Кароткая гісторыя культурнага жыцьця беларускага народу
Кароткая гісторыя культурнага жыцьця беларускага народу Аўтар: Язэп Лёсік Крыніца: Звон. - 1919. - № 2, 4, 5 |
І.
правіцьЦяцер, калі мы пачалі тварыць сваё вольнае жыцьцё, калі пытаньне пра нашу незалежнасьць пастаўлено руба і калі гэтае пытаньне набрала сабе такога вострага характару, — як раз дачасу будзе спыніцца, азірнуцца назад і кінуць вокал на той доўгі шлях, што прайшоў наш народ.
Ці-ж сапраўды мы маем право на сваё ўласнае нацыянальнае жыцьцё, ці маем мы право на тую дзяржаўную незалежнасьць, якой так упарта дамагаемся? Ці праўда, што народ наш — асобны народ; ці-ж мае ён сваю культуру, культуру орыгінальную, сваяродную? Ці ў прамінулым ёсьць у яго свая гісторыя, сваё асабістае жыцьцё? Ці сапраўды нам патрэбны асобные школы з нашаю беларускаю моваю, асобные унівэрсытэты, ці можа гэта толькі нашые выгадкі, як пра ўсё гэта цяпер кажуць несьвядомые людзі і ворагі нашага нацыянальнага жыцьця?
Вось на гэтые пытаньні нам трэба адказаць. Бо калі наша мова мае сваю доўгую гісторыю, калі пра гэтую гісторыю можна выкладаць цэлы курс навукі, то значыць гэта ёсьць сапраўдная мова, а калі ёсьць асобная мова, то ёсьць і асобны народ.
Мова — гэта ня толькі просты сімбол разуменьня, бо яна вытвараецца і пэўнай культуры, ў пэўнай гістарычнай традыцыі. У такім разуменьні мова — гэта найясьнейшы і найлепшы паказчык нашай душы, гэта найпершая абарона нашага псіхічнага я. Мова – душа кожнай нацыянальнасьці, яе сьвяточны, яе найцаннейшы скарб. У мове наша старая і новая культура, азнака нашай нацыянальнай асобнасьці. І покі жыве мова — жыве й народ, як нацыянальнасьць. Не стане мовы — ня стане й нацыянальнасьці: яна ўся распарушыцца паміж дужэйшым народам. Вось чаму мова заўжды мае такую вялікую вагу ў нацыянальным руху і дзеля гэтаго ставяць яе на першае пачэснае месцо сярод галоўных нашых пытаньняў. Вось дзеля гэтага і ворагі нашы пастаянна рупіліся, каб забараніць нашу мову ды каб зьвесьці яе з сьвету. Бо нямога, маўляў, папхнеш, куды захочаш...
Паглядзім-жа на беларускую культуру, на даўнейшую, спрадвечную культуру нашага народу, на тую культуру, да якой ён дайшоў доўгім гістарычным шляхам.
Шлях той ня вёў ціхім гаем, ня йшоў квяцістым лугам, — гістарычная дарога нашага народу заўсёды была асоцістай дарогай, цяжкаю крыжоваю сьцежкаю, тым тэрністым шляхам, што вёў акрыўджаны, акрываўлены народ наш на Галгофу. Гэта пра наш народ сьпявае песьня:
Ой горо той чайцы нябозе,
Што вывела дзетак пры бітай дарозе!..
Нядоля рана спаткала народ беларускі. Як раз тагды, калі заклалася была вялікая дзяржава — Вялікае Князьство Беларуска-Літоўскае, калі можна было спадзявацца лепшаго жыцьця, немцы крыжакі руйнавалі наш край і падрэзалі крыльлі народу-арлу. А там пайшла Масква. Гэтак Беларусь перакідалася з абоймаў у абоймы, ішла без сапачынку, бяз змогі спыніцца і утварыць сабе жыцьце па густу.
І, хіляючыся па падсуседзях, яна ня мела пакою. Толькі прытуліцца, бывала, к таму, ці іншаму суседу, як начыналіся войны паміж суседзямі, і зямля наша, грудзі пакутнага народу нашага, станавіліся месцам ваяўніцтва з швэдам, французам, а цяпер, у гэту страшную сусьветную вайну, з немцам ды зноў з маскоўцамі і палякамі. Кожны крок нашай зямлі абліты чалавечай кроўю, кожная пядзя нашага абшару абрашана сьлязмі нашага народу. „Беларусь," кажа Адам Кіркор, — „край могліц, курганоў, гарадкоў, замкаў і замчышч, — край, дзе чуць не на кожным кроку спатыкаюцца сьляды прамінулага". Тое самае кажа і вядомы польскі і беларускі поэта, Сыракомля, што на Беларусі кожная пядзя зямлі хавае у сабе сьляды гістарычных здарэньняў. Узгорак, ці груда руінаў, крыж пры дарозе, слуп ці капліца, або навет карчма з стадолай пры ёй, - усё тут зьяўляецца гістарычным помнікам старажытных часоў, сівые сьведкі даўнейшай гістарычнай долі беларускаго народу.
ІІ
правіцьУ які бок жыцьця ня глянем, скрозь угледзім, як орыгінальна і сваякшталтна складаў сваю культуру народ беларускі.
Скрозь, на усе налажыў гэты народ сваю азнаку, — азнаку багатай культуры і вялікага таленту. Возьмем яго песьню. Яе ўтварыў народ наш такою, як ніхто з іншых народаў. Нашы песьні, — гэта ціхі сум, нялюдзкая скарга на сваю горкую долю, — гэта прызнаецца усім сьветам. Адны ужо словы нашае народнае песьні сьціскаюць сэрцо нястрыманым жалем, напрыклад:
Хаджу, блуджу, хаджу, блуджу,
Як то сонцо у крузе!
Куды пайду, ці што раблю,
А усе сорце у тузе.
Палавіна лет мінае, —
Я шчасьця ня знаю,
Як-жа а мне Бог прызначыў,
Што чыніці маю?!
Вось што пішуць пра беларускую песьню чужынцы. „Беларусы любяць песьні і многа сьпяваюць, — гаворыцца у прадмове да кнігі, выданай Расійскім Геаграфічным Таварыствам" „Гомельские народные песни", запісаные 3. Радчанка. — „У сьвято і ў будні, на вячорках і на рабоце, вясной і летам, увосень і навет зімой, на адкрытым паветры, заўсюды чутны іх песьні... Наагул, чуецца нота бедная, але стройная; монотонна-журбоўная, але мілая і заўсюды прыпадаючая да слоў. Аб песьнях-жа масковак, як тут завуць велікарускіх баб з пасадаў (старавераў), трэба сказаць, што яны сьпяваюць на надта вісокіх нотах; іх хоравые песьні адзначаюцца аднацяжным піскам. У гэтым і ёсьць характэрная рожніца, калі прыраўняць іх песьню да песьні беларускіх кабет, каторые пяюць сярэдняй нотай". У прыпісцы да гэтай прадмовы рэдактар „Запісак Географічнага Т-ва", Істомін, дабаўляе: „Песьні велікарусаў (Курскай г.) адзначаюцца поўнай безмузыкальнасьцю, беднасьцю ноты, і можна іх прыраўнаваць хіба да аднаго піску і завываньня. Не бяруся судзіць гэтага дзіўнага і прыкрага для велікарускай песьні зьявішча," — кажа Істомін.
Такую ацэнку даюць беларускім і велікарускім песьням людзі навукі, знаўцы песьні і музыкі народнай, людзі справядлівые, каторые шукаюць толькі праўды.
Песьня наша вельмі адбілася і на царкоўных сьпевах. Прыслухайцеся толькі да жалоснага, сумнага сьпеву ў цэркві, і вы там распазнаеце мотывы і нашых народных песень. Вось чаму сьпевы у нашых цэрквах яшчэ здаўна вабілі да сябе чужынцаў. „Во велицей России, в самом царствующем граде Москве, возлюбльше сладкое и согласное пение", піша ў 1680 г. наш зямляк, Сымон Полацкі,[1] і дзеля .таго па Маскве перанялі нашы сьпевы, запрашалі да сябе сьпевакоў з нашага краю, і яны навучалі Маскву гэтаму „сладкому пению". Праўда, вышэйшае духавенство на Маскве спачатку недалюблівало нашага царкоўнага сьпяваньня і крывілося на яго: „пение поют новоизданное от своего сложения, а не от святых преданное, но латынское і рымское баснословие і партеснае вискание, сьвятыми отцы отлученное[2]“. Але нашае царкоўнае сьпяваньне было вельмі да густу маскоўскім царом, і яно шпарко разышлося па ўсяму Маскоўскаму царству.
Нашымі песьнямі заўсюды цікавіліся велікарускія, польскіе і іншые вучоные і выдалі шмат зборнікаў беларускіх народных песьняў. Прыпамятайма хоць Шэйна, Раманава, Безсовава, Федароўскаго, Сербава і шмат іншых. Усе гэтые этнографы вельмі цікавіліся беларускай песьняй, бо яна іх вабіла сваім зьместам, багацьцем і прыгожасьцю. І такою-ж салодкаю, прыгожаю і павабнай засталася наша песьня і да гэтага часу. Засталася такою, хоць яе забаранялі нам сьпяваць, выганялі з школы, гналі з жыцьця, і толькі ў простага народу не маглі адабраць яго уцеху і асалоду у яго горкай долі.
Народ беларускі, утварыўшы сваю ўласную песьню і музыку, утварыў і сваё ўласнае музычнае начэньне: прыпамятайма нашу ліру, цымбалы, дудку, жалейку і т. д.
ІІІ
правіцьУспомнім беларускіе казкі, паданьні, легэнды. Тут мы маем такое багацьце народнай творчасьці, як ніводзін славянскі народ. Цэлые томы нашых казак, песень, легенд выданы расійскімі і польскімі этнографамі, і ўсё гэта ляжыць як сыры, але многа цэнны матэрыял, і чакае свае апрацоўкі для шырокага ужытку. Або вось глянем на беларускі орнамэнт. І тут наш народ ўтварыў сваю орыгінальную культуру і выявіў сваю вялікую здольнасьць і талент. Хто з нас ня ведае слуцкіх паясоў? Яны вядомы былі ўсяму сьвету. Тканые золатам і срэбрам, аздобленые малюнкамі нашых ніў, лясоў і лугоў, нашымі кветкамі, яны лічыліся даўней скарбам нявымоўнай вартасьці і перадаваліся ў спадчыну, як пэрлы і дыямэнты. Нашые слуцкіе паясы ня раз былі прычынай вайны у князёў маскоўскіх і украінскіх. Няслушна перайшоўшы ў спадшчыну ад аднаго князя к другому, яны ушчыналі вальку паміж князьямі і параджалі сьмяртэльную варажнечу. Так людзі вісока цанілі гэты гэніяльны твор беларускага народу.
Наша будаўніцтво яшчэ мало дасьледжано, але і тое, што ужо зроблено, сьведчыць і тут пра нашу орыгінальнасьць. Старые нашы цэркві, вуніяцкіе капліцы, шляхецкіе дама і палацы, даўнейшые замкі, бакшты або вежы, бажніцы, крыжы пры дарозе самі за сябе голасна расказваюць пра вялікую здольнасьць і талент народу, што іх будаваў.
Беларускі народ вытварыў і сваё орыгінальнае право, якім народ паш карыстаўся аж да 1831 г., покі не забараніў яго маскоўскі цар Мікалай І. Нашае ўласнае беларускае права зложано ў зборніку, вядомым пад назваю „Літоўскі Статут." Статут нашых законаў быў тройчы друкаваны, у 1529 г., 1566 і ў 1588 г. і адзначаецца вялікай гуманнасьцю. Напрыклад, у той час, як Заходняя Эўропа цяжка карала за рэлігійные выступы, у нас, па Статуту, забаранялася адно пераходзіць з хрысьціянства ў магомэтанства і жыдоўство. Да нашага права колісь добра прыслухваліся суседзі, і Маскоўскіе цары аберуч карысталі з Літоўскага Статуту, як укладалі „Кормчую" 1650 г. і „Уложения" 1649 г. Аб гэтым у адзін голае сьведчаць такіе расійскіе гісторыкі, як В. Сергеевіч, В. Владімірскі-Буданов, С. Бершадскі, Г. Мілорадовіч, Д. Міллер, Л. Кістековскі, і шмат іншых.
Соткі тысяч актаў па архівах у Вільні, Кіеве Варшаве, і Альбове нядвумысна сьведчаць пра арыгінальнасьць беларускага права, а так сама і пра тое, што за старые часы суд быў у нас сваёю роднаю беларускаю моваю. У Літоўскім Статуце, напісаным беларускаю моваю. пра гэта чытаем вось што (разд. 4, ч. І): „А писаръ земский маеть поруску литерами и словы рускими (г. зн. па беларуску) все листы, выписы и позвы писати, а не иншим езыком и словы, а прысягнути маеть на врад свой писарски тыми словы: Я прысегаю Пану Богу в Тройцы единому”. І дапраўды, у тые часы беларуская мова панавала ня толькі ў сябе дома, але і на Літве, Украіне, і з ёю лічыліся і ў Польшчы. І гэта тагды, як навет Заходняя Эўропа адно што вызвалялася з-пад апекі латыншчыны. У рукапісным экзэмпляры Літоўскага Статуту першай рэдакцыі (1529 г.), знайдзеным у быўшай Віленскаіі Акадэміі, каторы цяпер пераховываецца ў Публічнай Бібліотэцы у Петраградзе, ёсьць гэтакі верш:
Польшча квітне лацінаю,
Літва квітне Русчызною.
Бяз той у Польшчы не прабудзеш,
Бяз сей у Літве блазнам будзеш.
Ведзь-жа, Русь, іж твая хвала
Па усем свеце юж дайзрало.
Весяліся-ж ты, Русіне,
Твая слава нігды ня згіне!
Народ беларускі утварыў сваю цэркау і яна ў старые вякі вельмі была адметна ад цэркві маскоўскай, — адметна была сваёю службаю, набажэнствам і звычаямі, што трохі захавалося і да нашых часоў, ня гледзячы да забароны найсьв. Сыноду. Скажам, звычай абносіць навокала цэркві плашчаніцу ў пятніцу, а гэтак сама народны звычай хадзіць па валачобнаму на Вялікдзень ці з гвяздаю на Коляды засталіся яшчэ й да гэтага часу.
Цэркаў наша беларуская спакон веку была вольная і незалежна, яна толькі номінальна нібы залежыла ад константынонольскага патрыярха. Але патрыярх жыў сабе далёка, ў нашые царкоўные справы мяшаўся рэдка і за ўвесь час толькі раз прыязджау да нас. І жыла тагды цэркаў наша вольна і вольна тварыла свай жыццё. А ў 1414 г., пры вялікім князю Вітаўту-Александру, беларуская цэркаў абрала сабе асобнага мітрапаліта і з таго ўжо часу пайшло зусім вольнае і незалежнае жыцьцё для беларускай цэркві.
Наша цэркаў ня толькі была адметна ад маскоўскай сваімі звычаямі, але навет некаторымі вераваньнямі, хрысьцінамі, шлюбам і пахаваньнем. Усё гэта потым на Маскве абазвалі ерэсью і сталі выганяць з нашай цэркві. Нашае духавенство скрыва паглядало на маскоўскае, ведало яго горкую долю, але і недалюблівала. Мелеці Сматрыцкі і Касіян Саковіч пісалі, што у Маскоўскім царстве жывуць адны рабы і што там навет старшыню іх катуюць батогамі і засуджаюць на „торговую казнь”. А Брухавецкі пісаў пра маскалёў, што „жестокостію превосходят они все поганые народы”.[3]
(Працяг будзе)