Чорт задумаў ажаніцца:
Хвост адрэзаў, рогі сьцяў
І за бабай валачыцца
Салапякаю пачаў…
Падлажыў пад боты гумы,
Ўзьдзеў на ногі галіфэ
І ў кішэнь наліў парфумы
Найпахучшае — „фэ-фэ“!
Узяў галяк — адным манерам
З твару скуру зразу — раз!
І такім стаў кавалерам,
Што хоць ў неба на паказ!
Далікатны, мяккі — вата!
Але не! — усё дарма:
Дзе ні сунецца — бяз свата
К бабе доступу няма.
Хоць крывая, хоць сьляпая,
Ладу-складу індыка,
Усёроўна чорта злае,
Што прышоў без ручніка.
На зуслон ня хоча сесьці,
Крыкне-цыкне ля дзяжы; Жаль пакінуць, горка зьесьці, —
Хоць у проламку бяжы!
Чорт ад злосьці ажно плача,
Праз кішэню рве за хвост:
Трэба свата — ня іначай,
Бо ідзе вялікі пост,
А у посьце, як вядома,
Да кабеты ні на крок,
Бо калом прагоніць з дому
І запрэцца на замок…
Ные чорт… Куды падацца?
Свата добрага знайсьці,
Каб кабеце ўпадабацца
І каншахты завясьці?
Дай бог памяць! Капытамі
Зразу чорт затанцаваў,
Бо прыпомніў, як зубамі
Цыцку ведзьміну жаваў,
Дык яму казала матка:
„Калі гора набяжыць —
Да ксяндза ідзі, куцятка,
Ён цябе навучыць жыць!
А ня знойдзеш блізка плеха —
Гопа-гопа-гопа-па!..
Ёсьць інакшая прарэха:
Пры, дзіцятка, да папа!..
Калі-ж выпадзе, часамі,
Што к папу — у вір да дна, —
Будзе рабін пад рукамі, —
Гэта троіца адна! Чорт танцуе і сьмяецца:
Праз якіх дзянёчкі тры
Ў кіпцюры мне пападзецца
Баба, колькі ні дуры!
Да ксяндза! Ён знае ходы!
Бо-бяз жонкі хоць жыве,
Але з бабаю заўсёды
І на сене, і ў траве…
Свата лепшага ня трэба!
Чорт ад радасьці завыў
І, у торбу ўзяўшы хлеба,
Як маланкай пасмаліў!..
|