Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (1996, 2004)
← Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (1994) | Канстытуцыя 1994 года (са змяненнямі і дапаўненнямі) Аўтар: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Крыніца: http://pravo.by/pravovaya-informatsiya/pomniki-gistoryi-prava-belarusi/kanstytutsyynae-prava-belarusi/kanstytutsyi-belarusi/kanstytutsyya-1994-goda-sa-zmyanennyami-i-dapa-nennyami-/ |
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (2022) → |
Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі),
зыходзячы з адказнасці за цяперашні стан і будучыню Беларусі,
усведамляючы сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнага супольніцтва і пацвярджаючы сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцей,
грунтуючыся на сваім неад’емным праве на самавызначэнне,
абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці,
імкнучыся зацвердзіць правы і свабоды кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь,
жадаючы забяспечыць грамадзянскую згоду, непахісныя ўстоі народаўладдзя і прававой дзяржавы, прымаем гэтую Канстытуцыю — Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь.
РАЗДЗЕЛ I. АСНОВЫ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА ЛАДУ
правіцьАртыкул 1. Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.
Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.
Рэспубліка Беларусь абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак.
Артыкул 2. Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.
Дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы. Грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй.
Артыкул 3. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй.
Любыя дзеянні па змяненню канстытуцыйнага ладу і дасягненню дзяржаўнай улады гвалтоўнымі метадамі, а таксама шляхам іншага парушэння законаў Рэспублікі Беларусь караюцца згодна з законам.
Артыкул 4. Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў.
Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян.
Артыкул 5. Палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, дзейнічаючы ў рамках Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, садзейнічаюць выяўленню і выказванню палітычнай волі грамадзян, удзельнічаюць у выбарах.
Палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб’яднанні маюць права карыстацца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі ў парадку, вызначаным заканадаўствам.
Забараняецца стварэнне і дзейнасць палітычных партый, а таксама іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці.
Артыкул 6. Дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове падзелу яе на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго.
Артыкул 7. У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права.
Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства.
Прававыя акты або іх асобныя палажэнні, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку супярэчнымі з палажэннямі Канстытуцыі, не маюць юрыдычнай сілы.
Нарматыўныя акты дзяржаўных органаў публікуюцца або даводзяцца да ўсеагульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам.
Артыкул 8. Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.
Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх.
Не дапускаецца заключэнне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі.
Артыкул 9. Тэрыторыя Рэспублікі Беларусь з’яўляецца натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа, асновай яго дабрабыту і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.
Тэрыторыя Беларусі адзіная і неадчужальная.
Тэрыторыя падзяляецца на вобласці, раёны, гарады і іншыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел дзяржавы вызначаецца заканадаўствам.
Артыкул 10. Грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі.
Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства.
Грамадзянін Рэспублікі Беларусь не можа быць выдадзены замежнай дзяржаве, калі іншае не прадугледжана міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.
Набыццё і страта грамадзянства ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам.
Артыкул 11. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнароднымі дагаворамі.
Артыкул 12. Рэспубліка Беларусь можа надаваць права прытулку асобам, якія церпяць пераслед у іншых дзяржавах за палітычныя, рэлігійныя перакананні або нацыянальную прыналежнасць.
Артыкул 13. Уласнасць можа быць дзяржаўнай і прыватнай.
Дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці.
Дзяржава садзейнічае развіццю кааперацыі.
Дзяржава гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці.
Дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства; забяспечвае накіраванне і каардынацыю дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах.
Нетры, воды, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы. Землі сельскагаспадарчага прызначэння знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы.
Законам могуць быць вызначаны і іншыя аб’екты, якія знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы, або ўстаноўлены асобы парадак пераходу іх у прыватную ўласнасць, а таксама замацавана выключнае права дзяржавы на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці.
Дзяржава гарантуе працоўным права прымаць удзел у кіраванні прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сацыяльна-эканамічнага ўзроўню жыцця.
Артыкул 14. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сацыяльнымі, нацыянальнымі і іншымі супольнасцямі на аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі іх правоў і інтарэсаў.
Адносіны ў сацыяльна-працоўнай сферы паміж органамі дзяржаўнага кіравання, аб’яднаннямі наймальнікаў і прафесійнымі саюзамі ажыццяўляюцца на прынцыпах сацыяльнага партнёрства і ўзаемадзеяння бакоў.
Артыкул 15. Дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.
Артыкул 16. Рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам.
Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа.
Забараняецца дзейнасць рэлігійных арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, якая накіравана супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды ці звязана з парушэннем правоў і свабод грамадзян, а таксама перашкаджае выкананню грамадзянамі іх дзяржаўных, грамадскіх, сямейных абавязкаў або прычыняе шкоду іх здароўю і маральнасці.
Артыкул 17. Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы.
Артыкул 18. Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права.
Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю без’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай.
Артыкул 19. Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.
Артыкул 20. Сталіца Рэспублікі Беларусь — горад Мінск.
Статус горада Мінска вызначаецца законам.
РАЗДЗЕЛ II. АСОБА, ГРАМАДСТВА, ДЗЯРЖАВА
правіцьАртыкул 21. Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы.
Кожны мае права на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў.
Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы.
Артыкул 22. Усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.
Артыкул 23. Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.
Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону.
Артыкул 24. Кожны мае права на жыццё.
Дзяржава абараняе жыццё чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў.
Смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда.
Артыкул 25. Дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы. Абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам.
Асоба, узятая пад варту, мае права на судовую праверку законнасці яе затрымання або арышту.
Ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасці абыходжанню ці пакаранню, а таксама без яго згоды падвяргацца медыцынскім або іншым доследам.
Артыкул 26. Ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана і ўстаноўлена прыгаворам суда, які ўступіў у законную сілу. Той, каго абвінавачваюць, не павінен даказваць сваю невінаватасць.
Артыкул 27. Ніхто не павінен прымушацца даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх родных. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы.
Артыкул 28. Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на яго гонар і годнасць.
Артыкул 29. Недатыкальнасць жылля і іншых законных уладанняў грамадзян гарантуецца. Ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё і іншае законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі.
Артыкул 30. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад.
Артыкул 31. Кожны мае права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам.
Артыкул 32. Шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы.
Жанчына і мужчына па дасягненні шлюбнага ўзросту маюць права на добраахвотнай аснове ўступіць у шлюб і стварыць сям’ю. Муж і жонка раўнапраўныя ў сямейных адносінах.
Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні. Дзіця не павінна падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць нанесці шкоду яго фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю. Дзеці абавязаны клапаціцца пра бацькоў, а таксама пра асоб, якія іх замяняюць, і аказваць ім дапамогу.
Дзеці могуць быць аддзелены ад сваёй сям’і супраць волі бацькоў і іншых асоб, якія іх замяняюць, толькі на падставе рашэння суда, калі бацькі або іншыя асобы, якія іх замяняюць, не выконваюць сваіх абавязкаў.
Жанчынам забяспечваецца прадастаўленне роўных з мужчынамі магчымасцей у атрыманні адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, у працы і вылучэнні па службе (рабоце), у грамадска-палітычнай, культурнай і іншых сферах дзейнасці, а таксама стварэнне ўмоў для аховы іх працы і здароўя.
Моладзі гарантуецца права на яе духоўнае, маральнае і фізічнае развіццё.
Дзяржава стварае неабходныя ўмовы для свабоднага і эфектыўнага ўдзелу моладзі ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным развіцці.
Артыкул 33. Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.
Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх.
Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца.
Артыкул 34. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя.
Дзяржаўныя органы, грамадскія аб’яднанні, службовыя асобы абавязаны даць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы.
Карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам у мэтах абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў.
Артыкул 35. Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай. Парадак правядзення ўказаных мерапрыемстваў вызначаецца законам.
Артыкул 36. Кожны мае права на свабоду аб’яднанняў.
Суддзі, пракурорскія работнікі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, органаў бяспекі, ваеннаслужачыя не могуць быць членамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца палітычных мэт.
Артыкул 37. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз свабодна выбранных прадстаўнікоў.
Непасрэдны ўдзел грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў і пытанняў рэспубліканскага і мясцовага значэння, іншымі вызначанымі законам спосабамі.
У парадку, устаноўленым заканадаўствам, грамадзяне Рэспублікі Беларусь прымаюць удзел у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця на рэспубліканскіх і мясцовых сходах.
Артыкул 38. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзяржаўныя органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні.
Артыкул 39. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці са сваімі здольнасцямі, прафесійнай падрыхтоўкай маюць права роўнага доступу да любых пасад у дзяржаўных органах.
Артыкул 40. Кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы.
Дзяржаўныя органы, а таксама службовыя асобы абавязаны разгледзець зварот і даць адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. Адмова ад разгляду пададзенай заявы павінна быць пісьмова матываванай.
Артыкул 41. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.
Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва. У выпадку незанятасці асобы па не залежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама дапамога па беспрацоўі ў адпаведнасці з законам.
Грамадзяне маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, уключаючы права на аб’яднанне ў прафесійныя саюзы, заключэнне калектыўных дагавораў (пагадненняў) і права на забастоўку.
Прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы.
Артыкул 42. Асобам, якія працуюць па найму, гарантуецца справядлівая доля ўзнагароджання ў эканамічных выніках працы ў адпаведнасці з яе колькасцю, якасцю і грамадскім значэннем, але не ніжэй за ўзровень, які забяспечвае ім і іх сем’ям свабоднае і годнае існаванне.
Жанчыны і мужчыны, дарослыя і непаўналетнія маюць права на роўнае ўзнагароджанне за працу роўнай вартасці.
Артыкул 43. Працоўныя маюць права на адпачынак. Для тых, хто працуе па найму, гэта права забяспечваецца ўстанаўленнем рабочага тыдня, які не перавышае 40 гадзін, скарочанай працягласцю работы ў начны час, прадастаўленнем штогадовых аплатных водпускаў, дзён штотыднёвага адпачынку.
Артыкул 44. Дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю.
Уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі. Недатыкальнасць уласнасці, права яе атрымання ў спадчыну ахоўваюцца законам.
Уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай.
Дзяржава заахвочвае і ахоўвае зберажэнні грамадзян, стварае гарантыі вяртання ўкладаў.
Прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама згодна з пастановай суда.
Ажыццяўленне права ўласнасці не павінна супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы, наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю, гісторыка-культурным каштоўнасцям, уціскаць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб.
Артыкул 45. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя.
Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання.
Права грамадзян Рэспублікі Беларусь на ахову здароўя забяспечваецца таксама развіццём фізічнай культуры і спорту, мерамі па аздараўленню навакольнага асяроддзя, магчымасцю карыстання аздараўленчымі ўстановамі, удасканальваннем аховы працы.
Артыкул 46. Кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права.
Дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя.
Артыкул 47. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам. Дзяржава праяўляе асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, а таксама аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў.
Артыкул 48. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на жыллё. Гэтае права забяспечваецца развіццём дзяржаўнага і прыватнага жыллёвага фонду, садзейнічаннем грамадзянам у набыцці жылля.
Грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, жыллё прадастаўляецца дзяржавай і мясцовым самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх плаце ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жылля.
Артыкул 49. Кожны мае права на адукацыю.
Гарантуюцца даступнасць і бясплатнасць агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя даступная для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага. Кожны можа на конкурснай аснове бясплатна атрымаць адпаведную адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах.
Артыкул 50. Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, таксама як ніхто не можа быць прымушаны да вызначэння і ўказання нацыянальнай прыналежнасці.
Знявага нацыянальнай годнасці караецца згодна з законам.
Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання.
Артыкул 51. Кожны мае права на ўдзел у культурным жыцці. Гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, якія знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах, развіццём сеткі культурна-асветных устаноў.
Свабода мастацкай, навуковай, тэхнічнай творчасці і выкладання гарантуецца.
Інтэлектуальная ўласнасць ахоўваецца законам.
Дзяржава садзейнічае развіццю культуры, навуковых і тэхнічных даследаванняў на карысць агульных інтарэсаў.
Артыкул 52. Кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю, законы і паважаць нацыянальныя традыцыі.
Артыкул 53. Кожны абавязаны паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб.
Артыкул 54. Кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці.
Артыкул 55. Ахова прыроднага асяроддзя — абавязак кожнага.
Артыкул 56. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў.
Артыкул 57. Абарона Рэспублікі Беларусь — абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Парадак праходжання вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайсковай службы ці замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам.
Артыкул 58. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.
Артыкул 59. Дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.
Дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы.
Гэтыя органы і асобы нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы.
Артыкул 60. Кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.
З мэтай абароны правоў, свабод, гонару і годнасці грамадзяне ў адпаведнасці з законам маюць права спагнаць у судовым парадку як маёмасную шкоду, так і матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды.
Артыкул 61. Кожны мае права ў адпаведнасці з міжнародна-прававымі актамі, якія ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь, звяртацца ў міжнародныя арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў і свабод, калі вычарпаны ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны.
Артыкул 62. Кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў.
Процідзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.
Артыкул 63. Ажыццяўленне прадугледжаных гэтай Канстытуцыяй правоў і свабод асобы можа быць прыпынена толькі ва ўмовах надзвычайнага або ваеннага становішча ў парадку і межах, вызначаных Канстытуцыяй і законам.
Пры ажыццяўленні асобых мер у перыяд надзвычайнага становішча не могуць абмяжоўвацца правы, прадугледжаныя ў артыкуле 24, частцы трэцяй артыкула 25, артыкулах 26, 31 Канстытуцыі.
РАЗДЗЕЛ III. ВЫБАРЧАЯ СІСТЭМА. РЭФЕРЭНДУМ
правіцьГЛАВА 1. ВЫБАРЧАЯ СІСТЭМА
правіцьАртыкул 64. Выбары дэпутатаў і іншых асоб, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады народам, з’яўляюцца ўсеагульнымі: права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў.
У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія ўтрымліваюцца па прыгавору суда ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні не прымаюць удзелу асобы, у адносінах да якіх у парадку, устаноўленым крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, выбрана мера стрымання — утрыманне пад вартай. Любое прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у іншых выпадках з’яўляецца недапушчальным і караецца згодна з законам.
Узроставы цэнз дэпутатаў і іншых асоб, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, вызначаецца адпаведнымі законамі, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.
Артыкул 65. Выбары з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць.
Падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і галосна.
Артыкул 66. Выбары з’яўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў.
Кандыдаты, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, удзельнічаюць у выбарах на роўных падставах.
Артыкул 67. Выбары дэпутатаў з’яўляюцца прамымі: дэпутаты выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна.
Артыкул 68. Галасаванне на выбарах з’яўляецца тайным: кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў у ходзе галасавання забараняецца.
Артыкул 69. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам у адпаведнасці з законам.
Артыкул 70. Расходы на падрыхтоўку і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах выдзеленых на гэтыя мэты сродкаў. У выпадках, прадугледжаных законам, расходы на падрыхтоўку і правядзенне выбараў могуць ажыццяўляцца за кошт сродкаў грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, грамадзян.
Артыкул 71. Правядзенне выбараў забяспечваюць выбарчыя камісіі, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.
Парадак правядзення выбараў вызначаецца законамі Рэспублікі Беларусь.
Выбары не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча.
Артыкул 72. Адкліканне дэпутатаў ажыццяўляецца па падставах, прадугледжаных законам.
Галасаванне аб адкліканні дэпутата праводзіцца ў парадку, прадугледжаным для выбрання дэпутата, па ініцыятыве не менш дваццаці працэнтаў грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі.
Падставы і парадак адклікання членаў Савета Рэспублікі ўстанаўліваюцца законам.
ГЛАВА 2. РЭФЕРЭНДУМ (НАРОДНАЕ ГАЛАСАВАННЕ)
правіцьАртыкул 73. Для вырашэння важнейшых пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця могуць праводзіцца рэспубліканскія і мясцовыя рэферэндумы.
Артыкул 74. Рэспубліканскія рэферэндумы назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па ўласнай ініцыятыве, а таксама па прапанове Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, якая прымаецца на іх раздзельных пасяджэннях большасцю галасоў ад устаноўленага Канстытуцыяй складу (поўнага складу) кожнай з палат, або па прапанове не менш як 450 тысяч грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у тым ліку не менш як 30 тысяч грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска.
Прэзідэнт пасля ўнясення на яго разгляд у адпаведнасці з законам прапаноў Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі або грамадзян аб правядзенні рэферэндуму назначае рэспубліканскі рэферэндум.
Дата правядзення рэферэндуму ўстанаўліваецца не пазней як праз тры месяцы з дня выдання ўказа Прэзідэнта аб назначэнні рэферэндуму.
Рашэнні, прынятыя рэспубліканскім рэферэндумам, падпісваюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 75. Мясцовыя рэферэндумы назначаюцца адпаведнымі мясцовымі прадстаўнічымі органамі па сваёй ініцыятыве або па прапанове не менш дзесяці працэнтаў грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі.
Артыкул 76. Рэферэндумы праводзяцца шляхам усеагульнага, свабоднага, роўнага і тайнага галасавання.
У рэферэндумах удзельнічаюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам.
Артыкул 77. Рашэнні, прынятыя рэферэндумам, могуць быць адменены або зменены толькі шляхам рэферэндуму, калі іншае не будзе вызначана рэферэндумам.
Артыкул 78. Парадак правядзення рэспубліканскіх і мясцовых рэферэндумаў, а таксама пералік пытанняў, якія не могуць быць вынесены на рэферэндум, вызначаюцца законам Рэспублікі Беларусь.
РАЗДЗЕЛ IV. ПРЭЗІДЭНТ, ПАРЛАМЕНТ, УРАД, СУД
правіцьГЛАВА 3. ПРЭЗІДЭНТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
правіцьАртыкул 79. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
Прэзідэнт увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Прэзідэнт прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, забяспечвае палітычную і эканамічную стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзяржаўнай улады, ажыццяўляе пасрэдніцтва паміж органамі дзяржаўнай улады.
Прэзідэнт валодае недатыкальнасцю, яго гонар і годнасць ахоўваюцца законам.
Артыкул 80. Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнню, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш дзесяці гадоў непасрэдна перад выбарамі.
Артыкул 81. Прэзідэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.
Кандыдаты на пасаду Прэзідэнта вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці не менш як 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў.
Выбары Прэзідэнта назначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазней чым за пяць месяцаў і праводзяцца не пазней чым за два месяцы да сканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта.
Калі пасада Прэзідэнта аказалася вакантнай, выбары праводзяцца не раней чым праз 30 дзён і не пазней чым праз 70 дзён з дня адкрыцця вакансіі.
Артыкул 82. Лічыцца, што выбары адбыліся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш паловы грамадзян Рэспублікі Беларусь, уключаных у спіс выбаршчыкаў.
Прэзідэнт лічыцца выбраным, калі за яго прагаласавала больш як палова грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
Калі ні адзін з кандыдатаў не набраў неабходнай колькасці галасоў, то ў двухтыднёвы тэрмін праводзіцца другі тур галасавання па двух кандыдатах, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў. Выбраным лічыцца кандыдат у Прэзідэнты, які атрымаў пры паўторным галасаванні больш паловы галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
Парадак правядзення выбараў Прэзідэнта вызначаецца законам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 83. Прэзідэнт заступае на пасаду пасля прынясення Прысягі наступнага зместу:
«Заступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, захоўваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі».
Прысяга прыносіцца ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, суддзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага судоў не пазней двух месяцаў з дня выбрання Прэзідэнта. З моманту прынясення Прысягі нававыбраным Прэзідэнтам паўнамоцтвы папярэдняга Прэзідэнта спыняюцца.
Артыкул 84. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь:
- 1) назначае рэспубліканскія рэферэндумы;
- 2) назначае чарговыя і нечарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі і мясцовыя прадстаўнічыя органы;
- 3) распускае палаты ў выпадках і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй;
- 4) назначае шэсць членаў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў;
- 5) утварае, ліквідуе і рэарганізуе Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншыя органы дзяржаўнага кіравання, а таксама кансультатыўна-дарадчыя і іншыя органы пры Прэзідэнце;
- 6) са згоды Палаты прадстаўнікоў назначае на пасаду Прэм’ер-міністра;
- 7) вызначае структуру Урада Рэспублікі Беларусь, назначае на пасаду і вызваляе ад пасады намеснікаў Прэм’ер-міністра, міністраў і іншых членаў Урада, прымае рашэнне аб адстаўцы Урада або яго членаў;
- 8) са згоды Савета Рэспублікі назначае на пасаду Старшыню Канстытуцыйнага Суда, Старшыню Вярхоўнага Суда, Старшыню Вышэйшага Гаспадарчага Суда з ліку суддзяў гэтых судоў;
- 9) са згоды Савета Рэспублікі назначае на пасаду суддзяў Вярхоўнага Суда, суддзяў Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Старшыню Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, Генеральнага пракурора, Старшыню і членаў Праўлення Нацыянальнага банка;
- 10) назначае шэсць суддзяў Канстытуцыйнага Суда, іншых суддзяў Рэспублікі Беларусь;
- 11) вызваляе ад пасады Старшыню і суддзяў Канстытуцыйнага Суда, Старшыню і суддзяў Вярхоўнага Суда, Старшыню і суддзяў Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Старшыню і членаў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, Генеральнага пракурора, Старшыню і членаў Праўлення Нацыянальнага банка па падставах, прадугледжаных законам, з паведамленнем Савету Рэспублікі;
- 12) назначае на пасаду і вызваляе ад пасады Старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю;
- 13) звяртаецца з пасланнямі да народа Рэспублікі Беларусь аб становішчы ў дзяржаве і аб асноўных напрамках унутранай і знешняй палітыкі;
- 14) звяртаецца са штогадовымі пасланнямі да Парламента, якія заслухоўваюцца без абмеркавання на пасяджэннях Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі; мае права ўдзельнічаць у рабоце Парламента і яго органаў, выступаць перад імі ў любы час з прамовай або паведамленнем;
- 15) мае права старшынстваваць на пасяджэннях Урада Рэспублікі Беларусь;
- 16) назначае кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і вызначае іх статус; назначае прадстаўнікоў Прэзідэнта ў Парламенце і іншых службовых асоб, пасады якіх вызначаны ў адпаведнасці з заканадаўствам, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй;
- 17) вырашае пытанні аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь, яго спыненні і прадастаўленні прытулку;
- 18) устанаўлівае дзяржаўныя святы і святочныя дні, узнагароджвае дзяржаўнымі ўзнагародамі, прысвойвае класныя чыны і званні;
- 19) ажыццяўляе памілаванне асуджаных;
- 20) вядзе перагаворы і падпісвае міжнародныя дагаворы, назначае і адклікае дыпламатычных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах і пры міжнародных арганізацыях;
- 21) прымае даверчыя і адзыўныя граматы акрэдытаваных пры ім дыпламатычных прадстаўнікоў замежных дзяржаў;
- 22) у выпадку стыхійнага бедства, катастрофы, а таксама беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам ці пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека жыццю і здароўю людзей, тэрытарыяльнай цэласнасці і існаванню дзяржавы, уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або ў асобных яе мясцовасцях надзвычайнае становішча з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі;
- 23) у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, мае права адкласці правядзенне забастоўкі або прыпыніць яе, але не больш чым на трохмесячны тэрмін;
- 24) падпісвае законы; мае права ў парадку, устаноўленым Канстытуцыяй, вярнуць закон або асобныя яго палажэнні са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў;
- 25) мае права адмяняць акты Урада;
- 26) непасрэдна або праз ствараемыя ім органы ажыццяўляе кантроль за захаваннем заканадаўства мясцовымі органамі кіравання і самакіравання; мае права прыпыняць рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў і адмяняць рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у выпадку неадпаведнасці іх заканадаўству;
- 27) фарміруе і ўзначальвае Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь; назначае на пасаду і вызваляе ад пасады Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі;
- 28) з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь; назначае на пасады і вызваляе ад пасад вышэйшае камандаванне Узброеных Сіл;
- 29) уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у выпадку ваеннай пагрозы або нападу ваеннае становішча, аб’яўляе поўную або частковую мабілізацыю з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі;
- 30) ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй і законамі.
Артыкул 85. Прэзідэнт на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй выдае ўказы і распараджэнні, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, Прэзідэнт выдае дэкрэты, што маюць сілу законаў. Прэзідэнт непасрэдна або праз ствараемыя ім органы забяспечвае выкананне дэкрэтаў, указаў і распараджэнняў.
Артыкул 86. Прэзідэнт не можа займаць іншыя пасады, атрымліваць апрача заработнай платы грашовыя ўзнагароджанні, за выключэннем ганарараў за творы навукі, літаратуры і мастацтва.
Прэзідэнт прыпыняе членства ў палітычных партыях і іншых грамадскіх аб’яднаннях, якія дамагаюцца палітычных мэт, на ўвесь тэрмін паўнамоцтваў.
Артыкул 87. Прэзідэнт можа ў любы час падаць у адстаўку. Адстаўка Прэзідэнта прымаецца Палатай прадстаўнікоў.
Артыкул 88. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады пры стойкай няздольнасці па стану здароўя ажыццяўляць абавязкі Прэзідэнта. Рашэнне аб датэрміновым вызваленні Прэзідэнта прымаецца большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў і большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі на падставе заключэння спецыяльна ствараемай палатамі камісіі.
Прэзідэнт можа быць зняты з пасады ў сувязі з учыненнем дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства. Рашэнне аб выстаўленні абвінавачання і яго расследаванні ў гэтым выпадку лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў па прапанове не менш як адной трэці яе дэпутатаў. Расследаванне абвінавачання арганізуецца Саветам Рэспублікі. Прэзідэнт лічыцца знятым з пасады, калі за гэта рашэнне прагаласавала не менш як дзве трэці ад поўнага складу Савета Рэспублікі, а таксама не менш як дзве трэці ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў.
Непрыняцце Саветам Рэспублікі і Палатай прадстаўнікоў рашэння аб зняцці Прэзідэнта з пасады на працягу месяца з дня выстаўлення абвінавачання азначае адхіленне абвінавачання. Прапанова аб зняцці Прэзідэнта з пасады не можа ініцыіравацца ў перыяд разгляду ў адпаведнасці з Канстытуцыяй пытання аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў Парламента.
У выпадку зняцця Прэзідэнта ў сувязі з учыненнем злачынства справа па сутнасці абвінавачання разглядаецца Вярхоўным Судом.
Артыкул 89. У выпадку вакансіі пасады Прэзідэнта або немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў па падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясення Прысягі нававыбраным Прэзідэнтам пераходзяць да Прэм’ер-міністра.
ГЛАВА 4. ПАРЛАМЕНТ — НАЦЫЯНАЛЬНЫ СХОД
правіцьАртыкул 90. Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь з’яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь.
Парламент складаецца з дзвюх палат — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.
Артыкул 91. Склад Палаты прадстаўнікоў — 110 дэпутатаў. Выбранне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з законам на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.
Савет Рэспублікі з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Ад кожнай вобласці і горада Мінска тайным галасаваннем выбіраюцца на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і горада Мінска па восем членаў Савета Рэспублікі. Восем членаў Савета Рэспублікі назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Выбары новага складу палат Парламента назначаюцца не пазней як за чатыры месяцы і праводзяцца не пазней як за 30 дзён да сканчэння паўнамоцтваў палат дзеючага склікання Парламента.
Нечарговыя выбары палат Парламента праводзяцца на працягу трох месяцаў з дня датэрміновага спынення паўнамоцтваў палат Парламента.
Артыкул 92. Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 21 года.
Членам Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 30 гадоў і пражыў на тэрыторыі адпаведнай вобласці, горада Мінска не менш як пяць гадоў.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы ў Парламенце на прафесійнай аснове, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў можа быць адначасова членам Урада.
Адна і тая ж асоба не можа адначасова з’яўляцца членам дзвюх палат Парламента. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў не можа быць дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў. Член Савета Рэспублікі не можа быць адначасова членам Урада. Не дапускаецца сумяшчэнне абавязкаў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі з адначасовым заняццем пасады Прэзідэнта або суддзі.
Артыкул 93. Тэрмін паўнамоцтваў Парламента — чатыры гады. Паўнамоцтвы Парламента могуць быць прадоўжаны на падставе закона толькі ў выпадку вайны.
Першая пасля выбараў сесія палат Парламента склікаецца Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў і пачынае сваю работу не пазней як праз 30 дзён пасля выбараў. Адлік трыццацідзённага тэрміну для склікання і пачатку работы першай сесіі Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца з дня другога туру галасавання па выбарах яе новага складу. Калі другі тур галасавання па выбарах у Палату прадстаўнікоў не праводзіцца, адлік трыццацідзённага тэрміну ажыццяўляецца з дня правядзення першага туру агульных выбараў у Рэспубліцы Беларусь. Адлік трыццацідзённага тэрміну для склікання і пачатку работы першай сесіі Савета Рэспублікі ажыццяўляецца з дня першага пасяджэння дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню па выбарах членаў Савета Рэспублікі ад вобласці або горада Мінска.
У выпадках і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй, паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі могуць быць спынены датэрмінова. Са спыненнем паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі па рашэнню Прэзідэнта могуць быць таксама спынены паўнамоцтвы адпаведна Савета Рэспублікі або Палаты прадстаўнікоў.
Артыкул 94. Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць датэрмінова спынены пры адмове ў даверы Ураду, выказванні вотуму недаверу Ураду або двухразовай адмове ў дачы згоды на назначэнне Прэм’ер-міністра.
Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі могуць быць таксама датэрмінова спынены на падставе заключэння Канстытуцыйнага Суда ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Парламента Канстытуцыі.
Рашэнні па гэтых пытаннях Прэзідэнт прымае не пазней чым у двухмесячны тэрмін пасля афіцыйных кансультацый са старшынямі палат.
Палаты не могуць быць распушчаны ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча, у апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Прэзідэнта, у перыяд вырашэння палатамі пытання аб датэрміновым вызваленні або зняцці Прэзідэнта з пасады.
Не дапускаецца роспуск палат на працягу года з дня іх першых пасяджэнняў.
Артыкул 95. Палаты збіраюцца на дзве чарговыя сесіі ў год.
Першая сесія адкрываецца 2 кастрычніка; яе працягласць не можа быць больш як восемдзесят дзён.
Другая сесія адкрываецца 2 красавіка; яе працягласць не можа быць больш як дзевяноста дзён.
Калі 2 кастрычніка або 2 красавіка прыпадаюць на нерабочы дзень, то сесія адкрываецца ў першы наступны за ім рабочы дзень.
Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі ў выпадку асаблівай неабходнасці склікаюцца на нечарговую сесію па ініцыятыве Прэзідэнта, а таксама па патрабаванню большасці не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу кожнай з палат па вызначаным парадку дня.
Нечарговыя сесіі адкрываюцца ўказамі Прэзідэнта.
Артыкул 96. Палата прадстаўнікоў выбірае са свайго складу Старшыню Палаты прадстаўнікоў і яго намесніка.
Савет Рэспублікі выбірае са свайго складу Старшыню Савета Рэспублікі і яго намесніка.
Старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, іх намеснікі вядуць пасяджэнні і кіруюць унутраным распарадкам палат.
Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі са свайго складу выбіраюць пастаянныя камісіі і іншыя органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да ведання палат.
Артыкул 97. Палата прадстаўнікоў:
- 1) разглядае па прапанове Прэзідэнта або па ініцыятыве не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, праекты законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, аб тлумачэнні Канстытуцыі;
- 2) разглядае праекты законаў, у тым ліку аб зацвярджэнні асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь; ваеннай дактрыны; аб ратыфікацыі і дэнансацыі міжнародных дагавораў; аб асноўным змесце і прынцыпах ажыццяўлення правоў, свабод і абавязкаў грамадзян; аб грамадзянстве, статусе іншаземцаў і асоб без грамадзянства; аб правах нацыянальных меншасцей; аб зацвярджэнні рэспубліканскага бюджэту і справаздачы аб яго выкананні; устанаўленні рэспубліканскіх падаткаў і збораў; аб прынцыпах ажыццяўлення адносін уласнасці; аб асновах сацыяльнай абароны; аб прынцыпах рэгулявання працы і занятасці; аб шлюбе, сям’і, дзяцінстве, мацярынстве, бацькоўстве, выхаванні, адукацыі, культуры і ахове здароўя; аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў; аб вызначэнні парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання дзяржавы; аб мясцовым самакіраванні; аб судаўладкаванні, судаводстве і статусе суддзяў; аб крымінальнай адказнасці; аб амністыі; аб абвяшчэнні вайны і заключэнні міру; аб прававым рэжыме ваеннага і надзвычайнага становішча; аб устанаўленні дзяржаўных узнагарод; аб тлумачэнні законаў;
- 3) назначае выбары Прэзідэнта;
- 4) дае згоду Прэзідэнту на назначэнне Прэм’ер-міністра;
- 5) заслухоўвае даклад Прэм’ер-міністра аб праграме дзейнасці Урада і адабрае або адхіляе праграму; паўторнае адхіленне палатай праграмы азначае выказванне вотуму недаверу Ураду;
- 6) разглядае па ініцыятыве Прэм’ер-міністра пытанне аб даверы Ураду;
- 7) па ініцыятыве не менш як адной трэці ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў выказвае вотум недаверу Ураду; пытанне аб адказнасці Урада не можа быць пастаўлена на працягу года пасля адабрэння праграмы яго дзейнасці;
- 8) прымае адстаўку Прэзідэнта;
- 9) выстаўляе большасцю галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў абвінавачанне супраць Прэзідэнта ва ўчыненні дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства; на падставе адпаведнага рашэння Савета Рэспублікі прымае большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу рашэнне аб зняцці Прэзідэнта з пасады;
- 10) адмяняе распараджэнні Старшыні Палаты прадстаўнікоў.
Палата прадстаўнікоў можа прымаць рашэнні па іншых пытаннях, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй.
Артыкул 98. Савет Рэспублікі:
- 1) адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю; аб тлумачэнні Канстытуцыі; праекты іншых законаў;
- 2) дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам Старшыні Канстытуцыйнага Суда, Старшыні і суддзяў Вярхоўнага Суда, Старшыні і суддзяў Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, Генеральнага пракурора, Старшыні і членаў Праўлення Нацыянальнага банка;
- 3) выбірае шэсць суддзяў Канстытуцыйнага Суда;
- 4) выбірае шэсць членаў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў;
- 5) адмяняе рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству;
- 6) прымае рашэнне аб роспуску мясцовага Савета дэпутатаў у выпадку сістэматычнага або грубага парушэння ім патрабаванняў заканадаўства і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам;
- 7) разглядае выстаўленае Палатай прадстаўнікоў абвінавачанне супраць Прэзідэнта ва ўчыненні дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства, прымае рашэнне аб яго расследаванні. Пры наяўнасці падстаў большасцю не менш як дзвюма трацямі галасоў ад поўнага складу прымае рашэнне аб зняцці Прэзідэнта з пасады;
- 8) разглядае ўказы Прэзідэнта аб увядзенні надзвычайнага становішча, ваеннага становішча, поўнай або частковай мабілізацыі і не пазней як у трохдзённы тэрмін пасля іх унясення прымае адпаведнае рашэнне.
Савет Рэспублікі можа прымаць рашэнні па іншых пытаннях, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй.
Артыкул 99. Права заканадаўчай ініцыятывы належыць Прэзідэнту, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Ураду, а таксама грамадзянам, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш як 50 тысяч чалавек і рэалізуецца ў Палаце прадстаўнікоў.
Законапраекты, вынікам прыняцця якіх можа быць скарачэнне дзяржаўных сродкаў, стварэнне або павелічэнне расходаў, могуць уносіцца ў Палату прадстаўнікоў толькі са згоды Прэзідэнта або па яго даручэнню — Урада.
Прэзідэнт або па яго даручэнню Урад маюць права ўносіць прапановы ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі аб абвяшчэнні разгляду праекта закона тэрміновым. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ў гэтым выпадку павінны разгледзець дадзены праект на працягу дзесяці дзён з дня ўнясення на іх разгляд.
Па патрабаванню Прэзідэнта або, з яго згоды, Урада Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі на сваіх пасяджэннях прымаюць рашэнні, галасуючы ў цэлым за ўвесь унесены Прэзідэнтам або Урадам праект ці яго частку, захаваўшы толькі тыя папраўкі, якія прапанаваны ці прыняты Прэзідэнтам або Урадам.
Артыкул 100. Любы законапраект, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй, спачатку разглядаецца ў Палаце прадстаўнікоў, а потым у Савеце Рэспублікі.
Законапраект, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Канстытуцыяй, становіцца законам пасля прыняцця Палатай прадстаўнікоў і адабрэння Саветам Рэспублікі большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай палаты.
Прынятыя Палатай прадстаўнікоў законапраекты на працягу пяці дзён перадаюцца на разгляд у Савет Рэспублікі, дзе могуць разглядацца не больш як дваццаць дзён, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.
Закон лічыцца адобраным Саветам Рэспублікі, калі за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Савета Рэспублікі, або калі на працягу дваццаці дзён, а пры абвяшчэнні законапраекта тэрміновым — дзесяці дзён з дня ўнясення ён не быў разгледжаны Саветам Рэспублікі. У выпадку адхілення законапраекта Саветам Рэспублікі палаты могуць стварыць пагаджальную камісію, якая фарміруецца на парытэтнай аснове, для пераадолення ўзнікшых рознагалоссяў. Тэкст законапраекта, выпрацаваны пагаджальнай камісіяй, прадстаўляецца на адабрэнне абедзвюх палат.
Калі пагаджальнай камісіяй не прыняты ўзгоднены тэкст законапраекта, Прэзідэнт або па яго даручэнню Урад могуць запатрабаваць, каб Палата прадстаўнікоў прыняла канчатковае рашэнне. Закон лічыцца прынятым Палатай прадстаўнікоў пры ўмове, што за яго прагаласавала не менш як дзве трэці ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў.
Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі, або прыняты Палатай прадстаўнікоў у парадку, прадугледжаным дадзеным артыкулам, прадстаўляецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Калі Прэзідэнт згодны з тэкстам закона, ён яго падпісвае. Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь закон на працягу двух тыдняў пасля таго, як ён быў яму прадстаўлены, закон лічыцца падпісаным. Закон не лічыцца падпісаным і не ўступае ў сілу, калі ён не мог быць вернуты ў Парламент у сувязі з заканчэннем сесіі.
Пры нязгодзе з тэкстам закона Прэзідэнт вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў, якая павінна разгледзець закон з пярэчаннямі Прэзідэнта не пазней як праз трыццаць дзён. Калі закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу, ён разам з пярэчаннямі Прэзідэнта ў пяцідзённы тэрмін накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, які таксама павінен разгледзець яго паўторна не пазней як праз дваццаць дзён. Закон лічыцца прынятым, калі ён адобраны большасцю не менш як дзвюма трацямі галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Закон пасля пераадолення Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі пярэчанняў Прэзідэнта падпісваецца Прэзідэнтам у пяцідзённы тэрмін. Закон уступае ў сілу і ў тым выпадку, калі ён не будзе падпісаны Прэзідэнтам у гэты тэрмін.
У такім жа парадку палатамі разглядаюцца пярэчанні Прэзідэнта на асобныя палажэнні закона, якія вяртаюцца для паўторнага галасавання. У гэтым выпадку да вынясення адпаведнага рашэння Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі закон падпісваецца Прэзідэнтам і ўступае ў сілу, за выключэннем тых палажэнняў, адносна якіх маюцца пярэчанні Прэзідэнта.
Артыкул 101. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі законам, прынятым большасцю галасоў ад поўнага складу палат, па прапанове Прэзідэнта могуць дэлегаваць яму заканадаўчыя паўнамоцтвы на выданне дэкрэтаў, якія маюць сілу закона. Гэты закон павінен вызначаць прадмет рэгулявання і тэрмін паўнамоцтваў Прэзідэнта на выданне дэкрэтаў.
Не дапускаецца дэлегаванне паўнамоцтваў Прэзідэнту на выданне дэкрэтаў, якія прадугледжваюць змяненне і дапаўненне Канстытуцыі, яе тлумачэнне; змяненне і дапаўненне праграмных законаў; зацвярджэнне рэспубліканскага бюджэту і справаздачы аб яго выкананні; змяненне парадку выбараў Прэзідэнта і Парламента, абмежаванне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Закон аб дэлегаванні заканадаўчых паўнамоцтваў Прэзідэнту не можа дазваляць яму змяненне гэтага закона, а таксама прадастаўляць права прымаць нормы, якія маюць зваротную сілу.
З прычыны асаблівай неабходнасці Прэзідэнт па сваё ініцыятыве або па прапанове Урада можа выдаваць часовыя дэкрэты, якія маюць сілу закона. Калі такія дэкрэты выдаюцца па прапанове Урада, яны змацоўваюцца подпісам Прэм’ер-міністра. Часовыя дэкрэты павінны быць у трохдзённы тэрмін прадстаўлены для наступнага разгляду Палатай прадстаўнікоў, а потым Саветам Рэспублікі. Гэтыя дэкрэты захоўваюць сілу, калі яны не адменены большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу кожнай з палат. Палаты могуць рэгуляваць законам адносіны, што ўзніклі на аснове дэкрэтаў, якія адменены.
Артыкул 102. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі карыстаюцца недатыкальнасцю пры выказванні сваіх меркаванняў і ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў. Гэта не адносіцца да абвінавачання іх у паклёпе і знявазе.
На працягу тэрміну сваіх паўнамоцтваў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі могуць быць арыштаваны, іншым чынам пазбаўлены асабістай свабоды толькі з папярэдняй згоды адпаведнай палаты, за выключэннем учынення дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства, а таксама затрымання на месцы ўчынення злачынства.
Крымінальная справа ў дачыненні да дэпутата Палаты прадстаўнікоў або члена Савета Рэспублікі разглядаецца Вярхоўным Судом.
Артыкул 103. Пасяджэнні палат з’яўляюцца адкрытымі. Палаты, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзяржавы, могуць прыняць рашэнне аб правядзенні закрытага пасяджэння большасцю галасоў ад іх поўнага складу. У час пасяджэнняў, у тым ліку і закрытых, Прэзідэнт, яго прадстаўнікі, Прэм’ер-міністр і члены Урада могуць выступаць без чаргі тых, хто запісаўся для выступлення, столькі разоў, колькі яны гэтага запатрабуюць.
Адно пасяджэнне ў месяц рэзервуецца для пытанняў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі і адказаў Урада.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Савета Рэспублікі мае права звярнуцца з запытам да Прэм’ер-міністра, членаў Урада, кіраўнікоў дзяржаўных органаў, што ўтвараюцца або выбіраюцца Парламентам. Запыт павінен быць уключаны ў парадак дня палаты. Адказ на запыт належыць даць на працягу дваццаці сесійных дзён у парадку, устаноўленым палатай Парламента.
Пасяджэнне палаты лічыцца правамоцным пры ўмове, што на ім прысутнічае не менш як дзве трэці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў або членаў Савета Рэспублікі ад поўнага складу палаты.
Галасаванне ў Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі адкрытае і ажыццяўляецца асабіста дэпутатам, членам Савета Рэспублікі шляхам падачы голасу «за» або «супраць». Тайнае галасаванне праводзіцца толькі пры вырашэнні кадравых пытанняў.
Артыкул 104. Рашэнні Палаты прадстаўнікоў прымаюцца ў форме законаў і пастаноў. Пастановы Палаты прадстаўнікоў прымаюцца па пытаннях распарадчага і кантрольнага характару.
Рашэнні Савета Рэспублікі прымаюцца ў форме пастаноў.
Рашэнні палат лічацца прынятымі пры ўмове, што за іх прагаласавала большасць ад поўнага складу палат, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.
Законы аб асноўных напрамках унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, аб ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца праграмнымі і лічацца прынятымі пры ўмове, калі за іх прагаласавала не менш як дзве трэці ад поўнага складу палат.
Законы падлягаюць неадкладнаму апублікаванню пасля іх падпісання і ўступаюць у сілу праз дзесяць дзён пасля апублікавання, калі ў самім законе не ўстаноўлены іншы тэрмін. У такім жа парадку публікуюцца і ўступаюць у сілу дэкрэты Прэзідэнта.
Закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян.
Артыкул 105. Парадак дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, іх органаў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі вызначаецца рэгламентамі палат, якія падпісваюцца старшынямі палат.
ГЛАВА 5. УРАД — САВЕТ МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
правіцьАртыкул 106. Выканаўчую ўладу ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляе Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь — цэнтральны орган дзяржаўнага кіравання.
Урад у сваёй дзейнасці падсправаздачны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і адказны перад Парламентам Рэспублікі Беларусь.
Урад складае свае паўнамоцтвы перад нававыбраным Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Урад Рэспублікі Беларусь складаецца з Прэм’ер-міністра, яго намеснікаў і міністраў. У склад Урада могуць уваходзіць і кіраўнікі іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.
Прэм’ер-міністр назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь са згоды Палаты прадстаўнікоў. Рашэнне па гэтаму пытанню прымаецца Палатай прадстаўнікоў не пазней як у двухтыднёвы тэрмін з дня ўнясення прапановы па кандыдатуры Прэм’ер-міністра. У выпадку двухразовай адмовы ў дачы згоды на назначэнне Прэм’ер-міністра Палатай прадстаўнікоў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь мае права назначыць выконваючага абавязкі Прэм’ер-міністра, распусціць Палату прадстаўнікоў і назначыць новыя выбары.
Работай Урада кіруе Прэм’ер-міністр.
Прэм’ер-міністр:
- 1) ажыццяўляе непасрэднае кіраўніцтва дзейнасцю Урада і нясе персанальную адказнасць за яго работу;
- 2) падпісвае пастановы Урада;
- 3) у двухмесячны тэрмін пасля свайго назначэння прадстаўляе Парламенту праграму дзейнасці Урада, а ў выпадку яе адхілення прадстаўляе паўторную праграму дзейнасці Урада на працягу двух месяцаў;
- 4) інфармуе Прэзідэнта аб асноўных напрамках дзейнасці Урада і аб усіх яго найважнейшых рашэннях;
- 5) выконвае іншыя функцыі, звязаныя з арганізацыяй і дзейнасцю Урада.
Урад або любы член Урада маюць права заявіць Прэзідэнту аб сваёй адстаўцы, калі лічаць немагчымым далейшае ажыццяўленне ўскладзеных на іх абавязкаў. Урад заяўляе Прэзідэнту аб адстаўцы ў выпадку выказвання Палатай прадстаўнікоў вотуму недаверу Ураду.
Прэм’ер-міністр можа паставіць перад Палатай прадстаўнікоў пытанне аб даверы Ураду па прадстаўленай праграме або з канкрэтнай нагоды. Калі Палата прадстаўнікоў у даверы адмаўляе, Прэзідэнт мае права ў дзесяцідзённы тэрмін прыняць рашэнне аб адстаўцы Урада або аб роспуску Палаты прадстаўнікоў і назначэнні новых выбараў. Пры адхіленні адстаўкі Урад прадаўжае ажыццяўляць свае паўнамоцтвы.
Прэзідэнт мае права па ўласнай ініцыятыве прыняць рашэнне аб адстаўцы Урада і вызваліць ад пасады любога члена Урада.
У выпадку адстаўкі або складання паўнамоцтваў Урад Рэспублікі Беларусь па даручэнню Прэзідэнта прадаўжае ажыццяўляць свае паўнамоцтвы да сфарміравання новага Урада.
Артыкул 107. Урад Рэспублікі Беларусь:
кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзяржаўнага кіравання і іншых органаў выканаўчай улады;
распрацоўвае асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі;
распрацоўвае і прадстаўляе Прэзідэнту для ўнясення ў Парламент праект рэспубліканскага бюджэту і справаздачу аб яго выкананні;
забяспечвае правядзенне адзінай эканамічнай, фінансавай, крэдытнай і грашовай палітыкі, дзяржаўнай палітыкі ў галіне навукі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сацыяльнага забеспячэння і аплаты працы;
прымае меры па забеспячэнню правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю;
выступае ад імя ўласніка ў дачыненні да маёмасці, якая з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь, арганізуе кіраванне дзяржаўнай уласнасцю;
забяспечвае выкананне Канстытуцыі, законаў і дэкрэтаў, указаў і распараджэнняў Прэзідэнта;
адмяняе акты міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта.
Артыкул 108. Урад Рэспублікі Беларусь выдае пастановы, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Прэм’ер-міністр выдае ў межах сваёй кампетэнцыі распараджэнні.
Кампетэнцыя, парадак арганізацыі і дзейнасці Урада вызначаюцца на аснове Канстытуцыі законам аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
ГЛАВА 6. СУД
правіцьАртыкул 109. Судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь належыць судам.
Сістэма судоў будуецца на прынцыпах тэрытарыяльнасці і спецыялізацыі.
Судаўладкаванне ў Рэспубліцы Беларусь вызначаецца законам.
Утварэнне надзвычайных судоў забараняецца.
Артыкул 110. Суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону.
Якое-небудзь умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выкананню правасуддзя недапушчальнае і цягне адказнасць па закону.
Артыкул 111. Суддзі не могуць ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць, выконваць іншую аплачваемую работу, акрамя выкладчыцкай і навукова-даследчай.
Падставы для выбрання (назначэння) суддзяў на пасады і іх вызвалення прадугледжваюцца законам.
Артыкул 112. Суды ажыццяўляюць правасуддзе на аснове Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю іншых нарматыўных актаў.
Калі пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да вываду аб неадпаведнасці нарматыўнага акта Канстытуцыі, ён прымае рашэнне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і ставіць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнанні дадзенага нарматыўнага акта неканстытуцыйным.
Артыкул 113. Справы ў судах разглядаюцца калегіяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках — аднаасобна суддзямі.
Артыкул 114. Разбор спраў ва ўсіх судах адкрыты.
Слуханне спраў у закрытым судовым пасяджэнні дапускаецца толькі ў выпадках, вызначаных законам, з выкананнем усіх правілаў судаводства.
Артыкул 115. Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе.
Судовыя пастановы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх грамадзян і службовых асоб.
Бакі і асобы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў і іншых судовых пастаноў.
Артыкул 116. Кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве ажыццяўляецца Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь фарміруецца ў колькасці 12 суддзяў з высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне права, якія маюць, як правіла, вучоную ступень.
Шэсць суддзяў Канстытуцыйнага Суда назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, шэсць суддзяў выбіраюцца Саветам Рэспублікі. Старшыня Канстытуцыйнага Суда назначаецца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў членаў Канстытуцыйнага Суда — 11 гадоў. Гранічны ўзрост членаў Канстытуцыйнага Суда — 70 гадоў.
Канстытуцыйны Суд па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь дае заключэнні:
аб адпаведнасці законаў, дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта, міжнародных дагаворных і іншых абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь;
аб адпаведнасці актаў міждзяржаўных утварэнняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь, указаў Прэзідэнта, выдадзеных у мэтах выканання закона, Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, законам і дэкрэтам;
аб адпаведнасці пастаноў Савета Міністраў, актаў Вярхоўнага Суда, Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Генеральнага пракурора Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, законам, дэкрэтам і ўказам;
аб адпаведнасці актаў любога другога дзяржаўнага органа Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, законам, дэкрэтам і ўказам.
Нарматыўныя акты або іх асобныя палажэнні, прызнаныя неканстытуцыйнымі, страчваюць сілу ў парадку, што вызначаецца законам.
У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, Канстытуцыйны Суд па прапанове Прэзідэнта дае заключэнне аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Парламента Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Канстытуцыйнага Суда вызначаюцца законам.
РАЗДЗЕЛ V. МЯСЦОВАЕ КІРАВАННЕ І САМАКІРАВАННЕ
правіцьАртыкул 117. Мясцовае кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, мясцовыя рэферэндумы, сходы і іншыя формы прамога ўдзелу ў дзяржаўных і грамадскіх справах.
Артыкул 118. Мясцовыя Саветы дэпутатаў выбіраюцца грамадзянамі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак тэрмінам на чатыры гады.
Артыкул 119. Кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў назначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або ва ўстаноўленым ім парадку і зацвярджаюцца на пасадзе адпаведнымі мясцовымі Саветамі дэпутатаў.
Артыкул 120. Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы ў межах кампетэнцыі вырашаюць пытанні мясцовага значэння зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў насельніцтва, якое пражывае на адпаведнай тэрыторыі, выконваюць рашэнні вышэйстаячых дзяржаўных органаў.
Артыкул 121. Да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў належаць:
зацвярджэнне праграм эканамічнага і сацыяльнага развіцця, мясцовых бюджэтаў і справаздач аб іх выкананні;
устанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў;
вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю;
назначэнне мясцовых рэферэндумаў.
Артыкул 122. Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы на падставе дзеючага заканадаўства прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на адпаведнай тэрыторыі.
Рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству, адмяняюцца вышэйстаячымі прадстаўнічымі органамі.
Рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія не адпавядаюць заканадаўству, адмяняюцца адпаведнымі Саветамі дэпутатаў, вышэйстаячымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а таксама Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў, якія абмяжоўваюць ці парушаюць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, а таксама ў іншых прадугледжаных заканадаўствам выпадках могуць быць абскарджаны ў судовым парадку.
Артыкул 123. У выпадку сістэматычнага або грубага парушэння мясцовым Саветам дэпутатаў патрабаванняў заканадаўства ён можа быць распушчаны Саветам Рэспублікі. Іншыя падставы датэрміновага спынення паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў вызначаюцца законам.
Артыкул 124. Кампетэнцыя, парадак стварэння і дзейнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання вызначаюцца заканадаўствам.
РАЗДЗЕЛ VI. ПРАКУРАТУРА. КАМІТЭТ ДЗЯРЖАЎНАГА КАНТРОЛЮ
правіцьГЛАВА 7. ПРАКУРАТУРА
правіцьАртыкул 125. Нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўных актаў міністэрствамі і другімі падведамнымі Савету Міністраў органамі, мясцовымі прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі ўскладаецца на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і падначаленых яму пракурораў.
Пракуратура ажыццяўляе нагляд за выкананнем законаў пры расследаванні злачынстваў, адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па грамадзянскіх, крымінальных справах і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, у выпадках, прадугледжаных законам, праводзіць папярэдняе следства, падтрымлівае дзяржаўнае абвінавачанне ў судах.
Артыкул 126. Адзіную і цэнтралізаваную сістэму органаў пракуратуры ўзначальвае Генеральны пракурор, які назначаецца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі.
Ніжэйстаячыя пракуроры назначаюцца Генеральным пракурорам.
Артыкул 127. Генеральны пракурор і ніжэйстаячыя пракуроры незалежныя ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруюцца заканадаўствам. У сваёй дзейнасці Генеральны пракурор падсправаздачны Прэзідэнту.
Артыкул 128. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці органаў пракуратуры вызначаюцца заканадаўствам.
ГЛАВА 8. КАМІТЭТ ДЗЯРЖАЎНАГА КАНТРОЛЮ
правіцьАртыкул 129. Дзяржаўны кантроль за выкананнем рэспубліканскага бюджэту, выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці, выкананнем актаў Прэзідэнта, Парламента, Урада і іншых дзяржаўных органаў, якія рэгулююць адносіны дзяржаўнай уласнасці, гаспадарчыя, фінансавыя і падатковыя адносіны, ажыццяўляе Камітэт дзяржаўнага кантролю.
Артыкул 130. Камітэт дзяржаўнага кантролю ўтвараецца Прэзідэнтам.
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю назначаецца Прэзідэнтам.
Артыкул 131. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю вызначаюцца заканадаўствам.
РАЗДЗЕЛ VII. ФІНАНСАВА-КРЭДЫТНАЯ СІСТЭМА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
правіцьАртыкул 132. Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь уключае бюджэтную сістэму, банкаўскую сістэму, а таксама фінансавыя сродкі пазабюджэтных фондаў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадзян.
На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палітыка.
Артыкул 133. Бюджэтная сістэма Рэспублікі Беларусь уключае рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты.
Даходы бюджэту фарміруюцца за кошт падаткаў, якія вызначаюцца законам, іншых абавязковых плацяжоў, а таксама іншых паступленняў.
Агульнадзяржаўныя расходы ажыццяўляюцца за кошт рэспубліканскага бюджэту ў адпаведнасці з яго расходнай часткай.
У адпаведнасці з законам у Рэспубліцы Беларусь могуць стварацца пазабюджэтныя фонды.
Артыкул 134. Парадак складання, зацвярджэння і выканання бюджэтаў і дзяржаўных пазабюджэтных фондаў вызначаецца законам.
Артыкул 135. Справаздача аб выкананні рэспубліканскага бюджэту прадстаўляецца на разгляд Парламента не пазней пяці месяцаў з дня заканчэння справаздачнага фінансавага года.
Справаздачы аб выкананні мясцовых бюджэтаў падаюцца на разгляд адпаведных Саветаў дэпутатаў у вызначаны заканадаўствам тэрмін.
Справаздачы аб выкананні рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў публікуюцца.
Артыкул 136. Банкаўская сістэма Рэспублікі Беларусь складаецца з Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і іншых банкаў. Нацыянальны банк рэгулюе крэдытныя адносіны, грашовае абарачэнне, вызначае парадак разлікаў і валодае выключным правам эмісіі грошай.
РАЗДЗЕЛ VIII. ДЗЕЯННЕ КАНСТЫТУЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ І ПАРАДАК ЯЕ ЗМЯНЕННЯ
правіцьАртыкул 137. Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. Законы, дэкрэты, указы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.
У выпадку разыходжання закона, дэкрэта або ўказа з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя.
У выпадку разыходжання дэкрэта або ўказа з законам закон мае вяршэнства толькі тады, калі паўнамоцтвы на выданне дэкрэта або ўказа былі прадастаўлены законам.
Артыкул 138. Пытанне аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі разглядаецца палатамі Парламента па ініцыятыве Прэзідэнта або не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам.
Артыкул 139. Закон аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі можа быць прыняты пасля двух абмеркаванняў і адабрэнняў Парламентам з прамежкам не менш трох месяцаў.
Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Парламентам не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага становішча, а таксама ў апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў.
Артыкул 140. Канстытуцыя, законы аб унясенні ў яе змяненняў і дапаўненняў, аб увядзенні ў дзеянне ўказаных законаў, акты аб тлумачэнні Канстытуцыі лічацца прынятымі, калі за іх прагаласавала не менш як дзве трэці ад поўнага складу кожнай з палат Парламента.
Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі могуць быць праведзены праз рэферэндум. Рашэнне аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі шляхам рэферэндуму лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.
Раздзелы І, ІІ, ІV, VIII Канстытуцыі могуць быць зменены толькі шляхам рэферэндуму.
РАЗДЗЕЛ IX. ЗАКЛЮЧНЫЯ І ПЕРАХОДНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
правіцьАртыкул 141. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскім рэферэндуме (гэтая Канстытуцыя), уступае ў сілу з дня яе апублікавання, за выключэннем яе асобных палажэнняў, якія ўступаюць у сілу ў тэрміны, устаноўленыя гэтай Канстытуцыяй. Адначасова спыняецца дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь «Аб парадку ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».
Артыкул 142. Законы, указы і іншыя акты, што дзейнічалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да ўвядзення ў дзеянне гэтай Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 143. У месячны тэрмін з дня ўступлення ў сілу гэтай Канстытуцыі Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь фарміруюць Палату прадстаўнікоў з ліку дэпутатаў Вярхоўнага Савета, выбраных да дня прызначэння даты правядзення рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года. Пры гэтым дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь захоўваюць свае паўнамоцтвы на працягу тэрміну, прадугледжанага гэтай Канстытуцыяй. Тэрмін іх паўнамоцтваў лічыцца з дня ўступлення ў сілу гэтай Канстытуцыі.
Савет Рэспублікі фарміруецца ў парадку, прадугледжаным артыкулам 91 гэтай Канстытуцыі.
Калі ў названы тэрмін склад Палаты прадстаўнікоў не будзе сфарміраваны з прычыны рознагалоссяў паміж Прэзідэнтам і Вярхоўным Саветам, Прэзідэнт у адпаведнасці з пунктамі 2 і 3 артыкула 84 гэтай Канстытуцыі распускае Вярхоўны Савет і прызначае выбары ў Парламент.
Артыкул 144. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь захоўвае свае паўнамоцтвы. Тэрмін яго паўнамоцтваў лічыцца з дня ўступлення ў сілу гэтай Канстытуцыі.
Артыкул 145. Урад Рэспублікі Беларусь набывае з дня ўступлення ў сілу гэтай Канстытуцыі ўстаноўленыя ёю правы і абавязкі.
Артыкул 146. Прэзідэнт, Парламент, Урад на працягу двух месяцаў з дня ўступлення ў сілу гэтай Канстытуцыі ўтвараюць і фарміруюць названыя ў ёй органы ў парадку, устаноўленым гэтай Канстытуцыяй, калі іншае не прадугледжана часткай трэцяй артыкула 143 Канстытуцыі.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
А.Лукашэнка
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).
Падрабязней гл. у дакументацыі.