Кляновыя завеі (1927)/На ледзяной гітары

Хто зварушыў нямеючыя хвалі… На ледзяной гітары
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1927 год
Па-за вакном крышталяцца зарніцы…
Іншыя публікацыі гэтага твора: На ледзяной гітары.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А. Віньнікавай

НА ЛЕДЗЯНОЙ ГІТАРЫ

З вішнёвых хмар на ледзяной гітары
Заплакала зара па сонечнай вясьне,
І быццам з вёснамі разьвеяныя мары
На успамін застылі на вакне

Куды пашло, куды ўсё уляцела,
Чаму загінула ня кінуўшы сьлядоў,
Чаму застыла ўсё — заледзянела
Ў туманнай шэрані асьнежаных палёў?

Так і ў жыцьці — разьвеяныя вёсны
Туманам крыюцца ў завеях залатых,
І замярзаюць сонечныя вёслы
На паўпуці ў каралях ледзяных…

Ты гаварыла,
Ты мне гаварыла:
— Наш просты шлях не зьвяжуць туманы —
Што ты душу і сэрца падарыла

Ў шыпучы кубак сонечнай вясны
Чаму-ж так неба вычарнілі хмары,
Чаму згарэла месячная сінь,
Чаму любімая, на ледзяной гітары
Ты адпяваеш сонечныя дні?

Чаму замёрзьлі сонечныя вёслы
На паўпуці ў каралях ледзяных,
Чаму ружовыя разьветраліся вёсны
І нашы сьцежкі вяжуць туманы?..

З вішнёвых хмар на ледзяной гітары
Зара заплакала па сонечнай вясьне,
І быццам з вёснамі разьвеяныя мары
На успамін застылі на вакне.