Раздзел LIV Коннік без галавы. Раздзел LV
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел LVI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел LV

ДЗЕНЬ НАВІН

Дон Сільвіо Мартынец — адзін з нямногіх мексіканскіх багацеяў, якія асталіся ў Техасе пасля захопу краіны паўночнымі каланістамі. Ён мала цікавіўся палітыкай, быў чалавекам міралюбівым ад прыроды, пажылым ужо, а таму досыць лёгка прымірыўся з новым становішчам. Страта нацыянальнай незалежнасці ўроўнаважвалася ў яго свядомасці безапаснасцю ад набегаў каманчаў, якія тэрарызавалі краіну да прыходу сюды каланістаў. Дзікуны, праўда, не былі яшчэ канчаткова пераможаны, але напады іх былі значна радзей.

І старому мексіканцу адно гэта здавалася ўжо вялікім дасягненнем.

Дон Сільвіо быў «ганадэро» — жывёлаводам вялікага маштаба. Яго пасбішчы прасціраліся на многа міль у даўжыню і шырыню, а яго табуны коней і рагатай жывёлы вылічаліся тысячамі галоў. Яго гасіенда — доўгі і вузкі аднапавярховы дом — хутчэй нагадваў турму, чым жылое памяшканне. З усіх бакоў яна была акружана загонамі для жывёл.

Жыццё звычайна тут працякала вельмі ціха. Але калі надыходзіла вясёлае свята — свята кляймення жывёлы, вясёлы шум піру напаўняў паветра на працягу многіх дзён. Гэта, аднак, было толькі адзін раз у год. У астатні-ж час стары ўласнік гасіенды, пераконаны халасцяк, вёў спакойнае і адзінокае жыццё. З ім жыла толькі яго сястра, яшчэ старэйшая, чым ён.

Праўда, калі да іх у госці прыязджала іх прыгожанькая пляменніца з берагоў Рыо-Грандэ, ціхая гасіенда ажыўлялася. Ісідоры заўсёды былі тут рады. Яна прыязджала і ехала назад, калі ёй захочацца. У доме дзядзькі ёй дазвалялася рабіць усё, што яна захоча. Старому спадабаліся жвавасць і жыццерадаснасць Ісідоры, ды ён і сам быў далёка непахмурым чалавекам. Некаторыя ўласцівасці яе характару, якія ў іншых краінах маглі-б здацца нежаноцкімі, былі натуральны ў краіне, дзе загарадны дом вельмі часта ператвараўся ў крэпасць, а дамашні ачаг змочваўся крывёю сваіх жыхароў.

Дон Сільвіо Мартынец пражыў сваю маладосць у абстаноўцы заўсёднай небяспекі. Ён быў сведкай многіх сцэн дзікага разгулу. Нядзіва, што ён не спыняў адчайных выхадак Ісідоры, якія межавалі часта нават з нейкай нястрымнай безразважнасцю.

Стары мексіканец любіў сваю пляменніцу з такой пяшчотнасцю, як толькі можна любіць сваю ўласную дачку. І кожны ведаў, што Ісідора будзе наследніцай усіх яго ўладанняў.

Нядзіва таму, што яна карысталася асаблівай пашанай сярод усіх падначаленых дона Сільвіо Мартынец — на яе глядзелі як на будучую гаспадыню. Але яе паважалі нават незалежна ад гэтага: сваёй храбрасцю яна падабалася смелым мексіканскім сялянам. І, напэўна, сярод іх не знайшлося-б ніводнага, хто не падняў-бы свайго мачэце[1] ў яе абарону.

За апошні час Ісідора пачала ўсё часцей наведваць свайго дзядзьку. Але не з-за таго, што яна больш прывыкла да яго і хацела ўцешыць яго старасць — прычына была іншая. Яна прыязджала на Леону ў надзеі сустрэцца з Морысам Джэральдам. Ісідора кахала мустангера. З таго самага дня, калі ён вызваліў яе з рук п‘яных індзейцаў, ён заўладаў яе сэрцам.

Ісідора не знаходзіла сабе спакою. Экспансіўная па сваёй прыродзе, яна не магла далей цярпець няпэўнасці. Яна рашыла прызнацца ў сваім каханні і запатрабаваць прамога адказу: кахае ён яе ці не? Дзяўчына назначыла Джэральду спатканне, на якое ён не прыехаў.

«Мігуэль Дыяз стаў паміж імі», так думала Ісідора, калі спяшалася з узгорка ў гасіенду свайго дзядзькі.

Яна пусціла свайго шэрага каня галопам. На галаве ў яе няма капелюша. Прычоска растрапалася. Цудоўныя чорныя косы спусціліся на спіну. Вочы ўзрушана блішчаць. Шчокі разгарэліся яркім румянцам. Набліжаючыся да дома, Ісідора прытрымала павады. Конь замарудзіў бег, пайшоў трушком, пасля шагам і, нарэшце, спыніўся сярод дарогі.

Ісідора задумалася.

«Лепш яго не чапаць. Пачнецца скандал. Пакуль ніхто нічога не ведае аб маім спатканні. Ах, калі-б толькі расказаць аб усім гэтым любезным цехасцам, то адных маіх доказаў было-б дастаткова, каб жорстка пакараць яго. Але няхай ён жыве… Ён нягоднік, але я не баюся яго. Пасля таго, што адбылося, ён не асмеліцца падыйсці да мяне блізка. Прасвятая дзева! І як толькі я магла, хоць-бы на хвіліну, ім захапіцца!.. Трэба паслаць каго-небудзь вызваліць яго. Чалавека, які захаваў-бы маю таямніцу. Каго-ж? Беніто — старэйшага пастуха. Верны, адважны чалавек. А вось і ён! Як заўсёды, усё лічыць сваю жывёлу».

— Беніто! Беніто!

— Да вашых паслуг, сен‘ёрыта.

— Беніто, мой дружа, я хачу цябе прасіць аб адной ласцы. Ты згодзен дапамагчы мне?

— Рад выканаць ваша распараджэнне, — адказаў мексіканец, нізка кланяючыся.

— Гэта не распараджэнне: я прашу зрабіць мне ласку.

— Слухаю вас, сен‘ёрыта.

— Ці ведаеш ты месца на вяршыні ўзгорка, дзе зыходзяцца тры дарогі?

— Таксама добра, як кораль у гасіендзе вашага дзядзькі.

— Добра. Адпраўляйся туды. Ты знойдзеш там чалавека. Рукі ў яго звязаны ласо. Вызвалі яго, і няхай ідзе на ўсе чатыры бакі. Калі ён атрымаў пашкоджанне, то дапамажы яму, як можаш. Толькі не гавары яму, хто цябе паслаў. Магчыма, ты яго ведаеш. Мне здаецца так, але гэта няважна. Не задавай яму ніякіх пытанняў. І не адказвай на яго пытанні, калі ён захоча ў цябе пытацца. Як толькі ты паставіш яго на ногі, няхай сабе распараджаецца імі, як яму захочацца. Ты зразумеў мяне?

— Усё вельмі ясна, сен‘ёрыта. Вашы распараджэнні будуць выкананы ў дакладнасці.

— Дзякуй, сябра Беніто. Яшчэ адна просьба: аб тым, што ты для мяне зробіш, павінны ведаць толькі трое, больш ніхто. Трэці — гэта той чалавек, да якога я цябе пасылаю. Астатніх двух ты ведаеш.

— Я разумею вас, сен‘ёрыта. Ваша воля для мяне закон.

Беніто прышпорвае свайго каня.

— Пачакай. Я забылася, — закрычала яму Ісідора. — Ты ўбачыш там маё серапэ і капялюш; захапі іх з сабою. Я цябе пачакаю тут або сустрэну на дарозе.

Пакланіўшыся, Беніто ад‘ехаў. Але яго зноў спынілі.

— Я рашыла ехаць з табою, Беніто.

Слуга дона Сільвіо прывык ужо да капрызаў сваёй будучай гаспадыні.

Ён паехаў наперад, Ісідора паехала за ім.

Але Беніто памыліўся ў сваіх меркаваннях. Сен‘ёрыта Ісідора суправаджала яго не з-за капрызу. У яе для гэтага былі сур‘ёзныя пабуджэнні. Яна забыла не толькі сваё серапэ і капялюш, але і запіску, якая нарабіла ёй столькі непрыемнасцей. Аб гэтым Беніто не павінен быў ведаць.

Але як трапіла пісьмо ў рукі Эль-Кайота? Хасэ перадаў яму? Ці аказаўся яе слуга здраднікам? Або Дыяз, сустрэўшыся з ім, прымусіў яго сілай аддаць пісьмо? І тое і другое праўдападобна.

Нарэшце, мэта падарожжа дасягнута. Ісідора ўехала на паляну, трымаючыся побач з Беніто.

Мігуэля Дыяза ўжо не было. Але што яе засмуціла больш за ўсё — гэта тое, што не было і кавалачка паперы.

Ляжаў яе капялюш, серапэ і пятля ласо, больш нічога.

— Ты можаш вярнуцца дадому, Беніто. Чалавек, які зваліўся з каня, напэўна, ужо апамятаўся і, як відаць, паехаў. Я рада за яго! Але не забывайся, Беніто, што ўсё павінна астацца між намі. Разумееш?

— Разумею, дон‘я Ісідора.

Беніто паехаў і неўзабаве схаваўся за ўступамі ўзгорка.

* * *

Ісідора адна на паляне.

Яна саскоквае з сядла, накідвае на сябе серапэ, адзявае капялюш і зноў ператвараецца ў юнага гідальго. Марудна ўзбіраецца яна ў сядло; думкі яе, як відаць, лунаюць недзе далёка.

Але не паспела яна сесці на каня, як на паляну прыбег Хасэ. Яна адразу-ж запыталася ў яго:

— Што ты зрабіў з пісьмом?

— Я даставіў яго, сен‘ёрыта.

— Каму?

— Я пакінуў яго ў гасцініцы, — сказаў ён, запінаючыся і бляднеючы. — Дона Морысіо я не застаў там.

— Гэта хлусня, мярзотнік! Ты аддаў яго Мігуэлю Дыязу. Не адракайся! Я бачыла гэтае пісьмо сама.

— О, сен‘ёрыта, даруйце, даруйце! Я не вінаваты, запэўняю вас, я не вінаваты!

— Дурань, ты сам сябе выдаў. Колькі заплаціў табе дон Мігуэль за тваю здраду?

— Клянуся вам, пані, гэта не здрада. Ён… ён… прымусіў мяне… пагрозамі, пабоямі. Я… я… мне не заплацілі нічога.

— Тады я табе заплачу. Больш ты мне не патрэбен. Можаш ісці, куды хочаш. А ўзнагароду на табе — вось і вось!

Разоў дзесяць паўтарыла яна гэтыя словы, і кожны раз яе бізун апускаўся на спіну слугі. Ён спрабаваў уцякаць… Дарэмна! Зноў вяртаўся ён са страху трапіць пад капыты разгарачанага каня. Толькі калі сінія рубцы паявіліся на смуглай скуры, скончылася збіванне.

— А цяпер вон з маіх вачэй! І не трапляйся мне больш. Вон адсюль!

Як перапалоханы кот, слуга ўцякае з паляны. Ён рад, што можа схавацца ў калючых зарасніках. Там схаваецца і яго ганьба.

Ісідора астаецца на паляне нядоўга. Яе гнеў змяняецца глыбокім засмучэннем. Мала таго, што перашкодзілі яе спатканню, — яе сардэчная таямніца трапіла ў рукі здраднікам.

Зноў накіроўваецца яна дадому.

Каля гасіенды нейкае замяшанне.

Пастухі, палявыя рабочыя, служачыя бегаюць узад і ўперад, ад поля ў кораль, з кораля ва двор, і аб нечым крычаць. Мужчыны ўзбройваюцца. Жанчыны на каленях просяць у неба абароны.

— Што здарылася? — пытаецца Ісідора.

Беніто, які быў непадалёку, адказвае:

— Дзесьці ў прэрыі забілі чалавека. Афярай паў амерыканец, сын плантатара, які нядаўна пасяліўся ў гасіендзе Каса-дэль- Карво. Гавораць, што індзейцы зрабілі гэтае злачынства.

Індзейцы! У гэтым слове — прычына замяшання, якое ахапіла людзей дона Сільвіо.

Самы факт, што забілі нейкага чалавека, — яшчэ невялікае здарэнне для гэтай краіны. Яно не выклікала-б такіх хваляванняў, асабліва калі справа датычыць чужога — амерыканца. Вестка-ж, што блізка індзейцы, — ужо зусім іншая справа. У гэтым пагроза безапаснасці.

Ісідора аднеслася да гэтага паведамлення досыць абыякава.

Прайшло некалькі гадзін.

Новыя чуткі распаўсюдзіліся адносна забойства. Яно было зроблена зусім не каманчамі, а белым чалавекам — Морысам-мустангерам! Індзейцаў няма паблізу.

Гэтая новая рэдакцыя «навін» супакоіла слуг дона Сільвіо, але аказала адваротнае дзеянне на яго пляменніцу. Яна не знаходзіла сабе спакою. Праз поўгадзіны Ісідора спыніла свайго каня каля дзвярэй гасцініцы.

Маладая мексіканка крыху ўладала англійскай мовай, — ужо некалькі тыдняў, як яна старанна вывучала яе, — і запасу яе слоў аказалася дастаткова для таго, каб распытаць не пра чалавека, які быў забіты, а пра таго, хто абвінавачваецца ў забойстве.

Гаспадар таверны, ведаючы, хто яна, адказваў на пытанні з вялікай уважлівасцю.

З сумам на сэрцы вярнулася мексіканка да гасіенды Мартынец. Там было новае замяшанне. Новая страшная вестка: у ваколіцах ракі Нуэсес з‘явіўся коннік без галавы.

Ісідора рашае ехаць назад на Рыо-Грандэ, яе нішто не можа спыніць. Што ёй да таго, што ў прэрыі, праз якую ляжыць яе шлях, забілі чалавека! Яшчэ менш яе трывожыць здань конніка без галавы. Больш за тое — яна заявіла, што паедзе адна. Дон Сільвіо прапанаваў ёй варту з дзесяці ўзброеных вакеро. Ісідора адмовілася наадрэз. Ці не возьме яна з сабою Беніто? Не, яна лічыць за лепшае ехаць адна. Яна так вырашыла.

* * *

У наступную раніцу Ісідора сапраўды адправілася ў дарогу. Ледзь толькі развіднела, яна была ўжо ў сядле. Не прайшло і двух гадзін, як мексіканка была ўжо далёка, але яна ехала не па прамой дарозе на Рыо-Грандэ, а ўздоўж берагоў ракі Аламо.


  1. Мачэце — мексіканскі нож для зразання чароту.