Прадмова Уступ
Артыкул
Аўтар: Мікола Ільяшэвіч
1932 год
Элемэнтарныя псыхічныя зьявішчы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УСТУП.

Прадмет псыхолёгіі. Псыхолёгія — слова грэцкае; у перакладзе на нашу мову азначае яно навуку аб душы (псюхэ — душа і логос—навука). Ёсьць дзьве псыхолёгіі, якія розьняцца між сабой мэтадамі й прадметам разважаньняў: адна — мэтафізычная й другая — эмпірычная. Мэтафізычная псыхолёгія разглядае такія справы, як: што такое душа, што такое сапраўднасьць і г. д., наагул справы, якія не падлягаюць досьледу. Эмпірычная псыхолёгія, якой будзем займацца, раз­глядае ўсялякія псыхічныя зьявішчы, якія падлягаюць нашаму досьледу. лдсюль назова псыхолёгіі экспэрымэнальнай. Іншыя азначаюць псыхолёгію, як навуку аб законах нашых псыхічных зьявішчаў.

Псыхічныя й фізычныя зьявішчы. Псыхічныя зьявішчы адбываюцца у нас і дзеля гэтага называюцца ўнутранымі (мне сумна, я нешта прыпомніў, я гневаюся і г. д.) Фізычныя зьявішчы ад­бываюцца звонку нас і называюцца вонкавымі (вада цячэ, зямля кружыцца вакол сонца і г. д.) або матэр‘яльнымі. Псыхічныя зьявішчы могуць спасьцерагаць толькі жывыя істоты, у той час як фізычныя зьявішчы могуць адбывацца і паміма нашага спасьцераганьня. Псыхічныя зьявішчы адбываюцца толькі ува мне і толькі я магу іх спась­церагаць. Фізычныя зьявішчы могуць быць даступны спасьцярозе шмат каго. Зьявішчы псыхіч­ныя і матэр‘альныя, як вынікае з вышэй сказанага, зусім розныя. Што ёсьць душэўным ня можа быць матэр‘яльным, а што ёсьць матэр‘яльным — ня можа быць душэуным. Але мы ведаем, што і жьцьцё душэўнае само па сабе не істнавала-б, каб не закладалася на матэр‘яльным (у данным прыпадку цялесным) падкладзе. Нідзе не знаходзім індывідуума адушаўлёнага[1] бяз цела, але затое знаем індывідуумы цялесныя адушаўлёныя. Значыцца, гдзе ёсьць жыцьцё псыхічнае, там абавязкава павінен быць падклад матэр‘яльны, але там гдзе ёсьць матэрыя, не абавязкава мусяць быць яшчэ зьявішчы псыхічныя.

3 досьледу мы заключаем, што кожнаму ста­ну нашае сьведамасьці (псыхічнай дзейнасьці) абавязкава адпавядае пэўнае дзеяньне, ці лепш кажучы, раздражненьне у нашым целе. Напрыклад: каб пачуць нешта, трэба ворган вуха, каб мысьліць, трэба мозг, і г. д. Узноў-жа, аналізуючы асяродзішча, у якім чалавек жыве, мы знойдзем, што істнуюць два рады раздражненьняў: знадворныя і ўнутраныя. Паміж матэр‘яльнымі і душэўнымі зьявішчамі ў нармальнага чалавека істнуе пэўная гармонія, пэўная раўналежнасьць прабегу працэсаў.[2]

Усялякія зьмены у нашым целе завуцца рэакцыямі г. ё., што жывы арганізм адказвае на раздражненьні наўкольнага асяродзішча. Раздражненьні дзеюць на нэрвовую, вельмі чулую, сыстэму (мамэнт фізіолёгічны) і зьяўляюцца ў значнай меры прычынай псыхічных зьявішчаў. Можна часам заўважаць пэўныя фізіолёгічныя зьмены ў арганізьме. Напр., калі чалавек чырванее, дык прычынай ёсьць нейкае „пачуцьцё сораму"—прычына унутраная; або, напрыклад, сьцюжа выклікае пэўнае зьёжаньне цела й выяуляе мамэнт няпрыемнасьці, прычына вонкавая. Можна з пэўнасьцю сказаць, што паміж душой і целам істнуе ўзаемадзейнасьць. Ужо вельмі даўно склалася нават пагаворка: „у здаровым целе—здаровы дух!“. Значыцца, калі прычына вонкавая—вынікі ўнутраныя, і наадварот. Але ня ўсе часьці цела ў аднолькавым адношаньні да арганізму, напр. пазуры й валасы астрыгаем, але не адчуваем болю.

Заданьне псыхолёгіі. Псыхолёгія займаецца аналізаваньнем псыхічных зьявішчаў, дасьледжваньнем, расклясыфікаваньнем іх і адшуканьнем між імі прычыннае сувязі (тлумачэньнем зья­вішчаў). Адсюль у псыхолёгіі ёсьць шмат кіруннаў. Так, напр., разрозьніваем апісальную псыхолёгію псыхоаналізу, псыхофізыолёгію і т. д. Псы­холёгія, як і кожная навука, адкрывае законы на падставе аналізы фактаў, а іменна, законы, якімі кіруецца нашая псыхічная дзеяльнасьць. Займаючыся псыхолёгіяй, мы бліжэй падходзім да свайго духовага жыцьця ў разуменьні, пастаўленым яшчэ Сакратам — „пазнай самога сябе“. Псыхолёгія падгатаўляе нас да філёзофічнага думаньня, а таму побач з лёгікай (навукай аб правідловым мысьленьні) становіць г. зв. філёзофічную пропэдэўтыку.[3]

Мэтад псыхолёгіі. Мэтад псыхолёгіі — эмпірычны. Мэты свае хоча дапяць псыхолёгія перадусім двума спосабамі: 1) раскладаньнем зьявішчаў душэўных на больш простыя і 2) на падставе простых разложаных, чыньнікаў тлумачэньнем складанаго душэўнаго жыцьця. Першы від паступаваньня завецца аналітычна-індуктыуным, другі — сынтэтычна-дэдуктыуным. Дзеецца гэта пры помачы спасьцеражэньня, або обсэрвацыі, як сябе, гэтак і іншых асоб. Самаспасьцярога у псыхолёгіі завецца яшчэ інтроспэкцыяй. Самаспасьцеражэньні ўзноў-жа бываюць падвойныя: суб‘ектыўныя і об‘ектыўныя. Суб‘ектыўныя даступны толькі тым, хто іх сам перажывае, яны адначасна зьяўляюцца для гэтае асобы пераконваючымі. Об‘ектыўнае-ж спасьцеражэньне заключаецца ў тым, што мы вынікі псыхічнага жыцьця іншых інвывідуумаў пераносім на нашае уласнае „я“. Напрыклад, бачучы сьмяючыйся выраз твару і чуючы сьмех, мы робім вывад, што пэўная асоба выяўляе пачуцьцё радасьці, бо падобныя праявы былі і ў нас самых, калі мы перажывалі падобны мамэнт радасьці.

Апрача інтроспэктыўнага мэтаду гуляе вялікую ролю мэтад справаздачы іншых асобаў, досьледы жьцьця людзей на розных ступенях разьвіцьця, экспэрымэнты над дзяцьмі, геніяльнымі асобамі, ненармальнымі і г. д. Ужываецца між іншым мэтад анкетаў і тэстаў. Асабліва момант экспэрымэнтальнае псыхолёгіі акцэнтавалі нямецкія і францускія псыхолёгі Вэбэр (Weber), Фэхнэр (Fechner), Вунд (Wundt), Бінэ (Binet) ды іншыя.

Успамагаўчыя дысцыпліны. Псыхічнае жыцьцё ёсьць вельмі ўзалежнена ад вонкавага сьвету, а дзеля таго, каб зразумець псыхічныя працэсы, неабходна мець дачыненьне з цэлым ра­дам іншых навук, разглядаючых сьвет. Гэтак, з пабочных успамагаўчых прадметаў трэба залічыць: біолёгію (навуку аб жыцьці наагул), фізіолёгію (навуку аб функцыях арганізму), анатомію (навуку аб будове арганізму), псыхіятрыю (навуку аб душэўных хваробах), лінгвістыку (навуку аб мовах, асабліва ўзьнік і разьвіцьцё мовы), соцыёлёгію (навуку аб разьвіцьці й структуры гвамадзянства), гісторыю і г. д. — Усе гэтыя прадметы зьяўляюц­ца неабходнай крыніцай пры тлумачэньні псыхічных зьявішчаў. Азначаныя прадметы аднак маюць укоснае адношаньне да псыхолёгіі, бо зьяўляюцца самыя па сабе зусім самастойнымі дысцыплінамі.

Рыс. 1. Галаўны мозг з часткай сьпіннога мозгу паказаны ў разрэзе з правай стараны. Мазгавая паўкуля пакрытая зьвілінамі. Пад ёй малы мозг, а ніжэй, паміж пазваночнікаў — сьпінны.


Рыс. 1. Галаўны мозг з часткай сьпіннога мозгу паказаны ў разрэзе з правай стараны. Мазгавая паўкуля пакрытая зьвілінамі. Пад ёй малы мозг, а ніжэй, паміж пазваночнікаў — сьпінны.

Нэрвовая сыстэма. Арганізм чалавека ўспрыймае ўплыў знадворнага сьвету праз нэрвовую сыстэму, а нэрвы зьяўляюцца спалучнікамі між сьветам вонкавым і ўнутраным. Асяродкам нэрвовай сыстэмы ёсьць галаўны мозг (складаючыйся з 2-х паўкуляў) і мозг сьпінны. (Гл. рыс. № 1). Адсюль адбочвае вялікае мноства большых, ці меншых нэрвовых валокнаў або ніцяў і каморак. Для вытлумачэньня нэрвовага мэханізму ў навуцы істнуюць дзьве тэорыі: нэйронная і фібрылярная. Першая палягае ў тым, што быццам нэрвы скла­даюцца з анатамічных, вельмі простых (нераскладальных) адзінак г. зв. нэйронаў. Кожны з гэтых нэйронаў мае падвойнага роду атожылкі ці галінаваньні, як у дрэве. 3 аднаго боку — адзін даўгі (восева-цыліндрычны), з другога некалькі кароткіх (протоплязмічных). Першыя галіна­ваньні складаюцца з другімі мэханічна.

Паводле другой тэорыі, фібрылярнай, правідловыя нэрвовыя шляхі складаюцца не з паасобных нэйронаў і каморак, а з суцэльных нэрвовых ніцяў (г. зв. нэўрофібрылі). Апошняя тэорыя новая і мала пашыраная.

Чуласьць па нэрвах перадаецца вельмі хутка, каля 68 мэтраў за сэкунду.[4] Нэрвовыя ўзбуджаньні дзелім на дзьве групы. Да першае гру­пы залічаем узбуджаньні чулыя, ідучыя з мейс­ца фізычнага парушэньня паверхні цела да мазгавога цэнтру (цэнтропэтальныя або сэнсарычныя рухі), да другой групы залічаем пабуджаньні рухавыя, ідучыя ад мазга назад да паверхні цела (цэнтрофугальныя або моторычныя рухі). Апрача гэтых дзьвух відаў рухаў ёсьць яшчэ рэфлексыўныя г. ё. адбываючыеся паміма нашай волі (напр. ударыўшы па калене, нага адскаквае), аўтоматычныя (біцьцё сэрца, міганьне павекаў) ды іншыя.

Лёкалізацыя здольнасьцяў. Псыхолёгі і фізіолёгі імкнуцца знайсьці больш дакладную сувязь паміж праявамі душэўнымі й ўласьцівасьцю мазгавых цэнтраў. Удалося сьцьвердзіць, што кожны акт псыхолёгічны зьвязан з дзейнасьцю тае або іншае часткі ў мазгу. Апошні мае выгляд дзьвух паўкуляў пакрытых зьвілінамі і барознамі. Барозны ўсю паверхню мазгавых паўкуляў дзеляць на пэўныя вучасткі, а кожны з гэткіх вучасткаў выконвае сваю функцыю. Чым больш дасканальная жывая істота, тым болей у мазгу знаходзіцца барознаў ды зьвілінаў і гэтым самым болей выяўляецца лёкалізацыя г. ё. мейсца, ў якім адпраўляецца тая ці іншыя функцыя (ад лацінскага слова locus — мейсца).

Каля вуха гэтак званая вісачная частка — складае слухавую галіну ў мазгу; патылічная част­ка — творыць узрокавую галіну; цэнтр смаку — зьвязаны з лобачнай зьвілінай, а цэнтр нюху зна­ходзіцца троху наперад ад цэнтра слуху. (Глядзі

рыс № 2) Ёсьць цэлы рад гэткіх цэнтраў. Пры пашкоджаньні нэрвовага цэнтру ў мазгу, чалавек (таксама і жывёла) губляе здольнасьць рэагаваць. Напрыклад, здараецца, што чалавек на вонак мае нармальныя пальцы, але ня здольны пісаць (агра­фія), або мае нармальны на вонак язык і горла, але ня можа гаварыць (афазыя) і г. д. Часта паўстае пытаньне: ці форма й абыймо чэрапу і вага мозгу ўплывае на душэўныя зьявішчы, ці не? На гэта адказу пэўнага пакульшто вучонымі ня дадзена, хоць большасьць схіляецца да цьверджаньня, што ад гэтага залежыць інтэлігэнцыя чалавека. Ведама, аднак, што вага мазгу чалавека ў сярэдням = 1286 грамау, а часамі сустракаецца нават звыш 2000 грам.; паверхня = 1588—2400 cm².

Рыс. № 2. Рысунак азабражае схэму г.зв. часьцінаў у галаўным мозгу. Па тэорыі лёкалізацыі, кожная з гэтых часьцінаў кіруе адпаведнымі здольнасьцямі і рухамі нашых ворганаў цела.


Рыс. № 2. Рысунак азабражае схэму г.зв. часьцінаў у галаўным мозгу. Па тэорыі лёкалізацыі, кожная з гэтых часьцінаў кіруе адпаведнымі здольнасьцямі і рухамі нашых ворганаў цела.

Розныя погляды на ўзаемаадносіны паміж целям і душой. Істнуюць розныя погляды й кірункі ў псыхолёгіі адносна ўзаемаадносінаў паміж целам і душою. Дуалістыя — гэта прадстаўнікі пагляду, што істнуе асобна матэрыя і асобна дух. Моністы вучаць: — цела і дух дзьве старонкі аднэй і тэй самай сапрауднасьці. Матэр‘ялісты цьвердзяць, што ўсе зьявішчы псы­хічныя можна вытлумачыць толькі рухамі матэрыі.[5] Тэорыя ідэнтычнасьці—што зьявішчы псыхічныя можна зьвесьці да фізычных і наадварот.

Клясыфікацыя псыхічных зьявішчаў. Усе псыхічныя зьявішчы неабходна падзяліць на гру­пы, або, інакш кажучы, склясыфікаваць іх. Клясы­фікацыя іх можа быць розная, у залежнасьці ад тых ці іншых пунктаў гледжаньня. У залежнасьці, напр., ад будовы, зьявішчы падзяліць можна на a) элемэнтарныя (простыя) псыхічныя факты і b) складаныя псыхічныя факты. Дзяліць можна і зувагі на адносіны асобы да прадметаў: a) пазнаваньне прадмету і b) жаданьне прадмету, і т. д.[6] Дзеляцца псыхічныя зьявішчы яшчэ і наступна: a) пазнаваньне, b) пачуцьці, c) воля. Гэтага, больш-менш, падзелу будзем трымацца, пераходзячы да азнаямленьня з самым прадметам псыхолёгіі.



  1. тэрмін душа шматзначны; ужываем тут яго ў разуменьні псыхічнага жыцьця.
  2. Рауналежнасьць матэр‘яльных і псыхічных зьявішчаў у філёзофіі называецца псыхофізычным параплелізмам.
  3. Філёзофія навука аб суцэльным паглядзе на жыцьцё і сьвет.
  4. Некаторыя вучоныя (Піпэр) падаюць скорасьць нэрвовага току нават 120 мт. у сэк.
  5. 3 гэткага матэр‘ялістычнага пункту гледжаньня разглядаецца й дасьледжваецца псыхолёгія ў Радавай Беларусі ды наогул у Радах). Найяскравейшым прыкладам такой аднабокай літэратуры ёсьць „Падручнік псыхолёгіі“ праф. Аўтар:Канстанцін Карніалаў|Карнілава]] й у беларускай мове, выданай у Менску, 1927 г.
  6. В. Вітвіцкі ў „Нарысе псыхолёгіі“ разрозьнівае 4 гру­пы псыхічных зьявішчаў: 1) Уражаньні, 2) Суды, 3) Па­чуцьці, 4) Выяўленьні волі.