Кляновыя завеі (1927)/Кастрычнік

На небе сыпліцца сярэбраны гарох… Кастрычнік
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1927 год
Па-за вокнамі круціць мяцеліца…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кастрычнік (Кляшторны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАСТРЫЧНІК

Даруй «адкуранае»
Ладанам балотнай ціны,
Вяслую човен свой з размытых берагоў
Туды,
Дзе ў кансананс кастрычніка турбіны
Здуваюць стынь з асьнежаных палёў.

Даруй!
Сьціраюць помнікі,
Сьціраюць туманамі
На перагібе новыя вякі,
І вяжа ў далечах
Над нашымі шляхамі
Гісторыя ружовыя вянкі.

Ня вечна ўсё:
Вякі каменьня рушаць,
З каменьня маякі выкладваюць гады,
Але ня змыюцца
На полі Беларусі
У хвалях дзён Кастрычніка сьляды.

Дзе сыплюць мак
Над возерам пацёмкі,
Дзе дрэмле сінь у пражы вечароў
Сівым вякам раскажуць валатоўкі
Пра вечнае змаганьне і любоў…

Даруй «адкуранае»
Ладанам балотнай ціны,
Вяслую човен свой з размытых берагоў
Туды,
Дзе ў кансананс сталёвыя турбіны
Здуваюць стынь з асьнежаных палёў.