Кляновыя завеі (1927)/Раджаўся дзень…

Ліст да дзяўчыны Раджаўся дзень…
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1927 год
Сяджу адзін… сягоньня я адзін…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Раджаўся дзень…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Раджаўся дзень,
За лесам тухлі зоры,
І хтосьці золата
Над стрэхамі губляў,
А над бялёсамі
Люстэркамі вазёраў
Туман сярэбраную
Пражу разматаў.

Жалейка пастуха
Дзень новы прывітала,
На канапляньніку
Загралі вераб‘і,
Зара за ўзгоркамі
Начніцы замыкала
І косы вешала
На росныя гаі.

А ў полі ціш,
Нямая ціш у полі…
І толькі вецер
Жоўтыя лісты
Разносіць з рогатам
На задуменных гонях,
Як старасьць моладасьці
Выцьвіўшыя сны.

Калі-ж, калі,
Калі у ціш нямую.
Сталёвыя
Засьвішчуць салаўі,
І новы сьпеў
І радасьць закрасуе
Над дываном
Засмучаных далін…

Прашла вясна
Як многа тысяч вёсен,
Прашла і згінула
Крыклівым журавом,
І зноў каса
Над пожнямі галосіць
І ціха шэпчуцца
Калосься пад сярпом.

Сыпнула восень
Рыжымі кудрамі.
Павісьлі сінія
Туманы на раку.
І зноў цапы
Драўлянымі зубамі
Ляніва шастаюць
Салому на таку…
......
Адплачце гусі
Сум над балатамі,
Рассыпце жалабу
Ў лілёвай ночы сьцень,
Бо гіне ноч
Над любымі палямі
І змрокі чорныя
Раджаюць новы дзень.

IX — 1926 г.