Стаіць, як абскубаны ветрам шкілет,
Забытая сьветам карчма, Начніцы пяюць ёй магільны прывет,
Галубіць пракляцьцямі цьма. Янка Купала
1
Дні бягуць, нібы хто іх гоніць,
Паляцелі законы тарчма…
Мне, чамусьці, успомнілась сёньня
Нашай вёскі старая карчма.
Каля вуліцы зломаны ганак,
Прызбы зрытыя, вокны бяз шыб,
Але там — ад рана да рана
Быў прастор для мужыцкай душы.
Пад страху абымшэлай драніцы,
Абы золак з пасьцелі падняў,
Помню, богу шкляному маліцца
Я за бацькам ішоў штодня.
Бацька мой — чалавек найлепшы,
Але, хто дабрату можа зьмераць?..
Мо‘ затым і пішу я вершы,
Што калісьці з ім піў напавер.
У карчме, за бутэлькай і картамі
Праляцелі юнацкія дні, —
Там і вораг здаваўся мне братам,
Абы чарку гарэлкі наліў.
О, карчма! цябе не забуду,
Твой разгул, твае п‘яныя рэчы…
Пра мяне ўсе білі ў бубен,
Што сябе з малых дзён я калечу.
Назавеце п‘янчугаю хлопца,
Хоць і сталі законы тарчма,
Але мне яшчэ што помніцца, —
Гэта Шлёма — вясковы карчмар.
Добры жыд!.. Так і звалі — Шлёма…
Шабасоўку з вярхом наліваў;
Разам з бацькам паклон табе шлём мы, —
Біць паклон — не баліць галава.
Шлёма жыў не законам Майсея,
Называў ён Майсея — чмут…
— Хай прыедзе Майсей у Расею —
Ён напэўне адчыніць карчму!..
— Добры Шлёма! — казалі сяляне, —
Добры Шлёма, дармо што ён жыд.
У вачох прачытаеш, як глянеш:
— Мужчыны, і мне трэба жыць?!
Так жылі… Ад гарэлкі чумелі,
Залівалі, мужыцкі свой лёс…
Калі ў Шлёмы гудуць людзі чмелем,
То ў хаце, здаецца, менш сьлёз.
Ці няшчасьце, ці радасьць, ці госьці, —
Каля Шлёмы — ўсягды карагод…
Так старая карчма ў нашай вёсцы
Мужыкоў весяліла ўвесь год.
2
Пачыналі звычайна ў восень,
Як з палёў пазьбіраюць снапы,
І цапамі заляскае восець, —
Замалот разам з бацькам я піў.
Сьнег падзе — разьлік з пастухамі, —
Несьці ссыпшчыну — ясна, у карчму,
А назаўтра сын Шлёмы — Хаім
Збожжа возам вязе… Куды? І чаму?
Ды нашто мужыкам гэта ведаць?
Ёсьць-жа збожжа у сьвірні, гумне…
Так рабілася бацькам і дзедам,
Ці-ж ламаць іх законы і мне!?..
Ну, прап‘ю!.. На калу не павесяць!
Жонка, дзеці галодныя, сам…
Э-э!.. ды што!.. Калі вып‘еш — дык весела!..
Каню ў зімку ня трэба аўса.
А зімою — абозам у дровы…
Назад едзеш — у Шлёмы абоз.
Языком коні сена чуць ловяць
Ды пытаюць — а дзе наш авёс?..
Авёс і ячмень, нават сена, —
Загуляеш — усё у шынок.
Забываеш, што трэба насеньне,
Каб ня ялавіў пусткай шнурок.
А вясною — бывае і крута —
Сеяць нечым — няма ярыны!
Вымятаеш з апошняга кута,
Альбо дзе не дасееш гары.
На гарэлку нясеш нават жменю,
І дзіравы мяшок ператрос.
Помню, бацка заместа ячменю
Пазычаны ён сеяў авёс.
Прыдзе лета — пагана часіна!..
Пуста ўсюды — ня ўзяць і ня ўцяць —
Хоць ты вешайся сам на асіне,
Альбо чорту душу запрадаць…
Ходзіш ты, нібы гром цябе спляжыў,
Па сьвіронку з вугла да вугла…
А што — магазын як адкажа
Даць пазыку, — хоць жыта там тухлае.
Зноў карчма… Добры быў Шлёма, —
Мужыку заўсяды спагадае,
Браў і леташнюю нават салому,
Як поўпляшкі мы з бацькам раздавім.
Добры жыд… Ад сэрца кажу ўсё,
Але хто дабрату можа зьмераць?
Ці ў сьвіце прыдзі, ці ў кажусе, —
Ён заўсёды дае напавер.
3
Пакахаў у карчме я дзяўчыну,
А ішоў мне шаснаццаты год,
Можа год тут каханьню прычына,
Пакахаў… Ну і што з таго?
Першы раз — сядзеў я на возе,
Бацька шкалікі піў у карчме,
А Рахіль заганяла козы
І сказала паціху мне:
— У карчму ты забегчы ня хочаш?
Ці пільнуеш калёс і каня?
Я зірнуў… Яе чорныя вочы
Былі поўны якогась агня.
З тэй пары пакахаў Рахіль я,
Кожны дзень бег яе спатыкаць,
Я ня бег… Я ляцеў на крыльлях.
Вось каханьне маё — лайдака.
Мне казалі: жыдоўку кахае,
Не давалі праз вёску ісьці…
А Рахіль без мяне ўздыхае,
Без яе — сумна мне ў жыцьці…
Прыдзе змрок — тайком, загуменьнем
Праз платы — да яе у карчму…
Мы кахаліся так, як умелі,
Ня пыталі, нашто і чаму?
Гоман… крык… мацюгі ў паветры…
Ад махоркі — дзяругаю дым,
Але хто, хто мог-бы паверыць, —
Нам здавалася — мы тут адны.
Каля печы за тонкай заслонай
Я маўчліва стаю… А Рахіль —
Шэпча мне пра жыцьцё свае словы,
Да грудзей галаву прыхіліла.
Першы раз адчуваў я сорам,
Закружылася мне галава,
Калі маці Рахілі — Сора
Падыйшла і сказала: „ой-вай!“.
Я пачуў, як сварылася маці:
— На каханьне, Рахіль, будзь ашчоднай
Ці-ж каханьне, што моўчкі памацае?
Ён ня пара табе — ён хрышчоны.
Доўгі час быў я думай заняты,
Выпіў шмат у карчомнай гасьціне…
— Ну, скажэце, ці-ж я вінаваты,
Што мяне без мяне ахрысьцілі?
З тэй пары ўцякалі ад сваркі…
Ой, Рахіль, ой, шынкаркі дзіця!..
У карчме — піў атруту я чаркай,
У садку — піў салодач жыцьця.
4
Прабягалі дзянькі за дзянькамі,
Мая вёска танула ў шэрань…
— У цябе, калі кіне хто камень —
Падымі і вазьмі ў кішэню.
Так сказаў мне разумны Шлёма,
На вачах яго бліскалі сьлёзы,
Ён чытаў аб жыдоўскіх пагромах…
Добры жыд… і мае ён розум.
Цяжка мне… і Шлёме ня лёгка, —
Мне падаткі, а Шлёме — акцыз,
І вураднік жыве недалёка…
Лёс адзіны над намі навіс.
Часта мы гаманілі да ночы…
— Ну чаму нешчасьлівы наш край?
Скажы, Шлёма, талмуд што прарочыць,
Скажы, хто і за што нас карае?
Кажа ён, што ёсьць Палясьціна…
— Ну, а як? Як заехаць туды?
На мяне погляд ласкавы кіне,
Нібы просіць — ратуй ад бяды!
Ну, а я — напавер дрызну шкалік
І здаецца — лягчэй у жыцьці…
Так парознаму долі шукалі,
Ды ня ведалі, дзе, як знайсьці.
Працавалі мужыцкія рукі,
А чужым аддавалі ўсе скарбы,
Над талмудам сядзеў Шлёма крукам, —
Мужыкі абзываць сталі — рабін.
— Па якой, — кажа Шлёма, — дарозе
Ты вандруеш, бядняцкае шчасьце?..
Ён падкову прыбіў на парозе,
У карчму адчыніў дзьверы насьцеж.
А жыцьцё апантана ляцела
Нада мной і над Шлёмавай крамай,
На сваім, на жыдоўскім целе
Загаіў не адзін ён шрам.
А мой шрам — заставаўся на сэрцы,
Шрам глыбокі і поўны крыві…
Загаіць я ня думаў да сьмерці, —
Мужыку — дзе там шчасьце злавіць!?
Сьвішча вецер… Хто ветра ушчуне?
Вецер хоча краіну узьняць.
Наша вёска ў карчме… і ня чуе, —
Там гуляньне і плач і грызьня.
Прабягаюць дзянькі за дзянькамі,
Словы Шлёмы шапчу я з натхненьнем:
— У цябе калі кіне хто камень —
Падымі і вазьмі ў кішэню.
5
Ну, скажэце? Ці-ж я вінаваты,
Што мяне гадавала карчма?
Для мужыцкай пагорбленай хаты,
Мне здавалася, шчасьця няма.
Мне здавалася — гора, нядолю, —
У карчме можна ўсё пахаваць…
Вось чаму, калі піў крыху болей —
Быў бязьмерна тады зухаваты.
Ня віню карчмара вёскі — Шлёму,
Ад пакуты шукаў ён паправы, —
Не адказаваў чаркі нікому,
Думаў ён — робіць добрую справу.
А ня раз, калі п‘яная песьня
У карчме загудзе, нібы звон, —
Галаву сваю Шлёма павесіць,
І аб чым толькі думае ён?..
Ну, а песьня? А песьня за чаркай?..
Ажно сьлёзы пальлюцца з вачэй!..
Калі піць — дык прапіць гаспадарку, —
Нават сьлёзы з гарэлкай смачней.
А назаўтра ў цяжкім задуменьні:
Трэба лейцы, вяроўка, хамут…
Дзень гуляць — гараваць будзе меней!..
Зноў паволі ідзеш у карчму.
Ну, скажэце? Ну хто вінаваты,
Што мужык наш прап‘е — не пасее?..
Ад палац да сялянскай хаты
Карчмою была Расея…
У карчме — нараджалі, жанілі,
У карчме — і лажылі ў труну, —
Без гарэлкі і дню ня жылі мы,
У гарэлцы і сьлёзах танулі.
І засьнеш, то карчма прысьніцца,
Будзеш чуць у карчме чаркі звон —
На шляху ці на бітым гасьцінцы, —
Так… Карчмою Расею завём…
Ня гуляй, ня бушуй ты, вецер!
Не зьмяцеш горкай праўды сьляды, —
Па радкох прачытаюць дзеці,
Як жылі іх бацькі і дзяды.
Ня глуміце напрасна слова:
Абзываць лайдаком мужыка,
Лепш знайдзіце такую размову,
Каб мужык аб сабе загукаў.
І мужык, і Шлёма — усе мы
Не чакалі, што прыдзе чума…
Так жылі і цар, і Расея
І ў вёсцы старая карчма.
6
Лес шумеў… Гаманіла поле,
А сягоньня — чамусьці замоўклі, —
Нашу вёску чужынцы няволілі…
Толькі жабы ў лужынах бомкалі.
Помню я — уся вёска галосіць, —
Абвясьцілі ісьці на вайну…
Стражнік злосна па вуліцы гойсае
На кані — ад вакна к вакну.
А назаўтра ў карчме на сходзе
Балявалі, хто колькі мог…
Пра цара хтось размову заводзіць —
Шлёма шэпча: — чаму ён ня здох!
Шлёма што? Ён быў не політык,
Ён звычайны вясковы жыд…
Дзьве казы і талмуд — ўсе пажыткі…
Хаім вырас — за сына дрыжыць.
Што зрабіць? Загадалі — і баста,
Адкупіцца — няма „фулэ-гелт“…
А пасьля ўспамінаў ён часта
У жыцьці нешчасьлівае лета.
З гэтых дзён, не забыць старому,
Калі з вёскі ў войска вышлі,
Шлёма думаў штодня аб пагромах,
Апусьціў галаву ён ніжай.
Час ідзе… У карчме цішэе,
Замірае ў вёсцы жыцьцё…
Толькі чуткі, што той — у траншэях,
Той забіты, а нехта ўцёк…
На гарэлку ў карчме — забарона…
Карчмару і сялянам — дрэнна…
Пра вайну Шлёма з кожным гамоніць,
Не счакае ніяк замірэньня.
Шлёма што? Політык ня вельмі,
Ён звычайны вясковы карчмар, —
Абзываў Пурышкевіча шэльмай
І баяўся казаць слова — цар.
Уздыхнуць мужыкі — ды закураць,
Нібы гора разьвейвае дым…
Мужыкі ўсе і Шлёма — ня дурні,
Але як тут пазбыцца бяды?
Сумаваў і я з імі бяз чаркі,
Заклінаў свой мужыцкі лёс…
А у восень… пахмурыстым ранкам
Мяне бацька на прызыў адвёз.
Ох жыцьцё!.. Куды яно гоніць?
Лепш з касою ў поле мне выйсьці…
Па мне плакалі бацька… і коні…
Нават клёну пажоўклыя лісьця.
7
Хто ня плача і хто ня сумуе,
Калі гора бяз літасьці хіліць,
А хачу расказаць, чаму я
Пра сьлёзы жыдоўкі — Рахілі.
Я такіх спатыкаў нямнога,
Мо‘ ніколі такіх не спаткаю, —
Забывала радню ўсю і бога,
А мяне… мяне шчыра кахала.
Адраклася ад бацькавай веры —
Мы паверылі толькі каханьню.
Помню сьлёзы яе і цяпер…
Была восень… пахмурнае раньне.
Ой, Рахіль! Ты заплакала ціха.
Толькі я твае сьлёзы пабачыў…
Ад карчмы за ваколіцу выехаў —
Я сьмяюся, сьпяваю і плачу.
Лепшых дзён, хоць і поўных атруты,
Хоць сьцюдзёных, як сіні той лёд,
Не забуду — няхай і ня тут ты,
Да цябе паляту я узьлётам.
Бляск вачэй, агонь твайго твару
Сагравалі сьцюдзёныя дні…
Помню я і пагэтуль ня дарам, —
Між людзей — а здаецца адны.
Я і ты — мы цярпелі кпіны,
Я лайдак, ты — дачка карчмара;
Мо‘ каханьне калі і загіне, —
Што жыве, то ўсягды памірае.
Будзе сьлед… Бо сэрцы параніў
Сваім сьпевам сівы сасоньнік,
Дзе ўсю ноч мы ў вечным каханьні
Прысягалі… Мне помніцца сёньня.
Я кажу, што забудзем каханьне,
Нібы гора ў карчомнай гасьціне,
Толькі вось — ня будзе мне даўным
Твая і мая Палясьціна.
Помню я — наша думка няслася
У нязьведаны дзіўны той край,
Дзе для усіх і воля і шчасьце, —
Гэты край называлі мы раем.
Хто ня плача і хто сумуе,
Калі гора бяз літасьці хіліць,
Разьвітаўся — пашоў на вайну я —
У карчме засталася Рахіль.
За ваколіцай коні заржалі…
Коням цяжка, — а коні бяз пут…
Ох, як сэрца сьціскалася жалем,
Калі кінуў я родны свой кут.
8
Затраслося жыцьцё вульканам…
Апісаць гэта цяжка пяром…
А Шлёма вышаў на ганак
Ды кажа — жыдоўскі пагром.
Помніць ён, як у пятым годзе,
Шлёма помніць — ён быў малады,
Яго білі жандармы па мордзе.
Каля пэйсаў пагэтуль сьляды.
І цяпер вось на сьвеце здарэньне…
Ад пагрому куды пабяжыць?
— Ой, няхай усё кончыцца дрэнна —
Вінават ува ўсім будзе жыд.
Бедны Шлёма… Сядзіць уздыхае, —
У жыцьці да ўсяго ён прывык…
Ажно, з войску прышоў яго Хаім,
Хаім кажа, што ён — бальшавік.
— Божа мой! Ну што цяпер будзе,
Куды уцякаць, скажы? Ну?..
Ня чытаў ён і ў мудрым талмудзе
Пра такую страшную вайну.
Па Расеі пашоў гармідар,
Паляцелі законы тарчма,
Алё Шлёму цяпер не грамілі —
Апусьцела сама карчма.
Што такое карчма — хата Шлёмы, —
Пад падрубы пралазілі сьвіньні…
Пазабралі маёнткі, харомы:
Шлёма кажа, што ён тут ня вінен.
Бедны Шлёма ня сьніў і ў суботу,
Што прышлося пабачыць, пачуць…
Прышоў Хаім і стукае ботам:
— Зачыніць назаўсёды карчму!
Сын пашоў, а ў бацькі гора,
Было Шлёме да болі крыўдна
І за сына было яму сорам, —
Хаім — жыд, а ідзе на жыда.
Шлёме страх… У карчме запёрся
І мяркуе — чаму гэтак стала?
Калі Хаім прыходзіў з войска
Не маліўся… і еў ён сала.
А цяпер — усёй вёсцы вядома, —
Яго Хаім — ого!.. Камісарам!..
І гаворыць — ніхто ня дасьць волі,
А здабудзем яе мы самі.
Грамадою палямі, лясамі
Вышлі дружна і вышлі ўсе мы, —
Цяпер волю здабудуць самі,
Хто жыве ў „Вялікай Расеі“.
9
На зямлі жыцьцякрылай крыніцы,
Дзе зязюля аб шчасьці кувала,
Волі лёгка было нарадзіцца, —
Але волю ў ланцуг закавалі.
Зноў прышлі чужаніцы-зладзеі…
Ох, дзянькі — аб іх жудасна пець…
А у вёсцы жыла надзея, —
Вёска стала мяцежнай цяпер.
За зямлю, за харомы-палацы
Пагуляў ляха-пана бізун,
І сялянам прышлося хавацца —
Начаваць уцякалі ў лазу…
Шлёма быў з мужыкамі у лесе…
Бедны Шлёма вясковы карчмар, —
Ён — уцёк, бо хацелі павесіць, —
Усё за тое, што сын камісар.
А Рахіль і старая маці
Пралівалі сьлязу за сьлязою…
Іх схавалі — ў мужыцкай хаце,
А карчма засталася з казою…
Я тагды вандраваў у паўстаньні,
Захацеў паглядзець на радзіму…
Была восень… імжыстае раньне,
А на вуліцы сьцішна і зімна.
Ціха так, нібы вымерла вёска, —
Ня скрыпелі хаціны дзьвярмі…
Бачу я, што забіты дашкамі
Нават вокны шумлівай карчмы…
Ох, карчма!.. Успамін аб мінулым…
Плач… гарэлка… жыдоўка Рахіль…
Цёмны лес, мяне ты прытуліш,
Ты даеш мне і сьмеласьць і сілу!..
Але стой… Нібы здань ля плоту?..
То-ж Рахіль… Яна… Я спазнаў…
Яе твар шабляй вострай расколаты, —
То каханьня нявольнага знак.
Прытуліў… Зашчымела мне сэрца,
Ажно сонца з-за хмары паўзе…
Я цалую… Мне нават ня верыцца,
Што каханьне паўстанца ў лазе.
А жыцьцё — не стаіць, а круціць!
Эх, жыцьцё — ты шалёны вір!
Калі жыць у цяжкай пакуце,
То нашто шкадаваць галавы?!.
Калі так — то гуляй у паўстаньні,
Хто раней і стагнаў і плакаў —
Мужыкі — раць чырвонага стану:
Што ім вораг і чорт і палякі!
10
Новы шлях… Да шчасьця вядзе ён
Тых, хто блукалі ў цемры жыцьця,
Шлях шырокі і сьветланадзейны,
Лісьця клёну аб ім шапацяць.
Клён стары над пагорбленай хатай
Калісь плакаў і ён аба мне,
А цяпер галавою кудлатай
Прывітаў — весялей зашумеў.
Добры дзень!.. Я гукаю сялянам,
З кім авечкі ганяў на папар…
Добры дзень!.. і прасторам аўсяным
І табе сівапэйсы карчмар.
І карчме, што стаіць парожняй
Я пашлю свой мужыцкі паклон…
Мне, здаецца, якісь падарожны
Заламаў над карчмою залом.
Пуста ўкруг… быльлём зарастае
Дзе вясёласьці беглі гадзіны…
Крапіва парасла густая
На тых сьцежках, кудою хадзіў.
А Рахіль?.. Яна вышла замуж…
Муж вясковы хлапец хлебароб…
Мне аб гэтым сяляне сказалі, —
Будзь шчасьліва — нічога ня зробіш.
Я казаў, што каханьне ня вечна,
Як ня вечна ўсё, што жыве.
А мне хочацца толькі хоць вечар
Ад агню тваіх шчок ружавець.
Ды баюся, што ран не загоім,
Калі зноў іх атруцім каханьнем…
Толькі вось… не заві мяне „гоем“,
А кахаць — хоць цяпер перастань.
Ох, вайна, і ліхое паўстаньне,
Колькі ў мора вады уцякло?
Без мяне майго бацьку схавалі —
Шлю табе на магілу паклон.
Але мне — мне чамусьці весела,
Хоць і вёска пашла ўверх дном, —
Ня чуваць тых сумлівых песень,
Што труцілі жыцьё маладое.
Сход ідзе… Пасёлкі ці хутар?
Мужыкі дзеляць панскі абшар…
У старым лапсардаку закутаны
З мужыкамі і Шлёма карчмар.
Шлёма што? Ён роўны з людзямі,
Можа ехаць далей Магілёва,
Ён цяпер, як і ўсе — грамадзянін,
Пра зямлю Шлёме далі слова.
11
Дзіўна як!.. Хто думаць пасьмеў-бы,
Каб на гэта і сілай прымусіў, —
Дзе абшар быў вялікай Расеі —
Там цяпер новы край — Беларусь.
Новы край, а на новым хутары
Жыве Шлёма — вясковы карчмар…
Пасуседзкі з ім часта гутарым…
Я дзіўлюся — які гаспадар?!
Двое коняй, каровы, авечкі, —
Адным словам, завідуеш зараз;
У суботу ня паліць ён сьвечкі,
Не спраўляе жыдоўскі шабас.
Мужыкі памаглі гаспадарыць,
Было цяжка… Ды Шлёма прывык.
Адзін раз па абмылцы здарылась,
Замест лубіну — сеяў ён віку.
Я спаткаў Шлёму з граблямі, з торбай
За ляском на яго дзесяціне,
Шлёма кажа: — Ой, як цяпер добра!..
Ну, нашто мне цяпер Палясьціна?
Мужыкі галаву яму дураць, —
Ўспамінаюць ня раз аб карчме…
Шлёма кніжкі чытае, брошуры,
Як пасеяць пшаніцу, ячмень.
Шлёма жыд… Шлёма разумны…
Ён гаворыць: што гэта за НЭП?!
На паліцу кладзе адзін зубы,
А другі — пытляваны есьць хлеб?..
Мужыкі раскумякуюць гэта
Ды стаяць у глухім задуменьні.
— НЭП?! то дрэннае, браце, прыкмета,
Бо аб гэтым казаў і сам Ленін!..
Езьдзіў Шлёма у горад за збожжам,
У вакне ён пабачыў пляшкі, —
На карчму было вельмі пахожа…
Шлёме стала на сэрцы як цяжка.
Думаў ён: і чаму гэта людзі
Зноў вярнулі старога аблік?..
Гэта ён прачытаў не ў талмудзе, —
Шлёма жыд — чалавек невялікі.
Мужыкі часам кідаюць жарты:
— Дзе твой, Шлёма, Майсей — гэты чмут,
Вось мы кажам на хутары варта
Адчыніць яку-небудзь карчму.
Шлёма кажа: — „Мужчыны, вы дурні!..“
Чуць ня хоча карчмар аб карчме…
Цяпер Шлёма чытае брошуры,
Як пасеяць пшаніцу, ячмень.
12
Дні бягуць… Ня стрымаць ніколі…
А законы — ляцяць тарчма.
Была вёска — цяпер там поле,
І стаіць адзінокай карчма.
Нібы здань пазірае жудам
На таго, хто яе аб‘едзе,
Нават коні бягуць з перапудам, —
Нібы там загулялі ведзьмы.
Нібы баль там спраўляе злосна
Дзён мінулых мужыцкі страх…
Толькі шлях, ля карчмы шлях зарослы,
Называюць — карчомны шлях.
Гэты шлях зарасьце бур‘янам,
Дождж размые над стрэхаю комін,
І карчомнае наша гуляньне
Ня прысьніцца нават нікому.
Толькі, вось, я людзям напомню,
Я карчомны гуляка-лайдак,
Што карчма — то мінулага помнік…
У карчме мне лягчэй было плакаць.
Я любіў слухаць Шлёмавы словы.
Быў карчмар — а заўсёды цьвярозы,
А цяпер ён на хутары новым, —
Добры жыд… і мае ён розум.
Я прайшоў хутары і пасёлкі
Па зялёнай і роснай траве,
Я зазьзяў пасьля буры вясёлкай,
Над краінай, дзе сонца плыве.
А Рахіль? Я сустрэну на пожні,
Запытаю — хто муж і які?..
Мяне з вёскі тут ведае кожны,
Мяне любяць браты-мужыкі.
Разам з імі гуляў у карчме я,
Разам з імі да гора прывык…
Я касіць і араць умею, —
Я такі, як яны мужык.
Калі трэба — пакіну я горад,
Зноў адзену я лапці, кажух…
Я мужык — я заўсёды горды
І ад сэрца ўсё гэта кажу.
Мужыкі мне сказалі многа,
Што жыло ў іх думах гадамі…
Толькі месяц пазалочаным рогам
На мяне і на іх выглядаў.
Добры дзень, залаты ўраджаю,
Што мужыцкім знойдзен плячмі!..
І цябе і мяне пужае —
Здань вясковай забытай карчмы.
Масква, Май-Чэрвень.
КНІЖНІЦА „МАЛАДНЯК“.
ЦБ Усебеларускага аб‘яднаньня поэтаў і пісьменьнікаў „Маладняк“ выдае літаратурна-мастацкія зборнікі (вершы, апавяданьні, крытыку) разьмерам ад аднаго да двух друкаваных аркушоў.
Зборнікі прадаюцца ўва ўсіх лепшых кнігарнях і кіосках Беларусі, а таксама на галоўных станцыях чыгунак, якія праходзяць цераз БССР.