Карусь Каганец (Каспяровіч)

Карусь Каганец (да 10-й гадавіны смерці)
Артыкул
Аўтар: Мікалай Каспяровіч
1928
Крыніца: Маладняк, 1928, №10

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Карусь Каганец

(Да 10-й гадавіны сьмерці)

Ёсьць шмат цікавых зьяваў у нашай гісторыі дзевятнаццатага і дваццатага сталецьцяў, але Карусь Каганец—адна з найцікавейшых у галіне беларускага культурнага і грамадзкага жыцьця гэтага часу. Справядлівей кажучы, ён—самы яркі, самы палкі каганец, гэта значыць, сьветач тае пары. Ен загарэўся з рэштак вугальля паўстаньня 1863 г., запалаў у рэволюцыю 1905 г. і так моцна падтрымліваў сваёй працай агонь змаганьня за соцыяльнае і нацыянальнае вызваленьне беларускага народу, што ўжо ў полымі Кастрычнікавае рэволюцыі быў няпрыметны: справу рабілі ўжо ўсе працоўныя. Радзіўся, рос і дзейнічаў ён у самы цяжкі для сябе і свайго народу час. Сацыяльны, нацыянальны і рэлігійны ўціск цяжару ўжо, здавалася, задушыў сялянства, якое ў той час складала ўвесь беларускі народ. Нават мова яго фактычна, а значыць і юрыдычна, была забароненай для грамадзкага і дзяржаўнага ужытку, і таму заняпала. Трэба было мець гэніяльныя здольнасьці і сьмеласьць непамерную, каб пачаць працу на карысьць гэтага народу, бо неабходна было падрыхтоўваць рэволюцыю, узбагачваць і разьвіваць мову, тварыць літаратуру і выяўленчыя мастацтвы, пашыраць асьвету і г. д., і г. д.

І Карусь Каганец ня толькі меў здольнасьці і сьмеласьць, але і ўзяўся за ўсё гэта. Ен выявіў сябе і як упарты рэволюцыянэр-народнік, і як незалежны навуковы працаўнік, і як шматбаковы пісьменьнік-поэта, прозаік, драматург, дзіцячы пісьменьнік, і як мастак, і як пэдагог і популярызатар, і як селькор, і наогул, як высока-культурны дзеяч з багатай эрудыцыяй. Каб даць свайму народу што-небудзь геніяльнае хоць-бы з аднэй названай галіны,— трэба мець добрае здароўе, спрыяючыя матар'яльныя ўмовы, і аддаць на гэта цэлае жыцьцё. А Каганец ня меў ня толькі гэтага, але і магчымасьці аддацца працы з аднэй якой-небудзь вышэй названай галіны яго дзейнасьці—трэба было працаваць над усім адначасна. Вось таму Каганец не стаіць волатам у нашым мінулым, а зьяўляецца толькі адным з выдатных майстроў-будаўнічых таго будынку-жыцьця, у якім мы жывем. Яго жыцьцёпіс будзе чытацца з цікавасьцю кожным, а яго працай будуць карыстацца і вучоныя, і мастакі, і будаўнікі жыцьця, і дзеці.

Карусь Каганец—гэта псэўдонім, які сымболізуе, называе ўсё жыцьцё гэтага чалавека. Сапраўднае яго прозьвішча—Кастравіцкі Казімір-Рафаіл Карлавіч. Рэдка ён падпісваўся Будзімірам, К. Шашалем або іншымі псэўдонімамі. Паходзіў Казімір Карлавіч з старой беларускай фаміліі, зацьверджанай у дваранскай годнасьці з гэрбам „Байбуза" ўказам Правіцельствуючага Санату Гэрольдзіі ад 30 чэрвеня 1834 г. за № 16277 на імя Менскага Дваранскага Сабраньня і запісанай апошнім у шостую частку дваранскай радаслоўнай кнігі Менскай губ., пасьля пераезду яе сюды з Кастравіч на Горадзеншчыне, г.-зн. адбылося пералічэньне з Віленскіх дваран у Менскія. Даўней-жа род меў прозьвішча Бакуновічаў, баяр Мсьціслаўскіх, адкуль ён і пераехаў на Горадзеншчыну.

На Меншчыне дзяды і бацькі Казіміра Карлавіча мелі фальварак Навасёлкі пад Койданавам. У ім гаспадарка вялася згодна тагочасным найноўшым дасягненьням сельска-гаспадарчай навукі, а каля 6 сялянскіх двароў, якія належалі да фальварку, не адбывалі паншчыны, а жылі на правох чыншавікоў, што зьяўлялася ў той час ня частым выпадкам.

Бацька Казіміра Карлавіча, гарбаты з нараджэньня, быў высокаасьвечаным чалавекам і меў добрую спэцыяльную сельска-гаспадарчую адукацыю (скончыў Пулавы?). Яго жонка, г. зн., матка Казіміра Карлавіча, была з багатай сям‘і Сьвентаржэцкіх з-пад Стоўбцаў і скончыла Віленскі інстытут. Пабраліся яны, калі яму было каля 40, а ёй каля 19 год. Бацька Казіміра Карлавіча вельмі любіў музыку, а дзед па лініі маткі быў амаль не валах, бо згодна паданьню гаварыў толькі паўлоску і паітальянску і быў выдатным вучоным. Але ўсё гэта ня значыць, што сам Казімір Карлавіч калі-небудзь карыстаўся багацьцем. Радзіўся ён ужо ў політычна-ссыльных за 1863 год бацькоў—Карла Самуілавіча і Алены, родам Сьвентаржэцкай, у Табольску, 29 студзеня 1868 году па ст. стылю. Маемасьць бацькі Казіміра Карлавіча, арыштаванага і высланага ў Сыбір яшчэ ў 1864 годзе, якая складалася, як вышэй казана, з кавалку зямлі ў Навасёлках б. Койданаўскай вол., Менскага павету, была канфіскавана і аддадзена міравому пасрэдніку Шуставу, і Кастравіцкім у Табольску жылося вельмі дрэнна. Гэты час характарызуе сам Казімір Карлавіч, пазьней, седзячы ў турме і пішучы ліст да свае жонкі, якая з дзяцьмі была ў надзвычайна цяжкіх матар‘яльных умовах. Усьцяшаючы яе, ён казаў (усюдах даем цытаты сучасным беларускім правапісам): „Нашай матцы горш прыходзілася, а аднак пагадаваліся. Бог дасьць і навучацца і на хлеб заробяць і пагадуюцца. Не ў багацтве шчасьце, а ў чыстым сумленьні, і лепей, што нашы дзеці разумецімуць, што е гора на сьвеце; нечага другім будуць спагадаць“ (17.5.1911). Шмат рознага гора перажыў і сам Казімір Карлавіч. Яно пасілялася яшчэ тым, што Казімір Карлавіч быў гарбаты і, дзякуючы сваей уражлівасьці і чуласьці, асабліва балюча ўспрыймаў гэта. Тым больш, што гарбатасьць гэта ня была прыроджонай, як у бацькі, а зьяўлялася вынікам недагляду: у Табольску малы Казімір вываліўся з вакна на вуліцу і гэта трохі яго пакалечыла, а ў Засульлі, гуляючы з другім хлопчыкам на варотах, па яго віне, абваліў апошнія на сябе і гэта давяршыла першы няшчасны выпадак, а да таго, быць можа, далучылася і спадчыннасьць. Усё жыцьцё сваё Казімір Карлавіч клапаціўся, каб яго дзеці не сядзелі, ня лазілі дзе-небудзь высока і г. д. і ўсё баяўся, каб яны ня былі гарбатымі, бо надзвычайна балюча, паўтараю, адчуваў сваё калецтва. Прынамсі ў лісьце з турмы да жонкі ён аднойчы пісаў: „Кепска, што ты пусьціла Янку ад сябе, бо гатоў хлопец змарнавацца, як і я змарнаваўся,—вядома чужых баб апека“ (5.9.1911)

Бацька Казіміра Карлавіча вельмі любіў яго і сын плаціў яму тым-жа. Ня толькі з прычыны ўдалай сугучнасьці, а і з пашаны да бацькавай памяці, будучы дзеяч, у свой псэўдонім узяў бацькава імя, Карусь: Каганец ад політычна-ссыльнага Каруся.

У Сыбіру бацька ўжо быў дастаў службу, але неўзабаве прышлося варочацца назад. Ен набыў трое коняй і сані і так на санях з малым Казімірам і ўсёй сям'ёй прыехаў аж з Табольску Ў Маскву, а ўжо з Масквы поездам да Менску. Яму прапанавана было жыць у б. Царстве Польскім, куды ён і зьезьдзіў, пакінуўшы сям‘ю каля Стоўбцаў. Але знайсьці працу там яму не ўдалося, ён вярнуўся ў Менск і раптоўна памёр за шклянкай гарбаты ў сваіх знаёмых.

Малы Казімір меў тады каля 6 год і змушаны быў зарабляць сабе на хлеб, як роўны з іншымі членамі сям‘і. Тутака, у Засульлі, ён пачаў пасьвіць і быў пастухом ад 6 до 11 год. Выганяць прыходзілася ледзь ня ўночы—раніцай і прыганяць ледзь ня ўночы — ўвечары. Адпачыць-жа ўдзень, калі жывёла стаяла захаванай ў хлявушку ад аваднёў, нельга было, бо ня было чаго есьці і малы Казімір бег да каго-небудзь з суседзяў і вёў пасьвіць выпражанага з плуга каня, каб зарабіць сабе кубак малака. Ня гледзячы на такія надмерна цяжкія дзіцячыя гады, умовы працы сярод палёў часта разам з іншымі сельскімі дзецьмі, прывучылі малога Казіміра любіць беларускую прыроду, мову і сваіх па працы, а таксама зарадзілі ненавісьць да тамашніх палацаў, якія, як ужо сьцяміў у тоў час Казімір, жылі за кошт яго і яго прыяцеляў працы. Адзінокасьць у полі, у сваю чаргу, прычынілася таму, што Казімір Карлавіч духова разьвіўся рана і прывык многа думаць. Гэта прывычка і сталася пазьней падвалінай інтэлектуальнай незалежнасьці К. Каганца. Сваё няшчасьце і цяжкія дзіцячыя гады навучылі малога Казіміра адчуваць гора другіх, любіць жыцьцё сваяасаблівым каханьнем, усе пачуцьці перажываць пад кутом замілаваньня да ўсіх людзей, чаму ён навучаў і сваіх дзяцей у адным лісьце з турмы: „Кахайце ўсіх, ня толькі сваіх братоў, сёстраў і бацькоў, але ўсіх, увесь сьвет; а тады вам будзе лягчэй і бяду якую перанесьці“ (7.11.1910). Гэта-ж сваяасаблівая адзінота сярод прыроды прывучыла малога Казіміра да самастойных учынкаў і паспрыяла росту моцнай волі будучага Каганца; прынамсі трудна назваць каго-небудзь з беларускіх дзеячоў з мацнейшай воляй.

Хутка матка Казіміра Карлавіча ўзяла сабе новага мужа з сялян. У сям‘і сталі прыбываць новыя дзеці, жыцьцё не лягчэла. Усе далёкія сваякі былі страшэнна нездаволены другім замужжам маткі Казіміра Карлавіча.

У свой час бацька яго забясьпечыў быў за маткаю асобным дакумантам частку маемасьці за сваей жонкай; гэта частка не магла быць конфіскаванай. Але жонка выехала за мужам, спадзяючыся на лепшае, сваякі страцілі дакумант, а калі дакумант знайшоўся, то ўжо на маемасьць зайшла даўнасьць. Усё-ж дзякуючы нейкім прычынам, удалося атрымаць ад сястры маткі Казіміра Карлавіча каля 2 валок зямлі—пусткі ў Юцкох (Прымагільлі) каля Койданава, куды сям'я Казіміра Карлавіча і пераехала, пабыўшы ня так доўга пад Стоўбцамі.

Тутака малы Казімір працаваў яшчэ больш, карчуючы пасеку і разрабляючы навіну разам з дарослымі і выконваючы свае абавязкі пастуха. Так цягнулася каля 4 год.

Дома малы Казімір навучаўся пачатковай навуцы і быў незадаволены, што яго навучаюць не па прывычнай, зразумелай яму, беларускай мове. Маючы каля 10—11 год, ён прабаваў паступіць у гімназію, але, ня гледзячы на тое, што быў добра падрыхтаваны, яго ня прынялі, бо, папаўшы ў бліскучыя пакоі гімназіі, ён нясьмела адказваў на пытаньне, а справядлівей, дзякуючы яго паходжаньню і стану. Тады-ж ён паступіў у Менскае гарадзкое вучылішча, дзе і правучыўся пэўны час. Пасьля ён вучыўся ў Маскве скульптуры каля 3—4 год. Вучыўся ён трохі і ў Ленінградзе, але, ня гледзячы на лепшыя матар'яльныя ўмовы, кінуў там, бо ня мог зносіць клімату. Казімір Карлавіч наогул вельмі цяжка пераносіў жыцьцё ў горадзе.

Кожнае лета Казімір Карлавіч цяжка працаваў на зямлі ў Прымагільлі, зарабляючы сабе сродкі на зіму і ня раз крывавыя мазалі разьядалі яму рукі. А ўрэшце, ён меў з гэтага толькі каля 80 рублёў на ўвесь акадэмічны год.

Посьпехі ў скульптуры ён рабіў вялікія і сваёй галавой Яна Грознага стаў вядомы. Але, урэшце, перад самым канцом навукі ў Маскве яму не хапіла сродкаў выехаць з Прымагільля, навука абарвалася і ён застаўся працаваць на гаспадарцы ў апошнім. Тым больш, што ўмовы для яго навучаньня, асабліва ў Маскве, былі надзвычайна дрэнныя—прыходзілася і зарабляць і вучыцца.

Больш Казімір Карлавіч набываў самаадукацыяй, чым ад настаўнікаў і вынікамі свайго навучаньня ў школе ня быў задаволены. „Такі я шкадую, што ты Янку аддала да Менску, бо, як мне бачыцца, то лепей было-б яму скончыць ў Бярэзані народнае вучылішча, а потым паступіць дзе ў Мар'іну-Горку, або дзе ў падобнае таму вучылішча, а то можа выйці тое, што са мною вышла",—пісаў ён аднойчы сваей жонцы (7.11.1910).

У маладых гадох Казімір Карлавіч захапіўся рэволюцыйным народніцтвам і дзейнічаў у гэтым кірунку ў Прымагільлі, а гэта пашырала кола яго непаразуменьняў з ваколічнай шляхтай, якая і так ня любіла гэтага культурнага мужыка. Але гэта, зразумела, не магло стрымаць яго росту як беларускага рэволюцыянэра-народніка. І тут-жа ён пачаў на беларускай мове сваю публіцыстыку і літаратурную дзейнасьць, якая стала выявілася каля 1893 году. Разам з тым ён не адрываўся ад сялянства і ад цяжкой працьі ў сельскай гаспадарцы.

У красавіку 1899 году Казімір Карлавіч пабраўся з Ганнай Кастусёвай Пракаповіч і жыў і Лісіх Норах—хатцы на зямлі таго-ж Прымагільля. Але хутка іх прышлося пакінуць, бо зямлі не хапала. нават на сыноў ад другога мужа маткі Казіміра Карлавіча і ён з пачатку 1901 году паступіў служыць у Менскую чайную. Тутака ён разьвінуў шырокую рэволюцыйную чыннасьць. Але хутка зьмянілася начальства, да Каганца прыгледзіліся і ў сакавіку 1902 году зволілі, як політычна ненадзейнага. Пабыўшы некалькі беспрацоўным, ён пасьля працаваў месяцы тры ў мастацкай майстэрні ў Рызе. Пазьней быў зноў бяз працы; урэшце, у 1902 г. паступіў аканомам у Менскае таварыства дабрачыннасьці, дзе праслужыў два гады, працуючы адначасна над нацыянальным і соцыяльным усьведамленьнем Менскай моладзі. Ен арганізаваў быў, паміж іншым, беларускі хор і оркестр. У 1904 г. Казімір Карлавіч зноў страціў працу, дзякуючы сваім пераконаньням і пэўны час зарабляў разьбою, рысункамі і інш.

З пачатку 1905 году Казімір Карлавіч атрымаў месца дзесятніка ў Лідзе, на чыгунцы Балагое-Седлец, якая ў той час будавалася. Хутка ён перавёз туды і сям'ю. Але Каганец быў ужо моцна зьвязаны з Менскім рэволюцыйным рухам і часта наяжджаў сюды_ Ён быў членам Менскага Камітэту Беларускай Соцыялістычнай Грамады, прымаў удзел у гіершым беларускім сялянскім зьезьдзе ў Менску, у другім зьезьдзе Беларускай соцыялістычнай грамады ў Менску-ж і ў шэрагу іншых нарад; выпрацоўваў проэкты програм, рэзолюцый і інш.; агітаваў сярод мас вусна, сваімі і чужымі вершаміу проклямацыямі і інш.

Урэшце, калі ён з Стэфанам Багушэўскім (з Забалёва, каля Хідры на Меншчыне) і другім сваім таварышом агітавалі на вёсцы пад Койданавам у сьнежні 1905 году, іх схапілі і пасадзілі ў Менскі астрог.

Цяжкія ўмовы тагочаснага астрогу пасіляліся яшчэ непакоем за лёс жонкі э дзецьмі, якая засталася ў Лідзе.

У вастрозе Казімір Карлавіч прасядзеў да травеня 1906 г. і вышаў з сваімі таварышамі да суда на парукі з зусім папсаваным здароўем. Прызначаны на 1906 г. суд не адбыўся, бо адзін з галоўных, Стэфан Багушэўскі, згодна дакумантам хварэў на тыфус, хоць гэтыя дакуманты, мабыць, ня танна каштавалі. У 1907, 1908 і 1909 г. г. суд таксама адкладвалі, бо не зьяўляўся на суд той-жа Багушэўскі, які ўцёк за межы. Урэшце, вясной 1910 г. Казіміра Карлавіча і інш. судзіла Віленская судзебная палата ў Менску, абвінавачваючы яго па 129 і 132 арт. Уг. Ул. і дала год крэпасьці.

Пасьля выхаду з турмы ў 1906 г. Казімір Карлавіч паехаў у Ліду да сям‘і і пераехаў з ёю ў Менск. Прыходзілася зноў жыць з выпадковага заробку разьбой, рысаваньнем і фізычнай працай. З пачатку 1908 г. Казімір Карлавіч атрымаў месца лясьнічага ў Патоку каля Клічава на Ігуменшчыне, дзе праслужыў да восені, а з восені быў пераведзены ў Дулебы, там-жа за Бярозаю ў Любашанскіх пушчах гр. Патоцкага. У Дулебах Казімір Карлавіч служыў да верасьня 1909 г., калі зноў страціў службу дзякуючы сваім пераконаньням. Сям'я яго засталася жыць у м. Бярэзані, а сам Казімір Карлавіч паехаў у Вільню, дзе ўсю зіму працаваў у рамясьніцкай школе пры касьцёле Сьцяпана настаўнікам рысаваньня. Там ён таксама не пакідаў сваей рэволюцыйнай чыннасьці і з лепшых вучняў заснаваў падпольны гурток, працаваў у ім і вадзіў яго ў іншыя падпольныя організацыі. Але матар'яльныя ўмовы яго жыцьця былі такія цяжкія, пакой, які далі ксяндзы, такі сыры, што Казімір Карлавіч прыехаў вясною ў Менск зусім хворы, ледзь жывы. У такім стане ён перанёс судовую расправу і паехаў да сям‘і ў Бярэзань. Там ён прабыў да ліпеня, калі і прыбыў у Менск для адбываньня кары. Ня гледзячы на тое, што ў супраціўным выпадку яго-б прывялі пяхотам пад вартай (як ён і адзначаў у адным сваім лісьце да жонкі),—усё-ж папасьці ў астрог для адбываньня кары ў той час быў цэлы клопат. „Дагэтуль яшчэ не дабіўся, каб мяне пасадзілі, але ўжо ў панядзелак абяцалі пасадзіць (г. зн. 19 ліпеня)“,— пісаў ён жонцы з Менску (16.7.1910), а пазьней, ужо з турмы, паведамляў: „Сеў я ў турму 26-га ліпеня“.

Дзякуючы таму, што ён сеў у турму зараней падрыхтаваным да гэтага, а таксама і таму, што з ім сядзелі яго прыяцелі—сяляне, ён уваўшоў у яе дзьверы спакойна. Пералічаючы сваіх прыяцеляў: "Міхась тако-ж тут і адзін поэт, што пісаў у „Нашу Ніву“ і завецца Якуб, тутака“, Казімір Карлавіч паведамляў жонку, што „цяпер пайшоў у турму з лёгкаю душою, ня так, як тады ў 5-м року“ (2.8.1910).

Усё-ж гэта гадавое сядзеньне ў Менскім астрозе было вельмі цяжкім і пакінула на Каганцу значны адмоўны сьлед. Асабліва цяжка было Казіміру Карлавічу пераносіць час, калі яго ніхто не наведваў у турме; хоць пабачаньні з малым сынам і інш. ён перажываў і асабліва цяжка; але пасьля ён адчуваў сябе больш лёгка. Наогул гэты чалавек волі надзвычайна даражыў, асабліва ў турме, усім тым, што было адтуль і нават лістамі. Ня раз ён скардзіўся, што лісты з турмы ідуць да жандараў, а пасьля ўжо адсылаюцца, і на ўсё гэта патрэбны вялікі час, але нелегальных дарог сувязі з воляй шукаць яму не хацелася, „бо ўсё-такі хто-небудзь да можа пацярпець" (17.12.1910), а сьвядома прычыніцца да чые-небудзь шкоды Каганец ні ў якім разе ня мог.

Жыцьцё ў вастрозе было нудным і аднастайным да жудасьці. Казімір Карлавіч лічыў, што ім нават зацікавіцца немагчыма. „Калі табе цікава, то апішу ўвесь свой дзень, як я яго праводжу,—пісаў ён жонцы.—Прачынаючыся рана ў 6, 6½ гадзін і паляжаўшы крыху пакуль празвоняць у касьцёле новым, у каторым ужо служаць, устаю, крышу застаўшыеся ад учора скарынкі галубом, каторыя чуць сьвет прылятаюць на вакно. Міхась перш за мяне ўстае і вяжа сець, а калі яму няма работы, то ён хлеб крышыць. Потым, як адчыняць камеру, іду апраўляцца, мыюся і сьнедаю; потым паверка; па паверцы што-небудзь раблю: чы малю(ю), чы рысую, чы чытаю што, або піру(шу), а бывае, што і так прашатаюся да прагулкі; потым прагулка парамі ўвокал двара, па прагулцы абед, па абедзі паваляюся. Калі дзень сьветлы, то паваляўшыся, зноў што паработаю, а як цьмяны, то так до вечара праваляюся, прашатаюся па камеры. Вечарам ізноў паверка; па паверцьі вечарам і Міхась ідзе спаць, а ў скорасьці за ім і я, а другія чытаюць і ў шахі іграюць да позьняй пары. Я цяпер на сьнеданьне і на вячэру зьядаю па паўкварты малака“... (17.12.1910). А праз месяц стала яшчэ цяжэй: „26 сяго месяца разьмяняю другое паўгода майго заключэньня ў крэпасьці. Цяпер у нас пагоршала сядзець, бо народу прыбавілася, а на дварэ холадна, то вокны пазамыканы, а праз тое воздуху мала, так што часта галава баліць“... (22.1.1911).

Ня гледзячы на ўсё гэта Казімір Карлавіч ня траціў надзеі на лепшае і пісаў жонцы: „Ты скажаш,—ня трэба сябе надзеею маніць, а я скажу,—без надзеі і жыцьцё ня жыцьцё" (20.11.1910). „Я-ж бо маю надзею, што вярнуся да вас здаровы і што зажывемо лепей, як дагэтуль жылі“ (?.8.1910).

Роўна праз год, 26 ліпеня 1911 году, Казіміру Карлавічу раненька аддалі яго клумачак і хуценька выпусьцілі з турмы, бо не хацелі демонстрацыі, якую маглі наладзіць Каганцу таварышы. Апошнія шчыра любілі Каганца за тое, што ён наладзіў іх дружнае жыцьцё, выдаваў газэту ў камеры, рысаваў іх і г. д., словам умела рабіў лягчэйшым іх лёс і свой.

Але і пры добрых надзеях трудна было зажыць лепей пасьля выхаду з вастрогу: Казімір Карлавіч ніяк ня мог знайсьці працу. Пасьля турмы ён адведваў Прымагільле, сям'ю ў Бярэзані і езьдзіў шукаць працы на Украіну. Не знайшоўшы тамака нічога, ён вярнуўся ў Менск. Тутака праз нейкі час ён атрымаў месца ўпраўляюшчага фальварку Жортай на Барысаўшчыне з пачатку 1912 году. Фактычна ён працаваў больш каля лесу. Тутака ён праслужыў у пана Копаця аж да сваей сьмерці.

Памёр Казімір Карлавіч раптоўна 20 травеня 1918 г. у сваякоў у Прымагільлі (Юцках) б. Койданаўскай вол. на Меншчыне і пахаваны ў Навасёлках тае-ж мясцовасьці. Толькі сьмерць, і то падкраўшыся, зламала гэтага асілка на 51 годзе яго жыцьця.

Даныя гэтыя аб жыцьці Казіміра Карлавіча, хоць і кароткія, але ўсё-ж паказваюць, якую вялікую ролю адыгрываў гэты чалавек у рэволюцыйным і наогул грамадзкім жыцьці краю. Ен бачыў багацьці беларускай зямлі, якія ішлі ў кішэні розных прыгнетацеляў беларускага народу. Ён ведаў, што з шэрагаў гэтага народу выйшлі: Галубок, Налівайка, Нябаба, Каліноўскі і інш., што трасьлі панамі. Ен верыў, што калі народ добра страсяне імі, то ад іх і почату не застанецца і лічыў, што трэба „Беларусь падымаць“. „Штося тычыць партый, то адно скажу, што народныя грамады, як беларусаў, так украінцаў і ліцьвіноў само з сябе мусяць быць разам і с(оцыялістамі), бо ходзіць тут аб папраўленьні долі народу. Адно пры цяперашніх варунках гэтага зрабіць нельга, так прыходзіцца быць і р(эволюцыянэрамі)“,—пісаў ён аднойчы ў старыя царскія часы. Гэтыя словы, зразумела, азначаюць толькі кірунак вызваленьня беларускага народу, а ня тое, што беларусы павінны працаваць у шэрагах б. партыі расійскіх соцыялістых-рэволюцыянэраў. Каганец лічыў, што вызваленьне могуць здабыць сабе толькі самыя шырокія масы арганізаваным парадкам і на „падыманьне іх“ Каганец аддаў усю сваю рэволюцыйную і грамадзкую чыннасьць. Паміж іншым, ведаючы вялікую сілу друку, Каганец быў ініцыятарам выданьня беларускай газэты з местам выданьня ў Менску. Ён згуртаваў быў адпаведную групу з Макара Яўхімавіча Богдана, Дарахвея Дарахвеевіча Бохана і іншых, якая і клапацілася аб пачатку справы. Яна ўлічвала ўсе цяжкасьці, а тут віленскія ксяндзы хацелі будаваць сваю газэту. Тры беларускіх газэты было-б зашмат для таго часу і значыць прыходзілася выпярэджваць. Прынамсі так маляваў справу Лукаш у сваім лісьце да Каганца з Вільні: „Здешнія ксяндзы предлагалі Піліпу іздаваць беларускую газету з такім же консерватівным направленіем, но он отказался. Передаю это вам с его слов. Как відіце мысьль іздаваць другую белорусскую газету занімает не нас только одніх. Думают об этом і другіе. I сьледовательно нужно сьпешыць". А Каганцу і безтаго не цярпелася, бо аб газэце ён марыў даўно, даўно. Прынамсі ў яго паперах застаўся наступны адбітак заявы, які сьведчыць нават аб конкрэтных кроках Каганца ў справе выдаваньня газэты яшчэ ў 1905 годзе: „Так как предполагаемый редактор белорусской газеты „Полессе“ капітан Дорофей Дорофеевіч Бохан был командірован на дальній восток, то я до сіх пор не імея нікакіх сведеній о результате посланного намі этой весны прошенія в отделеніе по Делам Печаті о разрешеніі іздавать газету „Полессе“, імею честь заявіть, што сказанная газета будет іздаваться в городе Мінске по подысканіі знающего свое дело редактора, а также покорнейше прошу выслать мне мой документ посланны пры прошеніі. Выслать прошу на імя врача 4 участка Полоцк-Седлецк ж. д. на ст. Ліда. Ноября дня, 1905 г. Казімір Костровіцкі". Памянёны дакумант знаходзіцца зараз у сям'і Кастравіцкага; значыць ён быў у той час зьвернуты.

Сярод папер Каганца захаваліся проэкты назвы газэты, што мела выдавацца. Спроэктованы рукой Каганца проэкт мае надпіс: „Сельская беларуская газэта Палесьсе, выходзіць у Менску двойчы ў тыдзень“. Але проэкт застаўся проэктам і газэта ня вышла.

Больш дэталёва погляды Казіміра Карлавіча на соцыяльны лад характарызуе наступны чарнавы накідак яго ўласнаю рукою проэкту партыйнай програмы: „1) Зямля павінна быць уласнасьцю ўсяго краю і павінна быць надзеленая ўсякаму, хто захоча на ёй працаваці, чы адзінотна, чы гуртом. 2) Першаму сыну прыдатку ніякага немаш, а лічыцца дзедзічам бацькавай часткь, а калі будзе другі сын і болей, то ўсім тым, як яны дарастаюць... лет, што могуць працаваць, надзяляюцца такіеж часткі, як і бацьку. Да надзелу другіх сыноў, калі яму цяжка падгадаваць пакуль у навуку хлопцу будзе пара, то можа трэбаваць з воласьці запомогі, і калі сход прызнае яго палажэньне цяжкім, то такая запамога яму выдаецца. 3) Калі каму з сялян трэба чаго ў лес, то ідзе ў сваю воласьць і бярэ там на патрэбны яму тавар цэтлік, па катораму (выбарны сялянамі) лясьнік выдае з лесу патрэбны тавар. 4) Калі ў валасным лесе нарасло багата тавару і бачаць сяляне, што ім самім не спажыць, то такі тавар ацэніваецца выбарнымі панятымі і прадаецца воласьцю, а грошы палучаныя за тавар ідуць у запасны валасны капітал. 5) Сяляне з зямлі маюць плаціць назначаны краёвым сэймам падатак, каторы паступае ў кожную воласьць і ідзе на ўсяку абчэственну патрэбу воласьці, як-то: навука, лекі, дорогі, валасная гаспадарка і далей. 6) Калі ў воласьці многа сенажаці, катора застаецца ад надзелаў адзінотных і гуртавых, тб такое сена зьбіраецца валасною талакою і прадаецца, а грошы ў запасны капітал. 7) Запасныя паля служаць пашаю, а калі хто такі ўпраўны, што можа болей за сваю частку зрабіць і захоча таго, то можа браць ад воласьці ў варэнду за пашу-ж бо па запасной зямлі павінны гаспадары плаціць невялікі падатак. 8) Пры воласьці можа быць рыбнае гаспадарства, калі вазёры і ставы і даход з іх паступае ў запасны-ж капітал; рэкі-ж бо служыць маюць для ўсіх, адно воласьць павінна глядзець, штобы рыба не вынішчалася. 9) Млыны маюць быць абчэственыя і валасны сход пастанаўляе плату за меліво, а можа заўсім такую зьняць. 10) Усякая зьверына, апрыч зуброў, аленяў, ласёў, сарнаў і медзьвядзёў належыць да ўсіх і ўсякі можа страляць яе ў сваей воласьці, но не вынішчаючы, а выш памянёнымі, а злашча зубрамі эаведуе краёвы ўрад; лосямі, аленямі, сарнамі можа заведываць і воласьць. 11) Ваенну службу ўсякі адбываціме дома, зьбіраючыся ў сваей воласьці ў назначаныя часы для прыпомненьня выпраўкі, каторай маладзеж вучыцца шчэ ў школах, а аружжа выдаецца ўсякаму на дом, апрыч пушак, каторы павінны стаяць пры воласьці. 12) Усё начальства чы бо людзі кіруюшчыя ўсякімі справамі, як краёвае, так і валасное павінна быць выбірана на вядомы час. Краёвае агульным сэймам, а валасное—валасным сходам“. Але Каганец лічыў немагчымым соцыяльнае вызваленьне без вызваленьня нацыянальнага, і таму ён быў самым старым, самым палкім і самым моцным адраджэнцам. Увесь свой век ён пражыў сярод сялян: „разам пасьвіў, разам гуляў, разам працаваў і цяпер маю між імі сваякоў“, — пісаў ён. Дзякуючы гэтаму ён дасканала ведаў мову народную і быт народны і лічыў, што беларусы павінны разьвівацца на аснове гадаваленьня ўсіх сваіх духоўных патрэб на роднай мове. „Бяручы ўсё гэта на ум, — казаў ён, я цямлю, што маю права паведаць ад імені сваіх сароднікаў-беларусаў, што мы ніякай помачы дзеля таго, штобы зьліцца з расейцамі, або палякамі ня просім, бо як захочам то і самі туды дарогу знойдзем. Але мы гэтага пакуль што ня хочам і проціў гэтага вальчым, адно трудна нам простым цёмным людзям гэта даецца, бо ворагі нашы шмат хітрэйшыя, болей вучоны і на ўсякія штукі спасобныя“… „Але не. Наш народ не загіне; і прыдзе такая часіна, і ачхнецца наш русьняк“…

Без азнаямленьня з літаратурнай чыннасьцю Казіміра Карлавіча ўсё-ж трудна ўявіць сабе дэталёва яго адраджэнчыя і соцыяльна-рэволюцыйныя погляды. Напісаў і падрыхтаваў да друку за свой век Казімір Карлавіч даволі шмат. Але не для ўсіх беларускіх дзеячоў былі аднолькавыя ўмовы друкаваньня ў тагочасньіх беларускіх выданьнях. Каганец разам з некаторымі іншымі ўсё адкладваўся і адкладваўся. Таму вельмі шмат яго твораў загінула. Прынамсі зусім невядомы лёс зборніку яго твораў, які ён у 1909 ці 1910 годзе даваў у рэдакцыю „Нашай Нівы“ ў Вільні для выданьня, а таксама кніжкі для дзяцей, якую ён часткамі пасылаў у суполку „Загляне сонца і ў наша ваконца“ ў Ленінград. Нават невядомы лёс зборніку твораў Каганца падрыхтаваны да друку Я. Лёсікам яшчэ ў 1922 годзе. Засталіся толькі некаторыя чарнавыя паперы, якія захаваў Лёсік, пасьля атрыманьня іх ад жонкі нябошчыка. Цяперака яны знаходзяцца ў зборы рукапісаў Беларускага аддзелу Дзяржаўнай бібліотэкі. Частку іх апублікаваў у свой час Я. Лёсік у розных беларускіх выданьнях, бо асабліва чула адносіўся да памяці Казіміра Карлавіча і найлепш адчуваў вартасьць яго твораў.

Поэзіі Казіміра Карлавіча, згодна яго ўласных нататак, напісаны ў час ад 1893 да 1908 г., а ўласна ў 1893 г. напісаны: „Наша малітва“, „Кабзар“, „Нёман“, „Гадка пра Галубка“, „Наш окліч“, „Наш сымбол“ і інш.; у 1894 г. — „Ой, у полі вецер“, „Гэй, дзяўчына“, „Ой, у полі кветка“ і інш.; у 1895 г. — „Вось па тэй сьцежцы“ і інш.; у 1896 г. — „Выйду на гару высоку“ і інш.; у 1902 г, — „Былое“, „Наша доля“, „Раньняя малітва“, „Вячэрняя малітва" і інш.; у 1904 г.—„8—22 сьнежня 1904 г.“, „Плач беларуса“ і інш.; у 1906 г.— „Наша ніўка“, „Палесьсе“, „Браты мае“, „На сяле вечарам", „Дзяўчына“, „Салавейка", „Ластаўка", „Жайваранак“, „Пчолка“, „Песьня зіме“, „Песьня вясьне“, „Песьня лету“, „Песьня восені" і інш.; у 1907 г.—„Конь“, „Кароўкі", „Горы мае горы“, „Сьцяты камень“, „Успамін“ і інш. у 1910 г.—„Іскры“ і інш.

Пераважная большасьць поэзій Казіміра Карлавіча прысьвечана пытаньням нацыянальнага і соцыяльнага вызваленьня беларускага народу. Пачаў ён сваю поэтычную дзейнасьць мала пазьней за Багушэвіча (М. Бурачка) і Няслухоўскага (Я. Лучыны) і прышоў да яе самастойным шляхам, не праз польскую творчасьць.

Усё сваё жыцьцё быў зьвязаны з працоўным народам і вывучаў яго. Таму ў яго творах няма пераймальнасьці, больш ,,глыбокі і радыкальны падыход да адраджэнчых і соцыяльных пытаньняў. У вершы „Былое“, напрыклад, Казімір Карлавіч апавядае, як добра жылі шэрыя курапаткі на сваім балоце. На іх

„Наляцеў з паўдня воўк —
Разагнаў па кустох"

і ня ўсьпелі яны яшчэ ачухацца ад Кіеўскай навалы

„Як цяцеры наляцелі
„З літоўскай зямліцы".

Прышлося прыняць гасьцей як сьледна і яны, пажыўшы ў нас, зусім здружыліся з намі. Але

„Жыў да недалёка
Бел птух як малако,—
Іх доля шчасьліва
Стала яму крыва.
Стаў к ім заляцацца
Славай пахваляцца,
Стаў з імі дружыці —
Па аднэй звадзіці".

Бяда ад „дружбы“ польскага арла млечнага колеру была вялікая. Але заўсёды знаходзяцца людзі, якія гатовы ратаваць чалавека ад гвалту, каб пасьля самім чыніць гэты гвалт:

„Абабраўся птух ратаваць нас:
З крывымі нагамі,
З двама галавамі.
Белага прагнаў,
На нас нагукаў;
Стаў нас пацяшаць—
Усюды разганяць;
Казаў: сябе слухаць.
Чалом яму бухаць,
Яму верна служыці,
Яго дзяцей карміці" (1902).

І вось беларускі народ з даўных часоў

„Стогне, ой, стогне ад пана чужога,
Мала ад чужого, стогне ад свайго,
Бо свой ад стара да малога
Зьдзекуюцца з таго, што чціў прадзед яго" (1902).

Казімір Карлавіч першы сярод беларускіх песьняроў падкрэсьліў, што народ стогне ня толькі ад чужацкіх паноў, але і ад сваіх, бо і ад іх церпіць той самы соцыяльны, нацыянальны і рэлігійны ўціск. Паны народ эксплёатавалі, як маглі, і ім ужо здавалася, што ён як народ, памёр і ня мае сваіх нацыянальных і соцыяльных жаданьняў.

„Бо мы носім сьвіту шэру,
Нікога ня крыўдзім,
Мы працуем бо надмеру,
Да шчасьця ня відзім.
Адно панству адрабляем
За патрэбы нашы,
А ўсё неяк патрапляем
Паном у закарвашы.
Бо мы бедны, мы галодны.
Ня знамо круціці" (1904).

Такі стан рэчаў падтрымліваў і царскі ўрад:

Гэй, русіне! што так зажурыўся?
Чы пра Русь ты сваю ‘шчэ не забыўся?
— Ша! як сьмееш такое гадаці,
I такія рэчы ў голас павядаці!?
Хіба ты забыўся. як цар праваслаўны,
Ацец-бацюшка Расеі, праслаўны
Усім русінам прыказ такі даў
І рукою ўласнай яго падпісаў.
Што-б русінаў болей ня было на сьвеце,
А ўсе расіяне, маскоўскія дзеці,
А хто-ся адважыць русінам-ся зваці, —
Таго ў ссылку або расстраляці (1899).

Царскі ўрад ведаў, што ад соцыяльнага і нацыяльнага вызваленьня нацыянальных меншасьцяй былой Расіі прыдзе яму сьмерць, бо яно адбудзецца ў вялікай рэволюцыі, якую ўзьнімуць усе народы былой Расіі. І ён строга сачыў эа тым, каб ніхто ня сьмеў беларусам звацца, каб ніхто ня сьмеў думаць аб лепшым:

Хлопцы дабраліся—
Мысьлямі зышліся.
Камусь гэта не пад нораў прышлось:
I іх пахапалі, розна разагналі.
Памучыўшы колькі ўздумалось (1902).

Больш таго—урад браў лепшых сыноў гэтага народу ў салдаты, якія павінны былі душыць імкненьне сваіх бацькоў да волі і абараняць самаўладзтва ад яго надворных ворагаў. Здавалася-б, што хоць гэтых вось салдат урад павінен быў глядзець добра, а на справе было наадварот:

Годзе, ацец, маці, галасіці,
Было нас на сьвет не радзіці!
Як нам цяжка да на сьвеце жыці,
Цару-бацгошку служыці,—
Мы яму песенькі сьпяваемо,
А ад яго палачкі палучаемо (1902).

а часамі, калі цар і паны хацелі павялічэньня сваіх багацьцяў, абвяшчалася вайна і па ўсёй краіне разьлягаўся плач і енк, бо для яароду вайна была заўсёды вялікім няшчасьцем:

Застагналі бацькі, браты;
Зажурылісь кумы, сваты,
Узгаласнулі жонкі, маткі;
Заплакалі і дзяўчаткі.
Аб'явіў бо цар па сёлах,
I па местах і па дворах

Сабірацісь усім мужчынам,
Запасным бо „ніжнім чынам“
і ў Манджурыю дзесь ступаці
Кроў гарачу праліваці.
Бо яго сьвятлейшым панам
I праслаўным генэралам
Да патрэбны сталі грошы
Для іх лепшай бо раскошы:
То на трункі, то на карты,
То на розны смачны жарты (1904).

Як для народніка на Беларусі, для Казіміра Карлавіча відаць было, што пытаньне соцыяльнае непадзельна зьвязана з пытаньнем нацыянальным і змаганьне за родную мову было бадай ня менш рэволюцыйным, чым змаганьне за зямлю. Таму ён шмат гора бачыў у тым, што хто колечы з беларусаў часамі мяняў мову сваю на чужую:

Ой гора, жа, гора над намі
А ўсяму вінаваты самі,
Бо мову прыродну мы забываем,
Опратку, звычай на чужы мяняем (1893).

Усе гэтыя цяжкія ўмовы бытаваньня беларускага працоўнаганароду ўсё-ж ня губілі веры ў Казіміра Карлавіча ў лепшую будучыну:

Хоч як мёртва та краіна
Дрэмле ў попелі;
I пад бічам цемравіна
Усе занямелі,
Пакапаўся-б у тым попелі,—
Іскарка-б бліснула,
А каб ветры наляцелі,—
Полымя-б шыбнула.
I зацьвіла-б наша ніва
Краснымі квятамі...
І Беларусь, та журліва,
Што нікне з лятамі,—
Узварухнецца, устрапянецца,
Узьвядзе плячыма,
У нову шату апранецца
I празрыць вачыма (1904).

I Казімір Карлавіч капаўся ў попелі народнага нездаваленьня самаўладзтвам, гуртаваў ваколсябе лепшых людзей, гукаў, каб люд прачынаўся, каб скідаў ярмо:

Хай люд прачынаецца,
Сьпіну хай распростае,
З цемры вызваляецца!
Ярму таму цяжкаму
Годзе карк муляці!
Катам кару ўчынімо,
Штоб век было ў памяці! (1906).

Казімір Карлавіч ведаў, што ні ён адзін, ні, невялічкі гурток зможа вызваліць народ, а вызваленьне гэта здабудзе сабе сам-жа народ у агульнай згодзе:

Гэй, да схамянемось!
Да за сну прачнемось!
Згоду ўраім
Што е злого паправім! (1893).

Гэта было вельмі дарагім для Каганца, які гарэў за лепшы лёс народу, і гэтага ён дачакаўся:

Прачнуўся і наш наднямонец;
Молад і стар, мужык і хлопец.
Ой, старшыя чагось зварухнуліся.
Ой, друг к дружку ідзе
I суседа вядзе.
Люляк ня кураць,
Знаць, штось важнае судзяць (1893).

Але, нажаль, не дачакаўся ён волі, што канчаткова ў нас умацавалася пасьля вызваленьня з-пад польскай окупацыі.

Блізкія да памянёных мотывы працы дадзены Казімірам Карлавічам у адпаведным цыклю вершаў пад назвамі: „Гаратай“, „Жняя“, „Касар“, „Каваль", „Столяр“, „Шавец", „Кравец", „Цясьляр“ і інш. Усе яны прасякнуты моцным замілаваньнем да працы, якая выконваецца з песьняй:

Ідзе ў полі гараты
З сахой за валамі,
Усьцілае ніўку
Сьвежымі скібамі.
Ратай гарэ ніўку—
Радасьць у сэрцы чуе,
Песеньку сьпявае...

У цяжкой працы кожны ахвотна дапамагае слабейшаму:

Вось маладзенька, вось харашэнька
Жнеечка бо жне —
Смагла сярпом тне;
Свой загон падгоніць, другой падажне;
Старай матцы, нябожа
Яна паможа...

Працаваць цяжка, пот льлецца струменьнямі, але ўсякі працуе шчыра:

Гэбаль сьвішча,
стружкі ўюцца—
Поту струмкі
З лобу льлюцца
Столяр шчыра
Бо працуе...

Нават урачыстасьць нейкая адчуваецца ў працы:

Каваль кавае,
Молат уздымае —
Залеза 6‘е,
Іскры дае.
Серп і лемяшы,
Сякеру, карасі
Каваль куе,
Молатам б‘е...

А адпачыць прыходзіцца ня часта і ня хутка:

Шавец шые, дратву вяжа,
Ён ня рана спаць бо ляжа—
Мусіць скончыць пару ботаў,
Што-б пазбыціся клапотаў,
Бо сямейка есьці просіць,
А майстрова боса ходзіць...

А тутака яшчэ гуртавы купец пасіляе цяжкія ўмовы адцягваючы выплату заробку:

Крамар плату адцягае,
На злы часы наракае.

Гэтым мотывы працы непасрэдна стыкаюцца з мотывамі соцыяльнымі аб эксплёатацыі працы, аб чым ужо была гутарка вышэй.

Прыроду беларускую Казімір Карлавіч бязьмежна любіў і быў моцна з ёю зьвязаны ў сваім жыцьці. Гэта замілаваньне да прыроды паказала яму ўсё багацьце яе і прыгожасьці:

Лясы, бары і дубровы—
Краса нашай бо краіны.
Гаі, пушчы, кнеі, лугі,
Па балотах дай альшчыны —
Усё край наш украшаюць.
Вось край лесу дуб магучы
Сваё гольле прасьцірае;
Так сказаў-бы: няіначай —
Лес той вецьцем абнімае,
Як-бы бацька свае дзеткі.
За плячыма яго сталі:
Хвойка-матка, ель-удавіца,
Клён кудравы, ясень сьветлы,
I граб—дзядзька і ільміца,
I арэшнік угору пнецца,
I зьляканая асіна,
Як-бы вінна, ўся трасецца.
Вербалоз між іх утуліўся,
Як-бы хоча памаліцца.
Ў лясной да прахалодзі.
А на дуба спазірае
Белагрудая дзявіца

У сьвежай зелені бярозка.
Доўгі косы разьбірае.
А пайдзі ты ў гушчу лесу!..
Як прыятна ў прахалодзі
Паляжаці край паляны,—
Рай на землі ды і годзе!
Уся паляна травой зросшы.
Пад нагамі дыван мяккі—
Мох зялё'ны, як шаўковы;
Там угоры птушкі сьвішчуць;
Воздух сьвежы і здаровы.
Мошкі, пчолкі гудуць недзе.
На паляне да і ў травах
Зацьвітае, чырванее
Смашна ягада суніца;
Далей у лесі дай чарнее
Буйна, сочная чарніца...

Салавейка, жаваранак, ластаўка і іншыя птушкі нясуць радасьць і песьню чалавеку сярод гэтай красы прыроды, а ён

У шэрай сьвіце
Век гаруе, штобы жыці;
Сячэ дрэвы, лес сплаўляе,
То са стрэльбай прабягае;
У смалярні смалу гоніць,
То па рэках рыбу ловіць.
Гарэ ніўку пяшчаную,
Да староначку радную
Ён кахае і мілуе
I на другу не згандлюе,
Бо ў лясох сьлядок волі,
Хоч пры кепскай нашай долі
Яшчэ малы застаецца (1906).

Такім чынам прыродаапісальная лірыка Казіміра Карлавіча была моцна зьвязана з мотывамі працы і адраджэнцка-соцыяльнымі. А любоўная лірыка, аб'яднаная ў цыкль „Каханьне Каганца“, сваімі параўнаньнямі прылягае да прыродаапісальнай. Яго мілая — гэта кветка ў траве, птушачка ў лесе, што лашчыць вока сваёй красой і вуха сваёй гутаркай. Малады хлапец, хоча ажаніцца з мілай, каб гора сваё ўкараціць, а калі яна здрадзіла, дык ён адчайваецца:

Хіба ў рэчцы утаплюся.
У рэчцы Вусе;
Аб бел камень разаб‘юся...

I ён або яна з сумам успамінае сваю мілую, бо аб ёй яму нагадваюць горы, даліны і ўсё навокал:

Горы, мае горы,
Яры дый даліны;
I лукі, і гаі,

І ў полі скібіны,
І пылінка нават —
Усё мне гадае
Пра тую дзяўчынку,
Пра ту каравоку,
Ту любу, ядыну
Майму сэрцу ў сьвеце...

Апрача ўсіх гэтых, у Казіміра Карлавіча ёсьць некалькі гістарычных вершаў: „У тры шляхі ідуць ляхі“, „Гадка пра Галубка", „Дума пра кн. Рамана Сангушку", „Пра пана Леньскага" і інш., у якіх ён таксама гаворыць аб нацыянальнай і соцыяльнай няроўнасьці, аб барацьбітох за нацыянальную волю народу і інш.

Фармальна поэтычныя творы Казіміра Карлавіча цалкам абаперты на народнай поэзіі. Ен пісаў ня горш сваіх сучасьнікаў і звычайным літаратурным вершам, але лічыў, што для беларускай поэзіі больш зручны народны склад. Як шчыры, упарты народнік, ён уважаў непатрэбным утвараць вершы на беларускай мове, а хацеў, каб пісаліся беларускія вершы пераважна па форме сваёй, каб беларуская літаратура паклала сваю складку ў скарбніцу ўсёй чалавечай культуры і формай сваеасаблівай. Беларускую поэзію ён тварыў беларускім складам, часамі дасягаючы дасканалых пасьпехаў. Пазьней гэту практыку творчасьці Казіміра Карлавіча і яго тэорэтычныя думкі аб гэтым тэорэтычна і практычна ўгрунтаваў Максім Багдановіч, але сьмерць ня дала яму магчымасьці выканаць гэту справу канчаткова.

Сакавітая проза Казіміра Карлавіча ня менш багатая за яго поэзію. У гэтай галіне мы маем ад яго простыя, высока мастацкія казкі: „Чым болей хто мае“ (1902), „Ня той міл богу“... (1901), „Адкуль зязюля ўзялася“ (1898), „Бутрымава прыгода“ (1902), „Страшнае закліканьне“, „Журавель і чапля“, „Ваўчок", „Скрыпач і ваўкі“, „Такая доля“, „Што кажух, то ня вата“, і інш.; захопліваючыя мясцовыя лягенды: „Навасадзкае замчышча" (1898), „Прылукі“, (1902), „Халера 40 року“ (1902), „Засульскія турэ“, „Вітаўка" (1902) і інш.; таленавітыя апавядяньні: „З нашага жыцьця", „Тры алешыны", „На сплаў“, „На сплаве", „Забойства ў пушчы“, „Першы сьнег і першае паляваньне“і шмат іншых і, урэшце, цікавыя публіцыстычныя („Парада", „З рэфэрату“, „З папераў" і інш.), бэлетрыстычныя(„Год“ і інш.) і навукова-популярныя („Вандроўка кроплі вады“, „Нашыя птушкі“ і інш.) для дзяцей артыкулы. Ва ўсім гэтым Казімір Карлавіч з замілаваньнем паказваў жыцьцё беларуса ў мінулым і сучасным сярод яго пекнай прыроды, прычым і тутака большасьць яго прозаічных рэчаў гаворыць аб соцыяльных умовах бытаваньня селяніна.

У частцы казак, побач з выяўленьнем некаторых хібаў чалавечай душы—прагавітасьці, зайздрасьці і інш., выяўляюцца і мітолёгічныя моманты паходжаньня мядзьведзя, зязюлі і да г. п. Але ў большасьці казак Казімірам Карлавічам маляваўся быт: няўдалая пакража брусоў беднымі сялянамі, сварка за дробязі і перапросіны, перавага кажуха над ватай і г. д. Затое ў лягендах Казіміра Карлавіча закранаюцца амаль выключна казачныя моманты мясцовай гісторыі, якія пасвойму высьвятляюць паходжаньне замчышчаў, рэштак муроў на балоце, цікавых камянёў і інш. У апавяданьнях яго таксама пануе лёкальны момант, г. зн. гаворыцца аб праўдзівых здарэньнях, якія адбываліся ў тэй мясцовасьці, дзе жыў сам Казі мір Карлавіч, а ўласна—у Койданаўскім і Любашынскім краі. Некаторыя з апавяданьняў маюць выразна аўтабіографічны характар. I амаль ва ўсіх іх памастацку паказаны соцыяльная няроўнасьць І несправядлівасьць: багаты дзевер пакрыўдзіў бедную ятроўку, лясны купец эксплёатуе плытнікаў, хлапца забралі жандары, а яго любая вышла за багатага мельніка і г. д. Прычыны і выхад з стану соцыяльнага прыгнечаньня Казімір Карлавіч паказваў у сваёй публіцыстыцы і рэволюцыйнай чыннасьці. У сваіх навукова-популярных рэчах, а асабліва ў „Нашых птушках“, Казімір Карлавіч здолеў надзвычайна ўдала і цікава расказаць аб самых вядомых і блізкіх рэчах: вароне, крумкачу, салаўі і інш. птушках. Наогул, наўрад ці хто з найноўшых беларускіх пісьменьнікаў здолеў так проста і прыгожа апісваць беларускую прыроду, яе багацьце і прыгожасьць, як гэта ўмеў рабіць Казімір Карлавіч у сваіх творах прозаю. Моцна кахаў ён прыроду, „дзе няма табе прызначанае дарогі, ні платоў, ні абмежкаў; чуеш поўну слабоду", дзе аддыхаеш духова і набіраешся сіл. I ўмеў выклікаць у чытача замілаваньне да гэтай прыроды і чалавека сярод яе. Яго „дулеб высокага росту, стройны, каравокі, з невялікаю чарняваю барадою, у летняй белай дулебскай сьвітцы, у сіняй з зялёнымі кантамі шапцы з гэрбам і з бляхаю на рэмені торбы з ласовых лапак, катора вісіць у яго з левага боку, з калітою і нажом пры поясі і са стрэльбаю за плячыма“ ідзе „у падар, дзе ліпнёг слаўны падняўся, і любуецца ён, расхінаючы высокія, гладкія ліпкі, каторыя мяккім сваім лістам ласкочуць яго па ліцы“. А вясна Казіміра Карлавіча „зіму вон прагнала, сьнягі паразмывала, ляды пазрывала, зямлю адчыніла і пусьціла расу на Беларусь да на ўвесь сьвет. Ветры, убачыўшы веснавую гаспадарку, адмяніліся, сталі рахмяныя, слухмяныя, ласкавыя, адно калі-ні-калі, убачыўшы хмару, забунтуюцца: зашумяць, запыляць, а як вясна, іх ушчуняючы, хваціць^ харашэнька за чуб, за вушы, кінуцца ў плач, і пальлюцца сьлёзы буйным дажджом. Паплачуць, паплачуць да і сьціхнуць і шчырэй ‘шчэ вясьне памагаюць. Соўнейка, убачыўшы другія парадкі, выходзіць на неба ўва ўсёй сваёй красе, і ня рада на кароткі спачынак хавацца. З адчыненай зямлі пагнала траву, эьляцелася птушства, зьвяры з нор да логаваў павылазілі, загудзелі пчолы, мухі і ўсякія кузулькі і жучкі, папаўзьлі вужы, жабы, зазелянелі лясы, дубровы да гай, зацьвілі ўсякія кветкі-—усе веснавой гаспадарцы рады“. А сярод гэтай красы зноў чалавек—чарнявы, каравокі хлапчына слухае „як-бы стараючыся распазнаці птушачыя галасы“ і „думаць умее“... I чытач ня мінае, як звычайна, апісаньняў прыроды ў Казіміра Карлавіча, бо ўжо любіць яе і каравокіх яго людзей, імкнучыся па радкох далей пазнаць іх радасьці і іх гора.

Такою-ж любоўю да чалавека і веданьнемяго натуры прасякнуты і драматычныя творы Казіміра Карлавіча: „Модны шляхцюк", „У іншым шчасьці няшчасьце схавана“ (1903), „Двойчы прапілі" (1910), „Старажовы курган“ і „Сын Даніла“.

„Модны шляхцюк" ставіўся па ўсіх куткох этнографічнай Беларусі і па-за яе межамі рознымі драматычнымі гурткамі і Дзяржаўным тэатрам столькі раз, колькі ня ставілася ні адна п'еса на Беларусі. Ужо адно гэта сьведчыць аб высокай мастацкай дасканаласьці гэтай аднаактавай камэдыі Казіміра Карлавіча. У ёй паказана, як мясцовы шляхцюк Карчэўшчык, што захапляецца ўсім модным і выракаецца ўсяго роднага, сватаецца да скромнай вясковай дзяўчыны, каб забраць у свае рукі яе пасаг, і пры тым у часе першага-ж свайго прыходу нахрапам лезе да яе цалавацца. На гвалт, узьняты дзяўчынай, прыбягае бацька і выганяе Карчэўшчыка. У сваты прыходзіць са сватам і з гар&лкаю, як патрабуе звычай, мясцовы вясковы хлапец, які, не без адказу, кахае дзяўчыну. Гуляюць заручыны, на якія ўлятае абарваны сабакамі Карчэўшчык і патрабуе ад гаспадара плату за гарнітур. Той згаджаецца, але прапануе зараз-жа аддаць гарнітур. Гарнітур хлапцы зьдзіраюць сілком і выяўляецца, што манішка і піджак, адзеты на голае цела. Распачата і скончана дзея вельмі ўдала,—паказана жвава і пераконваюча, характары выяўлены жывымі, быццам выхапленымі з жыцьцяАсяродкавы адмоўны тып камэдыі Карчэўшчык усімі сваімі словамі і ўчынкамі даводзіць канчатковы малюнак дзеі, а ўласна, што ўся яго нахапаная ў чужынцаў культура ляжыць на голым нікчэмным целе, што ў яго няма ані сумленьня, ані гонару, ані здаровага розуму, што нават яго зьнявага да ўсяго роднага—нахапаная павярхоўная і нікчэмная. Паказаць агульную нікчэмнасьць гэтага тыпу і забіць яе здаровым сьмехам удалося пры гэтым Казіміру Карлавічу без усялякай тэндэнцыі і надуманасьці. Для Карчэўшчыка папаўся і адпаведны сват—такі-ж бяспрынцыпны, на ўсё згодны дзеля посьпеху, вясковы падхалім. Каб вышла культурна, не як у мужыкоў, яны і прыходзяць да гаспадара па адным, тым больш падкрэсьліваючы сваю нікчэмнасьць. Сам гаспадар, другі сват, дзяўчына і хлапец—заручоныя, ня хваляцца сваёй мужыцкай культураю, але і не выракаюцца яе. У іх чуецца сіла прастаты, у якой крыецца і хараство. Вельмі прыгожа паказана, як рэагуе дзяўчына на пропозыцыю выйсьці замуж спачатку за Карчэўшчыка, а пасьля—свайго хлопца. У гэтым, як і ва ўсіх дробязях наогул, выявілася найдасканалае веданьне народнага быту Казімірам Карлавічам. Вялікае нацыянальнае значэньне „Моднага шляхцюка“ ў нас, у Савецкай Беларусі ужо зьменшылася да мінімуму, але соцыяльнае яе значэньне і мастацкасьць будуць трымаць яе на аматарскай і дзяржаўнай сцэне яшчэ дзесяткі год, калі ня больш, падобна „Женитьбе“ Гогаля на расійскай сцэне.

Рэшта драматычных твораў Казіміра Карлавіча так і засталіся без канчатковай апрацоўкі.

У п'есе „У іншым шчасьці няшчасьце схована“, накіданай ў чатырох частках, на жаль, больш расказана, чым паказана, як парабак Астап пакахаў дачку ўдавы Прузыны, у якой служыў. Марыля таксама кахала яго. Але матка думала, што Астап ня пара дачцы, бо бедны ды і ў салдаты павінен быў ісьці. І, калі ён сапраўды пашоў на службу,—новы парабак горш рабіў, і Марылі прышлося зарабляць у дварэ. Там да яе чапіўся паніч і, урэшце, пры дапамозе аканома спаіў і згвалціў яе. Марыля змарнела і памерла „і дзіця чуць усьпелі ахрысьціць". Астап, вярнуўшыся дадому і ўведаўшы ўсё, пашоў у двор і дакараў паніча; той кінуўся біцца, і Астап забіў-бы яго, каб не перашкодзілі дворныя. Астапа пасадзілі ў турму, і пан шмат грошай завёз у горад, каб яго добра засудзілі. Піліп, брат Марылі, абяцаўся не дараваць панічу. Ужо з гэтага ходу дзеі і з трапнай абрысоўкі характараў і ўмоваў разгортваньня здарэньняў відаць, што калі-б жыцьцёвыя ўмовы дазволілі Казіміру Карлавічу канчаткова апрацаваць рэч, то з яе вышла-б вялікай соцыяльнай значнасьці драма.

„Двойчы трапілі“ — няскончаная драма ў 4 частках, таксама як і папярэдняя, завязваецца на аснове соцыяльнай няроўнасьці ўдавічэнкі Іўка і Хоўры, дачкі заможнага селяніна, што ўзаемна кахаюць адно другога. Тутака, дзякуючы вялікаму ліку асоб, аўтар удала пачаў паказваць старое жыцьцё вёскі і шкодную ролю п‘янства ў ім, а таксама ўжо ў пачатку пасьпеў выявіць некаторыя паасобныя характары. Аснова драмы складаецца з таго, што Іўка і Хоўра, як казана, кахаюцца. Бацька Хоўры—Пракоп хоча выдаць яе толькі за багатага, але любіць добра выпіць і прапівае дачку гультаю Атрыхону, які прапіў яе другому і сам пабег з карчмы, пачуўшы, што вясковая бывалая дзеўка Наста зьбіраецца за некагась замуж. Прыяцелі Іўка дамагаюцца ад Пракопа згоды на прыход Іўка ў сваты. На гэтым дзея трэцяя часткі трэцяй і абрываецца.

„Старжовы курган“— таксама пачатак вялікага твору, але застаўся толькі драматычным нарысам у трох зьявах, у якіх паказваецца, як казак Мікола пакахаўся з дачкою карчмара Хэйнаю. Ваявода таксама ўпадабаў Хэйну, „а яна яго ані блізка“. Калі-ж ваявода найшоў на пацалунак Міколы з Хэйнай, то моцна зазлаваў і рашыў папомсьціцца. З гэтаю мэтаю ён паслаў Міколу ў самае небясьпечнае месца, на старжовы курган, сачыць за рухам татар, якія ішлі на край. Казак заснуў на варце і яго пабудзіла красуня Бульляна, якую ён бачыў, заблудзіўшы ў лесе і набрыўшы на табар бежанцаў ад татараў. Выяўляецца, што Мікола і Вульляна ўпадабалі адно другога і на гэтым дзея абрываецца. Як бачым, і тутака дзея завязана на аснове соцыяльнай няроўнасьці, але адбываецца яна ўжо ў пэўных старасьвецкіх абставінах.

Такі-ж гістарычны характар мае і чацьверты няскончаны драматычны твор Казіміра Карлавіча—„Сын Даніла“. У ім у трох дзеях ужо ўдала паказана змаганьне за родны край на аснове пэўных бытавых умоваў.

Такім чынам, Казімір Карлавіч выявіў у сваіх драматычных творах багатыя здольнасьці беларускага драматурга, але і тутака, як і ў апавяданьнях, большасьць засталося няскончаным, калі ня думаць, што няскончаныя толькі чарнавыя накіды, а скончаныя орыгіналы дзесь загінулі. Бясспрэчна адно—і драматычнай яго творчасьці побач з беднасьцю ня спрыяла тое, што ён не друкаваўся ў такой меры, як іншыя тагочасныя і пазьнейшыя беларускія пісьменьнікі. А апошняму ў сваю чаргу спрыялі некаторыя разыходжаньні Казіміра Карлавіча з тагочаснымі беларускімі культурнікамі па пытаньнях соцыяльных і культурна-нацыянальных, аб чым гутарка ніжэй.

Хараство Беларусі Казімір Карлавіч паказваў ня толькі ў літаратурных, але і ў выяўленча-мастацкіх творах. І калі ў галіне літаратурнай ён быў адным з першых у новай літаратуры, то ў галіне апошняй ён быў адзіным і выключным пачынальнікам новачаснага беларускага мастацтва.

Што-колечы аб яго мастацкай чыннасьці можна знайсьці ў яго перапісцы. Так выдавецкая суполка „Загляне сонца"... у 1906 годзе прасіла яго рабіць рысункі да сваіх уласных кніг і наогул, а ў 1909 г. яму была заказана вокладка да кніжкі Я. Коласа „Другое чытаньне для дзетак беларусаў". У лістох з турмы Казімір Карлавіч шмат разоў успамінаў аб сваёй мастацкай працы. „Я тутака патроху малюю, можа што зароблю на будушчэ",—пісаў ён жонцы (21.8.1910). „Пытаеш, Ганнулька, што малюю,—малюю я галоўкі беларусаў і сцэнкі з камернага жыцьця“ (23.9.1910). Але гэта камернае жыцьцё амаль не давала матар'ялу для рысаваньня: „А, дзетачкі, дамагаецеся рысункаў, а я бачыце ня маю што рысаваці, усёроўна як і пісаці; няма ў вуме матар'ялу. А вы патрывайце да паўлета, пакуль я прыеду і прывязу вам рысункаў" (11.4.1911). Казімір Карлавіч усё спадзяваўся на будучыну, калі ён будзе на волі і зможа больш тварыць і пазбавіцца ад турэмнай нуды: „Пішаш, штоб рысаваць дзецям, а тут мне ніякай ахвоты рысаваць няма... Нарысаваў-бы я вам што, да лянуюся, ужо вы мяне выбачце. Бог дасьць скора ўжо прыеду, то і нарысую вам над вашу каманду, а то ня ведаю як вам угадзіць—і сьвіньні ня добра і дзеці пагана... але нечага рабіць, паспытаю вам нарысаваць старцоў, калі з дзяцей ня рады“ (12.3.1911). І ўсё-ж на працягу першай паловы свайго вастрожнага году ён рысаваў даволі шмат на аснове ранейшых сваіх успрыйманьняў і ілюстрацыйных заданьняў сваіх таварышоў: „Маляваць я маляваў усё найболей беларускія тыпы, адно—два малюнкі з турэмнага жыцьця, а то нарысаваў 12 рысуначкаў Якубу Коласу да яго твораў“ (17.12.1910). Надзеі-ж Казіміра Карлавіча на працу на волі ня зусім ажыцьцяўляліся. У яго пасьля выхаду з турмы ня было адпаведных матар'яльных умоваў для мастацкай чыннасьці. Ён нават варстата ня меў: „Хвігуру рэжу, рэжу да штось спору няма, бо напамяць ня помню, а для ўзору нічога ня маю, да і робіць без варстату пагана, аднэй рукой калупаю" (26.11.1911). Апрача гэтых, ёсьць яшчэ два цікавых успаміньі аб мастацкіх творах Казіміра Карлавіча ў лістох яго блізкага прыяцеля Лукаша да яго-ж самога. „Хрыстос ваш стаіць каля сьценкі, як і стаяў, і ні да каго яму дзела няма“ (21.4.1910),— пісаў ён аб датурэмным творы Каганца, а пазьней успамінаў і твор, выкананы ў турме: „Теперешняя свобода (1917 г. М.К.) і лікованіе похоже на ту деву, которую ты рісовал когда-то в тюрьме Ефіму. Она улыбается і маніт, но еіце велікая пропасть впереді добраться до нее“ (26.5.1917).

Мастацкіх твораў Казіміра Карлавіча захавалася вельмі мала і яшчэ менш вядома. Тое, што захавалася, належыць Беларускаму аддзелу Дзяржаўнай бібліотэкі, Дзяржаўнаму музэю, Музэю рэволюцыі, Г. Кастравіцкай, С. Скандракаву і інш. Але ўсё гэта не самае каштоўнае, а тое, што належыць Дзяржаўнай бібліотэцы, складае выключна розныя пачатковыя проэкты і накідкі.

Казімір Карлавіч, асабліва любячы мастацтва, працаваў у галіне скульптуры, маляўніцтва і рысаваньня, прычым працы па заказу ня любіў, а садзіўся за малюнак, разьбу, рысунак тадьц калі яму надыходзіла ахвота.

Скульптурных прац яго мне вядома пакуль што толькі дзьве. Адна з іх, драўлянае ўкрыжаваньне Хрыста, вышынёю каля 90 см., згодна народнаму звычаю, афарбавана ў белы колер і толькі галава ў прыгожа завітым калючым вянку і рушнік ля пояса з розным народным орнамэнтам, ды вусы, бровы і невялікая барада—бурага колеру. Уся фігура вельмі портрэтная і нагадвае ўлюбёны тып беларуса ў рысунках Казіміра Карлавіча. Гэта праца датурзмнага часу. Другая—барэльеф са сланёвай косьці памерам каля 7,9X6,6 см. зроблена Казімірам Карлавічам у турме і адтуль была прададзена. Барэльеф нагадвае ўлюбёны ім і ў літаратурных працах і рысунках мотыў: размова хлапца з дзяўчынаю ля пералазу. Толькі тутака ёсьць пэўныя відазьмены. Плот у садовых кустох, а за ім дрэва—стылізаваныя. Дзяўчына сядзіць у левай частцы барэльефу тварам управа і правым бокам да гледача; калені яе прыходзяцца якраз на палове барэльефу, а ступені ног крыху правей апошняй. За ёю, тварам да яе і тулавам да гледача, з невялікім паваротам да дзяўчыны стаіць хлопец і трымае сваёй левай рукой яе левую-ж. Правая рука хлопца спушчана і хаваецца за галавою дзяўчыны. Дзяўчына ў кашулі, гарсэціку і спадніцы; хлопец—у кашулі, завязанай жычкай ля шыі і падпіразанай поясам, камізэльцы і звычайных штанох. У фігурах адчуваецца рух, напружанасьць і настрой. Увесь барэльеф утварае моцнае ўражаньне. У левым ніжнім рагу надпіс: „К. К. 1910 л.“. Есьць яшчэ трэцяя невялічкая, таксама барэльефная праца Казіміра Карлавіча з сланёвай косьці, вельмі падобная на гэту, з некаторым уплывам заходняэўропэйскіх мотываў, але наконт яе яшчэ зьбіраем дадатковыя весткі аб сапраўдным паходжаньні яе з-пад рукі Каганца.

Але мне пакуль што вядомы толькі чатыры працы Казіміра Карлавіча, прычым дзьве з іх на ўжытковых рэчах. Казімір Карлавіч наогул заўсёды вызначаўся ўжыткоўнасьцю свайго мастацтва. Яго творы—гэта альбо аздобы ўжытковых рэчаў, альбо ілюмінацыі кніжак, альбо проэкты тых абставін жыцьця, у якіх ён жадаў жыць— хаты, мэблі і да таго падобнае. Так, яго зімовы краявід зьяўляецца неадлучнаю часткаю палічкі. Яна складаецца ўласна з палічкі памерам каля 58,2X22 см., абгароджанай парэнчамі з птушкамі па кутох, яе сьценкі з малюнкамі і разных упорных бакавінах вышынёю каля 26,4 см., якія злучаюць сьценку з палічкай і падпіраюць апошнюю. Парэнчы і бакавінкі аздоблены разным геомэтрычным орнамэнтам. Сьценка палічкі мае памер каля 54X30,8 см. і складаецца з некалькіх частак. Пасьля адваротнага гзымсу па краі яе ідзе кругом чыстая чорная палоска каля 2 см. шырынёю. За ёю, таксама кругом, чатырохкутнікам ідзе орнамэнтаванае стылізаваным расьлінавым орнамэнтам поле шырынёю каля 3,7 см. Уласна на ім стаіць малюнак памерам каля 12,7X28,6 см. Зьверху і па бакох яго абкружае чорны шлячок шырынёю каля 0,8 см., а за ім орнамэнтаванае поле маляваным геомэтрычным народным орнамэнтам сьветла-чырвонай, блакітнай, чырвонай, жоўтай і белай фарбамі, шырынёю каля 3 см. Бакавінкі, сама палічка і інш.—чорныя. Малюнак уяўляе найтыповы зімовы беларускі краявід па сьнегавым полі з берагу на занесеную сьнегам рэчку; уперад ад гледача ідзе стралец у кажуху з чорнай аблямоўкай, аўчынавай шапцы з зялёным верхам, ботах, падпіразаны поясам са стрэльбай пад левай пахай. Зьлева ад яго з-пад берагу відаць жывы жоўты пясочак і зялёная верхавінка, а далей па беразе—два вялізных дрэвы бяз лістоў і лявей пад імі—зялёныя елачкі. А яшчэ далей, ужо за рэчкаю, відаць край вёскі. Сьпераду ад чалавека бяжыць сабака па лёдзе, які прабіваецца сваім колером з-пад сьнегу. На тым беразе стаіць абсыпаны сьнегам стог з бура-зялёным нізам. З правага боку ад стральца ў беразе рэчкі відаць кусты, чарот, асака. За стогам— рэшткі леташняй жоўтай травы, а за імі, цераз белае поле, на кругавідзе—лес у блакітна-зялёных колерах, Над усім—характэрнае хмарнае неба. Усё вытрымана ў рэальных тонах. У чалавеку відаць яго характар. Наогул усе характэрныя ўласьцівасьці нашага краявіду перададзены дасканала. У ніжнім левым кутку надпіс: „К. Костровіцкі 31/VIII 1907 л.“. Другі малюнак Казімірам Карлавічам зроблен на дубовай кацёлцы, адпілаванай наўскос. Кара яе складае сваеасаблівую рамку і навакол малюнку—бурую палоску каля 0,5 см. шырынёю. Для раўнавагі за ёй пушчана чырвоная палоска каля 0,8 см. і чорны шлячок каля 0,2 см. шырынёю. Сам малюнак займае круг памерам каля 17X14 см. Фон зьверху блакітны і кнізу пераходзіць у блакітна-зялёны. На ім паясны портрэт беларуса ў саламяным капялюшу, белай кашулі з адкладным каўняром, завязанай ля шыі чырвонай жычкай і крышку расхіненай на грудзях і суконнай сьвітцы полага колеру са стаячым каўняром. Левай рукі ніжэй локця ня відаць; у правай, узьнятай на ўзровень пляча, звычайная люлька з мядзяным вечкам. З-пад капялюша зьвісаюць русыя валасы, а невялікая русая барада суладна карым вачам. Добра выяўлены асмысьлены пагляд, рух да люлькі і вольнасьць ва ўсёй фігуры. Галава насаджана крышку ненатуральна. У нізе надпіс: „К. Костровіцкій“, а на адвароце: „На память от Віктора—4/ІІІ 1907 г.“. Трэці малюнак зроблен на каменным тапары памерам 9,6X6,5 унізе і Х4,3 см. уверсе. У зялёным лесе стралец ва ўсім белым: шапцы, кашулі і штанох. Толькі каўнер завязаны жычкай ды камізэлька чырвоная і рамень ад торбы цераз плячо. У руках стральца стрэльба напагатове. Ва ўсёй фігуры тварам да гледача рух і напруджанасьць. Па левым краі: „Duleby“ і ў левым ніжнім рагу: „К. К. 1909 г.“ Чацьверты, няскончаны малюнак на палатне памерам каля 32,2X24,5 см. вельмі характэрна паказвае, як сяляне пад хатай слухаюць лірніка. Малы павадыр, хлопчык на зямлі, дзяўчына і інш. дадзены надзвычайна тыпова з выяўленьнем характару і настрою кожнага.

21 вядомы мне малюнак тушшу больш рознастайна паказвае беларускую прыроду і быт. Усе малюнкі маюць невялікі памер менш 9X12 см. Восем з іх даюць нашы тыповыя дрэвы: дуб, вярбу, елку, хвою, ільміну, топаль і бярозу і прызначаліся для адпаведных літар альфабэту ў лемантары. На трох паказаны дзік, воўк і бусел ля гнязда. Нарэшце: дрэнная хата і хата на два каміны, якую хацелася мець самому Казіміру Карлавічу, хлопец у полі за сахою з валамі, стралец з сабакам у лесе, выбары старога Рыгора на мядзьведзя, лірнік з павадыром на ростаньках, бацька з сынам ля стала, матка за калыскай і за прасьніцай, на санях (нагадвае Пярова) і гіавіншаваньне Мікалая апошняга з новым рокам, калі ён ляціць потарч ад беларускага касара.

З рысункаў алоўкам больш скончаны і больш выдатныя: портрэт маткі Казіміра Карлавіча, сем портрэтаў яго таварышоў, чатыры карыкатуры на пахаваньне беларускай волі і інш. Рэшта рысункаў — толькі нататкі і накідкі, якія сьведчаць аб тым, што ў мастацкай чыннасьці Казімір Карлавіч амаль усебакова адлюстроўваў беларускую прыроду, заняткі і быт беларуса. Асабліва шмат проэктаў орнамэнтальных аздобаў для гліняных вырабаў, вакон, лаваў, сталоў калёс, паліц, шаф, начовак, тапароў і самых розных іншых рэчаў. Казімір Карлавіч хацеў аздобіць усё тое, чым карыстаецца беларус. I вядома шмат розных ужытковых рэчаў, зробленых і аздобленых ім самім: ночвы, асадка, настольная скрыначка і інш.

Дзякуючы свайму дасканаламу веданьню прыроды Беларусі і быту народу, сярод якіх ён правёў увесь свой век, Казімір Карлавіч здолеў у сваіх літаратурных і выяўленча-мастацкіх творах паказаць гэту прыроду і беларуса сярод яе так, што іх ня толькі бачыш, але і адчуваеш, ня толькі думаеш выкліканымі імі думамі, але і перажываеш іх. Яго творы—гэта першыя ластаўкі сапраўднага беларускага мастацтва, у аснове сваёй у той час сялянскага.

Вельмі характэрна і тое, што рознастайная мастацкая чыннасьць Казіміра Карлавіча ў значнай меры грунтавалася і на яго навуковай працы, а ня толькі на непасрэдным веданьні быту і прыроды. Самым важным і галоўным навуковым заданьнем у Каганцоў час ня толькі для яго творчасьці, але і наогул, было зьбіраньне беларускага слоўніка. Казімір Карлавіч заўсёды жыў сярод сялянства, і гэта асабліва спрыяла яго слоўнікавай працы. Нават у частцы яго папер, якая захавалася, ёсьць звыш тысячы чарнавых запісаў чьіста народных слоў, што яшчэ часамі і цяперака невядомы літаратурнай мове. Казімір Карлавіч запісаў словы па сэнсу іх: імёны ўласныя, прыметнікі ласкальныя і г. д., а часамі па альфабэту. З найбольш цікавых яго запісваў можна адзначыць: а) назвы сваяцтва: залоўка, або залвіца, дзевер, сястрэніца і сястрэніч, братаніца і братаніч, стрый або стрэчны і інш.; б) розныя іншыя іменьнікі: пыца, мыза, чмыс, гал, земец, зубель, подкур, комса, чучка, цемравін, цэд, цыр, талька, тасьма, тонь, стрынгаль, пачынак, баяр, зяло, ёмка, памак і інш.; в) розныя прыметнікі: сьмялявы, панявы, мнязы, маторны, кваплівы, галюзны, красны, зазрывы, статэчны, мярэжаны, зяхраты, золкі, карабаты, чмары, пылкі, тужны, трамцівы і інш.; г) розныя дзеясловы: лютаваць, зырыцца, майначыць, смычыць, буяць, выцяць, петаваць, казіць, верадзіцца і г. д. Трудна знайсьці слабое, нехарактэрнае слова ў яго слоўнікавых запісах.

Адначасна з запісваньнем словаў, Казімір Карлавіч зьбіраў і народныя песьні, казкі, прыказкі, гульні, абрады, і ўсё гчта пасьля ўмела скарыстоўваў у сваёй творчасьці. Але яго фольклёрныя запісы мелі ня толькі практычнае значэньне ў яго мастацкай творчасьці, а і навуковае, бо запісваліся фонэтычна з адзначэньнем месца запісу і іншых даных.

Казімір Карлавіч вывучаў і гісторыю славян на Беларусі і, наогул, сьведкамі чаго засталіся чарнавыя часткі яго некаторых прац. Ён-жа даў удалую спробу географічных нарысаў. Але больш за ўсё Казімір Карлавіч працаваў над вывучэньнем нашае мовы і зьвязаных з гэтым пытаньняў азбукі, правапісу і граматыкі. У выніку гэтага ён пісаў, што „беларуская мова е адна з найстарэйшых і найчысьцейша з усіх моваў словенскіх: у ей меней як у другіх чужаземнага налёту; у ей захаваліся яшчэ ўсе хормы старыя пры спражэньні і пры скланеньні, і (яна) можа служыць як-бы ключам для ўсіх словенскіх моваў; яна дзеліцца на многа гутарак, але глаўным чынам на дзьве: на поўночну, чы—бок беларуску, і палуднёву, чы—бо палеску. Першая адлічаецца аканьнем, яканьнем, цёканьнем, дзёканьнем, мякчэйшымі зыкамі і с, і меней у ёй старыны захавалася, а палуднёва—цьвярдзейшымі зыкамі, цьвёрдым с, р і з, меншае аканьне і яканьне, слабое цёканьне і дзёканьне (а дзе і саўсім ня дзёкаюць і ня цёкаюць, за то бывае оканьне), прымерам: белар. ня хоче, хачу, чаго, сягодня, у зямлі, целя, дзеўка, меўся; палес. не хоче, хочу, ч‘го—чого, сэгодня, у з‘млі, теля, діеўка, маўса“... У сувязі з такім поглядам на нашу мову Казімір Карлавіч яшчэ ў 1906 годзе спрачаўся з выдавецтвам „Загляне сонца“... у асобе В. Іваноўскага наконт таго, якую гутарку ўзяць у аснову новай літаратурнай мовы—чорнарускую ці беларускую. Ён, зразумела, стаяў за першую, а Іваноўскі за другую. Да-рэчы, спрэчка ішла і аб слоўнікавым складзе мовы—Казімір Карлавіч быў супроць полёнізмаў. У сувязі з пытаньнем аб асноўнай гутарцы для літаратурнай мовы стаяла і пытаньне аб правапісе. I ў ім Казімір Карлавіч меў свой асаблівы погляд на вырашэньне яго, так, у свой час ён пісаў у рэдакцыю „Нашай Нівы“ (у гэтым выпадку цалкам захоўваем напісаньне орыгіналу): „Посылаю я ў поважаную Рэдакцыю Ношой нивы одну статцю, котору Окраина побоялася надруковаци яко крамольную, і прошу ее надруковаци, и одно позвольце мне положыць одзин варунок, а меновице: статци которые буду писаць друкуйце так як ены написаны не змениваючы правописма. Я, бачыце хочу штобы вашу газэту уси беларусы могли чытаци и штобы мали з ее корысць, а не одна борысоўшчына и вилейсчына. Бо, хоч Вы гневайцеся-не гневайцеся, а мушу сказаць, што, так як цяпер выйходзиць, ена шыроко не розыйдзетца, бо большая часьць белорусоў не може ее чытаци з прычыны правописма. Як, прымером, можэ ее чытаци могылевец которы безударное о говорыць як ы, або полешук которы окае, а навэт и самому акаючэму складней будзе одличыць кота ад ката, коня ад каня, вода од вада и далей, як ката од ката, каня од каня, вада од вада. А також зауважце и тое, што акаюшчые белорусы бэзударное о и е гавораць не як а и я, а як бы штось неясное нито а, нито о, нито ы и тажэ мягкіе 'я-е-и, одно у водных местцох перэсиливае той зык у другых—другы, у трэйцих, трэйци, а чэцьвертых ниводзин з их не перэсиливае. А да ўсего гэтого белорус, убачыўшы вашэ правописмо, думае што гэто на смех з его мовы гэтак пишуць много з того шкоды выйходзиць" (чарнавы накідак без даты).

Вось галоўным чынам у гэтых пытаньнях, побач з шмат якімі іншымі, былі ў Казіміра Карлавіча і ўсёй яго групы разам з Палуянам, разыходжаньні з віленскай і пецярбургскай групамі беларускіх дзеячоў. Наколькі Полуян, Богдан і інш. прымыкалі да вышэй паказаных меркаваньняў Казіміра Карлавіча пакуль што невядома. Але разыходжаньні былі моцныя і ёсьць думка, што яны, побач з іншымі прычынамі, у значнай меры прычыніліся расчараваньню і самагубству Палуяна. Усё-ж Казімір Карлавіч, як і Палуян, стаяў вышэй звычайнай варожасьці да „Нашай Нівы“ і выпісваў яе сваім знаёмым сялянам, што відаць з лістоў і таго і другога.

Пытаньні альфабэту ня менш важныя чым пытаньні правапісу і над імі Казімір Карлавіч працаваў бадай больш, чым над апошнімі. Ён цярпліва і дасканала вывучыў расійскую, лацінскую, славянскую і арабскую азбукі, шукаючы найбольш адпаведных знакаў для беларускіх гукаў. Адначасна ён спрабаваў практычна ўкласьці беларускую азбуку, аб чым сьведчаць шматлічныя проэкты ў яго чарнавых паперах. Адзін з іх, з тэорэтычным угрунтаваньнем, складаецца з наступных начарна накіданых думак (на жаль, у сучаснай азбуцы, якой карыстаемся, няма знакаў для перадачы Каганцовага проэкту і прыходзіцца перадаваць іх сучаснымі знакамі ці словамі ў дужках): „Усе людзі стараюцца наладзіць пісьменнасьць так, штобы яна была як можна прасьцейшая, а затым і лягчэйшая для навучаньня. Адно адны разумеюць, што калі ў абэцадле меней знакаў, то яно лягчэйшае, а памойму разуменьню трохі ня так: бо калі мала знакаў зычных, то на адзін зык прыходзіцца ставіць колькі знакаў, як прымерам: у англікаў, хранцузаў, да навошта далёка шукаці, калі і ў нашых суседзяў палякаў, калі трэба паставіць х, ч, ш, то мусім пісаць ch, cz, sz, што дужа затрудняе навуку граматы. Калі-ж бо прыняці на ўсякі зык асаблівы знак, то хоч будзе трудней трохі наўчьіцца гэтых знакаў, але пісаць ужо будзе шмат лягчэй. I славянскае абэцадла і е найлепшае з усіх эўрапэйскіх, бо яно падходзіць да ўсіх славянскіх гутарак, адно пачамусь яго закінулі, а пільнуючыся якойсьта моды стараюцца пісаці лацінскімі знакамі, каторыя ні да воднай з цяперашніх моваў не падходзяць, а тым болей да беларускае мовы, каторая багата зыкамі. Отож я паспытаю ўлажыць беларусам на пробу абэцадла, каторае бы найболей падходзіла да іх мовы. Возьмем перш аднагалосныя: а—як і ўсякае а і к яму-ж мяккую я; е і мяккае э, хоч у беларусаў яно траяка гаворыцца—цьвёрда, мякка і сярэдне, такжэ як і ы, но дзеля ўпрошчаньня возьмем толькі два—ы і І, а беларус сам няхай вымаўляе іх, як яму лягчэй; далей о, ё, але трэба ведаць, што о без усіленьня голасу (ударэньня) у беларускай мове рэдка гаворыцца ясна, а адны гавораць як-бы а, іншыя—як ы, а толькі пінчукі гавораць о. У цяперашніх кнігах пішуць а, а я пасулю ў такім разе пісаць (цьвёрды знак М. К.) і адпаведну ёй мякку (яць М. К.), а також о з прыдыханьнем (славянскае он М. К.), каторае можна гаварыць калі з яго пачынаецца слова, як го, або во, а ў сярэдзіне слова—то як оу, у з прыдыханьнем (асобны знак М. К.), прымерам уліца вуліца, або гуліца, і мяккае ю. Цяпер возьмем сагалосныя: б, в, г, д, але д, калі стаіць перад мяккім зыкам беларусы найболей гавораць войстра, з прысьвістам і цяперашнія пісьменьнікі пішуць дз, а памойму лепей прыняць асаблівы знак д (рукапіснае хвастом уніз М. К.), далей ж, з, к, л, м, н, п, р, с, т, у, ў, й, х, ч, ц, ш, т мяккае також гаворыцца з прысьвістам і пішуць ць, а мы возьмем (асобны значок М. /С.)“ Далей Казімірам Карлавічам дадзены проэкт уласна беларускіх знакаў і прыклады словаў з іх.

Гэтыя цікавыя думкі зноў-жа засталіся толькі думкамі, бо ў царскія часы ня было адпаведных матар'яльных і юрыдычных умоваў для ажыцьцяўленьня такога проэкту: патрэбны былі зьезды,. якія адбываюцца зараз, для паразуменьня ўсіх культурнікаў, або вялікія грошы на практычную выдавецкую працу новым шрыфтам. Ані дазволу на першыя, ні грошай на іх і на другое ні Казімір Карлавіч, ні беларускі народ ня меў і ва ўмовах царату ня мог мець.

Дбаючы аб асьвеце народу на яго роднай мове, Казімір Карлавіч працаваў і ў гэтым кірунку. Ён улажыў „Беларускі лемантар або першую навуку чытаньня", кніжку для дзіцячага чытаньня, частка якой ужо была атрымана выдавецкай суполкай „Загляне сонца“... аб чым сьведчаць лісты В. Іваноўскага да Казіміра Карлавіча, пераклаў „Гутаркі аб небе і зямлі“ і г. д.

Лемантар ня мог быць вялікім, бо трэба было, каб ён танна каштаваў. Вось кіруючыся на гэта, Казімір Карлавіч і даў усю навуку чытаньня ў невялічкай кніжачцы. Увесь матар'ял укладзены па гукавому мэтаду. „Даўней вучылі чытаць год, або і два, а цяпер і ў два месяцы навучыш—пісаў аўтар у прадмове да лемантара. Не паказывай зараз усіх знакаў, а так, як тут напісана: знак за знакам і адразу вучы чытаць цэлы склад і слова, склад за складам. Ня так, як раней вучылі: бэ-а-ба, а зразу б-а-ба. Пакуль пачнеш вучыць чытаць у новым месцы, прачытай раду, што дробнымі знакамі напісана". Гэтыя рады сапраўды ў значнай меры дапамагалі пры навучаньні. На кожную літару дадзены выстарчаючы матар'ял для навучаньня. Апошні ілюстраваны рысункамі Казіміра Карлавіча. У канцы лемантара дадзена некалькі цікавых дзіцячых апавяданьняў, а таксама тлумачэньне паняцьцяў гуку і літары, знакаў прыпынку і інш. і, урэшце—цыфры і лацінскі альфабэт. Да апошняга на жаль не дадумаліся яшчэ найноўшыя ўкладальнікі лемантароў, а навука лацінскаму альфабэту на роднай мове палегчыла-б у далейшым вельмі важную справу навучаньня чужаземным мовам, якая пакуль што ў нас у поўным заняпадзе. Апрача лемантара, Казімір Карлавіч укладаў і граматыку беларускае мовы, часткі якой захаваліся ў яго чарнавых паперах, а некаторыя тэрміны ўвайшлі ў сучасныя выданьні граматык.

Аб кніжцы для дзіцячага чытаньня можна судзіць толькі па тых абрыўках, якія засталіся ў чарнавых паперах нябожчыка. Але такія рэчы, як апавяданьні аб птушках, аб першым сьнезе і паляваньні на зайца і інш. паказваюць Казіміра Карлавіча як глыбокага знаўца дзіцячай псыхолёгіі, задач навучаньня і адпаведнай мовы Для апавяданьняў такога роду.

У кірунку веданьня і скарыстаньня ўласна папулярнай мовы Казімір Карлавіч выканаў вялізную працу выкладаньня на беларускай мове „Гутарак аб небе і зямлі“, што ў той час было асабліва цяжка, бо ўсе тэрміны трэба было знайсьці самому і ён здолеў іх знайсьці на роднай мове. На жаль, гэта каштоўная кніжка яшчэ ўсё не перавыдана нашымі выдавецкімі ўстановамі.

І жыцьцё і творчасьць Каганца выклікалі і выклікаюць захапленьне і павагу да сябе. Нават царскі ўрад выявіў гэту павагу ў вечнай апецы над ім у турме, якую прымусова даваў двойчы на пражыцьцё, а таксама і Е. Карскі ў сваёй адмоўнай ацэнцы працы Каганца. Але апошні, пішучы, што „вообще он большой сепаратіст і ненавістнік всего русского", перабраў меру. Каганец у адным з сваіх вершаў пісаў:

„Што сваё сынок,
Ня чурайся жа
I чужому-ж ты
Навучайся жа! (1907)

а гэта ўжо сьведчыць, што ня ўсё чужое, у тым ліку і расійскае ненавідзеў Каганец. Але ўсё-ж мы павінны ахвотна адзначаць незадаваленьне царату і Карскага Каганцом, бо каб яны маглі яго пахваліць—мы-б гэтым самым яго такога, як маем, ня мелі-б. Супроцьлегла, чым царат і Карскі, адзываюцца беларускія культурныя дзеячы аб Каганцу. „Ад барадатай прысадзістай фігуры аўтара (К. Каганца. М. К.), насіўшага кажух, боты і падпіразанага поясам, веяла такой моцнай несакрушымай верай, што „Беларусь трэба падымаць“,—пісаў А. Уласаў. „Пачаў ён (К. Каганец М, К.) пісаць з 90 гадоў, у часе пашырэньня твораў Багушэвіча, але стаіць у гэтым часе зусім самабытна, орыгінальна, па-за ўсякімі ўплывамі і перайманьнямі“,—адзначыў М. Гарэцкі, а невядомы аўтар констатаваў што „ён (К. Каганец. М. К.) лічыцца духоўным бацькам усіх працаўнікоў беларускага руху“. Аб літаратурных творах Казіміра Карлавіча вельмі добра адзываўся С. Ясяновіч, М. Багдановіч і іншыя беларускія літаратары і культурнікі наогул. Трапна адзначыў вартасьці драматычных твораў Казіміра Карлавіча Язэп Дыла: „Усе яны (драматычныя творы М. К.) былі апублікаваны Я. Лёсікам і сьведчаць аб вялікіх магчымасьцях, якімі валадаў пісьменьнік: ён добры назіральнік быту, чулы сэрцам чалавек і добры псыхолёг (як прыгожа раскрыта ім першае каханьне вясковага хлапца і дзяўчыны!), якая сакавітая, а і простая разам мова ў яго гэрояў“... Таксама яскрава вызначаны і мастацкія здольнасьці Казіміра Карлавіча В. Ластоўскім: „другога такога знаўца псыхікі і быту беларусаў, як. Каганец, беларусы дагэтуль ня маюць паміж сваёй інтэлігэнцыі Гэта асабліва кідаеццаў вочы пры азнаямленьні з яго мастацкай творчасьцю: з паміж усіх новачасных беларускіх мастакоў толькі адзін Каганец умеў нарысаваць сапраўдны тып беларуса“... Гэты шэраг дадатных водгукаў аб Казіміру Карлавічу можна было-б значна павялічыць. Але, разам з тым, у біографічных нататках пра Казіміра Карлавіча яшчэ шмат легендарна-романтычнага, яго творы не сабраны і невядомы шырокім колам. Вось аднэй з найпільнейшых задач беларускай навукі і зьяўляецца высьвятленьне жыцьцяпісу К. Каганца, зьбіраньне, упарадкаваньне і вывучэньне яго твораў, а таксама апублікаваньне іх.

Бібліографія (па картатэцы Дзяржаўнай бібліотэкі з маімі дадаткамі). 1. Пра К. Каганца: Ясяновіч С. (Аб творчасьці К. Каганца) „Наша Ніва", Вільня 1910, № 7, ст. 109. М. Б(агдановіч), (Упамін аб Каганцу) „Наша Ніва“, Вільня 1911, № 4, стар. 55. М. Б(агдано)віч. (Упамін аб Каганцу) „Колядная пісанка Вільня”, 1913, стар. 9. Карусь Каганец „Беларускі Шлях", Менск, 1918, № 49. Уласаў А., К. Кастравіцкі і Г. Татур „Беларускі Шлях“, Менск, 1918, № 51. А. Л. Каганец „Гоман“, Вільня, 1918, № 46. Дзьве страты „Вольная Беларусь, Менск, 1918, №20-21 Карусь Каганец „Беларускае Жыцьцё", Вільня, 1919, № 14. Карскі Е. Каганец. Карусь „Белоруссьі“ т. 3, в. 3, гр. 1922, стар. 400—401, 160, 162, 165. Бурбіс А. (Упамін аб Каганцу) зб. „Беларусь", Менск, 1924, стар. 180. Гарэцкі Максім. Карусь Каганец „Гісторыя беларускае літаратуры“, М.-Л. 1924, ст. 265-267. Шлюбскі А. (Аб політычных карыкатурах К. Каганца) „Маладняк\ Менск, 1927, № 10 ст. 75-76. Н. Б.— і Палкае сэрца (памяці К. Каганца) „Савецкая Беларусь", Менск 1928, 115. Мачульскі В.—К. Каганец, як пісьменьнік і грамадзянін „Савецкая Беларусь”, Менск, 1928, № 115. Власт. Да характарыстыкі Каганца (успамін) „Савецкая Беларусь", Менск, 1928, №115. П. Творы Каганца): у „Нашай Ніве“, Вільня. 1910 г. Кобзар (верш), № 3; 1911 год: Сьцяты камень ( верш), № 27; Навасадзкае замчышча, № 35, Журавель і Чапля, №44, Прылукі, № 30; у „Гомане“, Вільня, 1918 г.: Навасадзкае замчышча, № 47; Сьцяты камень, № 46; у „Вольнай Беларусі" Менск, 1917 г.: Халера 40 року. Навасадзкае замчышча, № 15; Засульскія турэ. Ваўчок, № 16; 1918 г.: Адкуль зязюля ўзялася, № 29; Прылукі. Вітаўка. Чым болей хто мае. Ня той міл, № 32; Вандроўка кроплі вады. Скрыпач і ваўкі. Машэка, № 33; Такая доля, № 36; у „Беларусі" Менск, 1919 г.: З папераў К. Каганца, № 39; Нёман; Гадка пра Галубка. Чы праўда гэта. Дума пра кн. Рамана Сангушку. Пра пана Ленскага. Старажовы курган. Ваяцкая. Царская служба. Былое (вершы), №43; Старажовы курган (драма), № 46; Збор. Наша доля маладзецка (вершы), № 44; Наш покліч. Наш сымбол. Плач беларуса (вершы), № 45; Беларус. На мобілізацыю. Палесьсе (вершы), № 48; Каляды (верш), № 53; Двойчы прапілі (драма), №№ 53, 54, 55; Парада, № 49; У іншым шчасьці няшчасьце схована (драма), № 49; 1920 г.: Год, № 1; З рэфэрату на калядны сход № 6; Сын Даніла (драма), №№70, 74; у „Беларускім Жыцьці", Вільня, 1919 г : Жніва (верш), № 10; у „Беларускіх ведамасьцях". Вільня, 1921 г.; Адважна, брацьця (верш) № 7; у "Вольным Сьцягу”, Менск 1921 г.: Да настала бо маё сьвятанька. Лясы, бары і дубровы. У тры шляхі ідуць ляхі. З Багдана Залескага (вершы), № 2; у „Зорках" Менск, 1921 г.: „Нашыя птушкі: Варона. Крумкач. Груган або грач. Галіца. Сарока. Сіневаронка. Сойка. Шпак. Мірэза і дрозд. Салавей. Іншыя птушкі № 2; у розных іншых выданьнях: Малітва (верш). „Першы беларускі каляндар" „Нашае Нівы“, Вільня 1920, ст. 59; Наш сымвол (верш) „Беларускі калянда^' „Нашае Нівы“, Вільня, 1911, ст. 78; Кобзар (верш) „Беларускі каляндар“ „Нашае Нівы”, Вільня 1912, ст. 88; Што кажух, то ня вата, „Беларускі каляндар", Вільня 1914, ст. 101; Модны шляхцюк. Бытавая камэдыя ў аднэй дзеі, „Сцэнічныя творы”, 1918, сш. 2, ст. 5; Адважна брацьця, наперад ідзіце (верш) „Каляндар Заранка”, Менск 1919, ст. 9; Бутрымава прыгода. Страшнае заклінаньне. 3 нашага жыцьця. На сплаў. На сплаве. Тры алешыны. Забойства ў пушчы. „Адраджэньне“, Менск 1922, сш. 1,ст. 126; асобныя выданьні К. Каганца Беларускі лемантар або першая навука чытаньня, Пецярбург 1906, ст. 30; Тое-самае лацінскімі літарамі; Гутаркі аб небе і зямлі. На беларускую мову пер:івярнулі К. Кастровіцкі і С. Шаўлоўскі. Пецярбург 1937, ст. 68; Модны Шляхцюк. Бытовая камэдыя ў 1 дзеі, Пецярбург, 1910, ст. 22; У іншым шчасьці няшчасьце схавана Вільня, 1919, ст. 12.