Кастусь Каліноўскі (Цвікевіч)
Кастантын Каліноўскі Біографічна-гістарычны нарыс Аўтар: Іван Цьвікевіч 1924 год Крыніца: http://kalinouski.arkushy.by/library/cvikievicz_kk/cvikievicz_kk.htm |
(К 60-ці годзьдзю яго сьмерці) |
Мінулае Беларусі багата рэволюцыйнымі падзеямі і фактамі клясавага змаганьня, але ўсё гэтае гістарычнае багацьце трэба ўмець адшукаць, трэба з замілаваньнем падыйсьці да яго і, разгарнуўшы пажоўклыя паперы старых архіваў, выцягнуць на дзённае сьвятло.
Гісторыя Беларусі наагул і гісторыя грамадзянска-рэволюцыйных рухаў на Беларусі ў асобнасьці яшчэ чакаюць сваіх дасьледчыкаў і гісторыкаў. Матар'ялы, каторымі даводзіцца карыстацца пры дасьледаваньні мінулых падзей і асоб, часта супярэчны паміж сабой.
Да кожнага болей ці меней значнага гістарычна-політычнага факту, датычачага Беларусі, трэба падыходзіць з асаблівай асьцярожнасьцю, бо тэндэнцыйнасьць расійскіх і польскіх матар'ялаў аб гэтых фактах залішне вядома, каб аб гэтым весьці спэцыяльную гутарку. Даволі будзе прыпомніць, што беларускія абшары з давён-даўна служылі тэй спрэчнай тэрыторыяй, з-за якой амаль нясупынна йшла крывавая барацьба паміж самаўладнай Расіяй і панскай Польшчай. Барацьба спарадзіла з абедзьвюх старон даволі багатую гістарычна-політычную літаратуру, якая, за рэдкім выключэньнем, прасякнута так званым "ура-патрыотызмам". Зусім зразумела, што ў гэтых "ура-патрыотычных" працах, як польскіх так і расійскіх, якім хадзіла аб тое, каб найбольш выславіць сябе і заганіць варожую старану, цяжка адшукаць бесстаронныя апісаньні падзей і асоб, якія па істоце сваёй не належалі ні да аднэй з гэтых старон — бо былі трэцьцяй стараной — беларускай.
Час і падзеі, аб якіх у зьвязку з нашай тэмай прыдзецца пісаць, якраз стварылі шмат гістарычна-політычных прац — расійскіх і польскіх. Але, дзякуючы іх тэндэнцыйнасьці, беларускі бок справы паўстаньня 1863 году нагэтулькі адсунуты ў цень і абойдзены, што прыходзіцца часам з самых нібы-то дробненькіх фактаў, з голых пералічэньняў імёнаў і прозьвішчаў, з падрадковых, пэтытам надрукаваных, выметак будаваць гістарычны малюнак рэволюцыйных падзей на Беларусі, чыннасьці народных масаў і асобных беларускіх рэволюцыянэраў.
З ліку апошніх, у часы аружнага паўстаньня на Беларусі ў 1863 г. — паўстаньня, цесна зьвязанага з польскім і на пачатку быўшым толькі якбы часткаю польскага паўстаньня, бязумоўна, найболей яскравай фігурай зьяўляецца Кастусь Каліноўскі.
Радзіўся ён 21 студзеня 1838 году ў фольварку Мастаўляны, Ялоўкаўскай парафіі Ваўкавыскага павету на Горадзеншчыне[1]. Бацькі Каліноўскага (бацька — Сымон, маці Вэроніка Рубінская)1 паходзілі з дробнай шляхты і мелі недалёка ад Сьвіслачы (10 вёрст) ткацкую фабрыку на 20 варстатаў, дзе выраблялі мастацкія абрусы і ткалі так званае "ангельскае палатно". Па некаторым даным — бацька Кастуся быў не гаспадаром фабрыкі, а толькі яе наглядчыкам.
Скончыўшы 5-ці клясовую прогімназію ў Сьвіслачы, Кастусь Каліноўскі паехаў у Маскву, дзе паступіў да ўнівэрсытэту, але за свае рэволюцыйна-народніцкія пераконаньні быў выключаны з яго. Тагды Каліноўскі едзе ў Пецярбург і там ізноў паступае ў унівэрсытэт. (Па другой вэрсіі К., скончыўшы гімназію, адразу паехаў у Пецярбург, куды яго выклікаў брат Віктар, які служыў у Публічнай Бібліотэцы. Абмылковасьць гэтай вэрсіі тлумачыцца дасьледаваньнем іншых матар'ялаў. з якіх відаць, што Віктар Каліноўскі — гэта той-жа Кастусь К., а абмылка стварылася дзеля таго, што ў Каліноўскага было 2 імені — Кастусь і Віктар (Вінцэнты), як гэта часта бывае ў беларусаў-каталікоў2.
Каліноўскі вучыўся на юрыдычным факультэце і скончыў яго як кандыдат праў.
У Пецярбурзе К. ізноў зыходзіцца з падпольнымі расійскімі народніцкімі гурткамі, а таксама і з польскімі рэволюцыйнымі організацыямі. Як натура кіпучая, Каліноўскі ўвесь аддаўся політычнай консьпірацыйнай працы і тут ласьне ён канчаткова знайшоў сябе — як будучага політычнага дзеяча, таленнага організатара консьпірацыйнай працы, агнявога барацьбіта за "мужыцкую праўду", рэволюцыйнага дыктатара Беларусі.
Каб ясьней было, пад якімі ўплывамі складалася політычная програма і політычныя перакананьні Каліноўскага, коратка абрысуем політычныя організацыі — расійскія і польскія — як на мяйсцох так і заграніцай.
Пасьля першага польскага паўстаньня 1830 году расійскі царскі ўрад на чале з адным з самых чорных рэакцыянэраў — Мікалаем I3 хацёў было ў самым корані задушыць сярод насельніцтва Польшчы думку аб адбудаваньні былой Рэчы Паспалітай і вызваленьні яе з-пад расійскага самаўладзтва. Констытуцыя Польшчы была скасована, адняты былі ўсе быўшыя ў палякоў прывілеі, і край іх адміністрацыйна быў прыраўнаваны да ўсіх іншых частак Расійскай Імпэрыі.
У самым сэрцы Польшчы — Варшаве была пабудавана цытадэля, якая-б выглядам сваіх моцных гармат застрашвала польскіх патрыётаў. Мала таго, сам Мікалай І прыехаў у Варшаву і, склікаўшы вышэйшую польскую магнацыю, пагражаў: "Калі вы яшчэ раз адважыцеся падняць паўстаньне, то я зруйную ваш горад ушчэнт, не пакіну каменя на камені і пры гэтым запаўняю вас, што вашу сталіцу не адбудуюць ані я, ані мае нашчадкі".
Як і трэба было чакаць, палякі ня спужаліся "бляшанага грому" царскіх слоў і зараз-жа пасьля першага паўстаньня распачалі актыўную працу па падрыхтоўцы новага паўстаньня.
Шматлічэбная польская эміграцыя, што асталявалася ў Парыжы, ужо ў 1831 годзе стварае організацыю — "Польскі Народны Комітэт", на чале якога стаяць Адам Чартарыйскі4, польскі гісторык Лелевэль5 і Немаеўскі6. Мэтаю гэтага "Комітэту" было падгатаўляць у эміграцыі агэнтаў і пасьля пасылаць іх на бацькаўшчыну організоўваць паўстаньне.
У хуткім часе "Народны Комітэт" падзяляецца на дзьве варожыя паміж сабой партыі: адна, на чале з Чартарыйскім і Немаеўскім, стаіць за адбудову Польшчы шляхам дыплёматычнай інтрыгі пры дварох заходня-эўропэйскіх дзяржаў, шляхам уцягненьня Расіі ў вайну, ці праз націск на яе з боку моцных дзяржаў; другая партыя, на чале з гісторыкам Лелевэлем, упарта вымагае неадкладнай адпраўкі агэнтаў у Польшчу і ўздыму новага аружнага паўстаньня проці Расіі. Першая партыя, або, як іх называлі, "белыя", мелі ў сваім складзе "высокіх" паноў-магнатаў, князёў, буйных земляўласьнікаў і таму займаліся лятуценьнямі аб адбудаваньні старажытнай "каралеўскай" Польшчы, дзе панскія прывілеі і панскі прыгон над працоўным людам астануцца непарушнымі. Наадварот, другая партыя — "чырвоныя" складаліся з дробнай буржуазіі, зьбяднеўшай шляхты, інтэлігэнцыі. Іх програма больш радыкальная — адбудаваць Польшчу, як шырока-дэмократычную рэспубліку, у якой ад паноў-абшарнікаў адбіраюцца землі і аддаюцца працоўнаму сялянству, аб чым перад паўстаньнем шырока абвесьціць, каб уцягнуць у паўстанцкі рух сялянскія гушчы. Паміж "белымі" і "чырвонымі" на агульных эмігранцкіх сходах адбываліся гарачыя спрэчкі, і ўрэшце чырвоныя ўтварылі свой асобны комітэт пад назваю "Дэмократычная Грамада". "Кожная з гэтых груп мела ў Парыжы свой орган друку: белыя — "Wiadomoście Polskie", чырвоныя — "Przegląd Rzeczy Polskich", паміж якімі цягнецца нясупынная полеміка"[2]. Партыя чырвоных працавала энэргічна і пасьля цэлага шэрагу няўдач па організацыі паўстаньняў у самой Польшчы, урэшце ў 1860 г. залажыла ў Варшаве моцную падпольную організацыю — "Варшаўскі гарадзкі комітэт".
У 1862 годзе гэгая організацыя была перабудована ў "Цэнтральны Народны Комітэт", які пачаў рэальную падгатоўку паўстаньня на ўсёй тэрыторыі Польшчы. У самы год паўстаньня, па загаду з Парыжу, "Цэнтральны Народны Комітэт" зьмяніў свой асабовы склад і быў названы "Часовы Народны Жонд", існаваўшы аж да канца паўстаньня, праўда зьмяняючы склад сяброў у залежнасьці ад узмацненьня то белых, то чырвоных.
Справа ў тым, што варшаўская паўстанчаская організацыя была якбы копіяй парыскай і ў ёй таксама было два кірункі — белых і чырвоных, якія вялі паміж сабой змаганьне. Барацьба іх у "Варшаўскім Жондзе" ў часе паўстаньня яшчэ больш абгострылася, і ў залежнасьці ад ходу паўстаньня перавагу ў кіраўніцтве паўстаньнем бралі то белыя, то чырвоныя. Апрача гэтых двох організацыйных цэнтраў (Парыж, Варшава) у пачатку шасьцідзесятых гадоў з двох пецярбурскіх падпольных польскіх гурткоў (вайсковага і цывільнага, на чале іх стаялі Серакоўскі і Агрызка) злажылася "Пецярбурская рэволюцыйная організацыя". К моманту яе ўтварэньня лік сяброў організацыі перавышаў 1 000. Амаль што ўся польская, беларуская і літоўская моладзь — студэнты, афіцэрства, чыноўніцтва — якая была ў Пецярбургу, уваходзіла ў гэтую консьпірацыйную організацыю. Гэта організацыя мела вялікія матар'яльныя сродкі, карысталася аўторытэтам і мела ўплыў на паўстанцкія організацыі ў Польшчы, Літве і Беларусі.
Гэты аўторытэт і ўплыў пецярбурская організацыя, трымаўшая цесную сувязь з белымі Варшавы і Парыжу і меўшая адтуль пэўныя інструкцыі, выкарыстала дзеля падмогі белым на Беларусі, як мы гэта ўбачым далей.
Пецярбурская організацыя часта ладзіла так званыя "літаратурныя вечары", на якіх чыталася падпольная рэволюцыйная літаратура, пераважна датычачая польскай справы. Пасьля чытаньня пачыналіся гарачыя спрэчкі на політычныя тэмы і на тэмы аб падгатоўцы паўстаньня проці расійскага самаўладзтва. аб межах будучай Польшчы, аб лёсе Літвы, Беларусі, Украіны і г. д.
На гэтых сходах прысутнічае будучы чырвоны дыктатар Беларусі — Кастусь Каліноўскі і вырабляе свае політычныя погляды і пляны сваёй будучай чыннасьці на бацькаўшчыне.
На гэтых сходах часта чыталася расійская падпольная рэволюцыйная часопісь "Колокол", якую выдавалі ў Лёндане расійскія рэволюцыянэры — Гэрцэн7 і Бакунін8. У часопісі "Колокол" апошнія гады перад польскім паўстаньнем 1863 году часта друкаваліся артыкулы Гэрцэна ці Бакуніна па польскаму і наагул славянскаму пытаньням, пры чым аўторы горача агітавалі за поўнае вызваленьне Польшчы, Літвы, Беларусі, Фінляндыі і іншых краін, прыгнечаных самаўладнай Расіяй.
Эмігранцкі рэволюцыйны гурток Гэрцэна і Бакуніна меў цесныя сувязі з польскімі эмігранцкімі організацыямі, а таксама меў уплыў на збліжэньне расійскіх і польскіх падпольных організацый на мяйсцох, у Расіі і ў Польшчы. Як расійскія гэтак і польскія організацыі мелі адну агульную мэту — скінуць самаўладзтва ў Расіі, і часта гэта супольнасьць імкненьняў зьвязвала організацыі па соцыяльнай істоце сваёй зусім процілежныя.
Праўда, тут трэба сказаць, што на грунце соцыяльным і нацыянальным паміж расійскімі і польскімі організацыямі ня раз узьнікала гострая полеміка. Як на прыклад полемічных выпадаў проці польскіх белых плянаў можна паказаць на політычныя працы Бакуніна. Дзеля таго, што ідэі Бакуніна і Гэрцэна мелі бязумоўна вялікі ўплыў на Каліноўскага мы троха затрымаемся на гэтых асобах і іх думках, якія датычаць польскага і беларускага пытаньня.
Студэнцкія гады Каліноўскага акурат прыпадаюць на пэрыод найвялікшага ўплыву гэрцэнаўскай часопісі "Колокол" у пецярбурскіх падпольных гурткох. Гэрцэн і Бакунін, як мы ўжо казалі, былі дружны з эмігранцкімі групамі польскіх політычных дзеячоў і таму ў часопісі "Колокол" зьмяшчалі артыкулы, бараніўшыя польскуіо справу. Часьцей за другіх пісаў аб польскім пытаньні сам Гэрцэн. У цэлым шэрагу артыкулаў ён выявіў свае погляды на польскую проблему[3]. Баронячы права польскага народу на нацыянальную і культурную аўтономію і нават на поўную дзяржаўную сэпарацыю ад Расіі, Гэрцэн, аднак, ня годзіцца з плянам польскіх політычных дзеячоў адбудаваць Рэч Пасполітую ў гістарычных межах 1772 году, г. зн. прылучыць як польскія провінцыі Беларусь, Літву і Ўкраіну. Ён моцна крытыкуе польскіх дэмократаў у пытаньнях соцыяльных і політычных, протэстуючы проці адраджэньня Польшчы арыстократычна-шляхоцкай, Польшчы прыгону над сялянамі і вымагае, каб нацыянальнае вызваленьне польскага народу адбывалася разам з соцыяльным. Пачынаючы ад канца 1862 году, часопісь "Колокол" вядзе гарачую агітацыю на карысьць польскае справы, каб падгатаваць расійскіх рэволюцыянэраў да спачуцьця й актыўнай дапамогі палякам у часе іхняга паўстаньня.
Гэткі рашучы паварот на карысьць Польшчы сярод гэрцэнаўскае групы пачаўся пад уплывам і пры актыўным удзеле Бакуніна. Яшчэ ў 1847 г. у Парыжы ён выступіў з вялікай і агнявой прамовай на польскім сходзе ў памяць 17-ай гадавіны першага польскага паўстаньня. У сваёй прамове Бакунін клікаў палякаў і расійцаў да згоды, каб разам, агульнымі сіламі весьці барацьбу з дэспотызмам Мікалая I.
У 1861 годзе Бакунін, уцёкшы з Сібіры, дзе ён быў у ссылцы, прыяжджае ў Лёндан і з надзвычайнай энэргіяй і запалам аддаецца польскай справе, займаецца консьпірацыйнай працай па падгатоўцы польскага паўстаньня і ўцягвае ў гэтую працу Гэрцэна. У гэты час Бакунін піша сваю адозву — "Российским, польским и всем славянским землям", у якой выяўляе свае погляды на нацыянальную проблему польскага народу, а разам з тым беларускага, літоўскага і ўкраінскага.
Бакунін жадаў, каб польскае паўстаньне было паўстаньнем мас і было скірована ня толькі проці расійскага дэспотычнага ўраду, але таксама і проці польскіх паноў-шляхты і расійскіх памешчыкаў. Ён хацеў, каб зьдзейсьніўся "вольны саюз Сялянскай Расіі і Хлопскай Польшчы". Ён вымагаў, каб польскае паўстаньне было сыгналам для паўстаньня працоўнага люду Беларусі, Літвы і Ўкраіны, які выявіць сваю волю да самаазначэньня і потым створыць вольную фэдэрацыю асобных дзяржаў ці з Расіяй, ці з Польшчай, як сам таго захоча. Але побач з гэтым Бакунін добра ведаў прэтэнзіі белых польскіх груп на прылучэньне да Польшчы Украіны, Літвы, Беларусі і таму часта падкрэсьлівае права гэтых краін на незалежнасьць і вымагае ад палякаў адмовіцца ад іх імпэрыялістычных плянаў.
На літаратурных вечарох польскай "Пецярбурскай рэволюцыйнай організацыі" ўсе артыкулы часопісі ”Колоколаўстаньнем працоўных мас” і асобныя адозвы Бакуніна, як датычныя польскага пытаньня, надта падрабязна і ўсебакова разважаліся і выклікалі гарачыя спрэчкі. Каліноўскі, прыймаючы ўдзел у гэтых разважаньнях і спрэчках, адразу стаў на бок чырвоных і выразна адзначыўся сваім радыкалізмам у пытаньнях політычных і соцыяльных.
Што да нацыянальнага пытаньня, дык трэба думаць, будучы чырвоны дыктатар Беларусі і тагды ўжо прадчуваў магчымасьць спрэчак з белай Варшавай, магчымасьць барацьбы з імпэрыялістычнымі апэтытамі польскай шляхты, як гэта і спраўдзілася ў часе самага паўстаньня.
- * *
1862 год быў годам кіпучай і пляновай падгатоўкі польскага паўстаньня. Побач з політычнымі і рэлігійнымі дамонстрацыямі ў розных гарадох Польшчы, Беларусі і Літвы ў падпольлі йшла сьпешная падрыхтоўка аружных выступленьняў. У Варшаве заместа быўшага "Варшаўскага Гарадзкога Комітэту", быў утворан "Цэнтральны Народны Комітэт", які павінен быў кіраваць паўстанцкай чыннасьцю ва ўсёй Польшчы, а таксама даваць загады і інструкцыі паўстанцкаму комітэту на Літве і Беларусі.
У гэтым-жа 1862 годзе ў Вільні быў організаваны падпольны паўстанчаскі ўрад — "Літоўскі Комітэт", які офіцыйна лічыўся аддзелам "Цэнтральнага Комітэту". Літоўскі Комітэт адразу падзяліўся на дзьве варожыя часткі — "белых" і "чырвоных", аналёгічна таму, як гэта было ў Комітэтах у Варшаве і Парыжы. Прадстаўнікамі белых былі буйныя земляўласьнікі — шляхта, як старшыня горадзенскай шляхты Старжынскі9, старшыня менскай шляхты Лаппа10, паны земляўласьнікі Аскерка11, Еленскі12 і інш.
Група чырвоных складалася з рэволюцыйна настроенай зьбяднеўшай шляхты, дробнага чыноўніцтва і інтэлігэнцыі.
У выніку барацьбы белых і чырвоных створаны былі два, асобна працуючых на справу паўстаньня, комітэты, прычым у часе паўстаньня то адзін то другі бралі верх у кіраўніцтве паўстаньнем у залежнасьці ад перавагі ці паражэньня аднайменных партый у Варшаўскім комітэце.
Абмінаючы падрабязнае і хронолёгічнае апісаньне падзей у Варшаўскім Комітэце і ход паўстаньня ў самай Польшчы, спынімся на чыннасьці Літоўскага Комітэту і разгледзім ход паўстаньня на Беларусі.
У пачатку 1862 году "Пецярбурская рэволюцыйная організацыя" пасылае Кастуся Каліноўскага ў Вільню для працы ў Літоўскім комітэце. Каліноўскі, як чырвоны, уваходзіць у чырвоны паўстанчаскі комітэт, каторы ад гэтага моманту пачынае набываць моц, дысцыпліну і яшчэ адважней выступае на абарону чырвоных плянаў.
У той час Віленскі чырвоны комітэт складаўся з чатырох асоб: капітана гэнэральнага штабу Зьвірждоўскага13, двох быўшых афіцэраў расійскай арміі — Малахоўскага14 і Вэрыга15 і доктара Длускага16. Каліноўскі ўваходзіць пятым, як поўнапраўны сябар комітэту. Тут Каліноўскі бліжэй пазнаёміўся з буржуазна-шляхоцкімі мэтамі паўстаньня белых комітэтаў — Віленскага і Варшаўскага. Тут ён зразумеў, што польскія магнаты і польскія абшарнікі такія-ж самыя ворагі польскаму і беларускаму сялянству, як і расійскія самаўладцы, проці якіх ладжана было паўстаньне. Што белыя толькі прымусова, з-за немагчымасьці самім блізка падыйсьці да працоўнага люду, паразумецца з ім і ўцягнуць яго ў паўстаньне, зносяць існаваньне чырвоных. Стала ясна, што белыя, шчаміўшы зубы, сяк-так годзяцца працаваць побач з чырвонымі, на якіх яны глядзяць як на часовую, толькі тэхнічна карысную організацыю, за чыёй сьпіной можна было рабіць сваю справу, дабівацца сваіх мэтаў, а ў разе ўдачы можна будзе латва і нож усадзіць у гэтую чырвоную сьпіну.
Але перад тым, як распачаць рашучую і бязьлітасную барацьбу з белымі, якія пакуль яшчэ ня мелі сілы і хітра хавалі камень за пазухай, Каліноўскі рашыў праверыць свае чырвоныя пляны — пасколькі яны маюць грунт у сялянскіх гушчах. Ён рашыў зусім блізка падыйсьці да беларускага селяніна, змардаванага польскай паншчынай, і даведацца "на ўласныя вочы і вушы" аб жаданьнях беларускай вёскі.
У восень 1862 году Каліноўскі астатні раз едзе да бацькоў у родную Якушоўку. На другі дзень ён мусіў ужо ўцякаць, бо паліцыя адразу даведалася аб ім, і з мястэчка Сьвіслач быў камандыраваны паліцэйскі атрад, каб арыштаваць яго.
Ад гэтага часу Каліноўскі, перабраўшыся ў сялянскую вопратку і назваўшыся "Васіль Сьвітка", пачынае хадзіць па Горадзеншчыне з вёскі ў вёску, агітаваць сярод сялян і прыслухоўвацца, што гавора і чым жыве беларускі земляроб. Паліцыя сачыла за ім і шмат разоў хацела арыштаваць, але ён, як нечакана зьяўляўся, гэтак-жа нечакана і зьнікаў. У тых аколіцах, дзе "Васіль Сьвігка" бываў часьцей, сяляне стварылі цэлыя легэнды аб ім, спачуваючы яму як чалавеку, каторы клікаў на барацьбу з "маскалямі" і польскімі панамі і зьбіраўся "рэй вадзіць" (кіраваць паўстаньнем).
Вандруючы па вёсках, корчмах і панскіх дварох, Каліноўскі пераканаўся ў праўдзівасьці сваіх думак аб паўстаньні. Ён ясна ўбачыў, што паўстаньне толькі тагды будзе мець моц і ўдачу, калі падымецца і возьмецца за аружжа сялянства. А падняць усё беларускае сялянства на барацьбу за вызваленьне панскай Польшчы, як аб гэтым лятуцелі белыя ў Варшаве, ня ўдасца, і вось чаму.
Белыя, будуючы свае пляны ў готэлях Парыжу і палацах Варшавы, "забыліся" аб тым, што на Беларусі інтарэсы польскага панства і беларускага сялянства ў корані воражы паміж сабой, воражы падвойна: экономічна і нацыянальна.
Каб з'агітаваць і падняць на аружнае паўстаньне беларускіх сялян, трэба было выразна паказаць ім, што справа йдзе аб вызваленьні іх ад чужацкага прыгону і зьдзеку — і польскага і расійскага — і што ў нагароду за ўдзел у паўстаньні сяляне атрымаюць зямлю, адабраную ад паноў. А гэтага якраз найбольш і палохаліся белыя, згаджаючыся ў крайнім выпадку на няясныя абяцаньні сялянам паляпшэньня іх долі.
Калі Каліноўскі добра ўсьвядоміў сабе запраўдны стан рэчаў, ён на першае мейсца ў сваім пляне барацьбы паставіў зямельнае пытаньне ва ўсёй шырыні: адняць ад паноў усю зямлю сілаю і аддаць яе сялянам. Побач з ім паставіў пытаньне нацыянальнае — каб даць зразумець беларускім сялянам, што яны будуць змагацца за вызваленьне з чужацкага ярма, якое накінулі яму польскі пан і расійская царская ўлада.
У залежнасьці ад такой пастаноўкі пытаньня, Каліноўскі хацеў і самую тэхніку паўстаньня зьмяніць пасвойму: цэнтр вагі барацьбы перанесьці ў масы, якою павінны кіраваць людзі блізкія ёй — сяляне, дробная бедная шляхта — якім сяляне верылі-б і слухалі. У цэнтральныя кіраўнічыя організацыі таксама ўвесьці больш сялян, каб праз іх зьвязацца з масамі, каб масы ведалі, што ёю кіруюць свае людзі, а не паны-абшарнікі.
Так пабудаваўшы плян паўстаньня на Беларусі, Каліноўскі хацеў дасягнуць дзьвёх мэтаў: паставіць перад вачыма беларускага сялянства польскае панства як клясавага і нацыянальнага ворага, каб у самым процэсе паўстаньня, кіраванага мужыцкай рукой, сялянства нямінуча з ім стрэлася, а па-другое, шляхам поўнай перадачы зямлі сялянам, бяз выкупу, аслабіць сярод іх уражаньне аграрнай рэформы 19 лютага 1861 г. і гэтым падняць дух дзеля змаганьня з расійскім царскім гнётам.
Пасьля доўгай вандроўкі па вёсках, Каліноўскі варочаецца ізноў у Вільню й пачынае ўпартую агітацыю й барацьбу сярод членаў Літоўскага комітэту за прыняцьце свайго пляну.
Пад уплыў Каліноўскага падпадаюць усе сябры комітэту, апрача капітана Зьвірждоўскага, які ўважна сачыў за ўзмацаваньнем белых у Варшаўскім комітэце і, каб дагадзіць апошняму, воража ставіўся да чырвоных плянаў новага сябра.
- * *
Надышоў 1863 год. У Польшчы пачалося паўстаньне. Адразу ў 17 гарадох (Плоцк, Радом, Бяла, Мазовецк і інш.) уночы з 10 на 11 студзеня зроблены былі напады на расійскія войскі. Гэта было сыгналам для агульнага паўстаньня. Але такога масавага ўздыму польскіх сялян, якога чакаў Варшаўскі комітэт ня было. Організаваныя агэнтамі партызанскія атрады хаваліся па лясох і рабілі партызанскія налёты на расійскія войскі. Праз увесь год цягнулася партызанская вайна, і што месяц далей, то сілы паўстанцаў зьмяншаліся, бо кожная новая няўдача надта адбівала ў сялян ахвоту падтрымліваць паўстаньне, мэты якога былі мала зразумелы сялянам, а галоўнае — што паўстаньнем кіравалі паны-абшарнікі і магнаты, адвечныя ненавісныя прыгоншчыкі.
На Беларусі і Літве паўстаньне пачалося крыху пазьней, бо ў Літоўскім комітэце цягнулася барацьба паміж чырвонымі і белымі. Сам Комітэт падзяліўся на дзьве часткі, так што фактычна ў Вільні было два комітэты — чырвоны і белы. Пасьля таго, як з чырвонага комітэту вышаў кап. Зьвірждоўскі (ён па загаду расійскай улады быў пераведзены на службу у Маскву), чырвоны комітэт цалком падпадае пад уплыў Каліноўскага. Апошні вымагае адмовіцца ад падпарадкаваньня Варшаўскаму комітэту і так ладзіць справу паўстаньня, каб зьдзейсьніць чырвоныя пляны.
Варшаўскі комітэт, даведаўшыся аб утварэньні ў Вільні двох комітэтаў і аб узмацненьні чырвоных, назначае заместа вышаўшага кап. Зьвірждоўскага новага сябра — Дюлёрана17. Апошні быў заўзяты прыхільнік белых плянаў і, прыехаўшы ў Вільню, увайшоў адначасна ў абодва комітэты з мэтаю пагадзіць іх. Гэтым ён хацеў параліжаваць сэпаратызм чырвоных. Але ўбачыўшы, што абыйсьці чырвоных на чале з Каліноўскім немагчыма, Дюлёран падаў вестку ў Варшаву, што чырвоны Літоўскі комітэт пад уплывам Каліноўскага, апрача працы па падгатоўцы паўстаньня, займаецца яшчэ агітацыяй і дзейнасьцю на карысьць нацыянальнай аўтономіі Беларусі і Літвы, падбухторвае сялян проці паноў-земляўласьнікаў і мае на мэце зрабіць соцыяльную рэволюцыю.
Данос Дюлёрана спалохаў Варшаўскі комітэт, і ён рашыў аслабіць небясьпечную працу Літоўскага комітэту. 3 гэтаю мэтаю ён патаемна назначае ва ўсе беларускія паветы сваіх агэнтаў дзеля збору грошы на справу паўстаньня, уводзячы такім чынам на гэту тэрыторыю сваіх людзей, зьвязаных беспасрэдна з Варшавай.
Каліноўскі-ж у свой чарод патаемна ўтварае цесную сувяэь з чырвонаю групаю Варшаўскага комітэту, каб гэтым забясьпечыць сваю організацыю ад нечаканага нападу з боку сваіх політычных ворагаў.
Між тым узброеныя паўстанчаскія атрады, організаваныя на тэрыторыі Беларусі і Літвы, пачалі сваю дзейнасьць. Праз нейкі час чырвоныя і белыя, як у Варшаве так і ў Вільні, захопленыя кіраўніцтвам партызанскай вайны, працавалі нібы згодна. Белыя не перашкаджалі чырвоным кідаць многа атрадаў у бой, наадварот — яны патуралі гатаму, спадзяючыся, што сілы чырвоных атрадаў зьменшацца, распыляцца і тагды лёгка будзе захапіць усё кіраўніцтва паўстаньнем у свае рукі. Запраўды так і сталася. К пачатку сакавіка атрады чырвоных, дзякуючы няўдачам і пазбаўленыя актыўнай дапамогі агульных партызанскіх сілаў, аслабелі, і чырвоныя комітэты часова палі духам. Белыя карыстаюцца гэтым момантам, утвараюць пераварот у Варшаўскім комітэце і захопліваюць кіраўніцтва ў свае рукі. Адначасна даецца загад у Вільню, каб чырвоны Літоўскі комітэт быў абвешчан распушчаным.
Каліноўскі, які даведаўся аб зьбіраньні грошаў на Беларусі варшаўскімі агэнтамі і раскусіў "дыплёматыю" Дюлёрана, на адным з пасяджэньняў свайго комітэту выступае з гостраю крытыкаю Варшаўскага комітэту. Калі-ж Дюлёран пачаў бараніць варшаўскія пляны, Каліноўскі ў запале спрэчкі схапіў Дюлёрана за каўнер і сілаю выкінуў яго з салі пасяджэньня.
Урэшце загад з Варшавы аб скасаваньні чырвонага комітэту быў выкананы, бо ўсе сябры комітэту, апроч аднаго Каліноўскага, моўчкі прынялі факт разгону. Каліноўскі-ж піша энэргічны протэст у Варшаву і аддае яго Дюлёрану для перадачы белым. Але гэты апошні, ня хочучы рабіць прыкрасьці свайму "начальству", цэлыя тры месяцы носіць протэст у кішэні, нікому не паказваючы яго.
I ўсё-ж-ткі, ня гледзячы на гэты протэст і на выразную воражасьць яго аўтора да політыкі Варшаўскага к-ту, апошні назначае камісарам у Горадзеншчыну нікога іншага як Каліноўскага, бачачы ў ім асобу на дзіва энэргічную, здольную і карысную для справы паўстаньня. Але Каліноўскі на гэтым не супакоіўся: упатайку, разам з другім сябрам Літоўскага к-ту першага складу — Малахоўскім, ён працуе над плянам новага перавароту і захапленьня ўлады на Беларусі і Літве.
Варункі ходу паўстаньня спрыялі таемнаму пляну Каліноўскага. Паўстанцкія атрады, кіраваныя "даводцамі" па загаду з Варшавы, ня мелі ўдачы. Паны-абшарнікі спалохаліся першых няўдач і пачалі ўхіляцца ад грашовай і іншай дапамогі паўстанцам. Новы Літоўскі к-т не спагадаў адважным выступленьням дробных атрадаў Каліноўскага і пачаў спыняць іх, каб гэтым аслабіць узмацненьне яго організацыі.
Такім чынам стварылася дэзорганізацыя паўстанчага руху, а гэта давала магчымасьць расійскім войскам разьбіваць і ліквідаваць паасобныя паўстанцкія групы.
Няўдачы буржуазна-шляхецкай партыі "белых" узмацнялі становішча чырвоных, і Каліноўскі ізноў высоўваецца на першы плян. Калі-ж галоўная надзея Варшаўскага к-ту — камандуючы ўсімі паўстанчымі сіламі Літвы і Беларусі — Серакоўскі18 з яго шматлічэбным войскам быў разьбіты і ўзяты ў палон, Каліноўскі карыстаецца панікай Варшаўскага к-ту, ізноў забірае ўсю тэрыторыю Беларусі пад свой уплыў і разгортвае організацыйную і ваенную чыннасьць з надзвычайным посьпехам.
Расійскі ўрад, убачыўшы, што паўстаньне ня спыняецца, але што далей то болей узмацняецца, назначае дзеля хутчэйшай ліквідацыі паўстаньня гэнэрала Мураўёва, дае яму самыя шырокія паўнамоцтвы і пасылае ў Вільню. Мураўёў прыяжджае ў Вільню ў маі 1863 году і адразу пачынае караць сьмерцю злоўленых выдатных кіраўнікоў паўстаньня. Адначасна абвяшчае пастанову, згодна якой увесь цяжар адказнасьці за паўстаньне ўскладаецца на паноў-земляўласьнікаў. Гэта адразу прымусіла паноў-шляхту з жахам адкаснуцца ад актыўнай дапамогі паўстанцам. Пачаліся сэквэстры панскіх земляў на карысьць расійскага скарбу, масавыя ссылкі ў Сібір на катаргу, вешаньне і растрэлы паўстанцаў направа і налева.
У Варшаўскім комітэце пачалася паніка, і ён рашыў часова распусьціць свае організацыі, ліквідаваць партызанскія атрады, схаваць аружжа — адным словам замясьці ўсе сьляды і чакаць пакуль эўрапэйскія дзяржавы не падтрымаюць Польшчу ў яе барацьбе за вызваленьне.
Літоўскаму комітэту белага складу таксама не шанцавала: амаль што ўсіх сябраў комітэту расійская ўлада арыштоўвае і кідае ў цытадэлю.
Уцалеўшыя ад разгрому партызанскія атрады на мясцох засталіся без кіраўніцтва, хаваліся па лясох і чакалі загадаў.
Гэтым момантам і карыстаецца Каліноўскі. Ён прыяжджае з Горадзеншчыны ў Вільню, падбірае новых пэўных людзей і організуе новы паўстанчаскі патаемны ўрад. Каб вызваліцца ад падпарадкаваньня Варшаўскаму к-ту і забясьпечыць сабе свабоду рэволюцыйнай чыннасьці, Каліноўскі абвяшчае сябе дыктатарам Беларусі і Літвы як асобнай незалежнай дзяржаўнай адзінкі. Насьпех зложаны новы ўрад, з Каліноўскім на чале, пачынае гарачую працу, каб падтрымаць паўстанцкі рух, пашырыць яго і вясьці барацьбу далей, ня гледзячы ні на якія перашкоды, не зьвяртаючы ўвагі на паніку Варшаўскага комітэту.
Але пара, спрыяючая паўстаньню, ужо прамінала. Агэнты расійскага ўраду пачалі моцную агітацыю сярод беларускіх і літоўскіх сялян, што нібы паўстаньне робіцца польскімі панамі-абшарнікамі дзеля таго, каб узмацаваць свой панскі прыгон над беларускай і літоўскай вёскай, каб затрымаць вызваленьне сялян і надзяленьне іх панскай зямлёй, як гэта абяцаў царскі маніфэст ад 19 лютага 1861 году.
I трэба сказаць, шго гэта провокацыйная агітацыя мела значны посьпех сярод сялянства. Справа от у чым.
Яшчэ ў часы падгатоўкі сялянскай рэформы 61 году, панства Літвы і Беларусі аславілася сваёй нянавісьцю да сялянства. Яно падало расійскаму ўраду свой проэкт вызваленьня сялян, у якім прапанавалі вызваліць сялян без зямлі. Гэта азначала пусьціць сялян жабракамі, даць ім так званую "воўчую волю". Нават царска-прыгоншчыцкі ўрад не згадзіўся на такую прапазыцыю.
Маніфэст аб вызваленьні сялян быў падпісаны Аляксандрам II 19 лютага 1861 году. Маніфэст не здаволіў сялян, бо не адпавядаў іх жаданьням, і сярод сялян хадзілі чуткі, што гэта падроблены маніфэст, а праўдзівы маніфэст схован панамі.
На аснове маніфэсту беларускі селянін вызваляўся з няволі як асоба, бяз выкупу, затое ён павінен быў выкупіць у пана тыя кавалкі зямлі, каторыя ён ад пана атрымаў. Выкуп за зямлю быў назначаны вельмі высокі... Цана зямлі была падвышана на 25%. Гэтая падбаўка была нічым іншым, як схаваным выкупам з няволі асобы селяніна...
Ідучы на спатканьне паном, каторыя хацелі як мага больш пакінуць за сабой зямлі, урад увёў у палажэньне так-званыя "дармовыя надзелы". Пану давалася права даваць па згодзе з сялянамі зямлю бяз выкупу ў разьмеры 1/3 нормальнага надзелу. Мужыкі назвалі гэтыя надзелы "жабрацкімі"; на Беларусі жабрацкі надзел = 11/2 – 12/3 дзесяціны. На гэтым грунце вядома было шмат злакарыстаньняў. Каб угаварыць сялян, пускалася ў ход гарэлка; часамі застрашалі забітае сялянства ўсялякімі страхамі, а часам проста секлі розгамі. Так ці йначай на жабрацкі надзел было пасаджана многа сялян. Калі дадаць да гэтага, што дваровым пры вызваленьні зусім не давалася надзелаў, і што лік дваровых на Беларусі быў вельмі значны, то адсюль становіцца яснай прычына безьзямельля на Беларусі.
Рэформа адразу ўтварыла вялікі лік зусім безьзямельных сялян, бабылёў, каторыя злажылі вясковы пролетарыят і векавечных арэндатараў казённых, царкоўных і прыватна-ўласьніцкіх земляў... Для панскіх маёнткаў былі забясьпечаны амаль-што дармовыя сялянскія рабочыя рукі, як сэзонных так і для сталых наймаў... Вечная бяда гнала селяніна ў панскі двор, дзе ён, як ласкі, шукаў працы, каб не памерці з голаду... Такім чынам вызваленьне сялян мела чыста знадворны, паказны характар"[4].
Адзін з супрацоўнікаў гэн. Мураўёва — І. А. Нікотін19, які аб'яжджаў у 1864 годзе Беларусь і Літву па справах правядзеньня сялянскай рэформы, піша ў сваіх "Запісках": "Паны, дзякуючы імі-жа ўложаным на імя ўраду "устаноўчым граматам" і шляхам правядзеньня сыстэмы перасяленьня, абезьзямельваньня і прызначаньня горшых надзелаў, паставілі вясковае жыхарства ў саўсім бязвыхаднае становішча. Мне давялося пачуць ад аднаго селяніна Менскай губэрні прыслоўе: "наша воля — горкая доля". І запраўды, справа была гэтак пастаўлена, што селянін разам з воляю пападаў у поўную кабалу паном. Самі паны казалі, што з вызваленьнем сялян, яны былі-б у поўнай меры забясьпечаны, але перашкодзіла паўстаньне"[5].
Зразумела, што беларускія сяляне, бачыўшы і паспьггаўшы на ўласнай сьпіне, як польскае панства праводзіць расійскую рэформу вызваленьня, лёгка паддаваліся на провокацыю мураўёўскіх агэнтаў.
Былі пушчаны, як мы ўжо казалі, чуткі, нібы польскія паны паднялі паўстаньне адзіна толькі з мэтаю абароны адвечнага прыгону і зьдзекаў над беларускім "хлопам". Калі-ж да гэтага дадаць, што паўстанцкімі атрадамі кіравалі паны-земляўласьнікі, з якімі сялян нішто ня злучала, што калі нават зьяўляліся чырвоныя організатары, дык сяляне блыталі іх з панамі, то будзе зусім ясным, чаму сялянскія масы ці пасыўна, ці воража ставіліся да справы паўстаньня, і чаму расійская ўрадавая агітацыя мела посьпех па беларускіх вёсках.
Адначасна з гэтай надта шкоднай для паўстаньня агітацыяй і цэлым шэрагам адміністрацыйна-паліцэйскіх загадаў, Мураўёў організуе па вёсках атрады так-званай "сельскай стражы", якая складалася з адных сялян, прымушаных пад страхам кары сачыць і лавіць паўстанцаў або паведамляць аб іх бліжэйшаму начальству.
Каліноўскі, які ўвесь час імкнуўся сялян уцягнуць у паўстанцкі рух, які галоўным чынам на сялян пакладаў найвялікшыя надзеі, калі даведаўся аб організацыі "сельскай стражы", адразу пачуў у ёй сьмяртэльную небясьпеку для справы паўстаньня.
Ён пачынае рабіць сьпешныя контр-захады, каб утрымаць сялян ад службы ненавіснаму царскаму ўраду. Але праз кароткі час убачыў, што сяляне, з'агітаваныя проці паноў, вельмі ахвотна дапамагаюць расійскаму войску душыць паўстаньне. 3 другога боку польскае панства, якое сваім удзелам фактычна скомпромітавала чырвоных і папсавала справу паўстаньня на Беларусі, цяпер, каб уратаваць сваю скуру і асабліва свае маёнткі, ухіляецца ад дапамогі і нават перакідаецца на старану расійскага ўраду і разам з ім вядзе барацьбу з чырвонымі.
Астаўся адзіны спосаб падтрымаць паўстанцкі дух — бязьлітасны тэрор да ўсіх трусоў і здраднікаў. Урад Каліноўскага організуе рэволюцыйны трыбунал і атрады кінжальшчыкаў, якія выконвалі загады гэтага трыбуналу. І як толькі перапуджаная мясцовая шляхта пачала зьбіраць паміж сябе подпісы на "всеподданнейший адрес", "padać do nóg" расійскаму цару і прасіць літасьці за свае "абмылкі", чырвоны трыбунал ужо намеціў свае ахвяры. Першым актам тэрору быў напад кінжальшчыкаў на старшыню віленскай шляхты Домэйко, які зьбіраў подпісы і сам падпісаўся пад "чалабітнаю" расійскаму цару. Гэта паслужыла таму, што загады мураўёўскай адміністрацыі былі падтрыманы панамі, якія дакладалі ня мала стараньняў. каб выкрыць цэнтральную консьпірацыйную організацыю Каліноўскага.
Праз нейкі час віленская паліцыя натрапіла на сьлед організацыі. Трое з сябраў патаемнага ўраду — Ціт Далеўскі20, Здановіч21 і Дарміноўскі22 арыштоўваюцца. Дарміноўскі быў паўстанчаскім камісарам Віленскай губэрні; Далеўскі — быўшы студэнт Маскоўскага ўнівэрсытэту, чалавек надзвычайнай энэргіі — быў бліжэйшым супрацоўнікам Каліноўскага і рассылаў усе яго загады; Здановіч — кандыдат Пецярбурскага ўнівэрсытэту — загадваў усёй гаспадарчай і грашовай часткаю паўстаньня. Здановіч быў арыштаваны на Зарэччы: "Там, на заднім надвор'і, у адным з хлявоў за дровамі, быў пабудаваны ім патаемны пакойчык з невялічкім ваконцам, выходзіўшым на саўсім глухі бераг ракі Вілейкі, дзе Здановіч і займаўся падпольнай працай. У часе вобыску ў гэтым пакоі былі ўзяты рэволюцыйная пячатка, розныя блянкі, загады падпольнага комітэту і іншыя паўстанчаскія дакумэнты"[6].
Усе трое арыштаваныя сябры ня выдалі тайны організацыі, ня гледзячы на дамаганьні паліцыі і нават на абяцаньні Мураўёва даць ім поўную свабоду за паказаньне штабу Каліноўскага. Усе трое былі павешаны ў Вільні: Здановіч і Дарміноўскі ў сьнежні 1863 году, а Далеўскі ў пачатку студзеня 1864 г.
Засталіся на волі толькі двое: Малахоўскі і Каліноўскі. У хуткім часе Малахоўскі ўцякае ў Пецярбург, адкуль, ратуючыся ад паліцыі, выяжджае заграніцу.
Організацыя, пабудаваная ў такіх цяжкіх умовах і з надзвычайнымі высілкамі — распалася.
Не пакінуў Вільню толькі Каліноўскі. Ён адзін аставаўся цьвёрдым, непахібным і верыў, што справу паўстаньня магчыма паправіць.
26 жніўня 1863 году Мураўёў абвяшчае загад, па якому кожны, злоўлены з аружжам у руках, прысуджаецца на мейсцы на сьмерць палявым судом у 24 гадзіны; усім паўстанцам і самохаць зьявіўшымся да начальства і прынёсшым аружжа, давалася выбачэньне. Гэты загад уплываў на маладушных, і многа паўстанцаў прыходзілі да начальства — каяцца. Упадак духу ў паўстанцкіх атрадах, хаваўшыхся па лясох, пачаў шырыцца з прыходам сьцюжы. Нястача цёплай адзежы і стравы, жыцьцё па лясох сярод сьнегу і марозу зьмяншалі лічбу байцоў і адымалі надзею на перамогу.
А чырвоны дыктатар Беларусі, хаваючыся што называецца "пад самым носам" Мураўёва-вешацеля ў Вільні, ня траціць дарма ніводнай хвіліны і вядзе няўпынную і няўтомную консьпірацыйную працу. Нанова організуе сувязь з паасобнымі паўстанцкімі атрадамі, знаходзіць здольных і пэўных людзей, прыймае ганцоў з мейсц, гарачымі адозвамі і дыктатарскімі загадамі падтрымоўвае падаючы дух паўстанцаў, просячы іх пратрымацца толькі да цёплай вясны, калі лічба партызанаў ізноў павялічыцца, лягчэй будзе хаваць сьляды і зносіць недагоды паходнага жыцьця.
Увесь час зьмяняючы сваё запраўднае прозьвішча і пашпарты, апранаючыся ў розныя адзежы ўключна да жаночых, Каліноўскі з уласьцівай яму энэргіяй і таленнасьцю працуе дзеля падтрыманьня і пашырэньня паўстанцкага руху. І ўжо к канцу 1863 году ён даў адчуць гэн. Мураўёву і яго агэнтам, што пры ўсім знадворным спакоі, на Беларусі кіпіць падземная рэволюцыйная праца, кіруемая спрытнай і цьвёрдай рукой.
Трэба сказаць, што пры стварыўшыхся ўмовах, калі амаль усе паўстанцкія атрады былі разьбіты і дэмаралізаваны бесканечнымі няўдачамі, калі цэнтральны комігэт быў разбураны, калі паліцыя, войскі і адміністрацыя жалезным ланцугом заціснулі ўвесь край — пабудаваць організацыю нанова і так яе паставіць, каб яна зрабілася страшнай для расійскай улады ("паўстаньне было страшным ня лічэбнасьцю ўзброеных атрадаў, але сілаю і таемнасьцю рэволюцыйнай організацыі, якая пакрыла сваёй сеткай увесь край"[7]) — мог толькі чалавек з надзвычайнымі здольнасьцямі, чалавек з нязломнаю сілаю характару.
Што Кастусь Каліноўскі быў асобаю выключнай, аб гэтым гавораць усе гісторыкі, пісаўшыя аб 63 годзе.
3 боку політычнай дзейнасьці Каліноўскі выявіў сябе, як асоба, маючая ясную і акрэсьленую політычную програму: ён хацеў паўстаньне зрабіць паўстаньнем працоўных масаў, выкарыстаць яго як клясавае змаганьне беларускага сялянства з польскімі панамі-земляўласьнікамі. Ён хацеў шляхам паўстаньня правесьці аграрную і саслоўную рэформу і цераз дыктатуру і тэрор замацаваць сваю чырвоную ўладу — ён ішоў да соцыяльнай рэволюцыі. Ён ведаў, што змаганьне з клясавым ворагам — шляхтай павінна быць бесспагадным да канца, і таму ён часта казаў: "сякера не павінна спыняцца і над калыскаю шляхецкага дзіцяці"[8].
Каліноўскі ведаў таксама, што ў політычнай барацьбе нельга пакладаць усю надзею толькі на сякеру, што трэба яшчэ ўжываць іншыя мэтоды барацьбы. Ён добра разумеў моц агітацыі і таму залажыў у Беластоку патаемную друкарню, дзе друкаваў сваю газэтку "Мужыцкая Праўда" (вышла 6 (9?) нумароў)23, брашурку "Гутарка" і лістоўкі-адозвы да сялян. Усе гэтыя газэты і адозвы надрукаваны пабеларуску лацінікай і падпісаны псэўдонімам "Яська гаспадар з-пад Вільні[9].
Каліноўскі, у часе паўстаньня, апрача пытаньняў соцыяльных надта выразна высунуў яшчэ пытаньне нацыянальнае. Ён зразумеў, што беларускі народ церпіць падвойнае прыгнечаньне — экономічнае і нацыянальнае, і таму ў сваім пляне барацьбы рашуча адкідаў усякую залежнасьць Беларусі і ад панскай Польшчы і ад царскай Расіі. Як у польскіх так і расійскіх гістарычных працах аб паўстаньні 63 году, Каліноўскі выводзіцца небясьпечным сэпаратыстаю, які ня хоча прызнаваць ні Варшавы ні Масквы, а ўпарта стаіць за незалежнасьць Літвы (пад Літвою тагды разумелі ўвесь абшар быўшага Вялікага Княства Літоўска-Рускага — гэта знача Беларусь і Літву).
Так Ратч24, у яго "Свѣденіяхъ о польскомъ мятежѣ 1863 года", піша, што Каліноўскі разышоўся з Варшаўскім комітэтам у справе нацыянальнага пытаньня, "упарта праводзіў ідэю аб незалежнасьці Літвы" і часта казаў: "Гэткай бязглуздай галаве, як Варшава. нельга даверыць будучы лёс Літвы" (стр. 181).
У польскай гістарычнай працы — "Dwadzieścia pięć lat Rosyi w Polsce"[10] невядомы аўтор піша: "Гэта быў чалавек надзвычайна веруючы ў ідэю, як-бы выліты для народнай справы, запраўдны апостал беларускага народу — адзін з выдатных волатаў паўстаньня 1863 году" (стр. 67). Польскі гісторык Грабец25 у сваёй кнізе "Rok 1863"[11], у якой паміж іншым зьмешчан портрэт Каліноўскага, піша: "Рэволюцыйны Комітэт пад кіраўніцтвам Каліноўскага зусім ня меў сілы (?), а ўрэшце, падбухторваў народ сваім правінцыяльным сэпаратызмам і імкненьнямі да самастойнасьці Літвы, адарванай ад Польшчы".
Што-ж тычыцца Кастуся Каліноўскага, як асобы выключнай політычнай чэснасьці і надзвычайнай здольнасьці да організатарскай працы, асабліва консьпірацыйнай, то ўсе, нават заклятыя ворагі яго, аддаюць яму заслужаную пахвалу. "Гэта была натура гвалтоўная, але справядлівая, бяз ніякага ашуканства... Быў ён незамянімым прыкладным консьпіратарам, душой Комітэту... Гэты адзін чалавек тое значыў, што сотні, бо ўмеў працаваць, ахвяроўваць сябе і ўкрывацца... Яго называлі "хамам" і ён сам сябе гэтак называў і гардзіўся гэтым клічам, востра выступаючы проціў шляхты"[12].
Ня дзіва, што Каліноўскі, адзін астаўшыся ў Вільні, пакіраваў справу заміраючага было паўстаньня так, што чыннасьць чырвонага дыктатара спалохала гэн. Мураўёва. А Каліноўскі, "ня гледзячы на тое, што яго тыповы твар быў вядомы ўсім, нават паліцэйскім шпегам, жыў у Вільні зусім адкрыта. Ён заўсягды спацыраваў у гарадзкім садзе, абедаў у рэстаранах, і ніхто з адміністрацыі не прыкмячаў яго. Калі-б ён захацеў уцячы з Вільні і схавацца, то мог-бы гэта зрабіць ня меней як разоў дваццаць. Усе палякі, ведаўшыя яго, прапанавалі яму ўцячы, але ён чамуоьці не зрабіў гэтага"[13].
Мураўёў і яго адміністрацыя напружалі ўсе сілы, каб высачыць цэнтр чырвонага комітэту і яго кіраўніка — Каліноўскага. Думаючы, што ён знаходзіцца ў Менску, Мураўёў 3 студзеня 1864 году командыруе туды спэцыяльную комісію на чале з жандарскім палкоўнікам Лосевым26. Праца гэтай комісіі ўрэшце выкрыла ўсю менскую рэволюцыйную організацыю. Большая частка арыштаваных польскіх шляхціцаў шчыра прызналася ў прыналежнасьці да організацыі Каліноўскага. Адзін з гэтых арыштаваных, нейкі Парафіяновіч27, які адзін быў бліжэй за ўсіх да Каліноўскага і меў з ім перапіску, выявіў найбольш маладушша. Калі палкоўнік Лосеў запрасіў яго да сябе, лагодна пагутарыў з ім і абяцаў яму, калі ён раскрые організацыю і пакажа, дзе знаходзіцца Каліноўскі, поўнае прабачэньне віны — Парафіяновіч здрадзіў Каліноўскага.
Адзін з супрацоўнікаў Мураўёва, А. Масолаў28, удзельнік арышту Каліноўскага, гэтак апісвае самы арышт:
"Шыфраваная тэлеграма з паведамленьнем аб гэтым (дзе знаходзіцца Каліноўскі) была атрымана ў Вільні а 9 гадзіне ўвечары. У ёй былі апісаны адзнакі Каліноўскага і сказана, што ён жыве па фальшываму пашпарту горадзенскага шляхціца Вітольда Вітожэнца ў сьвята-Янскіх мурох. Гэтае апошняе паказаньне было крыху няясным, бо пад гэтаю назваю разумеўся ўвесь будынак, каторы калісьці належаў касьцёлу сьв. Яна, цягнуўся амаль-што цэлы квартал і выходзіў адным бокам да палацу. У вялізарных будынках, каторыя належалі раней калегіі езуітаў, а пасьля ўнівэрсытэту, у той час былі: гімназыя, музэй старасьветчыны, цэнтральны архіў, обсэрваторыя, многа памяшканьняў для служачых і нават здаваліся ўнаймы прыватныя кватэры.
Зьмест тэлеграмы захоўваўся ў найглыбейшай тайне. Поліцэймэстару даручана было асабіста зрабіць спраўку ў кнігах (незадоўга прыведзеных з прычыны новага году да парадку) аб акуратным адрэсе Вітожэнца і, як заўсягды здараецца пры пасьпешнасьці, імя яго прамінулася пры разгляданьні кнігі, хоць і было ў ёй запісана. Вымушаны былі зрабіць вялікі вобыск і атачыць увесь сьв.-Янскі квартал, дзеля чаго былі прысланы дзьве роты салдат, падзелена на 10 партый, кожная пры афіцэры поліцыі і асобых чыноўніках. Імя асобы, якую належала арыштаваць, было абвешчана ім толькі ўночы перад самым вобыскам.
Каліноўскі жыў ужо другі месяц у памяшканьні вучыцеля гімназыі, выехаўшага недзе на провінцыю. Яго ўбачылі на сходах са сьвечкаю ў руцэ і калі запыталі прозьвішча, ён самапэўна адказаў: — Вітольд Вітожэнц! І ў тую-ж хвіліну быў злоўлены"[14]. Гэта было 7 студзеня 1864 г.29
Зараз-жа пасьля арышту зрабілі вобыск памяшканьня і там у адным з бярозавых паленаў, якія ляжалі ў печцы, знайшлі дзіру, дзе захоўвалісь рэволюцыйная пячатка і іншыя дакумэнты.
Арыштаванага Каліноўскага пад моцнай стражай адвялі ў Дамініканскую турму, дзе працавала сьледчая комісія.
На другі дзень раніцаю, ня гледзячы на тайну, якой быў акружан арышт, жыды, якія мала памагалі Каліноўскаму ў консьпірацыі, ужо разьнесьлі вестку аб тым, што арыштаваны "круль Літвы", хаця сама ўлада ня ведала яшчэ, ці запраўды арыштаваным ёсьць Каліноўскі.
Калі Каліноўскага дапытвалі. ён толькі кусаў сабе губы, адказваў неахвотна і са злосьцю адкідаў усе абвінавачаньні. Ня гледзячы на ўсе высілкі комісіі, ёй не ўдалося вырваць ад Каліноўскага ніякіх даных аб асобах, складаўшых рэволюцыйную організацыю краю. Урэшце ён сказаў сваё запраўднае прозьвішча і пры гэтым дадаў: "Аднэй толькі асобе я адкрыў сваё запраўднае прозьвішча і папаўся!.."30.
Два месяцы прасядзеў Каліноўскі ў турме, чакаючы сьмертнай кары. У турме ён напісаў два пісьмы — адно да бацькаўшчыны — Беларусі, другое да беларускага народу. Зьмест другога пісьма падаем даслоўна[15]:
"Беларусы, браты мае родныя! 3-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне да вас пісаць і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе! Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але ня жаль згінуць за тваю праўду.
Прыймі, народзе, па шчырасьці маё слова прадсьмертнае, бо яно як-бы з таго сьвету толькі для дабра твайго напісана. Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек мае розум і навуку. Тагды ён толькі можа быць у радзе, жыць у дастатках і тагды толькі, памаліўшыся богу, заслужыць неба, бо, збагаціўшы навукай розум, разаўе сэрца і народ свой цэлы шчыра палюбіць. Але як дзень з ноччу ня ходзіць разам, так і навука праўдзіва ня йдзе разам з няволяй маскоўскай. А пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе. Ня будзе праўды, багацьця і ніякай навукі, адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, адно на пагібель нашу... Ваюй, народзе, за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную. Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе!..
"Яська-гаспадар з-пад Вільні"
Да Каліноўскага, сядзеўшага ў турме, прыходзілі некаторыя з найбольш прыбліжаных да Мураўёва асоб, каб падзівіцца на небясьпечнага дыктатара. Супрацоўнік Мураўёва, Мосолоў, які адведваў яго ў турме, так апісвае аблічча Каліноўскага: "Каліноўскі быў годаў 26, моцнага целаскладу, з тварам чорствым і выразным, кароткія русыя валасы былі зачэсаны назад, гэткім я яго бачыў у турме некалькі дзён да сьмерці".
Настаў дзень сьмертнай кары 7(20) красавіка 1864 г.31 Была ясная, халодная раніца. Каліноўскі йшоў на сьмерць сьмела. Прышоўшы на Лукішскі пляц, ён стаў тварам да шыбеніцы і толькі часам кідаў погляд у далёкі натоўп. Калі пачалі чытаць прыгавор і назвалі яго прозьвішча — "шляхціц Кастусь Каліноўскі" — ён крыкнуў: "у нас няма шляхты — усе роўныя!..". Унутранае хваляваньне Каліноўскага прабівалася напаверх толькі ў тым, што ён як бы мімавольна абводзіў вачыма абступіўшыя яго грамады людзей; а можа ён шукаў якога колечы свайго таварыша, хочучы даць яму зразумець якім-небудзь знакам, што тайну аб іх ён нясе з сабою ў магілу.
Крыніцы, якімі карыстаўся аўтор 1. Василий Ратчь. "Свѣдѣнія о польскомъ мятежѣ 1863 г. въ Северо-Западной Россіи". Вильно, 1867.
2. А. И. Мосоловъ., "Виленскіе очерки 1863—1865 (Муравьевское время)".
3. "Из записок Ивана Акимовича Никотина". С. -Петербург, 1905.
4. П. Дм. Брянцев. "Польский мятеж 1863 г. " Вильно, 1892.
5. Е. Ф. Карский. "Бѣлорусы", т. III. Петроград, 1922.
6. "Секретный отчет графа М. Н Муравьева по управлению Северо-Западным краем с 1 мая 186З г. по 17 апреля 1865 года".
7. J. Grabiec. "Rok 1863". Wydanie drugie. Poznań, 1922.
8. "Dwadzieścia pięć lat Rosyi w Polsce (I863--1888)". Zarys hystoryczny. Przedruk z "Ekonomisty Polskiego". We Lwowie, 1892.
9. Maryan Dubiecki. "Romuald Traugutt i jego dyktatura podczas powstania styczniowego 1863-1864". Kijów, 1912.
10. Leon Wasilewski. "Litwa i Białoruś". Kraków.
11. У. Ігнатоўскі. "Гісторыя Беларусі XIX i пачатку XX сталецьця". Менск, 1923. (Рукапіс).
12. Іван Трызна (Ів. Ц.). "Константын Каліноўскі". Біографічны нарыс. Часопісь "Беларускі Сьцяг" №4. Коўна, 1922.
13. U. Toloczko. "Chto byŭ Konstant Kalinoŭski". (Pawodle J. Gejsztora). Ilustrawanaja czasopiś "Bielaruskaje Żyćcio", №10. Wilnja, 1919.
14. Беларуская газэта "Наша Думка" №5, 1920 г. Вільня.
15. Орыгіналы — дакумэнты часоў паўстаньня 1863 г.: 1) "Мужыцкая праўда" №5, 2) "Ронд Народовый Польской" і "Да мужыков землі польской", якія знаходзяцца ў Беларускай Дзяржаўнай Бібліатэцы (Менск).
16. А. Герцен. "Статьи о Польшѣ". С.-Петербургь, 1907 г.
17. М. Бакунин. 1) "Русским, польским и всем славянским землям", 2) "Народное дело".
Зноскі
правіць- ↑ Са слоў, запісаных там ад грамадз. Пэлагеі Бібілы (жыхарка мяст. Поразава Ваўкавыскага пав.), якая яшчэ памятае сям'ю Каліноўскіх, выходзіць, што К. Каліноўскі радзіўся ў фольварку Якушоўка, ці як яго там называюць Каліноўшчына, Ваўкавыскага павету.
- ↑ У. Ігнатоўскі. Гісторыя Беларусі XIX і пачатку XX сталецьця. 1923 г. (рукапіс).
- ↑ Часопісь "Колокол" 1858–1861 г.г. А. І. Герцэн. "Статьи о Польше". С. -Петербург. 1907 г.
- ↑ У. Ігнатоўскі. "Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця". Менск, 1923 г (рукапіс).
- ↑ "Изъ записокъ И. А. Никотина". С.-Петербургъ, 1905 г.
- ↑ "Изъ записокъ И. А. Никотина". С. -Петербургъ, 1905 г.
- ↑ "Отчет графа М. Н. Муравьева по управлению Северо-Западным краем с 1 мая 1863 г. по 17 апреля 1865 г." (Секретно).
- ↑ В. Ратч. "Сведения о польском мятеже 1863 г." Вильна, 1867 г., стр. 181.
- ↑ У Беларускай Дзяржаунай Бібліотэцы (Менск) захоўваюцца цікавыя дакумэнты таго часу: 1) орыгінал маніфэсту аб надзяленьні беларускіх сялян зямлёй "Жонду Народавага Польскага" ад 3 мая 1863 году, друкаваны лацінікай пабеларуску. Унізе маніфэсту стаіць круглая пячатка з надпісам вакол: "Rząd Narodowy. Wydział zarząd. Prowincjami Litwy". У сярэдзіне пячаткі шчыт з белым арлом зьлева і "Пагоняю" справа. 2) №5 "Мужыцкай Праўды" таксама друкаванай лацінікай пабеларуску і падпісанай "Ясько гаспадар з пад Вільні". 3) Адозва "Да мужыкоў зямлі польскай", друкаваная як і папярэднія пабеларуску і з подпісам "Ясько гаспадар з-пад Вільні". Пад подпісам стаіць круглая пячатка з надпісам вакол: "Drukarnia Rządu Narodowego". У сярэдзіне пячаткі шчыт пад каронаю. На шчыце зьлева белы арол, справа "Пагоня" і ўнізе анёл (комбінаваны гэрб Польшчы, Літвы і Русі). Памянёныя дакумэнты — "Маніфэст", "Мужыцкая Праўда" №5 і адозва "Да мужыкоў зямлі польскай" — былі перадрукаваны гражданкай з захаваньнем правапісу орыгіналаў у газэце "Савецкая Беларусь №192 ад 24 жніўня і №193 ад 25 жніўня 1923 г.
- ↑ "Dwadzieścia pięć lat Rosyi w Polsce" (1863-1888). Zarys hystoryczny. We Lwowie. 1892.
- ↑ I. Grabiec. "Rok 1863". Wydanie drugie. Poznań, 1922.
- ↑ U. Toloćka. "Chto byŭ Konstant Kalinoŭski" (pawodle J. Geyśtora). Часопісь "Bielaruskaje Żyćcio", №10, 1919 г. Паданыя словы ўзяты з працы польскага пісьм. Geyśtora.
- ↑ П. Брянцевъ. "Польскій мятежъ 1863 г.". Вильна, 1892 г.
- ↑ А. И. Мосоловъ. "Виленскіе очерки 1863–1865 г. " (Муравьевское время).
- ↑ Тэкст абодвух пісем надрукаваны: 1) Giller — Historia powstania 1863 r.; 2) белар. каляндар "Сваяк" 1919 г. ; 3) белар. віленск. газэта "Наша Думка" №5, 1920 г.; 4) артыкул белар. часопісі "Беларускі Сьцяг" №4, 1922 г. — "К. Каліноўскі" (Івана Трызны — І. Ц.).