Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі

Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
Крыніца: https://knihi.com/Usievalad_Ihnatouski/Karotki_narys_nacyjanalna-kulturnaha_adradzennia_Bielarusi.html#1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прадмова

правіць

Прабачай, працоўная Беларусь—маці, што я, можа, ня так добра й ня так грунтоўна зраблю невялічкую працу маю. Прабачайце й вы, сыны Беларусі, працаўнікі яе адраджэньня, што ня ўсю працу вашу абхаплю я тут, у гэтым кароткім нарысе.

На далёкай, халоднай чужыне, у бежанскім гаротным стане складаўся мой нарыс, і ня было ў мяне пільных падручных матар’ялаў, каб зрабіць усё так добра, як жадалася. Яле здавалася мне, што я павінен быў працаваць, павінен быў палажыць і свой малюсенькі каменчык у той агромністы будынак, які будуецца цяпер на Беларусі. Мне здавалася, што ўсе сыны Беларусі павінны цяпер стаць на працу для рабоча-сялянскай бацькаўшчыны сваёй, для сваёй гаротнай старонкі. Прыйшоў час!

„Годзе у полі, ў лясох ты, старонка, і так
Сіратой начавала забытаю!
Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чарвяк,
Вецер косьці тачыў непакрытыя.
Падымайся з нізін, сакаліна сям’я,
Над крыжамі бацькоў, над курганамі,
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між славянамі!"
(Янка Купала).

Адраджэньне народаў пасьля францускай рэвалюцыі 1789 року

правіць

Вялікая француская рэвалюцыя 1789-га року, поруч з рухам політычным і сацыяльным, падняла яшчэ й рух культурна-нацыянальны.

Найперш за усё рэвалюцыя для самых французаў была хоць і цяжкай, але вялікай нацыянальнай справай, бо ім прышлося бараніць і рэвалюцыю й сябе, як дзеячоў яе, ад моцнага й часам, дружнага ўціску коаліцый, якія ўраз былі зграмаджаны ўладарамі й суседніх і далёкіх гаспадарстваў.

Апроч таго, рэвалюцыя голасна загаварыла на увесь сьвет аб правох на самасьвядомасьць і самавызначэньне ня толькі індывідуальнай асабістасьці, але й асабістасьці кольляктыўнай, або нацыі. У зьвязку з рэвалюцыяй у грамадзянстве загаварылі ня толькі аб братэрсцьве людзей, але й аб братэрсцьве народаў, з якіх кожны павінен мець сваю народную душу, свой нацыянальны твар.

Пачалі прачынацца народы. Канец 18-га й пачатак 19-га сталецьця ёсьць час адраджэньня народаў. Пайшоў нацыянальны рух у Аўстрыякаў, Прусакоў, Гішпанцаў, Партугальцаў, Палякоў і г. д. Нават у Расіі пайшоў гэты рух, падняў народ на Наполеона, папхнуў масы на Захад і парадзіў потым ідэі дэкабрыстаў, якія мелі пэўны нацыянальны напрамак. У Польшчы, якая ў той час была разьбіта на кавалкі, нацыянальны рух пайшоў найбарджэй. Падняўшыся ў Польшчы, гэты рух перакінуўся й на Беларусь, у каторай польскія патрыёты бачылі часьціну непадзельнай Рэчы Паспалітай.

Апроч таго, ў пачатку 19-га сталецьця ў вагульнай літаратуры зьяўляецца рамантычны напрамак. Дзякуючы яму, скрозь, па ўсёй Эўропе, лепшыя людзі таго часу цікавяцца народнай паэзіяй, а поруч з гэтым і жыцьцём народаў, стварыўшых паэзію й штукарства. Асабліва пачынаюць цікавіцца гісторыяй, мовай і жыцьцём прыгнечаных, пакрыўджаных нацый.

І вось выходзяць на шлях гістарычнага й грамадзянскага жыцьця народы, на век як-бы загібшыя. Шмат такіх народаў прачнулася пасярод славянскага племяні, напрыклад, харваты, славінцы, сэрбы, украінцы й г. д. Прачнуўся напасьледак і народ беларускі.

Беларусы у пачатку 19-га сталецьця.

правіць

Беларусы ў пачатку 19-га сталецьця былі ўжо адным з народаў Расійскай імпэрыі. Яны ўвайшлі ў лік як народаў, як цёмная, забітая сялянская грамада, абліваўшая сваім крывавым потам і сьлязьмі горкай долі панскую, шляхоцкую зямлю.

Цяжкая паншчына зрабіла гэтую грамаду як-бы працавітым быдлам, як-бы адняла душу й розум, адняла пачуцьцё сваёй чалавечай вартасьці й нацыянальнасьці. Ня было часу „хлопу“—беларусу думаць вялікую думку аб тым, хто ён такі, якога ён клясу, якога ён роду й племяні. Знаў ён толькі, што ён „тутэйшы" працаунік-земляроб; што ён усё робіць і нічога ня мае.

Галава народу, яго інтэлігенцыя, людзі прасьветы адыйшлі ад някультурнага, забітага паншчынай беларуса-мужыка й зьліліся з інтэлігэнцыей ці Польшчы, ці Вялікарусі. «Сыны Бацькаўшчыны нашай да чужых у найміты пайшлі, каб чужыя гумны й засекі багаціць». (Уласт). І хто, як ні яна, гэтая палянызаваная беларуская інтэлігенцыя, даравала народу польскаму яго вялікага песьняра, навагрудзкага жыхара, Адама Міцкевіча.

Беларуская працоўная грамада, пакінутая сваёй інтэлігенцыяй, не магла сама, сваімі ўласнымі сіламі пачаць працу для свайго адраджэньня. Яна магла толькі гдзесь глыбока ў сваёй гушчы захаваць мову бацькоў сваіх. А мова гэтая калісь, у 14, 15, 16, нават, і ў 17-м сталецьцях, была пачэснай, кніжнай, літэратурнай мовай у вялікім княжсцьве Літоўска-Беларускім. У гэтай мове калісь пісаліся «лісты, выпісы й позвы» у літоўска-беларускіх канцалярыях і судох, друкаваліся граматы князёў, статуты гаспадарства й літаратурна-навуковыя кнігі.

У пачатку 19-га сталецьця беларуская мова. была ўжо ў стане «простай», «хлопскай», «мужыцкай» мовы. Яна нідзе ня мела ніякіх правоў: ні ў школе, ні ў судзе, ні ў царкве, ні ў канцалярыі. Яна як-бы схавалася пасярод нашых палёў, сенажацяў, лясоў і балотаў, у працоўнай вёсцы, ў сялянскай хаце.

Ня чуючы сваёй мовы сярод паноў, чыноўнікаў і інтэлігентаў, цёмны селянін пачаў думаць, а патым стаў перакананы ў тым, што яго мова ёсьць толькі мужычая мова, мова някультурнага й бяспраўнага люду; што на гэтай мове немагчыма а ні гаварыць нешта разумнае, а ні пісаць, а ні чытаць, а ні друкаваць кніжак, а ні маліцца. У гэтай думцы падтрымвалі яго й пануючыя станы, выстаўляючы на зьдзек простую мову простага, працоўнага люду. І беларус-мужык, які шанаваў сваю мову, меў пакуль што пачуцьцё сваёй асобнасьці сацыяльна-эканамічнай, не дагадваючыся аб сваёй культурна-нацыянальнай асобнасьці.

Пачатак нацыянальнага беларускага руху.

правіць

Нацыянальнае беларускае адраджэньне пачалося не ў сялянскай грамадзе. Неспадзявана пачалося яно пасярод той беларускай інтэлігэнцыі, якая даўно ўжо апалячылася, але якая мела цікавасьць нейкую да мясцовай беларускай старасьведчыны й мясцовага жыцьця. Зацікавіліся Беларусей польскія нацыянальныя патрыёты, якія сваімі вачыма бачылі, як руйнуецца й разьбіваецца на кавалкі будаванае праз сталецьці польскае гаспадарства. Зараз пад рукою няма ў мяне твораў ніводнага з гэтых людзей, каб зьвярнуць Вашу увагу на усе тыя думкі, якія тут праводзіліся. Можна толькі адзначыць, што чырвонаю ніткаю праходзіла тут думка, што Літва й Беларусь у палітычным сэнсе ёсьць неадрыўная частка Рэчы Паспалітай; што гэтыя правінцыі Польшчы маюць усё-ж такі нейкія мясцовыя культурныя асобнасьці. Польскія вучоныя й патрыёты канца 18-га й пачатку 19 га сталецьця знаёмілі грамадзянства ў польскай мове з археалёгіяй Беларусі, памяткамі старога пісьменства, народнымі творамі й звычаямі Беларусі. З гэтых людзей, працаваўшых у такім напрамку, патрэбна назваць Шыдлоўскага, Лукашэвіча, Голэмбёўскага, Ярашэвіча й Нарбута.

Працы іх, як мы казалі, пісаліся у польскай мове, але часам яны ператлумачваліся й на вялікарускую мову. Такім спосабам і расійскае грамадзянства знаёмілася з Беларусей, але праз польскія рукі.

Пераніцованая Энэіда.

правіць

Поруч з творамі вышэйпаказаных аўтараў у польскай мове, яшчэ з канца 18-га сталецьця зьявіліся спробы твораў у мове беларускай. Гэтыя творы хадзілі па сьвеце ў рукапісах і не маглі папасьці ў друк, бо расійскім цэнтравым урадам было забаронена друкаваць кнігі ў беларускай мове. Калі ні калі, праўда, зьяўляліся беларускія творы ў друку, але й то пад імем польскіх ці украінскіх або баўгарскіх (!) твораў.

Адным з такіх твораў была, як і на Украйне. пераніцованая Энэіда. І да нашага часу мы ня ведаем, хто быў дапраўды аўтарам Энэіды. Па адных зьвестках напісаў яе Манькоўскі ў 90-я гады 18 га сталецьця, а па другіх зьвестках яна напісана Равінскім крыху пазьней. Магчыма так сама думаць, што Манькоўскі й Равінскі былі ня аўтарамі гэтай пераніцованай паэмы, а толькі запісчыкамі яе й рэдактарамі, бо й да нашага часу Энэіда дайшла ў двох запісах вышэйпаказаных асоб. Дзякуючы таму, што паэма доўгі час ня бачыла друку й пашыралася сярод чытаючай публікі ў перапісаных адзін з другога экзэмплярах, а можа проста перадавалася з вусн у вусны, яна мае ў сабе шмат незразумелых слоў і памылак. Здаецца, што паэма лепш зьбераглася у запісу Равінскага. Пераніцованая Энэіда пачынаецца так:

„Жыў-быў Яней, дзяцюк хупавы,
Парнюк нівошта украсіў;
Хоць пан, а ўдаўся ня лукавы,
Даступен, весел, не сьпясіў.
Но грэкі вайну нарабілі,
Як лядо, Трою ўсю спалілі:
Кашэль ён згробшы – наўцёк
І швідка зрабіўшы чаўнок,
Траянцамі яго набіў
І ў мора з імі ён паплыў.“

Далей, трымаючыся сюжэту праўдзівай Энэіды, аўтар укладае у зьмест свайго твору беларускі быт. У паэме малюецца жыцьцё беларускіх заможных сялян і падпанкаў, іх абычаі й звычаі. Што датычыць да самага стылю паэмы, то напісана яна даволі такі кепскай мовай. Апроч таго, аўтар яе часта выстаўляе на зьдзек і беларуса й яго мову.

А ўсё-ж і гэтую паэму ў Беларусі калісь вучылі на памяць, яна перадавалася з вусн у вусны й стала як бы народным творам.

Пародыя гэта пераложана не з лацінскага арыгіналу, а з украінскай Энэіды Катлярэускага.

Беларуская школа польскай літэратуры.

правіць

У 30-я й 40-я гады 19-га сталецьця ў польскай літаратуры зьявілася так званая „беларуская школа". Яна паставіла сваёй мэтай падыйсьці да простага люду, да мужыка Беларусі, жадаючы уцягнуць яго ў жыцьцё Польшчы і ў яе політычныя справы. Якраз то былі часы, калі Польшча змагалася з Расійскай Імпэрыяй у паўстаньні 1831 року. З беларускага мужыка жадалі зрабіць чалавека, які стаў-бы грамадзянінам, патрыётам Польшчы й пайшоў-бы за паўстанцамі.

Прадстаўнікі гэтай школы, напрыклад, Рыпінскі. Ян Чэчат, Баршчэўскі й інш. пісалі ў польскай мове, падрабляючыся пад тон і кірунак народнай паэзіі й толькі зрэдка складаючы сякія-такія вершы пабеларуску. На Беларусь яны глядзелі вачыма польскіх патрыотаў і бачылі ў ёй часьціну Польшчы. З твораў гэтай школы патрэбна назваць „Ріоsnki wieśniacze z nad Niemna і Dzwiny” Яна Чэчата, „Bialorus" і „Niaczyścik" Рыпінскага й г. д.

Аляксандра Рыпінскі.

правіць

Рыпінскі ў 1831 року быў адным з выдатных польскіх паўстанцаў, а потым жыў эмігрантам у Парыжу. Ня гледзячы на гэтае, ён ня згубіў зьвязкаў з сваёй далёкай бацькаўшчынай. У 1840 м годзе ён выдаў кнігу пад назвай „Bialoruś. Kilka słow o poezii prostego ludu tej naszej polskiej prowincyi”. Ужо па самай назьве кнігі мы бачым, што Рыпінскі лічыць Беларусь ні больш, ні менш як правінцыяй Польшчы. Гэтая правінцыя Польшчы павінна, па яго мысьлі, й політычна й культурна зьліцца з Польшчай. Аўтар пасьвячае сваю працу „першаму з беларускіх мужыкоў, каторы ўперад навучыцца чытаць, а потым і думаць папольску". У прадмове да сваёй кнігі аб Беларусі Рыпінскі выказвае такі пагляд на нашу Бацькаўшчыну: „Гэта Русь складае неразьдзельную часьціну нашай дарагой Бацькаўшчыны (Польшчы). Гэты народ зьбярогся дзеле таго. каб давясьці, што ён сам можа выбраць сабе пана, а чужых гаспадароў ня хоча знаць”. За пана Рыпінскі лічыў Польшчу, пад чужымі гаспадарамі разумеў Расію. Ён быў перакананы ў тым, што беларусу патрэбен, як не гаспадар, то пан. Яму і у галаву ня прыходзілі яшчэ думкі аб тым, што працоўны беларус павінен быць сам сабе панам і гаспадаром.

Праз некалькі гадоў Рыпінскі выпусьціў у сьвет другі свой твор, які цікавы тым, што ён напісаны ўжо ў беларускай мове. Гэты твор пад назваю—„Niaczyścik, ballada białoruska“, знайшоў чытачоў і вытрымаў тры выданьні. Пачатак бальляды „Нячысьцік" такі:

„Таму ўжо сто лет будзе,
Старыя помняць то людзе,
Скажаць вам і Апанас,
Жыў быў Мікіта у нас.
На самым канцу сяла,
Там яго хатка была".

Далейшы зьмест бальляды «Нячысьцік» такі. Мікіта з жонкай жылі ўдваіх, дзяцей у іх ня было. Мікіта быў чалавек не багаты. Толькі й было ў яго багацьця, што адзін добры вяпрук. У месаед, калі людзі калолі вяпрукоў, Мікіта свайго не калоў, бо хацеў яшчэ падкарміць яго, каб карысьней прадаць. Жонка ў Мікіты была надта благая й сварлівая, нават, кажуць людзі, дружылася з нячысьцікам. Калі пачаўся пост, нячысьцік падбіў бабу, каб забіць вяпрука, нарабіць з яго каўбас і пад’есьці скаромнага, ня гледзячы на пост. Баба паслухалася чорта й прыстала да Мікіты, каб ён забіў парсюка. Мікіта згадзіўся й парсюка закалолі. Пад каўбасу трэба было выпіць, і Мікіта пайшоў у карчму, каб купіць пляшку гарэлкі; кудысь адвярнулася й Мікіціха. Чорт тым часам схапіў мяса і ўцёк. Тады жонка пачала сварыцца на Мікіту, чаму ён ня пільнаваў парсюка, і ў сварцы гукнула на Мікіту: „а каб і ты прапаў!" Толькі яна сказала гэткія словы, як сама правалілася скрозь у пекла.

У канцы бальляды аўтар так раіць чытачу: у посьце ня будзь ласы на скаромнае й не заводзь сваркі, а то Бог пакарае, як пакараў Мікіціху.

Гэты твор Рыпінскага мы адзначаем толькі дзелё таго, каб паказаць, як хацеў аўтар падыйсьці да разуменьня мужыка. Напісаны твор, як бачым, у беларускай, мужычай мове. Самы сюжэт і зьмест твору бярэцца з вясковага жыцьця. Апроч таго, аўтар, добра ведаючы рэлігійна-фантастычны настрой беларускай вёскі, падрабляецца ў сваім творы пад гэты настрой.

Значна больш ад Рыпінскага зрабіў для справы адраджэньня Ян Чэчат. Яшчэ маладым хлопцам быў ён разам з А. Міцкевічам у патайным гуртку „філёматаў", за што у 1823 року расійскі урад выслаў яго у Арэнбург, дзе ён і пратаміўся, як выгнанец, доўгіх 10 гадоў. Вярнуўшыся да Беларусі, ён зрабіўся бібліятэкарам у кнігарні паноў Хрэптовічаў у дварэ Шчорсах Менскае губэрні, Навагрудзкага павету. Багатая бібліятэка дала яму магчымасьць зрабіцца вельмі прасьвячоным чалавекам для свайго часу. Гэты чалавек шчыра любіў беларускага мужыка, й цікавіўся ўсім тым, што мела нейкую датычнасьць да жыцьця беларускай вёскі. Чэчат стаў пакрыху зьбіраць і выдаваць народныя творы, каб яны не загінулі. Апроч таго, ён і сам пісаў у беларускай мове вершы народнага складу.

У двох сваіх зборніках пад назвай „ Ріоsnki wieśniacze z nad Niemna і Dzwiny", Чэчат паміж польскімі песьнямі даў месца 120-ці народным беларускім песьням. Апроч таго, тут маецца слоўнічак патрабнейшых беларускіх словаў, больш як 150 прыказак і шмат народных прыкметаў. Месца беларускай мовы пасярод іншых ён вызначае так: “Беларуская мова займае сярэдзіну паміж мовамі польскай, велікарускай і украінскай. Украінская мова па своей будоўлі больш падобна да польскай, беларуская да велікарускай". Гаворачы далей аб беларускай мове, ён зазначае, што яна была раней ня толькі мужыцкай мовай; што яшчэ й на яго памяці шмат было ў Беларусі такіх старасьвецкіх шляхціцаў, якія паміж сабою размаўлялі пабеларуску, ня бачучы ў гэтым нічога саромнага.

Апроч зьбіраньня народных твораў, Ян Чэчат пісаў і сам вершы ў беларускай мове і ў народным кірунку. Ён здолеў так добра ўвайсьці ў душу народную й так праўдзівы народны кірунак яго ўласных вершаў, што сам народ часта прыймау гэтыя творы ў сваю гушчу, й песьні Чэчата хадзілі па Беларусі побач з народнымі творамі. Нават пазьнейшыя этнаграфы-зьбірацелі, чуючы іх, лічылі за чыста народныя творы й давалі ім месца ў сваіх зборніках. Шкода, што пад рукамі ў нас няма прыкладаў творчасьці Чэчата. Патрэбна ўсё-ж адзначыць, што яго вершы добра малююць жыцьцё мужыка й яго патаемныя думкі. Аўтар спачувае гаротнаму земляробу Беларусі й жадае для его лепшай долі. Гэтае спачуцьцё мужыку Чэчат атрымаў яшчэ з маладых сваіх гадоў і зьбярог да канца свайго жыцьця.

Зборнік Э. Тышкевіча.

правіць

Пад уплывам падняўшайся цікавасьці да Беларусі у 40-я гады мінулага сталецьця працаваў для беларускай справы маршалак шляхэцтва Барысаўскага павету Эўстафі Тышкевіч. З друку выйшла апрацаваная пад яго кіраўніцтвам і даглядам кніга ў польскай мове. У расійскім перакладзе гэтая кніга не надрукована. Парасійску яна маецца толькі ў рукапісу у Віленскай публічнай бібліятэцы. Назва кнігі Э. Тышкевіча такая: «Описание Борисовского уезда в статистическом, хозяйственном, промышленно-торговом и медицинском отношении». Праца зроблена грунтоўна й ня згубіла вартасьці сваёй аж да нашага часу.

Як відаць з назвы, ў зборніку маюцца зьвесткі статыстычныя, вяскова-гаспадарскія й прамыслова-гандлёвыя. Апроч гэтага, у кнізе ёсьць шмат гістарычнага матар’ялу. Тут так сама можна знайсьці нарыс штодзённага вясковага жыцьця, народныя песьні, загаворы й забабоны; шмат маецца й прыказак.

Пазьнейшыя зьбірацелі этнаграфічнага беларускага матар’ялу часта карысталі з гэтай добра апрацованай кнігі; карысталі з яе і ўсе, хто цікавіўся жыцьцём-быцьцём ня толькі барысаўца, але й агульна беларуса.

Першыя працы велікарускіх вучоных. Калайдовіч і Кіркор.

правіць

З 20-х гадоў ХІХ сталецьця пытаньнем а беларусах пачалі цікавіцца й велікарускія вучоныя. Першым зьвярнуў увагу на гэту справу добра сьвядомы ў архіўным пытаньні К. Калайдовіч. Ён стаў прыглядацца к дакумэнтам старабеларускага пісьменства, не здаволіўшыся тымі зьвесткамі, якія даходзілі да яго праз рукі польскіх вучоных.

У 1822-м року зьявілася у друку яго невялічкая праца «О бѣлорусском нарѣчіи». Тут ён адзначвае некаторыя асаблівасьці як стара-беларускай, так і сучасна-беларускай мовы. Тое. што Калайдовіч ня ведаў добра сучасна-беларускай мовы, часта перашкаджала яму ў яго навуковай працы. Дзякуючы гэтаму, ён прыходзіць да перакананьня, што беларускім пытаньнем павінны зацікавіцца самі беларусы, якія лепш могуць разабрацца ў роднай сваёй мове.

У канцы сваёй працы ён гавора так: «Намерение, руководствовавшее меня в написании статьи сей, состояло в том, дабы обратить на столь важный предмет внимание самих белорусцев, которые вернее и лучше могут изследовать свое наречие к помощью оного обьяснить древний язык наших памятников». Такім спосабам, па мысьлі Калайдовіча беларус павінен «изследовать белорусское наречие» ня столькі дзеле свайго самаадзначэньня, сколькі дзеле таго, каб лепей вытлумачыць старажытны язык агульнарасійскіх памятнікаў. Выходзіла так, што, цікавячыся Беларусей, Калайдовіч больш меў на увазе агульнарасійскія культурныя інтарэсы.

Усё-ж такі самая цікавасьць да Беларусі мела вялікую вагу для таго, каб паставіць на цьвёрды грунт беларускае пытаньне.

І пасьля Калайдовіча велікарускія вучоныя цікавяцца Беларусей, але гэтая цікавасьць іх даволі прыпадковая. Грунтоўных працаў па беларускаму пытаньню няма аж да 50-х гадоў. Толькі з гэтага часу зьяўляюцца ў друку больш-менш выдатныя працы па беларускай этнаграфіі, напрыклад, працы Шпілеўскага, Мікуцкага, Юркевіча й інш.

У 1857-м годзе Расійскае Географічнае Обшчаства пачынае выдаваць зборнікі, у якіх часам друкуюцца працы расійскіх вучоных аб Беларусі. У трэцім зборніку Обшчаства мы сустракаемся з імем Кіркора, які тут пачаў свае этнаграфічныя працы аб Беларусі артыкулам пад назвай: «Этнографический взгляд на Виленскую губернию». Аўтар тут дае, апроч гістарычнага нарысу Віленшчыны, малюнкі быцьця ўсіх жыхароў краю, а паміж імі й беларусаў.

Пачаўшы сваю працу ў 50-я гады, Кіркор цягне яе праз некалькі дзясяткаў гадоў. У 80-х гадох пад агульным даглядам П. П. Сямёнава выдаюцца зборнікі пад назвай: «Живописная Россия». Трэцяя кніга зборнікаў складаецца з двух зшыткау. Першы пад назвай: «Литовское Полесье», другі — «Белорусское Полесье». Гэтая трэцяя кніга «Живописной России» амаль ня ўся цалкам напісана Кіркорам. Трэба адзначыць, што хоць гэтыя працы аўтара выйшлі з друку ў 80-я гады, іх навуковыя пагляды належыць аднесьці да часу прац 50-х гадоў.

Усё-ж такі творы Кіркора карысна знаць усякаму, хто цікавіцца беларускім пытаньнем Тут ёсьць надта цікавыя артыкулы гістарычнага й архэолёгічнага зьместу. Апроч таго, у творах Кіркора маецца шмат этнографічна-бытавых матар’ялаў. Жыцьцё беларуса абхоплена з усіх бакоў. Мы бачым беларуса на радзінах, вясельлі й хаўтурох, у сьвята й будні; бачым, як ідзе ён, сьпяваючы родную песьню, з поля і ў поле; як ён захварэў, як прыйшла да яго баба варажбітка, каб загаварыць і прагнаць хваробу; бачым, як сеўшы паважна на прызьбе сваёй хаты, слухае беларус казкі й паданьні, якія апавядае яму сівая старасьведчына вуснамі сівога дзеда.

Бацькам беларускай літаратуры быў Вінцук Дунін Марцінкевіч. Дзяцінства сваё пражыў ён дома ў Бабруйскім павеце Менскай губэрні У Бабруйску ён вучыўся ў сярэдняй школе, потым нейкія часы быў у Вільні ў Базыльлянскім кольлегіуме і ўрэшце браў навуку ў Пецярбурскім унівэрсітэце, якога так і ня зкончыў па якіхсь невядомых нам прычынах. Пасьля ён быў чыноўнікам у Менску, а пад старасьць купіў невялікі фальварак Люцынку пад Менскам, дзе й жыў астатнія гады жыцьця. Памёр у глыбокай старасьці ў 1885-м року.

Заслуга Марцінкевіча ёсьць у тым, што ён першы пачаў лічыць сябе «дударом» простага беларускага народу. У беларускай мове ён пачаў пісаць з 30 х гадоў мінулага сталецьця.

У 1846-м гаду ў Вільні была надрукована яго камэдыя ў дзьвёх зьявах «Сялянка». Да гэтай п’есы музыку напісаў Станіслаў Манюшка, і яе ставілі ў Менскім тэатры ў 50 х гадох. Камэдыя вельмі спадабалася Менчанам і пралажыла беларускай мове сьцежку з вёскі ў места. Апрача гэтага Марцінкевіч напісаў паэму «Гапон», зборнік вершаў «Вечарніцы», апавяданьні — «Купальле», «Шчераўскія дажынкі» і г. д. Надта жадалася яму перакласьці на беларускую мову „Пана Тадэуша" Міцкевіча. Ён пачаў гэтую працу й здалеў перакласьці дзьве быліцы. Гэты пераклад чамусь не спадабаўся цэнзуры мікалаеўскага часу, й кніга была зьнічтожана. Толькі ўжо ў нашыя часы яна была выдана ў Пецярбурзе выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца».

У сваіх творах Марцінкевіч малюе вясковае жыцьцё ў Беларусі, жыцьцё паноў, падпанкаў, эканомаў і мужыкоў. Паны ў яго творах ласкавыя дабрадзеі мужыкоў, мужыкі за тое любяць іх, як сваіх бацькоў. Калі-б ня эканомы, каторыя дзяруць скуру з мужыкоў, калі пан адвернецца, то на Беларусі быу-бы рай.

У творах Марцінкевіча добра чутно, што ён выйшаў, як і польскі пясьняр Адам Міцкевіч, з шляхты й ёсьць патрыотам гістарычнай Рэчы Паспалітай з яе панскім складам жыцьця. Усё-ж і пры гэтым складзе жыцьця ён патрабуе ад паноў, каб яны зьвярнулі ўвагу на цяжкую долю мужыка й палепшылі яе, бо мужык корміць усе другія станы грамадзянства.

У вадным з сваіх вершаў ён ад імя мужыка гаворыць, што ўсе людзі, а ў тым ліку й мужыкі, павінны быць вольнымі. У кожным твору Марцінкевіча можна ясна відзець, што ён чуе патребу дайсьці у народныя нізы, прыахвоціць мужыка да навукі, даць яму пачуцьцё сваёй чалавечай вартасьці й пазнаёміць яго з звычаямі й жыцьцём яго бацькоў.

Гэта асабліва відаць з яго прадмовы да перакладу «Пана Тадэуша». Ён кажа там так: «Аповесьць Міцкевіча Пан Тадэуш, што так ясна, так шчыра малюець характар і звычаі паноў часу Наполеонова, ужо цяпер (1859 г.) перекладаецца на расійскую мову. Чаму-ж, думаю, наш народ просты, што з гэтымі панамі так блізка жыў, чаму-ж дробная акалічная шляхта, што, жывучы ў лясным заціску, ў хаце між сабою сваей роднай ужывае мовы, — чаму ж яна ня мае пазнаць абычаеу сваіх бацькоў. Вось гэта ўсё й нагнала мне думку пералажыць «Пана Тадэуша» на беларускую мову. Праца мая ў гэтай мове, што мела заахвоціць нашага беларускага мужыка й бедную шляхту да навукі, можна сказаць зусім ня сустрэла прыяцеляў сярод багатых людзей нашае старонкі. І вось я сягоньня ахвярую «Пана Тадэуша», прыбранага ў мужыцкую сярмягу паном і простаму народу з пад Дняпра, Дзьвіны, Бярэзіны, Сьвіслачы, Віліі й Нёмна. Можа народ той просты, што з маткай прыродай блізка жывець, прыймаць гэты гасьцінец ад свайго дудара, што апошнія мінуты свайго жыцьця на карысьць народу аддаецца.

Народ ня прыняў ад беднага дудара гасьцінца, бо быў цёмны й загнаны. Але гэты гасьцінец з падзякай прыняла ад аўтара культура Беларусі.

Уладыслаў Сыракомля. (Людвік Кандратовіч). (1822-1862).

правіць

Вакол Марцінкевіча сабраўся гурток людзей меўшых цікавасьць да Беларусі, беларускага народу й яго мовы. У гэты гурток увайшлі будучыя працаўнікі беларускай справы, напрыклад, Сыракомля-Кандратовіч.

Радзіўся пясняр у 1822-м року у вёсцы Смолкаве Слуцкага павету, Менскай губэрні. Беднасьць не дала яму магчымасьці атрымаць правідловую адукацыю. Скончыў ён чатырохкляснае павятовае вучылішча ў дамініканаў у Нясьвіжы, а патым працаваў у мясцовым архіве пад кіраўніцтвам добра вядомага ў архіўнай справе, Н. Маліноўскага. Гэта дало Сыракомлю магчымасьць добра пазнаёміцца з мінулым роднага краю.

Сыракомля ўсім вядомы, як пясьняр у польскай мове. Ён шчыра любіце сваю бацькаўшчыну Беларусь і сьпявае аб тым, што ёсьць сваё роднае. Працаўнік ён няўпынны, бо старая маці, жонка й трое малых дзетак хочуць хлеба.

З 1852 году Сыракомля пераехаў у Вільню, дзе жыў літаратурнай працай аж да сьмерці ў 1862 году. Пасьля сьмерці пясьняра нічога не засталося, апроч яго твораў, і трэба было зьбіраць грошы, каб не памерла с голаду яго сям’я. Пахавалі працаўніка-песьняра ў Вільні на Росе, і просты крыж сьцеражэ яго магілку аж да нашага часу.

Ёсьць шмат вершаў, каторыя пясьняр пісаў і ў беларусской мове. Беларускія яго вэршы не маглі быць надрукованы па умовам цэнзурным. У друк неяк папаў толькі адзін яго беларускі вершык „Добрыя весьці". З гэтаго вершу мы можам прывясьці некалькі радкоў, каторыя прыпадкова маем пад рукою.

„Заходзіць сонца пагодняга лета,
Веіць вецер з заходніх нябёс.
Здароў будзь, вецер! З далёкага сьвету
Ці добрыя весьці ты да нас прынёс?
Здаровыя будзьце, эй, добрыя весці!
Там на Заходзе праліваюць кроў,
Б’юцца для славы, свабоды і чэсьці
І робяць вольных людзей з мужыкоў".

Магчыма думаць, што аўтар тут апісвае падзеі рэвалюцыі 1848 году. Судзячы па гэтых радкок, мы можам сказаць, што пясьняр жадае волі для падняволенага, забітага мужыка.

Што датычыць другіх беларускіх вершаў песьняра, то яны й дагэтуль яшчэ чакаюць свайго выдаўца. У гэтых сваіх вершах Сыракомля малюе жыцьцё беларускай вёскі: яе працу й адпачынак, гора й радасьць. Кажуць, што песьні Сыракомлі, як і песьні Чэчата, сьпяваліся на Беларусі поруч з народнымі песьнямі, так падхадзілі яны па свайму зьместу й тону да настрою простага люду.

Паэма «Тарас на Парнасе».

правіць

У першай палавіне мінулага сталецьця зьявілася і шмат чыталася тады й пазней сатырычная паэма невядомага белаарускага аўтара пад назвай «Тарас на Парнасе». Хадзіла яна паміж чытачоў у рукапісу. Паэма бойка напісана праўдзівай, жывой беларускай мовай і пекнамі вершамі. Зьмест паэмы такі:

,,Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,
Што палясоўшчыкам служыў? —
На Пуцявішчы, ля Парнаса
Ён у прысёлку сабе жыў.
О! Чалавек ён быў рахманы,
Гарэлкі ў губы ён ня браў, —
За тое ў ласцы быў у пана,
Яго пан дужа шанаваў.
Любіла тож Тараса й пані
І войт ні разу не брахаў,
За то ад вечара да раньня
Ён бору шчыра пільнаваў,
Чуць сьвет, — а ён стральбу за плечы.
Сякеру заткнець за паяс,
Ідзець сабе, каб бор сьцярэгчы
І птушачкі сраляць пад час.
Хадзіў ці многа ён, ці мала,
Ды толькі нешта адзін раз
Бяда у лясу яго спаткала
Вось як казаў мне сам Тарас"

На Кузьму Дзя’мяна пайшоў ёй ранкам біць цецярукоу і спаткаў вялікага мядзьведзя. Уцякаючы ад яго, ён уляцеў у нейкую яму; ляцеў, ляцеў і папаў у вельмі пекнае месца. Тут зьявіўся хлапчына, круглаліцы, увесь кучаравы, як баран, з лукам і каўчаном за плячыма. Ён паказаў Тарасу дарогу да гары Парнаса. Узяўшы у рукі добры кій, Тарас пашоў і праз якіх дзесяць вярстоў бачыць гару. Пад той гарой як бы кірмаш: шмат там таўчецца народу.

„Прыйшоў ён бліжэй, — што за ліха,
Народ ня просты, ўсё паны,
Хто дужа шпарка, хто паціху
Усе лезуць на гару яны".

Прамеж іх тут нехта пішчыць (Булгарын), каб яго пусьцілі ўперад, з яго газэтай “Пчалой", а то аблае на увесь сьвет. Блізка ад яго нехта сівы, кароткі, тоўсты, як чурбак, «Грэч», нясець мех газэтаў, кніжак і сваю граматыку. Вось раздаўся народ, і прайшлі, быць павы, ў самы верх Парнаса Міцкевіч, Пушкін, Каханоўскі й Гогаль. Лупіць сабе на Парнас і наш Тарас. Нарэшце ўлез. Бачыць, на гары стаіць як-бы панскі двор, дзе жывуць богі. У дваре ходзяць свіньи, сабакі, козы і бараны, бо й богі водзяць гаспадарку. Тарас потым ўпёрся і ў хату да багоў. Іх тут сабралася шмат. Хто шые хадакі, хто пляце лапці. Багіні - ў ночвах мыюць багам сарочкі да парткі. Адны паляць піпкі, другія сьмяюцца. Вэнэра перад люстрам нечым морду сваю беліць. Амур жартуе з дзеўкамі, Марс з Вяркулесам барыкаюцца.

“Зэвес ляжыць сабе на печы,
Сярмягу ў голаву падклаў:
Ён грэў на печы стары плечы
І нешта ў барадзе шукаў".

Каля палудня селі есьці абед. Гэба падае на стол, як жорны, тры булкі хлеба, капусту, кулеш са шкваркамі, крупеню на малацэ, кашу з маслам, каўбасу, аўсяные бліны. Абедаючы, пачалі багі піць гарэлку; падпіўшы, пачалі сьпеваць песьні й танцаваць. Найлепш гуляла Вэнэра.

“Узяўшы хустачку, Вэнэра
Пайшла мяцеліцу скакаць,
Прыгожа, стройна цераз меру,
Што аж ня можна і сказаць.
Чырвона, тоўста, круглаліца,
А вочы быць, на калясе,
Як жар, гарыць яе спадніца,
І стужка ўплецена у касе".

Пашоў у прысядку й Нэптун. Заткнўшы за паяс рукі, у новых ботах, скакаў Марс. Тых багоў, каторые дужа насьцябаліся гарэлкі й наскакаліся, клалі спаць пад лаваю. Пачаставала Гэба гарэлкай, хлебам й крупнікам і Тараса за тое, што ён надта хораша скакаў. Калі Тарас добра выпіў і пад‘еў, зэфіры на крылах прынясьлі яго да хаты.

,,Так от што бачыў наш Тарас,
Улезшы на гару Парнас".

Такі зьмест паэмы. З яго можна відзець, што паэма напісана адукаваным чалавекам для адукаваных чытачоў. Невядомы нам аўтор скарыстаў клясычную форму, каб даць малюнок жыцьця беларуса. Апроч таго, паэма дае правідловую характарыстыку маральнага й разумоваго развітку беларускага мужыка. Аўтар, так сама, можа, меў мэту выставіць на зьдзек тых пісакаў, каторыя, ня маючы талентаў, цягнуліся за выдатнымі песьнярамі, пісалі на „высокія й шырокія" тэмы, забываючы аб сваім народзе і аб сваёй бацькаўшчыне. Дзякуючы ўсяму гэтаму, паэма добра чыталася і ў адукаваных, і ў неадукаваных сфэрах і была добра вядома ўва ўсіх куточках Беларусі. Пазьней паэма была надрукована й перадруковывалася разоў пятнаццаць. Яшчэ і ў нашы часы можна сустрэнуцца з ёю ў рукапісу. Пазьнейшае выданьне яе было зроблена выдаўніцкай суполкай „Загляне сонца і ў наша ваконца”.

Літаратура часу польскага паўстаньня 1863 году.

правіць

Польскія паўстанцы 1863 году зьвярнулі ўвагу на беларускі элемэнт краю і выдалі нямала кніжак і адозваў у беларускай мове, каб прылучыць да сваёй справы мужыкоў беларусаў. З гэтых выданьняў трэба адзначыць—«Мужыцкую праўду», «Гутарку старога дзеда», «Перадсьмертны разгавор пустэльніка Пятра» і г. д

«Мужыцкая праўда» пачынаецца так: „Дзяцюкі! Ці мая праўда горка, ці яна салодка, я пісаў заўсёды і пісаць буду; вучыў я вас, як рабіць трэба, і вучыць буду. Вы слухайце мяне, талкуйце добра й рабеце так, як сумленьне ваша вам скажа, а Бог яшчэ зьлітуецца над намі і дасьць нам шчасьце, й добра ў нас будзе". Сумленьне, па мысьлі аўтара, павінна сказаць мужыку, каб ён трымаўся вуніяцкай цэрквы і злучаўся з польскім народам проці расійскага маскаля, каторы захапіў у свае рукі беларускі край. «Божа, зьлітуйся над намі, памажы нам у нашай нядолі, выгані маскаля з нашага краю, дай нам праўдзівую вольнасьць і веру нашых дзядоў".

Сваю адозву да мужыкоў аўтар канчае такімі слоўмі: „Гэтага для вас ад душы хоча ваш брат, такі самы з дзядоў-прадзедаў мужык, як і вы, але яшчэ вуніяцкай веры. Ясько гаспадар з-пад Вільні"

„Гутарка старога дзеда" гэта сшытак у 12 старон. Кніжачка напісана сылябічнымі вершамі. Яна стараецца пераканаць мужыка ў тым, што толькі Польшча хоча й можа даць яму волю, каторай ён так жадае, што з маскалём беларус загіне. Пачынаецца гутарка так:

„Эй скажыце, добры людзе,
Што ужо на сьвеце будзе.
Чы так Бог судзіў з намі
Прапасьць на век з маскалямі.
Ой, не, — браткі ня тужыце,
На ту пару ўспамяніце,
Як прад даўнымі гадамі
Біўся паляк з маскалямі.
За што-ж яны ваявалі?
Столькі крыві разьлівалі?
Ой, за тое, што народу
Паляк хацеў даць свабоду.

Маскаль ўрэшце перамог паляка і, такім спосабам, прашкодзіў яму даць волю беларускаму мужыку. Маскаль панаспаў сваіх вураднікаў. каторыя дзяруць з мужыка скуру, цягнуць з яго рэкрутаў. .Маскаль зачыняе касьцёлы й душыць каталіцкую веру. Маскаль абяцае мужыку шмат дабра, але гэта — брахня. Маскаль дабра ня дасьць.

“Ой, так, так, мае людзе,
З маскалём дабра ня будзе.
Так помніце-ж, што сказаці,
Як у вас будуць пытаці
Крыкнем усе у адны словы,
Няхай Польша будзе знова,
Бо як станем палякамі,
Будзем роўныя з панамі

Яшчэ мы можам адзначыць адзін сшытак у 15 старонак пад такога назваю: «Перадсьмертны разгавор пустэльніка Пятра, каторы жыў у пушчы дзевяцьдзесяць гадоў, а памёр маючы сто сорак год». Сшытак надрукованы ў Кіеве. Стары пустэльнік Пятро перад скананьнем піша такі тастамэнт да ўсіх мужыкоў беларусаў. „Леты маёй старасьці завуць мяне да магілы; сьмерць мая завець мяне перад страшны суд Божы, дзе мы за ўсё адказываць будзем. Перад сьмерцю хачу пагаварыць з вамі, на што я цераз сто сорак гадоў глядзеў, і пераказаць усё, што міласэрны Бог для польскай зямлі прыгатовіў.“

Тут пустэльнік апавядае кароткую гісторыю Польшчы, малюючы ружоваю фарбаю мінулае Рэчы Паспалітай. Паны й каралі, па яго апавяданьню, толькі й думаюць аб тым, каб палепшыць долю беларускага мужыка. Аб прыгоне не гаворыцца ані слова, паншчыны як і ня было. Беларускія мужыкі у Польскім каралеўстве маюцца добра: яны заможныя гаспадары, і хата іх—поўны кяліх. Паноў сваіх яны любяць і паважаюць, з радасьцю працуюць на карысьць іх, бо бачаць ласку з іх боку.

Малюнак выфарбоўваецца начорна, калі пустэльнік пераходзіць да апавяданьня гісторыі апошніх часоў пасьля разьдзелаў Польшчы. Маскалі аддалі мужыкоў у прыгон, аблажылі падаткамі. Часы шчасьлівага жыцьця беларускага мужыка прайшлі.

Дзеля гэтага пустэльнік зьвяртаецца да беларускага мужыка й кліча яго да паўстаньня на дапамогу палякам. Толькі палякі любяць беларусаў дадуць яму вольнае й шчасьлівае жыцьцё ў Польшчы, незалежной ад Расіі.

У такім польскім, клерыкальна-шляхоцкім кірунку напісаны і ўсе другія адозвы палякоў-паўстанцаў да мужыкоў-беларусаў. Чыталі мужыкі гэтыя адозвы, ці не, ня ведама. Ведама толькі тое, што яны не пайшлі за паўстанцамі, бо ў паўстанцах бачылі паноў-прыгоншчыкаў і насільнікаў. Хоць яны былі й цёмнай масай, усе-ж яны яка-сь уразумелі, што паўстаньне было не сацыяльнай, ня мужыцкай справай, а справай толькі палітычнай той самай Польшчы, каторая была ім добра вядома сваім панскім складам жыцьця. Наадварот, ад „маскальскага" ўраду таго часу мужыкі чакалі, волі і паляпшэньня іх эканамічнага быцьця. Праўда, яны й тут абмыліліся, бо тая воля, што даў ім расійскі ўрад, не здаволіла жаданьняў мужыкоў як Вялікарусі, так і Беларусі.

Праца ў расійскай мове з часу паўстаньня.

правіць

З часу паўстаньня зацікавілася беларускім пытаньнем і велікарускае грамадзянства. Славянафільская газэта «День» у Маскве піша так: Мы виноваты пред вами (белорусами). Мы, русское общество, как будто забыли про существование Белоруссии». У Маскве, нават, хацелі выдаваць газэту ў беларускай мове, якая мела заняцца беларускім пытаньнем, але гэтая беларуская газэта так і ня выйшла. Расійскі урад указам 1865-га году забараніў ставіць у тэатры беларускія пьесы і друкаваць беларускія газэты і кнігі, апроч этнаграфічных. Урэшце, беларускае пісьменства было заціснута ў рукапісы на шмат гадоў. Усё-ж велікарускія вучоныя зьвярнулі ўвагу на Беларусь і беларусоў. Яны найчасьцей былі самі беларусамі й выйшлі з народу беларускага, але вучыліся у расійскіх школах і ўзгадаваліся на рускай культуры. Усе яны бачаць у беларусох „русское население Северо Западного края Россійской Империи». Такі самы пагляд на Беларусь і беларусоў быў і ў польскіх патрыётаў, якія калісь цікаваліся беларускай справай; толькі Рэч Паспалітая і народ польскі зьмяніліся на Расійскую імпэрыю і народ велікарускі. Палякі прылічалі беларусоў да сябе, велікарусы да сябе. Але ўсё ж праца йшла, й гэтыя вучоныя, ня маючы таго на ўвазе, шмат зрабілі для справы нацыянальна-культурнага беларускага адраджэньня.

Пайшло хуткім крокам зьбіраньне матар’ялаў па этнаграфіі, мове і гісторыі Беларусі, потым пачалася навуковая праца над сабранымі матар’яламі. Такія выдатныя вучоныя, як Гільтэбранд, Бэзсонау, Шэйн, Раманаў і інш. выдаюць пекныя добра апрацаваныя зборнікі беларускіх народных баек, сьпеваў, загадак і пагаворак. Пецярбурская Навуковая Акадэмія выдае слоўнік беларускай мовы Насовіча, які сабраў больш як 30 тысячаў беларускіх слоў. Многа зрабілі дзеля зьбіраньня беларускіх этнаграфічных матар’ялаў Сапуноў, Дэмбавецкі, Нікіфароўскі і інш. Над гісторыяй Беларусі шмат працавалі такія прафэсары, як Каяловіч, Антановіч, Леантовіч, Любаўскі, Доўнар-Запольскі і інш. Праца над пазнаньнем Беларусі ў велікарускай навуцы цягнецца праз усю другую палову 19-га сталецьця й даходзіць да нашых часоў. У нашый часы над беларускай мовай і гісторыяй працуюць такія сьвядомыя вучоныя прафэсары, як Карскі, Шахматаў, Сабалеўскі, Лаппа, Пічэтта, вышэйназваныя Любаўскі, Доўнар-Запольскі й інш.

Зборнік Гільтэбранда.

правіць

Першым вялізным сабраньнем беларускіх народных твораў быў «Сборник памятников народного творчества в Северо-Запапном крае». Зборнік быў выданы ў Вільні у І866-м годзе пад даглядам Гільтэбранда. Тут былі зьмешчаны 300 песьняў, 150 пагаворак і 50 загадак. Матар’ялы для кнігі зьбіраліся вучнямі Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі. Гэтыя сыны працоўнага народу беларускага, якія разраджаліся на Каляды, на Вялікдзень і на лета па сваіх хатах, раскіданых па глухіх куткох гаротнай бацькаўшчыны, былі шчырымі працаўнікамі справы. Апроч таго, яны надта падходзілі для такой справы, бо добра ведалі мову і звычаі глухіх куткоў Беларусі. З вялікай цікавасьцю і павагай да свайго народу зьбіралі яны пэрлы яго творчасьці і перадавалі матар‘ялы Гільтэбранду. Але трэба прызнацца, што праца маладых працаўнікоў папала ў рукі ня надта здольнага ў справе рэдактара, якім быў Гільтэбранд. Адтрымаўшы добрыя матар’ялы, пачаў ён іх перапраўляць, падпраўляць і падмалёўваць, каб яны лепш выглядалі; пачаў стары залаты чарвонец шараваць цэглай. Такая падмалёўка толькі сапсавала добрыя матар‘ялы. Голас народу ў яго сьпевах, гаворках і загадках ня зычэў ужо так праўдзіва й яскрава, як гэта было раней. Яле ўсё ж такі чарвонец не перастаў быць чарвонцам, пэрлы—пэрламі.

П. Бэзсонаў.

правіць

Адначасна з Гільтэбрандам над зьбіраньнем беларускіх народных твораў працаваў П. Бэзсонаў. Радзіўся ён у Велікарусі, але жыць прыйшлося яму ў Беларусі. Дзякуючы гэтаму, ён меў магчымасьць зацікавіцца і пазнаёміцца з мяйсцовай старасьветчынай, народнай мовай і жыцьцём. Апроч таго, працаваў ён не адзін. Сярод мяйсцовых людзей знайшлося шмат такіх, якія дапамаглі яму ў збіраньні матар’ялаў.

Дзякуючы шчасьліваму здарэньню, яму пашанцавала знайсьці песьні, якія яшчэ ў 30-я гады былі пазьбіраны для добра вядомага зьбірацеля народных твораў П. В. Кіраеўскага. Гэтыя песьні былі запісаны лацінскімі літарамі, і ў песьнях траплялася шмат полёнізмаў. Вось Бэзсонаў і прымушаны быў рабіць рэдактарскую працу, якую ён і споўніў бадай што добра. У 1867-м годзе ў яго руках было ўжо больш як 500 песьняў. У Маскве пачалося выданьне зборніка, і ў 1871-м годзе ён выйшаў з друку пад назваю: „Белорусские песни с подробными обьяснениями их творчества и языка, с очерками народного обряда, обычая и всего быта“. Шкода, што гэтае выданьне прыпынілася на І-м томе, ў які ўвайшло толькі 181 песьня. Куды загінулі другія песьні, так і няведама. Недахват выданьня той, што пры песьнях не адзначана, зь якога мейсца яны выйшлі.

Да 60-х і 70-х гадоў мінулага сталецьця належыць аднесьці пладавістую працу І. Насовіча, які сам быў родам з Беларусі, жыў у ёй і добра ведаў тутэйшае жыцьцё й мову. Выдатнейшы з яго твораў — гэта «Словарь белорусского наречия», надрукаваны ў Пецярбурзе ў 1870 м гадзе Расійскай Навуковай Акадэміяй. Над сваім слоўнікам Насовіч шчыра працаваў 16 гадоў і за гэты час сабраў у купу больш як 30 тысячаў слоў. Матар'ялам для яго працы былі народныя творы: песьні, казкі, прыказкі й пагаворкі; апроч таго, ён зьбіраў і асобныя словы, езьдзючы па Магілёўшчыне, Меншчыне і Гародзеншчыне. Гаворку слоў аўтар узяў тую, якая пануе ў Магілёўшчыне. І да нашага часу гэты слоўнік найлепшы, хоць ў ім і ёсьць шмат недахватаў. Насовіч запісаў у слоўнік шмат такіх словаў, якія ня ўжываюцца ўсім нашым народам, а вядомы толькі беларускай апалячанай шляхце, напрыклад: абсалюцыя, аўстэрыя, аўтэнтыкаваць і г. д. Наадварот, у слоўніку няма шмат такіх словаў, якія ужываюцца ўсім народам, напрыклад: абшар, дзіцё, кашолка і г. д. Не паказаны, так сама, ў слоўніку словы агульныя для велікарусаў і беларусоў. Дзякуючы такім недахватам, слоўнік Насовіча ня зусім можа здаволіць нас. Вучоным нашага часу маецца заданьне стварыць новы слоўнік для сучаснага ўжываньня.

Як мы казалі вышэй, зьбіраючы матар’ялы для слоўніка, Насовіч карыстаўся з народных твораў, якіх за часы працы ў яго шмат набралося. Гэтыя матар’ялы ён так сама выдаваў. У 1873 м годзе выйшаў з друку зборнік Насовіча — „Белорусские песни“, ў 1874-м годзе „Белорусские пословицы". Зборнік беларускіх баек, апрацаваны Насовічам, і да нашага часу не надрукаваны: ён маецца ў рукапісу ў кнігарні Навуковай Акадэміі.

П. В. Шэйн.

правіць

З гэтага-ж часу (60-я гады) пачаў сваю працу па этнаграфіі Беларусі добра вядомы зьбірацель народных твораў П. В. Шэйн. Ён працаваў на працягу больш як 30 гадоў і даў шмат этнаграфічнага матар’ялу для навукі і для будучых працаўнікоў па адраджэньню Беларусі. Родам ён ня быў беларус і да 1865-га году ня ведаў, нават, беларускай мовы. У 1865 м годзе ён адтрымаў мейсца настаўніка нямецкай мовы ў Вітабскай гімназіі і зацікавіўся тым людам, які жыў навокала яго. Ён хутка навучыўся беларускай мове, знайшоў сабе супрацоунікаў з мяйсцовых жыхароў, якіх так сама зацікавіў беларускім этнаграфічным матэр‘ялам. Шмат дапамагалі яму вучні гімназіі, якія на кожнае лета раз’язджаліся па Вітабшчыне і па іншых куткох вясковай Беларусі. І сам Шэйн у свабодны час езьдзіў па Беларусі і заахвочваў да працы зьбіраньня матра‘ялаў вясковых настаўнікаў, якія жывучы ў вёсцы, заўсёды маглі запісваць народныя творы, звычаі і жыцьцё. Так працуючы да 1887 году Шэйн сабраў шмат матар’ялаў, якія й пачала друкаваць Расійская Навуковая Акадэмія. С 1887-га да 1902 га году выйшла з друку чатыры вялізных кнігі пад агульнай назвай: „Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края”. Першы том, які складаецца з двох кніжак, зьмяшчае ў сабе нарыс жыцьця беларуса у яго абрадах і лірычных сьпевах. Другі том зьмяшчае ў сабе эпічныя творы: казкі, паданьні, гаворкі, загадкі, загаворы, закляцьці, духоўныя вершы і г. д Трэці том зьмяшчае ў сабе чыста этнаграфічныя матар’ялы: тут малюецца хата беларуса, гаспадарка, вопратка, стравы, праца, прыкметы, хваробы, іх лекі і г. д. Адным словам, Шэйн даў для нашай працы нявычарпаны матар’ял з розных куткоў Беларусі: Віленшчыны, Вітабшчыны, Горадзеншчыны, Меншчыны, Магілёўшчыны, Смаленшчыны і Курземшчыны.

Шэйн ня толькі запісвае матар’ял, але ён усюды адзначае, адкуль гэты матар’ял узяты: называе губэрню, павет і вёску. Маючы на ўвазе, што супрацоўнікі рэдактара мелі размаітую падгатоуку для працы, часта надта малую, нам лёгка зразумець, якую велікую працу павінен быў узяць на сябе Шэйн, каб сабраныя матар’ялы мелі нейкую аднастайнасьць. Гэтую працу ён зрабіў добра, і мы маем у яго зборніках каштоўны ўклад у скарбніцу беларускай культуры.

Н. Я. Нікіфароўскі.

правіць

За Шэйнам мы павінны адзначыць яго выдатнага супрацоўніка Н Я. Нікіфароўскага. Сам Шэйн, гаворачы аб Нікіфароўскім, характарызуе яго так: „Ён сваім сьпелым паглядам на акружаючае жыцьцё і людзей і сваімі сур'ёзнымі адносінамі да этнаграфічных досьледаў дабітна выдзяляецца з усёй грамады сельскіх і іншых настаўнікаў рознага роду. Я цьвёрда перакананы, што такіх сумленных і здольных людзей ня мала на Белай Русі». Гэтая характарыстыка мае пад сабою моцны грунт, бо выходзіць з вуснаў чалавека, добра сьвядомага у этнаграфічнай справе.

Апроч супрацоўніцтва з Шэйнам. Нікіфароўскі надта выдаецца і сваімі уласнымі творамі, якія пачалі зыходзіць з друку з 1805 году. Найзначнейшыя з іх маюць такія назвы: 1) Очерк простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии, 2) Простонародные приметы и поверья, З) Простонародные загадки, й г. д. Аўтар найбольш працуе над Вітабшчынай, вясковае жыцьцё якой ён добра ведае, як вясковы настаўнік.

Перад намі ня толькі вучоны, які з вялікай стараннасьцю зьбірае этнаграфічныя магар’ялы, але і шчыры беларус-народнік, для якога жыцьцё яго гаротнай, працоўнай бацькаўшчыны ёсьць нешта блізкае, роднае. Яго творы поўны спачуцьця да мужычай долі нядолі. Аб чым бы ён не пачаў пісаць, чутна, што ён любіць і шкадуе мужыка беларуса, які „мадзее, як д’ябол у пекле". Тым ня меньш, гэтае спачуцьцё да беларускай вёскі не перашкаджае аўтару маляваць добрыя й благія, яскравыя і цёмныя бакі беларускага жыцьця.

Е Р. Раманаў.

правіць

З 1876 году аж да нашага часу працуе над этнаграфіяй Беларусі добра вядомы нам Е. Р. Раманаў. Пералічыць і ахарактарызаваць усе яго працы ў нашым кароткім нарысе мы ня можам. За тое мы павінны адзначыць тут адну агромную яго працу, ад якой ён і стаўся вядомы, — гэта „Белорусский Сборник" у 9-ці выпусках. „Белорусский Сборник" выходзіць пачаў з друку з 1886 г. і вымагаў ад аўтара шмат энэргіі і працы.

Першы і другі зшыткі зборніка зьмяшчаюць у сабе народныя сьпевы, пагаворкі і загадкі. Зьлічаючы гэты зборнік з іншымі, якія былі надрукаваны раней да Раманава, мы бачым, што ён карысна ад іх вызначаецца. Кідаецца ў вочы багацьце яго зьместу, якога раней нідзе ня было. Зборнік зьмяшчае 1210 песьняў, 757 пагаворах і 451 загадку. Амаль ня ўвесь матар’ял запісаны самім аўтарам. Аўтар радзіўся і ўзрос пасярод беларускага народу і, дзякуючы гэтаму, добра ведаў жыцьцё беларуса і яго мову. Было б яшчэ лепш, калі б аўтар панад кожным словам паставіў націск, бо бяз іх немагчыма мець дакладнага пагляду на будоўлю народнага вершу і на акцэнт мовы.

Трэці і чацьвёрты зшыткі зьмяшчаюць у сабе народныя байкі. Зьбірацель добра пазнаёміўся з сучаснымі яму зборнікамі велікарускіх і украінскіх баек, дзякуючы чаму ён пасярод беларускіх баек мог выбраць найарыгінальнейшыя, апроч таго, ён мог параўнаваць беларускія байкі з іншымі байкамі. Што датычыць да гаворкі баек, то Раманаў растлумачвае нам, чаму яны маюць шмат велікарускіх слоў і зваротаў. Уся справа у тым, што казальнік, баючы байку і бачучы перад сабою незнаёмага зьбірацеля у панскай вопратцы, хоць і гаворачага «папросту, патутэйшаму», прагнецца, каб баіць ня зусім папростаму, памужыцку. Дзякуючы гэтаму, ён часта уплятае ў сваю гаворку разумныя, „панскія“, велікарускія словы, якія ён чуў у горадзе ці дзе у і іншым мейсцы. Такую зьяву патрэбна мець на увазе тым больш, што іншы раз сам зьбірацель ня умее падыйсьці да казальніка, і казальнік з скуры лезе, каб ня быць мужыком і гаварыць не папросту, не памужыцку.

Пяты зборнік зьмяшчае у сабе загаворы, духоўныя вершы, апокрыфы, малітвы й новыя вершы. Найбольш каштоўная часьць кнігі—гэта сабраньне загавораў, якіх мы тут маем 824. Такога багацьця загаворнага матар'ялу ня было яшчэ ў расійскай навуцы. Праўда, расклад гэтага матар'ялу ня надта добры, што залежала ад таго, што аўтар ня ведаў наперад, ці ўвесь матар'ял будзе надрукаваны.

Шосты зборнік дае працяг матар’ялаў, зьмешчаных у трэцім і чацьвёртым зборніках. Тут надрукавана больш як 50 баек, у якіх малююцца дзеі асілкаў-багатыроў, змагаючыхся з чужаземнымі чудзішчамі і зьмеямі-цмокамі, бабай-Ягой, Кашчэем. Найчасьцей асілкі перамагаюць іх, бо моц багатыроў вялікая, як у мітычных палубогаў.

Запіс баек зроблены добра, байкі расказаны добрымі казальнікамі. Падзеі, вылажаныя у байках, намаляваны падробна, дзякуючы чаму некаторыя байкі надта вялікія па абхвату і займаюць больш як 20 бакоў кнігі. Большасьць баек (74%) Раманаў запісаў сам, а меншасьць запісалі пад яго даглядам супрацоўнікі, якія так сама добра ўмелі сьцяміць казальніка й добра запісаць.

Усе матар’ялы, якія сабраў Е. Р. Раманаў, яшчэ не надрукованы. Будзем мець надзею, што яны не загінуць і будуць надрукаваны ў лепшыя часы.

Апроч вышэйпаказанага зборніка Е. Р. Раманаў выдаў шмат працаў па розных пытаньнях. Ён цікавіўся і талкоўнікам слоў, і беларускімі дзіцячымі гульнямі, і народнымі паданьнямі апошняга часу, і вярцепнымі дзеямі (батлейкамі), і загаворамі нашага часу й г. д.

Акадэмік праф. Е. Ф. Карскі.

правіць

Найвыдатнейшае значэньне з прац у расійскай мове ў нашыя часы маюць працы прафэсара варшаўскага унівэрсітэту й акадэміка Расійскай Навуковай Акадэміі Е. Ф. Карскага. Пералічыць і ахарактызаваць усё, што ён напісаў і надрукаваў па беларускаму пытаньню, няма магчымасьці ў нашым кароткім нарысе. Даволі таго, што мы адзначым агульны лік яго твораў, якіх маецца больш за 40. З гэтых твораў мы павінны асабліва падкрэсьліць надта цікавую і каштоўную працу, якую павінны знаць усе беларусы, якія займаюцца беларускім пытаньнем. Я разумею працу Е. Ф. Карскага — „Белоруссы“. Гэты твор дае нясчэрпаны матар’ял для ўсякага беларуса, які хоча культурна працаваць для сваёй бацькаўшчыны. Да нашага часу выйшла з друку 5 кніжак працы. Каб не вайна, аўтар падараваў-бы нам яшчэ дзьве кнігі, якія не маглі выйсьці ў сьвет толькі дзякуючы апошняй вайне. Прафэсар. Е.Ф. Карскі па сваёй спэцыяльнасьці языкавед і яго найбольш цікавіць мова беларуса, але апроч мовы аўтар цікавіцца гісторыяй і этнографіяй Беларусі.

Першы том твора «Белоруссы» надрукаваны ў 1904 годзе і мае такі падзагаловак: «Введение к изучению языка и народной поэзии белоруссов». Грунтуючыся на тым факце, што мова народу разьвіваецца поруч з народам, аўтар пачынае сваю працу з вызначэньня граніц Беларусі па мове народу беларускага. Потым ён дае гістарычны нарыс жыцьця й мовы старажытных насельнікаў Беларусі і паказвае, як складалася і злажылася беларуская народнасьць і беларуская мова к пачатку 14-га сталецьця; як жылі Беларусы з Літвінамі, згубіўшы сваю незалежнасьць пад уладай Польшчы, а потым Расіі; якім уплывам паддавалася у гэтыя часы народнасьць і мова Беларусі. У канцы кнігі праф. Е. Ф. Карскі дае два цікавыя нарысы: 1) нарыс навуковай працы над народнай мовай і этнографіяй Беларусі і 2) нарыс сучаснай прыгожай літаратуры у беларускай мове. Калі мы добра ўчытаемся й памысьлім над гэтым „Введением", то надта яскрава стане перад намі ня толькі беларускае пытаньне, але і адказ на пытаньне. Мы пабачым, што Беларус пэўна такі мае свой гістарычны і этнаграфічны твар, што шмат вучоных ужо працавалі над тым, каб выявіць гэты твар, і што праца нашага часу ня ёсьць новая выдуманая палітыкамі праца.

Другі том кнігі «Белоруссы» друкаваўся з 1908 да 1912 году. Падзагаловак яго такі: «Язык белорусского племени». Гэты том складаецца з трох сшыткаў. Першы сшытак зьмяшчае ў сабе гістарычны нарыс гукаў беларускае мовы; другі сшытак—морфолёгію мовы, іначай кажучы, складаньне й перамену слова; трэці зшытак дае сінтаксіс беларускае мовы. Такім спосабам, аўтар даў у сваёй грунтоўнай працы фундамэнт для будоўлі школьнай граматыкі нашага часу. Апроч таго, у трэцім зшытку ІІ тому маюцца каштоўныя дадаткі, датычаныя да літаратуры беларускага пытаньня і да сучаснага культурна-нацыянальнага беларускага руху. Колькі працы было аўтару над сваёю кнігаю, відаць ужо з аднаго таго, што толькі у другім томе кнігі маецца больш як 1300 бакоў.

Пасьля таго. як мова Беларуса была навукова разгледжана, праф. Е. Ф. Карскі пачаў займацца творамі вуснага і пісанага слова беларускага. Трэці том, сшытак першы, кнігі «Белорусы» зьмяшчае у сабе народныя творы вуснага слова беларуса. На гэтым аўтар покуль што павінен быў прыпыніцца, бо йсьці далей не дала сучасная вайна. Будзем спадзявацца, што будучыне дасьць магчымасьць для далейшай працы паважанага прафэсара.[1]

Х том выданьня „Россия“ пад рэдакцыяй Сяменава-Цяньшанскага.

правіць

З 1904-га году пачало выходзіць з друку пад агульным даглядам вядомага этнографа, віцэпрэзыдэнта Рускага Геаграфічнага Обшчаства грунтоўнае выданьне пад назваю: „Россия. Полное географическое описание нашего отечества". Выданьне выходзіла асобнымі тамамі. Да вайны выйшлі тамы II, III, V, VI, VII, IХ, XIV, XVII й XIX. Асобныя томы выданьня маюць вялікую каштоўнасьць для ўсіх, хто цікавіцца мяйсцовым жыцьцём Расіі. Для нас асабліва каштоўны ІХ том «России»; які мае падзагаловак — „Верхнее Поднепровье и Белоруссия". Апроч Сямёнова, над зьместам гэтага тому працавалі такія выдатныя вучоныя, як Доўнар-Запольскі, Шэндрык, Сапуноў, Кабанаў і інш. Кніга мае хрэстаматычны кірунак. Жыцьцё Беларусі разглядаецца з усіх бакоў. Асабліва дэтальна разглядаюцца гістарычныя, палітычныя і этнаграфічныя варункі жыцьця. Ім адводзіцца найбольш мейсца ў кнізе.

Першая часьць кнігі малюе прыроду Беларусі, формы паверху кран, будоўлю зямлёвай кары, склад глебы, клімат, царства расьлінаў і жывёлаў.

Другая часьць кнігі апісвае насяленьне краю. Гэтая часьць найшырэйшая і займае найбольш мейсца ў кнізе. У пачатку даецца нарыс гістарычнага жыцьця Беларусі, зроблены Доўнар-Запольскім. У нарысе зварочваецца ўвага ня толькі на палітычную гісторыю, але й на гісторыю сацыяльную, эканамічную і культурную. Ад гісторыі краю зборнік пераходзіць да этнаграфічнага складу насельнікаў Беларусі. Малюецца яскравымі штрыхамі этнаграфічны твар беларусаў, пінчукоў, палякоў, велікарусаў, латышоў, жыдоў і цыганоў. Потым у кнізе апісваюцца промыслы краю, з іх найбольш дакладна земляробства, як грунтоўны промысел. Канчаецца гэтая часьць зборніка апісаньнем тых водных і залезных шляхаў. якія маюцца на тэррыторыі Беларусі.

Трэцяя часьць дае чытачу абгляд усіх больш-менш значных населеных местаў краю. Тут мы сустракаемся ня толькі з губэрскімі, павятовымі гарадамі і мястэчкамі, але і з маленькімі вёскамі. Гэтая часьць мае справачны зьмест і дае магчымасьць адтрымаць зьвесткі аб самых нязначных куточках нашага краю.

У канцы выданьня прыложаны падробны сьпіс усіх крыніц і падручнікаў для навуковай працы над размаітымі бакамі жыцьця ў Беларусі.

Кніга выдана вельмі акуратна, ў тэксьце мае патрэбныя фатаграфічныя малюнкі, дыаграмы, картаграмы і карты. Каштоўнасьць кнігі павінна падкрэсьліць тым больш, што яе магчыма лёгка адтрымаць. нават і у наш бязкніжны час.

Працы ў расійскай мове па гісторыі Беларусі.

правіць

Каб нарыс працы вучоных у расійскай мове быў больш-менш поўны, нам патрэбна было-б даць абгляд усяго таго, што зроблена імі па гісторыі нашага краю, бо гісторыя дае моцны грунт для культурна-нацыянальнага адраджэньня. Але гэты абгляд пакуль што адложым, каб болей грунтоўна зрабіць яго ў іншым творы па гісторыі беларусі. У нашым нарысе мы толькі зробім сьпіс тэй літаратуры па гісторыі Беларусі, якая патрэбна для таго, каб пазнаёміцца з нашым мінулым.

1) Акты. изд. Виленской Археографической Комиссией, 20 томов. 2) Археографический сборник документов, относящихся к Истории Северо-Западной России, 11 томов. 3) Акты Западной России; издание Археографической Комиссии, 5 томов. 4) Сапунов. Витебская старина, 4 тома. 5) Довнар-Запольский. Акты Литовско-Русского государства (1340—1524 г.). 6) Литовская Метрика; изд. Археографической Комиссии. СПБ, 1903, 7) В. 3. Завитневич: а) Из археологической поездки в Припятское Полесье. Чтения историч. общества Нестора Летописца, кн. IV. Киев, 1890, б) Вторая археологическая экскурсия в Припетское Полесье; там-же, кн. VI. Киев, 1891, в) О курганах Минской губернии. Календарь Северо—Западного края, 1890 г. 8) Изд. Сементавского. Белорусские древности. 9) М. Каялович. а) Литовская церковная уния. СПБ, 1859, б) Лекции по истории Западной России. СПБ, 1864 10) Чистович. Очерк истории западно—русской церкви, ч. I и II. СПБ, 1882-4. 11) Зеленский. — Минская губерния, 1864. 12) Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо—Западного края. Изд. П. Н. Батюшкова, СПБ, 1890. 13) Пыпин, История русской этнографии, том IV-й. 14) Дашкевич. — Заметки по истории литовско-русского государства. Киев, 1885. 15) Антонович В. Б. Монографии по истории Западной и Юго-западной России. Киев, 1885. 16) Брянцев П. Д. — История Литовского государства с древнейших времен. Вильна, 1889. 17) Данилевич, Очерк истории Полоцкой Руси до конца 14-го века. 18) Богданович. — Пережитки древнего миросозерцания у белорусов, 1895. 19) Довнар-Запольский: а) Государственное хозяйство Великого Княжества Литовского при Ягеллонах, Киев. 1901. б) Очерки по организации западно-русскою крестьянства в 16 веке. Киев, 1905. в) Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца XII-го века. Киев, 1891. г) Западнорусская сельская община в XVI в. СПБ, 1897. д) Польско-литовская уния на сеймах до 1569 года. Москва, 1897. е) Спорные вопросы в истории Литовско-Русского сейма. СПБ. 1901. ж) Страница из истории крепостного права в XVIII и XIX вв. (Русская Мысль, 1904. III и IV кн.). з) Исследования и статьи. Этнография, социология, обычное право, статистика, белорусская письменность. Киев, 1909. 20) Ф. И. Леонович: а) Национальный вопрос в древней России., б) Очерк истории литовско-русского права. СПБ‚ 1894, 21) Шахматов. К вопросу об образовании русских наречий и народностей. 22) Владимиров П. В. Доктор Франциск Скорина. 23) А. П. Смородский. — Столетие Минской губернии, 1793—1893 г. — Минск, 1893. 24) М. Ясинский. — Уставные земские грамоты Литовско-Русского государства. Киев, 1889. 25) Янсон. — Опыт статистического исследования о крестьянских наделах и платежах. СПБ, 1881. 26) М. К. Любавский: а) Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. Москва, изд. 2, 1915. б) Литовско-русский сейм. Москва, 1901. в) Областное деление и местное управление Лит.-русск.государства. Москва, 1892. г) К вопросу об удельных князьях и местном управлении в Литовско-Русском государстве. СПБ. 1894. д) Основные моменты истории Белоруссии. Москва, 1918. 27) И. И. Лаппо. Великое Княжество Литовско—Русское. 28) Максимейко Н. А. Сеймы Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. Харьков. 1902. 29) Владимирский-Буданов М. Ф. Очерки по истории Литовско-Русского права. Киев, 1893. 30) В. Пичета. Аграрная реформа Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. Часть I и II. Москва, 1917.

Народники-песьняры Беларусі другой паловы 19 га сталецьця.

правіць

У другой палове 19-га сталецьця зьяўляюцца песьняры ў беларускай мове, якія хоць і выйшлі з шляхты, але ўжо пішуць не ў шляхоцким духу, як, напрыклад, Дунин Марцінкевич, а ў народным. Мужычае пытаньне яны ставяць не на патрыархальна маральную глебу, а на глебу сацыяльна-палітычную. Не ад кепских эканомаў залежыць дрэннае жыцьцё мужыкоў, а ад тэй установы прыгону, якая рые прорву паміж двума грамадзянскімі клясамі. Пры такіх сваіх паглядах яны не маглі сустрэць спачуцьця з боку расійскага самаўладна-панскага ўраду і самі не маглі спачуваць яму. Іх аппазыцыя як раз супала з польскай політычнай аппазыцыяй, якая была ў гэтыя часы. Мы бачым, што яны павяртаюцца тварам да Польшчы і прыймаюць польскую арыентацыю. Прадстаўнікамі песьняроў такога напрамку былі — Мацей Бурачок (Пранцішак Багушевіч) і Янка Лучына (Няслухоўскі).

Мацей Бурачок (Пранцішак Багушэвіч).

правіць

Мацей Бурачок (праўдзівае імя — Пранцішак Багушэвіч) радзіўся ў 1840 м годзе і выходзіў з дробнай беларуска-польскай шляхты. Ён праходзіў навуку спачатку ў Вільні, а патым у Пецярбурскім унівэрсытэце на матэматычным аддзеле. Перад паўстаньнем 1863-га году ён вярнуўся на Беларусь і як «народнік» таго часу, манючыся зьліцца з простым народам, атрымаў мейсца вясковага настаўніка. Калі пачалося польскае паўстаньне, Багушэвіч, бачучы ў ім пратэст проці расійскага самаўладства. увесь ўвайшоў у паўстаньне. Не шкадуючы жыцьця, змагаўся ён пакуль ня быў ранены у аднэй бойцы. Потым ён зноў узяўся за навуку, паехаў да Нежына, каб атрымаць юрыдычную адукацыю. Па сканчэньні курсу пясьняр доўгі час вандраваў па Расіі і Украйне, пакуль ня прыстроіўся у Вільні з пачатку як адвакат, а потым як судзьдзя. Пад канец жыцьця мы бачым яго ужо ў вёсцы Ашмянскага павету, тут ён і памёр у 1898 м годзе.

Мацей Бурачок шчыры беларус, дэмакрат-народник. Стыль яго вершаў просты, суровы, не яскравы. Пясьняр прагнецца разбудзіць беларускі народ сваім праўдзівым словам, каб ён не замёр зусім. Свой пагляд на беларусь і на беларускую культурна-нацыянальную справу ён вылажыў у прадмове да свайго зборніка вершаў «Дудка Беларуская.» «Братцы мае мілыя, дзеці зямлі —маткі маёй!» так пачынае ён. — Вам ахвярую працу маю, мушу з вамі пагаварыць крыху аб нашай долі нядолі на нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мужыцкай завуць, а завецца яна беларускай. Маленькая Булгарыя, якія сь Харваты, Чэхі, Маларусы й другія пабратымцы нашыя, і рожныя чужыя, напрыклад жыды, маюць пасвояму пісаныя і надрукованыя кніжачкі й газэты: й дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць. А ў нас як-бы захацеў лісток напісаць пасвоему. дык можа-б і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што піша па мужыцку, і як дурня абсьміялі-б".

Далей у сваёй прадмове Багушэвіч кажа, што Беларусь не малы край. Граніцы Беларусі ён паказвае так: „Можа хто спытае, дзе ж цяпер Беларусь. Там, братцы, яна, дзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазура, ад Вітэбска за малым чым ні да Чарнігава, гдзе Гародня, Менск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак".

На гэтым абшары жывуць Беларусы, й іх ня жменька, а восем мільёнаў: больш за жыдоў, татараў і армянаў. Беларусы маюць сваю гісторыю, з каторай відна, што Беларусь ніколі нікога ня крыўдзіла, ня руйнавала. Яна толькі баранілася. Дзякуючы гэтаму, яна белая Русь, чыстая Русь, і ня чырванеюць на ёй крывавыя плямы, ад збойства суседніх народаў.

Падкрэсьляючы патрэбу знаць і ужываць сваю родную мову, песьняр ня цураецца чужых моваў. Ён перакананы у тым, што добра, нават трэба, знаць суседнія мовы, але найперш трэба знаць сваю.

Народ, страціўшы сваю мову, павінен па думцы аўтара сканаць. „Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю так, як той чалавек прад скананьнем, катораму мову займае, страцілі мову, а патым і зусім замёрлі.” Гэтага жахаецца Багушэвіч і зьвяртаецца да народу з такім прызывам: .”Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі."

У творах Багушевіча мы бачым вялікае спачуцьцё да простага люду. Гаротная доля і гэтага люду не дае яму супакоіцца. Ён так кажа сваёй дудцы:

«Ну дык грай-жа, грай-жа,
Усё спамінай-жа!
Што дзень і што ночы
Плач, як мае вочы,
Над народу долей
І плач што раз болей!»

Часам здаецца яму, што няволя душыць народ, што народ ужо канае, што дудка песьняра павінна галасіць над ім так, як галосіць матка над магілаю сыноў. Ён загадвае сваёй дудцы:

„Плач да астатка,
Галасі, як матка
Хаваючы дзеці,
Дзень, другі і трэці,
І грай сьлёзным тонам
Над народу сконам."

Што датычыць да пануючага ў Беларусі стану, то Багушэвіч адзначуе яго нікчэмнасьць і дармаедзтва. Паны нічога ня робяць ні ля карысьці мужыка, ні ля сваёй карысьці. Яны ўмеюць толькі піць, есьці й гуляць. (Панскае ігрышча). Гультайскае жыцьцё робіць паноў «гнілым» станам. У вершу «Адказ Юрцы на панскае ігрышча» пясьняр гавора так:

„А што паны ядуць ласа
І што смачна могуць піць:
Ото соляць свае мяса,
Бо ўжо сталі чыста гніць."

Беларускі інтэлігент далёка стаіць ад мужыка. Так не павінна быць, інтэлігэнт не павінен чурацца мужыка. У адным сваім вершу („Нячурайся") Багушэвіч ад імя беларускага мужыка, які ніколі ня мае адпачынку, зьвертаецца да беларускага інтэлігента з прозьбай, каб ён ня цураўся мужыка. Мазоль, значок працавітага люду, нарос на руцэ мужыка, але інтэлігэнт павінен працягнуць да гэтай мазалістай рукі сваю руку, падыйсьці да мужыка й прыглядзецца з увагай да мужычага гаротнага, цяжкага жыцьця:

„Кінь вокам на хату маю:
І цячэ, і гніе, і крывая,
У сярэдзіне гной, і стаіць на гнаю,
І дзіўлюся я сам, як трывае."

І ніхто не памог мужыку да гэтых часоў збудаваць лепшае новае жыцьцё, ня даў яму кніжкі ў рукі. Хто ж уперад дапаможа мужыку знайсьці шлях у лепшую, ясьнейшую будучыну, як ня інтэлігэнт. Інтэлігэнт павінен працаваць на мужыка, бо ён сьвятлейшый ад мужыка.

«Ты (інтэлігэнт) пазнаў, што у кніжках стаіць,
А там розуму шмат ад вякоў.
І ўсё можаш па кніжках рабіць»

Беларускія творы Багушевіча выйшлі за граніцаю ў трох зшытках: «Дудка беларуская» (1891), „Смык беларускі" (1894) і „Скрыпачка" (1896). З яго вершаў, нават яшчэ да друку, былі добра вядомы такія, як — „У судзе," „Хрэсьбіны Мацюка," „Дурны мужык, як варона," „У вастрозе“ і інш

Янка Лучына (Ян Няслухоўскі).

правіць

Другім песьняром, які быў блізкі па духу Мацею Бурачку, быў Янка Лучына, праўдзівае імя якога Ян Няслухоускі, з Менска. Янка Лучына, як і Бурачок ёсьць інтэлігент-народнік, і яго творы складаліся пад уплывам Багушэвіча. Большая частка яго твораў загінула й да нас не дайшла. Сярод менскіх старажылаў часам можна знайсьці такіх, якія былі знаёмы з песьняром і ведаюць некаторыя з ненадрукованых яго вершаў.

Толькі ў 1903-м году, ужо пасьля сьмерці аўтара студэнцкаму беларускаму гуртку з вялікімі клопотамі ўдалося надрукаваць зборнічак вершаў Я. Неслухоўскага пад назваю „Вязанка." Гэтую нівялічкую кніжачку, з прычыны забароны беларускага друку, прыйшлося правесьці праз цэнзуру, як кніжку на баўгарскай мове.

Песьні Няслухоускага — песьні народу; яго думкі, радасьць і гора – думкі, радасьць і гора народу. Сэрца песьняра моцнымі путамі скута з народам, скута па яго добрай волі. У першым вершу свайго зборніка песьняр гавора аб сваёй творчасьці так:

„Не я пяю — народ Божы
Даў мне ў песні лад прыгожы,
Бо на сэрцы маю путы
І з народам імі скуты.

З ім я зліўся з добрай волі,
Чы то ў долі, чы ў нядолі,
Чы гдзе гора абзавецца,
Як асіна, грудзь трасецца.

Чы пра радасць чую весці,
Усё ў грудзь хаваю гдзесьці.
Мне гаворыць вёска, хата,
Мне гаворыць сэрца брата,

Рад збіраю, што пачую,
У грудзі сваёй нашу я,
Аж, як траўка на кургане,
Яно ўзыдзе — песняй стане.

Песьні Няслухоўскага папросту апісваюць жыцьцё беларускай вёскі. Мы бачым мужыка, як ён ідзе за возам дроў, вязучы іх на продаж, і як размаўляе па дарозе са сваёй кабылкай. Цяжка й ёй, і яму. Бачым мы і адпачынак мужыка, як ён прагуляўшы усю ноч на вясельлі, валачэцца да хаты й слухае, што яму птушкі кажуць. У песьнях Няслухоўскага мы бачым, так сама, шмат пачуцьця беларускай прыроды: тут і поле, і лес, і сенажаць, і мядзьведь, і бусел, і малыя птушачкі. З гэтага ўсяго й назьбіралася яго «Вязанка.»

„Назьбіралась вязаначка на дар маёй браці
Сярэдзь нашых палей, лясоў, сярэдзь сенажаці
Ні для зыску зьбіралася і ні дзеля хвалы,
Так, папросту, як зьбіраем зельле ў дзень Купалы".

Сярод цяжкага мужычага жыцьця патрэбна чалавеку мець нейкую радасьць. І пясьняр ў сваіх „Надта салодкіх думках дае такую раду людзям вёскі:

„ Хоць галоўка на грудзь вісне
І апалі рукі,
Хоць нам сэрца часам сцісне
Цяжкі ланцуг мукі,

Крычу смела: «Што за дзела!»
Каб усе пачулі…

Гані, гані думку пусту!
Будуй з лёду плоты.
Трэба скіснуць на капусту
Без такой работы.

Той не будзе пры ахвоце
І весел, як трэба,
Хто не ўмее на балоце
Знайсці бохан хлеба,

З адной ніткі ткаць дзве світкі,
Чатыры кашулі.
Лезь на грушку, рві пятрушку,
Пакаштуй цыбулі!"

Творчасьць Пшчолкі.

правіць

Адначасьне з творамі ў беларускай мове Багушэвіча й Няслухоўскага зьявіліся творы больш у расійскай мове аўтара, ніпадобнага на іх – Пшчолкі. З яго твораў патрэбна назваць - «Очерки из жизни белорусской деревни»

Каб лепей разабрацца ў такіх творах, як творы Пшчолкі, мы павінны зразумець, як выгадаваліся ў Беларусі такія аўтары, як Пшчолка.

Беларусь адыйшла ад Польшы да Расіі у канцы 18-га сталецьця. Пры Катарыне ІІ, Паўле І і Александры І вялікарускага ўплыву на жыцьцё Беларусі амаль што й ня было. Пад Мікалаем І і Александрам ІІ, пасьля польскіх паўстаньняў, расійскі ўрад пачаў сваю абрусіцельную палітыку. Усе палякі-чыноўнікі, якіх дагэтуль было шмат на Беларусі, былі скінуты са службы, й іх месца занялі расійскія чыноўнікі. Вялікарускім панам прадавалі і даравалі маёнткі, канфіскаваныя ў польскіх паўстанцаў. Закладаюцца велікарускія школы, друкарні, кнігарні; будуюцца і робяцца з касьцёлаў праваслаўныя цэрквы; пашыраецца ў Беларусі й кніга ў велікарускай мове. Дзякуючы гэтаму, павялічваецца ў Беларусі велікарускі элемэнт і мацнее велікарускі ўплыў. Велікарускі элемэнт расьце з кожным годам. Ён запаўняецца як прыежджаючымі з Расіі велікарусамі, так і тутэйшымі праваслаўнымі беларусамі-рэнэгатамі, якія пачалі „выходзіць у людзі", канчаючы расійскія школы і атрымліваючы месцы расійскіх чыноўнікаў. Сярод гэтага самадзяржаўна-расійскага казённага элемэнту ўсё-ж такі ня можа заглушыцца цікавасьць да „тутэйшасьці". Людзі гэтага напрамку лічаць бацькаўшчынай сваёй агульную дзяржаўную Расію, а Беларусь лічаць яе апалячанай правінцыяй, якую павінна наладзіць на велікарускі лад. Пшчолка і ёсьць тыповы пісьменьнік гэтага напрамку.

Л. Гмырак у сваім нарысу беларускага нацыянальнага адраджэньня так характызуе творчасьць Пшолкі: „Талент Пшолкі не малы. Жыцьцё беларускай вёскі ён знае добра, але беларускай мовы або добра не знае, або сьвядома перакручвае на расійскі лад. На народ Пшолка глядзіць спачуваючы, але на яго мову й звычаі глядзіць з няскрыванай пагардай. Апавяданні Пшчолкі месцамі—гэта глум і зьдзек з беларуса. Але нашае жыцьцё такое ўжо гаротнае, што нават і Пшолка пераходзіць месцамі мімавольна ледзве што не на грамадзянскія матывы".

Такім спосабам, творчасьць Пшолкі цікавіць нас як адгалосак беларускага культурна-нацыянальнага руху нават у тых кругох, якія дужа няпрыязна ставіліся да беларускага пытаньня.

Малодшыя песьняры Беларусі.

правіць

У канцу 19-га і ў пачатку 20-га сталецьця Беларусі зьяўляецца інтэлігэнцыя, якая вышла 3 народнай гушчы. Гэтая інтэлігэнцыя нарадзілася пад уплывам старэйшага культурна-нацыянальнага руху й руху рэвалюцыйна-дэмакратычнага, які ў расійскай гісторыі стварыў рэвалюцыю 1905 року. Новая інтэлігэнцыя дала беларускаму народу новых песьняроў. У іх лік уходзяць усё простыя людзі—то мужык, то работнік, то вясковы настаўнік, то студэнт, які не парваў зьвязку з беларускім простым народам. Новыя песьняры—людзі цяжкай працы й жыцьцёвай барацьбы. Усе яны неадрыўная часьціна таго народу, для якога толькі адна мова родная - мужыцкая, беларуская. Усе яны перакананы ў тым, што вызваленьне беларускага народу павінна быць зроблена ня іншым кім, як самым народам. Творы гэтых песьняроў ня толькі вышлі з народу, але й прабіваюцца ў народ, з якога вышлі. У асобах гэтых песьняроў нацыянальна-культурнае беларускае адраджэньне знайшло пад сабою моцны грунт. Сярод гэты песьняроў апошняга часу мы павінны адзначыць Якуба Коласа, Янку Купалу, Максіма Багдановіча, Цішку Гартнага, Алеся Гаруна і інш.

Якуб Колас (Канстантын Міцкевіч).

правіць

Якуб Колас (Канстантын Міцкевіч) радзіўся у І 1882 годзе ў сялянскай хаце, ў засьценку Акінчыцы Менскага павету Менскай губэрні. Сяляне вёскі Мікалаўшчыны, адкуль быў родам яго бацька, часта пасылалі сваіх дзяцей адукавацца да Нясьвіжскай настаўніцкай самінарыі. Так зрабілі і бацькі Якуба Коласа. Будучы ў самінарыі, пясьняр не прарываў зьвязку з тою глебаю, якая яго выгадавала. Скончыўшы сэмінарыю, Міцкевіч зрабіўся вясковым настаўнікам. Тут перад ім устала пытаньне, на якой мове трэба вучыць вясковых дзяцей. Адказ на гэтае пытаньне быў ясны: вясковых дзяцей трэба вучыць на іх роднай мове, на якой яны гавораць у сваёй хаце. Каб дабіцца гэтага, Якуб Колас залажыў хаўрус беларускіх настаўнікаў, за што павінен быў потым заплаціць трыма гадамі турмы. Пасьля турмы доўга прыйшлося песьняру шукаць сабе работы й толькі праз нейкі час дабіўся ён мейсца настаўніка, і па нашага часу працуе ён на гэтай ніўцы.

Рана пачуў Якуб Колас у сабе пясьнярскі дар. З добраю песьняю, с прызывам да працы, з надзеяю на лепшую будучыну выступіў пясьняр на шлях жыцьця. Ён спадзяваўся разбудзіць братоў сваіх ад векавечнага сну. У 1906 годзе ў беларускім часопісу „Наша Доля" быў надрукованы яго першы верш—прызыў да сваіх братоў да сваёй старонкі.

“Ўстаньце, хлопцы, ўстаньце, браткі!
Ўстань ты, наша старана!
Ўжо глядзіць к нам на палаткі
Жыцьця новага вясна.

Чы ж мы, хлопцы, рук не маем?
Чы ж нам сілы Бог не даў?
Чы ж над родным нашым краем
Промень волі не блішчаў?

Выйдзем разам на работу,
Дружна станем, як сьцяна,
І прачнецца ад дрымоты
З намі наша старана!”

Але йшлі часы. Жыцьцё няпрыветна адгукнулася на радасны прызыў песьняра. Калючыя церні пакрывалі шлях. Стагнала старонка беларуская цяжкім стогнам земляроба-гаротніка. І ўжахнууся пясьняр і парвалася песьня радасьці, песьня надзеі. Засьпяваў ён іншыя песьні, песьні жальбы. Стаў ён падобны па свайму настрою да вялікарускага песьняра Нікіціна, песьняра мужычай долі, цяжкай працы.

Боль сэрца пачаў чуцца ў кожнай яго песьні. У прадмове да свайго зборніка «Песьні жальбы» песьняр гаворыць:

«Ня пытайце, не прасеце
Сьветлых песянь у мяне.
Бо, як песьню засьпяваю,
Жаль ўсю душу скалыхне»

Пясьняр і сьмяяўся-б і жартаваў, каб падняць дух беларуса, але як ён паглядзіць на жыцьцё у сваёй бацькаўшчыне, сэрца яго шчыміць болей. І мінулае яго роднай старонкі не весяліць яго і шчасьлівая будучына ня прышла йшчэ для Беларусі.

«Несшчасьліва наша доля:
Нам нічога не дала,
Ня шукайце кветак у полі,
Як вясна к нам ня прыйшла.

Успамінаючы свой першы настрой, пясьняр з болем сэрца скардзіцца на сваю долю:

«Рана засмуцілісь
Думкі—сэрца дзеткі;
Рана вы завялі,
Вясновыя кветкі».

Якія-сь моцныя ланцугі прыкавалі песьняра да яго гаротнай бацькаўшчыны. Ён і сам ня ведае, што зьвязуе яго з тымі абразамі народнай пакуты, якія ён бачыць навакола.

“Я ня знаю, чым мне дораг
Від палёў благенькіх,
Нудны воклік ў родных горах,
Вербак рад крывенькіх.

Лесу гоман, гуд нястройны,
Шум лазы ў балоце,
Баязьлівы, неспакойны
Шэлест у чароце.

Маё сэрца, маё вока
Цягне хвоя тая,
Што у лузе адзінока
Сохне, замірае;

Жаралісты дуб высокі,
Колісь поўны сілы;
І той крыжык адзінокі,
Вартаўнік магілы,

Дзе так сумна ветры веюць,
Точаць дол пясчаны,
Дзе чыесьці косьці тлеюць,
Чыйсьці прах схаваны...

Я ня знаю, я ня знаю,
Чым я так прыкуты
Да тваіх, мой родны краю,
Вобразаў пакуты!”

Ад шчырага сэрца любіць пясьняр сваю мужыцкую Беларусь: любіць прывольле шырокіх палёў, мора зялёных жытніх каласкоў, вузкія стужкі палосак, межы ў палёх, гутарка крыніцы, далёкі туман сіняга неба, чыстых хмарак валаконцы. Любіць ён сваю старонку за тое, што, хоць яна бедная, што хоць поле яе дрэнна родзіць, што хоць сумная яна, як і доля беларуса. Усё спавіта горам у Беларусі, і ўздоўж Нёмна, сына Беларусі, вісьне векавечная скарга на цяжкае мінулае і безпрасьветную сучаснасьць.

“Вісьне скарга уздоўж Нёмна,
Беларусі сына.
Як ты бедна, як ты цёмна,
Родная краіна!

Зьбіты ў кучу твае вёскі,
Стрэхі ў дол уходзяць.
Смутнай песьні адгалоскі
Лес, курганы родзяць.

Ўсё ў табе, мой родны краю,
Усё спавіта горам:
І той вецер, што дзьме з гаю,
І шуміць над борам;

Тая песьня, што на полі
Жнеі засьпяваюць,
Тыя думкі, што да болю
Сэрца калыхаюць.”

У гэтай старонцы цяжка працуе мужык. Ён сушыць балоты, за бязцэнак косіць, рые, як крот, зямлю, будуе палацы, хвабрыкі, масты, але ўсё-ж сам — „голы, як бац”. Яго мочыць раса, пячэ сонейка, ён на землю праліў многа сьлёз, многа сьлёз. І няма ў жыцьці яму радасьці, няма яму у жыцьці адпачынку. Толькі на могілках з гнілымі прасламі і з пахінуўшыміся да зямлі, патрухлеўшымі крыжамі, гдзе шуміць і пяе свае сумныя песьні вецер, адпачыне мужык-гарапашнік гэты працоўнік Беларусі. Толькі там у дамавіне схавае ён ад людзкога вока свае сьлёзы й свае думкі.

«Могілкі ў полі адны-адзіноткі.
Праслы гнілыя на землю ляглі.
Крыж пахінуўся, як кветка ў бору:
Многа іх, многа ляжыць на зямлі.

Кучка бярозак, вярба ды хваінка,
Вецер разьвеяў, іх дождж спаласкаў...
Вось дзе ад гора мужык адпачыне,
Вось дзе ён думкі і сьлёзы схаваў».

Сярод цяжкага жыцьця жадае пясьняр прыходу вясны. Павінна калісь прыйсьці яна, жаданая вясна, разагнаць трывожны сон беларуса, атрасьці яго ленасьць, абагрэць цяплом, прынясьці цудоўныя дары. Сьпяваючы свае песьні жальбы, чуе часам пясьняр лепшую будучыну Беларусі. Ён зьвяртаецца да гаротнага брата свайго беларуса й так гаворыць яму:

„Не бядуй, што сьнег халодны
Скрые землю ад вачэй,
Не загіне край твой родны
У цемнаце ліхіх начэй.

Будзе час—і сьнег растане,
Прыдзе к нам ізноў вясна;
Ціха з неба сонца гляне,
Ачуняе старана.

Янка Купала (Ян Луцэвіч)

правіць

Янка Купала (Ян Луцэвіч), як і Якуб Колас, сын беларускай працоўнай вёскі. Радзіўся ён у 1882-м годзе ў сялянскай сям’і ў фальв. Вязынка, Віленскай губэрні Вілейскага павету. Рана прышлося будучаму песьняру стаць на працу. Яшчэ невялікім дзяцюком павінен быў ён адтрымаць службу пры машыне ў суседнім дворным бравару. Пад грукат машыны пачалі складацца яго вершы. Й дзівіцца работнік хлапец, адкуль бярэцца гэтая творчасьць, адкуль узяліся гэтыя птушкі думкі, якія адазваліся рытмовай песьняй.

„Думкі, думкі—весялушкі.
Скуль вы узяліся,
Што у мысьлях, нібы птушкі
Песьняй азваліся?

Часам пясьняр хацеў-бы супакоіцца, зрачыся гэтых думак-песьняў, калі яны стануць сумнымі, але ня мае сілы. Куды-бы ні пайшоў ён, усюды й яны за ім ідуць, і вечна будзе жыць з імі пясьняр, бо ён пясьняр „Божаю ласкаю", ня можа ён жыць без сваіх думак-песьняў.

«І цяпер за мною ходзіце вы ўсюдах:
І вясной па траўцы і ўвосень па грудах.
Па сьнягу зімою, па загонах летам.
Вы мяне спазналі з горам, з людзьмі, сьветам.
І так мне здаецца, сколькі ня тужыце,
Са мной вы, я з вамі вечна будзем жыці».

Рана стаў прагнуцца пясьняр да асьветы, але вясковае жыцьцё таго часу не давала яму магчымасьці адтрымаць асьвету. Трэба было пакінуць родную вёску, каб у горадзе здабыць тое, да чаго ен прагнуўся. І вось Янка Купала знайшоў у Вільні працу, якая давала яму кавалак хлеба й пачаў вучыцца на агульна-асьветных курсах. Пасьля Вільні з такою самаю мэтаю ён быў у Пецярбурзе. Ужо ў Вільні ён стаў друкаваць свае творы. Сын працоўнага беларускага народу, ён у сваіх творах пяе аб яго долі-нядолі, прызывае яго да працы, да лепшаго жыцьця й паказвае шлях да яго.

З твораў Янкі Купалы патрэбна назваць яго зборнікі вершаў — “Жалейку", выданую у 1908 г., “Гусьляра” — ў 1910 м годзе і “Шляхам жыцьця" — ў 1913 гадзе. Апрача гэтага, ён напісаў «Адвечную песьню», лірічную драму, надрукаваную у 1910 г., «Паўлінку», камэдыю з вясковага шляхецкага жыцьця, лірічную драму „Сон на кургане" й драму «Раскіданае гняздо». Апошнія годы (1914—15) Купала рэдактаваў беларускі часопіс «Наша Ніва».

Пясьняр добра ведае жыцьцё вясковай Беларусі. Хоць мужык цёмны, хоць „за сталом яго мейсца з краю", Купала высока ставіць мужыка за яго працу. Лапатнік-мужык корміць ня толькі сябе, але і «пана з палацу», які ім пагарджае. З працы мужыка карыстае ўвесь сьвет. Высака ставіць пясьняр і свой родны край, бо Беларусь ёсьць старонка працоўнага народу.

Шляхам жыцьця ў вагромністай грамадзе, йдуць Беларусы. «На худых плячах, на ў лапцях нагах, на ў крыві руках» нясуць яны сваю адвечную крыўду, каб паказаць на сьвет цэлы. Бяда-гора навучыла іх несьці на паказ гэтую крыўду й разбудзіла іх сон. І хочаць яны толькі аднаго, каб іх звалі людзьмі. Бяда Беларуса ў тым, што ён цёмны. Калі-б гэты беларус меў асьвету і ўмеў чытаць кнігі, ён здабыу-бы сваю долю; ён патрапіў-бы сказаць голасна усім людзям:

«Што і я чалавек.
Што і мне гараваць
Надаела ўвесь век.»

І прыдуць гэтыя лепшыя часы для працоўнай мужычай Беларусі. Будзе і беларус чалавекам, затопча гора сільнай нагой, зможа нядолю й няволю й запаліць ясны сьветач свайго шчасьця:

„Зьясьнеюць ночы, высахнуць вочы,
Зьлітыя горкай бядноты сьлязьмі,
Голад загіне, бяда пакіне,
Долю мець будзем, — эй, будзем людзьмі!

Шчыра любіць пясьняр свой родны край, сваю матку зямельку, „хоць гарыста яна, камяніста яна" любіць хатку з саламянай страхой, гдзе радзіўся, гдзе слухаў байкі старэнькага дзеда пры лучыне; любіць свой невялічкі садок, гдзе бязупынку «сьвяргоча рой птушак-пяюх»: — і зязюлька, і салавейка, і вірабейка, і шпак.

«Да і як ня любіць гэта поле і бор,
І зялёны садок, і крыклівую гусь...
А што часам тут страшна заенча віхор,
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь»

Удзень, і ўноч ён працуе. Аднак-жа ўсе з яго сьмяюцца, усе ім пагарджаюць, „бо ён мужык, дурны мужык"; ён ня ўмее чытаць-пісаць, бо ня мае часу да навукі. Ён вечна толькі й робіць, што арэ ды сее. Горкім потам заліты яго вочы, бо ён працуе, як рабочы вол, і з працы здабывае для сябе толькі чэрствы кавалак чорнага хлеба. З яго працы багацее ўвесь сьвет; толькі ён, мужык, найбяднейшы ад усіх.

Ой ты, мой араты,
Хмары ты хмурней,
С цябе сьвет багаты, —
Ты-ж усіх бядней».

Такая доля працоўніка-беларуса. Але ён жывы яшчэ. Ён добра ведае, што будзе й далей жыць, бо ён ня толькі „дурны мужык, але й чалавек».

„Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, братцы, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.
І кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык:
Што, хоць мной кожны пагарджае,
Я буду жыць, бо я мужык".

А калі жыцьцё не паслухае гэтага крыку працоўнага люду, то прыдуць часы помсты, часы рэвалюцыі. Шмат праліецца крыві: працоўны люд загаворыць другім голасам.

«Бо на сьвет многа прыдзе бяды.
Бо за крыўду сваю адамсьціць,
Сьвіньням будзе крыві не пабраць!
Адамсьціць, аж зямля задрыжыць,
Аж віхры зашумяць, загудзяць!»

Вялікую мэту ставіць Янка Купала пясьнярскай справе на Беларусі. Родная песьня павінна зазьвінець, як прызыўны звон, ударыць, як пярун. І задрыжыць тады крыўда, як каршун падбіты. Ніхто ня можа адняць песьні ў працоўнага народу, ніхто ня можа закаваць яе ў кайданы, хоць і ёсьць яшчэ у гэтай песьні шмат нуды, хоць часта абліта яна горкімі сьлязьмі, бо гэтыя сьлёзы й нуда народныя, векавечныя. Яна ёсьць песьня свабодная і ня можа быць скаванаю, хоць пяецца скутымі, прыгняцёнымі людзьмі.

«Пей-жа, песьня, дзень-ноч, песьня родная нам,
Апявай наша жыцьцё праклятае;
Заіграй ты па сэрцу хоць раз бедакам,
Навучы, як найсьці шчасьце багатае.
Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун,
Песьня наша, як воля магучая!»

Беларускі працоўны народ будзе сам сабе панам і даб’ецца свайго вызваленьня.

„К свабодзе, роўнасьці і знаньню
Мы працярэбім сабе сьлед!
І будзе ўнукаў панаваньне
Там, дзе сягоньня плача дзед".

Малюнкі ў творах Купалы пекныя, ясныя, яскравыя. Некаторыя вершы напісаны такім лёгкім, рытмічным і музыкальным штылем, што ніяк ня можна абыйсьці іх маўчком. Да такіх вершаў трэба аднесьці, напрыклад, „Дзьве таполі".

«Там, за вёскай, у полі дзьве стаялі таполі.
Як адна, дзьве таполі стаялі,
І стагналі у полі сухавейна таполі,
Як адна, дзьве таполі стагналі.
Аб Усходзе у полі ўсе шумелі таполі
Як адна, дзьве таполі шумелі.
І аб захадзе ў полі лісьцьмі пелі таполі,
Як адна, дзьве таполі ўсё пелі.
Што пануюць у полі над дубамі таполі,
Як адна, дзьве таполі пануюць.
Што пануюць у полі самаўладна таполі,
Як адна, дзьве таполі начуюць.
Неба помсту у полі тут пачулі таполі,
Як адна, дзьве таполі пачулі,
І на векі у полі дзьве заснулі таполі,
Як адна, дзьве таполі заснулі.

Апрача ўласных твораў, у Янкі Купалы ёсьць шмат перакладаў з польскай, украінскай і расійскай мовы. З польскай мовы ён перакладаў творы Канапніцкай, Сыракомлі, Міцкевіча; з украінскай — Шэўчэнка: з рускай – Някрасава, Лермантава й Крылова. Пераклады зроблены здатна. Па нашай мысьлі, асабліва ўдаліся аўтару пераклады з Канапніцкай.

Максім Багдановіч.

правіць

Асобнае ад Якуба Коласа й Янкі Купалы мейсца ў новай беларускай паэзіі займае Максім Багдановіч. Гэта — глыбокі індывідуаліст. Пясьняр — сын вясковага настаўніка, радзіўся ў Горадзеншчыне ў 1892-м годзе. Калі будучаму песьняру было 2 годы, бацькі Багдановіча павінны былі перабрацца ў Расею, ў Ніжні-Ноўгарад. З гэтага часу праз усё сваё жыцьцё пясьняр жыў у Расеі, толькі зрэдка бачачы сваю бацькаўшчыну і добра ведаючы яе праз кнігі і праз апавяданьні сваіх бацькоў. У апошнія гады Багдановіч жыў у Яраслаўлі, гдзе быў студэнтам Юрыдычнага Ліцэю. Памёр пясьняр ад сухот у Крыме 12 кветня 1917 г. Дагарэў агонь у сэрцы шчырага сына Беларусі. Пясьняр меў мяккую акрыленую душу. Ня ведаў ён у жыцьці чалавечым іншага закону, як хараство; і быў ён у жыцьці больш можа, чым у паэзіі гасьцём «з высокага неба». (гл. нэкролёг у часопісу „Грамада”, 1917 г. № 4).

Слабы, хворы сухотамі працаваў ён дзеля хлеба ў халодным Яраслаўлі. Невясёлая было яго жыцьцё, але заўсёды вочы яго былі ясныя, поўныя веры ў лепшую будучыну далёкай маткі сваей працоўнай Беларусі. Так і памёр ён з гэтаю вераю. Хворы сухотамі, ён пісаў, прадчувая сваю блізкую сьмерць. Гэта палажыла асобую пячатку на яго творы. Няма ў яго паэзіі сільных, моцных тонаў. Песьні яго афарбаваны ў мяккі колер журбы й скаргі.

«Ня кувай ты, шэрая зязюля,
Сумным гукам у боры.
Мо' і скажаш, што я жьці буду,
Але лепш ні гавары;
Бо ня тое сьведчыць маё сэрца,
Грудзі хворыя мае;
Боль у іх мне душу агартае,
Думцы голас падае.
Кажа, што ня доўга пражыву я,
Што загіну без пары
Прыляці-ж тады ты на магілу,
Закувай, як у бары!»

М. Багдановіч — прадстаўнік так званай чыстай паэзіі, паэзіі хараства. Калі ён бярэ ў сваіх творах беларускія матывы, то ні за тым толькі, што яны яму родныя, але й затым, што ў іх ёсьць вялікая скарбніца хараства, якою ніхто ніколі не прыкмячаў. Гэтая хараство ён бярэ з гісторыі народу, з яго фантастычнай псыхалёгіі, з яго векавечнай працы, з яго векавечнага гора. Хараство толькі там, гдзе праца і гора. Хараство там, дзе гаруе векавечны працоўнік-беларус. Гэтага хараства дабіваецца пясьняр і ў стылю сваіх твораў ён абагачае беларускі верш новымі формамі. У яго творах магчыма знайсьці мала ужываемыя пэнтамэттры, зграбныя трыолеты, плястычныя рондо, музыковыя актавы, тэрціны й г. д Добра характарызуе творчасьць Багдановіча А. Навіна ў сваім літэратурна-сацыяльным нарысу «Нашы песьняры». Ён гаворыць там так: „Багдановіч апрацоўвываў, шліфаваў, быццам дыамэнт, кожны свой верш, кожны радок, і яны блішчаць разнаколернымі блікамі, як праўдзівыя брыльлянты якія свой блеск бяруць ад прывычнай рукі шліфоўшчыка. Вядома, каб шліф даў тую цудоўную ігру сьвету, якая так вабіць наша вока, трэба, каб брыльлянт быў праўдзізы, чыстай вады. Гэтак сама і артыстычная форма вершаў Багдановіча чаруе нас ня толькі ўкладам слоў і зыкаў,» але і ўлітым у яе натхненьнем шчырага паэта. Для прыклада творчасьці песьняра мы возьмем яго верш „Слуцкія Ткачыхі” з зыку „Старая Беларусь".

„Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны.
Свае шырокія тканіны
На лад пэрсідзкі ткуць яны.
А за сьцяной сьмяецца поле,
Зіяе неба з-за вакна,
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расьцвіла вясна,
Дзе блішча збожа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам з'яюць хвалі
Між гор ліючайся ракі.
Цямнее край зубчаты бора,
І тчэ, забыўшыся, рука
Замест пэрсідзкаго ўзора,
Цьвяток радзімы васілька"

Пясьняр шчырым замілаваньнем любіць ня толькі старую, але і сучасную яму Беларусь. Яна вабіць яго да сябе й як бы чаруе яго. Як хоча ён, каб хараство было пачута забітым, загнаным працаю народам. Але яшчэ ня прышоў гэты час.

Песьня рвецца і ліецца
На раздольны вольны сьвет.
Але хто яе пачуе? —
Можа толькі сам паэт.

Ён спадзяецца, што далёкая бацькаўшчына напоіць яго, хворага жывой вадой, дасьць яму «пазбыцца сваёй нуды», а калі ён памрэ, то родная зямля дасьць пакой яго слабым грудзям

„Даўно ужо целам я хварэю
І хвор душой, —
І толькі на цябе надзея,
Край родны мой

У родным краю ёсьць крыніца
Жывой вады.
Там толькі я магу пазбыцца
Свае нуды.

Калі-ж у ім умру, загіну.
Ні жалюсь я.
Ні будзеш цяжкая ты сыну Свайму зямля.

Там, хоць у гліні, хоць у брудзе,
Там, пад зямлёй,
Найдуць мае слабыя грудзі
Сабе спакой.

З часьці вершаў М. Багдановіча злажыўся зборнік пад назваю „Вянок", выданы ў 1913 г. Апрача таго, вершы песьняра часта можна знайсьці ў «Нашай Ніве». У 1916 годзе ў Маскве выйшла яго невялічкая, але вельмі каштоўная кніжачка аб беларускім адраджэньні, ў якой аўтар дае гістарычна-літэратурны нарыс беларускага нацыянальна-культурнага руху. Асаблівую цану мае першая палавіна кнігі, дзе аўтар ставіць у зьвязак рух беларускі з паступовым гістарычна-культурным рухам у Заходняй Эўропе. Грунтоўную ідэю сваю ён высказвае так: «Беларуская культура ні монстр, ні рарыцет, ні унікум, а гістарычная зьява жыцьця, яўляючаяся часьцінай „Эўрапейскага гістарычнага паступовага руху.”

Паглыбленьне руху ў народ.

правіць

У 90-х гадох мінулага сталецьця робяцца спробы стварыць папулярную літаратуру для беларускага народу, каб паглыбіць у народныя нізы нацыянальна-культурны рух. Выдаўцом такой літаратуры быў А. Ельскі. Ў Пецярбурзе з‘явілась колькі кніжачак, якія мелі на увазе чытачоў з простага люду, напрыклад, кніжачка аб перасяленьні, аб п’янстве й г. д.

У гэты час беларускіх газэтаў яшчэ ня было. Яны ў першы раз зьяўляюцца толькі ў пачатку нашага сталецьця. Студэнты ў Пецярбурзе сталі выпускаць двойчы ў рок газэтныя кніжкі-нумары: каля каляд “Калядную Газэту", к Вялікадню— „Вялікодную Пісанку". Гэтыя выданьні не маглі здаволіць духоўных патрэбаў, а ні грамадзянства, а ні моладзі. Значэньне іх у тым, што, працуючы над ім наўкола іх зьбіраліся ў гурток будучыя працоўнікі й дзеячы грамадзянскага й культурнага самавызначэньня нашага краю.

Радыкальна-сацыялістычная частка беларускай моладзі сабралася у нелегальную палітыка-сацыяльную партыю пад назваю «Беларуская Сацыялістычная Грамада» ; першыя мела сваю асобную ад велікарускіх праграму. Дэвіз партыі быў такі: „Працавітая бедната ўсіх краёў, злучайся". Маючы на ўвазе злучэньне працоўнай беднаты у ўсясьветны інтэрнацыянал „Сацыялістычная" Грамада тым ня менш падкрэсьляла, што выкасаваць нацыянальны твар асобных частак усясьветнай беднаты не магчыма. Сябры „Грамады" йшлі працаваць у самыя глухія куткі Беларусі, йшлі ў вёску да мужыка, ў места да фабрычнага работніка й звалі іх на барацьбу ня толькі за іх клясавыя інтарэсы, але й за вызначэньне прыгнечанай нацыянальнасьці. Праца “грамадаэўцаў" была вельмі энэргічная. Ня гледзячы на тое, што ўрад дажаў іх у турмы, высылку з краю ў «места не столь отдаленные й отдаленные Сибири», яны ўсё йшлі і йшлі на працу, каб збудзіць працоўную беднату Беларусі.

Для сваёй працы „Грамада" карыстала ня толькі з вуснага слова, хоць і лічыла вуснае слова першым з срэдстваў паглыбленьня руху у нізы. Хутка яна пачала нелегальна выдаваць на мове беларускай, мове працавітай беднаты нашага краю, кнігі й адозвы. З кніжак, выданых ад „Грамады", патрэбна адзначыць такія: — „Хто праўдзівы прыяцель беднага народу", „Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы йдуць”, „Як зрабіць, каб людзям было добра на сьвеці” й г. д. Цераз некаторы час, дзякуючы працы беларускіх сацыялістаў, на змаганьне за правы беларускага працоўнага народу магло ўжо стаць шмат людзей. Змагаючыся за правы народу, яны разам з тым працавалі на карысьць пашырэньня й паглыбленьня беларускай культуры сярод простага люду. Такім спосабам, спусьціўшыся у народную гушчу, грамадаўцы паднялі там рух ня толькі палітычна-сацыяльны, але й культурна нацыянальны. Гэты рух выклікаў на жыцьцёвы шлях сваіх песьняроў. Такімі песьнярамі былі, напрыклад, Цішка Гартны й Алесь Гарун.

Цішка Гартны (Д Жылуновіч).

правіць

Цішка Гартны (Д. Жылуновіч) сын бедных мужыкоў (быўшых мяшчанаў) з мястэчка Капыля ў Меншчыне. Радзіўся ў 1887-м г. У сям‘і было двух дзядоў і адна бабка. Яны асабліва бабка, найбольш займаліся будучым песьняром, якога дужа любілі. Толькі часы першага дзяцінства былі прыемны для Ц. Гартнага. Рана прыйшлося яму стаць на працу, каб зарабляць свой уласны кавалак хлеба. Калі хлопчык меў 12-ць гадоў, бацька аддаў яго за пастуха ў сваё мястэчка. На гэтай працы прабыў пясьняр пяць гадоў. Адначасна з гэтым хлопчык вучыўся зімою ўпачатку ў народнай аднакляснай школцы, потым у двухкляснай. Зкончыўшы навуку, якую ён мог адтрымаць у мястэчку, хлапец пачаў задумывацца, як над сваім, так і над людзкім жыцьцём. Як раз ішла рэвалюцыя 1905 году. Яна дапамагла песьняру вырабіць такі пагляд на жыцьцё: толькі той чалавек мае мейсца ў жыцьці, хто працуе й змагаецца за правы працоўнага люду. З такім погледам на жыцьцё пайшоў ён вучыцца на гарбара (што вырабляе скуры на боты) й потым гэтаю цяжкаю працаю зарабляў свой кавалак хлеба.

У 1908-м року ён прабаваў уступіць у Нясьвіжскую настаўніцкую сэмінарыю, здаў—быў уступныя экзамены, але яго туды ня прынялі, бо ён ня змог туды даць пасьведчаньня аб палітычнай „благанадзёжнасьці”. Тады пясьняр парашыў дабіцца прасьветы сваімі ўласнымі сіламі. На дапамогу яму прышла Беларуская сацыялістычная грамада, зрабіўшы яго сваім сябрам, перакананым сацыялістам. Як сацыяліста Ц. Гартны працаваў у работнічых сацыялістычных гурткох Капыля, далучыўшыся да іх з 1904 г., выдаваючы патайны рукапісны журнал „Голас Ніза", а потым “Вольную думку". З 1917 году ён далучыўся й да 1916 году працаваў у Беларускай Сацыялістычнай грамадзе.

Найлепш сьпяваюцца песьняру песьні працы. Залезную душу й гарачая, як жар, серца павінен мець рыцар цяжкай працы. Крывёю, потам і сьлязьмі заліты шлях яго жыцьця. Але ён не зьмяняе гэтага жыцьця на жыцьцё дармаеда, які бярэ толькі кімся зробленае, гатовае:

«Я здружыўся з трудом;
Я ў ім рос, я ў ім крэп.
Запрацованы хлеб
Люблю мець за сталом.
Не хачу, ня прывык
Склаўшы рукі хадзіць:
Я гарбар—працаўнік,
Я жыву, каб рабіць”.

Нават і на каханьне ён глядзіць, як на злучэньне дзьвёх душаў для таго, каб лепш было ў двох змагацца ў жыцьці й працаваць на шчасьце роднай стараны. Такім спосабам, і ў любоў ён улівае «свой гарачы прызыў к барацьбе:»

«Я, як друга, цябе пакахаў
І таварыша маю ў табе,
Бо ў любоў да цябе я ўліваў
Свой гарачы прызыў к барацьбе.
Я у думках гарачых гадаў
Аб нядолі краіны свае
І цябе я каханьнем прызваў
Са мной жыцьце аддаць за яе.
Вось, дзяўчынка, ты любка мая,
Будзь таварышам вечна ты мне
І хай праца з маёю твая
Йдзе на шчасьце маёй старане».

Цяжкую працу прыходзіцца нясьці працоўнаму народу. Цяжкасьць гэтай працы прыгожа й агніста намаляваў пясьняр у сваёй «песьні грабара». Усё свае жыцьцё, дзень у дзень, год у год, капае грабар, як крот, зямлю. Пад сонцам, пад дажджом гне ён пакутную сьпіну, раскідаючы глыбы торфу, гліны й жвіру. Сваімі канавамі ён абвязвае зямлю, як-бы стужкамі; праводзіць дарогі, граніцы, спускае с балотаў лішнюю ваду. Хоць і пад сонцам ён жыве, але бачыць яго адкрытым вокам толькі калі-нікалі. Хоць ня зьмерыць навакола ўсяго прастору неаглядных палёў і лугоў, аде толькі ўва сьне бачыць ён гэтую красу.

«Я ўсё жыцьцё сваё дзень у дзень, год у год
Зямлю цяжкай лапатай капаю, як крот,
І так многа яе я ўжо пракапаў!
Што-ж за працу сваю я ў адплату дастаў?
Што за плён мне зямля за труды прынясла,
За той пот і за кроў, што сабе узяла,—
За бурлівую рэчку гарачых тых сьлёз,
Што ўсё жыцьце маё паабмыў імі лёс?!

О, дала яна мне, ой, за працу дала:
З калючковых расьлін - мне вяночак спляла,
З медзі звонкай, цяжкой даравала шнурок
А дарогу жыцьця ухарошыла ў мрок,
Каб я шоў як сьляпы, каб бяз конца ішоў,
Зямлю вечна капаў і дабра не знайшоў!..

Калі цяжкасьць працоўнага жыцьця пачынае душіць песьняра, тады кідае ён усё і ўсіх і йдзе на матчына лона магутнай прыроды, у поле, у лес, у лугі. Магутная прырода дасьць яму шмат сілы-жывіцелькі і ўзноу пясьняр стане здольным да працы й барацьбы. Толькі працай і барацьбой здабудзе працаўнік лепшую будучыну.

«Не здавайся, гарбар,
Ты за працай сваей!
І на шчасьця прыход
Не заплюшчвай вачэй.

Песьню вольную пей
У дыму, ў духаце:
І надзея твая
Няхай кветкай цьвіце.

Бо дзе сіла жыве.
Дзе работа кіпіць,
Там насеньня зярня
Лепшай долі ляжыць”.

Спакою ня любіць паэт і не жадае яго, бо ў спакою, па яго мысьлі, заўсёды замірае жыцьцё; ён жадае буры, «бо з буры жыцьцё з сілаю магучай біцца пачынае». І не спакойная неба цягне да сябе песьняра, хоць яно блякітна—чароўная, пекная ў вышыні сваёй. Цягне яго працоўная, халодная, сырая зямля з яе барацьбой. Тут на зямлі часта няма ні зораў, ні сонца, але за тое на ёй заўсёды б’е й кіпіць «жыцьцё бурным руччом»: душа работніка-песьняра жадае буры й барацьбы.

Чуйным ветрам вось-вось я гатоў зашугаць
І сярдзітым віхрам закруціць,
На пуціне сваёй ўсе прашкоды зламаць
І дарогу, як ток, пралажыць",

Алесь Гарун (Аляксандар Прушынскі).

правіць

Алесь Гарун (Аляксандар Прушынскі) выйшаў з беднай мяшчанскай сям’і. Радзіўся ён 1887 г. ў Менску на Багадзельн. вул. Рана прыйшлося малому хлопчыку спазнацца з нуждою й горам. Асьвету будучы пясьняр мог адтрымаць толькі у пачатковай меськай школе за недахватам коштаў; аб тым, каб вучыцца далей у школах ня можна было й думаць. Сям’я была бедная, дзеля таго паступіў у Менскую школу рамесьл. вучняў, кат. сконч. у 1902 г. Патрэбна было ўсім як могуць, працаваць, каб здбыць кавалак хлеба. Алесь Гарун вучыўся на сталяра й стаў працаваць. Адрываючы гадзіны й мінюты ад свайго адпачынку, любіў чытаць і ад 7 гадоў, як пазнаў грамату пачаў чытаць кнігі, якія толькі даставаў. Рэвалюцыя 1905 году застала яго ўжо ў партыі с.-р., у якую ўступіў у Менску ў 1904 году і зацікавіла будучага песьняра сацыяльна-палітычным і нацыянальным рухам. Шчыльней стаў пясьняр падходзіць к пытаньням жыцьця. Гаротная доля працоўна-мужычай Беларусі навучыла яго, за што ён павінен змагацца. «Зямля й воля» працоўнаму люду – гэта стала яго мэтай. Дзеля выкананьня гэтай мэты ён і стаў працаваць. Платаю за гэту працу была высылка песьняра у Сібір, дзе ў Ірк. губ у Кіранскім павеце ён і пратаміўся 9 гадоў. Цяжкая жыцьцё выпала тут на яго долю. Далёкая бацькаўшчына цягнула да сябе песьняра. Абразы яе першы раз паднялі творчы дух Алеся Гаруна й ён пачаў пісаць. Пачаў пісаць яшчэ ў Менску, соцыялістычныя вершы, а потым у вастрозе.

Цяжка яму на чужой старонцы. Пясьняр, жывучы на чужыне, заняпаў душою, згубіў здаровейка, спакой і радасьць.

«На чужой староначцы ня цьвітуць сады,
Не сьпяваюць птушачкі, но лятуць сюды.
І чужое лецейка для мяне—зіма
І чужога сонейка для мяне няма.
На чужой староначцы ня шумяць лясы.
І няма прыгожасьці палявой красы.

Замірае душа песьняра. Няма волі, каб вярнуцца на бацькаўшчыну. Толькі сны даюць яму абразы роднага краю. Ня можа ён працаваць на чужыне, бо ня мае для гэтага сіл:

Я-б узяў матыку у рукі,
Карчаваў-бы, чысьціў поле,
Але там... Я тут бязрукі,
Я бясьсільны, я бяз волі.

Часта думкі яго хутка, з ветрам лятуць спытацца, паглядзець, як жыве ў далёкай бацькаўшчыне брат—Беларус. І здаецца яму, што там усё йдзе так, як і раней. „Беднасьць, ціша кругом і цямнота». «Сонца нізка, ня грэе саўсім». Абляцеўшы шчырай думкаю свой родны край, пясьняр так гаворыць да яго:

„Ты няшчасны і убогі,
Ты бяздольны і забіты,
Ты бяз шляху, без дарогі.
Ты абдзёрты і прапіты,
Падлай здрадаю праданы.
Ты ня свой даўно праданы"...

Але й для гэтага краю магчыма лепшая будучына. Пясьняр спадзяваецца, што прачнецца беларус, будзе працаваць, пазьбіраюцца да роднай хаты інтэлігенты,—і высокая сонца будзе аглядаць і сьвяціць над родным краем. Тады другі малюнак бацькаўшчыны ўстае прад яго вачыма.

„Ты квяцісты, залацісты,
І прыгожы, і аздобны.
Ты лясісты, каласісты,
Можа рай табе падобны!
Крдькі-ж моцы маеш скрытай,
Колькі сілы не спажытай!
Ты паўстанеш, працавіты,
Гаратнічы, нявымоўны,
Мой сланэчны, мой чароўны!"

Каб бацькаўшчына стала такою, трэба змагацца з нядоляю. Прыйшоў час барацьбы ўбогага люду за свае правы.

„...Проч з дарогі!
Хто нам хоча заступіць?
Мы пайшлі, мы люд убогі,
Усё узяць, чы ўсё згубіць».

Пясьняр, так сама будзе змагацца і йсьці з народам. З народам павінен ісьці й усякі, хто яму спачувае. Не павінна быць у гэтай справе ні слабых, ні здрайцаў. Гэта—сьвятая справа.

«Хто сказаў: „і я з народам»,
Хто з ім поплеч стаў, як з братам,
Хто пайшоў з ім роўным ходам
К роўным зыскам, к роўным стратам,—
З тым і я. Няхай-жа кліча,
Будзе трэба—хай пакліча.

Хто ж сказаў, а потым здрадзіў,
Хто пайшоў, а потым кінуў,
Хто ў душы сумленьне згладзіў,
У кім апошні сорам згінуў,—
Хай дрыжыць. У дзень прысуду,
У страшны дзень я сьведчыць буду».

Ідучы з народам і за народ, пясьняр высока ставіць мову яго, мову беларускую. Ён зьвяртаецца да Белоруса з прызывам ня цурацца роднай мовы. Родная беларуская мова—гэта той народны скарб, які ад дзядоў і прадзедаў захаваўся ў сялянскай аграблянай хаце. Яго трэба шанаваць, каб застацца калектыўнай індывідуальнасьцю, каб не загінуць. Толькі тады будуць шанаваць і беларуса, калі ён шануе родную мову.

«Дык шануй, Беларус, сваю мову —
Гэта скарб нам на вечныя годы;
На пашану радзімаму слову
Ушануюць нас брацьця-народы».

Толькі тады слова песьняра будзь званіць вялікім звонам, калі яно будзе ў роднай мове. Яно тады загрыміць і будзе магутным. І пясьняр лічыць сябе павінным званіць у гэты вялікі звон бяз упынку, без спачынку». Дзе толькі ёсьць гарота, дзе толькі жыве галота ня сытая, ня ўмытая, — ўсюды там павінна зычэць родная песьня, каб спыніць жаль набалелага сэрца працоўнага народа. Народны боль, народны гнеў павінны мець одгук у творах песьняра. Голас песьняра павінен зьліцца з голасам народнага жыцьця, бо народ не чужынец для песьняра.

«Струны хай грымяць і рвуцца
З болю, з гневу… хай сьмяюцца…
Разам з імі,
Ня чужымі,
Голас чысты
Залацісты
З імі злій ты;
З імі злій!"

Газэтная й выдавецкая справа

правіць

У 1906-м годзе ў Вільні пачала выдавацца першая беларуская газэта, якую столькі часу чакала грамадзянства Беларусі. Зьявілася яна пад назвай «Наша Доля». Ня надта пашанцавала першаму беларускаму часапісу. Праз некалькі тыдняў «Наша Доля» зачынена ўрадам, але хутка яна ўваскросла пад другою назваю «Наша Ніва». Газэта стала друкавацца у двох выданьнях: адно расейскімі літарамі, другое лацінскімі. Гэта было зроблена для таго, каб газэту магчыма было чытаць усім беларусам, — і тым, што вучыліся чытаць па руску, і тым, што вучыліся чытаць па польску. Пакрыху газэта пачала пашырацца. Праз нейкі час мы бачым, што „Наша Ніва" пачынае йсьці у вёску й часта даходзіць да хаты мужыка, каторы ўрэшце адтрымоўвае магчымасьць чытаць у роднай мове аб справах палітычнага й культурнага жыцьця, як у Беларусі, так і ў другіх куткох зямлі. У сваю чаргу газэта адтрымлівала з вёскі шмат карэспадэнцыяў, здабывала сабе там заўсягдышніх падпішчыкаў і супрацоўнікаў. Вёска ад шчырага сэрца прывітала сваю газэту тым, што прыняла яе да сябе.

Калі гэтаго-ж часу у Пецярбурзе залажылася Першая беларуская выдавецкая суполка пад назваю «Загляне сонца і ў наша ваконца». Яна ўзяла на сябе вялікую справу нацыянальнай прасьветы цёмнай Беларусі. Стараньнем яе выдана шмат кніжак, надта патрэбных для беларускага народу. Тут ёсьць і старынныя беларускія песьняры — Марцынкевіч, Багушэвіч, Няслухоўскі,— і песьняры нашага часу—Я. Купала, Я. Колас, А. Паўловіч, Ц. Гартны; ёсьць даступная для народу, з добра зроблянымі малюнкамі «Гісторыя Беларусі»: Уласта; ёсьць і другія папулярныя кніжачкі, датычаныя размаітых пытаньняў, напрыклад; «Гутаркі аб небе й зямлі», „Гутаркі аб гаспадарцы”, «Як бараніцца ад халеры», «Як рабіць добрыя рамовыя вульлі» й г д. Кнігі выдавецтва, як і „Наша Ніва", выхадзілі надрукаванымі рускімі й латынскімі літарамі.

Над выдавецтвам кніжак працавала і „Наша Ніва”. Наўкола рэдакцыі газэты сабралася шмат маладога народу, які шчыра працаваў над беларускай справай. З іх павінна адзначыць рэдактара й напраўніка газэты Я. Луцкевіча, добрага публіцісту й сьвядомага знаўцу беларускай старасьведчыны; А. Уласава, добра сьвядомага ў эканамічных пытаньнях краю, які быў потым рэдактарам і выдаўцом вяскова-гаспадарскага журнала „Сахі" ў Менску; А. Луцкевіча—крытыка й бібліаграфа, добра сьвядомага, так-сама, і ў старасьведчыне края; М. Крапіўку (Цётку), паэтэсу, рэдактара й выдаўцу журнала для вясковай моладзі «Лучынка» ў Менску; Уласта — аўтара папулярнай „Гісторыі Беларусі" й г. д. Шмат і яшчэ было тут добрага працавітага народу. Даць у кароткім нарысу ўсе іменьні працаўнікоў і кірунак іх працы няма магчымасьці. Трэба ўсё-ж такі адзначыць, што, дзякуючы ўсім ім беларуская справа пашыралася й спускалася ўсё глыбей і глыбей у народную пралетарска-мужычую сераду.

Заключэньне

правіць

Так праз цэлая 19-я сталецьце йшла памалу работа па адраджэньню Беларусі. Працавала шмат народу. Працавалі Палякі, Велікарусы й Беларусы. Цяпер у нас маецца навучная становішча й для будучага культурна-нацыянальнага руху. Якая будзе далейшая доля, залежыць цалкам ад нас, Беларусаў. Мы павінны ўрэшце ўзяць управу ў свае уласныя рукі. Магчыма думаць, што штандар руху дэмакратычный, што рух апіраецца на земляроба й работніка нашае зямелькі.

Ужо прачынаецца гэты працоўны люд беларускі ад векавечнага сну. Настануць часы, калі ён працягне сваю мазалістую руку інтэлігэнту, які падыйшоў да яго, выйшаў з яго й прабудзіў яго. І пойдуць яны рука аб руку, крок у крок, шукаць сваёй лепшай долі; і пэўна знойдуць яе. І ты, зямелька наша, многапакутная Беларусь, сустрэнеш вясну свайго жыцьця.

«Сплецену з церняў маеш карону.
Хорам твой - неба і нівы краса,
Царство—ў чатыры дрэмле староны,
Слугі- мазольных рук мільёны.
Выйдзі ж! Чакае вясна!»

Літаратура пытаньня

правіць

1). Д-р Іларыон Сьвятыцкій. Відрождене білоруського пісьменства. Львів 1908.

2). Д. Дорошенко Білоруси і іх національне відрожденя. Киів 1908. Відбіток з „Раді”.

3). А. Л. Погодин Белоруские поэты. Вестник Европы. 1911, январь

4) Антон Новина. Белоруссы. Оттиск из сборника «Формы национального движения в современных государствах». Спб 1909.

5) Антон Новіна. Білорусский національний рух. Літэратурно-науковий вістник. Киів, 1911. Кн. III (т. I-III).

6) Антон Новина. Белорусское движение. Новый Энциклопедический Словарь Брокгауза и Эфрона. VIII.

7) I. Wasilewski. Litwa i Bialorus.

8) М. Богданович. Белорусское национальное возрождение. 1914.

9) Проф., акад. Е. Ф. Карский. Белорусы. Т. I и т. II, ч. З-я.

10) Л. Гмырак. Беларускае нацыянальнае адраджэньне. Зборнік „Вялікодная пісанка", 1914.

11) Евг. Хлебцевич. Очерк белорусской народной мысли. Отчет о состоянии и деятельности Спбурского университета за 1912 год.

12) Е.И. Хлебцевич. Народническая поэзия Белоруссов. Изд. “Свободная мысль". Спб. 1917.

13) Anton Nowina. Naszy piesniary. Literatutna sacyalnyja narysy. Wilnia 1918 h.

14.) Дыямэнты беларускага прыгожага пісьменства. № 1. Беларускае выдавецтво «Зорка» Кіяў, 1919.

  1. Другі і трэці сшытак 3-га тому праф. Е. Карскага, якія зьмяшчаюць у сабе старую і навейшую беларускую літаратуру, ужо друкуюцца у Пецярбурзе. Рэд.