Коласаўская праўда жыцьця (Бабарэка)

Коласаўская праўда жыцьця
Артыкул
Аўтар: Адам Бабарэка
1926
Крыніца: „Чырвоны сейбіт“, 1926, № 3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вялікі поэта – мастак размаўляе з людзьмі ня звычайнаю моваю, якою зазвычай карыстаюцца людзі ў сваім штодзённым абыходку, а моваю мастацкіх твораў, моваю фактаў мастацкай каштоўнасьці. Ён глядзіць на сьвет і дзейнічае ў ім праз мастацкі створаныя вобразы і жыцьця, і людзей, і прыроды... Мастацкасьцю гэтых вобразаў вызначаюцца і ўсякія іншыя значэньні твораў, і чым больш гэтых значэньняў, тым каштоўней самы твор.

Поэта ці пісьменьнік–мастак, каб выказаць тыя ці іншыя патрэбы жыцьця, каб усенародна выявіць пэўныя жыцьцёвыя задачы, каб выразіць сваё адчуваньне сьвету, апавядае людзям або пра якую–небудзь гісторыю ці здарэньне ў жыцьці, або высказвае свае пачуцьці і настроі праз адпаведныя ім вобразы і г. д. Пры гэтым поэта можа браць для сваіх мастацкіх вобразаў праявы жыцьця ў тым выглядзе, у якім яны адбыліся ці адбываюцца ў самой рэчаіснасьці, або можа прыпадобіць да жыцьця выдуманыя ім здарэньні ці гісторыі, або казаць выдуманыя зьявы бяз іх адпаведнасьці сапраўднасьці. Гэта залежыць, з аднаго боку, ад творчай організацыі самога пісьменьніка, ад яго здольнасьцяй, а з другога боку, ад тых соцыяльных умоваў і акалічнасьцяй, у якіх даводзіцца поэту тварыць. Але важна тут перадусім тое, што поэта–мастак гаворыць да сьвету так, каб гэты сьвет адчуў сваім нутром тую праўду жыцьця, якую пазнаў сваёю творчаю істотаю сам поэта і якая ня ўсякім адчуваецца ў клопатах і будзёншчыне штодзённага жыцьця. І вялікі той поэта ці пісьменьнік, які кажа сьвету гэту праўду жыцьця і кажа так, што яна даходзіць да сэрца людзей, да іх сьвядомасьці і робіць рэволюцыю ў іх разуменьні сьвету,

Якуб Колас апавядае пра сьвет і жыцьцё такімі фактамі, як жыцьцё, гісторыя Сымона Музыкі, Міхала і Антося з „Новай зямлі“, Лабановіча з „Палескай глушы“ і інш. Гэтыя факты прызнаны поэтаю за мастацкі каштоўныя. Поэта адчуў іх прыгожасьць і красу, бо яны захаплялі яго сабою, акрылялі яго радасьцю любаваньня і ўцехі, давалі магчымасьць забыцца на штодзённы назойны клопат і шэрасьць, будзілі і ажыўлялі яго творчую думку, клікалі яго ў сьвет прыгожага і шчаснага жыцьця. Праз іх поэта глядзіць на сьвет, праз іх ён размаўляе з гэтым сьветам. Яны — нібы расчыненыя вокны вялікай і прасторнай, але адначасна і душнай і цеснай хаты, з якой хочацца вырвацца, каб вальней уздыхнуць. І праз гэтыя вокны відзён інакшы, прыгажэйшы сьвет, сьвет шырокі і разам далёкі і блізкі, які невядомаю сілаю вабіць чалавека на свае ўлоньні. І бачыць поэта гэты сьвет і кажа людзям сваім, што жыцьцё ў ім і рознастайна, і шматвобразна, і шматфарбна. Усе постаці гэтага сьвету прасякнуты адзіным імкненьнем, імкненьнем да сьветлага, прыгожага, праўдзіва–шчаснага, хоць уяўленьні аб гэтым у кожнай постаці сваеасаблівыя і часта супярэчныя між сабою.

Шмат дарог расходзіцца, шмат дарог, што ніколі ня сходзяцца. Чаму–ж супярэчнасьці пры адзінстве імкненьняў, пры адзінстве таго апошняга пункту на жыцьцёвым шляху, які пуцяводнай зоркай сьвеціць усім людзям? Тут ня можа быць двух адказаў. Або імкненьні людзей рознастайны па сваіх об’ектах і тады няма адзінства, а ёсьць многасьць, або імкненьне адзіна па свайму канчатковаму пункту і толькі няма адзінага разуменьня і адзінай формы выражэньня гэтага адзінства, і тады супярэчнасьці — плод адсутнасьці між людзьмі адзінага як–бы „стылю“, адсутнасьці разуменьня адзінства за рознастайнасьцю формаў выражэньня і выяўленьня гэтага адзінства. І Я. Колас сваімі творамі кажа, што адпавядае праўдзе другі адказ. Поэта кажа, што супярэчнасьці — гэта плод непаразуменьня, цямноты і „пячаці“, якая наложана на адвечную існасьць людзкога імкненьня рознастайнымі формамі вырашэньня гэтай існасьці і формамі азначэньня яе. Поэта выяўляе, што за тымі „словамі“, якімі людзі за свой век укрывалі адвечную існасьць імкненьня, ня відаць ужо і самога імкненьня як адзінага пункту людзкіх жаданьняў. За „словамі“ сьвету ня відно. Гэта яны працярабілі шмат дарог і сьцежак і самі сталі мяжою, што стала ўпоперак злучэньню ўсіх дарог у адзіны прасторны шлях. Яны — самі ўжо дарогі, па якіх блудзяць і вязнуць людзі і якіх нельга перайсьці чалавеку за свой век: такія яны ўжо вялікія і доўгія! Аб гэтым кажуць поэту яго адчуваньні, яго пачуцьці, яго чуласьць, яго інтуіцыя. Такое разуменьне жыцьця, вядома, мае свае крыніцы пахаджэньня і можа тлумачыцца пэўнымі соцыяльнымі фактарамі, што зрабілі ўплыў на яго фармаваньне. Але гэтым–жа разуменьнем можа тлумачыцца і тое, чаму Я. Колас ня верыць „словам“, чаму ня вельмі клапоціцца аб іх знадворнай прыгожасьці, чаму часта няўважна адносіцца да іх нацыянальнага аблічча і іх формальнага злучэньня, мэтрычнага гучаньня і г. д. Быць можа, у гэтым разгадка і таго, чаму поэта ўсюды на першы плян ставіць душу і яе мову лічыць за адзіную, што здольна казаць праўду, што здольна праўдзіва выявіць існасьць сьвету, адпаведнаю рэчаіснасьці. Толькі душа, а не яе надворны воблік, той праўдзівы пасрэднік між людзьмі, праз які можа адбывацца ўзаемнае разуменьне між людзьмі і праз які магчыма зьнішчэньне супярэчнасьцяй жыцьця.

У вялікім процэсе зьняцьця працоўнай Беларусі з крыжа гісторыі ўшэсьця яе творчага духу на ўзвышша ўсясьветнага, у цеснай лучнасьці красаваньня працоўных, Якуб Колас сваёю творчасьцю сказаў сьвету новую праўду аб двуіснасьці сьвету і жыцьця ў яго рэчаісным выяўленьні і выражэньні. Гэтым самым Я. Колас становіцца ў шэраг сусьветных вялікіх поэтаў–мастакоў, дары якіх ніколі не забываюцца сьветам і вечна жывуць у сэрцы народаў. Праз творчыя дары Я. Коласа „дух сусьвету з духам лучыцца зямлі“ і Беларусь з „матэрыі духу“ становіцца „духам матэрыі“ на растаньні вялікіх крыжавых дарог, што лучаць Усход з Заходам і поўдзень з поўначчу.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.