Князь Радзівіл Каханко

Князь Радзівіл Каханко
Запісана А. Сержпутоўскім у в. Бохава Слуцкага павета ад Савіцкага.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жыў даўней у Нясвіжу адзін князь Радзівіл. У яго было много маёнткаў па ўсёй Случызне. Усе паны яму служылі, бо ён быў над панамі пан. А зь людзямі ён хорашо абходзіўса. Бало з кім ні загаворыць, та за кожным словам кажэ: каханку, каханку. От за тое й прадражнілі яго Каханко. Добры быў князь Каханко, толькі ён вельмі любіў шуткваць ды вычвараць розные штукі.

Ось раз аб'явілі ўсюды, што князь Каханко зьбірае к сабе атусюль усіх краўцоў. Сабраліса краўцэ да й пайшлі на тэрмін да Нясьвіжа. Назьбіраласо іх там такая сіла, што загрузілі ўсё место. Седзяць яны на землі кала палацу, седзяць дзень, седзяць два, чакаюць, покуль выдзе князь Каханко да дась ім гасьцінец.

Только ось на трэйці дзень чуюць яны, аж равуць мядзьведзі. Пачалі яны азірацца та ў той, та ў другі бок, аж бачаць - едзе князь Каханко шасьцерыком на медзьведзях, аж пыл курыць, падкаціў просто к палацам. От і кажуць яму слугі, што яго ўжэ трэці дзень чакаюць краўцэ. "А, та добрэ, каханку, о, та я зарас", - кажэ ён да й паказаўса праз вакно.

Падышлі краўцэ пад вакно, стаяць без шапак да чакаюць, што скажэ князь. "Вы краўцы? - пытае князь. - А, та добрэ. Краўцы вельмі патрэбны людзям. Дак от што я вам параджу. Вы як будзеце шыць, та заўязвайце вузел. Гаспадар будзе вам дзякуваць і дабром вас памінаць". Пры гэтых словах ён павернуўса да й пашоў сабе. Пацягліса краўцэ назад, бы мыла зьеўшы. А князь Каханко зноў кудысь паехаў. А езьдзіў ён не па-люцку: аб лету на санях, а ўзімку на колах.

Шмат розных небыліц расказвалі людзі пра князя. Быццам бы выстраліў ён на паляванні ў чалавека, які аказаўся непадалёку; што за невялікую плату прымушаў мужыкоў залазіць на дрэвы і куваць, бы зязюля, а потым шротам страляў па іх. А пасля ўсачаў па іх пальбу соллю. Забіць не заб'е, а толькі солі насыпле за шкуру. Крычаць людзі немым голасам, а ён смаліць да смаліць. Пазвальваліса тые далоў да толькі чухаюць азадкі. Заплаціў ён ім па тры рубле да й кажэ: "Гэто вам навука, не за свае дзнло не брацца. Зеўзюля дарма кукуе да людзям грошы гатуе". Гэто ён намекнуў на тое, што людзі кажуць: як пачуеш першы раз зеўзюлю, та трэ пакалаціць грошы, каб яны ўвесь год вадзіліса ў кішэні.

Дак от які то быў князь Каханко гучны да штучны. Дацуласа аб ём царыца Кацерына. Яна аб'езджала свае царство да й захацела пабачыць яго. Паслала яна к яму сваіх яняралаў сказаць, што заедзе к яму да толькі чакае, пакуль паправяць дарогі, бо яны вельмі трасуць. А гэто было па лету. От князь Каханко велеў высыпаць дарогу цукрам да й паслаў па царыцу свой шасьцерык медзьведзей, каторые былі запрэжаны ў сані. Пабаяласа царыца Кацерына ехаць на медзьведзях.

От тагды князь Каханко прыехаў к ёй насустрэк верхом на лосю. Як пабачыла тое царыца Кацерына, дак і села на сані да й паехала на медзьведзях па цукру, бы па сьнегу, аж да самых палацаў. Бачыць ён, што цырыцы спадабаліса тые медзьведзі, от ён і падараваў іх ёй. За тое яна даравала яму залатую табакерку з д'ямантам. Сьвеціць ён уночы, бы вагонь гарыць. Носіць князь Каханко тую табакерку заўжды пры сабе ў кішэні, а як выме яе поўначы, дак яна й сьвеціць замест ліхтарні. Пазьбіраліса паны мо атусюль да дзівуюцца на тую табакерку, бо такое й зроду не бачылі.

Дачуўса аб том кароль да й велеў, каб князь Каханко прыўёз яму тую табакерку на паказ. Велеў князь Каханко запрагці ў сані восім медзьведзей, сеў да й паехаў да караля. Прыезджае ён да Аршавы ці што да й садзіць просто да караля ў палацы. Як убачылі там медзьведзей дурные ляхі, да як спалохаюцца да пабегуць дак кароль адзін і астаўса. Паказаў князь Каханко яму табакерку, а той і з рук не выпушчае, так яна яму спадабаласа.

І пачаў кароль прасіць, каб ён уступіў яму тую табакерку. "Беры, - кажэ, - што хочэш, толькі аддай". — "Добрэ, - кажэ, - вашае каралеўскае вялічаство, аддам я гэстую табакерку, толькі вы мне дайце толькі землі, колькі я аб'еду за тыдзень". Кароль згадзіўса на тое. От князь Каханко сеў на сваіх медзьведзей да й памчаўса. Аб'ехаў ён за тыдзень немаль усё каралеўство дай заўладаў усёю там зямлёю зь людзямі да с усімі маёнткамі. От чаму ў князя Радзівіла так много землі.