Вежа (1928)/Камяніца

(Пасля перасылкі з Камяніца)
Трыццаць пяць Камяніца
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
Такая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАМЯНІЦА

Гэты дзень пракляў глухі завулак —
для завулка страшны час прабіў.
Як манашкі, заламалі рукі
хаткі — патрухлелыя грыбы,

Муляры — народ такі вясёлы:
малаток ды песьня — іх сябры.
Загудзелі людзі, нібы пчолы —
то завулка прадсьмяротны крык.

Паляцелі з ног старыя хаткі;
разьнясьліся з крыўдай груганы:
— Вось яны, праклятыя парадкі!..
— Вось яны, цяперашнія дні!..

Навязьлі каменьняў, белай вапны;
цэлы дзень працуюць муляры.
На муры ўскідаюць вокам сквапным
патрухлелых хат гаспадары…

— Нам-бы, мабыць, гэткіх палацаў
не пабачыць, як сваіх вушэй!..
Муляры рытмуюць песьню з працай,
і муры растуць штодня вышэй.

І ўзрасла на дзіва камяніца.
Цешыць сэрца сьвежасьць белых сьцен
Нават і суседняя званіца
перад ёю затанула ў цень.

Палілася сіла з жыл мядзяных,
пацякла з паверху на паверх.
І ліхтар кульгавы жоўтай плямай
перад новым сьветам ціха зьмерк.

Заміргалі ціхія газьніцы
з шэрых хатак, нізкіх і сьляпых.
Што яны прад стройнай камяніцай?
Як прад імі — прыдарожны пыл!..

Прыдзе час, і з прыдарожным пылам
попелам рассыплюцца яны,
бо буяней кроў ў мядзяных жылах,
бо цьвярдзейшы крок у камяніц.

І, як цені, у глухім завулку,
дажываюць свой нядоўгі век,
покуль муляр малаточкам гулкім
ім ў труну заб‘е апошні цьвек.