вішнёвыя
        Ніна не выходзіла,
        Бо ня ёй прарочыла
        Маладосьць кіпучую
        Шэрая зязюля.
        А наступным вечарам
        Ніна піша, плачучы,
        Ліст не адрасованы.
        
        
        XXІV
        
        Ліст
        
        Даруй, жыцьцё!.. Даруйце, дарагія,
        Апрыкраў сьвет, апрыкрала зямля.
        Няхай жывуць, красуюцца жывыя,
        Я ж дагару малітвай «Шаміля».
        
        Прайшла вясна... і адзьвінела восень...
        О, шчасьце, шчасьце, – толькі міражы...
        І мне кахаць на сьвеце давялося,
        Людскую злосьць прыйшлося перажыць.
        
        І не кляну нікога над магілай,
        І не заву нікога дарагім...
        Няхай, хто называўся мілым,
        Цалуе вусны палкія другім.
        
        Я чалавек прыгожых парываньняў,
        Мая душа ў разбураным старым,
        І для мяне на сёньняшнім экране
        Застаўся дым.
        
        Даруй, зямля, і сонечныя далі,
        Апошні раз пад месяцам пішу...
        Ўсё дарагое людзі адабралі,
        І цела збэсьцілі і збэсьцілі душу.
        
        Ня хочу я, каб кожная кухарка
        Сьмяялася над дальнім дарагім...
        Каму патрэбна выпітая чарка?..
        Прывет жывым!..
        
        Я не кляну нікога над магілай,
        Даруйце, людзі, сонца і зямля...
        Забудзьцеся, прашу,
        Не ўспамінайце Ніну
        Да вас з пашанай Н. С-кая.
        
        Ліст другі
        
        Мой паважаны Тодар!
        Пазаўчора
        К табе прынесла я дзівацкі ліст
        Ты прачытаў...
        Мне сорам, дружа, сорам,
        Што крыўдзіла цябе калісь.
        
        Хоць не аб гэтым чорным ды па белым
        Астатні раз пад месяцам пішу...
        Цябе я толькі зараз зразумела,
        Я зразумела мудрую душу.
        
        Але дармо – я чалавек аджыты,
        Маё мінулае далёка па-за мной…
        Калі бакалы п’яныя дапіты –
        Не наліваць вадой.
        
        Жыцьцё па-свойму ў далечы бруіцца,
        Жыцьцёвых дзей нікому не стрымаць...
        Аджытым нельга зноўку нарадзіцца,
        А блудным цяжка паўставаць.
        
        Не зразумець аджытаму маэстру
        Жывога сэрца сеньняшні узьлёт...
        Я уміраю так жа без пратэсту,
        Як адмірае леташні чарот.
        
        І так, на век расходзяцца дарогі...
        Ты гэты ліст у вершах скарыстай
        Найвыразьнейшым сымбалем старога...
        ...Бывай!..
        Н. С-кая
        
        
        
        XXV
        
        Маўчала ноч,
        Маўчалі далі,
        А ў цішыні,
        А ў цішыні
        Жывыя рукі заміралі
        Пры дагараючым агні.
        І толькі зоры,
        Толькі месяц
        Ахвяру захаду нясьлі
        Па-за кулісы пералесіц
        Акамянелае зямлі.
        
        Маўчала ноч,
        Маўчалі далі.
        І недзе там,
        І недзе там
        Андрэй у бэзавым тумане
        Другія вусны цалаваў.