Коннік без галавы (1941)/III
← Раздзел II | Коннік без галавы. Раздзел III Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел IV → |
Раздзел III
МАЯК ПРЭРЫІ
Падарожнікі больш ужо не шукалі дарогі.
След ласо віўся неперарыўнай змейкай і быў так выразна відаць, што нават дзіця не заблудзілася-б, ідучы па ім.
След цягнуўся не па прамой лініі, а звіваўся між зараснікамі кустоў. Іншы раз ён адыходзіў убок, калі дарога была па мясцовасці, пазбаўленай расліннасці.
Гэта рабілася не выпадкова. У такіх месцах былі прыкметны глыбокія трэшчыны і іншыя перашкоды, — змейка ласо агінала іх, даючы магчымасць бесперашкодна праехаць фургонам.
— Як гэта ўважліва з боку маладога чалавека! — сказаў Пойндэкстэр. — Дапраўды, я вельмі шкадую, што мы не даведаліся яго імя. Калі ён звязаны з фортам, мы маглі-б з ім сустрэцца.
— Я спадзяюся, што мы яго ўбачым яшчэ, — заўважыў Генры.
Луіза чула гэтую размову. Яна нічога не сказала, але ўсім сэрцам падзяляла надзею Генры.
Радуючыся хуткаму сканчэнню цяжкага падарожжа, а таксама магчымасці да заходу сонца ўбачыць свае новыя ўладанні у плантатара быў цудоўны настрой. Ён раптам напоўніўся пачуццём спагадлівай увагі да акружаючых. Ён нявымушана гутарыў з наглядчыкам, спыніўся пажартаваць з «дзядзем» Сцыпіёнам, які кандыбаў на пакрытых пузырамі нагах, падышоў падбадзёрыць «цётку» Хлою, якая знемагала пад цяжарам сваёй ношы.
Добры настрой плантатара падзяляўся ўсімі спадарожнікамі, за выключэннем Кольхауна. Ён адлюстроўваўся нават на тварах нявольнікаў, якія лічылі плантатара вышэйшай крыніцай свайго шчасця і свайго няшчасця. Негры па-свойму любілі яго, хоць больш баяліся. У параўнанні з іншымі рабаўласнікамі Пойндэкстэра нельга было назваць жорсткім гаспадаром. Ён не знаходзіў асаблівай прыемнасці ў збіванні сваіх нявольнікаў. Яму падабалася, калі негры былі добра апрануты; ён патрабаваў, каб іх добра кармілі, таму што фізічна здаровы і знешне ахайны выгляд нявольнікаў гаварыў аб дабрабыце гаспадара. У некаторых выпадках Пойндэкстэр караў іх бізуном, лічачы, што гэта іншы раз неабходна; аднак, ганарыўся тым, што на скуры ў яго нявольнікаў не было ніводнага рубца ад жорсткіх збіванняў.
Такім чынам, нявольнікі падзялялі радасць свайго «добрага» гаспадара, выказваючы гэта вясёлай балбатнёй. Аднак, настрой дабрадушнасці панаваў нядоўга. Зусім нечаканая акалічнасць парушыла бадзёрасць падарожнікаў.
Незнаёмы прадрок правільна — сонца схавалася раней, чым паказаўся кіпарыс.
Але гэта яшчэ не павінна было-б выклікаць неспакой. След ласо быў па-ранейшаму добра відаць, і ва ўказаннях сонца не адчувалася неабходнасці. Аднак, самы факт, што сонца схавалася за хмары, прыгнятальна падзейнічала на настрой падарожнікаў.
— Можна падумаць, што сонца хаваецца ўжо на ноч, — сказаў плантатар, вымаючы свой залаты гадзіннік, — а між тым цяпер усяго толькі тры гадзіны. Наша шчасце, што малады незнаёмы пакінуў нам такі след. Калі-б не ён, мы да самага захаду праблыталіся-б па гэтаму спаленаму стэпу. Бадай, прышлося-б нават і заначаваць тут.
— Ну і чорная была-б пасцель! — жартуючы, абазваўся Генры, каб надаць размове больш вясёлы характар. — Ух, якія страшныя сны прысніліся-б мне, калі-б толькі прышлося спаць на такой чорнай зямлі!
— І мне таксама, — дадала сястра, выглядаючы з-за фіранак карэты і ўзіраючыся ў акружаючую мясцовасць. — Я ўпэўнена, што мне прысніліся-б і Плутон[1] і Празерпіна[2] ў пекле.
— Хі-хі-хі! засмяяўся сядзеўшы на козлах негр Джэху, які лічыўся ў кнігах плантацый пад празваннем Плутона Пойндэкстэра. — Маладая міс убачыць мяне ў сне сярод гэтай чорнай прэрыі. Вось дык дзіўны сон! Хі-хі-хі!
— Дарэмна ўзрадаваліся, — сказаў, набліжаючыся, Кольхаун. — Магчыма, нам і на самай справе прыдзецца яшчэ начаваць у гэтай чорнай прэрыі. Добра, калі не здарыцца яшчэ чаго-небудзь горшага.
— Што ты хочаш гэтым сказаць, Касій? — запытаў плантатар.
— Мне здаецца, што гэты хлапец нас ашукаў. Я не магу яшчэ гэтага сцвярджаць канчаткова, але справа выглядае дрэнна. Мы прайшлі ўжо больш пяці міль, а дзе-ж кіпарыс? У мяне добры зрок, але, як я не ўглядаўся ўдалячынь, я нідзе не выявіў ніякіх адзнак кіпарыса.
— Але навошта-ж яму ашукваць нас?
— Ну, вось яшчэ, навошта! Адкуль я ведаю? У яго для гэтага можа быць нямала прычын.
— Назаві нам хоць адну з іх, — пачуўся срабрысты голас з карэты, — мы з цікавасцю выслухаем цябе.
— Я ведаю, што ўсё, што датычыць гэтага суб‘екта, вы будзеце слухаць з асаблівай цікавасцю, — з насмешкай адказаў Кольхаун. — Але, калі я выкажу свае меркаванні, вы назавеце гэта фальшывай трывогай.
— Гэта будзе залежыць ад таго, што ты скажаш, Касій. Наўрад ці мы можам падумаць, што ты з тваім вопытам ваеннага і падарожніка пачаў-бы выклікаць фальшывую трывогу.
Кольхаун зразумеў злую насмешку і, напэўна, устрымаўся-б ад далейшых тлумачэнняў, калі-б гэтага не дамагаўся плантатар.
— Паслухай, Касій, растлумач-жа, у чым справа, — настойліва прасіў плантатар. — Тое, што ты нам сказаў, выклікае сур‘ёзныя падазрэнні. Якую мэту ставіў гэты малады незнаёмы, даючы нам няправільныя ўказанні?
— Ну, што-ж, дзядзя, — сказаў Кольхаун, і ў тоне яго не было ўжо ранейшай самаўпэўненасці, — я-ж не сцвярджаю, што гэта сапраўды так, я толькі выказваю сваё меркаванне.
— Што-ж іменна?
— Ну, ці мала што можа здарыцца? У гэтых прэрыях не рэдкасць усякія напады і грабежніцтвы караванаў…
— Якая жудасць! — з прытворнай трывогай усклікнула Луіза.
— Напады індзейцаў? — запытаў Пойндэкстэр.
— Не абавязкова індзейцаў. Іншы раз і белыя апранаюцца індзейцамі, а іншы раз і мексіканцы. Бо, каб палічылі за індзейца, патрэбна толькі смуглае адценне скуры, парык з конскага хваста і поўдзюжыны пер‘яў для галоўнага ўбора. Вось і ўвесь маскарад, Калі нас аграбіць банда «белых» індзейцаў, то мы павінны вінаваціць толькі саміх-жа сябе; мы будзем пакараны толькі за сваю наіўную даверлівасць да зусім чужога чалавека.
— Пакінь, Касій, навошта гэтыя абвінавачанні? Няўжо ты хочаш сказаць, што незнаёмы рыхтуе нам лавушку?
— Не, дзядзя, я гэтага не гавару, але я ведаю, такія рэчы здараюцца. Магчыма, што і ён на гэта здолен.
— Магчыма, але малаверагодна, — пачуўся з карэты голас, поўны едкай насмешкі.
— Не, — адказаў юны Генры, умешваючыся ў размову. — Твае падазрэнні беспадстаўныя, Касій. Гэта проста паклёп з твайго боку. І гэта я магу табе даказаць. Паглядзі вось сюды.
Юнак стрымаў свайго каня і паказаў на нейкі прадмет, які выразна быў відаць некалькі збоку ад іх дарогі. Гэта быў высокі кактус, — яго зялёны сакавіты ствол уцалеў ад агню.
Але Генры Пойндэкстэр звяртаў увагу сваіх падарожнікаў не на самую расліну, а на невялікую белую картку, наткнутую на адну з яе іглаў.
— Паглядзім, што там напісана, — сказаў юнак. — «Кіпарыс відаць».
— Дзе? — запытаў Пойндэкстэр.
— Тут намалёвана рука з пальцам, — адказаў Генры. — Няма сумнення, што яна паказвае на кіпарыс.
Усе пачалі глядзець у напрамку, паказаным на картцы.
Калі-б сонца свяціла, кіпарыс быў-бы відаць з першага-ж позірку. Між тым сіняе неба зрабілася свінцова-шэрым, і пры такім асвятленні кіпарыс немагчыма было разгледзець.
— Нічога там няма, — упэўненым тонам заявіў Кольхаун. — Я пераконаны, што гэта толькі новы здзек, які гэты нягоднік прыдумаў для нас.
— Ты памыляешся, Касій, — умяшалася Луіза Пойндэкстэр. — Паглядзі ў бінокль. Калі табе не здрадзіў твой надзвычайны зрок, то ты ўбачыш на гарызонце штосьці вельмі падобнае на дрэва. Так, гэта, як відаць, кіпарыс.
Кольхаун не захацеў узяць бінокль з рук стрыечнай сястры. Ён ведаў, што Луіза гаварыла праўду.
Тады Пойндэкстэр узяў бінокль і выразна ўбачыў кіпарыс, які ўзвышаўся над прэрыяй.
— Правільна, — сказаў ён, — кіпарыс відаць. Хлапец аказаўся сумленным чалавекам, і дарэмна, Касій, ты ўзводзіў паклёп на яго. Мне не верылася, каб ён мог сыграць з намі такі злы жарт. Ну, давайце-ж рушыць далей. Сансом, дай распараджэнне абозу.
Кольхаун прышпорыў каня і паскакаў па прэрыі, — больш яму нічога не аставалася рабіць.
— Дай мне, калі ласка, гэтую картку, Генры, — сказала Луіза ціхім голасам. — Мне хочацца паглядзець на тую стрэлку, якая так дапамагла нам. Возьмем картку з сабою: паколькі мы ўжо ведаем напрамак, бескарысна пакідаць яе на кактусе.
Не задумваючыся над тым, што прымусіла сястру звярнуцца да яго з гэтай просьбай, Генры зняў картку з кактуса і кінуў яе на калені Луізе.
— Морыс Джэральд, — прашаптала крэолка, убачыўшы на абаротным баку імя. — Морыс Джэральд, — паўтарыла яна ўсхвалявана, хаваючы картку на грудзях. — Хто-б ты ні быў, адкуль-бы ты ні прышоў, куды-б ні ляжаў твой шлях і кім-бы ты ні стаў, — з гэтага часу ў нас агульны лёс. Я ведаю гэта, я адчуваю гэта таксама ясна, як бачу неба над сабою.