Каўказ (Пушкін/Глебка)

Каўказ
Аўтар: Аляксандр Пушкін
Пераклад: Пятро Глебка
Крыніца: http://knihi.com/Alaksandar_Puskin/Kaukaz.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Каўказ пада мною. На строме крутой
Стаю над снягамі адзін на вышыні;
Арол, узляцеўшы з аддальняй вяршыні,
Плыве нерухома нароўні са мной.
Адгэтуль мне бачна патокаў з’яўленне
І першае грозных абвалаў зрушэнне.
 
Тут хмары пакорна ідуць пада мной;
Шумяць, рассякаючы іх, вадаспады;
Пад імі пустэльныя скалы-грамады;
Ніжэй мох лядашты; хмызняк-сухастой;
А там ужо пушчы раскінулі цені,
Дзе птушкі шчабечуць, дзе скачуць алені.
 
А там ужо туляцца людзі ў гарах,
Пасуцца авечкі на росных адхонах,
Сыходзіць пастух да нізінаў зялёных,
Дзе мчыцца Арагва ў крутых берагах,
І коннік убогі ў міжгор’і блукае,
Дзе Церак з вясёласцю дзікай гуляе;
 
Гуляе і вые, як звер малады,
Спажыву пабачыўшы з клеткі турэмнай,
І б’ецца аб бераг у злосці дарэмнай,
І ліжа галоднаю хваляй хрыбты...
Дарэмна! Ні ежы яму, ні спакою:
Гнятуць яго скалы нямою сцяною.