Калі ў небе ззяюць зоры...

Калі ў небе ззяюць зоры...
Верш
Аўтар: Міхась Васілёк
1925
Крыніца: Вершы. - 1973. — с. 18

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нам не страшна цемра ночы,
Калі ў небе ззяюць зоры,
Млечны Шлях ляжыць узорам
І дарогу нам прарочыць, -
Нам не страшна цемра ночы!

Не зважай, ідзі наперад,
Хай навокал стогнуць буры,
Слепіць вочы змрок пануры,
Не пагасне ў сэрцы вера,
Не зважай, ідзі наперад!

Цешся, брат, імгла радзее,
Смейся злыдням, гору ў вочы...
Што нам цемра гэтай ночы,
Калі ў сэрцы ёсць надзея, -
Цешся, брат, імгла радзее.

Нашы грудзі прагнуць волі -
Не аслабне дух змагання,
Мы ідзём насустрач ранню
Праз глухую ноч няволі, -
Нашы грудзі прагнуць волі.

1925