Кароткая гісторыя Беларусі (1910, кірыліца)/Часць пятая

Часць чацьвёртая Часць пятая
Падручнік
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1910 год
Дапіскі да рысункоў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСЦЬ ПЯТАЯ

Беларусь пад Расеей.

Скончылося палітычнае жыцьцё Польшчы, і Беларусь адыйшла да Расеі, — споўнілося наканец тое, да чаго кіраваліся Васілі, Іваны, Алексей Міхайловіч і ўсе маскоўскіе цары, не выключаючы і Петра I, — за што было праліто многа крыві, дзеля чаго нешчасная Беларусь блізка 200 гадоў была вечным ваенным боішчэм; змаганьне, пачатае ешчэ ў XI сталецьці паміж Кіеўскай Русью і Полацкам, скончылося прылучэньнем адных і другіх да Усходняй Русі. Як даўней, пры Алексею Міхайловічу, беларускі народ для маскоўцоў быў „літоўскім“, — так і цяпер быў ён для расейскіх людзей національно зусім чужым. Беларусь для ўраду была новай старонкай з мужыкамі, каторые былі новым матэр’ялам для раздачы сваім людзям у награду за розные заслугі.

Палітыка даўных часоў мало рупілася аб „простым“ народзе і яго патрэбах. Народам у гасударстве лічыўся перш рыцарскі, ваенны стан; пасьля той-жэ самы стан зрабіўся шляхоцкім, дваранскім, ці баярскім, але рожніца была толькі ў самым названьні: вышэйшы стан кіраваў гасударственымі справамі, а „просты“ народ быў толькі служэбнай сілай. У Беларусі саўсім згінуў свой беларускі рыцарскі, ці ваенны стан; астаўся толькі народ у панскай няволі, аб каторым ніхто ня думаў, ніхто не лічыўся, і ён ня меў зусім ні голасу, ні правоў грамадзкіх. Такое палажэньне беларускаго „простаго“ народу было ў апошніе часы Рэчыпосполітай, такім яно асталося і пад Расеей.

Часта мы спатыкаем у Расейскіх гісторыкоў думкі, бытцам у часе раздзелу Польшчы Расея кіравалася пачуцьцем племенной еднасьці з беларусамі і хацела вызволіць гэты „рускі“ народ с-пад уціску Польшчы; але, калі мы прыгледзімся бліжэй да гэтай справы, то ўбачым, што тут ані племенное, ані національнае, ані нават рэлігійнае пачуцьце ня мело ніякай вагі: Расея тады, так сама як і Польшча, была ў руках шляхты-дваранства, і народ там быў так сама ў няволі, а кожнае слово, кінутае за народ, за яго цяжкую долю, цяжка каралося. Не маглі жэ адны і тые самые людзі быць адначасьне «крэпостнікамі» у сваей бацькоўшчыне, а лібэраламі і дэмократамі ў нова-дабытым краю. Дый ня зналі тады ў Расеі, хто і што такое Беларусь і беларускі народ; навука наагул стаяла нізка, а тым больш этнографія і гісторыя суседняго гасударства. Расейскае правіцельство, праўда, падыймало пытаньня рэлігійные: абарону дыссыдэнтоў і праваслаўных, — толькі рабіло гэта дзеля палітычных мэт, глаўным чынам дзеля скасаваньня неспакойнаго суседа — Польшчы.

Што Беларусь папала пад Расею, а не пад якое іншае гасударство, гэта быў звычайны прыпадак; найбольшай прычынай гэтаму было географічнае палажэньне нашаго краю, бо ў той жэ самы час другі куток польскаго гасударстна — Галічына па тэй жэ самай географічнай прычыне папаў пад Аўстрыю. А там так сама жыло два-тры мільёны рускаго праваслаўнаго народу, зусім такога, як на Падольлі і Валыні, тым часам Расеі і ў галаву не прыйшло дабівацца Галічыны, хаця, каб хацела, магла бы лёгка замяніць яе на тую часць Польшчы, каторая Расея дастала пры раздзелі яе.

Дастаўшы пад сваю ўласць беларускіе землі, Расея гаварыла заграніцай, што народ тут чыста рускі, а побач выдаваліся цыркуляры, ў каторых гаварылося аб патрэбе абрусеньня гэтаго народу. Для абрусеньня за Кацерыны было шмат чаго зроблено. Каб умацаваць расейцоў у Беларусі, правіцельство раздавало конфіскаваные і каралеўскіе маёнткі расейскім людзям, назначало расейскіх чыноўнікоў; быў скасаваны і Літоўскі Статут. Законы, спісаные ў Літоўскім Статуце, вырабіліся, як мы ўжо ведаем, з звычаёваго права Заходняй Русі і устаноў Вітоўта; пазьней, як развівалося само жыцьцё, туды прыпісываліся пастанаўленьня сэймоў. Літоўскі Статут быў шмат лепей апрацаваны і дапасаваны да жыцьця краю, чым „Уложэнія Царя Алексея Міхайловіча“, каторымі яго замянілі. Гэтые „Уложэнія“ не здаволівалі нават патрэб расейскаго жыцьця, гдзе іх завялі ўжо з даўных часоў, бо сотні пазнейшых „Указоў“ каторымі дапаўняліся „Уложэнія“, рабілі іх так неяснымі, што ўсё аддавалося самаволі чыноўнікоў, а тые тлумачылі іх, як самі хацелі.

Населеньне краю пасьля раздзелу Польшчы складалося з двух часьцей: да першай, вялікшай, належало ўсё селянство і часьць мешчанства (гэта группа па веры дзялілася на праваслаўных і уніятоў, а па мове была чыста беларускай); другая — меншая часць складалася з апалячэных баяр беларускіх (шляхты), польскіх перэсяленцоў і так сама с часткі мешчан, дый па веры была яна каталіцкай, а па мове — польскай.

Царыца Кацерына II лічыла ўсю шляхту польскай, а беларускі народ — чыста расейскім, — такім самым, якім ёсць расейскі народ у Маскоўскай або Тульскай губэрні; ведама, што такі пагляд несправедлівы. На дварох цароў расейскіх моцна трымаўся ў тые часы звычай, што пагляду пануючай асобы павіны былі трымацца і вышэйшые чыцоўнікі, а ад вышэйшых ён перэходзіў і да меншых. У новодабытым краю ўрад заўсёды павінен мець сабе прыхільнікоў, на каторых апірае сваю палітыку. Так і ў Беларусі пасьля раздзелу Польшчы расейскі ўрад павінен быў выбраць сабе людзей, на каторых мог апірацца, і гэтым разам ён выбраў праваслаўнае духавенство, каторае, пачуўшы за сабой сілу, старалося выказаць яе на уніятах, а часам і на каталікох, спаганяючы даўные крыўды. Пры гэтым стараннасьць іх была нават лішне вялікай, бо ажно с Пецербурга правіцельство павінно было стрымліваць іх рэлігійны разгон.

У 1793 гаду Царыца Кацерына длл пашырэньня праваслаўя ў Беларусі і Украйне залажыла міссійнае таварыство. Кіраваў гэтым таварыствам мінскі архіепіскоп Садкоўскі; на утрыманьне міссіонероў вызначалося 20 тысяч рублёў у год з гасударственай кассы ды ешчэ, калі будзе патрэба, помачы ваеннай сілы. У Польшчы, як мы ўжо пісалі, апошнімі часамі былі вялікіе прыцісьненьня для другіх вер, дык у каталіцтво і уніяцтво, каторае усёж-ткі мело сякіе такіе правы, як вера грэко-каталіцкая, перэходзілі людзі і без перэконаньня, а нават с прымусу. Дык, пасьля аткрыцьця такога міссійнаго таварыства, гэткіе людзі кінуліся перэходзіць у правослаўе, і да 1795 г. іх перэйшло большай часьцю на Украйне і ў Усходняй часьці Беларусі блізка тры мільёны; але гэтым і скончылося чысло тых, каторые хацелі сваей ахвотай перэйсьці у праваслаўе. Тым часам у Беларусь назначаліся з Расеі новые праваслаўные духоўные, каторые хацелі імка ўзяцца за справу.

Пакуль ешчэ новые расейскіе парадкі не умацаваліся ў Беларусі, то і прылучэньне уніятоў адбывалося так, як даўней — за часоў Польшчы — адбывалося прымусовае прылучэньне да Уніі праваслаўных. Даведаўшыся, што ў якой парохіі ёсць людзі, каторые жадаюць перэйсьці у праваслаўе, ехалі туды сьвяшчэнікі з дзякамі і сваімі людзьмі. Тады каля цэрквы збіраліся староннікі праваслаўя; калі іх было шмат—больш, чым уніятоў, тады асьвячалі цэркву, і прыход лічыўся ўжо праваслаўным; а калі жадаўшых перэйсьці было мало, тады уніяты праганялі іх і далей аставаліся пры Уніі.

Беларусы канца XIX сталецьця (Палешукі).


Беларусы канца XIX сталецьця (Палешукі).

Такім парадкам прылучэньне („возсоединеніе“) Беларускіх зямель мело толькі палітычны характар. Як тагочасные расейцы ня лічылі ані зямлі, ані народу беларускаго расейскім, так і мейсцовые людзі не маглі адразу страціць сваей асобнасьці і зрабіцца расейцамі. Калі быў кірунак да абрусеньня, то ён не йшоў з сурьёзнаго пачуцьця національнай еднасьці, бо такой папраўдзі і не было, але гэта было скарэй, як кажэ Пыпін, „казённае стрэмленіе да аднаформеннасьці“, каторае ня можэ дапусьціць, каб побач жыло нешта незалежнае, самабытнае. Дзеля гэтаго для ўсяго нашаго краю не мало рабілося шкоды дзеля карысьці чыста палітычных мэт. Шляхоцкі стан, хоць ён і быў польскім, але ўсёж-ткі астаўся тым самым, чым ён быў і за часоў Польшчы; доля-ж „простаго“ народу — беларускаго ды нават праваслаўнаго, — за каторы не раз столькі рабілося гуку, ня толькі не палягчэла пад Расеей, але стала ешчэ горшай, бо расейская адміністрація ўзмоцніла паншчынную няволю мужыкоў.

Пры Імператорах Павле і Александры I пагляд расейцоў на Беларусь зусім перэмяніўся: у той час пад націскам пануючых асоб, каторые спагадалі палякам і шанавалі іх культуру, патуралі ім і расшыралі іх правы, расейскіе чыноўнікі глядзелі ўжо на Беларусь, як на чыста польскі край. Як мала расейцы ведалі аб Беларусах, відаць з запісак вучонаго расейскаго акадэміка Севергіна.

Праежджаючы праз Беларусь, Севергін спатыкаў тут праваслаўные цэрквы і, угледаючыся на богослужэбства ў гэтых цэквах, шчыра дзівіўся, што рызы на духоўных дужа падобны да грэко-расейскіх, дый чытаюць яны с кніг славянскіх; але пры гэтым Севергін не называе іх праваслаўнымі, а „сызматыкамі“.

З уступленьнем на пасад Цара Паўла I былі ешчэ больш разшырэны правы польскай шляхты над беларускім народам. А каталіцкаму духавенству даны былі такіе вялікіе правы над уніятамі, якіх яны ніколі ня мелі і за часоў Польшчы. Зрабілося гэта затым, што акурат у гэтым часе у Франціі кіпела рэволюція, і адтуль вольнадумство расшыралося па ўсей Эўропе, наганяючы не малы упуд на правіцельствы і духавенство. Для змаганьня з вольнадумствам на Заходзе Эўропы стараліся збіраць у адно ўсе консэрватыўные сілы — як гасударственые, так і рэлігійные, ня робячы пры гэтым розніцы, хто якой трымаўся веры; тое самае рабіў і Цар Павел I. Апрача гэтаго Павел I меў думку аб тым, каб даць свабоду веры ўсім, дык і работа над пашырэньнем праваслаўя ў Беларусі на нейкі час затрымалася. Пры Цары Паўле была зроблена адна вельмі карысная рэч для Беларусі: гэта ўстанаўленьне нанова Літоўскаго Статута.

Пры Александры I у 1803 гаду віленскую езуіцкую акадэмію перэрабілі на Унівэрсытэт. Польскае адраджэньне, пачатае ў Польшчы, выступіло тут з небывалай сілай, захватываючы на сваю карысць мейсцовые літоўскіе і беларускіе сілы, а з развіцьцем літэратуры і асьветы у краю пачала зьяўляцца і цікавасць да самога народу, каторы не быў польскім, хаця такім і лічылі яго палякі. Побоч з гэтым жыла і любоў да беларускаго народу і краю, да яго абычаёў, у каторых узрасьлі мейсцовые палякі, а нават да мовы, каторая не была ім чужой, бо зналі яе змалку ад нянек і селянства, а некаторые і да апошніх часоў ужывалі яе у штодзенным жыцьці, як сваю родную. Шляхта, хаця гаварыла па польску і лічыла сябе палякамі, аднак у стасунках с праўдзівымі палякамі называла сябе „літоўскай“, хаця з роду літоўскай мовы ня знала. Паміж імі жыло, хоць ужо несьвядомае, пачуцьце гістарычнай асобнасьці. Гэта ўсё разам і было прычынай таго, што вучоные з Віленскаго Унівэрсытэту пачалі надта цікавіцца беларускім народам, яго песьняй, казкай і абычаямі, і так памалу пачала узрастаць навуковая польская літэратура аб беларусах.

Пры Царэ Александры I ў 1812 гаду праз Беларусь двойчы праходзілі Французы. Першы раз — ідучы на Маскву, а другі раз — вертаючыся назад. Вайна 1812 году прыпомніла Беларусі страшные часы маскоўскіх і швэдзкіх воен. Безпрэстанные перэходы войск, грабежствы, пажары і др. давялі край да голаду. Былі прыпадкі, што аграбленые з усяго вёскі выміралі з голаду. Пасьля гэтых воен беларускі народ доўга ня мог аправіцца, а памяць аб іх жыве ешчэ ў народзе і на сягоньняшні дзень.

Расказываюць, што калі Наполеон ішоў пад Маскву, ён нейдзе на дарозе сустрэў беларускую бабу і загадаў затрымаць яе і выпытаць, як яна хочэ: ці каб француз пабіў расейца, ці каб расеец пабіў француза? Баба, паскрэбаўшыся ў галаве, сказала: «ды я-б, кажэ, хацела, каб француз, заняўшы Маскву, пагнаў, пагнаў, ды і сам не вярнуўся!…» Французы спраўдзі сперша пагналі расейцоў, але толькі хутко вярнуліся у страшным безладзьдзі. Заместа стройных палкоў за Наполеонам беглі абдзертые, галодные і ззяблые грамады, пакрытые ранамі, памарожэные і хворые, значучы сьлед свой трупамі. Французы патрапілі быць такімі самымі для народу, як войскі Трубецкаго і другіх пры Алексею Міхайловічу і Петру I.

У часе францускай вайны часць палякоў памагала Наполеону; гэта было прычынай таго, што пад канец панаваньня Александра I пачынаюцца перэмены ў палітыцы с палякамі Заходняго краю, а, як заўсёды бывае ў такіх прыпадках, ні ў чым непавіннаму „простаму“ народу найбольш дастаецца.

Ўступаючы на Пасад Цар Мікалай I меў ужо гатовы плян аб Уніі. Польскае паўстаньне 1831 году ешчэ больш узмоцніло яго думкі, бо уніяты падтрымлівалі паўстаньне.

У часе паўстаньня 1831 году расейскіе чыноўнікі ўцямілі, што беларусы могуць быць добрай апорай для правіцельственай палітыкі ў Беларусі у справе змаганьня с палякамі, дык у самы гарачы час паўстаньня расейскі глаўнокамандуючы Остэн-Сакен шырыў паміж селян адозвы, ў каторых клікаў іх на помач сабе і абецаў, што яны ўжо ніколі ня будуць належаць да паноў. Аднак, як толькі прайшла бура, забыліся аб гэтым, і селяне ізноў асталіся ў даўнай залежнасьці ад паноў. Зглуміўшы паўстаньне, правіцельство пачало думаць ізноў над спосабамі абрусеньня Беларусі. Пачалося ад закрыцьця польскіх школ, каторых у тые часы было шмат у краю, але заместа іх новых ніякіх не аткрывалі, а ў 1834 гаду лік казённых школ зменшылі на палавіну; наканец другі і апошні ужо раз быў скасаваны Літоўскі Статут. Адноўлены былі міссіі і ізноў пачалося перэварачываньне уніятоў на праваслаўе. Толькі цяпер ужо справа велася іначэй: пастанавілі зусім скасаваць Унію. У тым часе пад кірункам уніяцкаго епіскопа Іосіфа Семашкі быў заведзен тайны камітэт, каторы павінен быў збліжаць памалу уніяцтво з праваслаўем, каб пазней зусім злучыць іх у адно. Пачалі перэрабляць выгляд уніяцкіх цэрквей на маскоўскую спадобу, завадзіць іконостасы, а глаўнае замянілі даўнейшые беларускіе „служэбнікі“ у цэрквах маскоўскімі служэбнікамі. Апорным паном адбіралі парафіі, а іншых нават вывозілі у глыб Расеі. Быў адзін момэнт, калі здавалося, бытцам урад хочэ ізноў падтрымаць Унію, бо пазволіў высьвяціць адразу колькі уніяцкіх епіскопоў. Але ўся гэта справа была раней добра абдумана на тое, каб лягчэй правясьці злучэньне уніятоў. У епіскопы выбраны былі такіе людзі, каторые працавалі разам з урадам (правіцельствам) на карысць праваслаўя, і такім парадкам правіцельство мело на сваей старане вышэйшае уніяцкае духавенство. Цяпер ужо можна было прыступіць да злучэньня цэрквей, але працівіўся гэтаму стары уніяцкі мітрополіт Язэп Булгак і Іозафат Жарскі; толькі абодвы яны хутка памерлі. З іх сьмерцю ўсе прашкоды згінулі. Тады тры уніяцкіе епіскопы—староннікі праваслаўя зьехаліся ў Полацку ў 1839 гаду і саставілі саборны акт аб злучэньні уніяцкай цэрквы с праваслаўнай і, каб паказаць, што робяць гэта сваей ахвотай, выслалі да Цара ад імені уніятоў паведамленьне і просьбу аб пазваленьні прылучыцца да праваслаўя. 25 марца таго ж самаго году прыйшло пазваленьне. У гэтым-жэ 1839 гаду ўрад (правіцельство) Царскім указам забараніло ужываць беларускай мовы у цэрквах і касьцёлах, бо дагэтуль казаньня для простаго народу заўсягды гаварыліся па беларуску, асабліва ў цэрквах уніяцкіх, гдзе даўней, пакуль не замянілі на маскоўскіе, ужываліся пры богослужэбствах і літургічные кнігі ў беларускай мове.

В. Дунін-Марцінкевіч.


В. Дунін-Марцінкевіч.

Уніяцкая цэрква трывала ў Беларусі 243 гады. За гэты час яна перэжыла шмат перамен і ў канцы сталася запраўднай народнай верай; народ з ёй зжыўся і зродніўся дык і скасаваньне яе ня ўсюды радасна вітаў.

У 1861 г. выйшоў вядомы маніфэст аб скасаваньні паншчыны, але праведзены быў ён у жыцьцё крыху пазьней. А тым часам у 1863 гаду пачалося другое польскае паўстаньне. Раней правіцельство думало аперціся на беларускае населеньне, дзеля гэтаго перэд паўстаньнем у пецербурскіх газэтах гаварылося аб патрэбе друкаваць кнігі па беларуску. А калі прыежджаў у Вільню Цар Александр II, ён ласкава прыняў вершы ў беларускай мове, напісаные на яго спатканьне беларускім паэтам Коротынскім. Але паўстаньне ўдалося лёгка зглуміць, і ў Расеі разам прыпомнілі, што Беларусь — гэта чыста рускі край, хаця ешчэ за год да паўстаньня нігдзе аб гэтым і не пісалося. Прыпомніўшы аб тым, што тут чысто-рускі народ, мейсцовые ўласьці пад камандай Муравьёва пачалі „возстановлять русскую народность“, нішчучы ўсё, што не было падобным да маскоўскаго і велікарускаго. Прысланые с Пецербурга і глыбі Расеі людзі ня зналі зусім ані тутэйшаго краю, ані яго гісторыі і ад векоў устанавіўшыхся парадкоў, дый не хацелі знаць ані падтрымліваць. Усе сілы гэтых людзей былі звернуты на тое, каб зацерці ўсё тутэйшае, каб як можна больш высунуць велікарускае. Яны мелі мэтай сваей зніштожыць у краю польскасць, але ахвотна нішчылі і мейсцовае беларускае. Гэта абурывало нават больш сьветлых рускіх людзей, каторым давялося ў тые часы жыць у нашым краю. Аб літэратуры, у каторай, як у люстры, адбіваліся погляды расейскаго грамадзянства, Пыпін кажэ: „Літэратура 60-тых гадоў, прысвоіўшая сабе выключно патрыотычную ролю, адзначалася палітычным цкаваньнем, загубіўшым усякае моральнае пачуцьце, і ў канцы канцоў пакінула па сабе шкодные сьледы як для Беларусі, так і для расейскаго грамадзянства“. З рэпрэсій проці беларусоў у 60-тых гадах трэба адзначыць забарону друкаваньня кніжок у беларускай мове.

Ў 1905 гаду, разам з іншымі свабодамі, данымі населеньню Расеі, і беларусам было пазволено друкаваць кнігі і газэты ў сваей роднай мове.


Канчаючы кароткі прагляд гісторыі нашай бацькоўшчыны, кінем вокам ешчэ раз у далёкую мінуўшчыну і паглянем, як развівалася культура ў нашым народзе. Прасьвета пачала расшырацца ў нас с прыняцьцем хрысьціянства і разам з ім шырылася ня толькі серэд князёў і духавенства, але даходзіла і да „простаго“ народу. Ці хрысьціянство да нас прыйшло праз Кіеў, калі прыняў яго Володзімір, ці мо шмат раней праз Скандынавію, — гэта ешчэ не разгадано, але тое пэўна, што ў Полацку і Турове епархіі з’явіліся вельмі рана, а ў час хрышчэньня Русі Кіеўскай у нас зналі хрысьціянскіе догматы, былі ўжо манастыры. Кафедра епіскопская ў Смаленску заложэна была шмат пазьней, што паказывае на ніжэйшую асьвету ў ім проці Полацка і Турова, але ўсёж-ткі горад меў высокую як на тые часы культуру. Лепей за ўсё відаць гэта з біографіі Клімэнта Смоляціча. Як кажэ летапіс, Клімэнт „быў кніжні кам, як рэдка“. У 1147 гаду сабор пасьвяціў яго ў мітропопіты за яго вучонасць. Клімэнт шмат пісаў кніг, але да нашаго часу аткрылі толькі адзін яго ліст, пісаны да стараго таварыша, смаленскаго пана Фомы. З лісту мы бачым, аб чым і як думалі тагочасные асьвечоные людзі ў Смаленску. Выходзіць, што Клімэнт і яго староннікі, каб аб’ясніць сьвятое пісаньне, апіраліся на творы грэцкіх пісьменнікоў і філософоў: Гомэра, Платона, Арыстотэля і др. Проці іх выступаў нехта Грыгоры, так сама Смаленскі „кніжнік“, каторы трымаўся слово ў слово сьвятога пісаньня і вольнаго тлумачэньня не дапускаў. Як адна, так і другая старана чыталі ў орыгінале (па грэцку) розных грэцкіх пісьменнікоў. Адным словам, у XII сталецьці беларуская культура стаяла надта высока. С таго часу яна ешчэ вельмі доўга ня толькі ня падала, але ўсё развівалася, так што, калі Беларусь уз’едналася з Літвой, Літва, ня маючы сваей, прыняла беларускую культуру, і старасьвецкая беларуская мова зрабілася для Літвы тым, чым цяпер для нашых паноў ёсць мова польская: па беларуску гаварылі князі, баяры, гэтай мовай пісаліся дакумэнты, адбываліся суды; ў ёй-жэ зносіліся з заграніцай, у ёй пісаліся законы. І так было ажно да XVII сталецьця. Ужо ў XVII сталецьці беларуская шляхта, адыйшоўшая да польскай культуры, не рупілася аб сваю, а пазваляла ўсяму роднаму, як старой будоўлі, падаць памалу. Праз усё гэтае сталецьце беларуская мова траціць свае правы, і ажно дайшло да таго, што ў 1696 гаду Сэйм пастанавіў беларускую мову выкінуць з гасударственаго ужытку. Аднак беларуская мова асталася доўга ешчэ ў цэркві і касьцелі і забаронена была, як мы ўжо ведаем, Указам 1839 году.

Ф. Богушэвіч.


Ф. Богушэвіч.

Найлепшай меркай культуры кожнаго краю служыць асьвета; вось, калі паўгледаемося на чысло выданых кніжок для нашаго краю і зроднай нам Украйны, разам с каторай з найдаўнейшых часоў і да ХVІІІ а нават пачаткоў XIX сталецьця карысталі мы з супольнай літэратуры, то павэдлуг чысла выданых кніжок, як аблічае вядомы бібліограф Эстройхер, займаем мы не апошняе мейсцэ. Так, да заведзеньня гражданкі выдано было кніг славянскімі літэрамі (кірыліцай) усяго 1737; з гэтаго чысла было друкоў:

друкаваных па беларуску і украінску
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .
897
славянскіх друкаваных для Беларусі і Украйны
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .
144
па расейску і славянскіх, друкаваных для Расеі
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .
556
для палудзенных славян
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .
140

Найбольшы разцьвет беларускай літэратуры (цэркоўнай) прыпадае на XVI і XVII сталецьця. Пазьней беларушчына была выціснута польшчынай.

Стаўшы мовай селянства, каторае ўжо ня мело сваей інтэлігенціі ( — а нават і духавенства, бо яно перш за шляхтай цягнулося да польшчыны, а пасьля да расейшчыны), мова беларуская пачала памалу марнець і траціць сваю даўную гладкасьць і багацьце. Пад канец XVІІІ сталецьця ўсе тые перамены, якіе перэжывала Беларусь, злажыліся на паварот да свайго роднаго, на зачатак народнаго адраджэньня. У пачатках XIX сталецьця паяўляецца ўжо рукапісная беларуская літэратура, каторая, ходзячы ў сотнях перапісаных эгзэмпляроў, будзіла національнае пачуцьце; але цяжкіе варункі, у якіх жыў край, не далі гэтым зачаткам развінуцца ў рух да національнаго адраджэньня. Усе жывые сілы краю захвачэны былі змаганьнем за інтэрэсы то польскай, то расейскай націі, або праваслаўя і каталіцтва, і гэтае змаганьне дзяліло беларускі народ на дзьве непрыязненые партіі з вялікай шкодай для національнай сьведомасьці.

„Ў моры гэтых національно-рэлігійных змаганьнёў, — пішэ нябошчык С. Полуян у сваей недакончэнай працы: „Беларуская літэратура ў яе тыповых прэдстаўніках“, — ігноровалі беларускі народ, і ўсе пробы да національнаго самовызначэньня тонулі ў гэтым моры, як непаметная „цеча“ (цячэньне). Бо кожная з заінтэрэсованых старон сілілася науковымі доводамі узмоцніць свае прэтенсіі на Беларусь. Адгэтуль выцекала цікавасць да ўсяго беларускаго. А раз ужо выкліканая цікавасць не хацела на заўсёды аставацца служкай у руках заінтерэсованай стараны; яна пачынала жыць сама па сабе, незалежная ад ніякіх тэндэнцій“.

Янка Лучына (Неслухоўскі).


Янка Лучына (Неслухоўскі).

Першым вялікшым творам у беларускай народнай мове, як і на Украйне, з’явілася перэліцованая „Энэіда“, напісаная Манькоўскім; спраўдзі не была гэта літэратура, але бытцам далей ішла ешчэ тая самая „этнографія“. Да нас дайшоў толькі невялічкі адрывак гэтай поэмы, дый то надта дрэнна запісаны, бо — заместа беларускай чыстай мовы, у якой мелася быць напісана гэта рэч, дайшоўшая да нас запісь прэдстаўляе сабой нейкі „жаргон“ без ніякай літэратурнай вартасьці. Пісана гэта рэч была каля 1790 году ў Смаленшчыне. — У часе польскіх паўстаньнёў паўстанцы зверталіся да беларускаго народу, — як да паважнай сілы, каторая магла стаць ім у прыгодзе, — з адозвамі ў беларускай мове. У 1840 гаду ў Парыжы выйшла кніжка Рыпінскаго „Беларусь“. Кніжка гэта ў сваіх поглядах зусім польская, але аўтор тэрыторыальна лічыў сябе за беларуса. За колькі год ізноў гэты ж самы аўтор выдае другую кніжку „Niasczyścik, ballada białoruska“. — Далей, вядомы беларускі этнограф Ян Чэчот у Вільні ў 1844 і 1846 гаду выдае дзьве цікавые кніжэчкі, у каторых даў колькі орыгінальных песень у беларускай мове («Piosnki wieśniacze z nad Niemna i Dźwiny»). Але гэта ўсе былі толькі пробы. Папраўдзі, бацькам новаго беларускаго пісьменства быў Дунін Марцінкевіч, каторы жыў у пяцьдзесятых гадах мінулаго сталецьця.

Ён першы пачаў пісаць чыстай беларускай мовай, і ў гэтым яго вялікая заслуга, гэтым ён сабе прыдбаў безсьмертнае імя ў беларускай літэратуры. Адну з пьес, каторую напісаў Марцінкевіч па беларуску, у пяцьдзесятых гадах ігралі ў мінскім тэатры; гета была „Селянка“, камэдія ў 2 зьявах. (Выдана ў Вільні ў 1846 гаду. Музыку напісаў да яе Монюшко). Апрача гэтаго напісаў ён „Гапон“, „Вечарніцы“, „Купаллу“, „Шчыроўскіе дажынкі“ і перэклаў с польскаго „Пана Тадэуша“. У гэтым часе апрача Марцінкевіча пісалі па беларуску Дарэўскі-Вэрыга, Баршчэўскі, Сырокомля (Кондратовіч), К. Буйніцкі, В. Коротынскій і др. Але голас усіх гэтых пісьменнікоў ня быў голасам народу, дзеля гэтаго, апрача твороў Марцінкевіча, творы другіх пісьменнікоў становяць вялікую рэдкасьць і зусім невядомы шырэйшаму грамадзянству.

Праўдзівым народным песьняром-поэтам быў Ф. Богушэвіч. Жыў ён у часе найбольшаго зацішша ў грамадзянскім жыцьці, аднак не паддаўся агульнаму настрою і стараўся будзіць свой народ, заклікаючы гарачым словам „не замерці“. Друкаваць тады ў Расеі беларускіх кніжок нельга было, дык аўтор „Беларускую Дудку“ сваю друкаваў заграніцай. Паднімаў ён у сваіх вершах, здавалося, такіе простые, такіе штодзенные рэчы, але тэмы яго былі той жывой ранай, каторая балела беларуса, як багатаго так і беднаго; дзеля гэтаго творы Богушэвіча ў тысячах перэпісаных эгзэмпляроў разыходзіліся па ўсей Беларусі, і цяпер нема такога кутка ў нашым краю, гдзе-б ня зналі яго вершоў, як: „Хрэзьбіны Мацюка“, „У судзе“ і іншые. С кніжок, выданых Богушэвічэм, найбольшую популярнасьць мае „Беларуская Дудка“, каторая вытрымала два выданьня заграніцай і адно ў Расеі; за ёй ідзе „Смык беларускі“, „Скрыпачка“ і „Тралялёначка“.

Фр. Богушэвіч — гэта першы артыста беларускаго слова; другі пасьля яго песьняр артыстычнаго пакрою — гэта Янка Лучына (Неслухоўскі). С твороў яго вышла невялічкая кніжачка „Вязанка“. Гэтые два песьняры: Фр. Богушэвіч і Неслухоўскі, кладуць ужо моцны фундамэнт для далейшаго развіцьця беларускай літэратуры.

Так мала-памалу пачаў разрастацца беларускі національны рух. У 70 гадах мінулаго сталецьця пачынаюць друкавацца заграніцай Беларускіе соціалістычные кніжкі ў Швэйцарыі і Англіі. У 80 гадах ужо ў большых гарадох, гдзе ёсьць унівэрсітэты, пачынаюць організавацца беларускіе студэнцкіе грамады, як, напрыклад, у Пецербурзе, Маскве, Харкове, Рызе. Маскоўскі гурток у 80 гадах выдаў нават кніжэчку „Сыгнал“, перэклад э расейскаго (Гаршына). У 90 гадах робяцца пробы стварыць популярную літэратуру для народа. Але запраўдны беларускі рух пачынаецца толькі з 1903—4 гадоў, калі якбы новы вецер павеяў над Расеей і навеваў любоў да народу, яго жыцьця, а ў беларусоў і да яго гісторыі, мовы. І вось спамеж беларусоў-студэнтоў у Пецербурзе спачатку адзінокіе людзі пачалі увіхацца, каб выдаваць газэтку. Газэты выдаваць легальна не было змог, дык выпускалі два разы на год „Калядную“ і „Велікодную пісанку“, каторая, хаця спраўдзі не магла здаволіць духоўных патрэб ані грамадзянства, ані маладзежы, але давала „кліч, што жыве Беларусь“, збірала каля сябе людзей, каторые спасобіліся да змаганьня за сваё незалежнае культурнае жыцьцё, будзіла міласьць да роднаго слова, роднаго, загнанаго народу. І калі ў 1905 гаду пазволено было выдаваць газэту, да работы прыступіла адразу грамада сьведомых людзей, каб змагацца за національную будучыну і національную культуру с цьвёрдай верай, што 8-мільённы беларускі народ прачнецца з векавечнаго сну і сам пойдзе за культурнай дабычай, сам збудуе сабе лепшую долю і не як загнаны пасынак, але як роўны і родны брат засядзе калісь у сямьі славянскай.