Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1919)/Уступ

Прадмова Уступ да гісторыі Беларусі
Падручнік
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1919 год
Першы пэрыод гісторыі Беларусі (IX—XIII ст.)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Уступ да гісторыі Беларусі.

Звыклі мы лічыць нашу бацькаӯшчыну невялікаю па абшару яе тэррыторыі і па ліку насельнікаӯ яе. Пэӯна, так яно і будзе, калі мы параӯнуем Беларусь з такімі дзяржавамі, як Велікабрытанія з калёніямі, Кітай, Гэрманія, Францыя, Расія і г. д. Але будзе ня так, калі параӯнуем Беларусь з такімі невялікімі гаспадарствамі, як напрыклад, Швэйцарыя, Данія, Бэльгія і Голяндыя.

Цікава яшчэ параӯнаваць Беларусь з тымі маладзенькімі, вырасшымі на грунце сучаснай рэвалюцыі дзяржавамі-рэспублікамі, якіе ӯ наш час змагаюцца за сваю незалежнасьць і за свае дзяржаӯные правы:

Украіна: 800.000 кв. км., — 45.000.000 жыхароӯ, з іх 72 прац. украінцаӯ. Беларусь: 300.000 кв. км., — 14.075.000 жыхароӯ, з іх 77 прац. Беларусаӯ. Літва: 125.000 кв. км., — 6.000.000 мяшканцаӯ. Эстонія: 47.500 кв. км., — 1.750.000 мяшканцаӯ. Латвія: 64.196 кв. км., — 2.552.000 мяшканцаӯ, з іх 72 прац. латышоӯ. Паӯночны Каӯказ: 150.000 кв. км., — 4.300.000 жыхароӯ. Азэрбэйджан: 100.000. кв. км., — 4.500.000 жыхароӯ, з іх 75 прац. турка-татар. Грузія: 90.000 кв. км., — 3.000.000 жыхароӯ, з іх 75 прац. грузінаӯ. Армэнія: 320.000 кв. км., — 4.000.000 мяшканцаӯ, з іх 75 прац. армянаӯ.

Зрабіӯшы гэтые параӯнаньні, мы бачым, што ня так ӯжо малая наша Беларусь. Дастарчыць гэтае зямелькі для таго, каб магчыма было добра жыць тут ня толькі беларусам, але і другім тутэйшым народам. Толькі-б ніхто не руйнаваӯ гэтай зямелькі і не грабаваӯ.

Няма тут высачэнных гораӯ і глыбокіх прорваӯ. Куды ні глянь, ляжыць перад табою амаль што аднастайная раӯніна, сярэдняя частка якой пакрыта балотамі, санажацямі, лясамі-пушчамі і вялікай сілай вазёр.

Рэдка калі ӯ часы свайго мінулага жыцьця бачыла Беларусь часы згоды. Заліта яна ня толькі потам, гале і крывёю.

Колькі вялікіх боек народаӯ адбылося на яе абшарах! І курганы, якіе раскіданы па ӯсей Беларусі, сьведчаць і гавораць маӯчком аб тым, што калісь тут было. Цяжкае, гаротнае мінулае нашай старонкі як-бы налажыла на яе твар сваю пячатку, спавіло яе горам і пакутаю. Над краем як-бы вісьне векавечная скарга на цяжкую долю, вісьне ціхі смутак. Ось як беларускі пясьняр, сын сваей зямелькі і народу, Якуб Колас, пяе ў адным з сваіх твораӯ пра Беларусь:

«Вісьне скарга уздоӯж Нёмна,
Беларусі сына.
Як ты бедна, як ты цёмна,
Родная краіна!
Зьбіты ӯ кучы твае вёскі,
У землю стрэхі ӯходзяць,
Нуднай песьні адгалоскі
Лес, курганы родзяць…
Усё ӯ табе, мой родны краю,
Усё спавіта горам:
І той вецер, што дзьме з гаю,
Што шуміць над борам,
Тая песьня, што на полі
Жнеі засьпяваюць,
Тые думкі, што да болю
Сэрцо калыхаюць».

У гэтай краіне цёмнай, беднай, горам спавітай, жыве беларус. Часта толькі па абліччу магчыма адрожніць яго ад двох яго братоӯ: велікаруса і украінца-маларуса. Няма ӯ яго вышыні і зграбнасьці украінца, паважнасьці і плотнасьці велікаруса. Найчасьцей беларус росту сярэдняга, складу пахілага: ня сваіх плячох нясе ён ціжар свайго мінулага і сучаснага жыцьця. У выразным твары яго ёсьць якая-сь мягкасьць, якая найбольш залежыць ад спакойнага і ласкавага пагляду яго шэрых ці блякітных вачэй.

Беларус ёсьць прадстаӯнік самага чыстага этнаграфічнага тыпу ӯ усходня-славянскім, рускім племяні. Гэтая зьява залежыць ад умоӯ яго гістарычнага жыцьця. З гісторыі Беларусі мы бачым, што беларускае племя праз увесь час свайго мінулага жыцьця ня злівалася з народнасьцямі другіх расаӯ. Ня так было з велікарусамі і украінцамі: яны жылі пры такіх умовах, што ім немагчыма было зьберагчы свой старажытны этнаграфічны тып. Турка-мангольскіе плямёны праз некалькі вякоӯ ішлі праз палуднёвые стэпы, у вялікім ліку аставаліся там і рабілі паходы, як на палуднёвую, так і на паӯночна-усходнюю Русь. Многа вякоӯ і украінцы і велікарусы пражылі пад турка-мангольскім панаваньнем і этнаграфічным іх уплывам. На поӯначы і на паӯночным усходзе рускіе плямёны ӯ сваім расьсяленьні спаткаліся з фіна-манголамі. Велікарускіе плямёны зьліваліся з фінамі і русыфікавалі іх. Гэтая гістарычная зьява цягнецца аж да нашага часу. Пэӯна, што сумеснае згоднае жыцьце з фіна-манголамі і русіфікацыя іх мелі свой і абаротны бок, г. ё. этнаграфічны ӯплыӯ фінаӯ на велікарусаӯ. Што датычыць да беларусаӯ, то мы ведаем, што турка-мангольская лавіна да іх не дакацілася, а фіна-мангольскіе племёны ня былі іх суседзямі. На беларусаӯ мог быць ӯплыӯ літоӯскай і польскай крыві, і пэӯна, доӯгае суседзтва і сужыцьце з літвінамі зрабіла гэты ӯплыӯ. Што датычыць да палякоӯ, то іх этнаграфічны ӯплыӯ ня мог быць значным, бо палякі былі ӯ Беларусі вышэйшым, шляхоцкім станам. Тые беларусы, якіе зьліваліся з імі былі прадстаӯнікамі так сама шляхоцкага беларускага стану. З гісторыі нам вядома, што гэтые беларусы адыйшлі ад свайго народу і сталі палякамі. Што датычыць да шырокіх масаӯ беларусаӯ, то польскага ӯплыву тут не магло быць: паміж панам-паляком і мужыком-беларусам была глыбокая соцыяльная прорва. З усяго вышэйпаданага мы бачым, што этнаграфічнага ӯплыву мангольскай расы на беларуса ня было. Калі і прызнаць этнаграфічны ӯплыӯ літоӯскі і польскі, то гэты ӯплыӯ быӯ невялікі; апроч таго, літвіны — такіе ж арыйцы, як і беларусы, а палякі-славяны, толькі заходняй веткі.

Тэррыторыя Беларусі ня можа пахваліцца добраю глебаю: зямелька Беларусі, за выключэньнем некаторых паветаӯ, — малаӯрадлівая. Шмат працы трэба ӯлажыць у зямлю, каб дала яна кавалак хлеба. І беларус шчыра працуе. Ня гледзячы на невялікі ӯзрост і пахілы склад, ён вытрыманы працаўнік. Гэта добра ведаюць усе падрадчыкі на землявые работы; добра ведае Амэрыка, бяручы з Беларусі работніка на цяжкую чорную працу. Найбольш прывязан сучасны нам беларус да земляробства. Ён, як кажа песьняр Янка Купала, „пан сахі і касы“, і тольмі тагды, калі няма ӯ беларуса панства, ён ідзе на другіе работы.

Сваю гісторыю мае беларус, хоць і ня ведае яе. Але павінен настаць час, калі і беларус зацікавіцца гісторыей свайго роднага краю. Бяз гэтага ён ніколі ня зможа стаць грамадзянінам сваей бацькаӯшчыны. Толькі гісторыя дае моцны грунт для нацыянальна-грамадзянскага самапачуцьця.


Пэрыоды гісторыі Беларусі.

Ніколі не перарываецца народнае жыцьцё: цячэ яно, як рэчка, з году ӯ год, з сталецьця ӯ сталецьце. Адных працаӯнікоӯ прыймае магіла, другіе нараджаюцца, бяруць лямку бацькоӯ і дзядоӯ сваіх і цягнуць яе зноӯ да магілы. Так ідзе чалавечная праца, так робіцца гісторыя роду чалавечага. Але сталецьце адно на другае не падобна. У адны часы скора, жвава йдзе праца. Народ як-бы бяжыць уперад шпаркім крокам: шырыцца культурная творчасьць нацыі, з’ясьняецца твар народу, будуецца моцны дзяржаӯны і культурны будынак. Люба кінуць пагляд на гэткае жыцьце, на такіе мамэнты паступовага гістарычнага руху. Але часам выбухаюць і іншые часы: нацыя замірае, хаваецца ӯ глыбіну творчая сіла, руйнуецца дзяржаӯны і культурны будынак ад уціску другога народу.

Такім спосабам, прыглядзеӯшыся да непрарыӯнага паступовага руху гісторыі народа, магчыма ӯсё-ж такі знайсьці ӯ гэтым руху нейкіе асобнасьці ӯ тые цы іншые часы. Апіраючыся на такіе асобнасьці жыцьця магчыма зноӯ выявіць ӯ гісторыі народу яе пэрыоды. Так стаіць справа і ӯ гісторыі Беларусі.

Па асобнасьцям політычнага і культурнага жыцьця беларускага народу гісторыю Беларусі магчыма разьдзяліць на чатыры пэрыоды: Полацкі, Літоӯска-Беларускі, Польскі і Рускі.

Пачынаецца наша гістарычнае жыцьце з IX сталецьця на сярэднім кавалку вялікага воднага шляху „з Варагаӯ у Грэкі“. Гэты шлях ёсьць шлях тагочаснай культуры і гандлю, і мы увайшлі на яго. Наймацнейшым князьствам сярод нашых плямёнаӯ (Крывічоӯ, Дрэговічаӯ і Радзімічаӯ) было Полацкае. Незалёжнае з пачатку гістарычных зьвестак, яно прымушана было Кіеӯскімі князямі да залежнасьці ад Кіева. Але гэтая залежнасьць трымалася кароткі час і ня была агульнай, поӯнай залежнасьцьцю. Ужо з пачатку ХІ-га сталецьця пайшло змаганьне за незалежнасьць полацкіх Ізяславічаӯ з кіеӯскімі Яраславічамі. У гэтым змаганьні ӯкола Полацкага князьства зьбіраліся князьствы драбнейшые. Да найбольшай моцы Полацкае князьства дайшло пры Усеславе (1044–1101). Пасьля яго скону начаӯся палітычны ӯпадак Полацкай Русі.

У ХІІІ-м сталецьці зьбіраюцца ӯ купу літоӯскіе плямёны, суседніе з Полаччынай; яны арганізуюцца і зьбіраюць ӯкола сябе разрозьненые паӯночна-заходніе рускіе плямёны, якіе пачынаюць злучацца з літвінамі. Будуецца вялікае князьства Літоӯска-Беларускае, гдзе кіруе гаспадар, вялікі князь літвін, а пануе культура і мова заняпаӯшай палітычна Полаччыны. Мы ведаем, што беларуская мова стала ӯ новым гаспадарстве дзяржаӯнай мовай: на ёй пісаліся законы і афіцыяльные паперы. У беларускай мове рабілася і культурная справа таго часу: пісаліся летапісы і другіе творы слова, друкаваліся кнігі; пабеларуску гаварылі і ӯ палацы вялікага князя.

У Літоӯска-Беларускім гаспадарстве згодна жывуць дзьве веры: ӯсходня-хрысьціянская ӯ рускіх славянаӯ і паганская ӯ літвіноӯ. І хоць у канцы ХІV-га сталецьця, дзеля прычын хатніх і надворных, Літоӯска-Беларуская дзяржава юрыдычна злучылася з Польшчай, аднак-жа ӯ ХV і першай палавіне ХVІ сталецьця дзяржаӯные, культурные і рэлігійные справы мала чым зьмяніліся. Усяму гэгаму пэрыоду ад ХІІІ да палавіны ХVІ сталецьця магчыма даць назву Літоӯска-Беларускага.

К палавіне ХVІ сталецьця польскі ӯплыӯ ӯсё мацнее. Па прычынам, як хатнім, так і надворным, Літва і Беларусь ӯсё больш і больш павінны хіліцца да Польшчы. У 1569 року на Люблінскім сойме адбылася ня толькі юрыдычна, але і рэальна унія Літвы і Беларусі з Польшчай. Польшча скарыстала цяжкіе умовы дзяржаӯнага жыцьця сваей суседкі, каб зрабіць унію інкарпарацыей Літвы і Беларусі ӯ арганізм Польшчы. Асобнасьць і незалежнасьць Літвы і Беларусі была згубляна. Валынь, Падольле і Падлясьсе былі залічаны землямі Польскай Кароны. На сойме 1696 г. была зробляна пастанова аб польскай мове, як дзяржаӯнай мове. Поруч з мовай сталі панаваць польская культура, польскі соцыяльны і політычны строй і каталіцкая вера. Літвіны і Беларусы вышэйшых станаӯ апалячываліся, адходзілі ад бацькаӯшчыны сваей, ад свайго народу. Пакінуты імі просты беларускі народ захаваӯ сваю старую мову, старые звычаі і веру. Але ён ня меӯ ужо моцы зьберагчы і пашырыць беларускую культуру. Пад політычнай і культурнай ӯладай Польшчы Беларусь была даканца ХVІІІ-га веку.

Дзякуючы ненармальным умовам палітычнага, соціяльнага і царкоӯнага жыцьця, Польшча прыйшла да канечнаго свайго распаду. У канцы ХVІІІ-го сталецьця суседзі скарысталі ӯпадак Рэчы Паспалітай. Польшча была падзелена паміж Аӯстрыей, Прусыей і Расіей. Беларусь адыйшла пад ӯладу Расійскай імпэрыі. Катарына абяцалася закаваць на вечные часы ӯ прылучаных землях беларускіх вольнасьць грамадзянскую і вольнасьць сумленьня паводлуг старых звычаяӯ і прывілеяӯ; а гэтые звычаі і прывілеі ӯ соцыяльна-грамадзянскім сэнсе былі шкадлівы дзеля беларускага простага народу.

Аж да Мікалая I зноӯ ідзе паланізацыя краю: ӯрад няньчыцца з панам-паляком, а не з мужыком-беларусам. З Мікалая I справа пайшла інш: пасьля польскіх паӯстаньняӯ палякі страцілі ласку рускага ураду, але ад гэтага беларусу ня стала лепш: мейсца паланізацыі заняла русыфікацыя. Беларусу было забаронена нават мець друкованую кнігу ӯ сваей роднай мове. Ня гледзячы на гэтае, ӯ Беларусі як раз ӯ гэты пэрыод яе гісторыі ідзе нацыяльна-культурны рух.