Капітанская дачка/VI. Пугачоўшчына

V. Каханне Раздзел VI. Пугачоўшчына
Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
Пераклад: Кузьма Чорны
VII. Прыступ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




"Вы, молодые ребята, послушайте,
Что мы, старые старики, будем сказывать."
Песня.

Раней як узяцца за апісанне дзіўных падзей, якім я быў сведкам, я павінен сказаць некалькі слоў пра становішча, у якім знаходзілася Орэнбургская губерня ў канцы 1773 года.

Гэта вялізная і багатая губерня населена была мноствам поўдзікіх народаў, якія прызналі яшчэ нядаўна панаванне расійскіх гасудароў. Іх штохвілінныя паўстанні, непрывычка да законаў і грамадзянскага жыцця, лёгкадумнасць і лютасць вымагалі з боку ўрада безупыннага нагляду для ўтрымання іх у паслухмянасці. Крэпасці пабудаваны былі ў месцах, прызнаных выгоднымі, і заселены пераважна казакамі, даўнімі ўладарамі яіцкіх берагоў. Але яіцкія казакі, якія павінны былі ахоўваць спакой і непарушнасць гэтага края, з некаторага часу былі самі для ўрада неспакойнымі і небяспечнымі падданымі. У 1772 годзе адбылося паўстанне ў іх галоўным гарадку. Прычынаю таму былі строгія меры, ужытыя генерал-маёрам Траубенбергам, каб прывесці войска да патрэбнага паслухмянства. Вынікам было дзікае забойства Траубенберга, свавольная змена ў кіраўніцтве і нарэшце ўсмірэнне бунту карцечай і лютымі карамі.

Гэта здарылася за некаторы час перад прыбыццем маім у Белагорскую крэпасць. Усё было ўжо ціха або здавалася ціхім; начальства занадта лёгка паверыла хлусліваму раскаянню хітрых мяцежнікаў, якія зласлівілі ўпотайку і чакалі зручнага выпадку для аднаўлення непарадкаў.

Вяртаюся да свайго расказа.

Аднойчы ўвечары (гэта было ў пачатку кастрычніка 1773 года) сядзеў я дома адзін, слухаючы выццё асенняга ветру і гледзячы праз акно на хмары, якія беглі міма месяца. Прышлі мяне зваць ад імя каменданта. Я зараз-жа пайшоў. У каменданта знайшоў я Швабрына, Івана Ігнацьіча і казацкага ўрадніка[1]. У пакоі не было ні Васілісы Егораўны, ні Мар'і Іванаўны. Камендант са мною прывітаўся з выглядам заклапочаным. Ён запёр дзверы, усіх усадзіў, акрамя ўрадніка, які стаяў каля дзвярэй, выняў з кішэні паперу і сказаў нам:

— Панове афіцэры, важная навіна! Слухайце, што піша генерал. — Тут ён надзеў акуляры і прачытаў наступнае:

"Пану каменданту Белагорскай крэпасці капітану Міронаву.
Па сакрэту.
Гэтым паведамляю вас, што збеглы з-пад варты данскі казак і раскольнік Емельян Пугачоў, зрабіўшы невыбачную дзёрзкасць прыняццем на сябе імені нябожчыка імператара Пятра III[2], сабраў злачынную шайку, узняў паўстанне ў яіцкіх селішчах і ўжо ўзяў і зруйнаваў некалькі крэпасцей, робячы ўсюды рабункі і смяротныя забойствы. З таго поваду, атрымаўшы гэтае, маеце вы, пан капітан, безадкладна ўжыць належныя меры к адпору памянёнага ліхадзея і самазванца, а, калі можна, і к поўнаму знішчэнню яго, калі ён пойдзе на крэпасць, давераную вашай дбайнасці".

— Ужыць належныя меры! — сказаў камендант, здымаючы акуляры і складаючы паперу. — Чуеш ты, лёгка сказаць. Ліхадзей відаць мае сілу; а ў нас усяго сто трыццаць чалавек, не лічачы казакаў, на якіх дрэнная надзея, не ў дакор будзь табе сказана, Максімыч (ураднік усміхнуўся). Аднак рабіць няма чаго, панове афіцэры! Будзьце спраўныя, устанавіце варты ды ночныя дазоры; у выпадку нападзення запірайце вароты ды выводзьце салдат. Ты, Максімыч, глядзі пільна за сваімі казакамі. Гармату аглядзець ды добра вычысціць. А больш за ўсё трымайце ўсё гэта ў тайне, каб у крэпасці ніхто не мог пра тое даведацца заўчасна.

Раздаўшы гэтыя загады, Іван Кузьміч нас распусціў. Я вышаў разам з Швабрыным, разважаючы пра тое, што мы чулі.

— Як ты думаеш, чым гэта скончыцца? — спытаўся я ў яго.

— Бог ведае, — сказаў ён; — паглядзім. Важнага пакуль яшчэ нічога не бачу. Калі-ж... — Тут ён задумаўся і ў безуважлівасці стаў насвістваць французскую арыю.

Не гледзячы на ўсе нашы перасцярогі, вестка пра з'яўленне Пугачова разнеслася па крэпасці. Іван Кузьміч, хоць і вельмі паважаў сваю дружыну, але ні за што на свеце не адкрыў-бы ёй тайны, даверанай яму па службе. Атрымаўшы ліст ад генерала, ён даволі ўмела выправадзіў Васілісу Егораўну, сказаўшы ёй, быццам айцец Герасім атрымаў з Орэнбурга нейкія цудоўныя весткі, якія трымае ў вялікай тайне. Васіліса Егораўна зараз-жа захацела пайсці ў госці да пападдзі і, па парадзе Івана Кузьміча, узяла з сабою і Машу, каб ёй не было нудна адной.

Іван Кузьміч, застаўшыся поўным гаспадаром, зараз-жа паслаў па нас, а Палашку запёр у камору, каб яна не магла нас падслухаць.

Васіліса Егораўна вярнулася дамоў, не паспеўшы нічога выведаць ад пападдзі, і даведалася, што ў часе яе адсутнасці была ў Івана Кузьміча нарада, і што Палашка была пад замком. Яна здагадалася, што была ашукана мужам, і прыстала да яго з допытам. Але Іван Кузьміч падрыхтаваўся да нападзення. Ён ані не збянтэжыўся і бадзёра адказаў сваей цікаўлівай сумяшканцы:

— А чуеш ты, матухна, бабы нашы ўздумалі ў печы паліць саломаю; а як з таго можа здарыцца няшчасце, то я аддаў строгі загад надалей саломаю бабам у печы не паліць, а паліць хворастам і павалам.

— А нашто-ж было табе запіраць Палашку? — спыталася камендантша. — За што бедная дзеўка прасядзела ў каморы, пакуль мы не вярнуліся? — Іван Кузьміч не быў падрыхтаваны да гэтага пытання; ён заблытаўся і прамармытаў нешта вельмі няскладнае. Васіліса Егораўна ўбачыла крывадушнасць свайго мужа; але ведаючы, што нічога ад яго не даб'ецца, спыніла свае пытанні і павяла гутарку пра салёныя гуркі, якія Акуліна Памфілаўна прыгатоўвала зусім асаблівым спосабам. Праз усю ноч Васіліса Егораўна не магла заснуць і ніяк не магла здагадацца, што-б такое было ў галаве яе мужа, пра што-б ёй нельга было ведаць.

На другі дзень, варочаюся з абедні, яна ўбачыла Івана Ігнацьіча, які выцягваў з гарматы анучкі, каменьчыкі, трэскі і смецце рознага парадку, накіданае ў яе дзецьмі. "Што-б значылі гэтыя ваенныя рыхтаванні? — думала камендантша; — ужо ці не чакаюць нападу ад кіргізаў? Але няўжо Іван Кузьміч стаў-бы ад мяне таіць такое глупства?" Яна гукнула Івана Ігнацьіча з цвёрдым намерам выведаць ад яго тайну, якая мучыла яе жаночую цікаўлівасць.

Васіліса Егораўна зрабіла яму некалькі заўваг датычна гаспадаркі, як суддзя, які пачынае следства пытаннямі далёкімі, каб спярша ўсыпіць асцярожнасць адказчыка. Потым, памаучаўшы некалькі хвілін, яна глыбока ўздыхнула і сказала хістаючы галавою:

— Госпадзі божа мой! Бач якія навіны? Што з гэтага будзе?

— І, матухна! — адказаў Іван Ігнацьіч. — Бог літасцівы: салдат у нас даволі, пораху шмат, гармату я вычысціў. А можа дадзім адпор Пугачову. Бог не выдасць, свіння не з'есць!

— А што за чалавек гэты Пугачоў? — спыталася камендантша.

Тут Іван Ігнацьіч заўважыў, што прагаварыўся, і прыкусіў язык. Але ўжо было позна. Васіліса Егораўна прымусіла яго ва ўсім прызнацца, даўшы яму слова не расказваць пра тое нікому.

Васіліса Егораўна стрымала сваё абяцанне і нікому не сказала ніводнага слова, акрамя як пападдзі, і то таму толькі, што карова яе хадзіла яшчэ ў стэпе і магла быць захоплена злачынцамі.

Неўзабаве ўсе загаварылі пра Пугачова. Перагуды былі розныя. Камендант паслаў урадніка з даручэннем разведаць добра аб усім па суседніх сельбішчах і крэпасцях. Ураднік вярнуўся праз два дні і паведаміў, што ў стэпе вёрст за шэсцьдзесят ад крэпасці бачыў ён мноства агнёў і чуў ад башкірцаў, што ідзе нязнаная сіла. Урэшце не мог ён сказаць нічога станоўчага, таму што ехаць далей пабаяўся.

У крэпасці паміж казакамі прыкметна стала незвычайнае хваляванне; на ўсіх вуліцах яны тоўпіліся ў кучкі, ціха гаманілі між сабою і разыходзіліся, убачыўшы драгуна, або гарнізоннага салдата. Падасланы былі да іх лазутчыкі. Юлай, хрышчоны калмык, зрабіў каменданту важнае данясенне. Паказанні урадніка, па словах Юлая, былі хлуслівыя; як вярнуўся, хітры казак абвясціў сваім таварышам, што ён быў у бунтаўнікоў, бачыў самога іх правадыра, які дапусціў яго да сваёй рукі і доўга з ім гутарыў. Камендант зараз-жа пасадзіў урадніка пад варту, а Юлая прызначыў на яго месца. Гэта навіна прынята была казакамі з яўнай незадаволенасцю. Яны моцна наракалі, і Іван Ігнацьіч, выканаўца каменданцкага загаду, чуў на свае вушы, як яны казалі:

— Вось ужо табе будзе, гарнізонны пацук! — Камендант думаў у той-жа дзень дапытаць свайго арыштанта; але ўраднік збег з-пад варты, напэўна, пры дапамозе сваіх аднадумцаў.

Новая акалічнасць павялічыла непакой каменданта. Схоплены быў башкірац з бунтаўскімі лістамі. З гэтага выпадку камендант думаў ізноў сабраць сваіх афіцэраў і для гэтага хацеў ізноў выдаліць Васілісу Егораўну, знайшоўшы верагодную адмоўку. Але як Іван Кузьміч быў чалавек самы бясхітрасны і праўдзівы, то і не знайшоў другога спосабу, акрамя як аднойчы ўжо ім ужытага.

— Чуеш ты, Васіліса Егораўна, — сказаў ён ёй, пакашліваючы. — Айцец Герасім атрымаў, кажуць, з горада...

— Годзе хлусіць, Іван Кузьміч, — перапыніла камендантша; — ты, мусіць, хочаш сабраць нараду ды без мяне пагаварыць пра Емельяна Пугачова; ды не, не правядзеш. — Іван Кузьміч вытарашчыў вочы.

— Ну, матухна, — сказаў ён, — калі ты ўжо ўсё ведаеш, дык бадай заставайся; мы пагаворым і пры табе.

— То-ж бо, бацька мой, — адказала яна; — не табе-б хітраваць; пасылай вось па афіцэраў.

Мы сабраліся зноў. Іван Кузьміч у прысутнасці жонкі прачытаў нам адозву Пугачова, пісаную якім-небудзь малапісьменным казакам. Разбойнік абвяшчаў аб сваім намеры безадкладна ісці на нашу крэпасць; запрашаў казакаў і салдатаў у сваю шайку, а камандзіраў перасцерагаў не супраціўляцца, пагражаючы смяротнай караю ў інакшым выпадку. Адозва напісана была ў грубых, але моцных выразах, і павінна была зрабіць небяспечнае ўражанне на розум простых людзей.

— Які машэннік! — ускрыкнула камендантша. — Што адважваецца нам прапаноўваць. Выйсці да яго насустрач і пакласці да ног яго сцягі! Ах ён сабачы сын! Ды хіба не ведае ён, што мы ўжо сорак гадоў у службе і ўсяго, дзякуй богу, нагледзеліся? Няўжо знайшліся такія камандзіры, якія паслухаліся разбойніка?

— Здаецца, не павінна-б, — адказаў Іван Кузьміч. — А чуваць, ліхадзей забраў ужо шмат крэпасцей.

— Відаць, ён сапраўды мае сілу,— заўважыў Швабрын.

— А вось зараз даведаемся, якая ў яго сіла,— сказаў камендант. — Васіліса Егораўна, дай мне ключ ад свірна. Іван Ігнацьіч, прывядзі башкірца, ды загадай Юлаю прынесці сюды плётак.

— Пачакай, Іван Кузьміч, — сказала камендантша, устаючы з месца. — Дай адвяду Машу куды-небудзь з дому; а то пачуе крык, перапалохаецца. Ды і я, праўду сказаць, не ахвотніца да допыту. Шчасліва заставацца.

Катаванне ў даўнейшыя часы так было ўкарэнена ў звычаях судоўніцтва, што дабрадзейны ўказ, які знішчаў яго, доўга заставаўся без ніякай чыннасці[3]. Думалі, што ўласнае прызнанне злачынца неабходна было для яго поўнага выкрыцця, — думка не толькі беспадстаўная, але нават і зусім пярэчлівая разважнаму юрыдычнаму сэнсу: бо, калі адмаўленне падсуднага не прымаецца ў доказ яго невіноўнасці, дык прызнанне яго і таго менш павінна быць доказам яго вінаватасці. Нават і зараз здараецца мне чуць старых суддзяў, якія шкадуюць, што знішчаны варварскі звычай. У наш-жа час ніхто не сумняваўся ў неабходнасді катавання, — ні суддзі, ні падсудныя. Значыцца загад каменданта нікога з нас не здзівіў і не ўстрывожыў. Іван Ігнацьіч адправіўся па башкірца, які сядзеў у свірне пад ключом у камендантшы, і праз некалькі хвілін нявольніка прывялі ў пярэднюю. Камендант загадаў яго да сябе прывесці.

Башкірац ледзьве ступіў праз парог (ён быў у калодцы) і, зняўшы высокую сваю шапку, спыніўся каля дзвярэй. Я глянуў на яго і здрыгануўся. Ніколі не забуду гэтага чалавека. Яму здавалася гадоў за семдзесят. У яго не было ні носа, ні вушэй. Галава яго была выбрыта; замест барады тырчэла некалькі сівых валасоў; ён быў малога росту, худы і згорблены; але вузенькія вочы яго мігцелі яшчэ агнём.

— Эхе! — сказаў камендант, пазнаўшы, па жахлівых яго прыкметах, аднаго з бунтаўнікоў, пакараных у 1741[4] годзе. — Ды ты, відаць, стары воўк, пабываў у нашых пастках. Ты мусіць не ўпершыню ўжо бунтуеш, калі ў цябе так гладка выстругана мазгаўня. Падыйдзі бліжэй; гавары, хто цябе падаслаў?

Стары башкірац маўчаў і глядзеў на каменданта з выглядам поўнага неразумення.

— Што ты маўчыш? — казаў далей Іван Кузьміч; — або нічога па-руску не разумееш? Юлай, спытайся ў яго па-вашаму, хто яго падаслаў у нашу крэпасць?

Юлай паўтарыў на татарскай мове пытанне Івана Кузьміча. Але башкірац глядзеў на яго з тым-жа выразам і не адказваў ні слова.

— Якшы[5], — сказаў камендант; — ты ў мяне загаворыш. Хлопцы! здыміце з яго бязглузды паласаты халат, ды выстрачыце яму спіну. Глядзі-ж, Юлай: добра яго!

Два інваліды пачалі башкірца раздзяваць. Твар няшчаснага ўстрывожыўся. Ён аглядваўся на ўсе бакі, як зверанё, злоўленае дзецьмі. Калі-ж адзін з інвалідаў узяў яго рукі і, паклаўшы іх сабе каля шыі, падняў старога на свае плечы, а Юлай узяў плётку і замахнуўся, тады башкірац застагнаў слабым, жаласлівым голасам і, ківаючы галавою, разявіў рот, у якім заместа языка варушыўся кароткі абрубак.

Калі ўспомню, што гэта здарылася на маім веку, і што цяпер дажыў я да лагоднага царавання імператара Аляксандра I[6], не магу не дзівіцца шпаркім поспехам асветы і пашырэнню правілаў людскасці. Малады чалавек! Калі запіскі мае трапяць у твае рукі, успомні, што лепшыя і трывалейшыя змены ёсць тыя, якія адбываюцца ад паляпшэння нораваў, без усякіх гвалтоўных страсенняў.

Усе былі здзіўлены.

— Ну, — сказаў камендант: — відаць нам ад яга толку не дабіцца. Юлай, адвядзі башкірца ў свіран. А мы, панове, аб тым аб сім яшчэ пагаворым.

Мы пачалі разважаць пра наша становішча, як раптам Васіліса Егораўна ўвайшла ў пакой, задыхаючыся і з выглядам, надзвычай устрывожаным.

— Што гэта з табою зрабілася? — спытаўся здзіўлены камендант.

— Бацюхны, бяда! — адказала Васіліса Егораўна. — Ніжнеазёрная ўзята сягоння раніцою. Работнік айца Герасіма зараз адтуль вярнуўся. Ён бачыў, як яе бралі. Камендант і ўсе афіцэры перавешаны. Усе салдаты ўзяты ў палон. Таго і глядзі, ліхадзеі будуць тут.

Нечаканая вестка дужа мяне здзівіла. Камендант Ніжнеазёрнай крэпасці, ціхі і сціплы малады чалавек, быў мне знаёмы: месяцы за два перад тым прыязджаў ён з Орэнбурга з маладой сваёй жонкаю і спыняўся ў Івана Кузьміча. Ніжнеазёрная знаходзілася ад нашай крэпасці вёрст за дваццаць пяць. З гадзіны на гадзіну павінны былі мы чакаць нападу Пугачова. Лёс Мар'і Іванаўны жыва ўявіуся мне, і сэрца ў мяне так і замерла.

— Паслухайце, Іван Кузьміч! — сказаў я каменданту. — Абавязак наш абараняць крэпасць да апошняга нашага ўздыху; пра гэта і гаварыць няма чаго. Але трэба падумаць пра жанчын. Адпраўце іх у Орэнбург, калі дарога ящчэ вольная, або ў далёкую, больш надзейную крэпасць, куды ліхадзеі не паспелі-б датрапіць.

Іван Кузьміч павярнуўся да жонкі і сказаў ёй:

— А чуеш ты, матухна, і сапраўды, ці не адправіць вас падалей, пакуль не ўправімся мы з бунтаўнікамі?

— I, глупства! — сказала камендантша. — Дзе такая крэпасць, куды-б кулі не заляталі? Чым Белагорская ненадзейная? Дзякуй богу, дваццаць другі год у ёй пражываем. Бачылі і башкірцаў і кіргізцаў, а можа і ад Пугачова адседзімся!

— Ну, матухна, — сказаў на гэта Іван Кузьміч, — заставайся бадай, калі ты на крэпасць нашу спадзяешся. Але з Машай што нам рабіць? Добра, калі адседзімся, або дачакаемся сікурса[7]; ну, а калі ліхадзеі возьмуць крэпасць?

— Ну, тады... — Тут Васіліса Егораўна заікнулася і замоўкла з выглядам надзвычайнага хвалявання.

— Не, Васіліса Егораўна, — сказаў далей камендант, заўважаючы, што словы яго падзейнічалі, можа быць, першы раз у яго жыцці. — Машы тут заставацца не выходзіць. Адправім яе ў Орэнбург да яе хроснай мацеры: там і войска, і гармат даволі, і сцяна каменная. Ды і табе раіў-бы з ёю туды-ж рушыць; нічога, што ты старая, а паглядзі, што з табою будзе, калі возьмуць фартэцыю прыступам.

— Добра, — сказала камендантша, — так і быць, адправім Машу. А мяне і ў сне не прасі: не паеду. Няма чаго мне пад старасць гадоў разлучацца з табою, ды шукаць адзінокай магілы на чужой старонцы. Разам жыць, разам і паміраць.

— І то праўда, — сказаў камендант. — Ну, марудзіць няма чаго. Ідзі рыхтаваць Машу ў дарогу. Заўтра на досвітку яе і адправім, ды дадзім ёй і канвой, хоць людзей лішніх у нас і няма. Ды дзе-ж Маша?

— У Акуліны Памфілаўны, — адказала камендантша. — Ёй зрабілася дрэнна, як пачула, што ўзялі Ніжнеазёрную; баюся, каб не занядужала. Госпадзі ўладыка, да чаго мы дажылі!

Васіліса Егораўна пайшла рыхтаваць ад'езд дачкі. Гутарка ў каменданта не спынялася; але я ўжо ў яе не мяшаўся і нічога не слухаў. Мар'я Іванаўна з'явілася к вячэры, бледная і заплаканая. Мы павячэралі моўчкі і ўсталі з-за стала хутчэй як зазвычай; развітаўшыся з усёю сям'ёю, мы накіраваліся па хатах. Але я наўмысля забыўся сваю шпагу і вярнуўся па яе: я прадчуваў, што застану Мар'ю Іванаўну адну. Сапраўды, яна сустрэла мяне ў дзвярах і падала мне шпагу.

— Бывайце, Пётр Андрэіч! — сказала яна мне са слязмі;—мяне пасылаюць у Орэнбург. Будзьце жывы і шчаслівы; можа быць, бог дасць, мы адзін з адным убачымся; калі-ж не... — Тут яна зарыдала. Я абняў яе.

— Бывай, анёл мой, — сказаў я, — бывай, мая любая, мая жаданая! Што-б са мною ні было, вер, што апошняя мая думка і апошняя малітва будзе па табе! — Маша рыдала, прыпаўшы да маіх грудзей. Я з жарам яе пацалаваў і спешна вышаў з пакоя.

Зноскі

правіць
  1. Ураднік – у казацкіх войсках адпавядаў чыну унтэр-афіцэра
  2. Пётр III (1728-1762) – рускі імператар. У 1761 г. узышоў на прастол, у 1762 г. быў нізрынуты сваёй жонкай, будучай Екацярынай II, і неўзабаве забіты яе староннікамі.
  3. Катаванне фармальна было забаронена сакрэтным «высачайшым павяленнем» 1774 г., пацверджаным указам 1801 г.
  4. Башкірцы, з IX века н.э. жыўшыя ў Прыураллі, супраціўляючыся рускай каланізацыі, узнімалі шэраг паўстанняў, якія прыдушваліся самым лютым чынам: пры прыдушэнні паўстання 1740-1741 гг. было спалена 696 вёсак, у галоўных удзельнікаў паўстання (301 чалавек) былі адрэзаны нос і вушы
  5. Якшы – па-татарску – добра
  6. Александр I – цараваў з 1801 па 1825
  7. Сікурс – войска, якое пасылаецца на дапамогу (скажонае французскае secours)