Кацярына (Шаўчэнка/Купала)/I
← Змест | Кацярына I Аўтар: Тарас Шаўчэнка Крыніца: http://knihi.com/Taras_Saucenka/Kaciaryna.html |
II → |
В. А. Жукоўскаму на памяць
22 красавіка 1838 года
Кахайцеся, чарнабрыўкі,
Ды не з маскалямі,
Маскалі — чужыя людзі,
Чыняць ліха з вамі.
Жартуючы маскаль любіць,
Жартуючы кіне,
Ў Маскоўшчыну сваю пойдзе,
А дзяўчына гіне…
Каб сама, то йшчэ б нічога,
А то й стара маці,
Што на свет зрадзіла Божы,
Мусіць прападаці.
Спяваючы сэрца вяне,
Калі за што знае;
Людзі сэрца не пабачаць,
„Блудніцай“ аблаюць.
Кахайцеся ж, чарнабрыўкі,
Ды не з маскалямі.
Маскалі — чужыя людзі,
Здзекваюцца вамі.
Бацькі, маці Кацярына
Слухаці не стала,
Маскаліка палюбіла,
Як сэрцайка знала.
Палюбіла маладога,
Ў садочак хадзіла,
Пакуль сябе, сваю долю
Там не загубіла.
Вячэраці кліча маці,
А дачка не чуе;
Дзе з маскалікам жартуе,
Там і заначуе.
Не дзве ночы кары вочы
Люба цалавала,
Пакуль слава на сяло ўсё
Нядобрая стала.
Няхай сабе тыя людзі
Што хочуць гавораць:
Яна любіць, то й не чуе,
Што ўкралася гора.
Надышлі благія весткі
Ў паход затрубілі,
Маскалі пайшлі на турка,
Катрусю забылі.
Не адчула, ды і што там,
Што дзявоча згуба,
За мілога, як спяваці,
Й патужыці люба.
Абяцаўся чарнабрывы,
Калі не загіне,
Абяцаўся ён вярнуцца —
Тады Кацярына
Будзе сабе маскоўкаю,
Забудзецца гора;
А пакуль што, няхай людзі
Што хочуць гавораць.
Не журыцца Кацярына —
Слёзачкі ўцірае,
Бо на вуліцы дзяўчаты
Без яе спяваюць.
Не журыцца Кацярына —
Памыецца слёзкай,
Возьме ў поўнач вёдры, пойдзе
Па ваду, за вёску,
Каб ворагі не бачылі;
Прыйдзе да крыніцы,
Стане сабе пад каліну,
Заспявае Грыца.
Так спявае, вымаўляе,
Аж каліна плача.
Вярнулася — і радзенька,
Што ніхто не бачыў…
Не журыцца Кацярына
І ў думках не мае —
У новенькай хусціначцы
Ў акно пазірае.
Выглядае Кацярына…
Паўгода мінула;
Занудзіла каля сэрца,
У баку кальнула.
Заняпала Кацярына,
Ледзьве-ледзьве дыша…
Ачуняла ды ў запечку
Дзіцянё калыша.
А замужкі бубняць бубнам,
Матулю бічуюць,
Што маскалі вяртаюцца
Ды ў яе начуюць:
„Дочка ў цябе чарнабрыва,
Ды йшчэ не ядына,
А муштруе ў запечку
Маскоўскага сына.
Чарнабрывага прыдбала…
Знаць, сама вучыла…“
Бадай жа вас, сакатухі,
Маланка пабіла,
Як і матку, што на смех вам
Сына спарадзіла!
Кацярына, маё сэрца!
Горанька з табою!
Дзе ты дзенешся на свеце
З малым сіратою?
Хто без мілага спаткае,
Як сваіх, хто прыме?
Бацькі ўжо — чужыя людзі,
Цяжка жыці з імі!
Ачуняла Кацярына;
Калыша дзіцятка,
А на вуліцу ў аконца
Паглядае ўкрадкам;
Паглядае — а няма ўсё!..
Няўжо ж і не будзе?
У садок пайшла б паплакаць,
Дык пабачаць людзі.
Зойдзе сонца — Кацярына
Па садочку ходзіць,
На ручаньках носіць сына,
Вочкамі паводзіць:
„Вось тут з муштру выглядала,
Вось тут размаўляла,
А там… а там… ах, сыночак!“ —
Дый недасказала…
Зелянеюць у садочку
Чарэшні ды вішні;
Як выходзіла й калісьці,
Кацярына выйшла.
Выйшла ды ўжо не спявае,
Як раней спявала,
Як маскаля маладога
Ў вішняку чакала.
Не спявае чарнабрыва,
Кляне сваю долю.
А тым часам варажбіткі
Чыняць сваю волю —
Паганую твораць справу,
Што ж мае рабіці?
Каб быў мілы, чарнабрывы, —
Умеў бы спыніці…
Так далёка чарнабрывы,
Не чуе, не бача,
Як з яе смяюцца злыдні,
Як Катруся плача.
Мо забіты чарнабрывы
За ціхім Дунаем;
Ці ў Маскоўшчыне ўжо, можа, —
Другую кахае!
Не, чарнявы не забіты,
Ён жывы-здаровы…
А дзе ж знойдзе ён такія
І вочы і бровы?
Ў Маскоўшчыне, на край свету,
На тым баку мора,
Няма нідзе Кацярыны;
Ды здалась на гора!..
Бровы, кары вачаняты
Даці ўмела маці,
Ды не ўмела ў гэтым свеце
Шчасця, долі даці.
А без долі твар бяленькі —
Як кветка на полі:
Пячэ сонца, трэпле вецер,
Рве ўсякі паволі.
Умывай жа тварык белы
Дробнымі слязамі, —
Маскалікі вярнуліся
Іншымі шляхамі.