Качаргой па абразох (1930)/Спрэчка

Дзяк-злодзей Спрэчка
Верш
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1930 год
Вылечыла

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СПРЭЧКА

З народных жартаў

Ой, кабеткі, мае кветкі,
Не сярдуйце на мяне,
Бо ад вашае суседкі
Ўжо дасталася сьпіне —
Як загрэе чапялой,
Разьвітаешся з душой!
Сам дзіўлюся болей добы,
Як застаўся я жывы…
Посьле гэтакай аздобы
Не загрэйце-ж мне і вы,
Бо і так ня чую ног,
Хоць вядзі мяне утрох!
У піўной за бочкай піва
Бог схапіў Пятра за лоб —
Папытаюся для дзіва,
За які такі патоп?
Што за спрэчка вышла ў вас?
Гаварэце зразу ў раз!
Бог і кажа мне пра спрэчку:
„Вось якая навіна —
Пётра ўзяўся — за авечку,
Я стаю — за барана…
У каго мякчэй рука —
У кабет, ці ў мужыка?“
Дык чаго-ж вам так сварыцца?
Раду слухайце маю:
Аб заклад лепей пабіцца —
Дайце рукі разаб‘ю!
Хто ні будзе у бядзе,
Але мне перападзе!
Па-маему, браце, стала
І пашлі з карчмы яны,
Хоць і добра іх хістала
Ў старану са стараны…
Ці авечка, ці баран —
Хто ва ўладзе — лепшы пан?
Бачаць Пётра з богам — хата,
Небагата, ўсюды гразь,
І папалі да Кандрата,
Ажно хата затраслась.
„Чаму жонкі ня відаць?“
„У шынок пашла гуляць!“
„Што-ж ты робіш, небарака?“
„Раскажу вам, як папу:
У папа была сабака,
А я сам раблю шчапу…
Толькі баба на парог —
Запалю ва ўсіх углох!“
Нашчапаў стары лучыны
І натыкаў цэлы рад…
„Вы з якой сюды прычыны?“
Запытаў старцоў Кандрат.
„Хочам тут заначаваць —
Ўладу ззаду распазнаць!
Ўжо лучыну ты растыкаў,
Дык пашоў-бы у шынок
І кабеціну паклікаў,
Або й проста прывалок“,
Кажа Пётра — „ў самы раз,
Пакарміла-б яна нас“.
„Падыходзіў я два разы,
Каб паклікаць да дзяцей,
Дык ня выцягнеш заразы
І абораю з лапцей…
Нос, як сьліва! Рукі ў бок!
І пашла у чортаў скок!“
Пётра думае „папаўся
Так, як рак, я небарак“…
Бог сьмяяўся: „дачакаўся,
Як і трэба, будзе так!
Як зялёны агурок,
Аблуплю цябе, Пятрок!“
Хутка восьмая гадзіна —
Ўсё кабеціны няма…
Раптам пыхнула лучына…
Ой, дарма, дарма, дарма,
Ўжо брыдзе, брыдзе, брыдзе,
Пападзе і лебядзе!
Толькі ў хату уляцела,
Хоць ты з хаты уцякай:
Зашыпела, захрыпела,
Закрычала: „есьці дай!“
Галасок-жа, галасок —
Як пачуеш — дык наўцёк!
„Вось, нячыстая ты сіла,
Як ты есьці наварыў?“
Баба мужу як завыла —
Ён і сам усьлед завыў,
Бо увесь яму гаршчок
На лабаціну пацёк!
Пётра спаў ад хаты з краю,
Бог ляжаў каля сьцяны…
Ой, я знаю, знаю, знаю —
Лепш з якое стараны…
„Будзе кепска, калі так“, —
Думаў Пётра небарак…
„Што ня прыбрана падлога,
Каб цябе пабіў пярун!
Ля сьцяны чыя мярлога!“
Дзед завіўся, як уюн —
„Там, галубачка мая,
Буду спаць сягоньня я!“
„Што ты брэшаш? Бачу пяты;
Ты каго сюды пусьціў?
Мусіць бог табе пракляты
Сьвет анучаю засьціў?
Яны-ж могуць нас забіць
І дзяцей пасіраціць!
Мала ўсякае халеры
На зямельцы разьвялось?
На засовы трэба дзьверы,
Каб ня выпер нават лось!
Ня стрываю… не магу“…
І схапіла качаргу!
Яна біла, малаціла,
Як пшаніцу на таку,
Аж крыві вядро спусьціла
Недацёпе — мужыку.
„Замарылась… адпачну…
Дый нанова распачну!
Ой, ой, ой, ня утрываю,
Рукі чэшуцца, гараць…
Дам хоць гэтаму, што з краю,
Каб ня мог і з месца ўстаць —
Хай ня ходзіць жабраваць
І малых дзяцей пужаць!“
І Пятра зачаставала
Ўшыр, уздоўж і ўпапярок,
Аж сама бяз сіл упала…
„Як-жа чуешся, Пятрок?“
Пётра кажа — „уцякаць!“
Бог гаворыць — „пачакаць!“
„Можа ты баішся з краю?
Пад падолам цемнаты
Я з табою памяняюсь —
Пералазь пад сьценку ты!“
Бог заняў ад хаты бок,
Пад сьцяной ляжыць Пятрок…
Баба йзноў як закрычала:
„Дам і тому — ад сьцяны,
Бо яму і не папала
Ні з адное стараны“.
І давай лупіць таго —
Ці ўгадаеце — каго?
Вось якая вышла штука,
І які зрабіўся грэх…
Аднаму была — навука,
Для другога — сьмеху мех.
Ну, а мне — заўсёды прок,
Залатоўка за радок!