Колядная пісанка (1913)/Першы доляр
← На Каляды к сыну | Першы доляр Апавяданьне Аўтар: Канстанцін Аўрайцэвіч 1913 год |
Песьня і народ → |
ПЕРШЫ ДОЛЯР.
Усякаму добра ведама, як цяпер едуць людзі на заработкі у Амэрыку, а калі адтуль вертаюцца, то сваім ладным убраньнем і грашамі, пад’ахвочываюць другіх і такім парадкам людзі без перэстанку едуць і едуць.
Само сабой разумеецца, што ня ўсім роўна удаецца: бываюць такіе, што проста там, за морэм, яго доля вырасла. Паедзе, пабудзе несколькі гадоў, заробіць машну грошы і вярнуўшыся дамоў, купіць які фоліварк і зробіцца панком. Але мне прыходзілося бачыць і такіх, што набярэцца бяды, трудоў і ўсякаго нешчасьця і рад-бы быў дамоў вярнуцца, але часта німа зашто.
Пробаваў і я шукаць долі за морэм і можэ с часам і болі што са сваіх ўражэнь з Амэрыкі напішу, але на гэты раз раскажу, як мяне прывітала Амэрыка калі я толькі прыплыў туды.
Прыехаў я у адзін невялікі гарадок Нью-Іорскаго штэйту, дзе мой брат працаваў у вугальных шахтах. Сустрэціў ён мяне дужа добра. Не пайшоў гэты дзень на работу: павёў мяне пазнаёміць з местам і карчмою. Перш наперш добра лыкнулі. Амэрыканскіе трункі, прызнацца, спадабаліся мне адразу.
Вечэрам купілі мне такую работніцкую адзежу і лянпу, што там работнікі, у шахтах пад зямлёй носяць на галаве і сьвецюць сабе.
На другі дзень рана павёў мяне брат с сабой на работу, дзе сам працаваў, паказаць, як трэба рабіць у шахтах. Калі нас спусьцілі як у студню, можэ на паўсотні сажнёў глыбіні, дык я пачуў, што маё сэрцэ неяк сціскаецца: ад страху і цяжкога падзямельнаго духу. Прайшлі мы пад зямлёй, норамі, вярсты са дзьве пакуль дасталіся на мейсца дзе брат працаваў.
Прыйшоў англіец; пачалі работу. Брат разбіраючы каменьня з вугальлям, — каменьнік аткідаў на бок, а вугаль нагружаў у (кару) вагон’этку. Англіец тым часам выкруціў у сцяне дзірку, запхнуў туды фунтоў, можэ с пяць пораху, работнікі забілі пяском дзірку і уцяклі ва ўсе стораны крычучы „фаір“ (агонь)! Зараз раздаўся гук, як гром і паваліў цёмны смярдзючы дым; у гэтым дыме рабілі увесь дзень.
На другі дзень пайшоў ужо я сам сабе работы шукаць. Упусціўся у шахту і стаю, аж нейкі паляк кажэ: — ідзі камне рабіць, калі хочэш дастаць работу. — Пайшоў я. Аж у яго, дзе ён робіць мокра вада ліецца зверху, у гарэ шчыт ня моцны; каменьня вываліваюцца. Пачалі мы стаўляць стоўб, каб падперці шчыт аж як адваліўся камень, як даў мне па руцэ, дык кроў і палілася. І цяпер ёсць рубец на руцэ.
Прыйшоў дамоў на кватэру, завінуў руку, і моцна занудзіўся, што гэтак адразу не удалося. Пашоў, пасядзеўшы трохі, на вуліцу, пачаў хадзіць па гарадку, аж бачу, на сцяне вялізны маляваны аркуш паперы, з нарысаванымі на ім уселякімі зьверамі. На вуліцы нікога небыло: усе людзі знаходзіліся пад зямлёй, на рабоці. Толькі дзе недзе баба якая пройдзе, ды паравые машыны каля шахтоў чухаюць — выдыхаючы камкі белаго, як хмаркі, дыму і пары. Здавалося, што уся гара, як жывая дыхаець.
Стаю я і угледаюся на тую паперу са зьверамі думаю сабе, пэўне тут які зьвярынец. Аж выйшоў з дзьвярэй нізенькі, чорнамазы нейкі чэлавек, і пытае мяне па польску, чаму я не на рабоці? — Німаю работы, — кажу я яму. — А можэ хочэш у мяне сягоньня вечэрам зарабіць доляр? — Добра, — кажу я.
Тады ён павёў мяне у сярэдзіну, паказаў мне свой цырк, дзе было сякіх такіх многа зьвяроў і кажэ: — Толькі што у мяне здохла — цігра, а мне трэба мець у вечэры цігру на паказ, то я цябе адзену у скуру цігра і упушчу у гэту клетку; ты хадзіць павінен на руках і на нагах і лежаць так, каб выглядала якбы і запраўды быў цігр, а загэта дастанеш доляра.
Я паглядзеў у тую клетку жалезную, куды я павінен быў увайсьці ціграм. Там ніякаго болі зьвера не было. Падумаў я крыху і згодзіўся.
Пад вечэр мяне пачалі абцягіваць скурай цігра, але так было ўсё добра зроблена, што мне можна добра было хадзіць, на руках і нагах і я усё мог відзець Прышла пара; упіхнулі мяне у клетку, увайшоў я, пастаяў крыху, пацягнуўся, як мяне вучылі рабіць і прыступіў бліжэй да рашоткі, за каторай стаяло ужо многа людзей, каторые пачалі тыцкаць у маю старану пальцамі і, угледаючыся на мяне, нешта голасна гукалі. А калі я прыбліжыўся да рашоткі, то усе хутка атхінуліся, знаць перэлекаўшыся.
Якое-ж маё было разчараваньне, калі я аглянуўся назад і убачыў, што у маей клетцы ляжыць у кутку вялізны, касматы леў і так страшна угледаецца, сваімі бліскучымі вачамі, у мяне.
Я гэтак злякнуўся, што ня мог устояць на руках і нагах і паваліўся пад рашотку. Сэрцэ маё забілося, як пташка у сіле, валасы пачалі лезьці, праз скуру, на верх, а ўсё цела пачало дрыжэць, як у вялікім марозе, у вачах зрабілося цёмна. А леў, устаў, пацягнуўся і падходзіць ат да мяне. У мяне душа уцекла у пяткі. Ляжу і ня дыхаю. І зрабіўся я ў гэты час с цігра ня больш як чэрвяк. — Ну, канец мне ўжо, — думаю сабе. Хацеў крычаць, але ня мог… Так як хто сціснуў мяне за горла. Чую, ужо леў дакрануўся мяне сваей касматай грывай, ужо прылажыў сваю касматую морду мне да шчокі. У мяне і духу німа. Аж чую, каж мне леў на вуха:
— Ці, гэты гад, і табе плоціць толькі аднаго доляра?
Тады пачаў я ізноў жыць.
У 12 гадзіне ночы мяне раздзелі, далі мне доляра і пашоў я дамоў.
Вот як прышоўся мне першы амэрыканскі доляр.
Аўрэйцэвіч.