Капітанская дачка/XII. Сірата

XI. Мяцежная слабада Раздзел XII. Сірата
Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
Пераклад: Кузьма Чорны
XIII. Арышт

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




"Как у нашей у яблонки
Ни верхушки нет, ни отросточек:
Как у нашей у княгинюшки
Ни отца нету, ни матери.
Снарядить-то ее некому,
Благословить-то ее некому".
Вясельная песня.

Кібітка пад'ехала пад ганак каменданцкага дома. Народ пазнаў званок Пугачова і натоўпам бег за намі. Швабрын сустрэў самазванца на ганку. Ён быу апрануты казаком і адгадаваў сабе бараду. Здраднік дапамог Пугачову вылезці з кібіткі, у подлых выразах выказваючы сваю радасць і адданасць. Убачыўшы мяне, ён замяшаўся; але ў неўзабаве аправіўся, працягнуў мне руку, кажучы:

— І ты наш? Даўно-б так! — Я адвярнууся ад яго і нічога не сказаў.

Сэрца мае заныла, калі апынуліся мы ў даўно знаёмым пакоі, дзе на сцяне вісеў яшчэ дыплом нябожчыка каменданта, як сумная эпітафія[1] мінулага часу. Пугачоў сеў на той канапе, на якой, бывала, драмаў Іван Кузьміч, забаюканы бурчэннем сваёй дружыны. Швабрын сам паднёс яму гарэлкі. Пугачоў выпіў чарку і сказаў яму, паказаўшы на мяне:

— Пачастуй і яго благароддзе. — Швабрын падышоў да мяне з сваім падносам, але я другі раз ад яго адвярнуўся. Ён здаваўся сам не свой. Пры звычайнай сваёй кемлівасці ён, канешне, здагадаўся, што Пугачоў быў ім нездаволены. Ён баяўся яго, а на мяне паглядаў з недаверлівасцю. Пугачоў даведаўся, у якім стане крэпасць, якія чуткі пра непрыяцельскае войска і таму падобнае, і раптам спытаўся ў яго нечакана:

— Скажы, брат, якую дзяўчыну трымаеш ты ў сябе пад вартаю? Пакажы мне яе.

Швабрын збялеў, як мёртвы.

— Гасудар, — сказаў ён дрыгатлівым голасам... — Гасудар, яна не пад вартаю... яна хворая... яна ў святліцы ляжыць.

— Вядзі-ж мяне да яе, — сказаў самазванец, устаючы з месца.

Адгаварыцца было немагчыма. Швабрын павёў Пугачова ў святліцу Мар'і Іванаўны. Я пайшоў за імі.

Швабрын спыніўся на лесніцы.

— Гасудар! — сказаў ён, — Вы можаце патрабаваць ад мяне, што вам хочацца; але не загадайце старонняму ўваходзіць у спальню да жонкі маёй.

Я задрыжэў.

— Дык ты жанаты! — сказаў я Швабрыну, гатовячыся яго разарваць.

— Ціха! — перапыніў мяне Пугачоў. — Гэта мая справа. — А ты, — казаў ён далей, звяртаючыся да Швабрына, — не мудруй і не ўпірайся: ці жонка яна табе, ці не жонка, а я вяду да яе каго хачу. Ваша благароддзе, ідзі за мною.

Каля дзвярэй святліцы Швабрын зноў спыніўся і сказаў не сваім голасам:

— Гасудар, папярэджваю вас, што яна ў белай гарачцы, і трэці дзень, як трызніць без сціхання.

— Адчыняй! — сказаў Пугачоў.

Швабрын пачаў шукаць у сябе ў кішэнях і сказаў, што не ўзяў з сабою ключа. Пугачоў таўхануў дзверы нагою; замок адскочыў; дзверы адчыніліся, і мы ўвайшлі.

Я глянуў і абмёр. На падлозе, у сялянскім абшарпаным адзенні, сядзела Мар'я Іванаўна, бледная, худая, з раскіданымі валасамі. Перад ёю стаяў жбан вады, накрыты лустаю хлеба. Убачыўшы мяне, яна здрыганулася і закрычала. Што тады са мною было — не помню.

Пугачоў паглядзеў на Швабрына і сказаў з горкай усмешкаю:

— Добры ў цябе шпіталь! — Потым, падышоўшы да Мар'і Іванаўны: — Скажы мне, галубка, за што твой муж цябе карае? у чым ты перад ім правінілася?

— Мой муж! — паўтарыла яна. — Ён мне не муж. Я ніколі не буду яго жонкаю! Я лепш наважыла памерці і памру, калі мяне не вызваляць.

Пугачоў глянуў грозна на Швабрына:

— І ты асмеліўся мяне падманьваць! — сказаў ён яму: — Ці ведаеш, нягоднік, чаго ты варты?

Швабрын упаў на калені... У гэту хвіліну пагарда заглушыла ва мне ўсе пачуцці нянавісці і гневу. З гідлівасцю глядзеў я на двараніна, які валяецца ў нагах збеглага казака. Пугачоў памякчэў.

— Мілую цябе на гэты раз, — сказаў ён Швабрыну; — але ведай, што пры першай віне табе прыпомніцца і гэта. — Потым звярнуўся да Мар'і Іванаўны і сказаў ёй ласкава: — Выходзь, красная дзеўчына; дарую табе волю. Я гасудар.

Мар'я Іванаўна шпарка глянула на яго і здагадалася, што перад ёю забойца яе бацькоў. Яна закрыла твар абодвума рукамі і ўпала беспрытомная. Я кінуўся да яе; але ў гэту хвіліну вельмі смела ў пакой уцёрлася мая даўняя знаёмая Палаша і забегала каля сваёй паненкі. Пугачоў вышаў з святліцы, і мы трое сышлі ў гасціную.

— Што, ваша благароддзе? — сказаў смеючыся Пугачоў. — Выручылі красную дзяўчыну! Як думаеш, ці не паслаць па папа, ды ці не прымусіць яго абвянчаць пляменніцу? Бадай, я буду пасаджоным бацькам, Швабрын дружкаю; закуцім, зап’ём—і вароты запром!

Чаго я баяўся, тое і здарылася. Швабрын, пачуўшы прапанову Пугачова, раз'юшыўся.

— Гасудар, — закрычаў ён без памяці. — Я вінават, я вам зманіў; але і Грынёў вас падманьвае. Гэта дзяўчына не пляменніца тутэйшага папа: яна дачка Івана Міронава, які пакараны смерцю пры ўзяцці тутэйшай крэпасці.

Пугачоў накіраваў на мяне агністыя свае вочы.

— Гэта што яшчэ? — спытаўся ён у мяне, не разумеючы,

— Швабрын сказаў табе праўду, — сказаў я з цвёрдасцю.

— Ты мне гэтага не сказаў, — заўважыў Пугачоў, у якога твар спахмурнеў.

— Сам ты памяркуй, — адказаў я яму, — ці можна было пры тваіх людзях абвясціць, што дачка Міронава жыва. Ды яны-б яе загрызлі. Нішто-б яе не выратавала.

— І то праўда, — сказаў смеючыся Пугачоў.— Мае п'яніцы не памілавалі-б бедную дзяўчыну. Добра зрабіла кумка пападдзя, што падманіла іх.

— Слухай, — казаў я далей, бачачы яго добры настрой. — Як цябе назваць не знаю, ды і знаць не хачу... Але бог бачыць, што жыццём маім рад-бы я заплаціць табе за тое, што ты для мяне зрабіў. Толькі не вымагай таго, што ганьбіць гонар мой і хрысціянскае сумленне. Ты мой дабрадзей. Давяршы як пачаў: адпусці мяне з беднай сіратою, куды нам бог шлях пакажа. А мы, дзе-б ты ні быў і што-б з табой не здарылася, кожны дзень будзем бога маліць-аб ратунку грэшнай тваёй душы.

Здавалася, суровая душа Пугачова была кранута.

— Хай будзе па-твойму! — сказаў ён. — Караць дык караць, мілаваць дык мілаваць: гэткі мой звычай. Вазьмі сабе сваю красуню; вязі яе куды хочаш, і дай вам бог любоў ды лад!

Тут ён павярнууся да Швабрына і загадаў выдаць мне пропуск ва усе заставы і крэпасці, падуладныя яму. Швабрын, зусім знішчаны, стаяў як аслупянелы. Пугачоў адправіўся аглядаць крэпасць. Швабрын яго суправаджаў; а я застаўся з таго быццам поваду, што трэба рыхтавацца да ад'езду.

Я пабег у святліцу. Дзверы былі запёртыя. Я пастукаўся.

— Хто там? — спыталася Палаша. Я назваўся. Любы галасок Мар'і Іванаўны пачуўся з-за дзвярэй.

— Пачакайце, Пётр Андрэіч. Я пераадзяюся. Ідзіце да Акуліны Памфілаўны: я зараз туды-ж прыду.

Я паслухаўся і пайшоў у дом айца Герасіма. І ён, і пападдзя выбеглі да мяне насустрач. Савельіч іх папярэдзіў ужо.

— Добры дзень, Пётр Андрэіч, — казала пападдзя. — Даў бог зноў убачыцца. Як жывяце? А мы пра вас кожны дзень успаміналі. А Мар'я Іванаўна ўсяго нацярпелася без вас, мая галубка!.. Ды скажыце, мой дарагі, як гэта вы з Пугачовым паладзілі! Як ён гэта вас не ўкакошыў? Добра, дзякуй ліхадзею і за тое.

— Годзе, старая, — перапыніў яе айцец Герасім. — Не ўсё кажы, што ведаеш. Несць спасенія во многом глаголаніі. Бацюхна Пётр Андрэіч! уваходзьце, міласці просім. Даўно, даўно не бачыліся.

Пападдзя пачала частаваць мяне чым бог паслаў. А між тым гаварыла без сціхання. Яна расказала мне, якім чынам Швабрын прымусіў іх выдаць яму Мар'ю Іванаўну; як Мар'я Іванаўна плакала і не хацела з імі разлучацца; як Мар‘я Іванаўна заўсёды зносілася з ёю праз Палашку (дзеўку спрытную, якая і ўрадніка прымушае скакаць пад сваю дудку); як яна параіла Мар'і Іванаўне напісаць да мяне ліст і іншае. Я ў сваю чаргу расказаў ёй коратка сваю гісторыю. Поп і пападдзя хрысціліся, пачуўшы, што Пугачову вядомы іх падман.

— З намі сіла хрэсная! — казала Акуліна Памфілаўна. — Праімчы бог хмару міма. Ой, ды Аляксей Іваныч; няма чаго сказаць: добры цаца! — У самую гэту хвіліну дзверы адчыніліся, і Мар'я Іванаўна ўвайшла з усмешкаю на бледным твары. Яна пакінула сваё сялянскае адзенне і апранута была па-ранейшаму, проста і міла.

Я схапіў яе руку і доўга не мог вымавіць ні аднаго слова. Мы абодва маўчалі ад паўнаты сэрца. Гаспадары нашы адчулі, што нам было не да іх, і пакінулі нас. Мы засталіся адны. Усё было забыта. Мы гаварылі і не маглі нагаварыцца. Мар'я Іванаўна расказала мне ўсё, што з ёю не здарылася з самага ўзяцця крэпасці; апісала мне ўвесь жах яе становішча, усе пакуты, якія яна зазнала ад агіднага Швабрына. Мы ўспомнілі і ранейшы шчаслівы час... Абодва мы плакалі... Нарэшцё я стаў выкладаць ёй мае меркаванні. Заставацца ёй у крэпасці, падуладнай Пугачову і кіраванай Швабрыным, было немагчыма. Нельга было думаць і пра Орэнбург, які цярпеў усё ліха аблогі. У яе не было на свеце ні аднаго роднага чалавека. Я прапанаваў ёй ехаць у вёску да маіх бацькоў. Яна спачатку хісталася: вядомая ёй непрыхільнасць бацькі майго яе палохала. Я яе супакоіў. Я ведаў, што бацька палічыць за шчасце і паставіць сабе ў абавязак прыняць дачку заслужанага воіна, загінуўшага за бацькаўшчыну.

— Любая Мар'я Іванаўна! — сказаў я нарэшце. — Я лічу цябе сваёю жонкаю. Дзіўныя абставіны злучылі нас неразрыўна: нішто на свеце не можа нас разлучыць. — Мар'я Іванаўна выслухала мяне проста, без прытворнай сарамяжлівасці, без выдумных адгаворак. Яна адчувала, што лёс яе злучаны быў з маім. Але яна паўтарыла, што не іначай будзе маёю жонкаю, як па згодзе маіх бацькоў. Я ёй і не пярэчыў. Мы пацалаваліся горача, шчыра — і такім чынам усё было між намі вырашана.

Праз гадзіну ўраднік прынёс мне пропуск, падпісаны каракулькамі Пугачова, і паклікаў мяне да яго ад яго імя. Я застаў яго, гатовага пусціцца ў дарогу. Не магу выказаць тое, што я адчуваў, расстаючыся з гэтым жахлівым чалавекам, вырадкам, ліхадзеям для ўсіх, акрамя аднаго мяне. Чаму не сказаць праўды? У гэту хвіліну моцнае спачуванне цягнула мяне да яго. Я горача жадаў вырваць яго з асяроддзя ліхадзеяў, якімі ён кіраваў, і выратаваць яго галаву, пакуль яшчэ быў час. Швабрын і народ, які тоўпіўся каля нас, перашкодзілі мне выказаць усё, чым напоўнена было маё сэрца.

Мы рассталіся па-сяброўску. Пугачоў, убачыўшы у натоўпе Акуліну Памфілаўну, пагразіў пальцам і міргнуў многазначна: потым сеў у кібітку, загадаў ехаць у Берду, і калі коні рушылі, то ён яшчэ раз высунуўся з кібіткі і закрычаў мне:

— Бывай, ваша благароддзе! А можа ўбачымся калі-небудзь. — Мы праўда з ім убачыліся, але ў якіх абставінах!

Пугачоў паехаў. Я доўта глядзеў на белы стэп, па якім імчалася яго тройка. Народ разышоўся. Швабрын знік. Я вярнуўся ў дом свяшчэнніка. Усё было гатова да нашага ад'езду; я не хацеў больш марудзіць. Дабро наша ўсё было ўкладзена ў стары каменданцкі вазок. Фурманы ў момант запрэглі коней. Мар'я Іванаўна пайшла развітацца з магіламі сваіх бацькоў, пахаваных за царквою. Я хацеў яе праводзіць, але яна прасіла мяне пакінуць яе адну. Праз некалькі хвілін яна вярнулася, абліваючыся моўчкі ціхімі слязмі. Вазок быў пададзены. Айцец Герасім і жонка яго вышлі на ганак. Мы селі ў кібітку ўтраіх: Мар'я Іванаўна з Палашай і я. Савельіч залез на козлы.

— Бывай, Мар'я Іванаўна, мая галубка! Бывайце, Пётр Андрэіч, сокал наш ясны! — казала добрая пападдзя. — Шчаслівай дарогі, і дай бог вам абодвум шчасця! — Мы паехалі. Каля акна каменданцкага дома я ўбачыў стаяў Швабрын. Па твары яго хадзіла чорная злосць. Я не хацеў радавацца над пераможаным ворагам і павярнуў вочы ў другі бок. Нарэшце мы выехалі з крапасных варот і навек пакінулі Белагорскую крэпасць.

Зноскі

правіць
  1. Эпітафія – надгробны надпіс